1) хуткі працэс хім. ператварэння выбуховага рэчыва (ВР), які суправаджаецца выдзяленнем цеплыні і газападобных прадуктаў і распаўсюджваецца са звышгукавой скорасцю (у цвёрдых і вадкіх ВР да 9 км/с).
Пры Д. ўзнікае ўдарная хваля, што сціскае і награвае ВР і стварае ўмовы для працякання хім. рэакцый, энергія якіх у сваю чаргу падтрымлівае ўдарную хвалю і забяспечвае пастаянства скорасці яе распаўсюджвання. Пры Д. імгненна ўтвараецца значная колькасць газаў з высокім ціскам (для тратылу 20 ГПа). Д. выклікаецца дэтанатарам, эл. разрадам і інш. Пры расшырэнні сціснутых прадуктаў адбываецца выбух.
2) Хуткі, блізкі да выбуху працэс гарэння паліўнай сумесі ў поршневых рухавіках унутр. згарання з іскравым запальваннем. Суправаджаецца ўзнікненнем ударных хваль, няўстойлівай работай рухавіка (метал. стук у цыліндры, дымны выкід, перагрэў, знос дэталей і інш.). Узнікае пры неадпаведнасці паліва канструкцыі або рэжыму работы рухавіка. Устойлівасць бензінаў да Д. павышаюць выкарыстаннем антыдэтанатараў.
Да арт.Дэтанацыя. Схема дэтанацыйнай хвалі: 1 — размеркаванне ціску ў хвалі; 2 — фронт ударнай хвалі; 3 — прадукты хімічнай рэакцыі; 4 — зона хімічнай рэакцыі; 5 — выбуховае рэчыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ННЕ,
фізіка-хімічны працэс пераўтварэння рэчыва, які суправаджаецца інтэнсіўным вылучэннем энергіі, цепла- і масаабменам з навакольным асяроддзем і звычайна яркім свячэннем (полымем). Гарэнне ў адрозненне ад выбуху і дэтанацыі адбываецца з меншай скорасцю і без утварэння ўдарнай хвалі.
Аснова гарэння — экзатэрмічныя хім.рэакцыі, здольныя да самапаскарэння з-за назапашвання вылучанай цеплыні (цеплавое гарэнне) ці актыўных прамежкавых прадуктаў рэакцыі (ланцуговае гарэнне). Найб. шырокі клас рэакцый гарэння — акісленне вуглевадародаў (напр., пры гарэнні прыроднага паліва), вадароду, металаў і інш. Акісляльнікі — кісларод, галагены, нітразлучэнні, перхлараты. Асн. асаблівасць гарэння — здольнасць распаўсюджвання ў прасторы з-за нагрэву ці дыфузіі актыўных цэнтраў. Гарэнне можа пачацца самаадвольна (самазагаранне) ці ў выніку запальвання (полымем, эл. іскрай). Паводле агрэгатнага стану гаручага рэчыва і акісляльніку адрозніваюць гамагеннае (гарэнне газаў і газападобных рэчываў у асяроддзі газападобнага акісляльніку), гетэрагеннае (гарэнне вадкага ці цвёрдага паліва ў газападобным акісляльніку) і гарэнне выбуховых рэчываў і порахаў. Выкарыстоўваюць для вылучэння энергіі паліва ў тэхніцы (маторабудаванне, ракетная тэхніка) і цеплаэнергетыцы, атрымання мэтавых прадуктаў у тэхнал. працэсах (доменны працэс, металатэрмія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТРЫЦА РАССЕ́ЯННЯ, S-матрыца,
сукупнасць велічынь (матрыца), якая апісвае пераходы квантавамех. сістэм з аднаго стану ў другі пры іх узаемадзеянні (рассеянні); квантавамех. аператар. Абазначаецца Sfi; звязвае хвалевыя функцыі Ψi пачатковага і Ψf канчатковага станаў: Ψf= Sfi Ψi. Уведзена ням. фізікам В.Гейзенбергам (1943).
