АШМЯ́НСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Цэнтр — г. Ашмяны. У часы ВКЛ у складзе Віленскага ваяводства. У 16—17 ст. неаднаразова быў тэатрам ваен. дзеянняў. Земскія і гродскія суды Ашмянскага павета знаходзіліся ў Ашмянах і Мядзеле, з 1775 — у Ашмянах і Паставах. У 1791 падзелены на Ашмянски павет (з цэнтрам у Ашмянах) і Завілейскі пав. (з цэнтрам у Паставах). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 усх. частка павета адышла да Рас. імперыі. З 1795 Ашмянскі павет у Віленскай губ. Складаўся з 7 валасцей (праўленні ў Ашмянах, Бакштах, Дзевянішках, Крэве, Лошы, Смаргоні, Трабах), у канцы 19 — пач. 20 ст. з 23 валасцей, тэр. 6196,5 кв. вёрст, нас. 233 559 чал. З кастр. 1920 Ашмянскі павет у складзе Сярэдняй Літвы, з сак. 1922 да вер. 1939 у Віленскім ваяв. Польшчы. У 1931 тэр. 2352 км², нас. 101 542 чал. У 1940 на яго тэр. ўтвораны Ашмянскі, Астравецкі і Смаргонскі р-ны БССР.

А.​Р.​Каранеўскі.

т. 2, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА БЕЛАРУ́СЬ (Generalbezirk Weissruthenien),

ваенна-адм. адзінка на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Уведзена ў адпаведнасці з загадам А.​Гітлера ад 17.7.1941. Разам з ген. акругамі Эстонія, Латвія, Літва ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Остланд», які падпарадкоўваўся рэйхсміністэрству па справах акупіраваных усх. абласцей. У склад Генеральнай акругі Беларусі увайшла тэр. БССР па лініі Полацк—Барысаў на У, Старыя Дарогі — воз. Чырвонае на Пд, р. Зальвянка — усх. ўскраіна Белавежскай пушчы на З, што складала прыкладна ¼ часткі тэр. Беларусі з нас. 3 138 256 чал. (на 4.12.1941). Вышэйшым органам ням.-фаш. акупац. ўлады на тэр. акругі з’яўляўся генеральны камісарыят Беларусь. Тэрыторыя генеральнай акругі Беларусі была падзелена на 10 акруг (гебітаў; Баранавіцкая, Барысаўская, Вілейская, Ганцавіцкая, Глыбоцкая, Лідская, Мінская, Навагрудская, Слонімская, Слуцкая), у кожнай з якіх быў створаны абл. камісарыят (гебітскамісарыят). У Мінску на правах абл. камісарыята быў створаны гар. камісарыят, у гарадах і раёнах — гар., раённыя і валасныя ўправы.

А.​М.​Літвін.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬЧЖУ́РЫЯ,

гістарычная вобласць Кітая, якая займала тэр. сучасных прав. Хэйлунцзян, Гірын, Ляанін і ч. аўт. раёна Унутр. Манголія. Сучасная назва Дунбэй (кіт. «Паўн. Усход»), У розныя часы паўд. М. ўваходзіла ў склад кіт. імперый Цынь, Хань, Мін. У 4 ст. н.з. плямёны сяньбі стварылі на тэр. М. дзяржаву, якая ўключала і тэр. Паўн. Кітая. У 8 ст. на У М. ўзнікла дзяржава Бахай, якую ў пач. 10 ст. заваявалі кідані. У пач. 12 ст. на тэр. паўн. М. склалася дзяржава чжурчжэняў — імперыя Цзінь, якая ў сярэдзіне 12 ст. захапіла паўн. Кітай. Яна была знішчана манголамі ў сярэдзіне 13 ст. У канцы 16 ст. ўзвысілася племянная група чжурчжэняў — маньчжуры на чале з Нурхацы [1575—1626], які абвясціў сябе ў 1616 ханам. Яго пераемнік Абахай [1626—43] прыняў тытул імператара дынастыі Цын. У 1644—83 маньчжуры ўсталявалі сваю ўладу над усім Кітаем. З канца 19 ст. М. інтэнсіўна засяляецца кітайцамі. У 1896 пачалося будаўніцтва Кіт. ўсх. чыгункі. На тэр. М. адбыліся асн. бітвы япона-кітайскай вайны 1894—95 і руска-японскай вайны 1904—05. Пасля Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 М. пад кантролем войск ген. Чжан Цзаліня. У 1931 акупіравана японцамі, якія стварылі ў М. марыянетачную дзяржаву Маньчжоў-го. У жн. 1945 М. вызвалена сав. войскамі. З 1946 у складзе Кітая.

