БЕ́ЖАНЦЫ,

асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.

Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас. к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.​Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел. сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел. нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ, Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).

У пачатку Вял. Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн. чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс. чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар. арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт. эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.

З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец. Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).

В.​У.​Скалабан (бежанцы 1-й сусв. вайны).

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯЗНА́ЎСТВА,

усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ. летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.​Г.​Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст. Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш. Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.​М.​Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн. Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ. «Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.

У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л. Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л. Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час. «Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкевіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.​Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел. т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.​Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.

Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час. «Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел. навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-ва бел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.​М.​Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.​А.​Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.​Р.​Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.​Л.​Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.​М.​Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.​Фёнік (Беласток), А.​Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.

Літ.:

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;

Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;

Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;

Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;

Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн, 1929;

Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;

Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.

Л.​В.​Трэпет.

Да арт. Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.
Да арт. Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.​І.​Пічэтам. 1929.
Да арт. Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.
Да арт. Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ТЫ ДЭПУТА́ТАЎ,

выбарныя прадстаўнічыя органы дзярж. улады ў б. СССР і ў Рэспубліцы Беларусь. Фарміруюцца на аснове ўсеагульнага, прамога і роўнага выбарчага права пры тайным галасаванні. Упершыню ўзніклі ў Рас. імперыі ў ходзе рэвалюцыі 1905—07 як самадзейныя выбарныя органы кіраўніцтва рэв барацьбой нар. мас і зачаткі рэв. органаў улады. Іх першай гіст. формай сталі Саветы рабочых дэпутатаў, што напачатку ствараліся для кіраўніцтва стачачнай барацьбой рабочых — у Іванава-Вазнясенску (сход упаўнаважаных дэпутатаў, май 1905), Луганску (лют. 1905), Кастраме (ліп. 1905) і інш. Ў перыяд найвыш. ўздыму рэвалюцыі восенню 1905 Саветы рабочых дэпутатаў узніклі больш як у 50 гарадах Расіі, у т. л. ў Маскве, Пецярбургу, Кіеве, Адэсе, Баку. Адначасова ў Маскве ўзнік Савет салдацкіх дэпутатаў, у Краснаярску — аб’яднаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у Севастопалі — Савет матроскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у Чыце — Савет салдацкіх і казацкіх дэпутатаў, у Навінскай вол Цвярской губ. — Савет сялянскіх дэпутатаў. У Латвіі і Грузіі як Саветы дзейнічалі сял. к-ты. На Беларусі некат. функцыі Саветаў выконвалі Мінскі кааліцыйны савет 1905, кааліцыйная камісія ў Віцебску; падобныя да Саветаў органы і стачачныя к-ты існавалі ў Гомелі, Пінску, Мазыры, Баранавічах, Ваўкавыску, Лунінцы. Ў Саветы ўваходзілі прадстаўнікі ад меншавікоў, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і бальшавікоў. Маскоўскі Савет рабочых дэпутатаў (больш як 200 дэпутатаў), дзе вядучая роля належала бальшавікам, падрыхтаваў і ўзначаліў у горадзе снежаньскую ўсерасійскую палітычную стачку 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанне. Усяго ў ходзе рэвалюцыі 1905—07 узніклі 62 Саветы, многія з якіх у працэсе абвастрэння рэв. барацьбы пачыналі дзейнічаць як органы рэв. улады: арыштоўвалі чыноўнікаў паліцыі, стваралі баявыя дружыны, явачным парадкам уводзілі 8-гадзінны рабочы дзень, свабоду друку і г.д. Пасля паражэння рэвалюцыі 1905—07 Саветы спынілі існаванне. Зноў паўсюдна ўзніклі ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі 1917. У адрозненне ад Саветаў 1905—07 найчасцей ствараліся аб’яднаныя Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У сак. 1917 у губ., пав. гарадах і прамысл. цэнтрах было каля 600 Саветаў. Існавалі асобныя Саветы салдацкіх дэпутатаў, Саветы сял. дэпутатаў (губ., пав., валасныя). На фронце функцыі Саветаў выконвалі палкавыя, дывізіённыя, карпусныя, армейскія, франтавыя і інш. к-ты (гл. Салдацкія камітэты). У 1-й пал. сак. Саветы створаны ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Оршы, Бабруйску, Мазыры, Полацку, Слуцку, Рагачове, Барысаве. За 2 месяцы пасля Лют. рэвалюцыі на Беларусі створана 37 Саветаў, з іх 28 у сакавіку: 10 Саветаў рабочых дэпутатаў, 10 Саветаў салдацкіх дэпутатаў, 8 аб’яднаных Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці [Мінск, 4—7 (17—20).6.1917] выбраў Выканком Заходняга абл. Савета. Паміж пасяджэннямі функцыі абласнога выканкома выконваў Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі Гомельскага, Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Аршанскага Саветаў.

Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў [створаны 27.2.(12.3.).1917] фактычна выконваў ролю Усерас. Савета. З яго згоды 2(15).3.1917 сфарміраваны Часовы ўрад. Калі Часовы ўрад і Саветы адначасова выконвалі ўладныя функцыі, устанавілася двоеўладдзе. У першыя месяцы пасля Лют. рэвалюцыі большасць у Петраградскім і ў большасці інш. Саветаў належала меншавікам і эсэрам. Напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 1917 было 1429 Саветаў, у т. л. 706 — рабочых і салдацкіх дэпутатаў, 235 — рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў, 455 — сял. дэпутатаў. I Усерас. з’езд сял. дэпутатаў [4(17).5—28.5.(10.6).1917] выбраў Цэнтр. выканаўчы к-т (ЦВК) Саветаў сял. дэпутатаў; I Усерас. з’езд Саветаў [3(16).6—24.6.(7.7)1917] — Усерас. Цэнтр. выканаўчы к-т (ВЦВК) Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Ліпеньскі крызіс 1917 прывёў да ліквідацыі двоеўладдзя і пераходу рэальнай улады ў рукі Часовага ўрада. Рэв. ўздым у час барацьбы з Карнілава мяцяжом 1917 і роля бальшавікоў у яго разгроме абумовілі працэс бальшавізацыі Саветаў вядучых гарадоў Расіі. З перамогай праведзенай бальшавікамі Кастр. рэвалюцыі 1917, паводле рашэнняў Другога Усерасійскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10 (7—9.11). 1917], уся ўлада ў краіне перайшла да Саветаў, якія сталі паліт. асновай новай (савецкай) дзяржавы. Расія ператварылася ў рэспубліку Саветаў. Напярэдадні Кастр. рэвалюцыі большасць Саветаў сял. дэпутатаў была пад уплывам эсэраў. Пад уплывам бальшавікоў Надзвычайны Усерас. з’езд Саветаў сял. дэпутатаў [10—25.11(23.11—8.12)1917] і 11 Усерас. з’езд Саветаў сял. дэпутатаў [26.11—10.12(9—20.12).1917] прызналі ўсе дэкрэты Сав. улады, прынялі рэзалюцыі пра неабходнасць аб’яднаць Саветы рабочых. салдацкіх і сял. дэпутатаў; зліліся Цэнтральныя выканкомы Саветаў сял. дэпутатаў і Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У студз. 1918 III Усерас. з’езд Саветаў сял. дэпутатаў зліўся з III Усерас. з’ездам Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [10—18(23—31).1.1918]. Утварыліся аб’яднаныя Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Пасля стварэння Рабоча-сял. Чырв. Арміі [дэкрэт ад 15(28). 1.1918] яны атрымалі назву Саветы рабочых, сял. і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Канстытуцыя РСФСР 1918, прынятая V Усерас. з’ездам Саветаў (4—10.7.1918), заканадаўча замацавала ўсталяваную сістэму Саветаў; Усерас. з’езд Саветаў — найвышэйшы орган улады РСФСР, абласныя, губ. (акруговыя), пав. (раённыя), валасныя з’езды Саветаў і Саветы гарадоў, пасёлкаў, вёсак. Усерас. з’езд Саветаў збіраўся 2 разы на год і выбіраў ВЦВК — найвыш. орган улады Сав. Расіі паміж з’ездамі. Мясц. з’езды выбіралі выканкомы, якія былі вышэйшымі органамі ўлады на гэтай тэр. паміж з’ездамі; выканкомы выбіраліся ў гарадах і вёсках.

Права выбіраць і быць выбранымі мелі ўсе дарослыя грамадзяне, апрача асоб, якія карысталіся наёмнай працай, служак рэліг. культаў, былых служачых і агентаў паліцыі, жандармерыі, ахоўных аддзяленняў, членаў дома Раманавых. У ходзе грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22 меншавікі і эсэры за свае антыбальшавіцкія выступленні былі пазбаўлены права ўдзелу ў Саветах; Саветы сталі аднапартыйнымі, г.зн. трапілі пад поўны кантроль камуніст. (бальшавіцкай) партыі [да 1925 — РКП(б), да 1952 — ВКП(б), у 1952—91 — КПСС]. Пасля ўтварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР) у структуры Саветаў адбыліся змены. Паводле Канстытуцыі СССР 1924 і канстытуцый саюзных рэспублік вярх. органам дзярж. улады стаў Усесаюзны з’езд Саветаў, паміж з’ездамі — ЦВК СССР; у рэспубліках — з’езды Саветаў і паміж з’ездамі — ЦВК рэспублік. Мясц. органамі ўлады былі: краявыя, абласныя, губ., акруговыя, пав., раённыя, валасныя з’езды Саветаў, паміж з’ездамі — выканкомы. Праз сістэму Саветаў Камуніст. партыя фактычна праводзіла сваю ўнутр. і знешнюю палітыку. Як органы ўлады Саветы, насуперак існуючаму ў многіх краінах прынцыпу раздзялення ўлад, аб’ядноўвалі заканад. і выканаўча-распарадчыя, гасп. функцыі. Паводле Канстытуцыі СССР 1936 Саветы рабочых, сял. і чырвонаармейскіх дэпутатаў перайменаваны ў Саветы дэпутатаў працоўных, уся сістэма Саветаў рэарганізавана і набыла той выгляд, які з нязначнымі зменамі захавала да канца 1980-х г. Яна падзялялася на вышэйшыя і мясц. органы дзярж. улады. Да вышэйшых органаў належалі Вярхоўны Савет СССР, Вярх. Саветы саюзных і аўт. рэспублік (на Беларусі — Вярх. Савет БССР), да мясц. органаў — краявыя, абласныя, аўт. абласцей, нац. акруг, раённыя, гар., сельскія і пасялковыя Саветы. Усе Саветы ствараліся паводле адзінага прынцыпу дэмакр. цэнтралізму, адрозніваліся толькі аб’ёмам паўнамоцтваў і некат. арганізац. бакамі дзейнасці. Ніжэйстаячыя падпарадкоўваліся вышэйстаячым, былі падкантрольныя і падсправаздачныя ім. Саветы ўтваралі, выбіралі або прызначалі ўсе інш. органы сав. дзяржавы, надзялялі іх адпаведнымі паўнамоцтвамі і кантралявалі іх работу. У складзе Саветаў утвараліся адпаведныя камісіі для кіраўніцтва рознымі галінамі жыцця і гаспадаркі. Саветы не толькі прымалі дзярж. рашэнні, але і ажыццяўлялі іх праз утвораныя імі органы. Канстытуцыя 1936 скасавала абмежаванні выбарчых правоў грамадзян паводле класавага прынцыпу, абвясціла ўсеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні. Як і раней, дзейнасць Саветаў фактычна аб’ядноўвала і накіроўвала Камуніст. партыя, якая праводзіла праз парт. групы, створаныя ў іх, сваю палітыку. У 1930-я г. склалася практыка вылучэння працоўнымі калектывамі па ініцыятыве вышэйстаячых парт. органаў толькі аднаго кандыдата на адно дэпутацкае месца, якая праіснавала да канца 1980-х г. Паводле Канстытуцыі СССР 1977 і прынятых у адпаведнасці з ёй рэсп. канстытуцый, Саветы атрымалі новую назву — Саветы нар. дэпутатаў, павялічаны тэрмін іх дзейнасці: Вярх. Саветаў СССР, саюзных і аўт. рэспублік з 4 да 5 гадоў, мясц. Саветаў — з 2 да 2,5 года. У час перабудовы (1985—91) адбывалася пэўная дэмакратызацыя дзейнасці Саветаў, у прыватнасці, пачалося вылучэнне больш як аднаго кандыдата на адно дэпутацкае месца, намецілася аднаўленне шматпартыйнасці. Закон ад 1.12.1988 унёс змены ў Канстытуцыю 1977, паводле якіх у якасці вышэйшага звяна сістэмы Саветаў уводзіліся з’езд народных дэпутатаў СССР, з’езды нар. дэпутатаў саюзных і аўт. рэспублік (у БССР не праводзіліся); тэрмін дзейнасці мясц. Саветаў павялічваўся да 5 гадоў. З увядзеннем у 1990—91 пасад прэзідэнтаў СССР, Расіі, і некат. інш. саюзных рэспублік роля і значэнне Саветаў у цэлым паменшыліся. З ліквідацыяй у снеж. 1991 СССР сістэма Саветаў у большасці б. сав. рэспублік скасавана (у Расіі — у 1993), замест іх ствараліся новыя вышэйшыя і мясц. прадстаўнічыя органы ўлады. Сістэма Саветаў у рэфармаваным выглядзе захавалася і канстытуцыйна замацавана на Украіне і ў Беларусі.

На Беларусі сістэма Саветаў рэфармавана ў адпаведнасці з Законам БССР «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» ад 20.2.1991, у які ўносіліся змены і дапаўненні ў 1995, 1996, 1997. Мясц. Саветы (акрамя сельскіх) пазбаўлены выканаўча-распарадчых функцый шляхам фактычнага аддзялення ад іх адпаведных выканкомаў, якія падсправаздачныя вышэйстаячым выканкомам і Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Саветы зацвярджаюць старшынь выканкомаў, якіх рэкамендуюць на гэтую пасаду старшыні вышэйстаячых выканкомаў, а старшынь абл. выканкомаў і выканкома Мінска — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 Саветы нар. дэпутатаў перайменаваны ў С.д. Да 1996 С.д. Беларусі складалі адзіную сістэму на чале з Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў Канстытуцыю 1994 па выніках усенар. рэферэндуму 24.11.1996, замест Вярх. Савета створаны новы прадстаўнічы орган улады — Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь. С.д. захаваліся як мясц. прадстаўнічыя органы дзярж. улады на тэр. адм.-тэр. адзінак і асн. звяно мясц. самакіравання. Дэпутаты С.д. базавага ўзроўню (раённыя, гарадоў абл. падпарадкавання) выбіраюць у Савет Рэспублікі Нац. Сходу па 8 дэпутатаў ад кожнай вобласці і Мінска. Больш падрабязна пра дзейнасць мясц. Саветаў Беларусі гл. ў арт. Мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Літ.:

Петриков П.Т. Советы депутатов трудящихся БССР и их роль в создании материально-технической базы коммунизма (1959—1965 гг). Мн., 1972;

Круталевич В.А. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995.

А.​А.​Галаўко.

т. 14, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,

абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.

У 1810-я г. франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.

Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх. ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.

У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус. зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс. чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс. чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс. чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс. чал.) — П.​К.​Эсена каля Рыгі, П.​І.​Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.​Ф.​Эртэля каля Мазыра.

21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.​Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл. Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.​Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.​Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл. Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.

Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.

У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл. Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.​Рэнье (гл. Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.​Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл. Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.​Віктора і П.​Ф.​Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл. Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.​Касінскага.

Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.

Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс. чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс. чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.

Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс. чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.​Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.

Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс. чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс. чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.​І.​Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.

Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).

Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн. руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.

У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.

Літ.:

Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;

Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;

Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г. М., 1992.

В.​В.​Антонаў.

Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.​І.​Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.
Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГВА́Й (Paraguay),

Рэспубліка Парагвай (гуарані Tetâ Paraguay, ісп. República del Paraguay), дзяржава ў цэнтр. ч. Паўд. Амерыкі. Мяжуе на Пн з Балівіяй, на У з Бразіліяй, на Пд і З з Аргенцінай. Пл. 406,8 тыс. км². Нас. 5434,1 тыс. чал. (1999). Дзярж. мовы — гуарані і іспанская. Сталіца — г. Асунсьён. Краіна падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (14 мая).

Дзяржаўны лад. П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеаг. выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Кангрэсу (Палата дэпутатаў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на ўсеаг. выбарах на 5 гадоў, выканаўчая — ураду, які прызначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.

Прырода. Цэнтр краіны займае алювіяльная нізіна р. Парагвай, на ПнУ — ускраіны Бразільскага пласкагор’я, на З — раўніна Гран-Чака (выш. да 500 м, асобныя ізаляваныя горы выш. да 1000 м). Ёсць невял. радовішчы жал., марганцавых і медных руд, кухоннай солі, нафты і інш. Клімат трапічны, на У вільготны, на З сухі. Сярэдняя т-ра ліп. 17—19 °C, студз. 27—29 °C. Ападкаў ад 2200 мм на У да 700—1000 мм за год на З. Рачная сетка на У і ў цэнтры густая. Гал. рэкі Парана і яе прыток Парагвай. Пад лесам і хмызнякамі 32% тэрыторыі. На У мяшаныя трапічныя лясы, на З трапічнае рэдкалессе з каштоўнымі пародамі дрэў (квебраха, гуаякан, альгараба і інш.) і ўчасткі саваннаў. У складзе жывёльнага свету ягуары, тапіры, браняносцы, мурашкаеды, малпы, нутрыі, шмат птушак і змей. Нац. паркі — Дэфенсорэс-дэль-Чака, Тынфунке і інш.

Насельніцтва. Каля 95% складаюць парагвайцы — народ, які сфарміраваўся ад змяшання індзейцаў гуарані з нешматлікімі ісп. каланістамі 16—17 ст. Жывуць таксама бразільцы, немцы, аргенцінцы. У неабжытых раёнах захаваліся індзейскія плямёны. Вернікі пераважна католікі (больш за 90%), ёсць пратэстанты і інш. Сярэднегадавы прырост 2,6% (1999). Сярэдняя шчыльн. 13,4 чал. на 1 км². Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана на У ад р. Парагвай, дзе шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 53% насельніцтва. У г. Асунсьён 1,1 млн. ж. з прыгарадамі (1999), больш за 100 тыс. ж. у гарадах Энкарнасьён, Кансепсьён, Сан-Ларэнса, Вільярыка. У сельскай гаспадарцы занята 45% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 16%, у абслуговых галінах — 39%.

Гісторыя. У дакалумбаву эпоху на тэр. П. жыцці індзейцы гуарані, якія займаліся збіральніцтвам, паляваннем, рыбнай лоўляй, вырошчвалі с.-г. культуры. У 1537 у П. з’явіліся іспанцы, якія заснавалі г. Асунсьён — адм. цэнтр ісп. калоній на ПнУ Паўд. Амерыкі. У 1588 з’явіліся місіянеры-езуіты. З мэтай хрысціянізацыі гуарані яны стварылі спец. пасяленні — рэдукцыі, у якіх індзейцы займаліся земляробствам. У хуткім часе рэдукцыі ператварыліся ў своеасаблівую «дзяржаву езуітаў». У 1767 ісп. кароль Карл III выгнаў езуітаў з ісп. калоній, рэдукцыі былі знішчаны, а іх землі захапілі ісп. каланісты. З 1776 П. — частка ісп. віцэ-каралеўства Ла-Плата з цэнтрам у г. Буэнас-Айрэс. У выніку антыісп. паўстання 14.5.1811 абвешчана незалежнасць П. У 1814—40 кіраўнік дзяржавы Х.​Г.​Франсія праводзіў палітыку ізаляцыі П. ад знешняга свету. У 1844 прэзідэнтам стаў К.​А.​Лопес, які спрыяў развіццю гандлю, буд-ву чыгунак, школ, стварыў моцную армію. У 1862 прэзідэнтам абраны яго сын Ф.С.Лопес, у час кіравання якога краіна ўцягнута ў вайну з Бразіліяй, Аргенцінай і Уругваем (1864—70); гл. Парагвайская вайна). У выніку паражэння П. страціў амаль палавіну тэр. і насельніцтва.

Пасля вайны ў П. вялася працяглая барацьба за ўладу паміж рознымі клікамі, за 1870—1932 змяніліся больш як 30 прэзідэнтаў. У 1954 у П. ўсталявалася дыктатура ген. А.Стрэснера, які абапіраўся на ваен. вярхі і партыю «Каларада» (засн. ў 1874). У час яго дыктатуры (1954—89) у выніку рэпрэсій загінула больш за 12 тыс. чал. У лют. 1989 Стрэснер скінуты ген. А.​Радрыгесам, які пачаў паліт. лібералізацыю рэжыму. У маі 1993 адбыліся першыя за 40 гадоў свабодныя выбары, на якіх прэзідэнтам абраны лідэр партыі «Каларада» Х.​К.​Васмосі. У 1997 у 1-м туры прэзідэнцкіх выбараў перамог кандыдат «Каларада» Х.​Аўеда, арыштаваны пазней па абвінавачанні ў забойстве паліт. саперніка. Новы прэзідэнт Р.​А.​Кубас Грау вызваліў Аўеда, але пад пагрозай імпічменту ў 1999 уцёк з краіны. У сак. 1999 прэзідэнтам П. абвешчаны кіраўнік Сената Л.А.​Г.​Макі. П. — чл. ААН (з 1945) і Лігі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 18.11.1992. У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыянальна-рэсп. асацыяцыя «Каларада», Сапраўдная ліберальна-дэмакратычная, Рэвалюцыйная фебрэрысцкая і інш.

