тыпстараж.-грэч. прамавугольнага ў плане храма, які мае калонныя порцікі на тарцовых фасадах, пазбаўленыя дэкору падоўжныя сцены. Амфіпрастыль звычайна будавалі з гладкіх каменных блокаў. Шырока вядомы амфіпрастыль, пабудаваны паводле праекта Калікрата на Афінскім Акропалі, храм Ніке Аптэрас (Бяскрылай Перамогі).
Да арт.Амфіпрастыль. Храм Ніке Аптэрас на Акропалі ў Афінах. Арх. Калікрат. 449—420 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕ́Р ((Auber) Даніэль Франсуа Эспры) (29.1.1782, г. Кан — 12.5.1871),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1829). Вучыўся ў Л.Керубіні. З 1842 дырэктар Парыжскай кансерваторыі, з 1857 узначальваў і імператарскую капэлу. Стварыў новы тып камічнай оперы з авантурна-прыгодніцкім сюжэтам, імклівым дзеяннем: «Фра-Д’ябала» (1830), «Бронзавы конь» (1835), «Чорнае даміно» (1837) і інш. Адзін з заснавальнікаў жанру вял. оперы [«Нямая з Портычы» («Фенела»), 1828].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНСК,
археалагічная стаянка ранняга мезаліту (10—8 тыс.г. назад) ва ўрочышчы Грэнск, каля в. Ворнаўка Кармянскага р-на Гомельскай вобл. Выяўлены рэшткі агнішчаў, вял. колькасць крамянёвага інвентару, у т. л. тронкавыя наканечнікі стрэл (грэнскі тып), вастрыі, праколкі, разцы, скрабкі і інш. Знаходка вял. колькасці нуклеусаў сведчыць пра існаванне тут крэменеапрацоўчай майстэрні. Ад стаянкі атрымала назву грэнская культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНСА́ЛВІШ ((Goncąlves) Нуну) (каля 1425—92),
партугальскі жывапісец. У 1450—71 каралеўскі мастак. Яму прыпісваюць самы значны помнік партуг. мастацтва 15 ст. «Алтар св. Вінцэнта». Манум. характар кампазіцыі, тып алтара і манера пісьма сведчаць пра знаёмства яго аўтара з творамі Я. ван Эйка і інш.нідэрл. майстроў 15 ст.
Н.Гансалвіш. Размалёўка алтара св. Вінцэнта. 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ-КРЭ́ПАСЦЬ,
тып жылога дома. Кампазіцыя Д.-к. складалася пад уплывам архітэктуры замкаў. На Беларусі вядомы з 17 ст. Звычайна кампактная пабудова з 4 абарончымі вежамі па вуглах (гл.Гайцюнішскі дом-крэпасць). У 18—19 ст. пад уплывам архітэктуры Д.-к. будавалі сядзібныя дамы з алькежамі, якія нагадвалі абарончыя вежы (Гродна, Іўе, Копысь, Поразава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СЦЕРКА,
герой бел.нар. казак. Разумны і спрытны бядняк, які ў любых сітуацыях знаходзіць выйсце, можа перахітрыць і паноў. Казкі з героямі, падобнымі да Н. (сюжэтны тып АТ * 847 «Залатое стрэмечка»), ёсць у рус., літ. і польск. фальклоры. На аснове бел. казак пра дасціпнага і знаходлівага бедняка В.Вольскі напісаў прасякнутую яркім нац. гумарам камедыю «Несцерка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКІРАВА́НЫ ДОМ,
тып малапавярховага жылога дома, які складаецца з некалькіх размешчаных у рад кватэр (блокаў) з асобнымі ўваходамі ў кожную і прыкватэрнымі зямельнымі ўчасткамі. Будуюцца 1-, 2-, 3-павярховыя і 2-павярховыя з кватэрамі ў 2 узроўнях (катэджны тып). Віды блакіроўкі: у 1 ці 2 рады, «пілой», «у елачку», «са зрухам». Колькасць блокаў у радзе і працягласць будынка залежаць ад канкрэтных умоў буд-ва.
