адзін з тыпаў пісьма, асобныя знакі якога (літары) перадаюць пераважна адзін гук. Гэта можа быць фанема, алафон або любая фанема ў межах пэўнай групы акустычна падобных гукаў; часам літары злучаюцца па 2, 3 і 4 для абазначэння адной фанемы (ням. sch «ш», tsch «ч»). Перавага Л.-г. п. над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Такімі сістэмамі карыстаецца большасць народаў свету. Амаль усе яны паходзяць ад фінікійскага пісьма, пабудаванага паводле кансанантна-гукавога прынцыпу. На яго аснове ўзніклі арамейскае пісьмо і грэчаскае пісьмо, якія далі пачатак большасці алфавітных сістэм.У алфавітах, што складаліся на аснове фінікійскага пісьма, найчасцей захоўваліся назвы фінікійскіх літар і парадак іх у алфавіце. Арамейскі алфавіт стаў крыніцай арабскага пісьма (да 6 ст.н.э.), яўрэйскага пісьма (з 3 ст. да н.э.), іранскага пісьма (з 2 ст. да н.э.). Грэч. пісьмо, якое паступова распалася на зах.-грэч. і ўсх.-грэч., дало пачатак усім еўрап. алфавітам. На аснове зах.-грэч. ўзнікла этрускае пісьмо (з 7 ст. да н.э.), на аснове этрускага — лац. алфавіт (гл.Лацінскае пісьмо), які ў эпоху Рым. імперыі і ў сярэдневякоўі набыў міжнар. характар, а пазней стаў крыніцай франц., ням., англ., італьян. і інш.нац. пісьмовых сістэм зах.-еўрап. народаў. З усх.-грэч. ў 5—4 ст. да н.э. развілося класічнае грэч., потым візант. пісьмо, якое ў 9 ст. лягло ў аснову слав. кірылаўскага пісьма — кірыліцы. Кірыліца выкарыстоўвалася ў старабел. пісьменнасці. Ф.Скарына стварыў друкарскі варыянт старабел. алфавіта, які стаў узорам для інш.усх.-слав. друкароў. Бел. пісьмовая сістэма сфарміравалася пад уплывам рус.грамадзянскага шрыфту, створанага ў выніку Пятроўскай рэформы 1708—10. Пытанне пра паходжанне другога слав. пісьма глаголіцы не вырашана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАК РАСЛІ́Н,
група хвароб, якія характарызуюцца празмерным, няправільным разрастаннем асобных частак раслін, што прыводзіць да ўтварэння пухлін і нарастаў. Узбуджальнікі—грыбы, бактэрыі, вірусы. Пашыраны паўсюдна; на Беларусі найб. шкодныя: чорны рак пладовых дрэў, рак бульбы, канюшыны, бактэрыяльны рак памідораў і інш.
Чорны рак пладовых дрэў (узбуджальнік—грыб з роду сферопсіс), пашкоджвае лісце, кветкі, плады, ствалы яблыні і грушы. На кары паяўляюцца бура-фіялетавыя ўціснутыя плямы. Кара чарнее, растрэскваецца, ападае. Хворыя тканкі разрастаюцца, акальцоўваюць галіны, ствалы, якія ў выніку гінуць. Рак бульбы (узбуджальнік—грыб з роду сінхітрыум), каранцінная хвароба. Пашкоджвае таксама памідоры і інш. паслёнавыя. На клубнях, сталонах, сцёблах, радзей на лісці ўтвараюцца нарасці, спачатку белыя, потым цёмна-бурыя. Пашкоджаныя клубні загніваюць. Рак канюшыны (узбуджальнік—грыб з роду склерацынія) праяўляецца ўвосень у выглядзе павуціністага налёту на лісці. Вясною загнівае каранёвая шыйка — расліна лёгка адрываецца ад каранёў. Пры бактэрыяльным раку памідораў (узбуджальнік — бактэрыя з роду корынебактэрый) на сцёблах, галінах утвараюцца язвы, на пладах — дробныя плямы («птушыныя вочы»), расліна засыхае. Ступеньчаты рак лісцевых дрэў (узбуджальнік — грыб з роду нектрыя) часцей пашкоджвае клён, граб, ясень, яблыню. На ствалах і галінах дрэў адміраюць кара і камбій, фарміруецца адкрытая рана (язва), якая з кожным годам павялічваецца і набывае шматступеньчатую форму. Паступова язва акальцоўвае ствол, і дрэва адмірае. Смаляны рак (узбуджальнік — некат. ржаўныя грыбы) найб. часта пашкоджвае хвойныя дрэвы ў зрэджаных насаджэннях. Адміраюць камбій і драўніна, кара трэскаецца і ападае. Умежах пашкоджвання выцякае смала, утвараючы на ствале жаўлакі і падцёкі. Дрэва адмірае ці становіцца сухаверхім.