Гаспадарка. П. — аграрна-індустр. краіна. Уваходзіць у групу краін, якія развіваюцца. У 1990-я г. ў гаспадарцы назіраецца паляпшэнне эканам. становішча, працягваюцца рэформы ў агр. сектары, прыватызацыя, лібералізацыя знешнегандлёвага абароту. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 19,8 млрд. дол. (3600 дол. на чалавека). 27% ВУП атрымліваюць у сельскай гаспадарцы, 30% — у прам-сці, 43% — у абслуговых галінах. У сельскай гаспадарцы каля 2,5 млн. га выкарыстоўваецца пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, больш за 22 млн. га пад пашай і лугамі. Значная частка зямель належыць буйным латыфундыстам. Асн. галіна — пашавая жывёлагадоўля мяснога кірунку. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 9,8, свіней — 2,5, коней — 0,7, авечак — 0,4, коз — 0,1, аслоў і мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—14,8 млн. курэй). Гал. харч. культуры (тыс. т., збор у 1998): кукуруза — 690, маніёк — 2200, соя — 1410, пшаніца — 320, рыс — 80, батат, фасоля. На экспарт вырошчваюць бавоўну — 550 тыс. т (1998), цукр. трыснёг, каву, тунг, тытунь, арахіс, цытрусавыя. Асн. жывёлагадоўчыя раёны — міжрэчча Парагвая і Параны, усход Гран-Чака, земляробства ў далінах гал. рэк. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, асабліва квебраха, збор дзікарослага парагвайскага чаю (матэ). Рыбалоўства і паляўніцтва. У прам-сці вылучаецца электраэнергетыка. Працуюць 2 буйныя ГЭС на р. Парана — браз.-парагвайская Ітайпу (магутнасць 12,6 млн. кВт, найб. ў свеце) і аргенцінска-парагвайская Ясірэта-Апіпе (3,7 млн. кВт), некалькі сярэдніх ГЭС на інш. рэках. У 1996 атрымана 45 млрд. кВт∙гадз. электраэнергіі, з іх 99,9% — на ГЭС, экспартавана ў суседнія краіны (найб. у Бразілію) 40,3 млрд. кВт∙гадз. Здабыча каменнай солі і буд. матэрыялаў. Невял. прадпрыемствы па перапрацоўцы пераважна с.-г. сыравіны. Развіты харч. і харчасмакавая, найб. мясахаладабойная (выпускае штогод каля 300 тыс. т мяса і мясапрадуктаў) прам-сць, вытв-сць тунгавага, какосавага і эфірнага алею, дрэваапрацоўка і вытв-сць дубільнага экстракту з драўніны квебраха (1-е месца ў свеце), тэкст., тытунёвая галіны. Найб. прадпрыемствы: нафтаперапрацоўчы і па вытв-сці мінер. угнаенняў з-ды каля Асунсьёна, сталеплавільны ў г. Вілья-Аес (150 тыс. т сталі за год), цэментны каля г. Кансепсьён. Развіты саматужныя промыслы: ганчарны, пляценне сумак і кошыкаў, выраб нац. карункаў, адзення і абутку. Транспарт аўтамабільны, унутр. водны, чыгуначны. У краіне 29,5 тыс. км аўтадарог, у т. л. 2,8 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 3,1 тыс. км суднаходных рэк, 971 км чыгунак, 10 аэрапортаў; участак Панамерыканскай шашы і Трансчакская шаша (злучае Асунсьён з Балівіяй). Гал. порт — Асунсьён, там жа міжнар. аэрапорт. У 1997 экспарт склаў 1,1 млрд. дол., імпарт — 2,5 млрд. дол. У экспарце пераважаюць бавоўна (каля 50% па кошце), электраэнергія, соя, драўніна, алей, мясныя прадукты, кава; у імпарце спажывецкія тавары, машыны, абсталяванне і нафтапрадукты. Гал. гандл. партнёры: Бразілія (48% экспарту, 29% імпарту), ЗША (адпаведна 4 і 22%), Аргенціна (9 і 14%). Замежны турызм. Краіна атрымлівае дапамогу ад развітых краін і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — гуарані.

Літаратура. Развіваецца на мовах ісп. і гуарані. У перыяд ісп. калан. панавання (16 — пач. 19 ст.) ствараліся гіст. хронікі, развіваўся багаты фальклор індзейцаў гуарані. Станаўленне нац. л-ры адносіцца да сярэдзіны 19 ст. Першы паэт-рамантык, стваральнік нац. патрыят. лірыкі і нац. гімна — Н.​М.​Талавера. У канцы 19 — пач. 20 ст. пісьменнікі асветнікі С.​Баэс, М.​Дамінгес, Р.​Барэт спалучалі літ. публіцыстыку і крытыку з гіст.-філас. пошукамі. Ідэі асветнікаў паўплывалі на творчасць Х.​Э.​О’Ліры, Э.​Фарыньі Нуньеса. Анталогія нар. паэзіі «Лясныя кветкі» (1917) спрыяла актыўнаму выкарыстанню фальклору гуарані (паэзія А.​Гуанеса, М.​Артыса Герэра). Х.​Карэа — заснавальнік нац. драматургіі (п’еса «Голад няшчасных») і арганізатар нар. т-ра гуарані. Развівалася маст. проза (хранікальна-дакумент. раманы Х.​Пастара Бенітэса). Творчасць пісьменнікаў 1920—30-х г. адметная дэмакр. ідэямі, сац. тэматыкай, антыімперыяліст. накіраванасцю (Э.​Кампас Сервера, Х.​Пла, Э.​Рамера, А.​Роа Бастас). З канца 1940-х г. л-ра П. развівалася ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій; большасць пісьменнікаў эмігрыравала. У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у парагвайскую л-ру зрабілі Рамера (зб-кі вершаў «Параненая маланка», 1967; «Выгнанне і вечар», 1975), Роа Бастас (раманы «Сын чалавечы». 1960; «Я, Вярхоўны», 1974), Г.​Касаксія (раманы «Выгнаннікі», 1966; «Наследнікі», 1975), Пла (п’есы і зб. вершаў «Закаханы пыл», 1968) і інш.

Архітэктура. У перыяд ісп. каланізацыі (з 1520-х г.) у місіях езуітаў (рэдукцыях) будавалі арх. комплексы з храмам, вял. дварамі, майстэрнямі, складамі, дамамі для індзейцаў. 3-нефавыя драўляныя каркасныя касцёлы, абкружаныя галерэямі, мелі прымітыўныя фасады з цэглы і адобы (сырцовая цэгла з дабаўленнем рэзанай саломы), якія кантраставалі з багатым аздабленнем інтэр’ера. У канцы 17 — пач. 18 ст. з’явіліся першыя каменныя храмы ў стылі барока (арх. Х.​Б.​Прымалі, А.​Фаркада і інш.). Жылая забудова і цяпер пераважна 1-павярховая, спалучае ісп. тып дома (з унутр. дваром-патыо) з мясц. каркасна-галерэйнай сістэмай. У вёсках, невял. гарадах былі пашыраны хаціны з адобы, гліны, трыснягу, некалькі дамоў аб’ядноўваліся агульным дахам. З 18 ст. пачалі фарміравацца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, 2 цэнтр. плошчамі (адна — з храмам, другая — з ратушай). У 1840—65 сталіца П. Асунсьён перапланавана, на месцы знесеных будынкаў калан. часу ўзведзены грамадскія збудаванні і імпазантныя палацы ў неакласіцыстычным стылі: Паласіо дэль Кангрэса (б. оперны т-р на ўзор «Ла Скала» ў Мілане), Араторыо дэ Нуэстра Сеньёра дэ ла Асунсьён (цяпер Нац. пантэон герояў; абодва італьян. арх. А.​Равіца), чыг. вакзал і інш. Пабудаваны сабор (1842—50, арх. Равіца), касцёлы Сантысіма Трынідад (1854), Ла Энкарнасьён (1893, італьян. арх. Дж.​Каломба) — усе ў Асунсьёне; і інш. Сярод пабудоў 20 ст. — каледж «Бразілія-Парагвай» у Асунсьёне (1950—60-я г., браз. арх. А.​Э.​Рэйдзі, Р.​Бурле Маркс) і інш. Паркі: «К.​А.​Лопес», Кавальера, батанічны. Музеі: прыгожых мастацтваў і старажытнасцей, гісторыі і этнаграфіі, Збор К.​А.​Пусінеры Скала і інш.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. П. мастацтва індзейскіх плямён развівалася ў рэчышчы дэкар. аздаблення утылітарных рэчаў (керамічныя вырабы, адзенне і інш.). З 16 ст. ісп. каланізатары арганізоўвалі маст. школы для аздаблення храмаў. Пашырыліся алтарны жывапіс, разьба па дрэве і камені, гравіроўка па метале. У 17—18 ст. у стылях барока і маньерызму развіваліся жывапіс (Х.​М.​Кавію), графіка (Т.​Тылькара). Самабытнасцю вызначаліся разное аздабленне парталаў, дэкор алтароў, паліхромная скульптура касцёлаў, у якіх спалучаліся стыль ісп. «чурыгерэска» і маст. традыцыі індзейцаў (выявы трапічных звяроў і пладоў, Хрыстос і анёлы з індзейскімі тварамі і інш.). З 19 ст. развіваецца свецкае мастацтва (пейзажы, партрэты, быт. кампазіцыі жывапісцаў А.​Гарсія, С.​Рыяса і інш.). У 1910 жывапісец і мастацтвазнавец П.​Альборна заснаваў Парагвайскую АМ. У 20 ст. развіваліся рэаліст. кірунак (жывапісцы Альборна, А.​Гевары, скульптары Ф.д’Альмейды, Э.​Мей Ліча, В.​Пальярола, А.​Пеньі, графік Х. дэ ла Эрэрыя і інш.), мадэрнісцкія кірункі (жывапісец К.​Каламбіна, скульпт. Б.​Куджары і інш.). Дэкар.-прыкладное і нар. мастацтва спалучае індзейскія і ісп. традыцыі. Пашыраны выраб тонкіх карункаў «ньядуці», гліняных фігурак і пасудзін, упрыгожанняў з медзі, серабра, пер’я, фігуратыўных падвесак з дрэва і косці, пляценне з пальмавых валокнаў і інш.

Музыка П. ўключае музыку індзейскую (гуарані, мака) і крэольскую. У індзейскім муз. фальклоры пашыраны абрадавыя, прац., гіст., лірычныя і інш. песні, інстр. музыка. Сярод інструментаў: падоўжныя і папярочныя флейты (мімбі), акарыны, касцяныя (кангаэра) і бамбукавыя (туру) трубы, барабаны і інш. ўдарна-шумавыя, у т. л. бразготкі мбарака. У крэольскай музыцы найб. пашыраны танцы (парагвайская полька, галандрыяна, сьела, саліта, вальс), традыц. песенныя жанры (парагвайскія каньён і гуаранія). Асн. муз. інструменты гітара і арфа. У 19 ст. адзінымі пастаяннымі муз. калектывамі ў П. былі ваен. духавыя аркестры. У канцы 19 ст. гастраліравалі еўрап. музыканты, якія выступалі ў Нац. т-ры (цяпер Муніцыпальны), т-ры «Алімп». У 1895 створаны «Парагвайскі ін-т» у Асунсьёне з муз. секцыяй і сімф. аркестрам, у 1913 — «Парагвайская гімназія», якая мела сімф. аркестр і стр. «Гайдн-квартэт» (у 1934 ін-т і гімназія аб’яднаны ў «Парагвайскі Атэнеум»), Сярод музыкантаў канца 19—20 ст. кампазітар, спявак і дырыжор Л.​Каведаньі, кампазітар, скрыпач і дырыжор Н.​Пельегрыні (адзін з аўтараў нац. гімна), кампазітары Х.​А.​Флорес, Х.​М.​Бётнер, Р.​Хіменес, Э.​Хіменес, Х.​К.​Марэна Гансалес, К.​Лара Барэйра і інш. У Асунсьёне працуюць муз. класы пры «Парагвайскім Атэнеуме», муз.-пед. вучылішча (з 1940), прыватныя муз. т-вы і навуч. ўстановы. Музыканты і інш. дзеячы мастацтва і навукі П. аб’яднаны ў Асацыяцыю парагв. аўтараў (з 1951).

Літ.:

Торрес-Риосеко А Большая латиноамериканская литература: Пер. с исп. М., 1972.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Парагвая.
Парагвай. Панарама Асунсьёна.
Да арт. Парагвай. Сплаў лесу па р. Парана.

т. 12, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ НА БЕЛАРУ́СІ ў Вялікую Айчынную вайну,

узброеная барацьба нар. мас супраць ням. фашыстаў на часова акупіраванай імі тэрыторыі.

Падрыхтоўка да партыз. барацьбы на выпадак нападу фаш. Германіі пачалася ў 1930-я г. Яна ўключала стварэнне заканспіраванай сеткі дыверсійных груп, дыверсантаў-адзіночак у гарадах і на чыгунках на З ад лініі ўмацаваных раёнаў, арганізацыю і падрыхтоўку манеўраных партыз. атрадаў і груп, забеспячэнне іх сродкамі сувязі і інш. матэрыяламі, неабходнымі для барацьбы і жыцця ва ўмовах варожага тылу. На Беларусі падрыхтоўкай да партыз. дзеянняў займаліся парт. органы і камандуючы войскамі БВА Е.П.Убарэвіч. Былі створаны Бабруйскі, Барысаўскі, Мазырскі, Мінскі, Полацкі, Слуцкі партыз. атрады (300—500 чал. кожны) з людзей, якія прайшлі спец. навучанне ў закрытых школах. На чале кожнага атрада быў штаб з вопытных кіраўнікоў (камандзіры К.П.Арлоўскі, С.А.Ваўпшасаў, В.З.Корж, С.А.Макарэвіч, А.М.Рабцэвіч, А.​К.​Спрогіс). Для кожнага атрада ў лясах былі закладзены базы зброі, боепрыпасаў, амуніцыі, харчавання, у т. л. 50 тыс. вінтовак, 150 ручных кулямётаў. У гарадах і на буйных чыг. вузлах былі створаны падп. дыверсійныя групы. Аднак у выніку неабгрунтаваных рэпрэсій у 1937—38 многія падрыхтаваныя партыз. камандзіры і ваен. спецыялісты былі знішчаны (уцалелі тыя, хто на той час знаходзіўся на вайне ў Іспаніі), атрады расфарміраваны, ліквідаваны ўсе базы зброі і боепрыпасаў. Гэтыя страты для абараназдольнасці краіны выявіліся ў пач. Вял. Айч. вайны.

У пач. вайны асн. работа па арганізацыі падп. і партыз. барацьбы вялася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму пры адсутнасці падрыхтаваных кадраў і вопыту барацьбы, што вылілася напачатку ў вял. страты сярод патрыётаў. Асн. задачы партыз. барацьбы былі выкладзены ў дырэктыве СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 29.6.1941 аб стварэнні ў захопленых ворагам раёнах партыз. а радаў і дыверсійных груп, разгортванні партыз. вайны, у т. л. падрыву мастоў, дарог, парушэння тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, падпальвання складоў і інш. ЦК КП(б)Б у дырэктыве ад 1.7.1941 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага» даў канкрэтныя ўказанні па формах арганізацыі, сродках сувязі і мерах канспірацыі, стварэнні невыносных умоў для захопнікаў, зрыве ўсіх іх мерапрыемстваў. Для арганізацыі падполля і партыз. руху ЦК і абкомы КЛ(б)Б пакінулі на месцах 1250 камуністаў, стваралі абл. і раённыя парт. к-ты, цэнтры, тройкі і інш.; усяго накіравалі ў 1941 на акупіраваную тэр. Беларусі каля 8 тыс. камуністаў. Асн. арганізацыйнай і баявой адзінкай партыз. сіл быў партызанскі атрад. Ужо 6.8.1941 камандзірам партыз. атрадаў Ц.П.Бумажкову і Ф.І.Паўлоўскаму першым з сав. партызан было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У перыяд станаўлення партыз. рух перажыў значныя цяжкасці, асабліва зімой 1941—42: не хапала зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў. У 1942 ЦК КП(б)Б накіраваў на тэр. акупіраванай Беларусі 14 партыз. атрадаў і 92 арганізатарскія групы (2600 чал.), падрыхтаваныя на спец. курсах (гл. Асобы беларускі збор). Кадры для партыз. руху і падполля рыхтавалі таксама ў спец. школах падрыўнікоў, радыстаў, сувязных, разведчыкаў. У 1942 імі падрыхтавана і накіравана ў тыл ворага 175 дыверсійных груп (2077 чал.). Разгортванне партыз. руху выклікала ўтварэнне розных партызанскіх фарміраванняў. У студз. 1942 створаны першы партызанскі гарнізон Паўлоўскага ў Акцябрскім р-не, у крас. 1942 — першыя партыз. брыгады, асобна дзейнічалі 258 атрадаў (гл. карту). Амаль усе брыгады падтрымлівалі радыёсувязь з ЦК КП(б)Б, Беларускім штабам партызанскага руху (БШПР) і іх аператыўнымі групамі пры ваен. саветах франтоў. У маі 1942 для цэнтралізацыі кіраўніцтва баявымі партыз. сіламі створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) пры Стаўцы Вярх. Галоўнакамандавання на чале з П.К.Панамарэнкам. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічалі рэсп. і абл. штабы у т. л. БШПР З мэтай паляпшэння аператыўнага кіраўніцтва баявымі дзеяннямі партыз. фарміраванняў, каардынацыі іх дзеянняў з сав. войскамі былі створаны і прыкамандзіраваны да ваен. саветаў 1, 2, 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў аператыўныя групы БШПР. Гэта дазволіла скіраваць барацьбу партызан на максімальную дапамогу Чырв. Арміі, узмацніць удары па тылах ворага, асабліва па чыг. магістралях. У маі 1942 ЦК КП(б)Б зацвердзіў адзіны тэкст Прысягі беларускага партызана. З восені 1942 партыз. рух набыў маштабны характар. Далейшыя задачы барацьбы ў варожым тыле вызначылі: нарада кіраўнікоў парт. падполля, камандзіраў і камісараў партыз. атрадаў і злучэнняў, скліканая ЦК ВКП(б) у Маскве (канец жн. — пач. вер. 1942); загад наркома абароны «Аб задачах партызанскага руху» (5.9.1942); 5-ы пленум ЦК КП(б)Б (26—28.2.1943) з удзелам сакратароў падп. абкомаў і райкомаў КП(б)Б, камандзіраў і камісараў партыз. брыгад і атрадаў. Пленум намеціў праграму дзеянняў партызан, разгледзеў формы арганізацыі партыз. руху. У чэрв. 1943 ЦК КЛ(б)Б прыняў пастанову «Аб мерапрыемствах па далейшым разгортванні партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі» і накіраваў у парт. арг-цыі пісьмо «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР». З мэтай выканання гэтых задач з усх. абласцей у зах. накіроўваліся вопытныя парт. работнікі і арганізатары партыз. руху, партыз. атрады і брыгады. БШПР правёў раянаванне партыз. сіл — размеркаванне атрадаў і брыгад па абласцях і раёнах. Гэта прадугледжвала перабазіраванне шэрагу брыгад у менш насычаныя партыз. сіламі раёны. Барацьба партызан вялася мэтанакіравана, актыўна і арганізавана, мела манеўраны і наступальны характар, узгаднялася з дзеяннямі Чырв. Арміі. Грандыёзныя маштабы набылі баявыя дзеянні партызан у час «рэйкавай вайны». Сярод партызан былі такія майстры падрыўной справы, як Ф.А.Бачыла, М.В.Гойшык, Б.М.Дзмітрыеў, П.І.Кавалёў, П.​І.​Кажушка, А.Ф.Колесава, Ф.П.Котчанка, Ф.Я.Кухараў, Э.В.Лаўрыновіч, А.С.Лукашэвіч, Ф.А.Малышаў, У.А.Парахневіч, Р.А.Такуеў, М.Тапівалдыеў. Партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі, сарвалі спробы акупац. улад выкарыстаць для ваен. перавозу рэкі Бярэзіну, Дняпро, Зах. Дзвіну, Прыпяць, Сож, вывелі са строю Дняпроўска-Бугскі канал (гл. Дняпроўска-Бугская аперацыя 1943). Важнейшым відам барацьбы партызан быў разгром варожых гарнізонаў. На канец 1943 60% акупіраванай тэр. Беларусі ўтрымлівалі і кантралявалі партызаны (гл. Партызанскія зоны). Вял. значэнне ў баявой дзейнасці партызан адыгрывала партыз. разведка. Для забеспячэння перавозак і сувязі з сав. тылам дзейнічалі 41 партыз. аэрадром і 83 пляцоўкі для прыёму парашутыстаў і грузаў. За час акупацыі сав. лётчыкі зрабілі 5945 вылетаў і даставілі ў тыл ворага 2403,4 т розных грузаў, 2626 чал., вывезлі ў сав. тыл каля 9 тыс. чал., у т. л. дзяцей і цяжкапараненых. Важную ролю ў мабілізацыі партызан і насельніцтва на барацьбу з ворагам, актывізацыю баявых дзеянняў адыгрывалі масава-паліт. работа, друкаваныя выданні (гл. Друк падпольны), партызанская мастацкая самадзейнасць, канцэрты бел. артыстаў Л.П.Александроўскай, Р.В.Млодак, Дз.А.Арлова, П.С.Малчанава, І.М.Балоціна, Бел. ансамбля песні і танца і інш., якія трансліравала з сав. тылу радыёстанцыя «Савецкая Беларусь». З набліжэннем Чырв. Арміі партызаны вызвалялі асобныя нас. пункты, праводзілі баявыя аперацыі на чыг. магістралях, узаемадзейнічалі з партызанамі суседніх рэспублік (гл. ў арт. Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан, Музей савецка-польскай баявой садружнасці). У партыз. руху Беларусі прымалі ўдзел антыфашысты з краін Зах. Еўропы: балгары, венгры, немцы, славакі, французы, чэхі і інш. З найб. сілай разгарнуліся баявыя дзеянні партызан у час Беларускай аперацыі 1944, у ходзе якой яны знішчылі больш за 15 тыс. і ўзялі ў палон каля 17 тыс. варожых салдат і афіцэраў. Напярэдадні наступлення Чырв. Арміі ў ноч на 20.6.1944 партызаны падарвалі больш за 40 тыс. чыг. рэек, 29 чэрв. яшчэ 20 тыс., што парушыла работу аператыўнага тылу ворага, 144 партыз. брыгады і 80 асобных атрадаў перашкаджалі адступленню варожых войск, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу Чырв. Арміі зручныя пазіцыі, пераправы, плацдармы, вызвалілі райцэнтры Капыль, Старобін, Узда, Рудзенск, Куранец, Астравец, Ілья, Відзы, Свір, Івянец, Карэлічы, Любча, чыг. станцыі Будслаў, Княгінін, Гудагай і інш., з часцямі Чырв. Арміі — Слуцк, Барысаў, Вілейку, Мінск, Пінск, Асіповічы, Клічаў, Любань, Докшыцы, Лагойск, Смалявічы, Стоўбцы, Чэрвень, Нясвіж, Маладзечна, Навагрудак, Ліду, Лунінец, Плешчаніцы, Капаткевічы, Івацэвічы і інш.; удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных сіл праціўніка, дапамагалі Чырв. Арміі разведданымі. За час вайны ў партыз. руху прымала ўдзел больш за 374 тыс. чал., больш за 400 тыс. чал. складаў скрыты партыз. рэзерв. Свае дасягненні партызаны спалучалі з дзейнасцю патрыятычнага падполля ў нас. пунктах. Па падліках БШПР за 3 гады барацьбы партызаны падарвалі і пусцілі пад адхон варожыя 11 128 эшалонаў, 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыг. станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі і знішчылі каля 19 тыс. аўтамашын, больш за 5,5 тыс. мастоў, разбурылі больш за 7 тыс. км тэлефонна-тэлеграфных ліній, збілі ў паветры і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, падбілі 1355 танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат і 939 ваен. складоў, забілі і паранілі сотні тысяч гітлераўцаў і іх памагатых; захапілі 85 гармат, 278 мінамётаў, 1874 кулямёты, 20 917 вінтовак і аўтаматаў. Страты партызан склалі 44 791 чал. Партыз. рух падрываў і разладжваў тыл ням.-фаш. войск, прымушаў весці барацьбу на 2 франты. З мэтай ліквідацыі партыз. руху і пагрозы сваім войскам у тыле акупанты правялі больш за 140 карных аперацый. Зімой 1943 — вясной 1944 гітлераўскае камандаванне кінула супраць партызан да 11 дывізій вермахта, у 1-й пал. 1944—18 дывізій, у т. л. каля 8 ахоўных. Пасля вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Мінску адбыўся партызанскі парад 1944. Больш за 180 тыс. бел. партызан уліліся ў Чырв. Армію, з іх 13 чал. сталі Героямі Сав. Саюза, 14 — поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Па маштабах, паліт. і ваен. выніках партыз. рух на Беларусі набыў значэнне важнага ваенна-паліт. фактара. Самаадданая барацьба партызан і падпольшчыкаў атрымала ўсенар. прызнанне. Каля 130 тыс. з іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 87 прысвоена званне Героя Сав. Саюза.

