СА́МБА (скарочаная назва рус. тэрміна «самбо» — самозащита без оружия),
від спарт. барацьбы, асновай якога з’яўляюцца найб. эфектыўныя прыёмы з розных нац. відаў барацьбы.
Узнікла уСССРу 1930-я г. З 1966 прызнана міжнар. відам спорту. Чэмпіянаты свету і Еўропы праводзяцца з 1972. Паядынкі адбываюцца на круглым дыване дыяметрам 9 м, у розных узроставых групах і вагавых катэгорыях. Пры барацьбе ў стойцы дазваляюцца падножкі, падсечкі, абвівы, кідкі праз грудзі і праз спіну, захопы ног рукамі; пры барацьбе лежачы — утрыманні саперніка на спіне і болевыя прыёмы на суставы рук і ног. Паядынак працягваецца 6—8 мін без перапынку. Перамога даецца за кідок саперніка на спіну ці за перавод яго на болевы прыём. Найб. развіта С. ў Балгарыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, ЗША, Іране, Іспаніі, Расіі, Японіі і інш.
На Беларусі развіваецца з 1936—37. Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1949, асабіста-камандныя пяршынствы праводзяцца з 1952. Бел. федэрацыя барацьбы С. існуе з 1968. У 1975 і 1992 у Мінску адбыліся чэмпіянаты свету па С., у 1995 — чэмпіянат Еўропы. Зборная каманда Беларусі — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1994), Еўропы (1994, 2000). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся чэмпіёны свету і Еўропы Н.Багіраў, Я.Далінін (1992, 1995), В.Данілаў (1992, 1993, 1994), І.Казанцава (1992, 1993), В.Казлоўская (1991, 1993, 1994, 1995, 1996, 2000), Т.Масквіна (1994, 1995, 2000), С.Селіханава (1992, 1993, 1995, 1996), К.Сямёнаў (2000), М.Цыпандзін (1992, 1994), В.Юркевіч (1996).
Побач са спарт. С. існуе яго баявы раздзел — самаабарона ад нападу няўзброенага і ўзброенага праціўніка і дзеянні ў адказ (прыёмы абяззбройвання, затрымання, суправаджэння і інш.), які ўваходзіць у сістэму баявой падрыхтоўкі ў арміі і спец. баявых фарміраваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА (франц. Entente літар. згода),
ваенна-паліт. блок Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі (Траістая згода), аформлены ў 1904—07; у 1-ю сусв. вайну аб’яднаў супраць герм. кааліцыі 25 дзяржаў. З узнікненнем Антанты фактычна закончыўся падзел дзяржаў Еўропы на 2 варожыя лагеры. Германія, значэнне якой у Еўропе вырасла пасля перамогі ў франка-прускай вайне 1870—71, падпісала ў 1879 саюз з Аўстра-Венгрыяй. У 1882 да яго далучылася Італія. Гэтым завяршылася стварэнне Траістага саюза 1879—82. Уадказ Францыя і Расія заключылі франкарускі саюз 1891—93. Англія спрабавала застацца ў баку ад блокаў і быць міжнар. арбітрам, але ўзмацненне англа-герм. супярэчнасцяў прымусіла яе падпісаць англа-франц. (1904) і англа-рус. (1907) пагадненні, якія фактычна аформілі стварэнне Антанты. Расія і Францыя мелі ў гэтай групоўцы пэўныя ваен. абавязацельствы (Англія ад іх адмовілася). Рознагалоссі паміж удзельнікамі Антанты часткова былі згладжаны, але канчаткова не ліквідаваны. Іх спрабавала выкарыстаць Германія, каб вывесці з групоўкі Расію. Але гэтаму перашкаджала залежнасць Расіі ад франц. капіталу і ваен. пагроза з боку Германіі. У той жа час Антанта імкнулася ізаляваць ад Траістага саюза Італію (у маі 1915 апошняя перайшла на бок Антанты) і Аўстра-Венгрыю. На пач. 1-й сусв. вайны ўдзельнікі Антанты выступілі разам і ў вер. 1914 падпісалі пагадненне аб незаключэнні сепаратнага міру з Германіяй. Укастр. 