ІМПРАВІЗА́ЦЫЯ (франц. improvisation ад лац. improvisus нечаканы, раптоўны),
стварэнне маст. твора непасрэдна ў працэсе выканання. У шырокім сэнсе — творчасць без папярэдняй падрыхтоўкі, якая выяўляе непасрэднасць развіцця маст. думкі. Адрозніваюць уласна І. (з прытрымліваннем зададзеных тэмы, матываў, вобразаў) і свабодную (вольны выбар тэмы і формы яе раскрыцця). Магчыма ў паэзіі, музыцы, танцы, тэатр. мастацтве і інш. Адзін з відаў І. — экспромт.
І. вядома са старажытнасці. Вытокі І. ў літаратуры — у нар. творчасці, вусны характар якой садзейнічаў выкарыстанню элементаў І. пры неабходнасці прытрымлівацца традыцый у цэлым (казкі, прыказкі, прымаўкі і інш.). Дасягнула росквіту ў рус. паэзіі 19 ст. (П.Вяземскі, В.Брусаў). Вядомымі імправізатарамі былі А Міцкевіч, М.Багдановіч. У музыцы І. — адметны вызначальны фактар музыкі вуснай традыцыі розных народаў свету, у т. л. беларусаў. Характар, канкрэтныя формы і мера выяўлення І. залежаць ад творчых здольнасцей нар. выканаўцаў, спосабаў музіцыравання, гістарычна выпрацаваных стыліст. норм пэўных жанраў, мясц. выканальніцкіх традыцый. На Беларусі выдатныя майстры І. — нар. спевакі С.Дубейка, А.Каранчук, З.Хвораст, дудачнікі В.Швед, М.Глушань, гарманіст А.Свірыдовіч і інш. У прафес. музыцы сферы і формы выяўлення І. гістарычна змяняліся: ад вак. поліфаніі 13—15 ст. (cantus firmus, англ. discantus і фабурдон) да інстр. музыкі барока і класіцызму (генерал-бас, выканальніцкая дзейнасць Г.Ф.Гендэля, І.С.Баха, В.А.Моцарта, Л.Бетховена), ад канцэртнай практыкі эпохі рамантызму (кадэнцыі ў канцэртах, І. на зададзеную тэму; Ф.Шапэн, Ф.Ліст, І.Брамс, бел. музыканты-віртуозы І.Гузікаў, М.Ельскі, А.Абрамовіч) да джазавых кампазіцый 20 ст. І. як сродак муз. выхавання займае важнае месца ў пед. сістэмах Э.Жак-Далькроза, К.Орфа. Курс І. існуе ў Бел. акадэміі музыкі. І. ў танцы — з глыбокай старажытнасці неад’емная частка нар. абрадаў, гульняў, свят. У нар. танцы часта выяўляецца ў спаборніцтве выканаўцаў. У танц. мастацтве І. вар’іруецца ад прымітыву да высокага прафесіяналізму. У пач. 20 ст. ў вял. ступені імправізацыйным было мастацтва т. зв. свабоднага танца Х.Дункан. І. — абавязковы элемент нар. танца, пашырана ў бальных танцах. І. ў тэатры — ігра акцёра, заснаваная на яго здольнасці ствараць сцэнічны вобраз, уласны тэкст на зададзеную тэму ў час паказу без папярэдняй падрыхтоўкі. Зарадзілася ў нар.тэатр. творчасці, была істотным элементам сцэн. дзеяння стараж.т-ра Усходу (існуе і цяпер), прысутнічала ў антычным, сярэдневяковым і рэнесансавым т-ры, выступленнях скамарохаў. Высокага ўзроўню дасягнула ў італьян. камедыі дэль артэ і франц. фарсе. Пазней сустракалася як стыліст. прыём (напр., у К.Гоцы). У пач. 20 ст. К.Станіслаўскі, Я.Вахтангаў, У.Меерхольд сцвярджалі каштоўнасць І. ў працэсе стварэння спектакля. Імправізацыйны характар мелі бел. каляндарна-земляробчыя і сямейна-бытавыя абрады, бел.нар.т-р, інтэрмедыі школьнага т-ра. Мастацтвам І. былі прасякнуты выступленні трупы В.Дуніна-Марцінкевіча, Першай бел. трупы І.Буйніцкага, бел. вечарынкі і інш.Вял. увагу І. аддавалі рэжысёры Е.Міровіч, У.Галубок, М.Міцкевіч, акцёры Дз.Арлоў, Г.Глебаў, А.Ільінскі, П.Малчанаў, Б.Платонаў і інш.
Літ.:
Богатырев П.Г. Традиция и импровизация в народном творчестве // Богатырев П.Г. Вопросы теории народного искусства. М., 1971;
Сапонов М.А. Искусство импровизации. М., 1982;
Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Мн., 1971;
Станиславский К.С. Работа актера над собой. Ч. 1—2. 4 изд. М., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕНТА́ЛЬНА-ДЭКАРАТЫ́ЎНАЯ СКУЛЬПТУ́РА,
від дэкаратыўнай скульптуры, цесна звязаны з архітэктурай і прыродным ландшафтам. Прызначана для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, мастоў, трыумфальных арак, фантанаў, архітэктуры малых форм, упрыгожвання паркаў, плошчаў, вуліц. Уключае: статуі і рэльефы, якія маюць самаст. значэнне; статуі, якія выконваюць ролю арх. элементаў (атланты, карыятыды); статуі-фантаны; скульпт. арнаментацыю на будынках.
Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Найб. росквіту дасягнула ў эпоху антычнасці, у стылях готыкі, рэнесансу, барока і класіцызму ў культавым і палацавым буд-ве, садова-паркавым мастацтве, у мастацтве краін Усходу. У 20 ст. развіваецца пераважна як элемент ландшафтнага дызайна, была пашырана ў архітэктуры мадэрну і пабудовах, зарыентаваных на класіцыстычную традыцыю. З’явіліся яе новыя формы: агітацыйная, гульнёвая (для дзіцячых пляцовак), скульпт. інсталяцыі і інш. Часам выкарыстоўваюць сучасныя тэхн. сродкі: рух, гук, светлавыя эфекты і інш.