М.р. разглядаецца як аператар эвалюцыі сістэмы ад бясконца аддаленага мінулага да бясконца аддаленага будучага ў базісе фіз. станаў, калі ўзаемадзеянне, што выклікала адпаведны пераход сістэмы, можна не ўлічваць. Дыяганальныя элементы М.р. апісваюць пругкія працэсы (пругкае рассеянне), недыяганальныя — няпругкія працэсы (рэакцыі з ператварэннем і нараджэннем часціц). Квадрат модуля элемента М.р. вызначае імавернасць адпаведнага працэсу, а сума імавернасцей працэсаў па магчымых каналах рэакцыі роўная 1 (умова унітарнасці М.р.). М.р. мае інфармацыю аб паводзінах сістэмы, калі вядомы лікавыя значэнні яе элементаў і іх аналітычныя ўласцівасці. Напр., асаблівыя пункты (полюсы) М.р. адпавядаюць звязаным станам сістэмы з дыскрэтнымі ўзроўнямі энергіі. Вызначэнне М.р. — асн. задача квантавай механікі і квантавай тэорыі поля.
Літ.:
Берестецкий В.Б. Динамические свойства элементарных частиц и теория матрицы рассеяния // Успехи физ. наук. 1962. Т. 76, вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗДРАЖНЯ́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць жывых клетак, тканак або цэлага арганізма рэагаваць на вонкавыя і ўнутраныя ўздзеянні — раздражняльнікі; аснова прыстасаванасці да змен навакольнага асяроддзя. Праяўляецца на ўсіх узроўнях жыццядзейнасці ва ўсіх біял. сістэмах. Суправаджаецца комплексам неспецыфічных змен — зрухам абмену рэчываў, эл. патэнцыялу, стану пратаплазмы, а ў высокаарганізаваных жывёл звязана з выкананнем спецыфічных функцый (правядзенне нерв. імпульсу, скарачэнне мышцы, выдзяленне сакрэту залозістай тканкай і інш.). У жывёл, якія не маюць нерв. сістэмы, рэакцыя на раздражненне ахоплівае ўсю пратаплазму і выяўляецца пераважна ў выглядзе рухальных рэакцый (таксісаў). У мнагаклетачных жывёл нерв. і мышачная тканкі забяспечваюць хуткія і дакладныя рэакцыі ў адказ на раздражненне. Таксама развіваюцца формы апасродкаванай рэактыўнай сувязі з раздражняльнікам (рэфлекторна) праз вышэйшую нерв. дзейнасць і свядомасць. Здольнасць нерв. і мышачных клетак адказваць на раздражненне наз.ўзбудлівасцю. Часам мясц.рэакцыі тканак або клетак наз.рэактыўнасцю, а ўзнікненне працэсу, які хвалепадобна распаўсюджваецца — узбудлівасцю. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца і як сінонім узбудлівасці. У раслін Р. абумоўлена структурнымі і функцыян. зменамі клетачных мембран і з’яўляецца асновай іх рэгулятарнай сістэмы. Праяўляецца рэакцыяй на святло (фотатрапізм, фотаперыядызм), гравітацыйнае поле (геатрапізм), у рухальных рэакцыях (настыі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТА́ЛІ,
арганічныя злучэнні, вытворныя гідратаваных альдэгідаў, RCH (OR1)2. Бясколерныя вадкасці з прыемным пахам, растваральныя ў арган. растваральніках, нерастваральныя ў вадзе. Устойлівыя да шчолачаў, у прысутнасці кіслот гідралізуюцца да альдэгідаў. Уступаюць у рэакцыі далучэння і замяшчэння. Атрымліваюць ацэталізацыяй — узаемадзеяннем альдэгідаў са спіртам ці ортаэфірамі. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, пестыцыды (напр., ацэталь акралеіну), духмяныя рэчывы ў парфумерыі, пластыфікатары. У невял. колькасці ёсць у моцных вытрыманых вінах, паляпшаюць іх букет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІДА́ЗЫ,