Л.М.Прыступук.
Рак раслін: 1 — чорны рак яблыні (пашкоджаныя ліст, завязь і галіна); 2 — рак бульбы; 3 — рак канюшыны (пашкоджаныя расліна і сцёблы); 4 — ступеньчаты рак дрэў; 5 — смаляны рак хвоі (крона пашкоджанага дрэва і частка ствала).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФТ (англ. rift трэшчына, разлом),
буйная лінейна выцягнутая (на сотні кіламетраў, часта больш за 1 тыс.км, шыр. ад 5—20 да 200—400 км) адмоўная шчылінападобная або ровападобная структура расцяжэння зямной кары глыбіннага паходжання, абмежаваная разломамі скідавага тыпу. Тэрмін прапанаваны англ. геолагам Дж.Грэгары ў 1896. Сучасныя Р. выражаны ў рэльефе ў выглядзе глыбокіх далін; стараж. пахаваныя Р. запоўнены магутнымі тоўшчамі асадкавых парод. Р. звычайна складаецца з серыі разрываў, сярод якіх пераважаюць скіды. Нахіл паверхні скідаў 60—70°, верт. амплітуда перамяшчэнняў па іх дасягае 5 км. Умежах Р. часта ўтвараюцца горсты і грабены. Адрозніваюць Р. ўнутрыкантынент, сучасныя (Байкальская, Усх.-Афрыканская рыфтавыя сістэмы і інш.) і стараж. пахаваныя (Прыпяцка-Данецкі, Пачалмскі і інш.), міжкантынент. (Чырвонага м., Адэнскага і Каліфарнійскага зал.) і ўнутрыакіянічныя, што ўскладняюць восевыя ч. сярэдзіннаакіянічных хрыбтоў. Вельмі вял. Р. наз. рыфтавымі паясамі або сістэмамі. Сукупнасць такіх структур утварае на паверхні Зямлі адзіную сусветную сістэму. Працэс фарміравання Р. звязаны з глыбіннай дыферэнцыяцыяй рэчыва мантыі Зямлі, утварэннем астэналітаў і лінз анамальнай разагрэтай і расшчыльненай мантыі ў падэшве літасферы і замяшчэннем ёю рэчыва ў ніжняй ч. літасферы. Гэта прыводзіць да тэрмічнага расшырэння літасферы, ізастатычнага падняцця і стварэння напружанняў расцяжэння. Існуе некалькі гіпотэз паходжання Р.: утварэнне іх у восевай ч. скляпенневага падняцця за кошт напружанняў расцяжэння, што ўзнікаюць пры выгінанні скляпення; рассоўванне зямной кары пры гарыз. перамяшчэнні пліты; разрыў зямной кары ў выніку аднабаковага цячэння рэчыва яе ніжняй пластычнай ч. ў бок акіяна (на фронце цячэння ў паслабленай зоне); утварэнне Р. над глыбінным мантыйным астэналітам з расцяканнем яго рэчыва ў падэшве кары ў процілеглыя бакі, што прыводзіць да яе расцяжэння. З працэсамі фарміравання Р. звязаны развіццё і дэструкцыя кантынент. і акіянічнай літасферы, утварэнне акіянаў, нараджэнне новай акіянічнай кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗАЕМАДЗЕ́ЯННІ ЭЛЕМЕНТА́РНЫХ ЧАСЦІ́Ц,
узаемнае ўздзеянне элементарных часціц адна на адну, якое вызначае сілу сувязі паміж імі, змены іх станаў і ўзаемапераўтварэнні; фундаментальныя ўзаемадзеянні прыроды, першаснымі крыніцамі і пераносчыкамі якіх з’яўляюцца элементарныя часціцы. Асн. тыпы: моцнае ўзаемадзеянне, электрамагнітнае ўзаемадзеянне і слабае ўзаемадзеянне (электраслабае ўзаемадзеянне), гравітацыйнае ўзаемадзеянне. Кожны тып У.э.ч. характарызуецца сваёй канстантай сувязі і радыусам дзеяння, мае свае захавання законы і інш.