1915 да пагаднення далучылася Японія і абвясціла вайну Германіі. У ходзе вайны да Антанты далучылася яшчэ 20 дзяржаў. Асноўны цяжар вайны неслі Расія і Францыя, на тэрыторыі якіх вяліся ваен. дзеянні. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, калі Расія выйшла з Антанты, Англія і Францыя падпісалі пагадненне (23.12.1917) пра сумесную інтэрвенцыю ў Сав. Расію і падзел яе тэрыторыі. Антанта была ініцыятарам паходаў супраць Сав. дзяржавы (гл.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў Расіі 1918—20). Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж дзяржавамі Антанты пасля заканчэння 1-й сусв. вайны прывяло да распаду гэтага блока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКІ РУХ,
зарадзіўся на пач. 1920-х г. са з’яўленнем на паліт. арэне фашызму, актывізаваўся з усталяваннем фаш. рэжымаў у Германіі, Іспаніі і інш. краінах. Да пач. 2-й сусв. вайны прайшоў у сваім развіцці некалькі этапаў, узбагаціўся практыкай барацьбы супраць спроб фаш. пераваротаў у Аўстрыі і Францыі (1934), Іспаніі (1936—39). Тэарэт. асновы антыфашысцкага руху распрацаваны прадстаўнікамі камуністычных, сацыял-дэмакр., хрысц.-дэмакр. партый. Гэта дало магчымасць ужо ў канцы 1920-х г. прыпыніць пагрозу фашызму, арганізаваўшы адзіны пралет. фронт, які ў далейшым стаў апорай шырокага дэмакр. фронту з удзелам пэўных слаёў буржуазіі. VII Кангрэс Камінтэрна (1935) выпрацаваў тактыку адзінага Народнага фронту. Аднак сектанцтва, дагматычны падыход да развіцця антыфашысцкага руху кіраўніцтва СССР і КПСС, якое абвінаваціла с.-д. партыі ў т.зв. сацыял-фашызме, і іх рэакцыя ў адказ, курс СССР на супрацоўніцтва з фаш. Германіяй у 1939—41, рэпрэсіі ў адносінах да шэрагу кампартый (асабліва Польшчы і Германіі) перашкодзілі рэалізацыі ідэй Нар. фронту. Найб. развіцця антыфашысцкі рух дасягнуў у час 2-й сусв. вайны, калі асновай барацьбы супраць фашызму стала антыгітлераўская кааліцыя. Усюды разгарнуўся Рух Супраціўлення, які стаў працягам антыфашысцкага руху даваен. перыяду. Значны ўклад у антыфашысцкі рух зрабілі і патрыёты Беларусі, якія ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму стварылі разгалінаваную сетку патрыят. і антыфаш. падполля, прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і развіцці партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну (гл. таксама Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Гэта дало магчымасць Беларусі стаць адной з членаў-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Пасля ваен.-паліт. разгрому асн. ачагоў фашызму (Германія, Італія, Японія) праблемы антыфашысцкага руху не былі зняты з парадку дня. У заканадаўстве шэрагу краін свету распрацаваны спец. законы, накіраваныя на забарону фашызму і ўмоў для яго дзейнасці, паколькі эканам., паліт., этн. і сац. ўмовы для адраджэння фаш. пагрозы захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВАРО́БЫ ЖЫВЁЛ,
парушэнні нармальнай жыццядзейнасці арганізма жывёл, якія ўзнікаюць уадказ на дзеянне надзвычайных раздражняльнікаў знешняга і ўнутр. асяроддзя і праяўляюцца функцыян. і арган. парушэннямі фізіял. сістэм з адначасовай мабілізацыяй ахоўна-адаптацыйных механізмаў (гл.Хвароба). Вывучае Х.ж. ветэрынарыя.
