МЭ́ЙДЖАР ((Major) Джон) (н. 29.3.1943, г. Мертан, Вялікабрытанія),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Ін-т банкіраў. У 1965—79 банкаўскі служачы. З 1979 дэп. палаты абшчын парламента ад Кансерватыўнай партыі. З 1986 дзярж. міністр сац. забеспячэння. з 1987 ген. сакратар мін-ва фінансаў, з ліп. 1989 міністр замежных спраў, з кастр. 1989 міністр фінансаў. У 1990—97 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі і лідэр Кансерватыўнай партыі. Працягваў у асноўным паліт. курс М.Тэтчэр, але з іншым вырашэннем сац.-эканам. пытанняў (прыватызацыя дзярж. прадпрыемстваў, павышэнне падаткаў і інш.). Дамогся ратыфікацыі ў Вялікабрытаніі Маастрыхцкага дагавора 1992.

Дж.Мэйджар.

т. 11, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТ ((Pitt) Уільям Старэйшы) (15.11.1708, Лондан — 11.5.1778),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, граф Чэтам. Адзін з лідэраў групоўкі «патрыётаў» (прыхільнікаў актыўнай калан. экспансіі) у партыі вігаў. З 1735 чл. парламента. З 1746 чл. урадаў Вялікабрытаніі. З 1756 лідэр вігаў у палаце абшчын, у 1757—61 фактычны кіраўнік урада. Адыграў значную ролю ў развязванні Сямігадовай вайны 1756—63, у выніку якой Вялікабрытанія захапіла амаль усе ўладанні Францыі ў Індыі і Паўн. Амерыцы. З-за канфлікту з каралём пайшоў у адстаўку. У 1766—68 прэм’ер-міністр кааліцыйнага ўрада. Чл. палаты лордаў з 1766 (пасля атрымання графскага тытула).

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХУ́ТА (Беназір) (н. 21.6.1954, г. Карачы, Пакістан),

палітычны і дзярж. дзеяч Пакістана. Дачка З.А.Бхута. Вучылася ў Гарвардскім (ЗША) і Оксфардскім (Вялікабрытанія) ун-тах. У час дыктатуры ген. М.Зія-уль-Хака знаходзілася пад дамашнім арыштам (1977—84), жыла ў эміграцыі ў Лондане (1984—86), рабіліся замахі на яе жыццё (крас. 1986 і студз. 1987). З 1982 кіраўнік Пакістанскай нар. партыі. Прэм’ер-міністр краіны ў 1988—90 (адначасова міністр абароны і міністр фінансаў) і з 1993 (першая жанчына—кіраўнік урада ў мусульм. свеце).

Тв.:

Рус. пер. — Дочь Востока // Наука и религия. 1990. N° З.

Літ.:

Москаленко В., Сумский В. Беназир Бхутто // Азия и Африка сегодня. 1990. № 4.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХУ́ТА (Зулфікар Алі) (5.1.1928, г. Ларкана, Пакістан — 4.4.1979),

палітычны і дзярж. дзеяч Пакістана. Бацька Б.Бхута. Адвакат. З 1958 міністр гандлю, міністр энергетыкі, саветнік прэзідэнта ген. М.​Аюб Хана. Міністр замежных спраў (1963—66), садзейнічаў адыходу Пакістана ад аднабаковай арыентацыі на Захад. Пасля разрыву з Аюб Ханам у 1967 заснаваў апазіцыйную Пакістанскую нар. партыю, якая перамагла на выбарах 1970. Прэзідэнт краіны і кіраўнік урада (1971—73), прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў (1973—77), рабіў захады, каб разрадзіць напружанасць у адносінах з Індыяй і Бангладэш. Адхілены ад улады ў выніку перавароту ген. М.Зія-уль-Хака, абвінавачаны ў арганізацыі паліт. забойства і пакараны смерцю.

Б.Бхута.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮМ ((Blum) Леон) (9.4.1872, Парыж — 30.3.1950),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі, пісьменнік, публіцыст. У 1919 абраны ў палату дэпутатаў. З 1920 кіраўнік Франц. сацыяліст. партыі (СФІА). У 1936—37 і ў 1938 кіраўнік урадаў Нар. фронту, якія ажыццявілі шэраг сац. рэформаў. Праводзіў палітыку няўмяшальніцтва ў час грамадз. вайны ў Іспаніі (1936—39). У 1940 арыштаваны калабарацыянісцкім урадам «Вішы», у 1943 выдадзены герм. уладам і вывезены ў канцлагер Бухенвальд, потым у Дахаў. Прэм’ер-міністр Францыі ў 1946—47. У сваіх працах («У чалавечым маштабе», 1945, і інш.) развіваў тэорыю «інтэгральнага сацыялізму», паводле якой перамогу сацыялізму павінна забяспечыць «маральная рэвалюцыя», а не ўзбр. барацьба за ўладу.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ДСТАН ((Gladstone) Уільям Юарт) (29.12.1809, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 19.5.1898),

