ВІЛЬГЕ́ЛЬМ III АРА́НСКІ (Willem van Oranje; 14.11.1650, г. Гаага, Нідэрланды — 19.3.1702),
статхаўдэр (правіцель) Нідэрландаў [1672—1702], кароль Англіі, Шатландыі і Ірландыі [1689—1702]. Ва ўмовах пагрозы англа-франц. інтэрвенцыі прызначаны ў 1672 галоўнакаманд., пазней пажыццёвым статхаўдэрам. Стварыў антыфранц. кааліцыю (герм. імператар і брандэнбургскі курфюрст, пазней далучыліся Іспанія і Данія), прымусіў Людовіка XIV вывесці войскі з Нідэрландаў і заключыць мір (1678). У перыяд т.зв. Слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл. ў арт.Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя) запрошаны апазіцыяй (вігамі) на англ. трон. У 1689—97 на чале войск новай антыфранц. кааліцыі змагаўся з Людовікам XIV у Фландрыі; у выніку заключанага ў 1697 міру Францыя прызнала яго каралём Англіі.
Садзейнічаў развіццю англ. парламентарызму: пры ім прыняты «Біль аб правах» (1689), Акт аб 3-гадовым парламенце (1694), Акт аб пераходзе прастола ў спадчыну (1701).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙК ((Drake) Фрэнсіс) (каля 1540, Кроўндэйл, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 28.1.1596),
англійскі мараплавец. Віцэ-адмірал (1588). На флоце з 15 гадоў. Кіраўнік шэрагу антыіспанскіх пірацкіх экспедыцый у Вест-Індыю (1567—77, 1586); у час экспедыцыі 1577—80 (выйшла з Плімута) здзейсніў 2-е (пасля Ф.Магелана) кругасветнае плаванне, прайшоў Магеланаў праліў, выявіў новы праліў (у 19 ст. названы Дрэйка праліў), даказаў, што Вогненная Зямля не выступ Паўд. мацерыка, а асобны архіпелаг, адкрыў бухту Сан-Францыска. Меў падтрымку з боку каралевы Лізаветы I Цюдар. У 1587 здзейсніў напад на порт Кадыс (Іспанія). У 1588 фактычна камандаваў англ. флотам пры разгроме ісп.«Непераможнай армады». Памёр у час чарговай пірацкай экспедыцыі.
Літ.:
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. [Т]. 2. С. 315—320.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́ВІ Іегуда, Іехуда ха-Леві (каля 1075, г. Тудэла, Іспанія — 1141), яўрэйскі паэт і філосаф; быў вядомы і як урач. З 1109 жыў у Кардове, памёр на шляху ў Палесціну. Пісаў на іўрыце і араб. мове. Творчасці гранадскага перыяду (да 1090) уласціва аптымістычнае гучанне (пераважаюць застольныя песні, любоўная лірыка і інш.), але паступова стала дамінаваць тэма трагічнага лёсу яўр. народа (літургічныя гімны «Песні выгнання», «Песні Сіёна» і інш.). У рэліг.-філас. трактаце «Кніга доказаў і довад у абарону зняважанай веры» («Кніга Хазара») даў апалогію іудаізму і паказаў перавагу непасрэднага рэліг. вопыту, заснаванага на інтуіцыі, над разумовымі ведамі, не адмаўляючы, аднак, рацыянальнага пазнання. Творчасць Галеві зрабіла ўплыў на яўр. паэзію і філасофію.
Тв.:
Рус.пер. — Сердце мое на Востоке. Тель-Авив, 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ (ЕЭС),
«Агульны рынак», група з 12 зах.-еўрап. краін (Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія, Францыя), якія ў 1957 аб’ядналіся ў эканам. саюз і ажыццявілі інтэграцыю сваіх эканомік. У ЕЭС створаны адзіны ўнутр. рынак, зняты абмежаванні на свабоднае перамяшчэнне тавараў, капіталаў, рабочай сілы паміж краінамі, створана адзіная валютная сістэма, устаноўлена агульная с.-г. і трансп. палітыка. У 1967 органы Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі і Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі зліліся з органамі ЕЭС і трыадзіная інтэграцыйная арг-цыя пачала афіцыйна называцца Еўрапейскімі супольнасцямі, а неафіцыйна з 1992 — Еўрапейскай супольнасцю, якая мае агульныя выканаўчыя, прававыя і заканад. органы. Супольнасць мае таксама цесныя сувязі з краінамі, якія сталі на шлях развіцця. Кіруючыя органы ЕЭС — Камісія і Савет Міністраў — знаходзяцца ў г. Брусель (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРШТЭ́ЙН (Юрый Барысавіч) (н. 15.9.1941, в. Андрэеўка Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія),
расійскі рэжысёр і мастак-мультыплікатар. Вучыўся на курсах пры кінастудыі «Саюзмультфільм», з 1961 мастак-мультыплікатар гэтай студыі. Творчасці характэрна сучасная трактоўка казачных матываў і персанажаў, метафарычнасць вобразаў, жывапіснасць выяўл. вырашэння. Сярод фільмаў: «25-е — першы дзень» (1968), «Сеча пры Кержанцы» (1971), «Ліса і заяц» (1973), «Чапля і жораў» (1974; 1-я прэмія Міжнар. кінафестывалю мультыплікацыйных фільмаў у г. Анесі, Францыя, і Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Тэгеране; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў г. Мельбурн, Аўстралія), «Вожык у тумане» (1975, Гран-пры Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у г. Хіхон, Іспанія), «Казка казак» (1980, Гран-пры Міжнар. кінафестывалю кароткаметражных фільмаў у г. Ліль, Францыя), «І зноў я» (1981), «Восень», «Шынель» (абодва 1982) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1763,
мірны дагавор паміж Вялікабрытаніяй і Партугаліяй з аднаго боку, Францыяй і Іспаніяй — з другога, які завяршыў удзел гэтых краін у Сямігадовай вайне 1756—63. Падпісаны 10 лют. ў Парыжы. Паводле дагавора ў Амерыцы да Вялікабрытаніі адыходзілі ад Францыі — Новая Францыя (Канада), в-аў Кап-Брэтон, усе землі на У ад р. Місісіпі (Усх. Луізіяна, за выключэннем Новага Арлеана), шэраг астравоў Карыбскага м.; у Афрыцы — б.ч. калоніі Сенегал; у Індыі — амаль усе франц. ўладанні. Францыя вяртала Вялікабрытаніі захоплены ў 1756 в-аў Менорка ў Міжземным м.Іспанія перадавала Вялікабрытаніі Фларыду ў Паўн. Амерыцы, за што атрымлівала ад Францыі Зах. Луізіяну. Франц. войскі пакідалі Гановер і (разам з ісп. войскамі) Партугалію. П.м.д. азначаў перамогу Вялікабрытаніі над Францыяй у барацьбе за калан. і гандл. першынство.