Прычыны Х.ж. — мех. (выклікаюць раны. выцятыя месцы. пераломы), фіз. (іанізавальнае выпрамяненне, высокія і нізкія т-ры. ціск), хім. (кіслоты. шчолачы, атрутныя рэчывы), біял. (патагенныя мікраарганізмы. гельмінты. кляшчы, насякомыя) раздражняльнікі. Паводле прыроды раздражняльніка Х.ж. падзяляюцца на незаразныя і заразныя. Незаразныя ўзнікаюць у выніку няправільнага кармлення, утрымання і эксплуатацыі жывёл; падзяляюцца на ўнутр. (парушэнні абмену рэчываў. авітамінозы, хваробы сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, органаў дыхання, стрававання, мочавыдзялення і інш.). вонкавыя (хваробы скуры, капытоў і інш.) і палавой сферы (бясплоддзе. пасляродавы парэз, мастыты, эндаметрыты і інш.). Заразныя Х.ж. падзяляюцца на інфекцыйныя, што выклікаюцца вірусамі, бактэрыямі (напр., ангіна, батулізм, мыт коней. сап, слупняк, туберкулёз і інш.), грыбамі (гл.Мікозы, Мікатаксікозы), мікаплазмамі, хламідыямі (гл.Хламідыёзы), рыкетсіямі (гл.Рыкетсіёзы) і інвазійныя, што выклікаюцца прасцейшымі (гл.Протазаозы), гельмінтамі (гл.Гельмінтозы), насякомымі (напр., педыкулёз), кляшчамі (гл.Акарапідозы). Есць заразныя хваробы, агульныя для жывёл і чалавека — зоаантрапанозы (бруцэлёз, лістэрыёз, сібірская язва, трыхінелёз, шаленства і інш.), агульныя для некалькіх відаў жывёл, і ўласцівыя аднаму віду (чума буйн. раг. жывёлы, воспа авечак). Заразныя Х.ж. узнікаюць у форме спарадычных (адзінкавых) выпадкаў і масава (гл.Панзаотыя, Энзаотыя, Эпізаотыя). Асн. крыніцы ўзбуджальнікаў заразных Х.ж. — жывёлы-носьбіты, хворыя жывёлы і іх трупы. Узбуджальнікі перадаюцца пры кантакце з хворымі жывёламі, пераносчыкамі (грызунамі, насякомымі, кляшчамі) праз заражаныя корм, ваду, прадметы догляду. Ступень цяжкасці працякання Х.ж. вызначаецца станам арганізма і вірулентнасцю (ступенню патагеннасці) узбуджальніка. Для прафілактыкі і барацьбы з Х.ж. выкарыстоўваюць мерапрыемствы — агульныя, накіраваныя на аздараўленне навакольнага асяроддзя (дэзінфекцыя, дэзінсекцыя, дэратызацыя і інш.) і спецыфічныя (вакцынацыя, дэгельмінтызацыя, дэзінвазія, каранцін) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІГІ́ЙНЫЯ ВО́ЙНЫ,
войны, якія адбываюцца ў адпаведнасці з прадпісаннямі рэлігійных догматаў або пад патранажам царквы (рэліг. арганізацыі), напр.крыжовыя паходы, у т. л. супраць славян і балтаў у 12—15 ст. і інш.Гл. таксама Джыхад. Уеўрап. гістарыяграфіі Р.в. звычайна называюць Гугеноцкія войны ў Францыі, грамадзянскія войны паміж католікамі і пратэстантамі (гугенотамі) у 2-й пал. 16 ст., абумоўленыя комплексам рэліг., сац. і паліт. супярэчнасцей. Каталіцкую партыю на чале з Гізамі падтрымлівалі паўн.-ўсх. і цэнтр. правінцыі Францыі. Кальвіністаў (гугенотаў), якіх у розныя часы ўзначальвалі прынц Кандэ, адмірал Каліньі, Генрых Наварскі, падтрымлівалі гарады і дваранства зах. і паўд. правінцый краіны. Зачэпкай для 1-й Р.в. (сак. 1562—сак. 1563) было забойства пратэстантаў усак. 1562 атрадам Ф. дэ Гіза каля мяст. Васі ў Шампані. Уадказ пратэстанты на чале з Кандэ сабралі войска і захапілі шэраг гарадоў. У першай бітве (снеж. 1562 каля Дро) перамаглі католікі. У гэтай і наступных бітвах на баку пратэстантаў выступалі ням., а на баку католікаў — італьян. наёмнікі. Пасля забойства Гіза (1563) на чале каталіцкай партыі сталі яго сыны Генрых, Луі (кардынал Латарынгскі) і Шарль. Вайна завяршылася прыняццем эдыкта (15.3.1563, у Амбуазе), які дазволіў пратэстанцкі культ. 