На Беларусі пашырылася ў 16—19 ст. у палацавым і культавым дойлідстве. Складаным сімволіка-алегарычным ладам, экспрэсіўнасцю, багаццем і разнастайнасцю форм вызначалася культавая скульптура 17—18 ст. (касцёл ў в. Новая Мыш Баранавіцкага, Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., Міхалішкі Астравецкага, Ішчална Мастоўскага р-наў Гродзенскай вобл., бернардзінцаў у Гродне, францысканцаў у Пінску і інш.). У мастацтве класіцызму выкарыстоўвалася ў палацава-паркавых ансамблях, гар. і сельскіх сядзібах (палац Радзівілаў у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на, «Паляўнічы домік» у Гомелі, палац Храптовічаў у г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. і інш.). Сярод паркавых скульптур 19 ст. алегарычная статуя «Багіня Міра» (1834) В.Дэмут-Маліноўскага ў парку палаца Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, кампазіцыя «Хлопчык з лебедзем» (1874) у скверы Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. У 1930-я г. зроблены рэльефы ў будынках Дома ўрада (скульпт. А.Бембель, У.Рытар, Р.Ізмайлаў), Дома афіцэраў (Бембель, А.Глебаў і інш.), Нац.акад.т-ра оперы і балета (Бембель і інш.) у Мінску. У 1950-я г. М.-д.с. арганічна суадносілася з архітэктурай класіцыстычнай арыентацыі: Рэсп. міжсаюзны палац культуры прафсаюзаў (скульпт. Глебаў, С.Селіханаў, В.Папоў), Нац.маст. музей (Бембель, П.Белавусаў, С.Адашкевіч, М.Роберман) у Мінску і інш. Імкненнем сцвердзіць новыя пластычныя ідэі вызначаюцца найб. значныя творы 1970—90-х г.: кампазіцыі «Купава» перад будынкам рэстарана «Журавінка» (У.Кузняцоў), «Вянок» фантана ў парку імя Я.Купалы (А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі), «Юнацтва» ў скверы перад будынкам гасцініцы «Мінск» (Анікейчык), «Бег» над ўваходам стадыёна «Дынама» і «Арфей» перад будынкам муз. вучылішча (абедзве В.Занковіч), «Юнак іграе на жалейцы» і «Поры года» ў гасцініцы «Турыст» (С.Ларчанка, А.Кішчанка), «Лаўка» ў Міхайлаўскім скверы (У.Жбанаў), скульптуры «Паэзія», «Музыка», «Сцэнаграфія», «Танец», «Тэатр» на фасадзе Дзярж.т-рамуз. камедыі і кампазіцыя «Батлейка» каля яго будынка (Л.Зільбер), скульпт. групы фантанаў «Поры года» на праспекце Машэрава — «Гуканне вясны» («Вясна», А.Шатэрнік), «Купалле» («Лета», Л.Давідзенка), «Свята ўраджаю» («Восень», Ю.Палякоў), «Каляды» («Зіма», Занковіч) у Мінску; кампазіцыі «Натхненне» на фасадзе будынка Гродзенскага абл.драм.т-ра (Зільбер); «Белая дама з халопам» (Г.Гаравая), «Русалка» (Л.Гумілеўскі), «Анёл-заступнік з хлопчыкам» (А.Фінскі), «Сабака для палявання» (П.Лук, В.Янушкевіч) у палацава-паркавым комплексе ў г. Нясвіж Мінскай вобл. і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Манументальна-дэкаратыўная скульптура. Ж.Б.Карпо. Чатыры часткі свету. Скульптурная група фантана на плошчы Абсерваторыі ў Парыжы. 1867—72.Да арт.Манументальна-дэкаратыўная скульптура. Фрагмент галоўнага алтара касцёла аўгусцінцаў. Вёска Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЛ (сучасная егіпецкая назва Эль-Бахр; лац. Nilus, грэч. Neilos),
рака ў Афрыцы, адна з найб. доўгіх рэк свету. Даўж. 6671 км, пл. басейна 2870 тыс.км². Басейн Н. на тэр. Руанды, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікі Конга, Танзаніі, Уганды, Кеніі, Эфіопіі, Судана, Егіпта. Пачынаецца на Усх.-Афрыканскім пласкагор’і, на У ад возера Ківу, упадае ў Міжземнае м., утварае дэльту. Выток — р. Рукарара на ПдЗ Руанды, у сістэме р. Кагера; у межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я працякае праз воз. Вікторыя, на выхадзе з якога наз. Вікторыя-Ніл, перасякае скалістыя грады (парогі і вадаспады, затопленыя пры буд-ве плаціны Оўэн-Фолс), упадзіну воз. К’ёга, упадае ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. З возера выцякае пад назвай Альберт-Ніл, цячэ па раўнінах паўд. Судана, перасякае забалочаны раён Сэд, дзе наз. Бахр-эль-Джэбель. Пасля сутокаў з р. Эль-Газаль рака наз. Белы Ніл (Бахрэль-Аб’яд), цячэ па паўпустыннай мясцовасці ў шырокай даліне. Каля г. Хартум прымае самы вялікі прыток — Блакітны Ніл (Бахр-эль-Азрак) і далей наз. ўласна Н. Ніжэй вусця р. Атбара цячэ па Сахары, перасякае крышталічнае плато, утварае парогі (часткова затоплены пры буд-ве Асуанскай плаціны). Ад Асуана да Каіра цячэ ў шырокай (да 20—25 км) даліне. За 20 км на Пн ад Каіра пачынаецца дэльта Н. (пл. 22—24 тыс.км²), дзе вылучаюцца 9 вял. і мноства дробных рукавоў і лагунныя азёры (у паўн. частцы). Гал. прытокі ў верхняй палавіне цячэння: Эль-Газаль (злева), Асва, Собат, Блакітны Н., Атбара (справа). Рэжым Н. складаны. У экватарыяльнай зоне павышаныя ўзроўні летам і зімой. У цэнтр. і паўн. Судане і Егіпце падняцце вады ў летне-асенні перыяд. Сярэдні расход вады каля г. Асуан 2,6 тыс.м³/с, макс. — да 15 тыс.м³/с, мінім. — каля 500 м³/с. Падняцце вады ў межах Егіпта пры звычайнай паводцы 6—7 м. Цвёрды сцёк каля г. Асуан 62 млн.м³ за год, большая частка якога ў выглядзе ілу асядае на палях, у арашальных каналах і вадасховішчах. Н. мае вял.эканам. значэнне: асн. крыніца арашэння і пітной вады, важная трансп. артэрыя. У даліне і дэльце Н. жыве амаль усё насельніцтва Егіпта (на 3% тэр. краіны). Для рэгулявання сцёку вады і барацьбы з паводкамі пабудаваны вял. плаціны: Старая Асуанская, Вышынная Асуанская (Егіпет), Сенарская (Судан) і шматлікія дробныя ГЭС: Асуанская, Наг-Хамады, Эль-Фаюм (на канале Юсуф), Оўэн-Фолс (на р. Вікторыя-Н.). Вял. сетка арашальных сістэм. Воды Н. арашаюць каля 2,4 млн.га у Егіпце і каля 1,1 млн.га у Судане. Праз канал Ісмалія забяспечваецца прэснай вадой з дэльты Н. раён Суэцкага канала, праз канал Эль-Махмудыя — г. Александрыя з наваколлем, праз канал Ібрахімія і рукаў Юсуф частка вады Н. паступае ў воз. Біркет-Карун і на арашэнне аазіса Фаюм. Вадасховішчы Насэр, Гебель-Аулія (на р. Белы Н.) і інш. Рыбалоўства. Прамысл. значэнне маюць нільскі акунь, тыгровая рыба, зубаты карп, балці (афр. карп). Даўжыня суднаходных шляхоў бас. Н. 3,2 тыс.км. Суднаходства па Н. (у сярэднім і ніжнім цячэнні), рукавах дэльты (Дум’ят і Рашыд), арашальных каналах, па азёрах Вікторыя, К’ёга, Мабуту-Сесе-Сека, Тана. Найб. гарады: Хартум (Судан), Асуан, Каір, Александрыя (Егіпет). Даліна Н. (асабліва яго густанаселеная дэльта) была адным з цэнтраў стараж. цывілізацыі, якая ўзнікла на базе арашальнага земляробства (гл.Егіпет Старажытны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́РЫКА (ад грэч. lyricos які вымаўляецца пад гукі ліры),
адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара. Прадмет Л. — духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і эмоцый. Л. — стараж. род л-ры. Яна не супрацьстаіць ні эпасу як суб’ектыўнаму аповяду аповеду* пра пэўныя падзеі, ні драме з яе скразным канфліктна напружаным дзеяннем. Лірычныя элементы можна знайсці ў эпічных і драм. творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў, прасякнутасць іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу ў Л. часам выяўляюцца элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). На памежжы Л. і эпасу, Л. і драмы ўзніклі асобныя віды л-ры: вершаваныя раман, аповесць, апавяданне, паэма, драматычная паэма, балада, байка. Л. карыстаецца найперш паэт. сродкамі маст. выяўлення (тропы, гукапіс, паэт. сінтаксіс) і вершаванай мовай з яе вял. эмоцыястваральнымі магчымасцямі. У Л. нельга выявіць асобныя цэласныя характары. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету чалавека выяўляецца ў ёй праз вобраз лірычнага героя. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць з усіх твораў аўтара, з усёй іх жанрава-відавой разнастайнасці. У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную Л. Своеасаблівыя жанры — медытатыўная лірыка і сугестыўная лірыка. Гал. віды Л. — верш і песня.
