МЕТАПЛАЗІ́Я (ад грэч. metaplasis пераўтварэнне),

1) ператварэнне аднаго віду тканкі ў другі ў чалавека і пазваночных жывёл. Напр., пераход плазматычнага ці цыліндрычнага эпітэлію ў чалавека ў шматслойны плоскі ў бронхах, слізістай абалонцы страўніка і інш. У хвастатых земнаводных адбываецца пры рэгенерацыі хрусталіка і сятчаткі вока. Адрозніваюць М. прамую і непрамую. Пры прамой ідзе трансфармацыя тканак без размнажэння клетак; пры непрамой — разрастаюцца маладыя клеткі. Вылучаюць 2 фазы непрамой М.: размнажэнне клетак (неапластычная фаза) і дыферэнцыроўка клетак з утварэннем новай тканкі (метапластычная фаза). Ачагі М. — перадпухлінны стан арганізма.

2) М., ці метаплазіс — перыяд росквіту ў індывід. развіцці асобіны і ў гісторыі некат. груповак арганізмаў (праяўляецца ў моцнай зменлівасці і мностве асобін).

М.​К.​Недзьведзь.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЧАХВО́СТЫ (Xiphosura),

атрад марскіх членістаногіх жывёл кл. мерастомавых. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 12 выкапнёвых і 3 сучасныя роды; 5 сучасных відаў. 1 від пашыраны каля берагоў Паўн. і Цэнтр. Амерыкі, астатнія — у Паўд.-Усх. і Усх. Азіі. Жывуць на мелкаводдзі, плаваюць брухам дагары, закопваюцца ў грунт.

Даўж. да 90 см. Цела сплошчанае, падзяляецца на ўкрытыя злітным хіцінавым шчытом галавагрудзі з 6 парамі канечнасцей (для перамяшчэння, захопу корму і яго драбнення) і брушка з хваставым шыпам (адсюль назва) і 6 парамі лістападобных канечнасцей са шматлікімі шчэлепнымі лісткамі. Пераважна драпежнікі, кормяцца малюскамі, бентасам, часам водарасцямі. Раздзельнаполыя; развіццё з ператварэннем. У Амерыцы і Японіі аб’ект промыслу.

Мечахвосты.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРМЕКАФІЛІ́Я [ад грэч. myrmēx (myrmēkos) мурашка + ...філія],

адна з форм сімбіёзу, заснаваная на выкарыстанні мурашкамі асаблівасцей будовы або выдзяленняў некат. раслін і жывёл. Расліны-мірмекафіты (да 3 тыс. відаў) пашыраны пераважна ў тропіках Паўд.-Усх. Азіі і Амерыкі. Мурашкі селяцца ў пустых ствалах раслін, калючках, міжвузеллях або кормяцца выдзяленнямі раслін. Адначасова яны ачышчаюць і абараняюць расліны ад шкоднікаў. Жывёлы-мірмекафілы (больш за 2 тыс. відаў членістаногіх) прыстасоўваюцца да жыцця ў мурашніках. Большасць іх корміцца адкладамі мурашак ці гніючым буд. матэрыялам мурашнікаў, некат. ператвараюцца ў нахлебнікаў — сімфілаў (напр., у энтамафауне Беларусі — жукі-ашчупнікі, некат. стафілініды, тлі). Мурашкі кормяць сімфілаў, як і свае лічынкі, сімфілы маюць спец. залозы і выдзяляюць рэчывы, якімі кормяцца мурашкі. Гл. таксама Каменсалізм.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯГЛАБІ́Н (ад мія... + глабін),

складаны бялок мышцаў чалавека і жывёл, які звязвае малекулярны кісларод, што пераносіцца гемаглабінам ад лёгкіх і перадае яго акісляльным сістэмам клетак. Паводле саставу і ўласцівасцей блізкі да гемаглабіну. Ёсць пераважна ў мышцах, якія працуюць рытмічна (напр., сэрца, дыяфрагма, мускульны страўнік птушак). Многа М. ў водных млекакормячых, якія доўгі час не дыхаюць (напр., у дэльфінаў, цюленяў). М. чырв. колеру. Мал. м. 17 000. Малекула М. складаецца з аднаго поліпептыднага ланцуга (каля 150 амінакіслотных рэшткаў) і жалезапарфірынавага комплексу — гема. З кіслародам злучаецца лягчэй за гемаглабін, утварае оксіміяглабін (рэакцыя абарачальная). У чалавека ў складзе оксіміяглабіну да 14% кіслароду ад агульнага яго запасу ў арганізме, у цюленя — 47%.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1994 з мэтай аховы ў натуральным стане ландшафтнага комплексу з участкамі клімаксавых і субклімаксавых дубовых і яловых лясоў, рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1697 га. Пераважаюць мнагаярусныя ялова-грабавыя дубровы з ясенем, ільмам, вязам, клёнам, арляковыя дубровы; складаныя шыракаліста-яловыя фітацэнозы; зеленамошныя хвойнікі з елкаю і дубам. У флоры 485 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 12 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, у т. л. баранец звычайны, чына горная, тлушчанка звычайная, каменяломнік зярністы і інш. Шмат харч., лек., дэкар., тэхн., меданосных раслін, у т. л. парэчкі, маліны, хмель, ажыны, цыбуля агародная і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 11, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДНЫ́РАЧНАЯ ЗАЛО́ЗА,