СПІС ДА КАРТЫ

Дыслакацыя партызанскіх злучэнняў, брыгад і асобных атрадаў на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (чэрвень 1941 г. — ліпень 1944 г.)

Партызанскія брыгады

Баранавіцкая вобл. 1. 1-я Баранавіцкая, 2. 1-я Беларуская кавалерыйская, 3. 18-я імя Фрунзе, 4. 19-я імя Молатава, 5. 20-я імя Грызадубавай, 6. «25 год БССР», 7. «За Савецкую Беларусь», 8. імя Аляксандра Неўскага, 9. імя Варашылава, 10. імя Дзяржынскага, 11. імя Жукава. 12. імя Кірава, 13. імя Ленінскага камсамола, 14. імя Панамарэнкі, 15. імя Ракасоўскага, 16. імя Сталіна, 17. імя Суворава, 18. імя Чапаева, 19. імя Чкалава, 20. імя Шчорса, 21. «Камсамолец», 22. Ленінская, 23. «Няўлоўныя», 24. «Перамога», 25. «Першамайская», 26. «Уперад».

Беластоцкая вобл. 27. імя Аляксандра Неўскага, 28. імя Кастуся Каліноўскага, 9. імя Панамарэнкі, 30. імя Чапаева, 31. «У імя Радзімы».

Брэсцкая вобл. 32. 8-я, 33. 99-я імя Гуляева, 34. 150-я імя Языковіча, 35. «За Радзіму» імя Флегантава, 36. імя Дзяржынскага, 37. імя Леніна, 38. імя Панамарэнкі, 39. імя Свярдлова, 40. імя Сталіна, 41. імя Чапаева, 42. «Савецкая Беларусь».

Вілейская вобл. 43. 1-я імя Суворава, 44. 2-я імя Суворава, 45. 4-я Беларуская, 46. «За Радзіму», 47. 4-я «За Савецкую Беларусь», 48. імя Будзённага, 49. імя Варашылава, 50. імя Гастэлы, 51. імя Даватара, 52. імя Жукава, 53. імя Калініна, 54. імя Кутузава, 55. імя Леніна, 56. імя Ракасоўскага, 57. імя Фрунзе, 58. імя ЦК КП(б)Б, 59. «Кастрычнік», 60. «Спартак».

Віцебская вобл. 61. 1-я Беларуская, 62. 1-я Беларуская (2-га складу), 63. 1-я Віцебская, 64. 1-я Віцебская (2-га складу), 65. 1-я Дрысенская, 66. 1-я імя Заслонава, 67. 1-я Смаленская, 68. 2-я Беларуская імя Панамарэнкі, 69. 2-я Беларуская імя Панамарэнкі (2-га складу), 70. 2-я Дрысенская, 71. 2-я імя Заслонава, 72. 2-я Ушацкая імя Панамарэнкі, 73. 3-я Беларуская, 74. 16-я Смаленская, 75. Асвейская імя Фрунзе, 76. Багушэўская, 77. Багушэўская (2-га складу), 78. «Граза», 79. Гудкова, 80. «За Савецкую Беларусь», 81. імя Варашылава, 82. імя ВЛКСМ, 83. імя Данукалава, 84. імя Кароткіна, 85. імя Кутузава, 86. імя Леніна, 87. імя Чапаева, 88. імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, 89. Крыўскага, 90. Лепельская імя Сталіна, 91. Лёзненская, 92. Расонская імя Сталіна, 93. Сенненская, 94. Чашніцкая «Дубава», 95. полк Смаленскі.

Гомельская вобл. 96. 1-я Буда-Кашалёўская, 97. 1-я Гомельская, 98. 8-я Рагачоўская, 99. 10-я Журавіцкая, 100. «Бальшавік», 101. Добрушская імя Сталіна, 102. «Жалязняк», 103. імя Панамарэнкі, 104. імя Чапаева, 105. імя Шчорса, 106. Лоеўская «За Радзіму», 107. «Мсцівец», 108. Рэчыцкая імя Варашылава, 109. «Уперад», 110. полк 225-ы.

Магілёўская вобл. 111. 1-я, 112. 1-я Асіповіцкая, 113. 1-я Бабруйская, 114. 1-я Клічаўская, 115. 2-я Клічаўская, 116. 3-я, 117. 3-я Бярэзінская, 118. 4-я Клічаўская, 119. 5-я, 120. 5-я Клічаўская, 121. 5-я Клятнянская, 122. 6-я Магілёўская, 123. 8-я Круглянская, 124. 9-я імя Кірава, 125. 9-я Кіраўская, 126. 11-я Быхаўская, 127. 13-я Касцюковіцкая, 128. 14-я Цемналеская, 129. 17-я, 130. 435-я, 131. 47-я «Перамога», 132. 61-я, 133. 115-я Горацкая, 134. 120-я, 135. 130-я «Помста», 136. 760-я імя Беразоўскага, 137. «Звязда», 138. «Чэкіст», 139. полк 15-ы, 140. полк 113-ы, 141. полк 121-ы імя Касаева, 142. полк 122-і «За Радзіму», 143. полк 152-і, 144. полк 277-ы, 145. полк 425-ы, 146. полк 537-ы, 147. полк 600-ы, 148. полк 810-ы, 149. полк «Трынаццаць».

Мінская вобл. 150. 1-я Антыфашысцкая, 151. 1-я Мінская, 152. 2-я Мінская, 153. 3-я Мінская імя Будзённага, 154. 12-я кавалерыйская імя Сталіна, 155. 25-я імя Панамарэнкі, 156. 27-я імя Чапаева, 157. 32-я імя Калініна, 158. 37-я імя Пархоменкі, 159. 64-я імя Чкалава, 160. 95-я імя Фрунзе, 161. 100-я імя Кірава, 162. 101-я імя Аляксандра Неўскага, 163. 121-я імя Брагіна, 164. 161-я імя Катоўскага, 165. 200-я імя Ракасоўскага, 166. 225-я імя Суворава, 167. 258-я імя Куйбышава, 168. 300-я імя Варашылава, 169. «Беларусь», 170. «Буравеснік», 171. «Дзядзькі Колі», 172. «Жалязняк», 173. «За Савецкую Беларусь», 174. імя Варашылава, 175. імя газеты «Правда», 176. імя Калініна, 177. імя Калініна, 178. імя Кірава, 179. імя Кірава, 180. імя Панамарэнкі, 181. імя Шчорса, 182. Лагойская «Бальшавік», 183. «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага, 184. Нікіціна, 185. «Полымя», 186. «Разгром», 187. «Смерць фашызму, 188. «Стары», 189. «Чырвоны сцяг», 190. «Штурмавая».

Палеская вобл. 191. 2-я Калінкавіцкая, 192. 27-я Нараўлянская, 193. 37-я Ельская, 194. 50-я Жыткавіцкая, 195. 99-я Калінкавіцкая, 196. 100-я Глуская, 197. 101-я Даманавіцкая, 198. 123-я імя 25-годдзя БССР, 199. 125-я Капаткевіцкая, 200. 130-я Петрыкаўская, 201. 210-я Капаткевіцкая, 202. 225-я, 203. Васілевіцкая імя Панамарэнкі, 204. Лельчыцкая, 205. Мазырская імя Аляксандра Неўскага.

Пінская вобл. 206. імя Будзённага, 207. імя Кірава, 208. імя Куйбышава, 209. імя Леніна, 210. імя Молатава, 211. Пінская, 212. «Савецкая Беларусь», 213. полк 208-ы імя Сталіна.

Партызанскія атрады

Баранавіцкая вобл. 214. 21-ы, 215. 125-ы імя Сталіна, 216. 200-ы, 217. 620-ы Дука, 218. 620-ы імя Чапаева, 219. Алыбіна, 220. «Гвардыя», 221. «Громава», 222. Дзенісенкі, 223. імя Жданава, 224. імя Калініна, 225. імя Кірава, 226. імя Кутузава, 227. імя Ленінскага камсамола, 228. Картухіна, 229. «Наватары», 230. Свентаржыцкага, 231. Семянцова, 232. «Слаўны», 233. Сухарукага, 234. Шчарбіны.

Беластоцкая вобл. 235. 550-ы, 236. «Баявы» імя Дунаева, 237. «Вест», 238. «За Радзіму», 239. імя Багдана Хмяльніцкага, 240. імя Будзённага, 241. імя Дзяржынскага, 242. імя Жукава, 243. імя Калініна.

Брэсцкая вобл. 244. 113-ы, 245. 345-ы, 246. 347-ы. 247 Глазінава, 248. «За Радзіму», 249. імя Будзённага, 250. імя Бярэнчыка, 251. імя Валькова, 252. імя Варашылава, 253. імя Варашылава, 254. імя Катоўскага, 255. імя Катоўскага (2-га складу), 256. імя Кірава, 257. імя Кутузава, 258. імя Сталіна, 259. імя Тэльмана, 260. імя Тэльмана, 261. імя Фрунзе, 262. імя Чапаева, 263. імя Чарнака, 264. імя Шчорса, 265. Казлова, 266. Кірылы Іванавіча, 267. Маларыцкі, 268. Манахава, 269. «Паддубнага», 270. «Старшыны», 271. «Сцяг», 272. Топкіна, 273. «Хадакі», 274. «Чэкіст».

Вілейская вобл. 275. Агітацыйны імя Горкага, 276. «Баец», 277. «Баявы», 278. імя Катоўскага, 279. імя Панамарэнкі, 280. імя Сталіна, 282. «Спартак», 282. Суслава, 283. «Трэція».

Віцебская вобл. 284. «Артур», 285. Багушэўскі, 286. Бяляева, 287. «Воранава», 288. «Граза», 289. Гудкова, 290. Гурко, 291. Дзюрбы, 292. Ц.​Я.​Ермаковіча, 293. Заслонава, 294. Захарава, 295. Іванова—Нароенкі, 296. імя Чкалава, 297. «Кастрычнік», 298. Марчанкі, 299. Мехаўскі, 300. «Меч», 301. «Няўлоўныя», 302. Патапенкі (6-ы), 303. «Першыя», 304. Пятрова, 305. Сазыкіна, 306. «Смерць фашызму».

Гомельская вобл. 307. 108-ы імя Катоўскага, 308. 252-і, 309. 257-ы, 310. 258-ы, 311. 259-ы, 312. «Алімп», 313. Гомельскі (сельскі), 314. Добрушскі, 315. «Другія», 316. «Жалязняк», 317. імя Катоўскага, 318. імя Кірава, 319. Каротчыкава, 320. Рагачоўскі, 321. Рэчыцкі, 322. Свяцілавіцкі, 323. Сцефаненкі.

Магілёўская вобл. 324. 1-ы, 325. 2-і, 326. 2-і Хоцімскі, 327. 3-і, 328. 5-ы, 329. 8-ы, 330. 10-ы, 331. 11-ы, 332. 12-ы, 333. 13-ы, 334. 14-ы, 335. 15-ы, 336. 19-ы, 337. 20-ы, 338. 24-ы, 339. 25-ы, 340. 25-ы, 341. 28-ы, 342. 30-ы, 343. 31-ы, 344. 41-ы, 345. 42-і, 346. 43-і, 347. 44-ы, 348. 45-ы «За Радзіму», 349. 48-ы Крычаўскі, 350. 48-ы Прапойскі, 351. 60-ы імя Сядлецкага, 352. 64-ы, 353. 85-ы, 354. 100-ы, 355. 110-ы, 356. 112-ы Горацкі, 357. 113-ы, 358. 115-ы, 359. 121-ы, 360. 122-і «За Радзіму», 361. 124-ы Касцюковіцкі, 362. 152-і, 363. 208-ы імя Сталіна, 364. 210-ы імя Сталіна, 365. 211-ы імя Ракасоўскага, 366. 212-ы імя Сумчанкі, 367. 213-ы «За Савецкую Беларусь», 368. 214-ы імя Калініна, 369. 215-ы імя Леніна, 370. 216-ы імя Панамарэнкі, 371. 225-ы, 372. 277-ы, 373. 278-ы, 374. 309-ы імя Кірава, 375. 340-ы, 376. 346-ы, 379. 537-ы, 380. 538-ы, 381. 540-ы, 382. 600-ы, 383. 720-ы, 384. 721-ы, 385. 810-ы, 386. 820-ы, 387. 830-ы, 388. «Алеся», 389. Ананава, 390. «Анатоля», 391. «Бальшавік», 392. «Бясстрашны», 393. «Валянціна Маёрава», 394. «Васільева», 395. Гарушкіна, 396. Гурскага, 397. Дудаля, 398. Журбы, 399. Казанакава, 400. Кохава, 401. «Макара», 402. Сямёнава, 403. «Чапай», 404. Чэрыкаўскі.

Мінская вобл. 405. Асташонка, 406. Бачкарова, 407. Васілеўскага, 408. Даманавіцкі, 409. М.​Я.​Ермаковіча, 410. Жукоўскага, 411. «Знішчальнік», 412. імя Калініна, 413. імя Калініна, 414. імя Сталіна, 415. імя Сталіна, 416. імя Суворава, 417. Канстанцінава, 418. Кузіна, 419. «Лейтэнанта», 420. «Меркуля», 421. «Мсцівец», 422. «Мясцовыя», 423. «Народныя мсціўцы», 424. Нікіціна, 425. Някрылава, 426. Папова, 427. «Рамана», 428. Самсонава, 429. Слуцкі, 430. «Смерць фашызму», 431. Сяргеева, 432. Яраша.

Палеская вобл. 433. Васілевіцкі, 434. Васілевіцкі, 435. Глускі, 436. Губіна, 437. Даманавіцкі, 438. Ельскі, 439. Жыткавіцкі, 440. імя Варашылава, 441. імя Варашылава, 442. імя Катоўскага, 443. імя Кірава, 444. імя Суворава, 445. імя Чапаева, 446. Калінкавіцкі, 447. Капаткевіцкі, 448. Качышчанскі, 449. Лельчыцкі, 450. Мазырскі, 451. Махнавіцкі, 452. Нараўлянскі, 453. Петрыкаўскі, 454. Сарафанава, 455. Скараднянскі, 456. Тураўскі, 457. Тураўскі «За Радзіму», 458. Хойніцкі, 459. «Храбрацы», 460. «Чорнага», 461. Штабны.

Пінская вобл. 462. Васільева, 463. Ганцавіцкі, 464. Давыд-Гарадоцкі. 465. Іванаўскі, 466. імя Чуклая, 467. «Камарова», 468. Лунінецкі, 469. «Сокалы», 470. Столінскі, 471. Целяханскі.

Літ.:

Пономаренко П.К. Партизанское движение в Великой Отечественной войне. М., 1943;

Волин Б.М. Всенародная партизанская война. М., 1942;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

Уладзімір Лемяшонак.

т. 12, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ І ВАЕ́ННАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ 1918—22,

узброеная барацьба паміж праціўнікамі сав. улады і яе абаронцамі ў Расіі.

Другі Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 25—27.10(7—9.11). 1917 абвясціў пераход усёй улады да Саветаў, утварыў часовы рабоча-сял. ўрад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з У.​І.​Леніным, прыняў дэкрэты аб міры і зямлі. Пераход улады да Саветаў распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. Буржуазія, вышэйшае афіцэрства, чыноўніцтва і інш. Сац. групы выступілі супраць улады бальшавікоў. У гэтай барацьбе ўдзельнічалі кадэты, правыя эсэры, меншавікі, нац. партыі і арг-цыі. 25.10(7.11).1917 прэм’ер-міністр Часовага ўрада А.Ф.Керанскі ўцёк на Паўн. фронт і накіраваў на Петраград корпус ген. П.​М.​Краснова. Барацьбу супраць Сав. улады пачалі казацкія ўрады Дона (К.М.Каледзін), Кубані (А.​Філімонаў), Арэнбурга (А.І.Дутаў). Украінская Цэнтральная рада, абапіраючыся на камандаванне Паўд.-Зах. і Рум. франтоў, нац. часці, 7(20) ліст. стала вярх. органам улады на Украіне, абвясціла незалежную Украінскую народную рэспубліку. Створаны ў Тыфлісе 15(28) ліст. Закаўказскі камісарыят захапіў уладу ў Закаўказзі. Антысав. ўрады былі ўтвораны ў Туркестане і Сібіры. Капіталіст. дзяржавы, занятыя першай сусветнай вайной 1914—18, спачатку не змаглі аказаць рус. буржуазіі эфект. дапамогу, але наладжвалі з ёй сувязі, давалі крэдыты. Асн. узбр. сілай сав. улады была Чырв. гвардыя і рэв. часці старой арміі. У кастр.—ліст. 1917 яны разграмілі мяцяжы Керанскага—Краснова пад Петраградам, юнкераў у Петраградзе, батальёны пад Белгарадам, да пач. 1918 была занята амаль уся Украіна, разбіты войскі атамана Дутава на Паўд. Урале, ліквідаваны антыбальшавіцкія мяцяжы ў Іркуцку, Забайкаллі, Амурскай і Прыморскай абласцях.

Пасля атрымання весткі аб перамозе ўзбр. паўстання ў Петраградзе выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі выдаў загад № 1, у якім заявіў аб пераходзе ўлады да Саветаў. Створаны 27.10(9.11).1917 Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (ВРК) патрабаваў ад усіх арг-цый і грамадзян выконваць толькі распараджэнні СНК і Петраградскага ВРК. Антыбальшавіцкія сілы ў сваю чаргу арганізавалі Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада, утвораная ў выніку рэарганізацыі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый. Барацьба за ўстанаўленне Сав. улады у Беларусі ўскладнялася дзеяннямі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага, якая знаходзілася ў Магілёве. 26.10(8.11). 1917 яна звярнулася да арміі з заклікам выступіць супраць бальшавікоў. Прадстаўнікі кадэтаў, правых эсэраў, меншавікоў і інш. партый спрабавалі стварыць пры Стаўцы агульнарас. ўрад на чале з лідэрам эсэраў В.М.Чарновым. Сав. ўрад зняў ген. М.М.Духоніна з пасады в.а. галоўнакамандуючага. Стаўку занялі сав. войскі на чале з М.В.Крыленкам, які стаў галоўнакамандуючым, быў зменены склад штаба Зах. фронту, распушчаны франтавы камітэт. 26.11(9.12).1917 у Мінску створаны вышэйшы заканад. орган Заходняй вобласці і Зах. фронту — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), а для вырашэння найб. важных пытанняў Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Старыя мясц. органы самакіравання ліквідоўваліся. Беларуская рада, Цэнтральная беларуская вайсковая рада сталі збіраць сілы для барацьбы з новай уладай. Быў скліканы Усебеларускі з’езд 1917 з мэтай вырашэння нац.-дзярж. самавызначэння бел. народа. З’езд быў распушчаны, аднак члены яго Прэзідыума на нелегальным пасяджэнні стварылі Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага з’езда.