Найб. стараж. — ананімныя нар. -песенныя тэксты, што ўключаюць у сябе ўзоры сямейна-абрадавай, каляндарна-абрадавай, пазаабрадавай Л. З паяўленнем пісьменнасці песня, прадаўжаючы бытаваць у вуснай нар. творчасці, уваходзіць і ў кніжную паэзію. У стараж. грэкаў і рымлян распаўсюджанымі відамі і жанрамі Л. становяцца гімн, ода, элегія, эпіграма; у сярэдневяковых араб. паэтаў — рубаі, газель; у японскіх — танка, у паэтаў еўрап. Адраджэння — санет, тэрцыны, актава, рандо, трыялет і інш. Самы стараж. помнік Л. — «Песня песняў» Саламона (Біблія). Выдатныя лірыкі антычнасці — Алкей, Сапфо, Анакрэонт, Катул, Гарацый, Авідзій, еўрап. Адраджэння — Ф.Петрарка, П.Рансар, У.Шэкспір, Я.Каханоўскі, усх.-азіяцкага — Лі Бо, Ду Фу, Умар Хаям, Саадзі, Хафіз, Фірдаўсі. Паэтамі выключнай лірычнай сілы былі Дж.Байран, Р.Бёрнс, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, А.Пушкін, М.Лермантаў, А.Міцкевіч, Ю.Славацкі, Т.Шаўчэнка, Ш.Пецёфі, П.Верлен, А.Блок, У.Маякоўскі, С.Ясенін, П.Элюар, Назым Хікмет і інш.
Першым выдатным бел. лірыкам з’яўляецца Кірыла Тураўскі (паэт. малітвы, лірычныя «Словы»). Нягледзячы на розныя гіст. катаклізмы, бел. Л. — сярэдневяковая (Ф.Скарына, Мікола Гусоўскі, А.Рымша, Сімяон Полацкі і інш.), 19 ст. (Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Лучына, Ф.Багушэвіч і інш.), 20 ст. (Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, А.Гарун, М.Танк, А.Куляшоў, П.Броўка, П.Панчанка і інш.) — імкнулася выяўляць зменлівы духоўны свет народа, яго мары, пачуцці, жаданні. Разнастайны і глыбокі змест увасабляўся ва ўсёй мнагастайнасці асн. жанраў і відаў, што выпрацавала еўрап. паэзія. Некаторыя віды і жанры лірычнага верша з’яўляліся ў бел. паэзіі раней, чым, напр., у рас. і ўкр. (радковы лагаэд у Я.Купалы, шаснаццацірадковік у Куляшова, сатыр. замовы ў Н.Гілевіча, вянок вянкоў санетаў у З.Марозава і г.д.). Гл. таксама Паэзія.
Літ.:
Гніламёдаў У.В.Лірыка // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;
Поспелов Г.Н. Лирика. М., 1976;
Ярош М.Р., Бечык В.Л. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;
Шпакоўскі І.С. Тыпізацыя ў лірыцы: Формы і сродкі Мн., 1980.
Створаны ў 1933 у Мінску як Дзяржаўны т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 Вялікі, з 1964 акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыўся балетам «Чырвоны мак» Р.Гліэра (1933). У першы перыяд трупа ставіла пераважна класічныя балеты: «Капелія» Л.Дэліба — Ф.Лапухова (балетмайстар, 1935), «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага — К.Мулера (1938), «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева — К.Галяйзоўскага (1939). Першы нац. балет — «Салавей» М.Крошнера — А.Ермалаева (1939, 1940), дзе створаны яскравыя вобразы герояў (у гал. партыях А.Нікалаева, С.Дрэчын), выразна і маштабна паказаны народ, сінтэзаваны акад. і нар. танец. Ў 1930—40-я г. сярод артыстаў балета вылучыліся Нікалаева, Дрэчын, З.Васільева, Я.Вяпрынскі, Н.Гурвіч, Л.Крамарэўская, Н.Майсеенка, Т.Узунава, Ю.Хіраска. У 1940—70-я г. ў рэпертуары т-ра пераважалі творы рус. і замежнай класікі: «Лебядзінае возера» (1948, 1967, 1978), «Спячая прыгажуня» (1954, 1970), «Шчаўкунок» (1956) Чайкоўскага, «Бахчысарайскі фантан» Асаф’ева (1939, 1949, 1973), «Раймонда» А.Глазунова (1972), «Дон Кіхот» (1941, 1947, 1962, 1979) і «Пахіта» (1973) Л.Мінкуса, «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1938, 1959), «Жызэль» А.Адана (1953, 1966, 1976), «Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга (1966). Ставіліся і балеты сучасных, у т. л.бел., кампазітараў: «Пасля балю» Г.Вагнера (1971), «Сцежкаю грому» К.Караева (1960), «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» А.Лядава і У.Дзешавова (1961), «Спартак» А.Хачатурана (1964), «Папялушка» (1965) і «Рамэо і Джульета» (1968) С.Пракоф’ева і інш. Вяліся пошукі больш дасканалых сцэн.маст. рашэнняў, пашыраліся тэматыка і жанравая разнастайнасць, узбагачалася харэаграфічная лексіка. Пошукі этн. своеасаблівасці характэрны для ўвасаблення твораў бел. кампазітараў Мулерам. («Князь-возера» В.Залатарова, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950; «Падстаўная нявеста» Вагнера, 1958), Ермалаевым («Палымяныя сэрцы» Залатарова, 1955). Сучасная тэма ўведзена на нац. сцэну балетамі «Мара» Я.Глебава — А.Андрэева (1961), «Святло і цені» Вагнера — Андрэева і Н.Стукалкінай (1963). Тэма Вял.Айч. вайны з маст. пераканаўчасцю ўвасоблена ў «Альпійскай баладзе» Глебава — А.Дадышкіліяні (1967, лібр. Р.Чарахоўскай паводле аднайм. аповесці В.Быкава), дзе яскравыя глыбока псіхалагічныя вобразы стварылі К.Малышава і Л.Чахоўскі. Сярод балетмайстраў гэтага перыяду Андрэеў, І.Бельскі, В.Вайнонен, Дадышкіліяні, Ю.Дружынін, Дрэчын, Ермалаеў, Р.Захараў, Н.Конюс, А.Месерэр, Мулер, Стукалкіна; салісты балета — В.Давыдаў, Н.Давыдзенка, І.Дзідзічэнка, Т.Караваева, А.Карзянкова, Б.Карпілава, В.Крыкава, Р. і М.Красоўскія, Малышава, Г.Мартынаў, В.Міронаў, Н.Младзінская, Я.Паўловіч, М.Пятрова, Л.Ражанава, І.Савельева, Чахоўскі, М.Шэхаў і інш. У 1973 трупу ўзначаліў В.Елізар’еў. Яго маст. дасягненнем сталі пастаноўкі балетаў «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына і «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына (абедзве 1974), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976) і «Тыль Уленшпігель» Глебава (2-я рэд., 1978; лібр. Елізар’ева паводле Ш. Дэ Кастэра). Новая паэтыка і эстэтыка гэтых і інш. балетаў дазваляюць гаварыць пра з’яўленне аўтарскага т-ра Елізар’ева, які працуе ў цеснай садружнасці з мастакамі (Я.Лысік, Э.Гейдэбрэхт, В.Окунеў і інш.). Бел. балет набыў міжнар. прызнанне і з поспехам гастраліруе ў, многіх краінах свету.
