МАГНІТААПТЫ́ЧНЫ ДЫСК,

разнавіднасць аптычных дыскаў, дзе запіс інфармацыі ажыццяўляецца тэрмамагн. спосабам.

Пры запісе інфармацыі рухомы носьбіт лакальна награваецца лазерным выпрамяненнем, у зоне разагрэву каэрцытыўная сіла рабочага слоя рэзка змяншаецца (гл. Тэрмамагнітныя з’явы) і нагрэты ўчастак перамагнічваецца пад уздзеяннем слабога знешняга магн. поля. Пры ўзнаўленні адбіты ад М.д. палярызаваны лазерны прамень перыядычна паварочвае плоскасць палярызацыі на вугал, значэнне якога залежыць ад намагнічанасці рабочага слоя (гл. Кера эфект).

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛАС (грэч. melos),

1) у Стараж. Грэцыі — напеў, мелодыя. У муз.-тэарэт. трактатах М. разумелі як уласна муз. бок песні (у адрозненне ад вершаў і танц. руху). Складаецца з гукаў, інтэрвалаў і працягласцей. М. называлі таксама лірычны верш, прызначаны для спеваў.

2) Абагульненае паняцце меладычнага, песеннага пачатку ў музыцы. Першакрыніцы М. — цякучасць, працягласць, энергія і сіла меладычнай плыні. У рас. музыказнаўстве канцэпцыю М. абгрунтаваў Б.Асаф’еў.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМАТЫ́ЎНЫ АКТ,

афіцыйны дакумент паўнамоцнага суб’екта праватворчасці, які ўстанаўлівае, змяняе або адмяняе прававыя нормы. Класіфікуецца паводле юрыд. сілы, якая залежыць ад кампетэнцыі дзярж. органа, што выдаў іх, і характару самога акта. Юрыд. сіла выражае суадносіны пэўнага акта з іншымі, яго месца і ролю ў сістэме крыніц права. Н.а. падзяляюцца на законы і падзаконныя акты. У многіх дзяржавах, у т. л. Рэспубліцы Беларусь, Н.а. з’яўляюцца асн. крыніцамі права.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКАРЭ́ННЕ СВАБО́ДНАГА ПАДЗЕ́ННЯ, паскарэнне сілы цяжару,

паскарэнне, з якім рухаўся б цэнтр цяжару кожнага цела пры падзенні яго на Зямлю з невял. вышыні ў беспаветранай прасторы. Як і сіла цяжару, П.с.п. залежыць ад геагр. шыраты месца і вышыні яго над узроўнем мора. Спосабы вымярэння П.с.п. вывучаюцца ў гравіметрыі. На шыраце Мінска П.с.п. g = 9,8135 м/с​2, на шыраце С.-Пецярбурга g = 9,8193 м/с​2.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЫ́ ЗАДАЧА,

адна з асн. задач тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Зводзіцца да адшукання рашэння (інтэграла) дыферэнцыяльнага ўраўнення, якое задавальняе пач. умовам. Напр., знайсці закон руху матэрыяльнага пункта, калі зададзены рухальная сіла, яго пач. месцазнаходжанне і скорасць. Ад краявых задач адрозніваецца тым, што папярэдне не абумоўліваецца вобласць вызначэння рашэння. Узнікае пры аналізе працэсаў, якія вызначаюцца дыферэнцыяльным законам і пач. станам. Адзінасць і існаванне рашэння гэтай задачы ў шэрагу выпадкаў даказаў А.Кашы.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАТО́Н (ад грэч. kratos сіла, моц),

кансалідаваны ўчастак зямной кары, няздольны да пераўтварэння пад уплывам альпінатыпнай складкавасці. Вылучаюць паднятыя К. — масівы пераважна сіялічнага (Si, Al) складу (стараж. платформы), і апушчаныя К. — масівы з сіматычнай (Si, Fe, Mg) асновай (пераважна вобласці дна акіянаў). Тэрмін уведзены ням. геолагам Г.​Штыле ў 1940 (замест прапанаванага ў 1928 аўстр. геолагам Л.​Коберам «кратаген») і шырока ўжываецца ў замежнай геал. і геагр. літаратуры.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́КЦЫЯ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ, радыяцыйнае трэнне,

сіла, што дзейнічае на зараджаную часціцу (напр., электрон) з боку выкліканага ёй эл.-магн. выпрамянення; тармажэнне выпрамяненнем. Паскораны рух зараджанай часціцы вядзе да выпрамянення эл.-магн. хваль. У сістэме такіх часціц не захоўваюцца энергія і імпульс. Такая сістэма «паводзіць» сябе як мех. сістэма пры наяўнасці сіл трэння (дысіпатыўная сістэма), якія ўводзяцца для апісання факта незахавання энергіі ў сістэме ў выніку яе ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем.