2-я Р.в. (вер. 1567 — сак. 1568) пачалася з «сюрпрызу ў Мо», калі Кандэ спрабаваў захапіць караля Ваен. дзеянні вяліся вакол Парыжа. У бітве пры Сен-Дэні гугеноты пацярпелі паражэнне і ў Ланжумо быў заключаны мір. 3-я Р.в. (жн. 1568—жн. 1570) вялася на З і Пд краіны, дзе брат караля Генрых Анжуйскі ваяваў супраць Кандэ і Каліньі. Найб. крывавыя бітвы адбыліся пры Жарнаку (сак. 1569), калі загінуў Кандэ, і пры Манкантуры (кастр. 1569), калі гугеноты пацярпелі паражэнне. Аднак паводле міру ў Сен-Жэрмене (1570) пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і 4 гарады-крэпасці ў якасці гарантый іх бяспекі. Шлюб паміж Генрыхам Наварскім і сястрой караля Маргарытай Валуа 18.8.1572 павінен быў замацаваць дасягнуты мір. Аднак масавае забойства гугенотаў 24.8.1572 (гл.Варфаламееўская ноч), калі загінула каля 3 тыс.чал., у т. л. адмірал Каліньі, прывяло да 4-й Р.в. (жн. 1572 — ліп. 1573) і эскалацыі насілля з абодвух бакоў. Пасля няўдалай аблогі ўрадавымі войскамі Ла-Рашэлі быў заключаны мір. Булонскі эдыкт (1573) пацвердзіў свабоду веравызнання. Характэрнай рысай 5-й Р.в. (ліст. 1574—май 1576) быў саюз паміж памяркоўнай ч. католікаў, т.зв. «палітыкаў», якіх узначальваў брат караля Франсуа Алансонскі, і пратэстантамі. Паводле міру ў Бальё (1576) урад рэабілітаваў гугенотаў, забітых у час Варфаламееўскай ночы і пацвердзіў свабоду веравызнання. Да гэтага часу склалася паліт. арганізацыя гугенотаў, якая аб’яднала гугеноцкія гарады 3 і Пд краіны ў пратэстанцкую канфедэрацыю, фактычна незалежную ад цэнтр. ўрада. Уадказу Пероне аформілася Каталіцкая ліга 1576. На Генеральных штатах у Блуа (1576) пад націскам каталіцкай партыі кароль 1.1.1577 адмовіўся ад эдыкта ў Бальё і абвясціў каталіцызм адзінай рэлігіяй у дзяржаве, што прывяло да 6-й Р.в. (снеж. 1576—кастр. 1577). Аднак адсутнасць фін. сродкаў прымусіла абодва бакі падпісаць мір 17.9.1577 у Бержэраку і эдыкт у Пуацье (кастр. 1577), які ў асн. паўтараў эдыкт у Бальё. 7-я Р.в. (ліст. 1579 — ліст. 1580) была выклікана барацьбой гугенотаў за выкананне артыкулаў эдыкта ў Пуацье і вяртанне гарадоў-крэпасцей, якія гарантавалі іх бяспеку. Апошняя Р.в. (ліп. 1585—чэрв. 1598), або т.зв. «вайна Ліг», пачалася пасля смерці 10.6.1584 Франсуа Алансонскага і прызнання Генрыха Наварскага спадкаемцам трона. Адноўленая Каталіцкая ліга вымусіла караля Генрыха III Немурскім эдыктам (ліп. 1585) забараніць пратэстанцкае веравызнанне ў краіне. Пашырэнне ўплыву Каталіцкай і далучанай да яе Парыжскай лігі, прэтэнзіі Г. дэ Гіза на трон прывялі да забойства апошняга і яго брата, кардынала Латарынгскага (снеж. 1588), заключэння саюза паміж Генрыхам III і Генрыхам Наварскім і аблогі іх войскамі Парыжа. У час гэтай аблогі 1.8.1589 Генрых III забіты і трон перайшоў да Генрыха Наварскага, які 25.7.1593 прыняў каталіцтва і 27.2.1594 каранаваўся ў Шартры як Генрых IV. Усак. 1594 Парыж адчыніў яму свае вароты, а да 1596 было задушана супраціўленне праціўнікаў Генрыха IV ва ўсёй Францыі. На апошнім этапе ў 1595—98 адбылася вайна паміж Францыяй і Іспаніяй, якая скончылася мірам у Вервене (май 1598) і канчатковым прызнаннем правоў Генрыха IV. Паводле Нанцкага эдыкта 1598франц. пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і гарантыі іх бяспекі.