16.2.1918 Германія заявіла Сав. Расіі, што тэрмін перамір’я скончыўся, і краіны зноў знаходзяцца ў стане вайны. Ням. войскі пачалі наступаць на ўсім фронце ад Балт. мора да Карпат. Адначасова выступілі і часці 1-га польск. корпуса ген. І.​Р.​Доўбар-Мусніцкага (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), якія разам з атрадамі Вял. бел. рады ў ноч на 20.2.1918 занялі Мінск. 21.2.1918 ням. войскі ўступілі ў Мінск, 24 лют. — у Калінкавічы, 28 лют. — у Рагачоў, Рэчыцу, 1 сак. — у Гомель, 5 сак. — у Магілёў. 21 лют. СНК РСФСР прыняў дэкрэт-адозву «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы». У Беларусі сав. войскі складалі 2 фронты: Зах. (каманд. А.Ф.Мяснікоў) і Зах. па барацьбе з контррэвалюцыяй (каманд. Р.І.Берзін). У пач. сак. 1918 ім удалося спыніць наступленне герм. войск на лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель. У гэтых умовах сав. урад аднавіў перагаворы з Германіяй аб перамір’і, а потым пагадзіўся на заключэнне Брэсцкага міру 1918, у выніку чаго стабілізавалася лінія сав.-герм. фронту. Больш за ​2/3 тэр. Беларусі (Зах. і Цэнтр.) апынуліся пад уладай герм. акупантаў. Мазырскі, Пінскі і Рэчыцкі пав. былі далучаны да гетманскай Украіны. І толькі ва ўсх. паветах Віцебскай і Магілёўскай губ. існавала сав. ўлада. На захопленай тэр. ням. ўлады ўстанавілі жорсткі акупац. рэжым, адмянілі дэкрэты сав. улады, забаранілі дзейнасць партый і грамадскіх арг-цый, якія стаялі на сав. платформе, але дазволілі дзейнасць Саюза зямельных уласнікаў, клерыкальных арг-цый, розных партый ліберальнай арыентацыі. Памешчыкам вернуты іх маёнткі і зямельныя ўладанні. Такая палітыка выклікала супраціўленне бел. народа, у т. л. партыз. і падп. рух. Выканком Рады Усебел. з’езда, які выйшаў з падполля, прыняў Першую Устаўную грамату, у якой абвясціў пра стварэнне 20 лют. ўрада — Народнага сакратарыята Беларусі (старшыня Я.Я.Варонка). 9.3.1918 Выканком прыняў Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь аб’яўлялася незалежнай ад Расіі Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). 25.3.1918 Рада прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнагр. межах пражывання беларусаў. Рада БНР спрабавала рэалізаваць свой дзярж. суверэнітэт пры падтрымцы знешніх сіл. 25.4.1918 яна накіравала тэлеграму герм. кайзеру Вільгельму, у якой выказала сярод іншага гатоўнасць «дасягнення дзярж. незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй». Гэта выклікала востры паліт. крызіс і хвалю пратэсту ў розных колах бел. грамадства. Летам 1918 яе пакінулі рас. эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты. Утварылася некалькі новых партый. У многіх буйных гарадах Беларусі адбыліся забастоўкі, сходы і мітынгі, на якіх прымалі рэзалюцыі з асуджэннем акупац. палітыкі. Да восені 1918 на Беларусі разгарнуўся шырокі партыз. рух (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў 1918—20). Больш за 100 партыз. атрадаў дзейнічала на тэр. Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Мінскага, Рэчыцкага, Слуцкага пав. У Бабруйскім пав. была ўтворана «Рудабельская рэспубліка».

1918 быў надзвычай цяжкім для ўсёй Сав. дзяржавы. Чырв. Арміі даводзілася адначасова весці барацьбу супраць замежных і ўнутр. антысавецкіх сіл. У маі пачаўся Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918. Высадка англ. Дэсанта 6 сак. ў Мурманску стала пачаткам адкрытай замежнай інтэрвенцыі. Антанта разгортвала свае войскі адначасова на Поўначы, Д. Усходзе і ў інш. рэгіёнах. Сав. ўрад для адпору інтэрвентам 4.3.1918 стварыў Вышэйшы ваенны савет, пераўтвораны потым ў Рэўваенсавет Рэспублікі (РВСР), прыняў дэкрэт аб вайсковым абавязку для працоўных, увёў ін-т ваен. камісараў. У жн. 1918 войскі Усх. фронту спынілі наступленне чэхаславакаў і белагвардзейцаў. Але пры падтрымцы Антанты і ЗША актывізавалі дзейнасць антысав. «Саюз абароны радзімы і свабоды» на чале з Б.В.Савінкавым, правакадэцкі манархічны «Нацыянальны цэнтр», кааліцыйны «Саюз Адраджэння Расіі» і інш., якія арганізавалі ў ліп. 1918 антыбальшавіцкія леваэсэраўскія мяцяжы ў Маскве, Яраслаўлі і інш. У Баку (31 ліп.) уладу захапілі эсэры і меншавікі, пала Бакінская камуна, яе кіраўнікі расстраляны (гл. Бакінскія камісары). У Фергане пачалося басмацтва. Добраахвотніцкая армія А.І.Дзянікіна рушыла на Кубань і ў ліп.—вер. захапіла Стаўрапаль, Екацярынадар, Новарасійск. На Усходзе гал. антысав. сілай стала армія адмірала А.В.Калчака. 27.8.1918 кайзераўскі ўрад падпісаў з урадам РСФСР дадатковы дагавор, паводле якога герм. войскі пакідалі частку тэр. Беларусі да р. Бярэзіна. У ліст. 1918 адбылася рэвалюцыя ў Германіі, сав. ўрад ануляваў Брэсцкі мірны дагавор. З выхадам Германіі з вайны правячыя колы Антанты узмацнілі націск на Расію, наносячы ўдары з Поўначы, Усходу і Поўдня. Сав. Расія да восені апынулася ў вогненным кальцы. У краіне панавалі голад, разруха, эпідэміі. 30.11.1918 створаны Савет рабоча-сялянскай абароны на чале з Леніным. Кіраўніцтва краіны прыняло шэраг надзвычайных паліт. і эканам. мерапрыемстваў (манаполія дзяржавы на хлеб, харчразвёрстка, стварэнне камітэтаў беднаты і інш.), якія атрымалі назву палітыкі «ваеннага камунізму». Гэта дало магчымасць умацаваць тыл і пачаць актыўныя баявыя дзеянні. Войскі Усх. фронту перайшлі ў наступленне.

У канцы 1918 герм. войскі сталі адыходзіць з тэр. Беларусі. Чырв. Армія 10.12.1918 уступіла ў Мінск. Да лют. 1919 Зах. армія замацавалася на лініі Вільня — Ліда — Слонім — р.Шчара — Агінскі канал — Сарны. На гэтай тэрыторыі аднаўлялася Сав. ўлада. На парадак дня станавілася пытанне аб дзярж. уладкаванні Беларусі. 17—22.7.1918 на Усерас. з’ездзе бежанцаў у Маскве выказана прапанова аб стварэнні бел. дзяржавы як аўтаномнай часткі Сав. Расіі. 24.12.1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) як суверэннай дзяржавы. 30.12.1918 у Смаленску склікана 6-я Паўн.-Зах. абл. канферэнцыя РКП(б), якая прыняла рэзалюцыю «Аб абвяшчэнні Заходняй Камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай», перайменавала Паўн.-Зах. абл. арг-цыю РКП(б) у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. 31.12.1918 па рэкамендацыі ЦК РКП(б) зацвердзіла склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі на чале з З.​Х.​Жылуновічам. 1.1.1919 быў апублікаваны Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, які абвясціў стварэнне суверэннай БССР і асн. палажэнні яе дзярж. статуса. Тэр. БССР яшчэ не была вызвалена ад герм. войск, а ёй ужо пагражала польская акупацыя (у снеж. 1918 старшыня Часовага нар. ўрада Польскай Рэспублікі Ю.​Пілсудскі заявіў, што Польшча будзе аднаўляцца ў межах Рэчы Паспалітай 1772, куды ўваходзілі і бел. Землі). 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай і Віленскай губ. са сталіцай у Вільні (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. былі пакінуты ў РСФСР). Стварэнне Літбел на граніцы з Польшчай мела на мэце перашкодзіць вайне апошняй непасрэдна з РСФСР. У пач. вясны 1919 пачалося наступленне польскіх войск. Камандаванне фронту і СНК Літбел не здолелі абмежаванымі сіламі арганізаваць абарону рэспублікі. У гэты час асн. сілы Чырв. Арміі, у т. л. з Беларусі, накіроўваліся на Усх. фронт, які лічыўся галоўным. Сяляне не заўсёды падтрымлівалі палітыку «ваеннага камунізму». У многіх месцах, асабліва ў паласе Зах. фронту, успыхвалі сял. хваляванні. Антысав. сілы арганізавалі стракапытаўскі мяцеж 1919 у Гомелі. 17.4.1919 польскія войскі захапілі Ліду, Баранавічы, 21 крас. — Вільню, 8 жніўня — Мінск. У вер. 1919 сав.-польскі фронт стабілізаваўся на лініі ад Дзвінска на Пн па р. Зах. Дзвіна (праз Дрысу да Полацка), каля Лепеля, паварочваў да Барысава, па р. Бярэзіна да Бабруйска і па р. Пціч да Прыпяці. У выніку перагавораў паміж урадамі Пілсудскага і РСФСР было падпісана часовае перамір’е. На акупіраванай тэр. ўлада належала польскай адміністрацыі. Лідэры нац.-дэмакр. партый спрабавалі дамагчыся ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве, заявіўшы аб сваёй польск. арыентацыі. Але Пілсудскі не прызнаў незалежнасць БНР і загадаў распусціць яе Раду. Толькі пры падтрымцы Польскай сацыяліст. партыі (ППС) польскі ўрад даў згоду на правядзенне сесіі Рады БНР, стварэнне бел. войска. Была створана Беларуская вайсковая камісія.

Вясной 1919 пры падтрымцы Антанты супраць Сав. Расіі працягвалі наступаць арміі Дзянікіна, Юдзеніча, Мілера. Але асн. ударнай сілай была армія Калчака, якая наступала з Урала, захапіла Уфу, Бугульму, Бугуруслан і рушыла на Паволжа, каб злучыцца з сіламі на Пд. Усх. фронт (камандуючы С.С.Каменеў) зноў стаў галоўным. Яго Паўд. група армій (камандуючы М.В.Фрунзе) перайшла ў наступленне. У маі 1919 вызвалены Бугуруслан, Бугульма, 9 чэрв. — Уфа.

Жорсткі акупац. рэжым польскіх улад выклікаў супраціўленне шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі. Рэв. сілы ў гарадах аб’ядноўваліся пераважна вакол камуністаў, у сельскай мясцовасці гал. паліт. сілай былі бел. эсэры. У пач. 1920 адбылося аб’яднанне абедзвюх плыней партыз. руху — камуністычнай і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У.М.Ігнатоўскім. Сав. ўрад вёў перагаворы з польскім бокам пра спыненне ваен. дзеянняў і магчымасць прызнання польскай граніцы па лініі сав.-польскага фронту (300 км на У ад т.зв. «Керзана лініі»). Аднак урад Пілсудскага, імкнучыся захапіць усю Беларусь, Украіну і Літву, адмовіўся ад гэтых прапаноў. 25.4.1920 польскія войскі разам з укр. ваен. фарміраваннямі Пятлюры разгарнулі наступленне на ўсім фронце. Яны захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. 14.5.1920 у контрнаступленне перайшла Чырв. Армія, але з-за недахопу сіл вымушана была адысці на зыходныя пазіцыі.

У маі 1919 войскі Юдзеніча прарвалі каля Нарвы сав. фронт і ў пач. чэрв. падышлі да Петраграда. Часці, накіраваныя з Усх. фронту і з рэзерву Гал. камандавання ў чэрв. 1919 адбілі наступленне Юдзеніча. У ліп. спынена наступленне белагвардзейцаў з Пн. У выніку наступлення сав. войск на Паўд. фронце (з 4.1.1919) разбіта Данская армія Краснова. Становішча на Украіне ўскладнялася антыбальшавіцкім паўстаннем на Доне, мяцяжамі Грыгор’ева і Махно. У чэрв. 1919 Дзянікін захапіў Харкаў, Царыцын, уступіў у Данскую вобл., 3 ліп. абвясціў дырэктыву аб наступленні на Маскву. На Усх. фронце Чырв. Армія ў ліп. 1919 заняла Перм, Кунгур, Уральск, Екацярынбург; 5-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім разбіла каля Чэлябінска апошнія рэзервы Калчака. Для цэнтралізацыі ваен. намаганняў і ўмацавання Чырв. Арміі 1.6.1919 ВЦВК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам». У краінах Антанты і ЗША нарастаў рэв. рух, нар. масы выступалі супраць інтэрвенцыі ў Расіі. Калі Францыя актывізавала свае дзеянні на Пд Украіны, у франц. войсках пачаліся бурныя пратэсты. У крас. 1920 адбылося паўстанне на франц. флоце, французы пакінулі Адэсу і Севастопаль, і франц. ўрад заявіў аб спыненні інтэрвенцыі ў Расіі. 13 крас. эвакуіраваны з Закаспія англ. войскі. Стабілізацыя сав.-польскага фронту, паражэнне Калчака, актыўнае супраціўленне сав. войск на Пд вымусілі Дзянікіна накіраваць войскі на Украіну, дзе ён разлічваў на ўзаемадзеянне з палякамі. Армія Дзянікіна (да 110 тыс. чал.) у жн. заняла Правабярэжную Украіну, 10 жн. кав. корпус К.​М.​Мамантава прарваў сав. фронт і пачаў рэйд па тылах. 12 вер. Дзянікін зноў пачаў наступленне на Маскву, у кастр. захапіў Варонеж і Арол. 28 вер. ў наступленне на Петраград перайшла армія Юдзеніча. Чырв. армія да снеж. разбіла асн. сілы Юдзеніча, рэшткі яго арміі раззброены ў Эстоніі. У кастр.—ліст. дзянікінскія войскі разбіты пад Арлом і Варонежам. Паўд. і Паўд.-Усх. франты пачалі агульнае наступленне і да пач. 1920 вызвалілі Данбас, Таганрог, Царыцын, Новачаркаск, Растоў-на-Доне, выйшлі да Азоўскага м. Тэрор дзянікінцаў і вяртанне памешчыкаў выклікалі супраціўленне на Украіне, Кубані, у Чарнаморскіх губ., Дагестане. Казакі адмаўляліся ваяваць за межамі Данской вобл. Тыл дзянікінцаў развальваўся. У лют. 1920 ліквідаваны рэшткі белагвардзейскіх войск на Пд Украіны. У кастр. 1919 сав. войскі пачалі наступленне супраць рэшткаў калчакаўскіх войск, вызвалілі Омск, Краснаярск. На Д. Усходзе створана Далёкаўсходняя Рэспубліка.

Пасля перамогі над войскамі Калчака, Юдзеніча, Дзянікіна Чырв. Армія атрымала магчымасць умацаваць Зах. фронт. 4.7.1920 ударная групоўка (4, 15, 3 і 16-я арміі) перайшла ў наступленне. 11 ліп. вызвалены Мінск, 14 ліп. — Вільня, 19 ліп. — Гродна. У баях за Беларусь асабліва вызначыліся камандзіры Чырв. Арміі С.Я.Грыбаў, І.​Ф.​Шубін, Я.​Ф.​Фабрыцыус. Да жн. 1920 войскі Зах. фронту вызвалілі ўсю тэр. Беларусі (гл. Савецка-польская вайна 1920) і паўстала пытанне аб аднаўленні яе дзяржаўнасці. 6.7.1920 ЦК КП(б)ЛіБ выказаўся за аднаўленне бел. сав. дзяржаўнасці, яго падтрымаў і ЦК РКП(б). Быў створаны Белрэўком на чале з А.Р.Чарвяковым. ЦК КП(б)ЛіБ палічыў магчымым дапусціць да адраджэння бел. дзяржаўнасці нац.-дэмакр. партыі, якія стаялі на сав. платформе. У ходзе перагавораў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам БКА, БПС-Р, Бунда і інш. грамадска-паліт. арг-цый 31.7.1920 выпрацавана «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь», у якой абвяшчалася, што Беларусь будуецца як суверэнная, незалежная рэспубліка ў этнічных межах пражывання беларусаў. Аднак ва ўмовах прадаўжэння польска-сав. вайны БССР аднаўлялася толькі ў межах Мінскай губ. (6 паветаў, 1,6 млн. чал. нас.). Англ. ўрад прапанаваў сав. ўраду заключыць перамір’е з Польшчай, пагражаючы пачаць ваен. дзеянні. Сав. ўрад згадзіўся на перагаворы з урадам Польшчы. Францыя ўзмацніла забеспячэнне польскай арміі. Польскі ўрад разгарнуў кампанію па прапагандзе пагрозы незалежнасці Польшчы з боку Сав. Расіі. На хвалі нацыяналізму ён правёў мабілізацыю і вярбоўку добраахвотнікаў у армію. У выніку польская армія дадаткова атрымала 573 тыс. чал. і больш за 160 тыс. добраахвотнікаў. Да гэтага часу ўскладнілася становішча і на ўрангелеўскім фронце. У ліп. Урангель высадзіў дэсант каля Таганрога, каб ісці на Дон; нанёс паражэнне 13-й арміі і 2-й коннай арміі і вымусіў іх адступіць. 23 ліп. галоўнакамандуючы С.​С.​Каменеў загадаў Зах. фронту да 12 жн. авалодаць Варшавай. 11.8.1920 пачалося наступленне сав. войск на Варшаву (гл. Варшаўская аперацыя 1920). Аднак сіл для авалодання ёю было мала, былі дапушчаны памылкі ў планаванні аперацыі і недаацэнены сілы праціўніка. 18 жн. польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне на ўсім Зах. фронце. Спробы перакінуць сюды падмацаванне з Паўд.-Зах. фронту не змянілі становішча. Арміі Зах. фронту адыходзілі. 4-я армія, дзве дывізіі 15-й арміі і 3-і кав. корпус не змаглі прабіцца на У і былі інтэрніраваны ва Усх. Прусіі. Польскія войскі зноў занялі зах. ч. Беларусі, пачалі наступаць і на Паўд.-Зах. фронце. Але, нягледзячы на ваен. поспехі, становішча Польшчы было цяжкае. Насуперак патрабаванням Антанты прадаўжаць вайну польскі ўрад згадзіўся на перагаворы аб міры. 12.10.1920 у Рызе падпісаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР, Украінай з аднаго боку і Польшчай з другога, паводле якіх зах. ч. Украіны і Беларусі адыходзілі да Польшчы. У ліст. 1920 на тэр. БССР з Польшчы ўвёў сваю армію (20 тыс. чал.) С.Н.Булак-Балаховіч і павёў наступленне ўздоўж Прыпяці. Былі захоплены Петрыкаў, Мазыр, Калінкавічы (гл. Булак-Балаховіча паход 1920). 16 ліст. Чырв. Армія сіламі 4, 10-й і 48-й дывізій Зах. фронту пачала контрнаступленне, узяла Мазыр і да канца ліст. 1920 разбіла асн. сілы арміі Булак-Балаховіча. У гэты ж час адбылося Слуцкае паўстанне 1920. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў 13.12.1920 падвёў вынікі барацьбы з інтэрвентамі і пацвердзіў умовы Рыжскага дагавора. Рыжскі мірны дагавор 1921 юрыдычна замацаваў за Польшчай значную частку бел. зямель — 108 тыс. км² з насельніцтвам за 4 млн. чал. (гл. Заходняя Беларусь) і Зах. Украіну.

Спыненне вайны з Польшчай дало магчымасці Чырв. Арміі разграміць войскі Урангеля. У жн. — вер. 1920 яна вызваліла Кубань. Войскі Паўд. фронту (камандуючы Фрунзе) прымусілі адысці за крымскія ўмацаванні. У ліст. авалодалі ўмацаваннямі Перакопскага перашыйка і вызвалілі Крым. У 1920 сав. ўлада ўстаноўлена ў Сярэдняй Азіі, у сак. 1921 — у Закаўказзі. На Д. Усходзе барацьба з белагвардзейцамі і яп. інтэрвентамі зацягнулася да 1922. Імкнучыся захаваць за сабой Прымор’е, японцы арганізавалі ў маі 1922 контррэв. пераварот. Адначасова з Манголіі ў Забайкалле ўварваліся атрады ген. Р.​Ф.​Унгерна. Сав. войскі разбілі іх. Армія Далёкаўсходняй Рэспублікі (камандуючы В.К.Блюхер) у лют. 1922 разбіла белагвардзейцаў каля Валачаеўкі, у кастр. 1922 пад Спаскам (камандуючы Е.П.Убарэвіч) і вызваліла Уладзівасток. У 1921 падаўлены Антонава паўстанне, Кранштацкае паўстанне 1921, антыбальшавіцкія выступленні на Украіне, Зах. Сібіры і інш.

У ходзе грамадзянскай вайны ў баях, ад тэрору, хвароб і голаду загінула (паводле розных звестак) ад 8 да 13 млн. чал., у т. л. каля 1 млн. байцоў Чырв. Арміі. З Расіі эмігрыравала каля 2 млн. чал. Страты нар. гаспадаркі склалі каля 50 млрд. руб. золатам, прамысл. вытв-сць знізілася да 4—20% ад узроўню 1913, с.-г. вытв-сці скарацілася амаль удвая. У сак. 1921 Дзесяты з’езд РКП(б) абвясціў пераход ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;

Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. 2 изд. М., 1987;

Какурин Н.Е. Как сражалась революция. Т. 1—2. 2 изд. М., 1990;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;

Наше Отечество: Опыт полит. истории. [Т. 1—2]. М., 1991;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

Селиванов П.А. Военная деятельность Советов Белоруссии. 1917—1920 гг. Мн., 1980;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.

П.​А.​Селіванаў, М.​С.​Сташкевіч.

Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Агляд першага Беларускага камуністычнага атрада. Петраград. 1919.
Да арт. Грамадзянсхая вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. М.​І.​Калінін прымае парад на станцыі Гомель. 1919.
Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Аўстра-нямецкія войскі на плошчы Свабоды ў Мінску. 21.2.1918.
Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Атрад камсамольцаў перад адпраўкай на Заходні фронт. Петраград. 1920.

т. 5, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГЕНЦІ́НА (Argentina),

Аргенцінская Рэспубліка (República Argentina), дзяржава ў Паўд. Амерыцы. Абмываецца водамі Атлантычнага ак. Займае паўд.-ўсх. ч. Мацерыка, усх. палову в-ва Вогненная Зямля і суседнія з ёй астравы. Мяжуе на З з Чылі, на Пн з Балівіяй і Парагваем, на ПнУ з Бразіліяй і Уругваем. Падзяляецца на 22 правінцыі, адну федэральную (сталічную) акругу і нац. тэрыторыю Вогненная Зямля; Фалклендскія, або Мальвінскія, а-вы — спрэчная з Вялікабрытаніяй тэрыторыя. Пл. 2,8 млн. км² (8-я па велічыні краіна свету), нас. 33,9 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Буэнас-Айрэс. Афіц. мова іспанская, пашыраны італьян., ням., французская, англ. Нац. святы — гадавіна Майскай рэвалюцыі (25 мая), Дзень незалежнасці (9 ліп.).