т. 13, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМАГНІ́ЧВАННЕ,

памяншэнне намагнічанасці магн. матэрыялаў. Часткова адбываецца ўжо пры зніжэнні напружанасці намагнічвальнага поля да нуля, пасля чаго матэрыял захоўвае намагнічанасць астаткавую Jr.

Поўнае Р. ( Jr→ = 0 ) дасягаецца рознымі спосабамі. Найб. пашыраны — цыклічнае перамагнічванне знакапераменным магн. полем з амплітудай, якая памяншаецца ад значэння, у 1,5—2 разы большага за каэрцытыўную сілу, да нуля; для Р. патрэбна каля 30—60 цыклаў перамагнічвання. Р. мае месца і пры ўздзеянні на матэрыял пастаяннага магн. поля, антыпаралельнага астаткавай намагнічанасці, якая пры гэтым зніжаецца і пры значэнні напружанасці гэтага поля, роўнай каэрцытыўнай сіле, становіцца роўнай нулю. Пасля выключэння поля намагнічанасць цела часткова аднаўляецца да некаторага значэння ( J′r→ = 0 ). Значэнне напружанасці поля, пасля выключэння якога астаткавая намагнічанасць роўная нулю, наз. рэлаксацыйнай каэрцытыўнай сілай. Да найб. поўнага Р. прыводзіць награванне цела вышэй за Кюры пункт з далейшым ахаладжэннем пры адсутнасці магн. поля. Гэтыя спосабы Р. прыводзяць нулявога значэння намагнічанасці, але характар магн. даменнай структуры пасля кожнага з іх розны.

Выкарыстоўваецца ў тэхніцы для ліквідацыі ўплыву астаткавых магн. палёў дэталей на вымяральныя прылады, для памяншэння нестабільнасці пастаянных магнітаў і інш.

Р.​М.​Шахлевіч.

Размагнічванне пастаянным магнітным полем Н: J — намагнічанасць цела; Jr — астаткавая намагнічанасць; Hc — каэрцытыўная сіла; Hr — рэлаксацыйная каэрцытыўная сіла.

т. 13, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЕ́КА ПАЎСТА́ННЕ,

антыарабскае і антыфеадальнае паўстанне ў Азербайджане і Зах. Іране каля 816—837 на чале з Бабекам. Гал. сіла паўстання — сяляне і рамеснікі — паслядоўнікі вучэння хурамітаў. Пасля выгнання араб. гарнізонаў у руках паўстанцаў апынуўся амаль увесь Азербайджан і зах. вобласці Ірана; паўстанне ахапіла і Усх. Арменію. У 833 паўстанцы пацярпелі цяжкае паражэнне каля г. Хамадан. У 837 узята іх апошняя апора — крэпасць Бадз. Бабека паўстанне аслабіла Халіфат і паскорыла яго распад.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНТАКРЫ́Л,

лятальны апарат, у якога пад’ёмная сіла, неабходная для падтрымання яго ў палёце, ствараецца нясучым вінтом (вінтамі) і крылом, а цяга — паветр. вінтамі або рэактыўнымі рухавікамі. Узлёт, завісанне, пасадку і палёт на малых скарасцях В. ажыццяўляе як верталёт, а пасля дасягнення скорасці, пры якой становяцца эфектыўнымі аэрадынамічныя рулі, ляціць як самалёт (з выкарыстаннем пад’ёмнай сілы крыла). Канструктыўна больш складаныя і цяжкія, чым верталёты. Бываюць грамадзянскія і ваенныя. Выкарыстоўваюцца абмежавана.

Вінтакрыл Ка-22.

т. 4, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)