брытанскі дзярж. дзеяч. У 1832 выбраны ў парламент ад партыі торы. Быў міністрам гандлю (1843—45), калоній (1845—47), фінансаў (1952—55, 1859—66). З 1867 лідэр Ліберальнай партыі. У 1868—74 прэм’ер-міністр. Яго ўрад рэфармаваў пач. адукацыю, легалізаваў прафсаюзы, увёў тайнае галасаванне на выбарах. З 1874 узначальваў апазіцыю. У 1880—85 на чале ўрада, які ў 1882 паслаў англ. войскі для захопу Егіпта, жорстка падаўляў нац.-вызв. рух у Ірландыі. Разгром брыт. войск у Судане і ўскладненні ў Ірландыі прывялі да падзення яго ўрада. У 1886 і ў 1892—94 зноў узначальваў урад.

т. 5, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАРГІ́ЕЎ (Кіман) (11.8.1882, г. Пазарджык, Балгарыя — 28.9.1969),

дзярж. і паліт. дзеяч Балгарыі. Двойчы Герой Сац. Працы НРБ (1962, 1967). Скончыў ваен. школу ў Сафіі. Чл. паліт. партый і арг-цый: «Народная змова» (1921—23), «Дэмакратычная змова» (1923—31), «Звяно» (1931—34). У 1926—28 міністр транспарту, поштаў і тэлеграфа. Пасля ўзначаленага ім дзярж. перавароту (1934) стаў прэм’ер-міністрам (да 1935). У 1944—46 кіраўнік першага ўрада Айчыннага фронту Балгарыі. У 1944—49 старшыня паліт. партыі Нар. саюз «Звяно». Пазней займаў шэраг кіруючых парт. і дзярж. пасад, у т. л. нам. старшыні (1946—50, 1959—62), нам. старшыні Нац. савета Айч. фронту (1962).

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАЛЕ́ЗНАЯ ГВА́РДЫЯ»

(«Garda de fier»),

фашысцкі рух у Румыніі ў 1930—44. Узнікла на базе нацыяналіст., хрысц.-містычнай і антысеміцкай арг-цыі «Легіён Міхаіла Архангела» (засн. ў 1927) на чале з К.​Кадрану. Прапагандавала ідэі нац. выключнасці румынаў, ліквідацыі сац. несправядлівасці, узмацнення пазіцый сялянства і інш. За тэрарыст. дзейнасць (у т. л. забойства прэм’ер-міністра І.​Г.​Дукі) у 1934 забаронена, у 1935 адноўлена як партыя «Усё для айчыны», у 1938 зноў забаронена. У 1940 як «Рух легіянераў» (лідэры Х.​Сіма і інш.) удзельнічала ў фарміраванні ўрада ген. І.​Антанеску. Канчаткова забаронена пасля вызвалення Румыніі ў 1944.

Н.​П.​Ракіцкая.

т. 6, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РГА КАБАЛЬЕ́РА ((Largo Caballero) Франсіска) (15.10.1869, Мадрыд — 25.3.1946),

іспанскі прафс., паліт. і дзярж. дзеяч. З 1894 чл. Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі (ІСРП). У 1917—18 зняволены за ўдзел у арганізацыі ўсеагульнай забастоўкі. З 1918 дэп. картэсаў. У 1925—37 ген. сакратар Усеагульнага саюза працоўных. У час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 міністр працы (1931—33), старшыня ІСРП (1932—35, лідэр яе левага крыла). За ўдзел у паўстанні супраць урада правых рэспубліканцаў у 1934 зняволены (амнісціраваны ў лют. 1936), прэм’ер-міністр і ваен. міністр урада Нар. фронту (вер. 1936 — май 1937). З 1939 у эміграцыі ў Францыі. У 1942—45 зняволены ў ням.-фаш. канцлагеры.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУМУ́МБА ((Lumumba) Патрыс Эмеры) (2.7.1925, Анадуа, Дэмакр. Рэспубліка Конга — студз. 1961),

дзеяч афр. нац.-вызв. руху, паліт. і дзярж. дзеяч Дэмакр. Рэспублікі Конга. Працаваў пісарам, паштовым служачым, служачым у бельг. кампаніі. З канца 1940-х г. удзельнік прафс. руху Бельг. Конга. Кіраваў выданнем газет «Uhuru» («Свабода») і «Independance» («Незалежнасць»). У 1958 заснаваў партыю Нар. Рух Конга. За сваю паліт. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны бельг. калан. ўладамі. У 1958—59 дэлегат канферэнцыі народаў Афрыкі ў г. Акра (Гана), у 1960 удзельнік бельг.-кангалезскай канферэнцыі ў Бруселі. 3 чэрв. 1960 прэм’ер-міністр Конга. 14.9.1960 скінуты ген. С.С.Мабуту, арыштаваны і забіты. У 1961 абвешчаны нац. героем.

П.Лумумба.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)