прылада для вымярэння магн. поля Зямлі з лятальнага апарата (ЛА). Датчык (адчувальны элемент) аэрамагнітометра размяшчаецца на крыле або хвасце ЛА і ахоўваецца ад яго ўласнага магн. поля аўтам. кампенсатарамі, пры больш дакладных вымярэннях буксіруецца ў гандоле на кабель-тросе на адлегласці да 50 м ад ЛА. Найб. дакладныя ядз. (пратонныя) і квантавыя аэрамагнітометры маюць адносную хібнасць вымярэнняў да 10−5 і да 10−7 адпаведна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПАЛЯ́ТАР (ад лац. inetrpolo перарабляю),
вылічальная прылада для інтэрпаляцыі функцый (гл.Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя). Бываюць аналагавыя (неперарыўныя) і дыскрэтныя (лічбавыя). Асн.элемент аналагавых І. — патэнцыяметры, аўтатрансфарматары (лінейныя і нелінейныя), інтэгратары і інш., дыскрэтных — інтэгратары з паслядоўным пераносам і інш. Выкарыстоўваецца ў прыладах вываду графічнай інфармацыі (графапабудавальніках, графічных дысплеях і інш.) і апрацоўкі відарысаў, сістэмах мадэліравання і праграмнага кіравання металарэзнымі станкамі, газарэзнымі апаратамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФО́РНІЙ (лац. Califomium),
Cf, штучны радыеактыўны хім.элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 98, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядома 17 ізатопаў з масавымі лікамі 240—256, найб. устойлівы — 251Cf (перыяд паўраспаду 900 гадоў). Атрыманы ў 1950, названы па месцы адкрыцця (штат Каліфорнія. ЗША). Высокатаксічны белы лятучы метал, tпл 900 °C. Выкарыстоўваюць як крыніцу нейтронаў у актывацыйным аналізе, медыцыне, пры пошуку нафты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКАПЛЯ́ЛЬНІК,
1) у ЭВМ — частка запамінальнага прыстасавання, дзе непасрэдна захоўваецца інфармацыя; таксама само запамінальнае прыстасаванне. Напр., Н. на магн. дыску, Н. на магн. стужцы. Асн. характарыстыкі — ёмістасць і шчыльнасць запісу інфармацыі.
2) Н. зараджаных часціц (накапляльнае кальцо) — элемент сістэмы сустрэчных пучкоў (гл.Паскаральнікі з сустрэчнымі пучкамі). Уяўляе сабой кальцавую вакуумную камеру, якая знаходзіцца ў магн. полі і дзе назапашваюцца часціцы ад многіх цыклаў паскарэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕІЗАТО́ПНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,
аўтаномныя крыніцы энергіі, у якіх выдзеленая пры радыеактыўным распадзе энергія пераўтвараецца ў цеплавую, эл. ці інш. віды энергіі. Асн. элементы радыеізатопнага эл. генератара — радыенуклідная крыніца цеплаты (напр., цеплавыдзяляльны элемент) і паўправадніковы тэрмаэлектрычны генератар. Служаць для сілкавання аўтам. апаратуры (напр., радыёмаякоў, радыёметэаралагічных станцый), устаноўленай у цяжкадаступных раёнах ці на касм. апаратах, а таксама ў біял. эксперыментах, напр., па ўжыўленні штучнага сэрца. Гл. таксама Ядзерная батарэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮ́БІНГ (англ. tubing ад tube труба),
элемент зборнай канструкцыі (пераважна цыліндрычнай), што ўтварае і ўмацоўвае ўнутр. паверхню падземных вырабатак. Звычайна мае выгляд рабрыстага сегмента (жалезабетоннага, чыгуннага, стальнога або з вугальнай пластмасы), выгнутага адпаведна профілю вырабаткі. Адрозніваюць Ц. з бартамі (для балтовага злучэння іх паміж сабой) і без бартоў; прамежкі ў стыках запаўняюць расшыральным цэментам, свінцом ці метал. замазкай. Выкарыстоўваюць пры стварэнні шахтавых ствалоў і тунэляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫ КАПІТА́Л,
галоўны элемент пастаяннага прадукцыйнага капіталу, які па меры паступовага зношвання ў вытв. працэсе часткамі пераносіць сваю вартасць на новы прадукт і часткамі вяртаецца са сферы абарачэння да прадпрымальніка, што авансаваў гэты капітал. У асноўны капітал уваходзіць вартасць вытв. будынкаў, збудаванняў, машын, абсталявання, унутрызаводскага транспарту і інш. Найважнейшы элемент матэрыяльна-тэхн. базы капіталізму, паказчык узроўню яго эканам. развіцця. У працэсе вытв-сці ён узаемадзейнічае з абаротным капіталам, з’яўляецца матэрыяльнай асновай эканам. цыкла.