Моцныя У.э.ч. (канстанта сувязі 1, радыус дзеяння ≈10−14м) уласцівы адронам, адказваюць за ядз. сілы паміж нуклонамі ў атамным ядры, працэсы ўзаемадзеяння барыёнаў і мезонаў, утварэнне рэзанансаў і мноствавае нараджэнне часціц; у іх захоўваецца ізатапічны спін і дзіўнасць. Паводле квантавай хромадынамікі крыніцамі моцнага У.э.ч. з’яўляюцца кваркі, пераносчыкамі — глюоны. Электрамагнітныя У.э.ч. (канстанта сувязі ≈10−2, радыус дзеяння бясконцы) уласцівы ўсім элементарным часціцам (магчыма, акрамя нейтрына), якія, як правіла, маюць эл. зарад. На іх грунтуюцца ўнутры-, міжатамныя і міжмалекулярныя сілы; аптычныя, тэрмічныя, хім., біял. і інш. з’явы. Тэорыя эл.-магн. У.э.ч. — квантавая электрадынаміка — найб. закончаная тэорыя, узгодненая з эксперыментам у дасягнутых межах дакладнасці. Слабыя У.э.ч. (канстанта сувязі залежыць ад энергіі рэакцый, радыус дзеяння не вызначаны) уласцівы ўсім элементарным часціцам (за выключэннем фатона), лептонам і кваркам. Адказваюць за распады нейтрона, мюона, мезонаў і гіперонаў, якія працякаюць пры нізкіх энергіях за кошт слабага 4-ферміённага У.э.ч. Пераносчыкі электраслабага У.э.ч. пры высокіх энергіях — кванты адпаведных калібровачных палёў. Гравітацыйныя У.э.ч. (канстанта сувязі ≈10−38, радыус дзеяння бясконцы) уласцівы ўсім элементарным часціцам, якія маюць масу. Аднак з-за малой інтэнсіўнасці пры разліках працэсаў У.э.ч. не ўлічваюцца. Паслядоўная квантавапалявая тэорыя гравітацыі не створана (гл.Адзіная тэорыя поля). Для апісання гравітацыйных эфектаў карыстаюцца класічным варыянтам агульнай адноснасці тэорыі.
Літ.:
Ченг Т.-П., Ли Л.-Ф. Калибровочные теории в физике элементарных частиц. М., 1987;
Богуш А.А. Физика микромира вчера и сегодня. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРАЛЬНАБЕЛАРУ́СКІЯ КРАЯВЫ́Я ЛЕДАВІКО́ВЫЯ ЎЗВЫ́ШШЫ І ГРА́ДЫ,
геамарфалагічная вобласць уцэнтр. частцы Беларусі (паводле геамарфалагічнага раянавання А.В.Мацвеева, 1988). Мяжуе з геамарфалагічнымі абласцямі Беларускага Паазер’я на Пн і Перадпалесся на Пд. Падзяляецца на Заходне- і Усходне-Бел. падвобласці і 19 геамарфалагічных раёнаў: Гродзенскае, Мінскае, Ваўкавыскае, Слонімскае і Навагрудскае краявыя ледавіковыя ўзвышшы, Скідзельская ледавікова-азёрная нізіна, Любчанская водна-ледавіковая нізіна, Лідская і Стаўбцоўская марэнныя раўніны, даліна Нёмана, Воранаўская водна-ледавіковая раўніна з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі, Ашмянскія і Капыльскія краявыя ледавіковыя грады, Вілейская марэнная водна-ледавіковая нізіна, Крывіцкая марэнная раўніна з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (Зах.-Бел. падвобласць) і Верхнебярэзінская водна-ледавіковая раўніна, Лукомскае і Аршанскае краявыя ледавіковыя ўзвышшы, Горацкая марэнная раўніна з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (Усх.-Бел. падвобласць).