У 1980—90-я г. ў т-ры пастаўлены шэраг па-мастацку значных твораў: «Спартак» Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» (1982) і «Лебядзінае возера» (1986) Чайкоўскага, «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988), «Дон Кіхот» Мінкуса (1989), вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), 1-актовыя балеты «Адажыета» на муз. Г.Малера (1981), «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» (1986, 1997) і «Жар-птушка» (1998) І.Стравінскага (балетмайстар усіх Елізар’еў). Набылі вядомасць майстры бел. балетнага мастацтва Л.Бржазоўская, І.Душкевіч, У.Іваноў, У.Камкоў, Н.Паўлава, С.Пясцехін, В.Саркісьян, Ю.Траян, Н.Філіпава, Т.Яршова і інш. Рэпертуар трупы папоўніўся балетамі бел. кампазітараў «Курган» Глебава (1982, лібрэта А.Вярцінскага і Г.Маёрава паводле аднайм. паэмы Я.Купалы), «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Кругаверць» А.Залётнева (1996, па матывах нар. балад). Найб. значны рэзананс атрымаў балет «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані — Елізар’ева (1995; Дзярж. прэмія Беларусі 1996; прэмія Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» 1996), прысвечаны лёсу полацкай княгіні Рагнеды. З класічных пастановак гэтага часу найб. адметныя: «Ліза і Кален» Ф.Герольда (1979), «Сільфіда» Х.Левенскольда (1983), «Спячая прыгажуня» (1990), «У гонар Марыуса Петыпа» на муз. Р.Дрыга, І.Армсгеймера, Мінкуса (1981). Т-р ставіць і спектаклі для дзяцей, у т. л. «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1951), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1978), «Тры парсючкі» С.Кібіравай (1991). Сярод пастаноўшчыкаў балетаў у 1980—90-я г. А.Вінаградаў, Ю.Грыгаровіч, П.Гусеў, Маёраў, І.Калпакова і інш. У т-ры працавалі: гал. балетмайстры — Мулер (з 1946), Андрэеў (1960—64 і 1971—73), Дадышкіліяні (1965—71), Елізар’еў (з 1973); гал. дырыжоры — І.Гітгарц (1933—36), Н.Грубін (1938-41), А.Брон (1944—48), У.Пірадаў (з 1948), Л.Любімаў (1951—64), Г.Дугашаў (1966—68), К.Ціханаў (з 1969), Я.Вашчак (1972—80), Праватораў (з 1984), А.Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. мастакі — С.Нікалаеў (з 1938), Я.Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Гейдэбрэхт (1984—90). Трупа т-ра пастаянна папаўняецца выпускнікамі Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь. У ёй працуюць (2000): дырэктар — маст. кіраўнік т-ранар.арт.СССР Елізар’еў, салісты балета нар.арт. Беларусі К.Фадзеева, засл. арт. Беларусі Н.Дадышкіліяні, У.Далгіх, В.Захараў, Р.Мінін, А.Фурман, Т.Шаметавец, артысты Т.Беранава, С.Гарбунова, Ж.Лебедзева, А.Турко, нам. дырэктара нар.арт. Беларусі Траян, памочнік маст. кіраўніка засл. дз. культ. Беларусі І.Сарокіна, асістэнты засл. артыстка Беларусі Дзідзічэнка, Я.Мінін, балетмайстры-рэпетытары нар.арт. Беларусі Бржазоўская, Яршова, нар. артыстка Расіі М.Подкіна, А.Мартынаў, канцэртмайстры засл. артыстка Беларусі Л.Сямёнава, С.Львовіч, Ч.Шуба.
Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам оперы Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;
Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Яе ж. Линия, уходящая в бесконечность, Мн., 1999;
Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989;
Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997;
Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. [Кн. 4], Мн., 1997.
Ю.М.Чурко.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева. 1988.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Спартак» А.Хачатурана. 1980.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Князь-возера» В.Залатарова. 1949.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Жызэль» А.Адана. 1976.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Страсці» А.Мдывані. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ РУХ,
пашыраная ў свеце леварадыкальная ідэйна-паліт. плынь, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці поглядамі К.Маркса і У.І.Леніна на сацыялізм і камунізм і мае на мэце пабудову ў свеце камуніст. грамадства, першая фаза якога — сацыялізм. Аб’ядноўвае камуніст. і ідэйна блізкія да іх сацыяліст. і рабочыя партыі. Узнік у 1840—50-я г. амаль адначасова з марксізмам як састаўная частка міжнар. рабочага руху. Першай камуніст. арг-цыяй быў створаны ў 1847 Саюз камуністаў, які аб’ядноўваў камуніст. і карэспандэнцкія к-ты шэрагу зах.-еўрап. краін. У напісаным для Саюза Марксам і Ф.Энгельсам «Маніфесце Камуністычнай партыі» (1848) выкладзена праграма міжнар.рэв. рабочага руху і абгрунтавана неабходнасць стварэння паліт. партыі пралетарыяту. Камуніст. (марксісцкая) плынь дамінавала ў Інтэрнацыянале 1-м (1864—76), у с.-д. і сацыяліст. партыях, што стварылі Інтэрнацыянал 2-і (1889—1922). Да канца 19 — пач. 20 ст.камуніст. рух і сацыял-дэмакратыя развіваліся на агульнай аснове марксізму як паралельныя плыні ў рамках с.-д. і сацыяліст. партый, потым адзіны сусв.сацыяліст. рух распаўся на 2 самаст. плыні — сацыял-дэмакр. і камуністычную, якія разышліся ў поглядах на стратэгію і тактыку заваявання паліт. улады, сутнасць, шляхі і спосабы пабудовы сацыялізму. Сацыял-дэмакраты (Э.Бернштэйн і інш.) прыйшлі да высновы, што асобныя палажэнні марксізму не пацвердзіліся часам або ўстарэлі. Прадстаўнікі камуніст. плыні працягвалі адстойваць марксісцкія палажэнні аб выключна рэв. шляху дасягнення сацыялізму як першай стадыі камунізму праз класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту ў якасці абранага гісторыяй класа. Найб. відным выразнікам гэтай плыні ў пач. 20 ст. стаў лідэр рас.бальшавікоў Ленін. Пасля 1-й сусв. вайны с.