Літ.:
Баблон Ж.-П. Генрих IV: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ІРА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 18—19 ст.,
войны паміж Расіяй і Іранам за панаванне ў Закаўказзі і Прыкаспіі. У 18 ст. грузіны, армяне і азербайджанцы імкнуліся знайсці саюзнікаў, каб пазбавіцца ад іранскіх і тур. заваёўнікаў і вярнуць захопленыя імі землі. Рас. войскі ажыццяўлялі перс. паходы ў 1722—23 і 1796, аднак адчувальных поспехаў яны не мелі.
У 1801—04 да Расіі добраахвотна далучаны асн.ч.груз. і ч.азерб. зямель. З мэтай замацавання сваіх пазіцый у Закаўказзі рас. войскі ў 1804 сталі прасоўвацца на У; пачалася вайна 1804—13. Уадказ іранскія войскі пачалі ваен. дзеянні на двух напрамках — Ерэванскім і Гянджынскім. У сувязі з пачаткам рус.-тур. вайны 1806—12 (гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.) рас. камандаванне вымушана было зімою 1806 заключыць перамір’е з Іранам. Аднак перагаворы аб міры ішлі марудна. У 1808 ваен. дзеянні аднавіліся, у ходзе якіх рас. войскі занялі Паўн. Азербайджан. І толькі пагроза вайны з напалеонаўскай Францыяй прымусіла рас. камандаванне ў 1812 пачаць зноў перагаворы аб міры, якія былі перарваны іранскім бокам пасля таго, як войскі Напалеона І уступілі ў Маскву. Аднак паспяховыя дзеянні рас. войск у Закаўказзі прыпынілі наступленне іранскай арміі і прымусілі Іран укастр. 1813 заключыць Гюлістанскі мірны дагавор 1813, паводле якога было прызнана далучэнне да Рас. імперыі Дагестана, Грузіі і Паўн. Азербайджана. Іран сістэматычна парушаў умовы Гюлістанскага дагавора і патрабаваў ад Расіі вярнуць страчаныя ім тэрыторыі. Іран, падбухтораны Англіяй і Турцыяй, уліп. 1926 пачаў ваен. дзеянні супраць Расіі; пачалася вайна 1826—28. Рас. армія пад камандаваннем А.П.Ярмолава, а з сак. 1827 — І.Ф.Паскевіча атрымала шэраг перамог, заняла Нахічэвань, Ерэван, Тэбрыз. Гэта прымусіла кіраўніцтва Ірана заключыць Туркманчайскі дагавор 1828, паводле якога да Расіі далучана Усх. Арменія. У выніку Р.-і.в. за Рас. імперыяй было замацавана Закаўказзе і Дагестан.