Рэгіён характарызуецца развіццём найб. значных краявых ледавіковых утварэнняў сожскага ледавіковага покрыва (гл.Сожскае зледзяненне). Пераважае дэнудацыйны градава-ўзгорысты рэльеф з пакатымі вяршынямі і глыбокім эразійным расчляненнем. Шмат дэнудацыйных лагчын і скразных далін. На краявых утварэннях часта залягаюць лёсападобныя пароды, дзе пашыраны шматлікія яры і суфазійныя западзіны. Азёрныя і інш. катлавіны трапляюцца рэдка. Рэкі з добра аформленымі далінамі, трапляюцца таксама вузкія і глыбокія з камяністым дном і парогамі. Пераважаюць выш. 200—250 м, найвыш. і макс. для Беларусі — 342 і 345 м (Лысая гара і Дзяржынская гара). Падвобласці з рознай структурна-тэктанічнай будовай: зах.ч. вобласці прымеркавана да Беларускай антэклізы, усх. — да Аршанскай упадзіны, што праявілася ў асаблівасцях даледавіковага і ледавіковага рэльефу і дынамікі ледавікоў. Для Зах.-Бел. падвобласці характэрны вял.абс. і адносныя вышыні, разнастайнасць ледавіковых форм, сярод якіх многія абумоўлены праяўленнем гляцыядыслакацый. УмежахУсх.-Бел. падвобласці рэльеф набыў платопадобны характар, зніжаны абс. вышыні і зменшана гарыз. і верт. расчлянёнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЯ РАЎНІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, на Пн Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей. Мяжуе са Слонімскім узв. на ПнЗ, Навагрудскім узв. і Капыльскай градой на Пн і ПнУ, Клецкай раўнінай на У, Прыпяцкім Палессем на Пд і Прыбугскай раўнінай на З. Працягнулася з З на У на 85 км, з Пн на Пд на 20—40 км. Сярэдняя выш. 180—190 м над узр. мора, найб. 218 (каля в. Канюхі Ляхавіцкага р-на). Пл. 2,2 тыс.км².
Знаходзіцца на стыку тэктанічных структур: Беларускай антэклізы, Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Магутнасць адкладаў антрапагену ад 30—40 на Пд да 140—160 м на Пн і ў ледавіковых лагчынах (Шчарская, Мышанская). Рэльеф згладжаны, сфарміраваны ледавіковымі водамі ў час дэградацыі сожскага ледавіковага покрыва. Пераважае спадзіста-хвалісты рэльеф, які месцамі пераходзіць у спадзіста-ўвалісты і буйна-ўзгоркавы (каля далін Шчары і Лахазвы) з перавышэннямі 30—40 м. Па схілах далін яры глыб. 3—4 м. На ПнУ азёрна-ледавіковая катлавіна з Калдычэўскім возерам у цэнтры, з якога бярэ пачатак р. Шчара. На памежжы з Палессем развіты дзюны, эолавыя грады і масівы выш. 3—5 м. На паверхні пашыраны водна-ледавіковыя пясчаныя, радзей супясчаныя і сугліністыя адклады асн. марэны. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, баластавыя пяскі, торф, мел і мергель (апошнія ў ледавіковых адорвенях). Сярэднія т-ры студз. ад 0,2 °C да -14,1 °C, ліп. 14—20,8 °C, ападкаў 400—760 мм за год (Баранавічы). Гідрасетка належыць да бас. Нёмана. Найб. рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Грыўда, Іса, Лахазва, азёры — Калдычэўскае, Дамашэўскае, Мышачак, на р. Лахазва вадасх. Гаць. Глебы дзярнова-падзолістыя на пясках і супесках, дзярнова-падзолістыя забалочаныя (глеяватыя) на марэнных суглінках, тарфяна-балотныя і алювіяльныя. Пад лесам 31% тэрыторыі — бары, субары з прымессю шыракалістых пародаў, на левабярэжжы Шчары — дубровы; развіты чорнаалешнікі, бярозавыя і асінавыя групоўкі. Есць нізінныя і пераходныя балоты, заліўныя лугі. Пад ворывам 44% тэрыторыі. Умежах Баранавіцкай раўніны біял. заказнікі: Баранавіцкі, Слонімскі, Стронга; Барэцкая дуброва, Лам’еўскія пасадкі карэльскай бярозы і пасадкі лістоўніцы еўрапейскай у Моўчадскім лясніцтве — помнікі прыроды.