-д. і сацыяліст. партыі канчаткова раскалоліся, з іх выйшлі прадстаўнікі рэв. марксізму, якія сталі называць сябе камуністамі і пачалі ствараць уласныя камуніст. партыі. Гэтаму працэсу спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 у Расіі. Няўдалай спробай прымірыць і аб’яднаць сацыяліст. рух з камуністычным было стварэнне і непрацяглае існаванне т. зв. «Інтэрнацыянала 2 1/2» (1921—23). Але ў 1919, са стварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна), рашэнні кіруючых органаў якога былі абавязковымі для партый-членаў, М.к.р. аформіўся ў самаст.паліт. сілу. У 1920—50-я г. фактычным цэнтрам усяго М.к.р. быў СССР. Грамадска-паліт. з’явы, якія мелі месца ў гэтай краіне (паліт. рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна, абмежаванасць паліт. правоў асобы, празмерная роля дзяржавы ў грамадстве і інш.) негатыўна адбіваліся на ўсім камуніст. руху. У 1920-я г. з М.к.р. вылучылася леваэкстрэмісцкая плынь — трацкізм (ад імя Л.Д.Троцкага), прадстаўнікі якога ў 1938 стварылі т. зв. «Інтэрнацыянал 4-ы». Станоўчая роля камуністаў у барацьбе супраць фашызму за свабоду і незалежнасць сваіх краін у гады 2-й сусв. вайны забяспечыла значны рост колькасці кампартый, узмацненне іх уплыву ў асобных краінах і ў свеце ў цэлым. У 14 краінах Еўропы, Азіі і Лац. Амерыкі (Куба) кампартыі заваявалі паліт. ўладу. Склалася Сусв.сацыяліст. сістэма. У 1980-я г.камуніст. і блізкія да іх рабочыя партыі дзейнічалі больш як у 90 краінах і аб’ядноўвалі больш за 80 млн. членаў. СССР пад кіраўніцтвам КПСС дамогся поспехаў у развіцці эканомікі і культуры. У 1960—70-я г.СССР, насельніцтва якога складала 6% ад насельніцтва зямнога шара, даваў 1/5 сусв.прамысл. вытворчасці. Пасля роспуску Камінтэрна (1943) прадпрымаліся новыя спробы каардынацыі М.к.р. У 1947—56 у Бялградзе (да 1948) і Бухарэсце (з 1948) працавала Інфарм. бюро камуніст. і рабочых партый з правам каардынацыі іх дзейнасці (уваходзілі партыі 9 краін Еўропы). Вял. значэнне для згуртавання М.к.р. мелі нарады прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый (маскоўскія 1957, 1960, 1969, шматлікія рэгіянальныя). У 1958—90 у Празе выдаваўся тэарэт. і інфарм. часопіс «Проблемы мира и социализма». З канца 1940-х г. спробы КПСС навязваць кампартыям інш. краін свой вопыт барацьбы за ўладу і сацыяліст. будаўніцтва сустракалі нарастаючае супраціўленне з іх боку. На гэтай глебе М.к.р. перажыў шэраг новых расколаў. У 1948 адмовілася ад сав. мадэлі пабудовы сацыялізму і адасобілася ад М.к.р. Камуніст. партыя Югаславіі, у 1961 выступіла супраць крытыкі культу асобы Сталіна і фактычна выйшла з М.к.р. Албанская партыя працы. Найб. значны раскол у М.к.р. унесла ўзнікненне ў канцы 1950 — пач. 60-х г. мааізму (левадагматычны ўхіл у Кампартыі Кітая і шэрагу інш. партый у Азіі і дробных груповак у розных рэгіёнах свету, ад імя Мао Цзэдуна). У 2-й пал. 1970 — пач. 80-х г. у кампартыях Зах. Еўропы пашырыліся тэорыі «еўракамунізму». Іх прыхільнікі выступалі за мадэрнізацыю марксізму-ленінізму ў адпаведнасці з зах.-еўрап.эканам. і сац.-паліт. рэчаіснасцю, за плюралістычную мадэль сацыялізму. «Еўракамунізм» быў асуджаны КПСС і кампартыямі сацыяліст. краін. Зніжэнне тэарэт. ўзроўню дзейнасці камуніст. партый, дагматызацыя марксізму, недастатковая ўвага да распрацоўкі новых ідэй, акасцянеласць арганізац. структуры, форм і метадаў работы кампартый, адмова ад плюралізму ў меркаваннях, праследаванне іншадумства, адсутнасць шырокай сац. базы, сапраўднай сувязі з рабочым рухам, патрэбнага ўзаемадзеяння, а часта і варожасць да інш. левых сіл абумовілі крызіс М.к.р. ў канцы 1980 — пач. 90-х г., у выніку якога арганізаваны і каардынаваны М.к.р. фактычна перастаў існаваць. У выніку эканам. і паліт. крызісу (1989—91), абумоўленага пралікамі і дэфармацыямі ў дзейнасці КПСС і інш.камуніст. партый, камуністы страцілі ўладу ў краінах Усх. Еўропы і СССР. Распад СССР і забарона КПСС прывялі да спынення фін. падтрымкі, якую яна аказвала кампартыям многіх краін. У 1989—91 спынілі існаванне навук. і навуч.нац. і міжнар. цэнтры, што займаліся распрацоўкай камуніст. праблематыкі, перасталі выходзіць або пераймяноўваліся і змянілі накіраванасць камуніст.тэарэт. выданні. Ва ўсім свеце знізіўся ўплыў камуніст. партый, скарацілася іх колькасць і парушылася ўнутр. адзінства партый, рэзка зменшылася колькасць членаў. Асобныя кампартыі змянілі свае назвы, статуты, праграмы і ператварыліся ў сацыял-дэмакратычныя (у Італіі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Балт. краінах). Кампартыя Францыі ўяўляе сабой гібрыд сацыял-дэмакратызму і камунізму. Камуніст. партыі Расіі, Украіны, Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі і Партыя камуністаў беларуская), Сербіі, з істотнымі агаворкамі таксама Румыніі і Чэхіі сталі на шлях абнаўлення пры захаванні вернасці марксізму-ленінізму. Кампартыі Вялікабрытаніі, Іспаніі, ЗША не адыгрываюць прыкметнай ролі ў жыцці сваіх краін. Аднак камуніст. погляды не страцілі сваёй прыцягальнасці ў значнай часткі насельніцтва шэрагу краін свету. Кітай, Куба, В’етнам, Паўн. Карэя працягваюць ісці па шляху сацыялізму. Правячая Камуністычная партыя Кітая налічвае 58 млн. членаў (1997), Камуніст. партыя Рас. (КПРФ) — 530 тыс. членаў, аб’яднаных у 24 тыс. пярвічных арг-зацый. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 яе кандыдат атрымаў каля 30 млн. галасоў выбаршчыкаў. На выбарах 1999 у Дзярж. думу Расіі камуністы атрымалі (па парт. спісах) найб. колькасць галасоў выбаршчыкаў (24,3% ад агульнай колькасці тых, хто галасаваў). М.к.р. імкнецца ісці па шляху абнаўлення, пераадолення лжэсацыялізму, развіцця марксісцка-ленінскай тэорыі ў новых умовах. У чэрв. 1999 на міжнар. сустрэчы прадстаўнікоў камуніст. і рабочых партый у Афінах (Грэцыя) былі прадстаўлены 55 партый з 50 краін.
