БАРЫ́САЎСКІ КАМБІНА́Т ПРЫКЛАДНО́ГА МАСТА́ЦТВА Беларускага саюза мастакоў. Створаны ў 1963 у г. Барысаў на базе керамічных майстэрняў, што існавалі з канца 19 ст. Да 1968 наз. Мастацка-вытворчыя майстэрні. Уключае таксама ўчасткі маст. ткацтва і вязання (з 1964), па выпуску габеленаў (з 1972). На камбінаце працуюць больш за 50 мастакоў (1996). Выпускае дэкар. утылітарную кераміку (сувеніры, вазы, кашпо), вырабы маст. вязання (сукенкі, касцюмы, світэры, кофты) і ткацтва (парцьерныя тканіны, ручнікі, сурвэткі, дарожкі); па заказах стварае маст. керамічныя пліткі, дэкар. вазы і скульптуры для інтэр’ераў грамадскіх будынкаў. Вырабы камбіната ўпрыгожваюць інтэр’еры будынкаў Мінска, Барысава, Талачына, Заслаўя і інш. На камбінаце зроблены габелены-заслоны для сцэн Дзярж. т-раў муз. камедыі, оперы і балета ў Мінску, т-ра імя Я.Коласа ў Віцебску, палацаў культуры ў Барысаве, Новалукомлі і інш., насценныя габелены для фае палацаў культуры і музеяў (Магілёў, Барысаў, Варонеж, Багучар), для залы пасяджэнняў у будынку былога ЦККПБ (Дзярж. прэмія Беларусі 1980), у будынку ААН (Нью-Йорк), «Габелен стагоддзя» і інш. Габелены, створаныя на камбінаце, засведчылі з’яўленне сучаснай школы бел.габелена.
Л.Д.Фінкельштэйн.
Вырабы Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГІ АНАЛІТЫ́ЧНЫЯ,
вагідля дакладнага вымярэння масы цела. Бываюць раўнаплечыя, аднаплечыя і электронныя. Манціруюцца на пластмасавай або шкляной аснове і змяшчаюцца ў спец. шафку. Забяспечваюцца прыстасаваннямі для павышэння дакладнасці і хуткасці ўзважвання: заспакойвальнікамі ваганняў каромысла, цеплавымі экранамі, механізмамі накладання і здымання ўбудаваных гіраў, найменнымі шкаламі і інш.
Апоры рычага (каромысла) вагі аналітычныя — прызмы і падушкі са спец. сталяў або цвёрдых камянёў (карунд, агат). Пункт апоры бывае пасярэдзіне (раўнаплечыя) ці зрушаны ад сярэдзіны рычага (аднаплечыя вагі аналітычныя). Асн. частка нагрузкі на адну з шаляў ураўнаважваецца гірамі на другой, астатняе вымяраецца па вугле адхілення каромысла ад становішча раўнавагі па найменнай шкале. Электронныя вагі аналітычныя маюць аналагавы і лічбавы выхад са стандартнымі сігналамі для далучэння да ЭВМ, дысплеяў, графапабудавальнікаў і інш. Прадугледжана магчымасць далучэння блока праграмнага кіравання. У памяці мікрапрацэсарнага блока закладзены праграмы для падрыхтоўкі да работы, праверкі функцыянавання, дыягностыкі дэфектаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАВА ЗЛУЧЭ́ННІ,
неарганічныя хімічныя злучэнні, у якія ўваходзіць волава, пераважна ў ступені акіслення +2, +4. Злучэнні, у якіх волава мае ступень акіслення +2, менш устойлівыя і з’яўляюцца моцнымі аднаўляльнікамі. Найчасцей выкарыстоўваюцца дыаксід і солі (хларыды, сульфіды).