Дзяржаўны лад. Аргенціна — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1853 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (46 чал.) і палаты дэпутатаў (254 чл.).

Прырода. Тэр. Аргенціны выцягнута з Пн на Пд на 3700 км (ад 22° да 55° паўд. ш.), з З на У да 1577 км. Берагі слаба парэзаны залівамі Ла-Плата, Эль-Рынкон, Сан-Матыяс, Сан-Хорхе, Баія-Грандэ і інш. У рэльефе вылучаюцца раўніны і нізіны: на Пн і У Гран-Чака, Пампа, Аргенцінскае Міжрэчча; у цэнтр. ч. Лаплацкая нізіна; на Пд Патагонскае пласкагор’е (да 2000 м) з плоскімі столападобнымі паверхнямі — мясетамі; на З Анды з найвыш. пунктам Паўд. Амерыкі гарой Аканкагуа (6960 м), на ПнЗ заходзіць ч. высакагорнага плато Пуна з шматлікімі вулканамі, на ПнУ — Бразільскае пласкагор’е. Клімат раўніннай ч. трапічны і субтрапічны, на Пд — умераны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (студз.) на Пн 28 °C, на Пд 10 °C, самага халоднага (ліп.) адпаведна 18 °C і 1 °C. У гарах клімат умерана халодны. Ападкаў за год ад 100—300 мм у Патагоніі да 1400—1600 мм на ПнУ, на ўсх. схілах Андаў да 5000 мм. Рачная сетка найб. развітая ў нізіннай і вільготнай паўн.-ўсх. ч. краіны. Буйныя паўнаводныя і суднаходныя ў нізоўях рэкі Парана (з прытокам Парагвай) і Уругвай зліваюцца ў агульнае вусце — эстуарый Ла-Плата. Да іх басейна належаць рэкі Пількамайо, Рыо-Бермеха, Рыо-Салада. Рэкі Патагоніі (Рыо-Каларада, Рыо-Негра, Чубут з Рыо-Чыко і інш.) багатыя гідраэнергарэсурсамі. Каля падножжа Андаў шматлікія, пераважна ледавіковыя, азёры Наўэль-Уапі, Буэнас-Айрэс, В’едма, Лага-Архенціна, Фаньена (на Вогненнай Зямлі). Каля 20% тэр. Аргенціны пад вечназялёнымі і лістападнымі лясамі, пераважна ў гарах. На Гран-Чака сухое рэдкалессе на чырвоных глебах, ва Усх. Пампе лугавыя стэпы на чарназёмах (разараныя), у Патагоніі паўпустыні. У фауне шмат відаў, якія невядомы ў краінах Старога Свету: браняносцы, скунсы, магеланаў сабака, пампаскі кот і інш. Шмат птушак і паўзуноў. Найб. нац. паркі: Ігуасу, Лос-Гласьярэс, Ланін, Лос-Алерсес, Наўэль-Уапі і інш.

Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва — аргенцінцы, нашчадкі эмігрантаў з Іспаніі, Італіі, Францыі і інш. краін Еўропы. Жывуць таксама італьянцы, украінцы, беларусы, іспанцы, палякі, немцы, яўрэі і інш. Карэнных жыхароў — індзейцаў — засталося каля 100 тыс. чал.; кечуа, тупі-гуарані і інш. Жывуць каля мяжы з Балівіяй і Парагваем, араўканы, тэхуэльча (патагонцы) — у Патагоніі. Метысаў, што гавораць на мове кечуа, каля 200 тыс. чал. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 12,1 чал. на 1 км² (1994). Большасць сканцэнтравана ў Пампе, менш населеная тэр. на Пд Аргенціны. Гар. насельніцтва 86%, трэцяя частка яго ў Вял. Буэнас-Айрэсе. Іншыя вял. гарады: Кордава, Мендоса, Расарыо, Ла-Плата, Марон, Мар-дэль-Плата, Тукуман, Санта-Фэ.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 66, у жанчын 73 гады. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 25,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Гісторыя. Тэр. Аргенціны заселена чалавекам у 8—7-м тыс. да н.э. Напярэдадні еўрап. заваявання яе насялялі шматлікія індзейскія плямёны, якія знаходзіліся на розных ступенях першабытнага ладу. На ПнЗ жылі дыягіты (кальчакі), што вялі аселы лад жыцця, займаліся земляробствам, будавалі ірыгацыйныя сістэмы, ведалі ткацтва, апрацоўвалі золата і серабро. На ПнУ і ў цэнтры Аргенціны жылі паляўнічыя плямёны. Пазней сюды прыйшлі гуарані, чыёй мовай да гэтага часу карыстаецца сельскае насельніцтва Аргенціны. На тэр. сучасных правінцый Буэнас-Айрэс і Мендоса жылі плямёны пампа; з Паўн. Патагоніі сюды прыходзілі для менавага гандлю качавыя плямёны араўканаў. У 16 ст. тэр. Аргенціны каланізавалі іспанцы. Новыя землі яны назвалі Ла-Плата і ўключылі іх у віцэ-каралеўства Перу. У 1536 канкістадор Педра Мендоса заснаваў пасёлак Пуэрта Санта Марыя дэ Буэнас-Айрэс — будучую сталіцу краіны. У 1617 на тэр. Аргонціны і Уругвая ўтворана губернатарства Ла-Плата. У 1776 б.ч. Аргенціны, Парагвая і Верхняга Перу аб’яднаны ў віцэ-каралеўства Рыа-дэ-ла-Плата. Аселыя на гэтых землях ісп. каланісты (пераважна андалузцы і баскі) асімілявалі мясц. індзейскае насельніцтва, утварыўшы паўд.-амер. тып метысаў. Нашчадкаў ісп. каланістаў і дзяцей ад змешаных шлюбаў са светлай скурай сталі называць крэоламі. Ісп. заваяванне перапыніла самаст. развіццё індзейскіх плямёнаў. Жорсткая іх эксплуатацыя ў рудніках, адцясненне ў больш халодныя раёны і перадгор’і Андаў рэзка зменшылі колькасць мясц. насельніцтва. У абарону яго выступіла каталіцкая царква. У 1610 ордэн езуітаў стварыў для індзейцаў Аргенціны, Парагвая і Уругвая 30 пасяленняў-рэдукцый, дзе яны займаліся земляробствам, знаёміліся з еўрап. культурай. У 17 ст. ў сувязі з недахопам рабочых рук іспанцы пачалі завозіць неграў-рабоў з Афрыкі. Палітыка каланізатараў неаднойчы выклікала нар. хваляванні (1580, 1630, 1657, 1712, 1720, 1770). Шматлікія абмежаванні, якімі метраполія тармазіла сац.-эканам. развіццё Ла-Платы, выклікалі супраціўленне крэолаў. Вайна паўн.-амер. калоній за незалежнасць, франц. рэвалюцыя канца 18 ст., буйныя паўстанні індзейцаў Перу і Чылі стымулявалі вызв. барацьбу і ў Аргенціне. Крызіс ісп. калан. сістэмы спрабавала выкарыстаць Вялікабрытанія. Аднак 2 яе інтэрвенцыі ў 1806—07 пацярпелі паражэнне. У выніку антыісп. паўстання 1810 у Буэнас-Айрэсе скінуты віцэ-кароль і ўлада перайшла да Патрыят. т-ва, якое сфарміравала часовы ўрад Ла-Платы. Гэта паўстанне стала састаўной ч. Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. 9.7.1816 Нац. кангрэс у Тукумане абвясціў незалежнасць Аб’яднаных правінцый Ла-Платы, у 1826 яны пераўтвораны ў Федэратыўную Рэспубліку Аргенціна. Першым прэзідэнтам Аргенціны стаў Б.Рывадавія. У 1829 1835 у Аргенціне ўстаноўлены дыктатарскі рэжым Х.​М.​Росаса, які ў выніку нар. руху ў 1858 1852 быў скінуты. Канстытуцыя 1853 паскорыла працэс аб’яднання краіны. Прагрэсіўна-ліберальныя ўрады Д.​Сарам’ента (1868—74), Н.​Авельянеды (1874—80) правялі шэраг рэформаў. Паступова Аргенціна стала буйным экспарцёрам збожжа. Да пач. 20 ст. ў асн. склалася аргенцінская нацыя. Выразнікам патрабаванняў далейшых пераўтварэнняў стала партыя Грамадз. радыкальны саюз (ГРС), створаная ў 1891. У 1916 яна перамагла на прэзідэнцкіх выбарах і яе ўрады, што кіравалі краінай да 1930, ажыццявілі шэраг рэформаў, нацыяналізавалі нафтавую прам-сць, умацавалі дзярж. сектар, увялі 8-гадзінны рабочы дзень. З 1930 да 1946 краінай правілі ваен. рэжымы. На прэзідэнцкіх выбарах 1946 перамог лідэр хустысіялісцкага руху (гл. Хустысіялізм) Х.Д.Перон, які правёў новыя рэформы. У выніку ваен. перавароту ў вер. 1955 Перон скінуты, і да 1983 Аргенцінай правілі пераважна ўрады ваенных. Гады праўлення апошняга ваен. рэжыму пазначаны абвастрэннем унутр. і знешняга становішча, што найб. выявілася ў англа-аргенцінскім канфлікце 1982 за Фалклендскія (Мальвінскія) а-вы. У выніку выбараў 1983 прэзідэнтам Аргенціны стаў Р.Альфансін ад партыі ГРС. Пагаршэнне эканам. сітуацыі ў краіне вылілася ў сац. хваляванні. На выбарах 1989 перамог кандыдат ад Хустысіялісцкай партыі К.​Менем. Ён аднавіў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй, умацаваў сувязі з дзяржавамі ЕЭС; Аргенціна выйшла з Руху недалучэння і арыентуецца на пазіцыю ЗША і інш. развітых краін. У 1991 падпісана пагадненне з Бразіліяй, Парагваем і Уругваем пра ўтварэнне паўд.-амер. агульнага рынку. На выбарах у 1995 прэзідэнтам краіны зноў выбраны К.​Менем. Аргенціна — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамерыканскай асацыяцыі інтэграцыі і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 6.11.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Хустысіялісцкая партыя, Грамадз. радыкальны саюз, Саюз дэмакр. цэнтра, Хрысц.-дэмакр. партыя. Адзіны праф. цэнтр краіны — Усеагульная канфедэрацыя працы.

Гаспадарка. Аргенціна — адна з найб. развітых у эканам. адносінах краін Лац. Амерыкі. Валодае разнастайнымі прыродна-эканам. рэсурсамі, урадлівымі землямі, энерганосьбітамі (нафта, газ, гідраэнергія, найб. ў Лац. Амерыцы запасы уранавых рудаў) і інш. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае 112 млрд. дол. (1992), 3,4 тыс. дол. на душу насельніцтва, што прыкладна ўдвая перавышае сярэдні ўзровень па рэгіёне.

Прамысловасць. Аснова эканомікі — высокаразвітая апрацоўчая прам-сць, дае каля 24% ВУП і амаль цалкам забяспечвае патрэбы краіны. Каля 50% кошту прамысл. прадукцыі дае чорная металургія (выплаўка чыгуну і сталі, пераважна на прывазной сыравіне), каляровая металургія (выплаўка свінцу, цынку, алюмінію), маш.-буд. (аўта-, трактара-, судна- і станкабудаванне, с.-г. машыны), нафтаперапр., нафтахім. і хім. прам-сць. Развіта вытворчасць трубаў, электратэхн., цэлюлозна-папяровая, цэментная прам-сць. У Аргенціне раней, чым у інш. краінах Лац. Амерыкі, узніклі галіны, звязаныя з высокімі тэхналогіямі (электронная, атамная). Удзельная вага традыц. галін прам-сці — харчасмакавай (тытунёвая, вытв-сць парагвайскага чаю матэ) і тэкстыльнай — знізілася. Вельмі развіта харч. прам-сць (мясная, цукровая, маслабойная, кансервавая, мукамольная, вінаробчая і інш.). Значная гарбарна-абутковая прам-сць. У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча нафты і прыроднага газу, поліметалічных, уранавых, жалезных, марганцавых, медных, берыліевых і вальфрамавых рудаў, а таксама вугалю. У 1992 выпрацавана 51,4 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі (каля 48% на ЦЭС, 46% на ГЭС, 5% на АЭС). Буйныя прамысл. цэнтры: Буэнас-Айрэс (каля паловы прамысл. прадукцыі), Кордава, Ла-Плата, Расарыо, Санта-Фэ, Мендоса, Баія-Бланка, Саратэ і інш.

Сельская гаспадарка. Разам з рыбалоўствам дае 15% ВУП і забяспечвае краіну харч. прадуктамі і большай ч. сыравіны. Спецыялізацыя — таварная вытв-сць мяса і збожжа. Каля 75% зямельнага фонду належыць буйным латыфундыям (больш за 1000 га). Плошча с.-г. угоддзяў каля 180 млн. га, з іх 20% — ворныя землі. Асн. галіна — жывёлагадоўля: буйн. раг. жывёла мяснога кірунку і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Развіта птушкагадоўля. Земляробства канцэнтруецца ў Пампе. Асн. с.-г. культуры: пшаніца, кукуруза, ячмень, авёс, сланечнік. Вырошчваюць лён, жыта, цукр. трыснёг, цукр. буракі, сою, рыс, чай, бавоўнік, люцэрну, бульбу, тытунь, арахіс, вінаград, аліўкавыя і тунгавыя дрэвы, цытрусавыя. Вакол вял. гарадоў — агародніцтва, садаводства, малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля.

Транспарт. У знешніх перавозках гал. роля належыць марскому транспарту, ва ўнутраных — аўтамабільнаму. Найб. марскія парты: Буэнас-Айрэс, Ла-Плата, Расарыо, Баія-Бланка, Сан-Нікалас, Камадора-Рывадавія, Санта-Фэ, Мар-дэль-Плата. Даўж. аўтадарог 575 тыс. км, 55 тыс. км асфальтаваныя, чыгунак 37 тыс. км. У Аргенціне 10 міжнар. аэрапортаў, найбольшы ў Буэнас-Айрэсе. Каля 80% экспарту складае с.-г. прадукцыя: мяса, мясапрадукты, воўна, скуры, збожжа, маслічныя, малочныя прадукты, дубільны экстракт з кебрача, чай. Экспартуюць таксама абсталяванне, вальфрам. Імпарт: машыны, прамысл. абсталяванне, сыравіна, нафтапрадукты, паліва. Гандл. партнёры: ЗША, Бразілія, Балівія, Германія, Італія, Японія, Нідэрланды і інш. Беларусь у 1993 экспартавала ў Аргенціну грузавыя аўтамабілі, трактары, з Аргенціны прывозіла с.-г. прадукты. Грашовая адзінка — песа.

Узброеныя сілы Аргенціны ўключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 83 тыс. чал. (1991) і складаюцца з сухап. войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (45 тыс. чал.) зведзены ў 4 армейскія корпусы, маюць на ўзбраенні танкі і інш. бранятэхніку, артылерыю, ракеты і інш. У складзе ВПС (13 тыс. чал.) 10 авіяц. брыгад (143 баявыя, 164 дапаможныя самалёты, 45 верталётаў). ВМС (25 тыс. чал.) уключаюць флот, авіяцыю ВМС і падраздзяленне марской пяхоты (3 тыс. чал.); 36 баявых караблёў (1 авіяносец, 6 эсмінцаў, 7 фрэгатаў, 4 падводныя лодкі, 12 патрульных караблёў і 6 тральшчыкаў), 67 катэраў, 38 дапаможных суднаў, 33 самалёты і 24 верталёты марской авіяцыі. Камплектуюцца ўзбр. сілы паводле закону аб усеагульнай воінскай павіннасці, прызыўны ўзрост — 18 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы ў сухапутных войсках і ВПС — 1 год, у ВМС — 14 месяцаў. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. вучылішчах, а таксама за мяжой. Ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з жандармерыі (ваен. паліцыя, 13 тыс. чал.) і берагавой аховы (9 тыс. чал.). Агульная колькасць рэзерву — 377 тыс. чал. (1987).

Асвета, навуковыя ўстановы. Паводле закону аб адукацыі 1976 сістэма адукацыі ў Аргенціне ўключае ўстановы дашкольнага выхавання для дзяцей 3—5 гадоў, абавязковую (пачатковую) школу (7 гадоў навучання) для дзяцей 6—12 гадоў, сярэднюю (5—7 гадоў навучання) з двума цыкламі: 3-гадовым базавым (8—10 кл.) і 2—4-гадовым агульнаадук. або спец. навучаннем (у залежнасці ад тыпу сярэдняй навуч. установы ці ВНУ). У 1989/90 навуч. г. дашкольныя дзіцячыя ўстановы (існуюць пры пач. школах) наведвала 720 тыс. дзяцей, у пач. школах займаліся 4,9 млн. вучняў, працавалі 252 тыс. настаўнікаў, у сярэдніх — каля 2 млн. вучняў і 262 тыс. выкладчыкаў. Вышэйшую адукацыю ў Аргенціне даюць у асноўным ун-ты (больш за 50), а таксама ін-ты і вышэйшыя каледжы. Каля паловы прыватных ВНУ кантралюе каталіцкая царква. У 1989/90 навуч. г. ў ВНУ займалася каля 903 тыс. студэнтаў, працавала каля 70 тыс. выкладчыкаў. Найбольшыя ун-ты: у Буэнас-Айрэсе (з 1821), Кордаве (з 1613), Ла-Плаце (з 1884), Санта-Фэ (з 1919), Мароне (з 1960) і інш. Найбольшыя б-кі: Нац. б-ка (з 1810), б-ка ун-та ў Буэнас-Айрэсе, Нац. кангрэса (з 1859). Музеі: прыродазнаўчых навук (з 1823), Нац. гістарычны (з 1889), Нац. музей прыгожых мастацтваў (з 1895), школьны імя Сарм’ента (з 1910, усе ў Буэнас-Айрэсе), прыродазнаўча-гістарычны ў Мендосе (з 1911) і інш. Навуковыя даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях навук, НДІ пры ун-тах і ін-тах, у навук. т-вах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Аргенціне выходзіць 227 перыяд. выданняў агульным тыражом 2,75 млн. экз. (1990). Найбуйнейшыя газетныя выданні: «Clarin» («Гарніст», з 1945), «Cronica» («Хроніка», з 1963). Агенцтвы друку: Тэленатысіёса Амерыкана (з 1945), Дзыстрыбуідора Аргенціна дэ Натыскас (прыватнае інфарм. агенцтва, з 1964), Дыярыас і Натысіяс (з 1982). Дзейнічаюць 37 дзярж., 3 прыватныя і 72 мясц. радыёстанцыі. Галоўныя: Радыё Эль Мунда, Радыё дэль Плата, Радыё Насьёналь. 14 дзярж. тэлестанцый, 28 прыватных тэлеканалаў.

Літаратура. Літ. помнікі карэннага індзейскага насельніцтва Аргенціны не захаваліся. Творы калан. перыяду (пач. 16 — пач. 19 ст.) — гіст. хронікі Р.​Дыяса дэ Гусмана, М. дэль Барка Сентынеры (л-ры Ла-Платы). У гады нац.-вызв. руху (1810—16) панаваў рэв.-патрыят. класіцызм (Х.​Крус Варэла, Б. дэ Мантэагуда). Пасля абвяшчэння незалежнасці Аргенціны ідэйна-маст. кірункам у л-ры стаў рамантызм (Х.​М.​Гуцьерэс, Э.​Эчыверыя, Х.​Мармаль). Маст.-філас. твор «Факунда» (1845) Д.​Ф.​Сарм’ента лічыцца шэдэўрам арг. рамант. школы. Гіст. раман «Амалія» (1855) Х.​Мармаля — першы нац. раман. Да канца 18 ст. склаліся традыцыі фальклору гауча (жыхароў Пампы). На іх аснове развіваецца ўласнаарг. «л-ра гауча» (І.​Аскасубі, Э. дэль Кампа, Р.​Аблігада). Яе вяршыня — эпічная паэма Х.​Эрнандаса «Марцін Ф’ера» (ч. 1—2, 1872—79), адметная рысамі кастумбрызму (апісанне побыту і нораваў). Імкненне да рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці характэрна для твораў прадстаўнікоў кастумбрысцкай л-ры (2-я пал. 19 ст.) Л.​В.​Лопеса, Л.​Кане, Э.​Вільдэ, К.​Гіда-і-Спана. З пач. 20 ст. ўзмацніліся пазіцыі рэалізму [Х.​Мартэль, Э.​Камбасерас, Ф.​Моча (Х.​С.​Альварэс), Р.​Х.​Пайра, Ф.​Санчэс, Б.​Лінч, М.​Гальвес], мадэрнізму і постмадэрнізму (Л.​Лугонес, Э.​Лаэрта, Б.​Фернандэс Марэна, Э.​Карыега, А.​Сторні, Э.​Банчс, Р.​А.​Арыета, Э.​Марцінес Эстрада і інш.). Вялікі ўплыў на развіццё літ. жыцця 1920-х г. зрабілі літ. аб’яднанні «Фларыда» (адстойвала «чыстае» мастацтва: Х.Л.Борхес, Э.​Мальеа, Л.​Марычаль) і «Баэда» (выступала за «мастацтва для жыцця»: А.​Юнке, Р.​Арльт, Р.​Гансалес Туньён). У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у развіццё арг. і сусв. л-ры зрабілі Х.​Картасар, Х.​Л.​Борхес, Э.​Сабата і інш.