На Беларусі буд-ва блакіраваных дамоў пачалося ў 1920-я г. (пас. Чырвоны Чыгуначнік у Мінску, Асінторф у Дубровенскім р-не, Залінейны р-н у Гомелі). З 1960-х г. шырока выкарыстоўваецца ў сельскім буд-ве. 1—3-павярховыя дамы пабудаваны па тыпавых праектах у вёсках Верцялішкі Гродзенскага, Мухавец Брэсцкага, Расна Камянецкага р-наў; 2-павярховыя ў 2 узроўнях на 2, 4, 6 кватэр у вёсках Сялюты Віцебскага, Новы Двор Шчучынскага, Міхалёва Бабруйскага, Новыя Гараны Полацкага р-наў і інш.
Блакіраваныя дамы ў в. Міхалёва Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці.Блакіраваныя дамы жылога тыпу ў г. Лурд (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНЫ СЛО́ЎНІК,
інверсійны слоўнік, тып лінгвістычнага даведніка, у якім рэестравыя словы размяшчаюцца ў алфавітным парадку з улікам іх палітарнага прачытання справа налева, а не злева направа, як у звычайных алфавітных слоўніках. Рэестравыя адзінкі адваротнага слоўніка выраўноўваюцца ў наборы па правым краі:
самба
бомба
пломба
клумбаі г.д.
Побач размяшчаюцца словы з аднолькавымі канчаткамі і суфіксамі, што дазваляе высвятляць словаўтваральную і марфемную структуру слова, вызначаць тып словазмянення рэестравай адзінкі, выяўляць прадукцыйнасць пэўнага словаўтваральнага тыпу, распрацоўваць рыфмаў слоўнікі і інш. Адваротныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі-індэксы і слоўнікі з самаст. рэестрамі. Адваротны слоўнік створаны больш чым для 30 моў. На матэрыяле бел. мовы распрацаваны: адваротны слоўнік мікратапонімаў (змешчаны ў слоўніку «Мікратапанімія Беларусі», 1974), «Адваротны слоўнік сучаснай беларускай мовы» А.Барташэвіча і І.Камендацкай (т. 1—4, 1988—89), які падае каля 100 тыс. слоў з акад. «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84); «Адваротны слоўнік беларускай мовы» Л.М.Вардамацкага і В.І.Несцяровіча (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́, гатычны мінускул,
почыркавая разнавіднасць лацінскага пісьма эпохі сярэдневякоўя (12—15 ст.). Характарызуецца вуглавымі і востраканцовымі формамі. Першыя ўзоры гатычнага пісьма сустракаюцца ў Італіі ў 10 ст. З сярэдзіны 11 ст. прыходзіць на змену круглаватаму мінускульнаму пісьму эпохі Каралінгаў. У 12 ст. ў краінах Зах. Еўропы, якія карысталіся лацінкаю, выпрацаваўся больш-менш адзіны тып гатычнага пісьма. Для яго ўласцівы выцягнутыя літары, шчыльнае напісанне іх адна побач з адной, ламаная лінія контуру. З канца 12 ст. гэты адзіны тып стаў развівацца з улікам нац. асаблівасцей кожнай краіны. У Італіі пачынае пераважаць круглаватая форма літар, т.ч. гатычнае пісьмо знікае ўжо ў 14 ст. У Германіі гатычнае пісьмо атрымала далейшае развіццё і захоўвалася да пач. 20 ст., потым было выцеснена простым лац. шрыфтам (антыквай).
Адрозніваюць 4 віды гатычнага пісьма: тэкстура — вострае пісьмо; фактура — вострае пісьмо з ламанымі абрысамі; швабахер — ламанае пісьмо з акруглымі абрысамі некат. літар; круглагатычнае, пераходны від ад гатычнага да гуманіст. пісьма эпохі Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ДНЫ РЭЛЬЕ́Ф,
тып рэльефу пустыняў, паўпустыняў, сухіх стэпаў. Фарміруецца пад уплывам арыднага клімату, дзейнасці ветру (дэфляцыя, эолавая акумуляцыя), пустыннага выветрывання, эрозіі часовых вадацёкаў. Для ўзвышаных плато, перадгор’яў характэрны формы арыднай дэнудацыі і эрозіі (педыменты, бедленды і інш.), для нізін і раўнін — розныя тыпы камяністых і пясчаных пустыняў з эолавымі формамі рэльефу (барханы, градавыя пяскі і інш.), засоленымі азёрнымі ўпадзінамі, такырамі.