Дыаксід волава SnO2, бясколернае крышт. рэчыва, (tпл 1630 °C, нерастваральны ў вадзе. Хімічна вельмі ўстойлівы, плёнка SnO2 ахоўвае волава ад акіслення ў паветры. У прыродзе — мінерал касітэрыт. Выкарыстоўваюць як белы пігмент для эмалей, шкла, паліваў. Дыхларыд волава SnCl2, бясколерная крышт. соль, tпл 247 °C. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе (аднаўляльнік), пры фарбаванні тканін (пратрава). Тэтрахларыд волава SnCl4, бясколерная вадкасць, дыміць у паветры, tкіп 114 °C, шчыльн. 2230 кг/м (20 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, добры растваральнік для многіх неэлектралітаў (напр., ёд, фосфар, сера і інш.). Выкарыстоўваюць у вытв-сці волаваарган. злучэнняў, святлоадчувальнай паперы і інш.Сульфід волава SnS, крышталі рудога колеру, tпл 880 °C. У прыродзе — рэдкі мінерал герцэнбергіт. Выкарыстоўваюць для павышэння антыфрыкцыйных уласцівасцей падшыпнікавага матэрыялу. Дысульфід волава SnS2, залаціста-жоўтыя крышталі, нерастваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць як пігмент для фарбаў (імітатар сусальнага золата).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІМЕТРЫ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,
від разведачнай геафізікі, заснаваны на вымярэннях анамальных гравіметрычных паказчыкаў Зямлі. Выкарыстоўваецца для вывучэння будовы зямной кары, пошуку і разведкі карысных выкапняў. Дае магчымасць выяўляць разломы ў зямной кары (гл.Глыбінны разлом) і вылучаць структуры, недаступныя вывучэнню звычайнымі геал. метадамі. Уключае гравіметрычную здымку, інтэрпрэтацыю анамалій і пабудову гравіметрычнай мадэлі аб’екта. Бывае наземная, марская (надводная, падводная, донная), падземная, аэра- і касмічная. Выконваецца гравіметрамі. Імі вымяраюць адносныя значэнні сілы цяжару. Вынікі гравіметрычнай разведкі «прывязваюцца» да апорных пунктаў дзярж. гравіметрычнай сеткі. Маштаб здымкі вызначаецца яе мэтамі і ўмовамі правядзення работ: для рэгіянальных даследаванняў 1:200 000 — 1:500 000; пры пошуках нафтагазаносных структур 1:50 000; у шахтах і свідравінах 1:500 і інш. На падставе агульнай гравіметрычнай разведкі вылучаюцца раёны, перспектыўныя для пошуку карысных выкапняў, і асобныя геал. структуры, дзе магчыма размяшчэнне нафтавых, газавых і рудных радовішчаў. Па выніках агульнай гравіметрычнай разведкі праводзяцца дэталёвыя пошукі, пры якіх аналізуюцца лакальныя анамаліі сілы цяжару для атрымання адказаў аб элементах і ўмовах залягання анамаліяўтваральных аб’ектаў. Гравіметрычная разведка выконваецца звычайна ў комплексе з магніта-, электра- і сейсмаразведкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВА-КРЭДЫ́ТНАЕ РЭГУЛЯВА́ННЕ,
сістэма мерапрыемстваў, якія ажыццяўляюцца ва ўмовах функцыянавання крэдытных грошай для падтрымання грашовай масы з мэтай забеспячэння стабільнасці нац. валюты. Права грашова-крэдытнага рэгулявання надаецца дзяржавай, як правіла, цэнтр. банку краіны.