Літ.:
Партии и партийные системы современной Европы. М., 1994;
Социализм и демократия для XXI в. М., 1997;
Егоров А.Н. Есть ли у Республики Беларусь социалистическая перспектива? // Весн. Бел.дзярж. экан. ун-та. 1997. № 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛО́ГІЯ (ад бія... + ...логія),
сістэма навук пра жывую прыроду. Даследуе ўсе праяўленні жыцця: будову і функцыю жывых істот і іх прыродных згуртаванняў, пашырэнне, паходжанне і развіццё, сувязі паміж імі і з нежывой прыродай. Тэрмін «біялогія» прапанаваны франц. прыродазнаўцам Ж.Б.Ламаркам і ням. вучоным Г.Р.Трэвіранусам (1802). Адны з першых у біялогіі склаліся комплексныя навукі па аб’ектах даследавання: пра жывёл — заалогія, расліны — батаніка, бактэрый — мікрабіялогія, вірусы — вірусалогія, прасцейшых — пратысталогія. Будову арганізмаў вывучаюць цыталогія, гісталогія, анатомія, функцыі жывых сістэм — фізіялогія жывёл, раслін, чалавека, узаемаадносіны жывых істот паміж сабой і з умовамі навакольнага асяроддзя — экалогія, заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці — генетыка, індывід. развіццё — біялогія развіцця, гіст. развіццё жывога — эвалюцыйнае вучэнне. На стыку біялогіі з іншымі навукамі ў 20 ст. ўзніклі і развіваюцца біяхімія, біяфізіка, біёніка, біягеаграфія, радыебіялогія і інш.
Першыя працы па сістэматыцы жывёл вядомы з 4 ст. да н.э. (Арыстоцель), раслін — з 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст), пра ўнутр. будову жывёл і чалавека — з 5—2 ст. да н.э. (Гіпакрат, Гален). У сярэднія вякі ішло паступовае назапашванне біял. ведаў. У эпоху Адраджэння праведзена анатаміраванне чалавечага цела (А.Везалій, 1543), у 17 ст. апісаны кругі кровазвароту чалавека (У.Гарвей, 1628), шырока разгарнуліся мікраскапічныя даследаванні раслін (Р.Гук, 1665, М.Мальпігі, 1675—79) і жывёл (А.Левенгук, 1673). У 1735 упершыню ўведзена бінарная наменклатура і найб. поўная штучная класіфікацыя жывёл і раслін (К.Ліней). Пазней былі адкрыты цытаплазма (Я.Пуркіне, 1825) і ядро (Р.Броўн, 1837) клетак, а ў 1839 сфармулявана клетачная тэорыя (Т.Шван), якая мела вял. значэнне ў развіцці тэорыі эвалюцыі арган.свету. Эвалюцыйная тэорыя распрацавана Ламаркам («Філасофія заалогіі», 1809) і Ч.Дарвінам («Паходжанне відаў...», 1859). Сфармуляваныя ў 1865 Г.Мендэлемасн.генет. заканамернасці наследавання атрымалі пацвярджэнне і тлумачэнне на аснове храмасомнай тэорыі спадчыннасці (Т.Морган, 1911). Вызначэнне структуры малекулы ДНК (Дж.Уотсан, Ф.Крык, 1953) прывяло да развіцця малекулярнай біялогіі. У галіне фізіялогіі жывёл І.П.Паўлавым (1903) распрацавана вучэнне аб умоўных рэфлексах і вышэйшай нерв. дзейнасці. У 1920—30-я г. створана эвалюцыі сінтэтычная тэорыя (С.С.Чацверыкоў, Дж.Холдэйн, Р.Фішэр, С.Райт, Ф.Г.Дабржанскі). Вял. дасягненне біялогіі — стварэнне вучэння пра біясферу (У. І.Вярнадскі, 1926) і біягеацэнозы (У.М.Сукачоў, 1942). Значныя заслугі ў развіцці біялогіі належаць рус. вучоным К.А.Ціміразеву, У.А.Кавалеўскаму, А.А.Кавалеўскаму, І.І.Мечнікаву, І.М.Сечанаву, А.М.Северцаву, І.І.Шмальгаўзену і інш.
Развіццё біял. навукі на Беларусі пачалося пасля 1917. Тэарэт. і практычныя праблемы біялогіі распрацоўваюць навук. ўстановы Аддз.біял. навук АН Беларусі, ВНУ, НДІ Мін-ваў аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной і рыбнай гаспадаркі Беларусі. Даследаваліся ферменты глебы і іх уплыў на рост раслін (В.Ф.Купрэвіч), працэс фотасінтэзу і роля інш. пігментаў у раслін (Ц.М.Годнеў, М.М.Ганчарык). Распрацаваны навук. асновы гетэрозісу і вынікі ўздзеяння іанізавальнымі выпрамяненнямі (М.В.Турбін), колькасныя заканамернасці спадчыннасці і механізм хім. мутагенезу (П.Ф.Ракіцкі). Вывучалася будова перыферычнай нерв. сістэмы і знойдзены шляхі аднаўлення функцыі ўнутр. органаў пры яе пашкоджаннях (Д.М.Голуб), даказана існаванне асобнага тыпу адчувальных нерв. праваднікоў, якія з’яўляюцца асновай вегетатыўных рэфлексаў (І.А.Булыгін). Праведзены даследаванні ў галіне аграхіміі (А.К.Кедраў-Зіхман, С.Н.Іваноў, Т.Н.Кулакоўская), зялёных угнаенняў (Я.К.Аляксееў), меліярацыі (С.Г.Скарапанаў), селекцыі раслін (П.І.Альсмік, А.І.Лапо) і жывёл (М.М.Замяцін). Распрацоўваюцца спосабы аховы насельніцтва ад уздзеяння выпрамяненняў радыенуклідаў на тэрыторыях, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Я.Ф.Канапля).
Літ.:
Лункевич В.В. От Гераклита до Дарвина: Очерки по истории биологии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1960;
Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;
История биологии с начала XX века до наших дней. М., 1975;
Кемп П., Армс К. Введение в биологию: Пер. с англ.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ДА,
мацярык у Паўднёвым паўшар’і, у межах Паўд. палярнага круга, займае цэнтр. частку Антарктыкі. Пл. 13 975 тыс.км² разам з астравамі і шэльфавымі ледавікамі (найб. Роса, Фільхнера, Роне і інш., агульнай пл. 1582 тыс.км²). Пастаяннага насельніцтва няма. Берагі Антарктыды (даўж. больш за 30 тыс.км) парэзаны слаба. Пераважаюць ледавіковыя абрывы выш. 20—100 м. З боку Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. абмываюць Антарктыду моры Уэдэла, Лазарава, Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля, Роса, Амундсена, Белінсгаўзена. У напрамку да Паўд. Амерыкі цягнецца вузкі Антарктычны паўвостраў. У м. Роса ўзвышаецца дзеючы вулкан Эрэбус (3794 м).
