АДЖЫ́ВІКА (санскр.),

адно з неартадаксальных стараж.-індыйскіх вучэнняў, якое адмаўляла існаванне душы. Заснавальнікам аджывікі па традыцыі лічаць мудраца Маркалідэка (6—5 ст. да н.э.). Паводле вучэння аджывікі, існуюць 4 разнавіднасці атамаў, з якіх пабудаваны 4 стыхіі прыроды: зямля, вада, агонь і паветра; «жыццё» ёсць тое, што ўспрымае і пазнае спалучэнні атамаў. Разнавіднасці атамаў і жыццё ўтвараюць 5 існасцяў, якімі вычэрпваецца ўсё існуючае. Свядомасць уяўляецца як асобны агрэгат звыштонкіх атамаў, што ўваходзяць у «канфігурацыю жыцця»; атамы вечныя, непадзельныя, нікім не створаныя і незнішчальныя. Аджывіка выступала пераважна як матэрыяліст. вучэнне, якое процістаяла стараж.-інд. рэлігіі і філасофіі брахманізму. У Паўн. Індыі аджывіка злілася з дагматызмам і вішнуізмам, у паўд. Індыі існавала да 14—15 ст.

т. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРААЗІЯ́ЦКІЯ МО́ВЫ,

сям’я моў, на якіх гаворыць частка насельніцтва Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, шэрагу астравоў у Індыйскім акіяне. Уключае 8 груп моў: семанг-сакай (асліянская) — распаўсюджаны на п-ве Малака (Малайзія) і ў Паўд. Тайландзе; в’етнамская-мыонггал. чынам у В’етнаме (у т. л. сучасная в’етнамская мова) і часткова ў Лаосе; мон-кхмер — на тэр. Камбоджы, М’янмы (б. Бірма), В’етнама, Лаоса і Тайланда; палаунг-ва — уздоўж граніц Кітая, Тыбета, Бутана, на тэр. В’етнама, Лаоса, Тайланда і М’янмы; нікабарскай мовы — на Нікабарскіх а-вах; мовы кхасі — у Індыі і Бангладэш; моў мунда — карыстаецца ч. насельніцтва Індыі; мовы нагалі — штат Мадх’я-Прадэш (Індыя). Кхмерская, монская і в’етнамская мовы — старапісьменныя, астатнія — бяспісьменныя або маладапісьменныя (кхасі, санталі).

т. 2, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НДЗІ (Раджыў) (29.8.1944, г. Бамбей, Індыя — 21.5.1991),

палітычны і дзярж. дзеяч Індыі. Сын І.Гандзі. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це (Вялікабрытанія) і навук.-тэхн. каледжы «Імперыял» (Лондан), лётнай школе ў Дэлі. У 1968—80 лётчык грамадз. авіяцыі. Дэп. Нар. палаты парламента (з 1981). У 1983 адзін з 5 ген. сакратароў партыі Інд. нац. кангрэс (Індзіра). Старшыня Руху, недалучэння (1984—86). У 1984—89 прэм’ер-міністр Індыі, адначасова міністр замежных спраў (1984—88). Праводзіў курс на асцярожнае рэфармаванне эканомікі, прымірэнне паміж індусамі і сікхамі. Аўтар шэрагу мірных знешне-паліт. ініцыятыў.

Літ.:

Абашкин А. Смена первого пилота: Почему Раджив Ганди и его партия потерпели поражение на всеобщих парламентских выборах // Новое время. 1989. № 51.

Р.Гандзі.

т. 5, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НДЗІ (Індзіра Прыядаршыні) (19.11.1917, г. Алахабад, Індыя — 31.10.1984),

палітычны і дзярж. дзеяч Індыі. Дачка Дж.Нэру. Вучылася ў Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Індыі. З 1938 чл. партыі Інд. нац. кангрэс (ІНК), у 1959—60 яе старшыня. У 1946—64 паліт. кансультант Нэру. Міністр інфармацыі і радыё (1964—66). Дэп. Нар. палаты парламента (1967—77, 1978, 1980—84). У 1966—77 і 1980—84 прэм’ер-міністр Індыі, адначасова міністр па справах атамнай энергіі (1967—77), замежных спраў (1967—69), фінансаў (1969—70), унутр. спраў (1970—73). Урад Гандзі нацыяналізаваў 14 буйнейшых банкаў (1969—70), заключыў дагавор аб дружбе з СССР (1971), пасля інд.-пакістанскага канфлікту 1971 палепшыў адносіны з Пакістанам (сустрэча Г. і З.А.Бхута ў г. Шымла ў 1972, абмен пасламі ў 1976) і інш. З 1978 кіраўнік заснаванай прыхільнікамі Гандзі партыі Інд. нац. кангрэс (Індзіра). У 1983—84 старшыня Руху недалучэння. Забіта сваімі целаахоўнікамі, якія належалі да адной з сікхскіх арг-цый. Аўтар твораў «Мая праўда» (1981), «Народы і праблемы» (1982) і інш.

Літ.:

Горев А.В. Роса на лотосе: Индира Ганди: мечты и свершения. М., 1987;

Ульяновский Р.А. Три лидера великого индийского народа. М., 1986.

І.Гандзі.

т. 5, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАМНА́ГАР,

горад на З Індыі, на п-ве Катхіявар, у штаце Гуджарат. Каля 400 тыс. ж. (1994). Порт у зал. Кач. Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Прам-сць: тэкст., харч., гарбарна-абутковая, хім., цэментная. Рамесніцкае фарбаванне тканін. Ун-т.

т. 6, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЧЭНДЖА́НГА,

горны масіў і вяршыня ў Вял. Гімалаях, на мяжы Непала і Індыі (штат Сікім). Выш. 8585 м. Вострыя вяршыні, стромкія схілы. Складзена з гнейсаў, гранітаў, крышт. сланцаў. Буйныя далінныя ледавікі Зему (даўж. каля 30 км), Канчэнджанга і інш.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙПУ́Р,

горад у цэнтр. ч. Індыі, на ПнУ Дэкана, у штаце Мадх’я-Прадэш. Засн. ў 14 ст. Каля 500 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: тэкст., харч., дрэваапр., металаапрацоўчая. Ун-т. Акадэмія музыкі. Археал. музей.

т. 13, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУМЕРА́НГ (англ. boomerang ад аўстрал.),

сагнутая драўляная кідальная паліца, найчасцей падобная на серп (некаторыя віды, апісаўшы крывую, вяртаюцца да кідальніка). Быў пашыраны як баявая і паляўнічая зброя ў абарыгенаў Аўстраліі, у Стараж. Егіпце, Паўд. Індыі і Паўд.-Усх. Азіі, Мексіцы.

Бумеранг.

т. 3, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НДХ’Я, Віндыйскія горы,

платопадобныя горы на Пн п-ва Індастан, у Індыі. Выш. да 881 м. Паўн. схілы пакатыя, паўднёвыя — стромкія. Складзены з вулканічных парод, пясчанікаў і кварцытаў. Трапічныя мусонныя лясы, участкі саваннаў. Нац. парк Шыўпуры (б. назва Мадх’я-Бхарат).

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРМА́НЦЫ (саманазва мранма),

нацыя, асн. насельніцтва М’янмы, б. Бірма (больш за 30 млн. чал.). Жывуць таксама ў Індыі, Кампучыі, Лаосе і інш. Агульная колькасць 30,28 млн. чал. (1987). Гавораць на бірманскай мове. Паводле рэлігіі пераважна будысты; захоўваюцца і дабудысцкія вераванні.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)