У Рэспубліцы Беларусь грашова-крэдытнае рэгуляванне даручана Нац. банку, які мае выключнае права выпуску ў абарачэнне грашовых знакаў і рэгулявання безнаяўнай эмісіі грошай. Нац. банк рэгулюе грашовую масу ў абарачэнні шляхам устанаўлення для банкаў абавязковых эканам. нарматываў; змянення працэнтных ставак па крэдытах; змянення аб’ёму крэдытаў, што даюцца банкамі; куплі і продажу каштоўных папер і замежнай валюты; рэфінансавання банкаў; правядзення аперацый з дзярж. каштоўнымі паперамі на адкрытым рынку. Для банкаў устанаўліваюцца наступныя эканам. нарматывы: мінімальны памер статутнага фонду; гранічныя суадносіны паміж памерам уласных сродкаў і сумай яго актываў; паказчыкі ліквіднасці балансу; памер абавязковых рэзерваў, што размяшчаюцца ў Нац. банку; максімальная рызыка на аднаго пазычальніка; абмежаванне валютнай і курсавой рызыкі. Устанаўліваецца афіц. курс бел. рубля ў адносінах да інш. валют. Ужываюцца таксама адм. метады, якія абмяжоўваюць даванне крэдыту, выкарыстанне грошай для плацяжоў (мэтавыя ўстаноўкі, ліміты, нормы, санкцыі і да т.п.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»,
шматтомнае універсальнае энцыклапедычнае выданне для дзяцей. Выдадзена ў 1958—77 у Маскве выд-вам «Вялікая Савецкая Энцыклапедыя». Выйшлі 3 выданні: 1-е ў 10 т. (1958—62), 2-е і 3-е ў 12 т. (1964—69 і 1971—77). Прынцып пабудовы ўсіх выданняў «Дз.э.» — тэматычна-алфавітны. Кожны том мае ўласную назву і складаецца з некалькіх раздзелаў (т. 1 — «Зямля», т. 2 — «Свет нябесных цел. Лікі і фігуры». т. 3 — «Рэчывы і энергія», т. 4 — «Расліны і жывёлы» і г.д.), вызначаецца навуковай дакладнасцю, даступнасцю выкладу матэрыялу, багата ілюстравана.
Сярод інш. энцыклапедычных даведнікаў для дзяцей вылучаюцца энцыклапедыя «Што такое. Хто такі» (т. 1—2, 1968, 2-е выд., г 1—3, 1975—78), а таксама даведнікі для школьнікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту: «Энцыклапедычны слоўнік юнага спартсмена» (1979), «Энцыклапедычны слоўнік юнага астранома» (1980, 2-е выд. 1986), «Энцыклапедычны слоўнік юнага хіміка» (1982, 2-е выд. 1990), «Энцыклапедычны слоўнік юнага мастака» (1983), «Энцыклапедычны слоўнік юнага літаратуразнаўца» (1987) і інш. (для юных земляробаў, фізікаў, матэматыкаў, музыкантаў, біёлагаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць зямельных тэрыторый, што выкарыстоўваюцца ці прыдатныя для выкарыстання ў гасп. мэтах і ў якасці сродкаў вытв-сці; від прыродных рэсурсаў. Падзяляюцца на 3 групы: угоддзі сельскагаспадарчыя; землі для размяшчэння сродкаў вытв-сці, непарыўна звязаных з зямлёй (ахоўныя лясныя насаджэнні, гідратэхн. збудаванні, пляцоўкі дляс.-г. авіяцыі і інш.); землі, якія не выкарыстоўваюць у с.-г. вытв-сці (камяністыя месцы, яры і інш.). З.р. выкарыстоўваюцца і для размяшчэння нар.-гасп. аб’ектаў, рассялення насельніцтва, як гал. сродак вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Агульная пл. сушы на зямным шары складае 133,9 млн.км² (без уліку 14 млн.км², што пад ледавікамі), з якой тундравыя і лесатундравыя тэрыторыі займаюць 17 млн.км². Пад с.-г. землямі занята каля 35%, лясамі і хмызнякамі — больш за 30%, населенымі пунктамі, прам-сцю і транспартам — больш за 3%. На душу насельніцтва плошчы пад ворнай зямлёй, лугамі і пашамі складаюць каля 1 га. Ў сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва Зямлі і выбыццём ч. ўгоддзяў з с.-г. абароту, штогод выключаецца з карыстання 5—7 млн.га. Гл. таксама Зямельны фонд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕРО́ГЛІФ (ад грэч. hieros свяшчэнны + glyphē тое, што выразана),
пісьмовы знак у некаторых відах ідэаграфічнага пісьма, які мае выгляд якога-н. аб’екта (чалавека, жывёлы, прадмета). Служыць для абазначэння асобных слоў і паняццяў, часам І. можа быць і фанетычным сімвалам (абазначаць склады і асобныя гукі). І. выкарыстоўваліся ў егіп. пісьме з 4-га тыс. да н.э. Вядома каля 5 тыс.егіп. І., аднак у кожную эпоху ўжывалася каля 700—800 знакаў.