Ледавіковае покрыва і рэльеф. Антарктыда ўкрыта магутным шчытом мацерыковага лёду, не занята ледавікамі 0,2—0,3% тэр. (асобныя горныя вяршыні, хрыбты, невял. ўчасткі сушы — антарктычныя аазісы). Агульная пл. зледзянення (пачалося 300 млн.г. назад) 2044 каля 12 000 тыс.км², аб’ём лёду 24 млн.км³. Сярэдняя тоўшча ледавіковага покрыва 1720 м, найб. — 4500 м. Антарктыда — самы высокі мацярык на Зямлі. Сярэдняя выш. з улікам ледавіковага покрыва 2040 м. Сярэдняя выш. карэннай падлёднай паверхні 410 м (значная ч. ляжыць ніжэй за ўзровень мора). Большая ч. Антарктыды — пласкагор’е. Трансантарктычныя горы ўздоўж разломаў ад м. Уэдэла да м. Роса перасякаюць амаль увесь мацярык і падзяляюць Антарктыду на Усх. і Заходнюю. Плато Савецкае займае цэнтр.ч.Усх. Антарктыды (выш. да 4000 м), на Пн паверхня зніжаецца і ўтварае нізіну Міжнар.геафіз. года. Уздоўж узбярэжжа горныя хрыбты Зямлі Вікторыі, Зямлі Каралевы Мод, горы Прынс-Чарлз і інш. Паверхня Зах. Антарктыды значна ніжэйшая, больш расчлянёная, хрыбты размешчаны ў глыбіні мацерыка і на ўзбярэжжы. Самы высокі горны масіў Вінсан (5140 м, у гарах Элсуэрт). Рэльеф карэннай скальнай паверхні Антарктыды — чаргаванне горных падняццяў (падлёдавыя горы Гамбурцава і Вярнадскага) і глыбокіх нізін.
Геалагічная будова. Большая ч. Антарктыды — Антарктычная платформа, астатняя належыць да антарктычнага складкавага пояса, які з’яўляецца працягласцю Андаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., медныя і свінцовыя руды; знойдзены мінералы, у якіх ёсць бром, волава, марганец, малібдэн, радовішчы графіту, горнага хрусталю і інш.
Клімат Антарктыды кантынентальны антарктычны, халодны і суровы (гл.Антарктычны клімат). Пануюць антарктычныя паветраныя масы, фарміруецца антарктычны антыцыклон. Сярэднія т-ры зімой ад -20 да -30 °C на ўзбярэжжы і ад -60 да -70 °C ва ўнутр. раёнах; летам адпаведна ад -10 да -30 °C, -40 °C. Абсалютны мінімум т-ры -89,3 °C зафіксаваны ў цэнтр.ч. на ст. Усход (Полюс холаду Зямлі). Ападкі толькі ў выглядзе снегу: 30—50 мм у цэнтр.ч. Антарктыды, 700—1000 мм на ўзбярэжжы за год. Моцныя штармавыя цыкланічныя і сцёкавыя вятры ў прыбярэжных раёнах дасягаюць скорасці 50—60, часам 90 м/с.
Арганічны свет. Для аазісаў характэрны ўмовы тыповых палярных пустыняў. Ёсць разнастайныя азёры (прэсныя і горка-салёныя). Свабодныя ад лёду ўчасткі ўзбярэжжа і скалы ўкрыты лішайнікамі, імхамі, водарасцямі (на Антарктычным п-ве — папарацепадобныя, каля 10 відаў кветкавых раслін). Фауна своеасаблівая і бедная: з птушак — пінгвіны, знойдзена некалькі відаў членістаногіх (кляшчы, нагахвосткі, ціхаходы і інш.).
Адкрыта Антарктыда 28.1.1820 рус. экспедыцыяй Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава. У пач. 20 ст. тут пабывалі Р.Скот, Э.Шэклтан, Р.Амундсен, Д.Моўсан і інш. У 1911 экспедыцыя Амундсена і ў 1912 Скота дасягнулі Паўд. полюса. У сувязі з Міжнар.геафіз. годам (1957—58) на мацерыку і прыбярэжных астравах створаны і дзейнічаюць 40 (1988) палярных станцый 16 краін свету, якія вядуць навук. даследаванні. Прававое становішча Антарктыды рэгулюецца Міжнар. дагаворам 1959.
Літ.:
Каменев В.М. Заповедная Антарктика. Л., 1986;
Бардин В. В горах и на ледниках Антарктиды. М., 1989.
В.Ю.Панасюк.
У Антарктыдзе.Палярная станцыя Дзюмон-Дзюрвіль (Францыя) у Антарктыдзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІ́Ў (лац. archivum),
1) установа або яе аддзел, што захоўвае дакументы і арганізуе іх выкарыстанне.
2) Сукупнасць дакументаў, якія з’явіліся ў выніку дзейнасці ўстаноў, прадпрыемстваў і прыватных асоб. Як збор крыніц архіў служыць для навук. даследаванняў, практ. патрэб гаспадаркі і дзярж. кіравання.
Існуюць з глыбокай старажытнасці, іх з’яўленне падрыхтавана вынаходствам пісьменства. У Месапатаміі і М.Азіі археолагі раскапалі ў палацах правіцеляў, іх намеснікаў, дамах прыватных асоб і храмах архівасховішчы адм.-гасп. дакументаў, напісаных на гліняных таблічках. Знойдзены дыпламат. сховішчы стараж.-егіп. фараонаў. Уласна архівы, прыстасаваныя для захоўвання актаў, былі ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У 12—13 ст. у Францыі, Іспаніі, Англіі і інш. краінах узніклі т.зв. каронныя архівы пры дварах правіцеляў. Значную ч.гіст. крыніц у гэты час захоўвалі царк. ўстановы. З 16 ст. многія дзярж. ўстановы імкнуліся мець уласныя архівы. У выніку каланізацыі еўрапейцамі зямель і інш. Кантынентаў узніклі буйныя каланіяльныя архівы (напр., Гал. архіў Індый у Іспаніі). З 19 ст. матэрыялы многіх архіваў сталі даступныя даследчыкам, пачало складвацца міжнар. архіўнае супрацоўніцтва. У 1950 на 1-м Міжнар. кангрэсе архіваў зацверджаны статут Міжнар. савета архіваў. З ім супрацоўнічаюць архівісты амаль 120 краін (1994), выдаецца міжнар.час. «Archivum». Найб. архіўныя ўстановы свету: франц.Нац. архіў (Archives Nationales; у Парыжы, з 1794), у Англіі Дзярж. публічны архіў (Public Record Office; у Лондане, з 1838), у ЗША Нац. архіў (Nationales Archives; у Вашынгтоне, з 1934); у ФРГ Федэральны архіў (Bundesarchiv; у г. Кобленц, з 1952); у Польшчы архіў новых актаў (Archiwum Akt Nowych; з 1930) і Гал. архіў стараж. актаў (Archiwum Glówne Akt Dawnych; з 1867; абодва ў Варшаве), Дзярж. архіў Расійскай Федэрацыі (б.Цэнтр.дзярж. А. Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж кіравання СССР, Масква), Рас. дзярж гіст. архіў (б.Цэнтр.дзярж.гіст. архіў СССР, С.-Пецярбург) і інш.
