ЛЕВІЯФА́Н,

у біблейскай міфалогіі вялізная марская пачвара ў выглядзе кракадзіла, змея ці дракона, здольная ўскіпяціць увесь акіян. У Бібліі (Старым Запавеце) узгадваецца як прыклад (разам з бегемотам) недаступнасці спасціжэння боскага тварэння, або ў якасці варожай Богу магутнай істоты, якая сімвалізуе першабытны хаос, які ён перамагае напачатку светаўтварэння. У пераносным сэнсе — нешта вялізнае і пачварнае.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭХАВЕ́РШ,

верш, у якім сумежныя радкі зарыфмаваны рэхарыфмай. Няцотныя радкі ў ім звычайна доўгія, а цотныя — кароткія, з адна- ці двухскладовых слоў. Прыклад — жартоўны Р. «Цімох» А.​Русака:

Як правёў мяне Цімох,
 Ох, ох!
Было цёмна на дварох,
 Ох, ох!
«Ну, Цімошка, дык бывай»,
 Ай, ай!
А ён кажа: «Пачакай»,
 Ай, ай!

В.​П.​Рагойша.

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТУ́РН,

адзін з найстараж. рым. багоў. Атаясамліваўся са стараж.-грэч. богам Кронасам. Паводле міфаў, С. быў пазбаўлены ўлады над сусветам сваім сынам Юпітэрам, пасля чаго стаў адным з першых цароў італьян. вобласці Лацый, дзе потым узнік Рым. Лічылася, што ён навучыў сваіх падданых земляробству, вінаградарству і цывілізаванаму жыццю. У яго гонар наладжваліся штогадовыя святы — сатурналіі.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛІ́М III (Selim III; 24.12.1761, Стамбул — 28.7.1808),

турэцкі султан [1789—1807]. Набыў вядомасць спробамі рэфармаваць Асманскую імперыю. Па яго даручэнні была намечана і часткова ажыццёўлена праграма пераўтварэнняў у ваен., эканам. і фін. сферах на еўрап. ўзор (нізам- і джэдзід). Сутыкнуўшыся з моцным супраціўленнем кансерватыўных колаў, ён быў вымушаны скасаваць рэформы. 29.5.1807 скінуты янычарамі і праз год забіты.

т. 14, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,

тое, што ўласціва суб’екту ці вытворнае ад яго дзейнасці. Ўключае ўсе псіхічныя працэсы індывіда, з дапамогай якіх ён успрымае і адлюстроўвае ў сваёй свядомасці аб’ектыўнае. Адзін з гал. фактараў пазнання, якое ўяўляе сабой працэс пераходу ад С. да аб’ектыўнага. Часам пад С. разумеюць неадэкватнае ўяўленне, што не адпавядае аб’екту пазнання (гл. Суб’ектывізм).

т. 15, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛЦІ́-ТУРА́, Тура-тала,

у міфалогіі чувашоў вышэйшае бажаство, нябесны Бог-творца. Ён дае дождж на палі, даруе ўраджай і шчасце людзям. Лічылася, што пры ім знаходзіліся інш. багі — стваральнікі душ (Чун суратакан тура), дзяцей (Ывал-хер суратакан тура), хатніх жывёл (Выльах-чэрлех суратакан тура), жылля (Сурт суратакан тура), багаццяў (Мул суратакан тура), і інш.

т. 15, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЎТАЛАГІ́ЧНАЯ РЫ́ФМА,

паўтор у канцы вершаваных радкоў аднаго і таго ж ці некалькіх слоў, якія вызначаюць страфічную будову верша. Сустракаецца ў фальклоры і ў сучаснай паэзіі:

Слепіць вочы ён, снег,
І дарогі разбег.
І ты мружышся: «Снег!..
Што за студзеньскі снег!..»
(А.​Лойка. «Снег»)

Разнавіднасць Т.р. ва ўсх. паэзіі — рэдыф.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІН, Ціна, Цінія,

у міфалогіі і рэлігіі стараж. этрускаў бог неба, грамавержац. Паводле міфаў, ён карыстаўся 3 пучкамі маланак: 1 -м перасцерагаў людзей, 2-м караў іх пасля нарады з 12 інш. багамі, 3-м, самым страшным, караў грэшнікаў толькі са згоды выбраных багоў. Стараж. грэкі атаясамлівалі Ц. з Зеўсам, рымляне — з Юпітэрам.

т. 17, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́МАШ,

у акадскай (асіра-вавілонскай) рэлігіі і міфалогіі бог сонца, правасуддзя і прадказанняў. Паводле міфаў, Ш.-сонца раніцай падымаўся з-за гор, рабіў дзённы шлях па небе і вечарам зноў заходзіў за горы; ноччу ён падарожнічаў па падземным свеце, дзе даваў нябожчыкам святло, пітво і ежу. У шумерскай міфалогіі Ш. адпавядаў бог Уту.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́МШУ, Шэмеш,

у заходнесеміцкай (палесцінска-ханаанейскай, у т. л. яўрэйскай) стараж. міфалогіі бог сонца. Паводле міфаў, ён кіраваў светам днём, а ноччу ўладарыў месяц. Гэтыя міфы ляглі ў аснову біблейскага ўяўлення аб нябесным воінстве (сонца, месяц, зоркі), створаным Богам на чацвёрты дзень. Культ Ш. існаваў у Іудзеі да сярэдзіны 1-га тыс. да н.э.

т. 17, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)