Архітэктура. У калан. перыяд архітэктура развівалася ў гарадах, што ўзніклі на шляхах пранікнення ў краіну іспанцаў. Выраслі гарады Буэнас-Айрэс, Кордава, Санта-Фэ і інш. з прамавугольнай сеткай вуліц, на гал. плошчы якіх узводзіліся сабор, ратуша, палац губернатара, арсенал. Архітэктура 17 ст. вызначалася прастатой і манументальнасцю (арх. Х.​Краус, А.​Бланкі, Х.​Б.​Прымалі). Найб. характэрны помнік гэтага перыяду царква Кампанья ў Кордаве (праект інж. Ф.​Лемера, 1649—90). З 18 ст. панавалі барока і класіцызм (царква Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес), у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектызм і стылізацыя. У 1920-я г. склаліся рацыяналістычныя тэндэнцыі (арх. А.​Вірасора, В.​Акоста, Х.​Віванка, А.​Банет, А.​Вільямс). З 1940—50-х г. архітэктары звяртаюцца да арган. архітэктуры, развітых прасторавых і структурных кампазіцый, выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (А.​Агасціні, Х.​Сальсон, К.​Тэст, А.​Гайда, Э.​Лестан, Э.​Амбаш і інш.).

Выяўленчае мастацтва. Да каланізацыі Аргенціны ў 16 ст. было развіта мастацтва карэннага насельніцтва — індзейцаў (ткацтва, кераміка, культавая скульптура з каменю, дрэва і гліны, ювелірныя вырабы). У каланіяльны перыяд выяўл. мастацтва ў асн. было рэлігійнае (разнымі дэкар. скульптурамі ўпрыгожвалі алтары-рэтабла, кафедры); развіваўся і свецкі жывапіс (гал. чынам партрэт). Пасля вызвалення Аргенціны ад ісп. панавання (1816) пад уздзеяннем заходнееўрап. мастацтва сталі развівацца жывапіс, скульптура, графіка (літограф-жанрыст К.​Марэль, пейзажыст П.​Пуэйрэдон, скульптар Л.​Карэа Маралес, жывапісец-рэаліст Э.​Сіворы). На пач. 20 ст. распаўсюдзіўся імпрэсіянізм (жывапісцы Х.​Бутлер, П.​Куіда, М.​Мальяра, П.​Сонса Брыяна, Ф.​Фадэр, скульптары Р.​Іруртыя і інш.). У 1929 Р.​Сольдзі стварыў «авангардысцкую школу» (Э.​Петаруці, Р.​Форнер), якая садзейнічала развіццю авангардных плыняў (Х.​Ле Парк, А.Берні, М.​Мінухін, Э.​Майк-Інтайр, Р.​Максіо). Вострыя сац. праблемы, жыццё народа адлюстроўваюць жывапісцы Х.К.Кастаньіна, Л.​Э.​Спілімберга, Б.​Кінкуэла Марцін, графікі А.​Р.​Віга, А.​Брыес, разьбяры А.​Сібеліна, С.​Фітула.

Музыка. У нар. музыцы Аргенціны пераважае крэольскі фальклор. Музыка індзейцаў-абарыгенаў захавалася толькі на ПдЗ краіны. Сярод песень і танцаў індзейцаў — араві, уайна, карнаваліта; муз. інструменты — кена, пінкілья, сіку і інш. Крэольскі муз. фальклор (песні — яраві, трыстэ, тона, эсціла, танцы — самакуэка, байлесіта, куанда і інш., мастацтва нар. паэтаў-спевакоў — паядораў) дасягнуў росквіту ў 19 ст. Прафес. муз. школа складваецца з канца 19 ст. пад уплывам еўрапейскіх, пераважна італьянскіх, жанраў і стыляў. Яе заснавальнік К.Вільямс. У канцы 19 ст. з’явіўся жанр оперы (А.​Беруці). У 1929 арганізавана «Група музычнага абнаўлення». Працуюць кампазітары браты Х.М. і Х.​З.​Кастра, Х.​Фішэр, Х.​Пас, А.Хінастэра, Ф.​Кропфль і інш. Муз. Цэнтр Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе дзейнічаюць: оперны т-р «Калон» (1908); аркестры філарманічны, Нац. сімфанічны, Нац. радыё; Нац. і Муніцыпальная кансерваторыі; Лац.-амер. цэнтр муз. даследаванняў «Тарквата ды Тэлья» і інш.

Тэатр. Першы т-р у Буэнас-Айрэсе адкрыты ў 1783. У 1880-я г. ўзнік жанр рамант. меладрамы, т.зв. «тэатр гауча», гал. герой якога — селянін-пастух (гауча), ахвяра сац. несправядлівасці. На пач. 20 ст. вял. значэнне для развіцця нац. т-ра мела рэаліст. творчасць драматурга Ф.​Санчаса. У 1920-я г. ў процівагу камерцыйным узніклі «незалежныя» т-ры, якія вывучалі вопыт еўрап. т-ра, ставілі п’есы нац. драматургаў А.​Кусані, А.​Драгуна, К.​Гарастыса, творы класічнай і тагачаснай драматургіі. Цэнтр тэатр. жыцця Аргенціны — Буэнас-Айрэс, дзе працуюць незалежныя («Эль-Пуэбла», «Новы тэатр», «Ла Маскара») і камерцыйныя т-ры (Нац. т-р камедыі, «Архенціна» і інш.), Нац. ін-т вывучэння т-ра. Сярод рэжысёраў і акцёраў: А.​Баэра, П.​Аскіні, М.​Села, Л.​Сандрыні, Ф.​Петроне.

Кіно. Упершыню кіназдымкі ў Аргенціне адбыліся ў 1897. У 1908 зняты першы маст. фільм «Расстрэл у Дарэга» (рэж. М.​Гальа). Фільм «Танга смерці» (1917, рэж. Х.​А.​Ферэйра) паклаў пачатак серыі карцін, сюжэтна звязаных з папулярным у краіне танцам танга. У 1940—50-я г. найб. поспех мелі муз. камедыі з удзелам Л.​Торэс, лепшая з якіх — «Узрост кахання» (1953, рэж. Х.​Сарасэні). У 1950-я г. ў кіно прыйшло новае пакаленне рэжысёраў: Р.​Куін, Л.​Муруа, Л.​Фавіа, Х.​Марцінес Суарэс, творчасць якіх атрымала назву «новае аргенцінскае кіно». У 1956 заснавана Школа дакумент. кіно пад кіраўніцтвам Ф.​Біры. Вядомыя рэжысёры: Л.​Нільсен, Ф.​Э.​Саланас, Д.​Ліпшыц, Л.​Пуэнца.

Беларусы ў Аргенціне. Бел. дыяспара ў Аргенціне склалася з некалькіх значных эміграц. хваляў з Беларусі. Гэтаму спрыялі і адпаведныя законы Аргенціны: яе ўрад даваў усім эмігрантам роўныя правы, вызваляў іх ад падаткаў і г.д. Прадстаўнікамі 1-й эміграц. хвалі з Беларусі (канец 19 ст. — 1914, каля 300—400 тыс. чал.) былі сяляне пераважна з Гродзенскай і Віленскай, з 1905 — Мінскай і інш. усх. губерняў (асн. іх ч. пазней вярнулася на Бацькаўшчыну). У час 2-й хвалі эміграцыі ў 1921—39 з Зах. Беларусі каля 40 тыс. чал. перасяліліся ў правінцыі Масіёнес, Мэндэра, Сан-Жуан, каля 60 тыс. — у Буэнас-Айрэс і яго ваколіцы. У 1934 у Буэнас-Айрэсе склалася першае бел. культ.-асв. т-ва «Грамада», у 1935 — «Культура», у 1937 — «Т-ва бібліятэкі імя Івана Луцэвіча», у 1938 — Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», у 1939 — «Док Суд», Бел. культ. т-ва ў г. Берысо. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю бел. арг-цый у Аргенціне, дзейнасцю якой кіравала ўправа на чале з М.​Мярэчкам, У.​Гайлевічам і Я.​Пятрушакам; выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». У пач. 2-й сусв. вайны пры Федэрацыі створаны Бел. дэмакр. к-т, які праводзіў збор дабрачынных ахвяраванняў; у 1943 з аналагічнымі мэтамі ўтвораны Славянскі саюз Аргенціны. У час 3-й хвалі ваен.-паліт. эміграцыі ў 1946—53 бел. дыяспара павялічылася прыкладна на 1—1,5 тыс. чал. Яе прадстаўнікі заснавалі альтэрнатыўнае даваен. т-ва Згуртаванне беларусаў Аргенціны (ЗБА; 1948—57, старшыня К.​Мярляк), якое ў 1948 увайшло ў Антыкамуніст. славянскую лігу. ЗБА актыўна выступала супраць намаганняў пасольства СССР у Аргенціне прадстаўляць інтарэсы Беларусі. У 1949—54 у Аргенціне працавала прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з Мерляком. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страчваюць сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. У сувязі з рэпатрыяцыяй прыхільнікаў бел. нац. ідэі з ліку прац. эміграцыі (каля 15 тыс. чал.), выездам прадстаўнікоў ваенна-паліт. эміграцыі ў ЗША бел. нац. змястоўнасць ў грамадска-культ. жыцці суайчыннікаў амаль знікае. Паступова ліквідуецца і адна з найбуйнейшых арг-цый «Белорусский очаг» (з 1951, налічвала 15—18 тыс. пераважна сав. грамадзян). З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны» (больш за 2 тыс. чал.), куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У сучаснай бел. дыяспары Аргенціны каля 150 тыс. прадстаўнікоў бел. эміграцыі розных пакаленняў.

Літ.:

Пименова Р.А. Аргентина. М., 1987;

Культура Аргентины. М., 1977;

Arte argentino contemporaneo: [Catalogo]. Madrid, 1976.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя), Х.-К.​Папок (літаратура), А.​А.​Гарахавік (музыка), Л.​М.​Зайцава (кіно), Т.​А.​Папоўская (беларусы ў Аргенціне).

Герб і сцяг Аргенціны.
Аргенціна. Статак авечак у Патагоніі. Правінцыя Санта-Крус.
Аргенціна. Пейзаж аргенцінскай Пуны.
Аргенціна. Нацыянальны парк Наўэль-Уапі.
Аргенціна. Горад Кордава.
Да арт. Аргенціна. Спартыўная зала-басейн у Буэнас-Айрэсе. Арх. Э.​Лестан. 1988.
Да арт. Аргенціна. Руіны царквы Сан-Ігнасіо ў правінцыі Місьёнес. 18 ст.
Да арт. Аргенціна. Э. Петаруці. Квінтэт. 1927.

т. 1, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРБАЙДЖА́Н, Азербайджанская Рэспубліка. Размешчана ў паўд.-ўсх. ч. Закаўказзя, мяжуе на Пн з Расіяй, на ПнЗ з Грузіяй, на ПдЗ з Арменіяй і Турцыяй, на Пд з Іранам. Пл. 86,6 тыс. км² (разам з а-вамі Каспійскага м.). Нас. 7,3 млн. Чал. (1992). Дзярж. мова азербайджанская. Пануючая рэлігія — іслам. Сталіца — г. Баку. У склад Азербайджана па канстытуцыі ўваходзяць Нахічэванская аўт. рэспубліка і тэр. Нагорнага Карабаха. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (28 мая).

Дзяржаўны лад. Азербайджан — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1978 з больш познімі дадаткамі і папраўкамі. Канстытуцыйным актам 18.10.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць краіны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Дзейнасць Вярх. Савета часова прыпынена, дэпутацкія паўнамоцтвы і статус усіх парламентарыяў захаваны на тэрмін іх выбрання. Вышэйшы орган заканад. улады з 18.5.1992 — Мілі меджліс — пастаяннадзеючы парламент з 50 дэпутатаў на чале са Старшынёй. Вышэйшы орган выканаўчай улады — Кабінет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Амаль палова тэр. Азербайджана — горы: Вялікі Каўказ — хрыбты Галоўны (г. Базардзюзю, 4466 м — найвышэйшы пункт Азербайджана) і Бакавы (г. Шахдаг, 4243 м); Курынская ўпадзіна — вял. міжгорны прагін, які займае Кура-Араксінская нізіна (28 м ніжэй за ўзр. м.); Малы Каўказ — сістэма складкавых хрыбтоў паміж рэкамі Кура і Аракс (г. Гямыш, 3724 м); Талышскія горы — займаюць паўд.-ўсх. ч. рэспублікі (г. Кюмюркёй, 2477 м). Уздоўж Каспійскага м. цягнецца вузкая паласа Ленкаранскай, на Пн — Самур-Дывічынскай нізін. Узбярэжжа (працягласць 800 км) парэзана слаба. Найб. паўастравы — Апшэронскі, Курынская каса, Сара. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Апшэронскі п-аў, Кура-Араксінская нізіна, акваторыя Каспійскага м. каля в-ва Арцёма, Нафтавыя Камяні і інш.), алуніты (Заглік), жал. руда (Дашкесан), серны калчадан (Чырагідзорскае і Таганалінскае радовішчы), барыт (Чаўдарскае радовішча), поліметалічныя, хромавыя і кобальтавыя руды (М.​Каўказ), руды мыш’яку, свінцова-цынкавыя і малібдэнавыя (Нахічэвань) і інш. Шмат мінер. і тэрмальных крыніц, ёсць радовішчы лекавай нафты (Нафталан), буд. і абліцовачнага каменю, мармуру, гіпсу, мелу, сыравіна для вытв-сці шкла і цэменту. Клімат Азербайджана сухі субтрапічны на Кура-Араксінскай і Самур-Дывічынскай нізінах (сярэдняя т-ра студз. 1—3 °C, ліп. 26—27 °C, гадавая колькасць ападкаў 200—300 мм); вільготны субтрапічны на Ленкаранскай нізіне (сярэдняя т-ра студз. 3—4 °C, ліп. 26—28 °C, ападкаў за год 1900 мм — найб. колькасць у Азербайджане). У гарах высакагорны клімат падпарадкаваны вышыннай занальнасці (сярэдняя т-ра студз. на выш. больш за 2000 м -10 °C, ліп. да 5 °C, 600—800 мм ападкаў за год, 1400 мм на паўд. схілах В.​Каўказа). Каля 1250 рэк, з іх 24 даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі Кура і Аракс (крыніцы арашэння), значныя — Самур, Тэртэр, Арпа. Больш за 250 азёраў, найб. Гаджыкабул і Беюкшор; высакагорнае воз. Гёйгёль. На р. Кура створана Мінгечаурскае вадасх. (525 км²), ад яго пачынаюцца Верхнекарабахскі і Верхнешырванскі арашальныя каналы. Глебы на нізінах (да выш. 200 м) шэразёмныя і бурыя паўпустынныя з саланцаватымі і саланчаковымі ўчасткамі, паўпустыннай расліннасцю (палын, салянкі, эфемеры), у перадгор’ях (300—500 м) — каштанавыя і карычневыя, на схілах гор — карычневыя і бурыя горна-лясныя глебы, на якіх растуць шыракалістыя лясы (бук, граб, дуб, каштан). Вышэй за 2000 м пояс горна-лугавых і дзярновых глебаў; разнатраўныя субальпійскія і альпійскія лугі — летнія пашы. У Талышскіх гарах захаваліся рэлікты трапічнай флоры: дэмірагач (жалезнае дрэва), самшыт, дзельква, гледычыя і інш. Жывёльны свет налічвае больш за 12 тыс. відаў: джэйран, дзік, дагестанскі тур, марал, дзікабраз, барсук, чаротавы кот; з птушак — турач, кеклік, фазан і інш. Каспій і Кура багатыя каштоўнай рыбай (ласось, асетр, сяўруга і інш.). Буйнейшыя запаведнікі: Закатальскі, Кызылагаджскі, Турыянчайскі, Шырванскі, Эльдарскі.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — азербайджанцы (больш за 82%); жывуць таксама рускія, армяне, лезгіны, аварцы, татары, цахуры, туркі, курды і інш. Сярэдняя шчыльнасць 85,8 чал. на 1 км² (1992), найб. шчыльна заселены Апшэронскі п-аў і прыгарадная зона Баку (150—300 чал. на 1 км²), некаторыя раўнінныя і перадгорныя часткі. Гар. насельніцтва складае 54%. Буйн. гарады (1990): Баку (1149 тыс. ж.), Гянджа (281 тыс. ж.), Сумгаіт (235 тыс. ж.), Мінгечаур, Шэкі.

Гісторыя. Першыя пасяленні чалавека на тэр. Азербайджана адносяцца да эпохі палеаліту. З часоў неаліту тут вядома земляробства і жывёлагадоўля. Паселішчы таго часу знойдзены ў Кюльтэпэ, Ханлары, Мінгечауры. З 2-га тыс. да н. э. на тэр. Азербайджана вядома металургія бронзы, з пач. 1-га тыс. да н. э. — жалеза. Паселішчы бронзавага веку выяўлены ў раёнах Хаджалы, Кедабека, Дашкесана, Гянджы і інш. У 9 ст. да н. э. Пд Азербайджана ўваходзіў у рабаўладальніцкую дзяржаву Мана, у 7 ст. да н. э. — Мідыю, якая да сярэдзіны 6 ст. да н. э. захоплена персідскай дзяржавай Ахеменідаў. У 4 ст. да н. э. на Пд Азербайджана ўзнікла дзяржава Атрапатэна, якая пазней атрымала назву Азербайджан («Краіна хавальніка агню»); на Пд Азербайджана ўтварылася Албанія Каўказская. Феад. адносіны ў Азербайджане склаліся ў 3—5 ст. н. э. Сяляне за карыстанне зямлёй плацілі феадалам рэнту і неслі павіннасці, аднак фармальна не лічыліся прыгоннымі. Гандлёва-рамесніцкімі цэнтрамі сталі Барда, Кабала, Нахічэвань, Байлакан і інш. Сярэдневяковы Азербайджан неаднойчы заваёўвалі іншаземцы. У пач. 3 — сярэдзіне 7 ст. тут царавала дынастыя Сасанідаў, у 7 — сярэдзіне 9 ст. ўладарылі арабы. У канцы 5 — пач. 6 ст. ў Азербайджане і Іране разгарнуўся маздакіцкі рух; у 1-й пал. 9 ст. адбылося вял. сялянскае паўстанне (гл. Бабека паўстанне 816—37) супраць араб. і мясц. феадалаў, якое падарвала ўладу Арабскага халіфата. У 2-й пал. 9 ст. на тэр. Азербайджана ўтварыўся шэраг дзяржаў. Цэнтрамі эканомікі і культуры сталі гарады Тэбрыз, Нахічэвань, Баку, Шэмаха, Барда, Кабала, Гянджа і інш., якія вялі гандаль, у т. л. і з Кіеўскай Руссю. У сярэдзіне 11 ст. Азербайджан захапілі сельджукі, якія прычынілі значныя страты гаспадарцы і культуры краіны. У 13 ст. ў выніку манг. нашэсця Азербайджан увайшоў у Хулагуідаў дзяржаву. Вял. наплыў цюркскіх плямёнаў у Азербайджане ў 11—13 ст. прывёў да выцяснення стараж. мясц. моў і ўсталявання новай — азербайджанскай мовы. З гэтага часу фарміруецца і азерб. народнасць. Да сярэдзіны 14 ст. манг. панаванне ў Азербайджане падарвана супраціўленнем нар. мас, што выкарысталі мясц. феад. дынастыі. У канцы 14 — пач. 15 ст. На тэр. Азербайджана вылучылася самастойная дзяржава Шырван. Станоўчую ролю ў гісторыі Азербайджана адыграла Сефевідаў дзяржава, заснаваная ў пач. 16 ст. шахам Ісмаілам I. З канца 16 ст. ў ёй узмацніўся іранскі ўплыў; Азербайджан ператварыўся ў адну з ускраін Іранскай дзяржавы. У 16—18 ст. Азербайджан — арэна разбуральных войнаў паміж Іранам і Турцыяй. Азерб. народ вёў гераічную барацьбу супраць іншаземных і мясц. прыгнятальнікаў, што знайшло адлюстраванне ў эпасе пра нар. героя Кёр-аглы. У 1723—35 прыкаспійскія вобласці Азербайджана трапілі пад уладу Расіі, пазней зноў захоплены Іранам. У 2-й пал. 18 ст. ў Азербайджане ўзнікла каля 15 невял. ханстваў. Паводле руска-іранскіх пагадненняў (Гюлістанскі мірны дагавор 1813, Туркманчайскі дагавор 1828) Паўн. Азербайджан далучаны да Рас. імперыі, Паўд. Азербайджан застаўся пад уладай Ірана. На пач. 19 ст. буйным цэнтрам прам-сці стаў Баку, які ў 1901 даваў каля паловы сусв. здабычы нафты. У 1903 бакінскія рабочыя выступілі ініцыятарамі стачак на Пд Расіі, у 1904 дамагліся заключэння першага ў Расіі калектыўнага дагавору. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 утварылася двоеўладдзе: у Баку існавалі Выканаўчы к-т грамадскіх арг-цый (мясц. орган Часовага ўрада) і Савет рабочых дэпутатаў, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных партый і паліт. груповак: мусаватысты (гл. «Мусават»), дашнакі, эсэры, бальшавікі, меншавікі і інш. 9.11.1917 на пашыраным пасяджэнні Савета бальшавіцкая рэзалюцыя аб узяцці ўлады ў свае рукі адхілена. Аднак 13 ліст. пад націскам рабочых і салдат абвешчана сав. ўлада, выбраны новы выканком Савета. Барацьба за ўладу набыла ўзбр. характар. У сак. 1918 у Баку і інш. месцах адбылося паўстанне мусаватыстаў, якое было задушана. 25.4.1918 утвораны Бакінскі СНК на чале з С.Г.Шаўмянам (гл. Бакінская камуна). У маі ў Тыфлісе мусаватысты стварылі свой урад, які пазней пераехаў у Гянджу. 28.5.1918 абвешчана Азерб. дэмакр. рэспубліка. Ва ўмовах актывізацыі ваен. дзеянняў у Закаўказзі з боку Турцыі і няўдач Чырв. Арміі Бакінскі Савет 25 ліп. запрасіў у Баку англ. атрад. 31 ліп. Бакінскі СНК склаў свае паўнамоцтвы. 1 жн. з апазіцыйных Бакінскай камуне прадстаўнікоў Цэнтракаспія і выканкома Бакінскага Савета створаны новы ўрад — Дыктатура Цэнтракаспія і Прэзідыума выканкома Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Бакінскі Савет быў распушчаны, бакінскія камісары арыштаваны і 20 вер. расстраляны. 4 жн. Баку акупіравалі англ. войскі, якія праз 10 дзён былі выцеснены тур. часцямі. Разам з англічанамі Баку пакінулі прадстаўнікі толькі што створанага ўрада. У вер. 1918 да ўлады прыйшлі мусаватысты. Паводле ўмоў Мудраскага перамір’я паміж Антантай і Турцыяй апошняя вывела восенню 1918 свае войскі з Баку. На змену ім зноў прыбылі англ. войскі (выведзены восенню 1919). У выніку паўстання ў Баку 28.4.1920 адноўлена сав. ўлада, створаны СНК на чале з Н.​Нарыманавым, Азербайджан абвешчаны сав. сацыяліст. рэспублікай. 30 крас. ў Баку прыбылі перадавыя атрады Чырв. Арміі. Сав. ўлада была ўстаноўлена і на астатняй тэр. Азербайджана. Потым Азербайджан быў выкарыстаны як плацдарм для дзеянняў Чырв. Арміі супраць урадаў, што існавалі на той час у Арменіі і Грузіі. 19.5.1921 прынята 1-я Канстытуцыя Азерб. ССР. З 12.3.1922 да 5.12.1936 Азербайджан уваходзіў у Закаўказскую федэрацыю (ЗСФСР) і ў складзе яе з 30.12.1922 — у СССР. У складзе Азербайджана былі ўтвораны Нагорна-Карабахская аўт. вобл. (1923, гл. Нагорны Карабах) і Нахічэванская АССР (1924, гл. Нахічэванская рэспубліка). Пасля скасавання ў 1936 ЗСФСР Азербайджан — саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1988 з-за прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Азербайджанам і Арменіяй узнік канфлікт, які пазней прыняў узбр. характар. Ускладнілася і ўнутрыпаліт. сітуацыя. Крывавыя падзеі на нац. глебе ў Сумгаіце ў 1989, сутыкненні насельніцтва з войскамі ў Баку на пач. 1990 разам з нагорна-карабахскім крызісам вымусілі ўвесці ў Азербайджан ў студз. 1990 надзвычайнае становішча. Пасля змен у канстытуцыі ў маі 1990 прэзідэнтам Азербайджана стаў камуністычны лідэр А.​Муталібаў. У ліп. 1990 з апазіцыйных уладам грамадска-паліт. груп і аб’яднанняў створаны Дэмакр. форум Азербайджана. 30.8.1991 Вярх. Савет Азербайджана прыняў дэкларацыю пра аднаўленне дзярж. незалежнасці на аснове Акта ад 1918. 18.10.1991 прыняты Канстытуцыйны акт «Аб дзяржаўнай незалежнасці Азербайджанскай рэспублікі». У канцы 1991 Азербайджан увайшоў у СНД. Рашэнне Вярх. Савета Азербайджана ад 26.11.1991 пра скасаванне статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобл., а з другога боку абвяшчэнне Нагорным Карабахам незалежнасці і прызнанне гэтага акта Арменіяй прывялі да эскалацыі азерб.-арм. канфлікту, фактычна пачалася неаб’яўленая вайна. Сац.-эканам. і паліт. крызіс у Азербайджане, ускладненне карабахскай праблемы вымусілі прэзідэнта Муталібава да адстаўкі. На прэзідэнцкіх выбарах 7.6.1992 перамог А.​Эльчыбей — лідэр Нар. фронту Азербайджана. Краіна прыпыніла членства ў СНД. 24.6.1993 Нац. меджліс перадаў паўнамоцтвы прэзідэнта Азербайджана старшыні Вярх. Савета Г.Аліеву, які 3.10.1993 абраны прэзідэнтам краіны. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, АБСЕ, дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.