На Беларусі першыя архівы ўтвараліся ў княжацкіх замках, манастырах, цэрквах. Пры канцылярыі вял. князёў ВКЛ існаваў архіў — Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Свае архівы мелі гаспадарскія і гарадскія адміністрацыі, магнаты (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы), шляхта, некаторыя заможныя мяшчане. З 2-й пал. 19 ст. дакументы ВКЛ зберагаліся ў Віленскім цэнтральным архіве старажытных актаў і Віцебскім цэнтральным архіве старажытных актаў. У Мінску з 1872 існаваў архіў скасаваных судовых месцаў Мінскай губ. 4.8.1922 створаны Цэнтр. архіў Беларусі (заг. З.Х.Жылуновіч), які кіраваў архіўнай справай у БССР. Праведзены Усебеларускія канферэнцыі архіўных работнікаў (Мінск, 1924, 1927), 1-ы з’езд даследчыкаў бел. археалогіі і археаграфіі (Мінск, 1926). У 1938—60 архіўныя ўстановы ўваходзілі ў сістэму НКУС (МУС) БССР. Навуковае і арганізац.-метадычнае кіраўніцтва архівам ажыццяўляла Гал. архіўнае ўпраўленне пры СМБССР, пераўтворанае ў 1992 у Камітэт па архівах і справаводстве. У 1994 прыняты закон «Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь». На Беларусі 6 цэнтр.дзярж. Архіваў (1995): Нац. архіў Рэспублікі Беларусь, Нац.гіст. архівы Рэспублікі Беларусь у Мінску і Гродне, Бел.дзярж. архіў кінафотафонадакументаў, Бел.дзярж. архіў-музей л-ры і мастацтва, Бел.дзярж. архіў навукова-тэхн. дакументацыі. Абласныя архівы і іх філіялы захоўваюць дакументы мясц. устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў, калгасаў і інш. (гл. адпаведныя арт., напр., Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці). Існуюць таксама архівы АН Беларусі, КДБ Рэспублікі Беларусь. Рукапісы і гіст. дакументы захоўваюцца таксама ў бібліятэках, музеях і навук. установах. Буйныя комплексы дакументаў па гісторыі Беларусі знаходзяцца ў архівах Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны, Германіі, Швецыі, ЗША і інш.
Літ.:
Архивное дело в БССР (1918—1968): Сб. законодательных и руководящих документов. Мн., 1972;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬШАВІКІ́,
прадстаўнікі адной з дзвюх галоўных плыняў у Расійскай сацыял-дэмакратыі. Аформіліся як с.-д. фракцыя ў выніку барацьбы рас.рэв. марксістаў на чале з У.І.Леніным за стварэнне рэв. партыі. Тэрмін «бальшавікі» ўзнік у працэсе выбараў кіруючых органаў партыі на 2-м з’ездзе РСДРП (1903), дзе прыхільнікі Леніна атрымалі большасць галасоў, іх праціўнікі — меншасць (меншавікі). Аснова бальшавізму — ідэйныя, арганізац. і тактычныя прынцыпы, выпрацаваныя Леніным з улікам вопыту рас. і сусв.рэв. руху. Бальшавікі вызначаліся максімалізмам, які пашыраўся на ўсе бакі жыцця і вынікаў з пераканання ў перавазе рэвалюцыі ў параўнанні з эвалюцыйнымі і рэфармацыйнымі працэсамі. Гэта ішло ад упэўненасці, што ў Расіі на пач. 20 ст. з-за непрымірымасці супярэчнасцяў паміж капіталізмам і рэшткамі феадалізму, паліт. слабасці і рэакцыйнасці буржуазіі няма інш. магчымасці пераўтварыць грамадства як праз рэвалюцыю. Свае ідэі бальшавікі часткова апрабавалі ў гады рэвалюцыі 1905—07, у якой актыўна ўдзельнічалі. Гегемонію пралетарыяту яны разглядалі як умову макс. прасоўвання наперад па шляху бурж.-дэмакр. рэвалюцыі, значна далей мяжы, прымальнай для ліберальнай буржуазіі. Гэта дало б магчымасць цалкам выканаць праграму-мінімум РСДРП (звяржэнне самадзяржаўя, устанаўленне дэмакр. рэспублікі, увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, знішчэнне рэшткаў прыгонніцтва ў вёсцы) і, мінаючы этап канстытуцыйнай манархіі, перайсці да сацыяліст. рэвалюцыі — звяржэння капіталізму і ўстанаўлення дыктатуры пралетарыяту (праграма-максімум). Насуперак тэндэнцыі, якая існавала ў той час у с.-д. руху, бальшавікі адводзілі прыярытэтнае месца сярод уплывовых сіл грамадства суб’ектыўным фактарам, у першую чаргу партыі і ўстаноўленай ёю дыктатуры, што грунтавалася і ажыццяўлялася на прынцыпах т.зв. «рэвалюцыйнай мэтазгоднасці». Сваіх апанентаў бальшавікі абвінавачвалі ў апартунізме, які, на іх думку, адлюстроўваў інтарэсы буржуазіі. Паводле слоў лідэра і ідэолага бальшавізму Леніна, партыя — гэта цэнтралізаваная нелегальная арг-цыя, якая аб’ядноўвае перш за ўсё прафес. рэвалюцыянераў. Яе нешматлікасць і жалезная дысцыпліна — абавязковыя ўмовы паспяховай дзейнасці ў Расіі, дзе няма паліт. свабод. Асн. элементы гэтай мадэлі партыі бальшавікі захавалі і ва ўмовах, калі адкрыліся магчымасці легальнага існавання партыі, і пасля таго, як у выніку перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 яна стала кіруючай. Працэс выхаду бальшавікоў з аб’яднаных с.-д. арг-цый на Беларусі адбыўся пераважна ў 1917. Найб. буйныя былі арг-цыі бальшавікоў Гомеля, Віцебска, Полацка, Мінска. Да кастр. 1917 на Беларусі, як і ва ўсёй краіне, бальшавікі сталі самай уплывовай паліт. сілай і арганізацыйна аформіліся як партыя (гл.Паўночна-Заходняя абласная арганізацыя РКП(б), Камуністычная партыя Беларусі) У барацьбе за ўладу бальшавікі выкарысталі ўсе аб’ектыўныя фактары — нежаданне салдатаў ваяваць, бяссілле Часовага ўрада, адсутнасць у народа навыкаў дэмакратыі, максімалізм нар. мас у пошуках сац. праўды, веру ў асаблівы шлях Расіі і інш. Вялікую ролю адыгралі і абяцанні бальшавікоў у найкарацейшы тэрмін вырашыць самыя надзённыя праблемы — зямлі і міру, ажыццявіць ідэалы сац. справядлівасці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі была знішчана шматпартыйная сістэма. У адпаведнасці з ленінскім праектам партыі бальшавікоў была нададзена функцыя іерархічна арганізаванага авангарда, які вядзе за сабой не толькі клас, але ўсё грамадства. Непрымірымая барацьба з апазіцыяй і праявамі плюралізму, чысткі ў партыі, якія перакінуліся на чысткі ў грамадстве і перараслі ў масавыя рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна стварылі базу для таталітарнага рэжыму ў СССР. У 1917—52 слова «бальшавікі» ўваходзіла ў афіц. назву партыі: з вясны 1917 — РСДРП(б), з 1918 — РКП(б), з 1925 — ВКП(б); 19-ы з’езд (1952) прыняў назву Камуністычная партыя Савецкага Саюза.
Ідэалы бальшавікоў атрымалі папулярнасць у многіх краінах свету. Уплыў бальшавікоў на міжнар. рабочы і камуніст. рух ажыццяўляўся праз Камуністычны Інтэрнацыянал. Некаторыя ідэі бальшавізму выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці левыя паліт. сілы 1990-х г. на Беларусі, у Расіі і інш. краінах.