Г.П.Рудава.
Баранавіцкая раўніна. Краявід у Баранавіцкім біялагічным заказніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БРУШСКІ РАЁН,
на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 47,9 тыс.чал. (1997), гарадскога 46,6%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Добруш, г.п.Церахоўка, 101 сельскі населены пункт. Падзяляецца на 16 сельсаветаў: Баршчоўскі, Васільеўскі, Вуцеўскі, Дзям’янкаўскі, Дубраўскі, Жгунскі, Івакаўскі, Кармянскі, Кругавец-Калінінскі, Крупецкі, Кузьмініцкі, Ленінскі, Насовіцкі. Пераростаўскі. Рассветаўскі, Усоха-Будскі і Церахоўскі пассавет.
Раён размешчаны ў межахГомельскага Палесся. Паверхня нізінная. Пераважаюць выш. 140—160 м, найвыш. пункт 172,9 м (каля в. Леніна). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок, сапрапелі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,9 °C. Ападкаў 572 мм за год. Вегетацыйны перыяд 193 сут. Рэкі Іпуць (з прытокамі Хорапуць і Няцёша), Вуць і Церуха. Возера Равучае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя. дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 20,8% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і бярозавыя лясы; пад балотамі 3,2% плошчы. На тэр. раёна біял. заказнік Шабрынскі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 83,2 тыс.га, з іх асушана 16,2 тыс.га. На 1.1.1997 калгасаў 15, саўгасаў 4. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, цукр. буракі і лён. Прадпрыемствы харч., лёгкай (ільновалакно), цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў прам-сці; вытв-сць фарфору. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Гомель—Добруш—Бранск (Расія), чыгунка Гомель—Церахоўка—Бахмач (Украіна). У раёне 1 гімназія, 20 сярэдніх, 3 базавыя і 5 пач., 2 муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча. 28 дашкольных устаноў, 27 клубаў, 37 б-к. 2 бальніцы, 6 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Санаторый-прафілакторый «Сонечны». Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) ув. Вуць; сядзібны дом (канец 19 ст.) ув. Дзям’янкі, Пакроўская царква (2-я пал. 19 ст.) ув. Карма; Троіцкая царква (сярэдзіна 19 ст.) ув. Крупец; царква (канец 19 ст.) ув. Чырвоны Партызан. На сумежжы Беларусі, Украіны і Расіі (за 7 км ад в. Кругавец-Калініна) манумент Дружбы народаў. Выдаецца газ. «Добрушскі край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЭЛЕКТРО́НІКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1973 на базе Лабараторыі электронікі АН Беларусі (існавала з 1961). У ін-це (1998) 10 лабараторый, аспірантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: фіз. асновы оптаэлектронікі і аптычныя метады апрацоўкі інфармацыі; фіз. асновы мікраэлектронікі, умежах якіх распрацоўкі накіраваны на стварэнне элементнай базы для звышхуткадзейных і высокапрадукцыйных сістэм атрымання, захоўвання, перадачы і апрацоўкі інфармацыі; оптаэлектронных элементаў і прылад для аптычнай (у т. л. лазерна-галаграфічных сістэм) апрацоўкі інфармацыі, валаконна-аптычных ліній сувязі, вымяральнай тэхнікі і фотааўтаматыкі; оптыка-электронных, магн.