З 1992 Азербайджан, — член ААН, АБСЕ, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 11.6.1993.

Палітычныя партыі. Нар. фронт Азербайджана, Партыя нац. незалежнасці, «Мусават», Азерб. нар. партыя, Азерб. сял. партыя, «Новы Азербайджан», Азерб. сац.-дэмакр. партыя і інш.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці нафтаздабыўная (11,7 млн. т; 1991), газаздабыўная (8,3 млрд. м³; 1991), нафтаперапр. (вытв-сць шматлікіх відаў паліва, тэхн. маслаў і інш.). Электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 23,5 млрд. кВт∙гадз (1991); выпрацоўваюць ЦЭС (91%), каскад ГЭС на Куры (у т. л. самая буйная Мінгечаурская), Араксінская, Шамхорская і інш. Гарнарудная прам-сць: здабыча жал. руды (1,6 млн. т), алунітаў у раёне Дашкесана. Металургічная прам-сць (вытв-сць сталі, стальных трубаў, алюмінію, пракат каляровых металаў) у Сумгаіце, Гянджы. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць абсталявання для нафтавай прам-сці (Баку). Развіты электратэхн., радыёэлектронная прам-сць, прыладабудаванне (асн. цэнтр Баку). Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці выпускаюць мінер. ўгнаенні, серную кіслату, сінтэтычны каўчук, аўтапакрышкі, шкловалакно, мыйныя сродкі, лакі, фарбы і інш. (Сумгаіт, Мінгечаур, Гянджа, Нефтэчала, Сальяны). Галіны лёгкай прам-сці: баваўняная (Баку, Гянджа), шаўковая (Шэкі), шарсцяная, трыкатажная, вытв-сці дываноў (Баку, Гянджа, Мінгечаур, Шэкі), гарбарна-абутковая (Баку, Гянджа). Развіты харч. (кансервавая, тытунёвая, чайная, рыбная, вінаробная, масласыраробная, мукамольна-крупяная і інш.) прам-сць і вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэментавыя вырабы, буд. фаянс, камень, зборныя жалезабетонныя канструкцыі і інш.). С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4 млн. га, з іх больш за 1,6 млн. пад ворнымі землямі, 2,1 млн. га пад летняй і зімовай пашай. Пл. зямель, якія арашаюцца, — 1,3 млн. га (1986). Найб. пасяўныя плошчы пад збожжавымі культурамі (пшаніца, рыс, азімы ячмень). Гал. тэхн. культуры — бавоўна і тытунь. Развіты пладаводства, вінаградарства. Азербайджан — база ранняга агародніцтва, буйны раён вырошчвання субтрапічных культур (гранат, інжыр, міндаль, масліны, шафран, цытрусавыя і інш.) і чаяводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (буйн. раг. жывёла) і мяса-воўнавага (авечкагадоўля) кірунку. Вытв-сць мяса — 8,1 тыс. т, малака — 84,8 тыс. т (1991). Птушкагадоўля, шаўкаводства.

Транспарт. Асн. від — чыгуначны. Праз Азербайджан праходзіць чыг. магістраль у Іран (на Тэбрыз). Паводле аб’ёму перавозак на 2-м месцы марскі транспарт; гал. порт Баку, звязаны чыг. паромам з Краснаводскам. Па Куры — суднаходства. Нафтаправод Баку—Тбілісі—Батумі, газаправоды Карадаг—Гянджа—Акстафа з адгалінаваннем на Ерэван і Тбілісі, Карадаг—Баку і інш. Ажыццяўляюцца грузапасаж. авіярэйсы Мінск—Баку—Мінск. Экспарт Азербайджана складае 1,46 млрд. інвалютных руб. (1992). У знешнім гандлі Азербайджана вядучае месца належыць Расіі (60% тавараабароту). Экспартуе энерганосьбіты і энергаматэрыялы, імпартуе прадукты харчавання. Грашовая адзінка — манат.

Узброеныя сілы Азербайджана складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У 1993 налічвалі 41,6 тыс. чал. (560 тыс. рэзервістаў). Сухапутныя войскі (38,9 тыс. чал.) маюць 2 карпусныя групы, 1 танк. брыгаду, 9 механізаваных брыгад, 1 механізаваны полк, 2 артыл. брыгады, 2 артыл. палкі; на ўзбраенні 286 танкаў, 362 баявыя машыны пяхоты, 480 бронетранспарцёраў, ракеты класа «зямля—паветра», артылерыя, ракетныя пускавыя ўстаноўкі, 130 мінамётаў. У ВПС (1,6 тыс. чал.) на ўзбраенні 47 баявых самалётаў, 52 вучэбна-трэніровачныя самалёты. ВМС (2,1 тыс. чал.) атрымалі ч. Каспійскай ваен. флатыліі б. СССР, у т. л. 1 фрэгат, 6 вартавых караблёў. Ваенна-марская база ў Баку.

Ахова здароўя. На пач. 1992 было 749 бальнічных устаноў на 71,9 тыс. ложкаў (99,4 ложка на 10 тыс. ж.), 1726 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 28,1 тыс. урачоў (38,9 урача на 10 тыс. ж.). Сярэдняя працягласць жыцця 69 гадоў. Дзіцячая смяротнасць склала 45 дзяцей на 1 тыс. народжаных.

Асвета, навуковыя ўстановы. У Азербайджане ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Азербайджане было 2168 дашкольных дзіцячых устаноў (173 тыс. дзяцей), 4332 агульнаадук. школы (1375 тыс. вучняў, 139 тыс. настаўнікаў), 77 сярэдніх спец. навуч. устаноў (60,1 тыс. навучэнцаў), 18 ВНУ (108 тыс. студэнтаў). Найбольшыя ВНУ: Азербайджанскі ун-т, ін-ты с.-г., політэхн., мед., пед., пед. замежных моў, мастацтваў, нафты і хіміі, буд. інжынераў, кансерваторыя і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў 131 навук. установе (разам з ВНУ) і ў н.-д. ін-тах АН Азербайджана (у яе складзе 61 акадэмік, 74 чл.-карэспандэнты, 364 д-ры навук і 2441 канд. навук; 1990). На 1.1.1991 у Азербайджане было 4,8 тыс. масавых б-к з фондам 45,9 млн. адзінак захавання, самыя вялікія: Рэсп. б-ка імя Ахундава, Фундаментальная б-ка АН. У Азербайджане 122 музеі (разам з філіяламі), буйнейшыя з іх: Музей мастацтваў імя Мустафаева, Музей азерб. л-ры імя Нізамі, Музей гісторыі Азербайджана; 38 тыс. клубных устаноў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1992 у Азербайджане 575 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Азербайджан», «Азадлыг» («Свабода»), «Бакинский рабочий», «Вышка», «Мухаліфат» («Апазіцыя»). Працуюць дзярж. (Азерінфарм) і прыватныя (Аса-Ірада, Туран і Хабар-сервіс) тэлегр. агенцтвы. Тэлецэнтры Бакінскі і Нахічэванскі. Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на азерб., арм. і рус. мовах. У Баку рэтрансліруецца праграма тур. тэлебачання.

Літаратура. Азерб. л-ра бярэ пачатак у фальклоры. Самыя стараж. помнікі нар.-паэт. творчасці — т.зв. мідыйскія легенды, нар. паданні (7—6 ст. да н. э.). Рэліг.-філас. погляды стараж. азербайджанцаў адлюстраваны ў помніку «Авеста». Гераічны эпас прадстаўлены паэмамі-дастанамі, сярод якіх самы значны «Кёр-аглы». Рамантычныя сюжэты складаюць аснову дастанаў «Аслі і Керэм», «Ашуг-Гарыб» і інш. Стваральнікамі, выканаўцамі і зберагальнікамі нар. творчасці былі спевакі-ашугі. Стараж. пісьмовыя помнікі не захаваліся, але ёсць звесткі, што яшчэ ў 5 ст. ў Албаніі Каўказскай існаваў алфавіт, былі напісаны арыгінальныя і перакладныя кнігі. У 7—9 ст. узмацніўся араба-ісламскі, у 11 ст. — іранскі ўплыў на азерб. культуру. Арабская і персідская мовы сталі афіцыйнымі, на іх стваралі свае творы паэты і вучоныя Хатыб Тэбрызі, Гатран Тэбрызі. Адначасова развівалася і азерб. мова. У 10—11 ст. фарміраваўся эпас «Кітабі Дэдэ Коркуд». У 11—12 ст. побач з творамі прыдворных паэтаў з’яўляліся творы пра жыццё народа. Узоры лірыкі стваралі Хагані Шырвані, Абу-ль-Ала Ганджэві, Фелекі Шырвані, паэтэса Мехсеты Ганджэві і інш. Вяршыня азерб. паэзіі 12 ст. — творчасць Нізамі Ганджэві, які зрабіў вял. ўплыў і на азерб. л-ру, і на л-ры іншых народаў Усходу. У 13—14 ст. тварылі паэты Ізедын Гасанаглы, Зульфігар Шырвані, Аўхеды Марагаі, Махмуд Шабустары. Значны след у паэзіі пакінулі Насімі, Хабібі, Кішверы і інш. Пад псеўданімам Хатаі пісаў вершы заснавальнік дынастыі Сефевідаў шах Ісмаіл I. Газелі Мухамеда Фізулі — узор высокай лірыкі на ўсім Б. і Сярэднім Усходзе. З яго імем звязана канчатковае фарміраванне літ. азерб. мовы. У творах прадаўжальнікаў традыцый Фізулі (Саіба Тэбрызі, Каўсі Тэбрызі, Месіхі) паэзія набывала больш простую і арганічную форму. Гэта заўважна і ў творах лепшых паэтаў 18 ст. Мала Велі Відадзі і Мала Панах Вагіфа. Валодаючы ўсімі формамі класічнай паэзіі, яны сцвердзілі ў л-ры ашугскую форму гошма, найб. блізкую да нар. творчасці. Л-ра 19—пач. 20 ст., прадаўжаючы класічныя традыцыі, зазнала новыя павевы, ішла ад асветніцкага рэалізму А.-К.Бакіханава і Вазеха да рэалізму крытычнага. Важнае значэнне для развіцця рэаліст. л-ры мела творчасць М.Ф.Ахундава, талент якога найб. поўна раскрыўся ў драматургіі. У 2-й пал. 19 ст. тварылі паэт-асветнік Сеід Азім Шырвані, паэты-лірыкі Сеід Набаты, Бахар Шырвані, паэтэса Хуршудбану Натаван. У 1875 засн. першая газета на азерб. мове «Экінчы» («Араты»), На пач. 20 ст. з’явіліся раманы С.​М.​Ганізадэ, М.С.Ардубады, Н.​Нарыманава, рамант. лінію ў паэзіі развівалі Абас Сіхат, Хады Мухамед і інш. У 1932 створаны Саюз пісьменнікаў Азербайджна. Значны ўклад у азерб. паэзію С.Вургуна, С.Рустама, Р.Рзы, М.Рагіма, Мюшфіка і інш. Выдадзены раманы, аповесці і апавяданні Сеіда Гусейна, С.Рагімава, Абульгасана, Гусейна Мехты, М.​Ібрагімава, А.​Веліева, Мір Джалала, Г.​Мусаева і інш. У пасляваен. гады плённа працавалі празаікі І.​Гусейнаў, Б.​Байрамаў, Г.​Сеідбейлі, І.Шыхлы, Г.​Абасзадэ, С.​Веліеў, С.​Даглы, Анар, А.Айліслі, паэты Б.​Азераглу, Б.Вагабзадэ, Н.Хазры, З.Джабарзадэ, І.Сафарлі, Г.​Гусейнзадэ, А.​Керым і інш. У 1960-я г. з’явіліся псіхал. апавяданні і лірыка-псіхал. аповесці Айліслі, І.​Гусейнава, М.​Ібрагімбекава, Анара і інш. Раман 1960—70-х г. у асноўным арыентаваўся на паказ жыцця вяскоўцаў ці рабочых («Вузлы» С.​Веліева, «Магамед, Мамед, Маміш...» Ч.​Гусейнава). У 1980-я г. выдадзены раманы «Меч і пяро» Ардубады, «Калыска на жалезным дрэве» Ф.​Керымзадэ, «Камяністы ключ» С.​Веліева, кн. аповесцяў і апавяданняў «Залаты конь і зямля» Дж.​Алібекава, «Птушынае гняздо» Дж.​Рафіева, «Маніфест маладога чалавека» Мір Джалала, «Кліч» А.​Мамедава, «Людзі і хвалі» Г.​Гусейнаглы, зб. паэзіі «Будзь сведкам, сонца» Н.​Гасанзадэ, «Снежныя кветкі» М.Дыльбазі, «Памяць крыві» Сабіра, «Размова з самім сабой» Вагабзадэ і інш. Развіваецца дзіцячая л-ра (М.​Сеідзадэ, М.​Рзакулізадэ, Мусаеў, Х.​Алібейлі і інш.), крытыка і літаратуразнаўства (Г.​Араслі, Арыф, Ф.​Касімзадэ, М.​Рафілі, А.​Султанлі і інш.).

На бел. мову перакладзены раман Ібрагімава «Настане дзень» (1953), аповесць Абульгасана «Унукі старой Тамашы» (1962), кн. аповесцяў С.​Веліева «Вусаты Ага. Кулік» (1985), кн. апавяданняў «Ключ жыцця» (1978), зб. твораў дзіцячых пісьменнікаў і фальклору «Вышкі над морам» (1989), зб. вершаў і паэм М.​Тофіка «Сонечны цягнік» (1986) і інш. На азерб. мову перакладзены творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Танка, П.​Броўкі, А.​Куляшова і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі энеаліту і ранняй бронзы на тэр. Азербайджана захаваліся дальмены, менгіры, кромлехі, з 1-га тыс. да н.э. — цыклапічныя збудаванні (Кедабекскі р-н, перадгор’і М.​Каўказа, Нахічэвань). Найб. стараж. помнікі выяўл. мастацтва (2—1-е тыс. да н.э.) — наскальныя гравіраваныя малюнкі ў Кабустане, кераміка Мінгечаура, упрыгожанні з бронзы, дробная пластыка. У 9—6 ст. да н. э. будаваліся гарады, абарончыя збудаванні, жыллё т.зв. антавага тыпу, алтары агню (Мана, Мідыя). Помнікі раннесярэдневяковага дойлідства — храм у Лекіце, базіліка ў с. Кум (5—6 ст.), мячэці ў Бардзе, Гянджы, Шэмасе (7—9 ст.). З 10 ст. ствараюцца арх. школы: нахічэванская (пабудовы 12 ст. архітэктара Аджэмі), шырвана-апшэронская (Шырваншахаў палац у Баку), тэбрызская (Блакітная мячэць, 15 ст.). Найб. вядомыя помнікі 12—13 ст. — маўзалеі ў Нахічэвані і Джузе, Дзявочая вежа ў Баку. У 16—17 ст. пабудаваны культавыя комплексы шэйха Сефі (Ардэбіль), Гёй-Імам, цэнтр. плошча з мячэццю Джума (Гянджа) і інш. У сярэднявеччы развівалася скульптура (бронзавыя грыфоны, каменныя фігуркі), высокага ўзроўню дасягнулі вытв-сць глазураванай керамікі, разьба па камені, каліграфія. На 16 ст. прыпадае росквіт тэбрызскай школы мініяцюры (мастакі Султан Мухамед, Мір Сеід Алі, Бехзад і інш.). У час феад. раздробленасці (18 ст.) манум. будаўніцтва занепадае; арх.-буд. традыцыі захаваліся ў нар. дойлідстве (жылыя дамы, невял. мячэці). У 18 ст. актуалізаваўся насценны жывапіс (палац ханаў у Шэкі, жылыя дамы ў Ардубадзе, Шушы). У 19 ст. традыцыі мініяцюрнага жывапісу прадаўжаліся ў насценных размалёўках і партрэце (майстры У.​Г.​Карабагі, М.​К.​Эрывані, М.​М.​Наваб). Прыёмы планіроўкі і кампазіцыі, нац. арх. формы і матывы дэкору нярэдка спалучаліся з элементамі рас. і зах.-еўрап. класіцызму (Шэмаха, Баку). Заснавальнікамі рэаліст. жывапісу ў пач. 20 ст. былі А.​Азімзадэ і Б.Кенгерлі. У 1920 у Баку адкрыта маст. школа. У 1920 — пач. 30-х г. працавалі жывапісцы А.​Рзакуліеў, С.​Саламзадэ, Ш.​Мангасараў, графікі Э.​Гаджыеў, Г.​Халыкаў, І.​Ахундаў, скульптары П.Сабсай, І.​Гуліеў, Ф.​Абдурахманаў, Дж.​Карагды, тэатр. мастакі Р.​Мустафаеў, Н.​Фатулаеў. З канца 1920-х г. будуюцца першыя рабочыя пасёлкі (пас. Мамедзьярава — адзін з першых прыкладаў комплекснай забудовы жылога раёна). У выхаванні нац. кадраў у Азербайджана прымалі ўдзел рус. архітэктары (браты Весніны, А.​Шчусеў і інш.). З 1930-х г. працуюць выпускнікі арх.-буд. ф-та (засн. ў 1920) Азербайджанскага політэхн. ін-та (С.Дадашаў, Э.Касімзадэ, М.Усейнаў і інш.). Для 1920-х г. характэрна стылізатарства пад феад. дойлідства мусульм. Усходу. У пач. 1930-х г. з’явіліся канструктывісцкія будынкі (гасцініца «Інтурыст» у Баку), у 2-й пал. 1930—50-х г. асвойвалася класічная, у т. л. нац. арх. спадчына (Музей азерб. л-ры імя Нізамі ў Баку). З канца 1950 праектуюцца і забудоўваюцца новыя гарады — Сумгаіт, Дашкесан, Мінгечаур, вядзецца рэканструкцыя Баку. Эстэтыка сучаснага этапу дойлідства Азербайджана выявілася ў архітэктуры Баку (комплекс будынкаў АН, гасцініц «Азербайджан» і «Масква», усе арх. Усейнаў; станцыі метрапалітэна, арх. Усейнаў, К.​Сянчыхін, Т.​Ханлараў, Ш.​Зейналава, Касімзадэ і інш.; палац «Гюлістан», арх. А.​Амірханаў, Н.​Гаджыбекаў) і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве з канца 1950-х г. паглыбляецца працэс асэнсавання нац. маст. традыцый, развіваецца самабытная школа жывапісу. У 1960—80-я г. мастакі Н.​Абдурахманаў, М.Абдулаеў, Саламзадэ, Э.Рзакуліеў, Т.Салахаў, Б.​Мірзазадэ і інш. працуюць у гіст. і быт. жанрах, пішуць партрэты, пейзажы. Сярод сучасных мастакоў — жывапісцы Т.​Нарыманбекаў, А.​Джафараў, Н.​Касумаў; графікі Р.​Бабаеў, Ю.​Гусейнаў, Э.​Шамілаў, К.​Алекпераў. У 1936 засн. Саюз архітэктараў, у 1940 — Саюз мастакоў Азербайджана.