Сярод егіп. І. адрозніваліся аднакансанантныя (абазначалі зычныя гукі егіп. мовы), двух-, трохкансанантныя (дляфанет. перадачы марфем), ідэаграмы (для абазначэння цэлых слоў), дэтэрмінатывы (дапаможныя ідэаграфічныя знакі для ўдакладнення значэння слоў).
І. называюць таксама знакі стараж. (2-е тыс. да н.э.) і сучаснага кітайскага пісьма, выяўл. разнавіднасці хецкага пісьма (2—1-е тыс. да н.э.), японскага пісьма і інш.
Літ.:
Шампольон Ж.Ф. О египетском иероглифическом алфавите: Пер. с фр. [М.], 1950;
Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ.М., 1963;
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. 2 изд. М., 1965;
Павленко Н.А. История письма 2 изд. Мн., 1987.
Да арт.Іерогліф. Іерагліфічны надпіс на сцяне грабніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т БІЯАРГАНІ́ЧНАЙ ХІ́МІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1974 у Мінску на базе Аддзела біяарганічнай хіміі Ін-та фіз.-арган. хіміі АН Беларусі (з 1959). У ін-це (1998): 11 лабараторый, аддзел біял. выпрабаванняў; доследная вытв-сць (з 1985); аспірантура; савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: хімія і біял. дзеянне прыродных біяпалімераў і нізкамалекулярных біярэгулятараў; метады імунахім. і біясенсорнага аналізу для ацэнкі функцыян. стану рэпрадуктыўнай, імуннай і інш. сістэм арганізма чалавека; новыя біятэхналогіі (у т. л. геннаінж.) атрымання біялагічна важных злучэнняў. Распрацаваны шэраг лек. прэпаратаў для лячэння рассеянага склерозу, язвы страўніка, лек. сродкі супрацьлейкознага і супрацьпухліннага характару; экалагічна бяспечныя і эфектыўныя інсектыцыды, гербіцыды для сельскай гаспадаркі; высокаэфектыўныя стымулятары росту раслін і адаптагены; сродкі павышэння прадукцыйнасці і паляпшэння якасці с.-г. культур. Распрацаваныя ў ін-це метады імунахім. мікрааналізу, неабходнага для дыягностыкі і прафілактыкі разнастайных захворванняў, укаранёны ў практыку мед. устаноў рэспублікі. Працуюць акад.Нац.АН Беларусі А.А.Ахрэм, А.А.Стральчонак (дырэктар з 1989), чл.-кар. Ф.А.Лахвіч, І.А.Міхайлопула.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧАВА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,
трактары і аднакаўшовыя экскаватары са спец. абсталяваннем і прыстасаваннямі для выдалення пнёў, дрэў, камянёў і хмызняку. Выкарыстоўваюцца пры асваенні новых зямель, расчыстцы трас у меліярац. і дарожным буд-ве.
Выпускаюцца: карчавальнікі з пярэдняй і задняй навескай рабочага органа (рамы з рухомымі і нерухомымі ікламі ці зубамі) або з прычапным карчавальным ротарам; карчавальнікі-збіральнікі з навясным абсталяваннем на гусенічны трактар (рамай з адвалам і ікламі, механізмам падрэзкі каранёў) для карчавання, зграбання і пагрузкі ў трансп. сродкі пнёў, камянёў, хмызняку пры выкананні буд. і культуртэхнічных работ; карчавальныя бароны — навясныя рамы са здымнымі карчавальнымі зубамі для карчавання пнёў, хмызняку і драбналесся; карчавальныя агрэгаты ў складзе карчавальніка, карчавальнай бараны і кустовых грабель або асобнага агрэгата з вібрацыйным рабочым органам для карчавання хмызняку і драбналесся, асобных пнёў і дрэў і зграбання іх у валкі. Гл. таксама Каменяўборачныя машыны, Кустарэз.
І.І.Леановіч.
Карчавальныя машыны: а — карчавальны агрэгат (1 — карчавальнік, 2 — трактар, 3 — гідрацыліндр кіравання карчавальнай бараной 4); б — карчавальнік-збіральнік (1 — карчавальнае прыстасаванне з клыкамі; 2, 3, 5, 6 — гідрацыліндры; 4 — трактар; 7 — механізм падрэзкі каранёў).