ферменты класа аксідарэдуктазаў, што каталізуюць у жывых клетках акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі, акцэптарам вадароду ў якіх з’яўляецца кісларод паветра. Пры гэтым утвараецца вада або перакіс вадароду (H2O2). Паводле структуры адрозніваюць аксідазы-металаферменты (напр., тыразіназа і аскарбінатаксідаза маюць медзь) і аксідазы-флавапратэіды (напр., глюкозааксідаза). Кафермент многіх аксідазаў — вытворныя вітаміну B2 — ФАД або ФМН. Аксідазы адыгрываюць значную ролю ў катабалізме (распадзе) і дэтаксікацыі розных злучэнняў (напр., монаамінаксідаза разбурае біягенныя аміны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФАСГЕ́Н, трыхлорметылхлоркарбанат,
эфір хлорвугальнай к-ты, CCl3OC(O)Cl. Бясколерная вадкасць, дыміць у паветры, мае пах прэлага сена, tкіп 128 °C, шчыльн. 1664 кг/м³ (20 °C). Узаемадзейнічае з воднымі растворамі шчолачаў, аміяку, амінаў (гэтыя рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі Д.). Аказвае раздражняльнае і моцнае ўдушлівае дзеянне: смяротная канцэнтрацыя 1 мг/л пры экспазіцыі 5 мін, скрыты перыяд дзеяння 6—8 гадз. У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваўся як атрутнае рэчыва.
атрутнае рэчыва нервова-паралітычнага дзеяння. Вельмі таксічны. Асабліва хутка выклікае пашкоджанне арганізма пры інгаляцыі (міёз, цяжкасць дыхання). Лятальная таксічная доза (умоўна) 0,1 мгмін/л.
Вадкасць без колеру і паху, tкіп 151,5 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1094 кг/м³ (20 °C). Змешваецца ва ўсіх адносінах з вадой і арган. растваральнікамі. Гідралізуецца воднымі растворамі шчолачаў, аміяку і амінаў (рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі З.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІДАРЭДУКТА́ЗЫ,
клас ферментаў, якія каталізуюць акісляльнааднаўленчыя рэакцыі. Трапляюцца ва ўсіх жывых клетках і адыгрываюць значную ролю ў забеспячэнні іх энергіяй. У залежнасці ад характару акісляльнай групы аксідарэдуктазы падзяляюць на падкласы, якія дзейнічаюць на спіртавую, альдэгідную або кетонную, этыльную і інш. групы. Акцэптарамі электронаў і пратонаў з’яўляюцца НАД, НАФД, цытахромы, хіноны і інш. злучэнні. Вядома больш за 200 аксідарэдуктазаў, найбольш значныя: дэгідрагеназы (пераносяць вадарод і электроны пры дыханні і фотасінтэзе), аксідазы, пераксідазы, гідраксідазы, аксігеназы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛА́ЗЫ,
ферменты, якія каталізуюць рэакцыі гідролізу (расшчапленне арган. злучэнняў) з далучэннем на месцы разрыву элементаў малекул вады (H+ і OH−). У залежнасці ад характару сувязі, якая гідралізуецца, адрозніваюць эстэразы (ліпазы, фасфатазы і інш.), гліказідазы (амілазы, цэлюлазы, неактыназы і інш.), пратэазы, пептыдазы і г.д. Пашыраны ў прыродзе, адзначаны амаль ва ўсіх жывых арганізмах. Удзельнічаюць у працэсах пазаклетачнага і ўнутрыклетачнага стрававання. Большасць унутрыклетачных гідралаз знаходзіцца ў лізасомах (вакуолях), некат. — у ядры, арганелах і цытаплазме.