БАЗЕ́Н ((Bazaine) Ашыль Франсуа) (13.2.1811, Версаль — 23.9.1888),

ваенны дзеяч Францыі, маршал (1864). Удзельнік войнаў у Алжыры (1835), Іспаніі (1837), Крымскай вайны (1853—56), аўстра-італа-франц. вайны 1859 і Мексіканскай экспедыцыі 1862—67. У час франц.-прускай вайны 1870—71 камандаваў корпусам, Рэйнскай арміяй; у 1870 здаў крэпасць Мец, за што ў 1873 прыгавораны ваен. судом да 20 гадоў зняволення. У 1874 уцёк з турмы і астатнія гады пражыў у Іспаніі.

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́ЛІ ЗЯМЛЯ́ (Terre Adélie),

частка тэрыторыі Усх. Антарктыды паміж 136° і 142° усх. даўгаты, абмываецца на Пн морам Дзюрвіля. Ледавіковае покрыва таўшчынёй да 2000 м, каля берага трапляюцца ўчасткі, свабодныя ад лёду. Клімат суровы, з перавагай штармавых вятроў. Адкрыта ў 1840 франц. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Ж.​Дзюмон-Дзюрвіля, названа ў гонар яго жонкі. З 1956 паблізу берага Адэлі зямлі (на в-ве Пятрэль) працуе франц. навук. станцыя «Дзюмон-Дзюрвіль».

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДУА́Р (франц. boudoir),

невялікі гасціны пакой інтымнага характару. Прызначаўся для прыёму найб. блізкіх сяброў і знаёмых. Узнік у пач. 18 ст. ў франц. мастацтве інтэр’ера і стаў неад’емным элементам палацавага ўбранства часоў ракако і класіцызму. Яго абсталёўвалі ўтульнай мэбляй (крэслы, софы, столікі, бюро), упрыгожвалі жывапіснымі палотнамі сентыментальна-эратычнага характару.

Будуар з арабескамі. З карціны невядомага мастака. 2-я пал. 19 ст.
Будуар у Зімнім палацы. Санкт-Пецярбург. 1839—53.

т. 3, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКА́Н (ад франц. cancan літар. шум, гам),

французскі танец алжырскага паходжання, род кантрданса (наз. таксама парыжскай кадрыляй). Паявіўся ў 17 ст. ў Парыжы як прыдворны бальны танец спакойнага, плаўнага характару. З 1830-х г. фрывольны, з характэрным высокім ускідваннем нагі; у такім выглядзе трапіў на эстраду (у кафэшантаны, вар’етэ і інш.). Муз. памер ​2/4. Тэмп энергічны, рухавы. Шырока выкарыстоўваўся ў франц. класічнай аперэце (найб. у творах Ж.​Афенбаха).

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́Н ((Cotton) Эжэні) (13.10.1881, г. Субіз, Францыя — 16.6.1967),

дзяячка франц. і міжнар. жаночага руху, вучоны-фізік. Д-р фіз. н. (1925). Скончыла жаночы Пед. ін-т у г. Сеўр (1904), выкладчыца, у 1936—41 дырэктар, з 1945 ганаровы дырэктар гэтага ін-та. Удзельніца франц. Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну (1940—44). З 1945 старшыня Міжнар. дэмакр. федэрацыі жанчын. З 1950 віцэ-старшыня, з 1959 чл. Прэзідыума Сусв. Савета Міру.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРЭПРЫ́ЗА (франц. entreprise),

прыватнае відовішчнае прадпрыемства (тэатр, цырк і інш.), якое створана і ўзначальваецца антрэпрэнёрам.

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСЕ́РТ (франц. dessert),

садавіна, салодкія стравы (кампот, марожанае і інш.), якія падаюцца ў канцы абеду.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПАЗА́НТНАСЦЬ (ад франц. imposant значны, паважны),

велічнасць, паважнасць, здольнасць прыцягваць увагу сваім знешнім выглядам, манерамі.

т. 7, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАНПАРЭ́ЛЬ (ад франц. nonpareille непараўнальны),

дробны друкарскі шрыфт, памер якога роўны 6 пунктам (2,25 мм).

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПАЛЕО́Н III (Napoléon),

Шарль Луі Напалеон Банапарт (20.4.1808, Парыж — 9.1.1873), французскі паліт. і дзярж. дзеяч, імператар Францыі [1852—70]. Сын Луі Банапарта, брата Напалеона I. З 1815 у эміграцыі. У 1836 і 1840 рабіў спробы захапіць уладу ў Францыі. У 1840 асуджаны на пажыццёвае зняволенне, у 1846 уцёк з турмы, жыў у Вялікабрытаніі. Пасля лют. рэвалюцыі 1848 вярнуўся ў Францыю. З чэрв. 1848 дэпутат франц. Нац. сходу. У снеж. 1848 выбраны прэзідэнтам Франц. Рэспублікі. 2.12.1851 ажыццявіў ваен. пераварот, распусціў Нац. сход і ўсталяваў сваю дыктатуру. 2.12.1852 абвясціў сябе імператарам. Праводзіў палітыку падладжвання пад розныя класы франц. грамадства (гл. Банапартызм). Пры ім Францыя ўдзельнічала ў Крымскай вайне 1853—56, вайне з Аўстрыяй (1859), разам з Вялікабрытаніяй — у агрэсіі супраць Кітая (1856—58 і 1860), ажыццявіла ваен. экспедыцыю ў Сірыю (1860—61), захоп паўд. Індакітая (1858—62), Мексіканскую экспедыцыю 1861—67. Паражэнне Мексіканскай экспедыцыі, памылкі і няўдачы франц. дыпламатыі падарвалі аўтарытэт Н.III. Крах імперыі Н.III не здолела прадухіліць палавіністая лібералізацыя, яго паскорыла франка-пруская вайна 1870—71. Пасля паражэння пры Седане 2.9.1870 здаўся ў палон прускім войскам. У выніку рэвалюцыі 4.9.1870 у Парыжы пазбаўлены трона. Пасля вызвалення (1871) жыў у Вялікабрытаніі.

П.​А.​Тупік.

т. 11, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)