-эл. і інш. пераўтваральнікаў для сістэм кантролю і вымярэння; вакуумных мікраэлектронных прылад для экстрэмальных умоў эксплуатацыі, прылад мікрамеханікі і мікрасенсорыкі; матэрыялаў для мікраэлектронікі і нанатэхналогій. Вынікі навук. даследаванняў: распрацаваны новыя матэрыялы для мікраэлектронікі; метады і сродкі прасторавай і прасторава-часавай мадуляцыі светлавых патокаў, якія забяспечваюць эфектыўнае пераўтварэнне двух- і аднамерных аптычных сігналаў; распрацаваны і створаны фотапрыёмнікі і фотапрыёмныя структуры для валаконна-аптычных ліній сувязі, сістэм аўтафакусіроўкі, рэгістрацыі звышслабых свячэнняў; высокаадчувальныя фотарэзістары і на іх аснове створаны оптаэлектронныя пераўтваральнікі для нанавальтметраў і мультыметраў; створаны спецыялізаваныя высокакагерэнтныя цвердацелыя лазеры для патрэб аптычнай лакацыі, галаграфіі і неразбуральнага кантролю вібратрываласных характарыстык вырабаў машынабудавання метадамі галаграфічнай інтэрфераметрыі, алюма-аксідная тэхналогія стварэння вакуумнай мікраэлектронікі, мікрамеханікі і нанаэлектронікі, вакуумныя інтэгральныя схемы для экстрэмальных умоў эксплуатацыі пры высокіх узроўнях т-р і радыяцыі; выпрацаваны прынцыпы пабудовы высокаадчувальных вымяральнікаў кампанентаў вектара індукцыі магн. поля Зямлі; створана апаратура арыентацыі галаўных частак метэаракет, вымярэння траекторый ствалоў свідравін у працэсе бурэння, спектрафотаметрычная апаратура, якая ўстанаўліваецца на ШСЗ для даследаванняў азонасферы Зямлі, шэраг высокапрадукцыйных сістэм аўтаматызаванага высокадакладнага вымярэння і кантролю памераў вырабаў электроннай тэхнікі, валаконнай оптыкі, а таксама субмікронных часцінак утэхнал. асяроддзях; устаноўлены заканамернасці структурных і фазавых пераўтварэнняў у тонкіх паўправадніковых і метал. плёнках, сістэмах метал-паўправаднік пры імпульсным лазерным уздзеянні. Распрацоўкі ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР (1985), Дзярж. прэміямі Беларусі (1982, 1996), ЛКСМБ (1974). У Ін-це працаваў чл.-кар.АНСССР В.М.Аўдзееў; працуюць акад.Нац.АН Беларусі У.А.Піліповіч і чл.-кар. А.А.Кавалёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЎНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
сукупнасць галін прамысловасці, занятых здабычай і перапрацоўкай мінеральнага паліва; частка паліўна-энергетычнага комплексу. Уключае нафтаздабыўную, нафтаперапрацоўчую, газавую, вугальную, тарфяную і сланцавую прамысловасці (гл. адпаведныя артыкулы).
П.п. сфарміравалася як галіна цяжкай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў выніку індустр. асваення запасаў карысных выкапняў (вугалю, нафты, прыроднага газу). Да сярэдзіны 20 ст.асн. яе галіной была вугальная прамысловасць. З сярэдзіны 1950-х г. паскорана развіваюцца нафтавая і газавая прамысловасць. На развіццё П.п. паўплывалі сусветныя энергет. крызісы 1973—74 і 1979—80-х г. Рост цэн на нафту абумовіў павелічэнне здабычы вугалю. гаручых сланцаў і торфу.
У агульнай здабычы нафты першыя месцы займаюць краіны Б. і Сярэдняга Усходу; у лік лідэраў уваходзяць Расія, ЗША, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Мексіка, Венесуэла. Па ўзроўні здабычы прыроднага газу вылучаюцца Расія, ЗША, Канада, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Нарвегія. Асн. частка здабычы вугалю прыпадае на Кітай, ЗША, Расію, Германію, Аўстралію, Паўд.-Афр. Рэспубліку; торфу — на Расію, Ірландыю, Беларусь, Германію і Фінляндыю.
