ВАСІ́ЛЬ (свецкае імя Тамашчык Уладзімір; 15.4.1900, в. Вялікія Азяраны, Беласточчына — 9.6.1970),
бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч. Д-р багаслоўя. Скончыў Пражскі політэхн.Ін-т (1934), Украінскую багаслоўскую акадэмію ў Мюнхене (1948). У 1927 арыштаваны польск. ўладамі за бел. грамадска-паліт. дзейнасць. З 1930 у г. Прага. З 1941 на Беласточчыне. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. У 1949 пастрыжаны ў манахі і яму нададзены сан архімандрыта, пасля — епіскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. З 1951 у ЗША, узначаліў амер. епархію БАПЦ, у 1951—52 — Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Браў удзел у выданні час.«Голас царквы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БХУ́ТА (Беназір) (н. 21.6.1954, г. Карачы, Пакістан),
палітычны і дзярж. дзеяч Пакістана. Дачка З.А.Бхута. Вучылася ў Гарвардскім (ЗША) і Оксфардскім (Вялікабрытанія) ун-тах. У час дыктатуры ген. М.Зія-уль-Хака знаходзілася пад дамашнім арыштам (1977—84), жыла ў эміграцыі ў Лондане (1984—86), рабіліся замахі на яе жыццё (крас. 1986 і студз. 1987). З 1982 кіраўнік Пакістанскай нар. партыі. Прэм’ер-міністр краіны ў 1988—90 (адначасова міністр абароны і міністр фінансаў) і з 1993 (першая жанчына—кіраўнік урада ў мусульм. свеце).
Тв.:
Рус.пер. — Дочь Востока // Наука и религия. 1990. N° З.
Літ.:
Москаленко В., Сумский В. Беназир Бхутто // Азия и Африка сегодня. 1990. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ Ў АЎСТРА́ЛІІ (БАА),
арганізацыя бел.эміграцыі. Засн. ў кастр. 1950 у г. Сідней, першая бел.арг-цыя, афіцыйна прызнаная аўстрал. ўладамі. Займаецца культ.-асв., прапагандысцкай і дабрачыннай дзейнасцю. БАА — член Асацыяцыі па справах Аб’яднаных нацый, уваходзіла ў склад Камітэта тыдня заняволеных народаў. Па прапанове БАА у 1974 Кангрэс сусв. антыкамуніст. лігі прыняў «Рэзалюцыю па незалежнасці Беларусі». Пры БАА дзейнічаюць бел. хор, гурток маст. самадзейнасці. Праз супрацоўніцтва з аўстрал. арг-цыямі па справах Аб’яднаных нацый БАА прымала ўдзел у штогоднім Міжнар.дыпламат. балі. Выдавала інфарм.час. «Новае жыццё» (№ 1—9, 1950-я г.). Ген. сакратар БАА А.Алехнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́РНА ((Adorno) Тэадор) (11.9.1903, г. Франкфурт-на-Майне — 6.8.1969),
нямецкі філосаф, сацыёлаг, музыказнавец. Прадстаўнік франкфурцкай школы. Пасля 1933 у эміграцыі (Англія, ЗША). З 1949 у Франкфурце-на-Майне: праф. ун-та, з 1953 кіраўнік Ін-та сац. даследаванняў. Погляды Адорна склаліся на перакрыжаванні ням. неагегельянства і авангардысцкай крытыкі культуры. Паводле яго філасофіі эвалюцыя чалавецтва — гэта гісторыя «няўдалай цывілізацыі», гісторыя «індывідуалізацыі» чалавека, тоеснай пастаяннаму паглыбленню яго «адчужэння». У духу гэтых ідэй Адорна рабіў сац.-філас. аналіз музыкі. Асн. працы: «Дыялектыка асветы» (1947, з М.Хоркхаймерам), «Філасофія новай музыкі» (1949), «Аўтарытарная асоба» (1950, у сааўт.), «Прызмы. Крытыка культуры і грамадства» (1955), «Негатыўная дыялектыка» (1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́МЧЫК (Мікалай Сямёнавіч) (16.8.1903, в. Сычавічы Маладзечанскага р-на — 29.5.1970),
паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Радашковіцкую бел. гімназію, з 1924 працягваў адукацыю ў Празе, дзе зблізіўся з прадстаўнікамі б. ўрада БНР (П.Крачэўскім, В.Захаркам і інш.). Жыў у Францыі, стварыў там «Хаўрус бел. працоўнай эміграцыі». Напярэдадні 2-й сусв. вайны ў Берліне, рэдактар газ. «Раніца» (1939—44), у 1940 арганізаваў Бел.к-т самапомачы. Потым працаваў у К-це самапомачы ў Беластоку. З 1944 у Парыжы, актыўна выступаў у бел. эміграцыйным друку. У 1943 і 1947—70 старшыня Рады БНР, у 1947 арганізаваў крывіцкую Раду БНР (т.зв. крывіцкі блок).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БАР ((Gábor) Андар) (24.1.1884, в. Уйнеп, Венгрыя — 20.1.1953),