Літ.:
Очерки новой истории Ирана (XIX — нач. XX в.). М., 1978;
Фадеев А.В. Россия и Восточный кризис 20-х гг. XIX в. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКЛЁНЫ, кленічы, кляты,
устойлівыя па прынцыпах пабудовы і імправізацыйныя па рэалізацыі (адпаведна выпадку) формулы вербальнай (слоўнай) магіі шкадлівага характару. Адна з праяў архаічнай свядомасці чалавека, яго веры ў магічныя сродкі ўздзеяння на чалавека, жывёлу, аб’екты нежывой прыроды, а найперш у дзейсную сілу слова. Найчасцей выказваюцца ў адказ на рэальнае ці ўяўнае праяўленне агрэсіі, варожасці ў дзеяннях і словах. У іх назіраецца імкненне «адвярнуць» шкадлівае дзеянне на крыніцу яго спараджэння, магічным спосабам адпомсціць за нейкае зло, знішчыць крыўдзіцеля і яго род, дабрабыт і інш.
Разбурэнне міфалагічнай сістэмы ператварыла формулы П. у бясшкодныя выслоўі. Напр., забыты страх пра дэмана Кадука, што зжыраў немаўлят і тым асуджаў род на выміранне, ператварыў праклён «Каб на цябе Кадук» у нейтральны папрок, які бабулі часта адрасавалі дзецям (тыпу «А няхай вас качкі стопчуць!»). Для ўзмацнення дзейнасці П. выкарыстоўваліся магічныя атрыбуты, сакральныя мясціны, урочны час.Найб. моцнымі лічыліся матчыны П., бо яны павінны былі няўхільна споўніцца (іншыя можна было нейтралізаваць). Цывілізаванасць праяўлялася ў тым, што забаранялася праклінаць дзяцей непрыяцеля, хоць зацятасць спараджала П. на 10 пакаленняў. Матывы П. выкарыстоўваліся ў нар. творчасці, міфалагічных сюжэтах, баладах і інш. творах (у выніку П. моладзец ператвараецца ў явар, нявестка — у рабіну ці каліну, вяселле — у каменне ці ў ваўкалакаў). П. вымаўляліся часта ва ўзбуджаным стане, у парыве гневу, крыўды, жадання адпомсціць. Тады яны складваліся ў доўгія нізкі з пералічэннем усіх нягод непрыяцелю. Мова П. вызначаецца экспрэсіўнасцю, вобразнасцю, рытмічнасцю. У П. заўсёды прысутнічае параўнанне, узважванне шкоды і расплаты за яе. П. грунтуюцца на стараж. звычаёвым праве продкаў. Формаю яны блізкія да зневажальных выслоўяў.
Публ.:
Выслоўі / Склад. М.Я.Грынблат. Мн., 1979.
Літ.:
Нікіфароўскі М.Я. Напаўпрыказкі-напаўпрымаўкі // Зап.аддз.гуманіт.навук.Кн. 4. Пр. катэдры этнаграфіі. Мн., 1928. Т. 1, сш. 1;
Federowski M. Lud białoluski. T. 1. Kraków, 1897;
Pietkiewicz Cz. Kultura duchowa Polesia Rzeczyckiego. Warszawa, 1938;
Moszyński K. Kultura ludowa słowian. T. 2: Kultura duchowa. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́ЦКІ (Słowacki) Юльюш (4.9.1809, г. Крэменец Цярнопальскай вобл., Украіна — 3.4.1849),
польскі паэт, драматург. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829 пераехаў у Варшаву. З 1831 у эміграцыі (Францыя, Швейцарыя, Грэцыя, Італія). Раннія вершы («Ода да вольнасці», «Куліг», «Песня літоўскага легіёна» і інш.) прысвечаны нац.-вызв. барацьбе. У паэмах «Гуго» (нап. 1829), «Манах», «Араб», «Ян Бялецкі» (усе нап. 1830), «Змяя» (нап. 1831) уплыў сусв.рамант. паэзіі. Праблемы тагачаснага паліт. жыцця ў цэнтры драм «Міндоўг, кароль літоўскі» (нап. 1829), «Марыя Сцюарт» (паст. 1862). Аўтар аўтабіягр. («Гадзіна роздуму»), гераічнай («Ламбро, грэчаскі паўстанец», абедзве 1833), філас.