ПЭ́ЙДЖЫНГАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,

від радыёсувязі, які забяспечвае аднабаковую перадачу інфармацыі, прызначанай для пэўнага абанента. Прыём інфармацыі ажыццяўляецца з дапамогай пэйджэра. Часам нараўне з тэрмінам «П.р.» карыстаюцца тэрмінам «сістэма персанальнага радыёвыкліку».

Функцыі П.р. развіваліся ад аднабаковай перадачы сігналу выкліку да перадачы лічбавым спосабам моўных і факсімільных паведамленняў, даных з камп’ютэра і інш., а таксама да двухбаковай сувязі з магчымасцю пасылаць адказ на прынятае паведамленне, перадаваць інфармацыю з аднаго пэйджэра на другі і інш. П.р. бывае ведамасная і агульнага прызначэння, паводле тэрыторыі абслугоўвання — лакальная, занальная (напр., у межах нас. пункта), нац. і міжнародная. Сеткі П.р. будуюцца па радыяльным ці сотавым прынцыпе. Паведамленні, адрасаваныя абаненту па-за межамі зоны абслугоўвання, назапашваюцца ў сетцы сувязі і перадаюцца абаненту, калі ён ізноў апынецца ў гэтай зоне.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАКО́ЎСКІ (Sierakowski) Зыгмунт (Сігізмунд; псеўд. Даленга; 30.5.1826, с. Лісавое Маневіцкага р-на Валынскай вобл., Украіна — 27.6.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1845—48), скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1859). У 1848 за ўдзел у студэнцкіх гуртках высланы радавым у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Т.​Р.​Шаўчэнкам, Б.​Залескім. У 1856 вярнуўся ў Пецярбург, падтрымліваў сувязі з М.​А.​Дабралюбавым, М.​Г.​Чарнышэўскім, супрацоўнічаў у час. «Современник». Арганізатар і кіраўнік ваен.-рэв. арг-цыі ў Пецярбургу, членамі якой былі браты В. і К.​Каліноўскія. Чл. арг-цыі выступалі супраць сац., нац. і рэліг. прыгнёту, за бурж.-дэмакр. пераўтварэнні ў Расіі, за свабодную і незалежную Рэч Паспалітую, узаемадзейнічалі з польскімі канспіратарамі з партыі «чырвоных», з «Зямлёй і воляй», К-там рускіх афіцэраў у Польшчы. У час замежных паездак (1860—61, 1862) сустракаўся і зблізіўся з А.​І.​Герцэнам, М.​П.​Агаровым, Дж.​Гарыбальдзі, наладзіў канспіратыўныя сувязі з польскай рэв. эміграцыяй. Да пач. паўстання працаваў у Генштабе. У снеж. 1862 прызначаны ваен. нач. паўстання ў Літве. Вясной 1863 на Ковеншчыне арганізаваў паўстанцкае злучэнне (2 тыс. чал.). Прыхільнік цеснай сувязі польскага паўстання з агульнарус. рухам. Імкнуўся аб’яднаць рух літ. сялян на чале з А.​Мацкявічусам з бел. паўстанцкімі атрадамі К.​Каліноўскага. 7—9.5.1863 паўстанцы С. разбіты пад мяст. Біржы, паранены С. ўзяты ў палон. Павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні.

Тв.:

Записка З.​Сераковского «Вопрос польский» // Русско-польские революционные связи. М., 1963. Т. 1.

Літ.:

Дьяков В.А. Сигизмунд Сераковский. М., 1959;

Смирнов А.Ф. Сигизмунд Сераковский. М., 1959.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЕЎСКІ РАЁН.

Існаваў у Беларусі ў 1940. Утвораны 15.1.1940 у складзе Баранавіцкай вобл. Цэнтр — в. Валеўка. Пл. 600 км². 132 нас. пункты. Падзяляўся на 14 сельсаветаў. У сувязі з пераносам адм. цэнтра раёна з в. Валеўка ў в. Карэлічы 25.11.1940 перайменаваны ў Карэліцкі раён.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЫ,

горад у Кустанайскай вобл. Казахстана, на р. Табол (бас. р. Об). Узнік у 1957 у сувязі з будаўніцтвам Сакалоўска-Сарбайскага горна-абагачальнага камбіната. Каля 100 тыс. ж. (2000). Чыг. станцыя. З-д хім. валакна, прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Індустрыяльны ін-т.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСТА́ВІ,

горад у Грузіі, на р. Кура. Узнік у сувязі з буд-вам металург. з-да. Каля 170 тыс. ж. (2000). Чыг. станцыя. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, хім., маш.-буд., лёгкая, харчовая. Каля Р. — Тбіліская ДРЭС. 3 тэатры. Краязнаўчы музей.