т. 10, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́Т,

1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ. Тэрмін «П.» ужываецца на Беларусі з 15 ст., напачатку як сінонім стараж.-рус. тэрміна воласць; з 1-й пал. 16 ст. пад. П. звычайна разумелі буйную воласць, цэнтрам якой быў горад або замак, што належаў дзяржаве, у т. л. скасаванае ўдзельнае княства. Часам пад П. разумелі толькі тэрыторыю, падкантрольную намесніку; у гэтым сэнсе П. быў сінонімам намесніцтва. Афіцыйна статус П. акрэслены ў выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 (гл. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел). П. ўваходзілі ў склад ваяводстваў. Усе намесніцтвы і воласці, якія не атрымалі статус П., увайшлі ў іх склад як звычайныя маёнткі. З таго часу ўсе землеўладальнікі на тэр. П. падлягалі юрысдыкцыі пав. органаў улады. Структура пав. кіравання замацавана Статутамі ВКЛ 1566 і 1588. Зрэдку тэрмін «П.» ўжываўся для вызначэння гіст. воласці з цэнтрам у горадзе, які неабавязкова меў пав. ўстановы (у такім сэнсе ў крыніцах сустракаюцца назвы «Магілёўскі павет», «Крычаўскі павет» і інш.).

2) Адм.-тэр. адзінка Расійскай імперыі як эквівалент рус. тэрміна «уезд». Пасля далучэння да Расіі П. ўваходзілі ў склад губерняў. Пасля рэформы 1861 падзяляліся на воласці. Падзел на П. ў БССР скасаваны 20.6.1924.

3) Адм.-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1919—39. Пасля заняцця часткі тэр. Беларусі ў 1919 польск. ўлады захавалі падзел на П., якія былі ўключаны ў склад акруг. П. падзяляліся на гміны. На працягу 1919—20 утвораны шэраг новых П., 4.2.1921 яны ўвайшлі ў склад новаўтвораных Навагрудскага і Палескага ваяв. Пазней межы і колькасць П. у Польшчы мянялася. Падзел на П. ў Зах. Беларусі скасаваны 15.1.1940.

В.​Л.​Насевіч.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСКАДО́РСКІЯ АСТРАВЫ́,

у Тайваньскім праліве, тэр. Кітая, гл. ў арт. Пэнхуледао.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-КАРЭ́ЙСКІЯ ГО́РЫ,

паўд.-ўсх. ч. Маньчжура-Карэйскіх гор на тэр. КНДР.

т. 12, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕМА́НЫ, аламаны (Alemanni, Alamanni),

германскае племя. Упершыню ўпамінаецца ў пач. 3 ст. У 5 ст. засялілі тэр. сучаснай паўд.-зах. Германіі, Эльзаса і ўсх. Швейцарыі. На тэр. іх рассялення дзейнічала Алеманская праўда (гл. ў арт. Варварскія праўды). У 10 ст. ў складзе каралеўства Германія ўтварылася племянное герцагства Алеманія, або Швабія. Ад слова «алеманы» паходзяць назвы Германіі і немцаў у шэрагу еўрап. моў.

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПАТКЕ́ВІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і ў 1935—62. Утвораны 17.7.1924 у Мазырскай акрузе (да ліп. 1930). Цэнтр — г.п. Капаткевічы. 20.8.1924 падзелены на 9 сельсаветаў. 8.7.1931 скасаваны. 12.2.1935 адноўлены, уключаў 13 сельсаветаў. З 21.6.1935 зноў у Мазырскай акр., з 20.2.1938 у Палескай, з 8.1.1954 у Гомельскай абл. Скасаваны 25.12.1962, тэр. далучана да Петрыкаўскага р-на.

т. 8, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛЬСТА́ДСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1905.

Падпісаны паміж Швецыяй і Нарвегіяй 26 кастр. ў г. Карльстад (Швецыя) пасля папярэдніх двухбаковых перагавораў (праходзілі 31.8—23.9.1905) і ўхвалення парламентамі абедзвюх краін. Аформілі скасаванне швед.-нарв. уніі 1814—1905, вызначылі цэласнасць тэр. Нарвегіі, стварэнне нейтральнай пагран. зоны, умовы бяспошліннага транзіту тавараў для Швецыі праз тэр. Нарвегіі, пацвердзілі правы качавання шведскіх саамаў на нарв. землях і інш.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЯВО́ДСТВА 1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—18 ст. Узначальвалася ваяводам. Першыя ваяводствы (Віленскае і Трокскае) як ваен.-адм. акругі ўзніклі адразу пасля Гарадзельскай уніі 1413. У пач. 16 ст. на тэр. Беларусі ўтвораны Віцебскае, Полацкае, Новагародскае, Падляшскае, у ходзе адм. рэформы 1565—66 — Берасцейскае, Менскае, Мсціслаўскае ваяводствы. Кожнае мела свой герб і ваяводскія харугвы (штандары). Звычайна ваяводствы падзяляліся на паветы. У 1793 у ваяводствы ператвораны Браслаўскі і Гродзенскі паветы. Ліквідаваны ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795).

2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы з 14 ст. Землі Зах. Беларусі ў 1921—39 уваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Пра кожнае ваяводства гл. асобны артыкул.

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)