-патрыят. («Ангелі», 1838), псіхал. («Бацька зачумленых»), лірычнай («У Швейцарыі», абедзве 1839), рэаліст. («Бянёўскі», не закончана, выд. 1841) паэм. У «Паэме Пяста Дантышака... аб пекле» (1839) дантаўскія матывы. Вядомасць набылі яго рамант. драмы «Мазепа» (паст. 1847), «Баладына» (паст. 1862), «Ліля Венеда» (паст. 1863), «Фантазій» (паст. 1867), «Гарштынскі» (паст. 1879), «Кардыян» (паст. 1899), у якіх асэнсаванне канцэпцыі прыроды, гісторыі і чалавека, праблемы нац.-патрыят. руху ў Польшчы, трагедыя рамант. індывідуалізму, палеміка з А.Міцкевічам, выкарыстанне свабоднай маст. формы. Зазнаў уплыў ідэй польскага месіянізму, спрабаваў стварыць сваю філасофію духу (гісторыка-філас. паэма «Кароль-Дух», не закончана; празаічная паэма «Генезіс духу», выд. 1866; драма «Сярэбраны сон Саламеі», паст. 1900). У позняй лірыцы асабістыя пачуцці пераплятаюцца з грамадз. матывамі («Гімн», «Мой тастамент», «Адказ на «Псалмы будучыні» і інш.). На бел. мову асобныя яго творы перакладалі А.Вольскі, С.Дзяргай, У.Дубоўка, А.Звонак, М.Лужанін, П.Пестрак, Я.Семяжон, М.Танк. Паводле аднайм. драмы Дзярж.т-р оперы і балета Беларусі паставіў оперу «Мазепа» (1952), Бел.т-р імя Я.Купалы — спектакль «Смерць ваяводы» (1959).
Тв.:
Dzieła wszystkie. Т. 1—17. Warszawa, 1952—76;
Бел.пер. — Выбранае. Мн., 1959;
Рус.пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М., 1960;
Избранное. М., 1984.
Літ.:
Дерналович М. Юлиуш Словацкий. Варшава, 1986;
Ю.Словацкий: Биобиблиогр. указ. М., 1959;
Piwińska M. Juliuz Słowacki od duchów. Warszawa, 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМІТА́ЦЫЯ (ад лац. imitatio перайманне),
1) падробка чаго-н. пад што-н. (каштоўных парод дрэва, камянёў, мармуру і інш.); рэч, выкананая з матэрыялу-заменніка.
2) Перайманне, прыпадабненне каму-н., чаму-н., дакладнае ўзнаўленне. Выкарыстоўваецца ў тэатры, кіно, цырку і інш. для стварэння ілюзіі рэальнасці: І. гукаў, рухаў і стану персанажаў, прыродных з’яў (вецер, навальніца, пажар) якога-н. асяроддзя (гл.Дэкарацыя), прадметаў, якімі карыстаюцца ў спектаклях замест сапраўдных (гл.Бутафорыя).
3) У выяўленчым мастацтве — перадача аб’ектаў прыроды; таму некат. яго віды (жывапіс, скульптура) наз. імітацыйнымі мастацтвамі. І. таксама называюць наследаванне творам, выкананым інш. майстрамі. У эпоху Адраджэння эцюды і наследаванне рабоце майстра («studio»), перадача прыроды («ingenio») былі асновай навучання жывапісу. У шырокім сэнсе І. — копія, падробка подпісу, паціны, кракелюру і інш. на творах мастацтва.
4) У музыцы — пачарговае правядзенне ў розных галасах адной і той жа меладычнай пабудовы. Голас, які першы выкладае гэту пабудову, наз. пачатковым або прапостай (італьян. proposta прапанова), тыя, што яе паўтараюць, — імітуючымі або рыспостамі (італьян. risposta адказ). Колькасць галасоў, што імітуюць асн. мелодыю, можа быць рознай (звычайна ад 2 да 5). І. магчыма ў любы інтэрвал зверху або знізу, бывае дакладная і недакладная. Трапляюцца І. з асобымі тэматычнымі суадносінамі прапосты і рыспосты — правядзенні пач. меладычнай пабудовы ў абярненні, памяншэнні, павелічэнні, у ракаходным руху і інш.
