старажытна-іберыйскае ўмацаванае паселішча на р. Дуэра ў Іспаніі. Узнікла на месцы стараж. паселішча кельцкага племя арэвакаў. У 154—133 да н.э.гал. цэнтр антырым. супраціўлення. У 153 да н.э. каля Н. разбіта войска рым. консула Квінта Фульвія Набіліёра, у 141 да н.э. — Пампея. У 137 да н.э. Н. аблажыла рым. армія консула Манцына, але сама трапіла ў акружэнне і капітулявала. У 133 да н.э.рым. войска Карнелія Сцыпіёна пасля 9-месячнай аблогі захапіла і разбурыла Н. Частка яго жыхароў скончыла самагубствам, астатніх прадалі ў рабства. Раскопкі Н. ў 1905—23 выявілі гар. ўмацаванні, жылыя памяшканні, лагер Сцыпіёна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О’БРА́ЕН (O’Brien) Джэймс [псеўданім, які ператварыўся ў другое імя, Бронтэр (Bronterre); 6.2.1805, г. Гранард, Вялікабрытанія — 23.12.1864], адзін з лідэраў і ідэолагаў чартызму ў Вялікабрытаніі. У 1830-я г. радыкальны журналіст. Быў рэдактарам шэрагу чартысцкіх выданняў, у сваіх артыкулах імкнуўся даць тэарэт. і гіст. абгрунтаванне чартызму: выкрываў класавыя супярэчнасці капіталіст. грамадства, прапаноўваў рэв. шлях пераўтварэння грамадства на сацыяліст. пачатках. Гал. сродкам дасягнення сац. роўнасці лічыў нацыяналізацыю зямлі, прыватную ўласнасць на сродкі вытв-сці разглядаў як ін-т, сумяшчальны з сацыялізмам. У 1840—41 зняволены. З 1848 прыхільнік мірных рэформ. Заснаваная ім у 1849—50 Нац. ліга рэформ пазней далучылася да Інтэрнацыянала 1-га.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́ВЕРЛО́РД»
(англ. Overlord сюзерэн, валадар, вярх. ўладар),
кодавая назва гал.стратэг. аперацыі ўзбр. сіл краін антыгітлераўскай кааліцыі (пераважна ЗША і Вялікабрытаніі, а таксама Канады, Чэхаславакіі і Польшчы) па адкрыцці другога фронту ў Еўропе ў 2-ю сусв. вайну. Складаўся з Нармандскай дэсантнай аперацыі 1944 (кодавая назва «Нептун») і Фалезскай аперацыі (праведзена 10—25.8.1944). 15.8—3.9.1944 у раёне г. Марсель дадаткова праведзена Паўд.-франц. дэсантная аперацыя (кодавыя назвы «Энвіл», з 27 ліп. — «Драгун»), у выніку чаго ўтварыўся адзіны фронт саюзных войск у Францыі (злучыліся 11.9.1944 у раёне г. Дыжон) для разгортвання іх далейшага наступлення на Германію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,
помнік драўлянага дойлідства ў в. Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 2-й пал. 18 ст., ў цэнтры вёскі часткова перабудавана ў 19 ст. Прамавугольная ў плане 3-нефавая базіліка са зрэзанымі вугламі ў алтарнай частцы. Цэнтр. неф вышэйшы за бакавыя, завершаны 2-схільным дахам. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, умацаваны брусамі-лапаткамі, аконныя праёмы прамавугольныя і паўцыркульныя (у цэнтр. нефе). Спачатку гал. неф фланкіравалі 2 вежы абапал трохвугольнага франтона. Пры перабудове вежы разабраны, фасад аформлены 8-калонным порцікам (пазней калоны схаваны шалёўкай тамбура). У інтэр’еры 3-ярусны разны іканастас канца 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СТЭРМАН-ТАЛСТО́Й (да 1796 Талстой) Аляксандр Іванавіч
(1770—26.2.1857),
расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1817), граф Остэрман (1796). Службу пачаў у 1784. Удзельнічаў у войнах Расіі з Турцыяй і Францыяй. У пач. вайны 1812 пры корпусе П.Х.Вітгенштэйна. З 1812 камандуючы 4-м пях. корпусам 1-й Зах. арміі. У баі каля Астроўна 25—26.7.1812 на суткі затрымаў праціўніка, што дало магчымасць гал. сілам арміі адысці на Віцебск. Удзельнік Барадзінскай бітвы 7 вер., асенне-зімовай кампаніі 1812. У 1813 у час замежных паходаў вызначыўся ў бітвах пад Баўцэнам, Дрэздэнам, Кульмам, у 1815—18 камандуючы Грэнадзёрскім корпусам. З 1818 жыў у Зах. Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНО́ЎСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (н. 21.2.1952, в. Бечы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец, мастак. Вучыўся ў Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна (1986—89). Скончыў Бел.АМ (1993). З 1986 у Нац.маст. музеі Беларусі (з 1990 гал. хавальнік). У 1989—91 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, у 1994—99 — у Бел.АМ. Даследуе праблемы сучаснага бел. мастацтва. Аўтар творчых партрэтаў да каталогаў бел. мастакоў (У.Слабодчыкава, Ю.Герасіменкі, П.Дурчыка, А.Кузняцова і інш), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Rondo» (1998), «Пірасмані з Баранавічаў», «Intervert» (абодва 2000). Адзін з аўтараў альбома «Сяргей Ткачэнка. Жывапіс» (2000). Працуе таксама ў жывапісе і скульптуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЖСКІ КО́РПУС,
прывілеяваная ваенна-навуч. ўстанова ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст.Засн. ў 1759 у С.-Пецярбургу. Рыхтаваў да ваен. і дзярж. службы дзяцей знаці (гал. чынам прыдворных саноўнікаў і афіцэраў гвардыі), якія атрымлівалі прыдворнае званне пажоў і камер-пажоў (у іх абавязак уваходзіла выкананне даручэнняў членаў імператарскай сям’і). У 1807 пераўтвораны ў навуч. ўстанову тыпу кадэцкіх карпусоў. Выпускнікам П.к. прысвойваўся чын падпаручніка, і яны карысталіся пераважным правам службы ў гвардыі і спец. войсках; непрыгодныя да ваен. службы атрымлівалі цывільны чын 10, 12, 14-га класаў. Выхаванцамі П.к. былі: І.У.Гурка (гл. ў арт.Гуркі), І.Ф.Паскевіч, А.М.Радзішчаў і інш. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 П.к. скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАСІ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Багдадскі халіфат,
дзяржава арабаў у 750—1258. Назва ад дынастыі Абасідаў, якія прыйшлі да ўлады ў выніку справакаванага імі ў 747 у Харасане паўстання супраць Амеядаў. Сталіца з 762 Багдад. У склад Абасідава халіфата ўваходзілі Ірак, Іран (да пач. 9 ст.), ч. Закаўказзя, паўд.ч. Сярэдняй Азіі, Зах. Аравія, Сірыя з Палесцінай, Егіпет і Паўн. Афрыка (да пач. 9 ст.). У Абасідавым халіфаце іншапляменныя мусульмане былі ўраўнаваны ў правах з арабамі, роды перс. паходжання вылучыліся на адно з першых месцаў. Абасіды аднавілі перс.адм. сістэму на чале з візірам, замянілі араб. апалчэнне прафес. наёмнай арміяй (з харасанцаў, бербераў, пазней цюркаў). Гал. месца ў войску заняла гвардыя халіфа (з нявольнікаў), якая, памацнеўшы, стала ўмешвацца ва ўладу. У Абасідавым халіфаце найб. ўздыму дасягнула араба-мусульм. духоўная (іслам, ісламскае права, л-ра, філасофія, навука) і матэрыяльная (рамёствы, гандаль, мараплаванне і інш.) культура. Частыя нар. паўстанні (гал. чынам у форме сектанцкіх рухаў), з 9 ст. і сепаратызм намеснікаў-эміраў, якія сілай захоплівалі тэрыторыі і ператваралі іх у самаст. дзяржавы (напр., Ідрысідаў у Марока, Аглабідаў у Іфрыкіі і інш.), вялі да распаду Абасідава халіфату. На пач. 10 ст. ў ім засталіся зах.ч. Ірана і тэрыторыя, сумежная з Багдадам. Канчаткова Абасідаў халіфат знішчыла манг. нашэсце.