венгерскі пісьменнік. Скончыў Будапешцкі ун-т. У 1920—50 у эміграцыі, у 1933—45 у СССР. Літ. дзейнасць пачаў у 1900. Аўтар зб-каў вершаў «Арговань» (1920), «Таму што ганьба жыць і не заклікаць» (1923), рамана «Доктар Ніхто» (т. 1—2, 1946), сатыр. п’есак і фельетонаў («Пешцкія рыданні. Кніга пра вялікі горад», 1912) і інш. Пераклаў на венг. мову бел.нар. песні «Маё жаданне», «З-за лесу сонца ўсходзіць...», вершы Я.Купалы «Абвілася краіна...», «А хто там ідзе?», «Выйдзі...», «Выпраўляла маці сына», «Хвалююцца морскія хвалі...», «Гэй наперад!» і інш. Аўтар арт. «Янка Купала, беларускі паэт» (1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІМІТРО́Ў (Георгі Петраў) (19.4.1904, г. Белаградчык, Балгарыя — 12.3.1979),
балгарскі кампазітар, харавы дырыжор. Нар.арт. Балгарыі (1967). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Варшаўскую кансерваторыю (1929). У 1923—39 жыў у эміграцыі (Югаславія, Польшча). У 1940—48 маст. сакратар Сафійскай нар. оперы, у 1946—58 кіраўнік хору імя Г.Кіркава, дзярж. канцэртнага аб’яднання «Музыка». Адзін з ініцыятараў выдання і рэдактар (1952—55) час. «Българска музика» («Балгарская музыка»). З 1949 выкладаў у Балг. кансерваторыі (з 1962 праф.). Аснова яго кампазітарскай творчасці — хар. песні і канцэртныя п’есы. У хар. творах апіраўся на балг.сял. фальклор і рэв. песню. Аўтар муз.-публіцыстычных артыкулаў. Дзімітроўская прэмія 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКА́ЛЬСКАЯ Галіна Альфонсаўна, (н. 1910, г. Сейны, Польшча), бел. жывапісец. Сястра Б.А.Дакальскай. З 1928 жыла на Беларусі. Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1932). Працавала ў газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва». На дэкадзе бел. мастацтва ў Маскве (чэрв. 1940) экспанавалася яе карціна «Польскія акупанты ў Беларусі». З 1942 у Літве, з 1944 у эміграцыі ў Германіі, жыла ў лагеры для перамешчаных асоб у г. Кемптэн. З 1949 у ЗША, працавала ў Нью-Йорку на фабрыцы, дзе размалёўвала посуд; з 1982 жыве ў г. Санта-Моніка (штат Каліфорнія). Творчасці ўласцівы шырокі стылявы дыяпазон (ад абстракцыянізму да натуралізму), зварот да гісторыі і культуры бел. і літ. народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬТМАН ((Heltman) Віктар) (23.12.1796, в. Вярховічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.7.1874),
польскі рэвалюцыянер, публіцыст. Скончыў Свіслацкую гімназію. У 1819 заснаваў у Варшаве рэв. студэнцкую арг-цыю «Саюз вольных палякаў», рэдактар яе органа «Dekada Polska» («Польская дэкада»). Адзін са стваральнікаў у 1819 тайнай арг-цыі ў Свіслацкай гімназіі. Удзельнік паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве, падрыхтоўкі Кракаўскага паўстання 1846, рэв. падзей у Галіцыі 1848, кіраўнік абароны Дрэздэна ў час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі. Адзін з аўтараў маніфеста польскага дэмакратычнага таварыства. Лічыў неабходным аб’яднаць барацьбу за незалежнасць Польшчы з барацьбой за ліквідацыю феад.-прыгонніцкіх адносін рэв. шляхам. Памёр у эміграцыі ў Бруселі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛІ́ЎСКІ (Юзаф) (1797, Віленшчына — 1.9.1855),
удзельнік польскага нац.вызв. руху 1820 — пач. 1830-х г., адзін з лідэраў польскай паліт.эміграцыі ў Францыі. З 1817 служыў у войску Каралеўства Польскага, чл. нелегальных арг-цый — Саюза вольных палякаў, Патрыятычнага т-ва і інш. Удзельнік паўстання 1830—31. У ноч на 30.11.1830 кіраваў захопам арсенала ў Варшаве, удзельнічаў у стварэнні паўстанцкіх атрадаў, у баях, меў чын палкоўніка. Пасля падаўлення паўстання эмігрыраваў у Францыю, дзе зблізіўся з рухам карбанарыяў. У 1832 перайшоў на тэр. Галіцыі, дзе арыштаваны і засуджаны да пакарання смерцю, якое заменена на 20-гадовае зняволенне. У 1848 амнісціраваны, выехаў у Парыж, дзе і памёр.