іспанскі пісьменнік. Чл. Каралеўскай акадэміі (з 1897). Вучыўся ў Мадрыдскім ун-це. Аўтар 80 раманаў, 25 драм, шматлікіх апавяданняў. Вяршыня яго творчасці — эпапея «Нацыянальныя эпізоды» (т. 1—46, 1873—1912), у якой адлюстравана гісторыя Іспаніі ад Трафальгарскай бітвы (1805) да паражэння рэвалюцыі 1863—73. Аўтар цыкла «Сучасныя іспанскія раманы» (т. 1—25, 1881—1915). Паклаў пачатак ісп.сац.-рэаліст. драмы («Электра», 1901; «Дзед», 1904). Яго творы адметныя дынамізмам і публіцыстычнай завостранасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ-І-МАРГА́ЛЬ ((Pí-y-Margall) Франсіска) (29.4.1824, г. Барселона, Іспанія — 29.11.1901),
іспанскі грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, сацыяліст-утапіст. Юрыст. З 1850-х г. удзельнік рэсп. руху, адзін з лідэраў леварэсп. Дэмакр. партыі, ісп. рэвалюцыі 1854—56. З 1866 у эміграцыі ў Францыі. У час ісп. рэвалюцыі 1868—74 міністр унутр. спраў (з лют. 1873), прэзідэнт і прэм’ер-міністр (чэрв.—ліп. 1873) Ісп. рэспублікі. Яго ўрад прапанаваў праграму сац. рэформ у інтарэсах працоўных. Пасля аднаўлення манархіі (1874) ён неаднаразова быў выбраны дэпутатам картэсаў (парламента). У сваіх працах выступаў як прыхільнік дэмакр. рэвалюцыі з мэтай стварэння ўмоў для паступовай эмансіпацыі працоўных (ліквідацыя наёмнай працы, перадача зямлі сялянам і інш.). Аўтар гіст. твораў «Гісторыя жывапісу Іспаніі» і «Эцюды пра сярэднія вякі» (абодва 1851, за апошні адлучаны ад царквы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСЕЛО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна са старэйшых навуч. устаноў Еўропы. Засн. ў 1450 у г. Барселона (аўт. вобласць Каталонія, Іспанія). У 1873 ун-т атрымаў статус дзярж. установы, з 1985 незалежная ВНУ. Выкладанне на каталонскай і ісп. мовах. У складзе ун-та дэпартаменты, ф-ты, ін-ты, цэнтры, школы, 17 б-к, абсерваторыя, музеі. Найб. значнымі падраздзяленнямі з’яўляюцца дэпартаменты: гуманітарных і сацыяльных навук (ф-ты: філас., геагр., гіст., філал., мастацтваў); права, эканомікі і сац. навук (ф-ты: права, эканомікі і кіравання бізнесам, у т. л. статыстыка і сацыялогія); эксперыментальных навук і матэматыкі (ф-ты: біял., хіміі, фізікі, матэматыкі, геал.); навук аб здароўі (ф-ты: мед., фармакалагічны, стаматалагічны, псіхалогіі), цэнтр сястрынскай справы і інш.; адукацыйных навук (ф-тадукац. навук, цэнтр адукацыі). Ін-ты: адукац. навук, па вывучэнні працы, сучасных моў, Іспаніі, краін Усходу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РЦІ ((Alberti) Рафаэль) (н. 16.12.1902, в. Пуэрта-дэ-Санта-Марыя, правінцыя Кадыс, Іспанія),
іспанскі паэт. Напачатку пісаў у традыцыях андалузскай нар. паэзіі (зб-кі «Марак на сушы», 1925; «Мацыёла зары», 1927). Зб. «Пра анёлаў» (1929) — самая драм. кніга ісп. паэзіі. Антыфаш. тэма ў зб-ках «Паэт на вуліцы» (1936), «Сталіца славы» (1938), «Строфы Хуана Панадэра» (1949). Пасля паражэння Ісп. рэвалюцыі 1931—39 эмігрыраваў (Аргенціна, Італія); у канцы 1975 вярнуўся на радзіму. Аўтар зб-каў «Паміж гваздзіком і шпагай» (1941), «Жывапіс» (1948), «Балады і песні ракі Парана» (1954), «Белыя вершы на кожны дзень» (1982), п’ес «Фермін Галан» (1931), «Ноч вайны ў музеі Прада» (1956), кн. ўспамінаў «Згублены гай» (1959). Прэмія М.Сервантэса 1983. На бел. мову вершы Альберці перакладалі М.Багун, В.Вольскі, Т.Кляшторны, М.Танк і інш.