парны эндакрынны орган вышэйшых пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны над ныркамі. Складаецца з вонкавага коркавага (кара) і ўнутр. мазгавога рэчываў, укрыта капсулай. У кары Н.з. вылучаюць 3 зоны: клубочкавую, пучковую і сеткавую, якія адрозніваюцца будовай і функцыяй. Клеткі кары Н.з. сакратуюць гармоны кортыкастэроіды (гідракартызон, альдастэрон, кортыкастэрон і інш.), якія маюць высокую біял. актыўнасць, рэгулююць мінер. абмен у арганізме, абмен вугляводаў, бялкоў, тлушчаў, таксама сінтэзуюць і выдзяляюць палавыя гармоны андрагены і эстрагены. Клеткі мазгавога рэчыва Н.з. сакратуюць адрэналін і норадрэналін, якія стымулююць абмен рэчываў у арганізме, рэгулююць артэрыяльны ціск, частату сэрцабіцця і інш. Гармоны Н.з. адыгрываюць значную ролю ў працэсах адаптацыі арганізма да неспрыяльных умоў, забяспечваюць выжыванне яго пры стрэсах.

А.​А.​Арцішэўскі.

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎТЫЛАІДЭ́І, наўтылоіды (Nautiloidea),

падклас (па інш. класіфікацыях атрад, падатрад) беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. 1 сучасны (караблікі) і каля 700 выкапнёвых родаў, больш за 2000 відаў. Вядомы з кембрыю, росквіту дасягнулі ў ардовіку—дэвоне (каля 400 млн. гадоў назад). Жылі ў морах, паводле спосабу жыцця поўзаючыя, плаваючыя або прымацаваныя да субстрату жывёлы. На Беларусі рэшткі Н. знойдзены ў адкладах ардовіку і дэвону. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

Памеры выкапнёвых відаў ад 0,5 см да 5 м даўж. або 3 м у дыяметры. Ракавіны рознай формы, паводле будовы блізкія да аманітаў. Сіфон, прызначаны для рэгулявання суадносін газу і вадкасці ў камерах ракавіны, складанай будовы. Драпежнікі.

А.​М.​Петрыкаў.

Наўтылаідэі: 1 — ортацэрас; 2 — сфірадацэрас.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКТА́Р,

цукрыстая вадкасць, сакрэт нектарнікаў кветкавых раслін. Уяўляе сабою водны раствор цукроў (пераважна цукрозы, глюкозы і фруктозы) з невял. дамешкам азоцістых рэчываў, арган. к-т, дэкстрынаў, мінер. солей, спіртоў, ферментаў, фітагармонаў, эфірных алеяў і інш. Выдзяляецца пры цвіценні. Канцэнтрацыя Н. залежыць ад віду расліны (як і склад цукроў) і надвор’я (вільготнасці і інш.), колькасць — таксама ад узросту расліны, стадыі цвіцення, часу дня, глебавых і інш. умоў. Прываблівае да кветак жывёл-апыляльнікаў (пераважна насякомых), для якіх служыць кормам; уплывае на прарастанне пылку, апладненне, развіццё завязі і інш.; валодае бактэрыястатычным дзеяннем. Меданосныя пчолы ўздзеяннем ферментамі і выпарэннем ч. вады ператвараюць Н. у мёд. Н. некат. ядавітых раслін і мёд з яго атрутныя для чалавека, часам для пчол.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАСІБІ́РСКІЯ АСТРАВЫ́,

архіпелаг паміж морамі Лапцевых і Усх.-Сібірскім, у Рэсп. Саха (Якуція), у Расіі. Пл. каля 38 тыс., км². Уключаюць 3 групы а-воў: Ляхаўскія астравы, уласна Новасібірскія, або Анжу астравы, і Дэ-Лонга. Паверхня нізінная, складзена пераважна з рыхлых адкладаў, у зах. ч. — з вапнякоў і сланцаў. Выш. да 374 м (в-аў Кацельны). Клімат арктычны, суровы. Сярэднія т-ры студз. ад -28 °C да -31 °C, ліп. 1—3 °C. Ападкаў да 132 мм за год. Пераважаюць шматгадовамёрзлыя горныя пароды і падземныя льды. Расліннасць арктычнай тундры. З жывёл трапляюцца паўн. алень, пясец, лемінг, зрэдку белы мядзведзь. У летні час шмат птушак. Промысел пясца. Палярная станцыя на в-ве Кацельны (з 1933).

т. 11, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМА ПРО́МЫСЛУ,

якасна-колькасны ліміт здабычы якога-н. прыроднага рэсурсу, што забяспечвае яго самааднаўленне, або для неўзнаўляльных прыродных рэсурсаў, рацыянальныя тэмпы расходавання. Напр., Н.п. дзікіх жывёл, або норма здабычы (вылаву), — гранічная колькасць асобін дадзенага віду ці групы (для рыб — агульная маса), дазволеная да здабычы на пэўнай тэр. ці аднаму паляўнічаму (рыбалову) за пэўны перыяд (дзень, сезон) з улікам полаваўзроставага складу папуляцый. Для ласёў, высакародных аленяў, дзікоў, казуль, баброў і глушцоў (на Беларусі здабываюцца па разавых дазволах) вызначаны працэнт забірання ў залежнасці ад шчыльнасці іх пражывання. Н.п. біял. рэсурсаў дазваляюць падтрымліваць прыродную шчыльнасць, структуру і функцыянаванне папуляцый і экасістэм ці змяняць іх у гаспадарча мэтазгодным кірунку.

П.​І.​Лабанок.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)