Зах. эканамісты-тэарэтыкі суб’ектывісцкага кірунку адносяць асноўны капітал да доўгачасовых «ускосных даброт», якія маюць здольнасць узнаўляцца і паступова выкарыстоўвацца ў якасці сродку шматразовага задавальнення адной і той жа патрэбы — вырабу «прамых даброт». Для прадпрымальніка-прамыслоўца асноўны капітал — грашовая вартасць, укладзеная ім у сродкі працы і адлюстраваная ў бухгалтарскім рахунку фірмы. Яна існуе ў 2 частках: адна (асноўная) — у сродках працы («ускосныя даброты»), другая — у вырабленых таварах («прамыя даброты»). Прайшоўшы сферу абарачэння, таварная форма вартасці змяняецца на грашовую, частка якой ідзе ў амартызацыйны фонд. Гэта паўтараецца кожны вытв. цыкл, пакуль не зносяцца ўсе матэрыяльныя элементы асноўнага капіталу.
У сацыяліст. эканоміцы асноўны капітал — асноўныя вытворчыя фонды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЫЙ (лац. indium),
In, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 49. ат. м. 114,82. У прыродзе 2 ізатопы: 113In(4,3%) і слаба радыеактыўны (b-выпрамяняльнік, перыяд паўраспаду 5∙1014 гадоў) 115In (95,7%). Рассеяны элемент, у зямной кары 10−5% па масе. Адкрыты ў 1863 ням. вучонымі Ф.Райхам і Т.Рыхтэрам пры спектраскапічным даследаванні цынкавай падманкі, названы па сіняй (колеру індыга) лініі спектра.
Серабрыста-белы мяккі метал tпл 156,78 °C, tкіп 2024 °C, шчыльн. 7310 кг/м³ Устойлівы ў паветры, не ўзаемадзейнічае з азотам, вадародам, вугляродам. Пры т-ры вышэй за 800 °C гарыць з утварэннем сэсквіаксіду In2O3 (светла-жоўтае крышт. рэчыва, tпл 1910 °C). Узаемадзейнічае з мінер. і арган. к-тамі, пры награванні — з хлорам, бромам, ёдам. Пры сплаўленні з халькагенамі (сера, селен, тэлур) утварае халькагеніды (паўправадніковыя матэрыялы). Атрымліваюць з адходаў і паўпрадуктаў свінцова-цынкавай і алавянай вытв-сці. Выкарыстоўваюць у вытв-сці легкаплаўкіх сплаваў, паўправадніковых матэрыялаў, як матэрыял для герметызацыі ў вакуумных прыладах і касм. апаратах. Таксічны, пыл І. і яго злучэнняў выклікае пашкоджанне лёгкіх, шкодна ўплывае на печань і селязёнку.
Літ.:
Яценко С.П. Индий: свойства и применение. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІ́ДЫЙ (лац. Rubidium),
Rb, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 37, ат. м. 85,4678; адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны складаецца са стабільнага 85Rb (72,15%) і радыенукліда 87Rb (перыяд паўраспаду 4,8∙1010 гадоў, β-выпрамяняльнік). У зямной кары 1,510−2% па масе. Уласных мінералаў не ўтварае (рассеяны элемент); спадарожнічае пераважна калію. Адкрыты ў 1861 Р.В.Бунзенам і Г.Р.Кірхгофам спектральным метадам (па лініях у чырв. частцы спектра), назва ад лац. rubidus — цёмна-чырвоны.
Мяккі серабрыста-белы легкаплаўкі (tпл 39,32 °C) метал, шчыльн. 1532 кг/м³ (0 °C). Хімічна вельмі актыўны. У паветры імгненна акісляецца з узгараннем (утвараецца надпераксід RbO2). З вадой, галагенамі і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам. Раствараецца ў вадкім аміяку (растворы сіняга колеру). Захоўваюць у ампулах са спец. шкла ў атмасферы аргону або ў стальных герметычных пасудзінах пад слоем абязводжанага вазелінавага масла. Выкарыстоўваюць як кампанент матэрыялу для фотаэлементаў, фотаэл. памнажальнікаў і змазачных кампазіцый для рэактыўнай і касм. тэхнікі, як гетэр у вакуумных лямпах, каталізатар, пару Р. — у разрадных эл. трубках нізкага ціску, стандартах частаты і часу, злучэнні — як цвёрды электраліт, кампанент спец. шкла і керамікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБО́ІДНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
від чарвячнай перадачы, у якой вядучы элемент — чарвяк мае ўвагнутую (глабоідную) форму. Ад перадачы з цыліндрычным чарвяком адрозніваецца адначасовым зачапленнем большай колькасці віткоў чарвяка з зубамі вядзёнага кола. Здольная перадаваць большыя намаганні, чым звычайная чарвячная перадача, мае большы ккдз (з-за лепшых умоў змазкі). Выкарыстоўваецца звычайна пры вял. нагрузках, а таксама пры неабходнасці стварэння кампактнага і лёгкага абсталявання (у транспартных і горных машынах, самалётах і інш.).