Літ.:
Беляев Е.А. Арабы, ислам и арабский халифат в раннем средневековье. 2 изд. М., 1966;
Васильев Л.С. История Востока. М., 1993. Т. 1, ч. 2. С. 272—281.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМУ́Р (манг.Хара-Мурэн, кіт.Хэйлунцзян),
рака ва Усх. Азіі, у Расійскай Федэрацыі (большая ч.), Манголіі, КНР. Па Амуры праходзіць частка граніцы Расіі з Кітаем. Утвараецца ад зліцця рэк Шылка і Аргунь. Упадае ў Амурскі ліман Ахоцкага м.Даўж. 2824 км, ад вытоку Аргуні — 4440 км; пл.бас. 1855 тыс.км². У верхнім цячэнні (да вусця Зеі) цячэ ў вузкай даліне. Справа да ракі падыходзяць адгор’і В.Хінгана. У сярэднім цячэнні (ад вусця Зеі да Хабараўска) даліна шырокая, толькі ў месцы перасячэння хр. М.Хінган ператвараецца ў цясніну. У нізоўях Амур выходзіць на Ніжнеамурскую нізіну, мае шырокую даліну, рэчышча разгаліноўваецца на рукавы. Асн. прытокі: Зея, Бурэя, Амгунь (злева), Сунгары, Усуры (справа). Жыўленне пераважна (2/3 сцёку) ад летне-восеньскіх мусонных дажджоў. Разводдзе з ліп. да верасня, утвараецца дажджавымі паводкамі. У суткі па Амуры праходзіць 41 тыс.т наносаў. Замярзае ў ліст., крыгалом у крас.—маі. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 10 900 м³/с (макс. 40 000 м³/с). На ніжняе цячэнне ўплываюць прылівы і адлівы. У бас. Амура больш за 60 тыс. азёраў агульнай пл. каля 9,7 тыс.км². Рыбалоўства. Асн.прамысл. рыбы: кета, гарбуша, таўсталобік, калуга, амурскі сом і інш. Значныя гідраэнергетычныя рэсурсы. У сярэднім цячэнні Хінганскі, ніжэй — Камсамольскі запаведнікі. Амур — гал. водная магістраль Д. Усходу, суднаходны на ўсім працягу. Гал. гарады на Амуры: Благавешчанск, Хабараўск, Амурск, Камсамольск-на-Амуры, Нікалаеўск-на-Амуры (Расія), Айхой (Кітай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАТА́ (Bogotá),
Санта-Фе-дэ-Багата, горад, сталіца Калумбіі. Размешчана ў горнай катлавіне, на зах. схіле Усх. Кардыльераў, на выш. больш за 2500 м. Адм. ц. дэпартамента Кундынамарка; утварае самастойную адм. адзінку — сталічную акругу. 5026 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Эльдарада. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Тэкст., харч., гарбарна-абутковая, паліграф., эл.-тэхн., аўтазборачная, фармацэўтычная прам-сць. Каля Багаты здабыча ізумрудаў. 14 дзярж. і прыватных ун-таў і ін-таў, у т. л.Нац.ун-т Калумбіі. Калумбійская акадэмія. Музеі: Нац.; Нац.археал. і этнаграфіі; калан. мастацтва; золата (стараж.-індзейскіх вырабаў).
Засн. ў 1538 ісп. канкістадорамі ў раёне, які быў цэнтрам стараж. цывілізацыі індзейцаў чыбча. З 1598 сталіца ісп. генерал-капітанства, з 1739 — віцэ-каралеўства Новая Гранада. У 1819 вызвалена ад іспанцаў С.Баліварам, які зрабіў Багату сталіцай рэспублікі Вялікая Калумбія. Пасля яе распаду з 1831 сталіца Новай Гранады (з 1863 — Калумбіі).
Сетка вузкіх вуліц Багаты цягнецца ўздоўж гор. На гал. плошчы Пласа Балівар — помнік С.Балівару (1842), сабор (засн. ў 17 ст., перабудаваны ў стылі класіцызму ў 1807—23). Цэрквы калан. перыяду з інтэр’ерамі, багата ўпрыгожанымі разьбой і размалёўкамі (Санта-Дамінга, пачата ў 1577; Сан-Франсіска, 1569—1622; Сан-Ігнасіо, 1625—35); палац Сан-Карлас (канец 16 — пач. 17 ст.). У 19—20 ст. узведзены буйныя грамадскія, дзелавыя, прамысл. будынкі (Нац. капітолій, 1847—1926; атэль «Тэкендама», 1950—53; ф-ка «Кларк», 1953), новыя раёны («Антоніо Нарыньё», «Крысціяна», 1967).