На Беларусі прадукцыя П.п. ў 1999 склала 13 млн.т умоўнага паліва. Здабыча нафты на Беларусі вядзецца з 1965. У эксплуатацыі знаходзяцца 37 радовішчаў; найбуйнейшыя з іх — Рэчыцкае, Асташкавіцкае, Вішанскае, Заходне-Цішкаўскае, Паўднёва-Асташкавіцкае. Макс. аб’ём здабычы нафты дасягнуты ў 1975 (7953 тыс.т); потым ён паступова скарачаўся і з 1984 стабілізаваўся ў межах 2 млн.т. У працэсе здабычы нафты вядзецца адбор спадарожнага газу (у 1999—255,8 млн.м³). Перапрацоўка нафты ажыццяўляецца ў Наваполацкім вытворчым аб’яднанні«Нафтан» і на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе; іх сумарная магутнасць перавышае 40 млн.т за год. Прамысл. здабыча торфу на Беларусі вядзецца з 1896. У перыяд актыўнай распрацоўкі радовішчаў колькасць торфапрадпрыемстваў дасягала 200, у выніку скарачэння запасаў знізілася да 37. Наступную перапрацоўку ў торфабрыкеты ажыццяўляюць 32 прадпрыемствы. Больш за 50% торфу здабываецца ў Мінскай і Гомельскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З ВЫЗВАЛЕ́ННЯ БЕЛАРУ́СІ»
(«СВБ»),
справа ў 1930 ДПУ БССР супраць бел.нац. інтэлігенцыі, якую абвінавачвалі ў нацыянал-дэмакратызме, контррэв. і антысав. дзейнасці; першы масавы паліт. пазасудовы працэс уБССР. Вясной—летам 1930 было арыштавана 108 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у т. л. 25 былых членаў партыі бел. эсэраў: акадэмікі Бел.АН В.Ю.Ластоўскі, Я.Ю.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, праф. А.А.Смоліч, наркомы земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі), пісьменнікі М.Гарэцкі, У.Дубоўка, Я.Пушча і інш. Кіраўніком арг-цыі «СВБ» быў «прызначаны» ДПУ БССР Ластоўскі, у склад яе кіраўніцтва «ўведзены» І.І.Краскоўскі, Я.Купала, Лёсік, Некрашэвіч, Смоліч, А.І.Цвікевіч і інш. Паводле пастановы калегіі АДПУСССР ад 18.3.1931, Прышчэпаў, Баліцкі, нам. наркамзема А.Ф.Адамовіч і П.В.Ільючонак прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў. Астатнія 86 чал. пастановай калегіі АДПУ ад 10.4.1931 асуджаны на розныя тэрміны зняволення: 8 чал. — на 5 гадоў, 1 — на 3 гады папраўча-працоўных лагераў, астатнія — на 5 гадоў высылкі ў аддаленыя раёны Сав. Саюза. Усе арыштаваныя абвінавачваліся ў тым, што «з’яўляліся членамі контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі «Саюз адраджэння Беларусі», у далейшым перайменаванай у «Саюз вызвалення Беларусі», ажыццяўлялі арганізаванае шкодніцтва на культурным, ідэалагічным і іншых участках сацыялістычнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую нацыяналістычную агітацыю, скіраваную на запавольванне тэмпаў развіцця Беларусі на сацыялістычным шляху, ставячы канчатковай мэтай адарванне Беларусі ў этнаграфічных межах ад Савецкага Саюза і стварэнне так званай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)». Амаль да ўсіх арыштаваных прымяняліся фіз. катаванні і маральна-псіхал. здзекі з мэтай атрымаць ад іх патрэбныя паказанні. Усе, хто праходзіў па справе «СВБ», зноў арыштаваны ў 1937—41 за «ранейшыя злачынствы», большасць з іх расстраляны ці загінулі ў канцлагерах. Некат. з удзельнікаў «СВБ» былі арыштаваны ў 1949—52 трэці раз і асуджаны на вечнае пасяленне ў Сібіры на той падставе, што былі асуджаны раней. Усе рэабілітаваны ў 1956—88 за адсутнасцю саставу злачынства. Матэрыялы справы «СВБ» складаюць 29 тамоў.