т. 13, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДУ́ЦІШСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР. Існаваў з 15 студз. да 25 ліст. 1940 у Вілейскай вобл. Цэнтр — мяст. Гадуцішкі. Скасаваны ў сувязі з перадачай часткі тэр. раёна Літоўскай ССР, астатнія 7 сельсаветаў уключаны ў Пастаўскі р-н.

т. 4, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁАМА́ТАРСКАЯ СУ́ВЯЗЬ,

непрафесійная радыёсувязь у тэлегр. ці тэлеф. рэжыме. Ажыццяўляецца з мэтай эксперым. даследаванняў з прыёмна-перадавальнай апаратурай, антэнай і інш., правядзення спарт. спаборніцтваў (гл. Радыёспорт), устанаўлення сувязі з радыёаматарамі і інш. Дыяпазоны хваль для Р.с. выдзяляюцца ў адпаведнасці з рэгламентам радыёсувязі.

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДА́ЧА ДА́НЫХ,

перадача інфармацыі, прадстаўленай у выглядзе пэўнага кода. Тэрмін выкарыстоўваўся ў тэлеграфіі, пазней таксама для абазначэння працэсу абмену інфармацыяй паміж ЭВМ з дапамогай апаратуры. Асн. характарыстыкі сістэм П.д. — скорасць перадачы, імавернасць памылкі і інш.

У пашыраным сэнсе П.д., у т. л. тэлефанія, электронная пошта, відэаканферэнцсувязь, праграмы радыё- і тэлевізійнага вяшчання — перадача эл. сігналаў (пераважна лічбавых) сродкамі электрасувязі. Адрозніваюць лакальныя і глабальныя (напр., Інтэрнет) сеткі П.д., якія дазваляюць атрымліваць любы від паведамленняў. Глабальныя сеткі П.д. з’яўляюцца сеткамі агульнага карыстання і даюць абанентам максімум паслуг сувязі. П.д. ажыццяўляецца па лічбавых каналах правадной і бесправадной (напр., радыёканалах) сувязі; пры П.д. па аналагавых каналах дадаткова выкарыстоўваюцца спец. прылады — мадэмы.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМЫКА́ННЕ,

від падпарадкавальнай сінтаксічнай сувязі паміж членамі словазлучэння, пры якой незмяняльныя словы (прыслоўі, дзеепрыслоўі, інфінітывы) сэнсава і граматычна залежаць ад інш. адзінак. Напр., «размаўляць стоячы», «прыйсці ўвечары», «аматар пажартаваць», «дарога ўгору». Прымыкаюць да гал. слова і асобныя формы змяняльных адзінак («дом восем», «крычы грамчэй», «словы «не хачу», «у возеры Нарач», «з паэмы «Новая зямля»), але форма залежнага элемента не вызначаецца (не кіруецца) гал. кампанентам і не падлягае зменам. На мяжы чыстага П. і слабага кіравання знаходзіцца т.зв. іменнае (склонавае) П.: «падарунак ад бацькі», «чытаць па вечарах». Сродкі афармлення П. — інтанацыя, парадак слоў у сказе, сэнсавыя сувязі слоў у кантэксце.

Літ.:

Беларуская граматыка Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ЛО́ГІКА,

раздзел традыцыйнай логікі, які вывучае лагічныя працэсы пераходу ад адзінкавых, прыватных ведаў да агульных. Адносіны агульных і прыватных ведаў (гл. Індукцыя, Дэдукцыя) у старажытнасці даследавалі Арыстоцель, Сакрат і інш. Першай спробай стварэння І.л. як асобнай галіны з’явілася вучэнне Ф.​Бэкана пра індукцыйныя метады вызначэння прычыннай сувязі паміж з’явамі; яго ідэі былі развіты Дж.​С.​Мілем. У 19 ст. сфармулявана канцэпцыя І.л., заснаваная на гіпатэтыка-дэдукцыйным метадзе. Сучасная І.л. займаецца распрацоўкай сродкаў для ацэнкі ступені лагічнай сувязі выказванняў-гіпотэз з выказваннямі, ісціннасць якіх ужо вядома. Адно з цэнтр. паняццяў сучаснай І.л. — паняцце ступені пацвярджэння, што звычайна разглядаецца як імавернасць гіпотэзы пры існуючых эмпірычных ведах. Пры гэтым шырока выкарыстоўваюцца метады імавернасцей тэорыі, а сучасную форму І.л. нярэдка называюць імавернаснай логікай.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)