І. — адзін з найстараж. элементаў шматгалосся; вядома ў фальклоры многіх народаў свету. Як прыём фактурнага выкладання была пашырана ў еўрап.прафес. музыцы 13 ст. Высокага развіцця дасягнула ў нідэрл. майстроў 15—16 ст.У 17—1-й пал. 18 ст. — аснова т. зв. імітацыйных форм — канона, рычэркара і найвышэйшай з іх — фугі. На Беларусі ўзоры І. трапляюцца ў кантах. Як адзін са спосабаў распрацоўкі тэматычнага матэрыялу вядомы ў творах бел. кампазітараў М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, Г.Вагнера, Я.Глебава, Дз.Смольскага, Я.Цікоцкага і інш.
Літ.:
Турышаў А. Аб некаторых поліфанічных прыёмах у творах беларускіх кампазітараў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́РЫК АСТРО́ЖСКІ,
псеўданім бел.-ўкр. пісьменніка-палеміста, грамадскага дзеяча канца 16 ст. Належаў да літ. кола пісьменнікаў Астрожскай школы, куды ўваходзілі А.Курбскі, І.Федаровіч, Г. і М. Сматрыцкія, Д.Налівайка і інш.Унавук. л-ры існуюць розныя гіпотэзы адносна асобы К.А.: лічыцца, што пад гэтым псеўданімам пісаў малады М.Сматрыцкі, святар Васілій, пісьменнік Г.Дарафеевіч, невядомы віленскі манах. Найбольш верагодна, што пад гэтым псеўданімам выступаў манах Клеха, як К.А. называе М.Сматрыцкі ў адным са сваіх уніяцкіх твораў. У напісанай у форме памфлета царк.-гіст. аповесці «Гісторыя пра... Фларэнцкі сінод, праўдзіва напісаная...» (1598) К.А. асаблівую ўвагу звяртаў на падзеі Брэсцкай царк. уніі 1596, выкрываў яе ініцыятараў — вышэйшую правасл. іерархію, рэзка крытыкаваў рымскага папу і яго двор, адмоўна ставіўся да любых экуменічных захадаў. У творы шырока цытуецца Біблія, творы айцоў царквы, высокая кніжнасць спалучаецца з фалькл. матывамі, вобразамі, сімваламі. Твор быў шырока вядомы ў Віленскай і Маскоўскай Русі, яго цытавалі амаль усе пісьменнікі-палемісты (ці падтрымлівалі, ці абвяргалі ў залежнасці ад канфесіянальнай прыналежнасці). Пяру К.А. належаць творы «Адказ Іпацію Пацею» (1598), «На другі ліст вялебнага Іпація Пацея... да Канстанціна Астрожскага... пісаны» (1599) ад імя К.К.Астрожскага. Крытыцы тэалаг. і гіст. поглядаў К.А. прысвечана некалькі раздзелаў у «Апалогіі» М.Сматрыцкага.
Тв.:
Исторіа о листрикійском, то ест, о разбойническом, Ферарском або Флоренском Синоде, вкоротце правдиве списаная (1598) // Памятники полемической литературы в Западной Руси. СПб., 1903. Кн. 3.;
Отпис на Лист в Бозе велебного отца Ипатіа, Володимерского і берестейского епископа, до ясне освецоного княжати Костентина Острозского, воеводы киевского. О залецанью и прехвалянью Восточной церкви з Заходным Костелом Унеи або Згоды (1598) // Там жа;
На Другій Лист велебного отца Ипатіа, володымерского и берестейского епископа, до ясне освецоного кнежати Константина Острозского, воеводы кіевского... писаный (1599) // Пам’ятки полемічного письменства кінця XVI і початку XVII ст. Львов, 1906.
Літ.:
Яременко П.К. Памфлети Клірика Острозького — українського письменника-полеміста кінця XVI віку // Наукові записки Дрогобицького педінститута. Питання літератури. Дрогобич, 1962. Вип. 7.;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн. 1968;
Грицай М.С., Микитась В.Л., Шолом Ф.Я. Давня українська література. Київ, 1978.