Музыка. На працягу многіх стагоддзяў на тэр. Азербайджана існавалі фалькл. музыка (сялянская і гарадская) і творчасць нар.-прафес. музыкантаў вуснай традыцыі, у т. л. ашугаў. Вак.-інстр. фальклор мае элементы шматгалосся. Самабытнасць гукавога строю азерб. музыкі вызначаюць 7 асн. ладоў-мугамаў (найб. пашыраны раст, шур, сегях). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковы кеманча, струнна-шчыпковыя тар, саз, уд; духавыя тугак, балабан, зурна; ударныя дэф (бубен), нагара, гоша-нагара. Нар. песенная творчасць разнастайная ў жанравых адносінах, з багатай метрарытмікай. Пераважае сольнае, радзей хар. (унісоннае) выканальніцтва. Мастацтва паэтаў-спевакоў ашугаў засн. на класічных мелодыях (больш за 80), кожная з якіх мае шмат імправізацыйных варыянтаў. У 11—16 ст. найб. пашырана было гар. мастацтва мугамаў — вял. цыклічных вак.-інстр. п’ес, пабудаваных у розных ладах. З канца 19 ст. ў Азербайджан пранікае еўрап. муз. культура. Асновы сучаснай азерб. прафес. муз. культуры заклаў У.Гаджыбекаў, які распрацаваў тэорыю азерб. ладоў, стварыў першую мугамную оперу «Лейлі і Меджнун» (1908) і муз. камедыю «Аршын мал алан» (1913). Новы стыль азерб. музыкі фарміруецца ў 1920—30-я г. найперш у оперным жанры. Пастаноўка оперы Р.​Гліэра «Шахсенем» (1927) выявіла імкненне да сінтэзу еўрап. і нац. формаў, «Нэргіз» (1938) А.М.Магамаева — першы азерб. твор, засн. на класічных формах, опера «Кёр-аглы» (1937) У.​Гаджыбекава стала нац. класікай. У 1940 паст. першы нац. балет «Дзявочая вежа» А.​Бадалбейлі. Этапнымі былі балеты «Сем прыгажунь» (1952) і «Сцежкаю грому» (1958) К.Караева, «Легенда аб каханні» (1961) А.Мелікава. Муз. камедыі і аперэты стваралі С.​Рустамаў, Ф.Аміраў, С.​Алескераў, Караеў, Р.​Гаджыеў. Сімф. жанр у Азербайджане ўзнік у 1920—30-я г. У ім працавалі Караеў, у творчасці якога аб’яднаны рысы нац. і сучаснай музыкі, Ніязі, працуюць Аміраў, С.Гаджыбекаў, Дж.​Гаджыеў, Мелікаў, М.​Мірзоеў, А.​Рзаеў, А.​Алізадэ, М.​Куліеў, І.​Гаджыбекаў, А.​Дадашаў і інш.; у вак.-сімф. жанры — Рустамаў, Р.​Мустафаеў, Р.​Гаджыеў, Алізадэ, Н.​Мамедаў, Мірзоеў і інш. Першыя ўзоры нац. раманса належаць А.​Зейналы (1920-я г.). У камерна-інстр. жанрах працаваў Караеў, працуюць Аміраў, Дж.​Гаджыеў, Т.​Бакіханаў, С.​Гаджыбекаў, Куліеў, Х.​Мірзазадэ, А.​Азізаў і інш. Развіваецца дзіцячая музыка, музыка для т-ра і кіно. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Ніязі, Р.​Абдулаеў; спевакі Р.Бейбутаў, Бюль-Бюль, М.Магамаеў, Ш.Мамедава, Ф.Ахмедава, Л.Іманаў, З.Ханларава, Р.​Атакішыеў; піяністы Ф.​Бадалбейлі, Т.​Махмудава. У Азербайджане працуюць (1994): у Баку — Азерб. т-р оперы і балета (з 1920), Т-р музкамедыі (1938); філармонія (1936), у складзе якой Сімф. аркестр імя У.​Гаджыбекава, Ансамбль песні і танца Азербайджана, камерны аркестр, хар. капэла, ансамбль танца, Дзярж. эстрадны аркестр; Сімф. аркестр імя Ніязі, эстрадна-сімф. аркестр, аркестр нар. інструментаў, хор пры Азерб. радыё і тэлебачанні; «Тэатр песні»; у Гянджы — філармонія. Працуюць таксама кансерваторыя (з 1921), муз. вучылішчы, муз. школы. У 1934 засн. Саюз кампазітараў Азербайджана.

Тэатр. Вытокі азерб. тэатр. мастацтва — у нар. творчасці. У стараж. Азербайджане існаваў лялечны т-р «Кілімарасы», у сярэднявеччы — рэліг.-містэрыяльны тэатр. У 1873 у Баку ўпершыню на азерб. мове паказаны камедыі М.​Ахундава «Везір Ленкаранскага ханства» і «Гаджы-Кара». У 1897 арганізаваны першы прафесійны калектыў «Мусульманская драм. трупа», у пач. 20 ст. створаны тэатр. трупы пры асв. т-вах «Ніджат» і «Сафа». Значны ўклад у развіццё нац. драм. мастацтва зрабілі Дж.​Зейналаў, Г.Араблінскі, У.​Гаджыбекаў, Дж.​Джабарлы, А.​Шарыфзадэ, У.​Раджаб і інш. У 1920 у Баку створаны аб’яднаны дзярж. т-р (азерб., рус., арм. драм. і оперныя трупы). У 1922 азерб. драм. трупа пераўтворана ў Азерб. дзярж. т-р (Азерб. акад. т-р імя Азізбекава). У рэпертуары т-ра, які прадаўжае лепшыя нац. традыцыі, п’есы нац. драматургаў, класічныя і сучасныя творы. У 1944 засн. Азерб. тэатр. т-ва. У 1994 у Азербайджане 10 драм. т-раў.

Кіно. Кінавытворчасць у Азербайджане пачалася з 1916, калі акц. т-ва «Фільма» выпусціла карціны «У царстве нафты і мільёнаў» і «Аршын мал алан» (1917). У 1923 у Баку створана Азерб. фотакінаўпраўленне (з 1960 кінастудыя «Азербайджанфільм» імя Дж.​Джабарлы); першы маст. фільм «Легенда пра Дзявочую вежу» (1924). У 1929 арганізавана студыя для падрыхтоўкі нац. творчых кадраў. У фільмах 1920-х г. пераважалі тэмы рэвалюцыі і грамадз. вайны («Гаджы Кара», «26 камісараў»). З 1936 здымаюцца гукавыя фільмы: «Алмас», «Бакінцы», «Сын Радзімы», «Бахтыяр», «Адна сям’я». У 1960—80-я г. пашырылася тэматыка, абнавілася паэтыка фільмаў, зняты маст. фільмы: «Не тая, дык гэтая», «Чаму ты маўчыш?», «Святло згаслых вогнішчаў», «Перад зачыненымі дзвярыма»; дакумент.-хранік.: «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (Ленінская прэмія 1960), «Пакарыцелі мора» (сярэбраны медаль Маскоўскага міжнар. кінафестывалю 1959). У 1969 пачата вытворчасць мультыплікацыйных фільмаў. У 1965 створаны Саюз кінематаграфістаў Азербайджана. Сярод дзеячаў кіно: І.​Касумаў, Т.​Тагізадэ, Т.​Ахундаў, М. і Р.​Ібрагімбекавы, Анара (А.​Рзаева), А.​Бабаеў, Г.​Мамедаў, Г.​Турабаў, Ш.​Мамедава.

Літ.:

Гаджи-заде А.М. Азербайджанский промышленный комплекс. Баку, 1975;

Географический справочник: Новые цифры, факты, названия. М., 1993;

Кавказ. М., 1966;

История Азербайджана. Т. 1—3. Баку, 1958—63;

История Азербайджана по документам и публикациям: Сб. Баку, 1990;

Рахман-заде Ф. Дар судьбы. Баку, 1990;

Касим-заде Ф. Очерки по истории азербайджанской литературы XIX в. Баку, 1962;

Бретаницкий Л.С., Веймарн Б.В. Искусство Азербайджана IV—XVIII веков. М., 1976;

Эфандиев Р. Декоративно-прикладное искусство Азербайджана. Баку, 1976;

Гаджибеков У. Основы азербайджанской народной музыки. 3 изд. Баку, 1985;

История музыки народов СССР. Т. 1. М., 1966;

История советского драматического театра. Т. 1—4. М., 1966—68;

Information please: Almanac, 1995. Boston;

New York, 1995.

В.​К.​Міхеева (прырода, гаспадарка), А.​Н.​Гуліеў, Г.​К.​Кісялёў, І.​Ф.​Раманоўскі (гістарычны нарыс), Г.​В.​Ратнікаў (кіно).

Герб і сцяг Азербайджана.
Азербайджан. Горад Баку.
Да арт. Азербайджан. Здабыча нафты на Каспійскім моры.
Да арт. Азербайджан. Аджэмі ібн Абу Бекр. Маўзалей Мамінэ-хатун у Нахічэвані. 1186.
Да арт. Азербайджан. Дэталь партала палаца Шырваншахаў у Баку. Канец 15 ст.
Да арт. Азербайджан. Маўзалей шэйха Сефі ў Ардэбілі. 16 ст.
Да арт. Азербайджан. Мір Сеід Алі. Мініяцюра з рукапісу «Хамсе» Нізамі. 1539—43.
Да арт. Азербайджан. Помнік Нізамі ў Баку. Скульпт. Ф.​Абдурахманаў, арх. С.​Дадашаў, М.​Усейнаў. 1949.
Да арт. Азербайджан. Помнік паэту Фізулі ў Баку. Скульпт. Т.​Мамедаў, О.​Эльцараў, арх. Г.​Мухтараў. 1962.
Да арт. Азербайджан. Т.​Салахаў. Жанчыны Апшэрона. 1967.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВА́ (Lietuva),

Літоўская Рэспубліка (Lietuvos Respublika), дзяржава ва Усх. Еўропе, у Прыбалтыцы. Мяжуе на Пн з Латвіяй, на У і ПдУ з Беларуссю, на ПдЗ з Польшчай і Расіяй, на З абмываецца водамі Балтыйскага м. Пл. 65,2 тыс. км². Нас. 3,6 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — літоўская. Сталіца — г. Вільнюс. Падзяляецца на 10 паветаў і 11 гарадоў цэнтр. падпарадкавання. Нац. свята — Дзень незалежнасці Літоўскай дзяржавы (16 лютага).

Дзяржаўны лад. Л. — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме 25.10.1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Сейм (141 дэпутат). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт сумесна з урадам на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Л. займае паўн.-зах. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны. На нізінным узбярэжжы Балтыйскага м. грады дзюн і пясчаныя пляжы. Куршская каса аддзяляе мелкаводны Куршскі зал. ад мора. Большая ч. тэрыторыі — нізіны (53%); на З і У — узгорыстыя ўзвышшы: Жэмайцкае ўзвышша і Балтыйская града, у межах якой вылучаюць Аўкштайцкае, Дзукскае і Судуўскае ўзвышшы. Паміж Балтыйскай градой і Жэмайцкім узв. размешчана Сярэднелітоўская нізіна. На крайнім У і ПдУ рэспублікі зах. ч. Свянцянскіх і Ашмянскай марэнных град — Мядзінінскае ўзв. (выш. да 292 м, г. Юазапіне, найвыш. пункт Л.), на ПнУ — Швенчонскае ўзв. Тэрыторыя Л. належыць да Рускай пліты Усх.-Еўрапейскай платформы. Крышт. фундамент залягае на глыб. 300—2000 м, укрыты пермскімі, мезазойскімі (на З і Пд), дэвонскімі (на ПнУ) і антрапагенавымі адкладамі. Карысныя выкапні: торф, вапнякі, даламіты, гліны, мел, нафта, бурштын. Ёсць крыніцы мінер. вод і лек. тарфяныя гразі. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. -4,9 °C, ліп. 17,2 °C. Ападкаў ад 540 мм на Сярэднелітоўскай нізіне да 930 мм на паўд.-ўсх. схілах Жэмайцкага ўзв. Гал. рака — Нямунас (Нёман) з прытокамі Нярыс (Вілія), Мяркіс, Нявежыс, Дубіса, Шашупе. Каля 3 тыс. азёр (1,5% тэрыторыі) пераважна ледавіковага паходжання; найбуйнейшыя — Друкшай (пл. 45 км²) і Дзіснай (24,9 км²). Каля 40 тыс. тарфяных балот (6%). Глебы дзярнова-падзолістыя (45%), балотна-падзолістыя (17%), дзярнова-карбанатныя (10%), карбанатныя глеева-падзолістыя (8%) і інш. Лясы займаюць каля 30% тэрыторыі. Пераважаюць хвойныя (хвоя, елка); у цэнтр. частцы — шыракалістыя лясы. Найб. лясістасць на ПдУ. У Л. пашырана фауна тайгі і шыракалістых лясоў, яна ўключае 61 від млекакормячых, 290 відаў птушак, 7 відаў паўзуноў, 11 відаў земнаводных, 57 відаў рыб. У лясах водзяцца плямісты алень, лось, казуля, дзік, рысь і інш. Прамысл. птушкі: цецярук, качка, глушэц, рабчык. З марскіх рыб пашыраны салака, балт. селядзец, траска, камбала, з прэснаводных — лешч, плотка, карась, вугор, акунь і інш. Запаведнікі: Жувінтас, Чапкяляй, Каманос. Нац. парк Л.

Насельніцтва. Літоўцы складаюць каля 81% насельніцтва. Жывуць таксама рускія (8,5%), палякі (7%), беларусы (1,5%), украінцы (0,9%), яўрэі (0,4%) і інш. Літоўцы жывуць па-за межамі краіны, у т. л. ў ЗША, Канадзе, Бразіліі, Аргенціне, Германіі, Расіі і краінах Усх. Еўропы. Большасць вернікаў — католікі, ёсць праваслаўныя і пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 56,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены прыгарады Вільнюса і Каўнаса (да 100 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва складае 68%. Найб. гарады (1996, тыс. чал.): Вільнюс — 590, Каўнас — 429, Клайпеда — 206, Шаўляй — 148, Паневяжыс — 132.

Гісторыя. Чалавек на тэр. сучаснай Л. пасяліўся ў эпоху мезаліту (10—4-е тыс. да н.э.), калі яго гал. заняткамі былі паляванне і лоўля рыбы. З пач. 2-га тыс. да н.э. тут з’явіліся індаеўрапейцы — продкі балтаў, якія займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. вядомы балцкія гарадзішчы. Балты згадваюцца Тацытам y 1 ст. н.э. ў сувязі з промыслам бурштыну. З пач. 1 ст. н.э. яны пачалі вырабляць прылады працы з жалеза, з 9—12 ст. выкарыстоўвалі саху з жал. наканечнікам. Тэрмін «Літва» ўпершыню ўжываецца ў пісьмовых крыніцах у пач. 11 ст. Фарміраванне літ. этнасу адбывалася на тэр. сучаснай Л. і паўн.-зах. Беларусі з пач. 2-га тыс. н.э. Гэты час адзначаны частымі ваен. сутыкненнямі продкаў літоўцаў з суседнімі народамі і плямёнамі, у т. л. з усх. славянамі (1040, 1132, 1191, 1201 і інш.).

У 10—12 ст. на тэр. сучаснай Л. ўтварыліся аб’яднанні плямён: судувы, куршы, селы, скалвы, літва і інш., частку якіх у 1236—40 князь Міндоўг (з 1250 кароль) аб’яднаў у адзіную дзяржаву — Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ). Ва ўтварэнні гэтай дзяржавы прымалі ўдзел княствы бел. зямель, а яе першы вял. кн. Міндоўг каранаваўся ў Навагрудку, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічаць гэты горад першай сталіцай ВКЛ. З пач. 13 ст. землі літоўцаў і інш. балтаў сталі гал. напрамкам ням. экспансіі на Усход (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.). У бітвах каля Саўле (1236), воз. Дурбе (1260), на р. Стрэва (1348), пад Коўна (1362) і інш. ням. рыцары былі разбіты. Аднак нягледзячы на падтрымку балцкіх плямён з боку войск ВКЛ, Тэўтонскі ордэн паступова прасоўваўся на Усход; розныя часткі тэр. Л. (пераважна Жамойць) і яе суседзі (найперш прусы) траплялі пад уладу крыжаносцаў (гл. Мантаса паўстанне). Палітыку Міндоўга і Віценя па процідзеянні крыжацкаму ордэну і далучэнні да ВКЛ новых зямель паспяхова прадаўжалі вял. князі ВКЛ Гедзімін і яго сын Альгерд. У час іх праўлення ВКЛ стала вял. і магутнай дзяржавай Еўропы, а яе новая сталіца Вільня (гл. Вільнюс) — важным паліт. цэнтрам, асяродкам культуры, цэнтрам рамяства і гандлю. Эканам. і ваен. моц ВКЛ яскрава праявілася ў бітве каля Сініх Вод 1362. Паспяховыя дыпламат. намаганні князёў ВКЛ, у т. л. заключэнне Ягайлам Крэўскай уніі 1385, Востраўскія пагадненні 1392, а таксама прыняцце каталіцтва насельніцтвам Аўкштайціі (1387) і Жамойці (1413) спрыялі росту міжнар. прэстыжу ВКЛ. У гэтых умовах паскорыліся працэсы зліцця этн. груп продкаў літоўцаў у агульную народнасць і асіміляцыі імі некаторых зах.-балцкіх і латв. плямён (паўн. прусаў, яцвягаў, земгалаў і інш.) Аднак паражэнне войска ВКЛ на чале з Вітаўтам у бітве на Ворскле 1399 змяніла суадносіны сіл паміж дзяржавамі Усх. Еўропы, прымусіла ВКЛ заключыць Віленска-Радамскую унію 1401 з Польшчай. Гэты саюз не аблегчыў барацьбу ВКЛ з усх. суседзямі (паводле Угрскага дагавора 1408 граніца ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы прайшла па р. Угра), але садзейнічаў паспяховым сумесным паходам аб’яднанага войска ВКЛ і Польшчы супраць Тэўтонскага ордэна і перамозе ў Грунвальдскай бітве 1410. Паводле вынікаў вайны (гл. Тарунскі мір 1411) Жамойць увайшла ў склад ВКЛ. Перамога над крыжакамі палепшыла міжнар. становішча ВКЛ, садзейнічала эканам. росту, развіццю гандлю з суседзямі і інш. Дзярж. і культ. жыццё ў ВКЛ, у т. л. на тэр. этнічнай Л., у гэты час у значнай ступені праходзіла пры дамінуючай ролі бел. фактару (бел. мова была дзяржаўнай). Гэтая культ. спадчына ўзбагацілася ў віленскі перыяд дзейнасці Ф.Скарыны, традыцыі якога прадоўжыў літ. асветнік М.Мажвідас. Значнымі дасягненнямі ў дзярж. і культ. жыцці ВКЛ былі адкрыццё ў Вільні акадэміі (1579, гл. Віленскі універсітэт), прыняцце Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. Аднак становішча ВКЛ паступова пагаршалася: адбываліся паўстанні сялян (1418, 1535—37, 1545 і інш.), выступленні груповак знаці супраць вярх. улады (гл. Глінскіх мяцеж 1508), вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94 і інш. войны паміж гэтымі дзяржавамі. Асабліва цяжкай была Лівонская вайна 1558—83. Пасля Люблінскай уніі 1569 і стварэння федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай дзярж. ўстановы ў ВКЛ паступова пачалі дзейнічаць на польскі ўзор, пашыраўся польскі культ. і моўны ўплыў. З сярэдзіны 17 ст. бел. мова практычна выйшла з ужытку ў цэнтр. дзярж. органах, звужалася і сфера ўжывання літ. мовы. Але ВКЛ захавала гал. інстытуты сваёй дзяржаўнасці: заканадаўства, суды, войска, казну, асобную тэрыторыю, якая аднак значна зменшылася пасля далучэння непасрэдна да Польшчы ўкр. зямель, а таксама ў выніку ўзбр. канфліктаў з суседнімі дзяржавамі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай вайны 1655—60 са Швецыяй рас. і шведскія войскі занялі частку тэр. ВКЛ, у т. л. Вільню. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай літ. і бел. землі засталіся ў складае ВКЛ. З сярэдзіны 17 ст. адбывалася гасп. і культ. адраджэнне, якое з-за Паўночнай вайны 1700—21 змянілася заняпадам ВКЛ. Цэнтр. ўлада ВКЛ слабела, з 2-й пал. 17 ст. асобныя сеймы на тэр. ВКЛ не склікаліся. Партыі знаці, аб’яднаныя ва ўзбр. канфедэрацыі, вялі міжусобныя войны (1700, 1767, 1792 і інш.). Складанымі заставаліся адносіны паміж рэліг. канфесіямі, асабліва паміж каталіцкім і правасл. насельніцтвам ВКЛ.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795 большая частка тэр. Л. ўвайшла ў склад Рас. імперыі (у 1797 тут створана Літоўская губ.), астатняя — у склад Прусіі. У 1801 утворана Віленская губерня, у 1843 — Ковенская губерня. Вял. страты прынесла вайна 1812. Пасля паўстання 1830—31 былі закрыты Віленскі ун-т, медыка-хірург. і духоўная акадэміі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 рас. ўлады забаранілі навучанне літ. мове ў школах і літ. выданні лац. шрыфтам. Указам ад 4.1.1866 абмежавана права набыцця зямлі літоўцамі-католікамі. Разам з тым рэформы, праведзеныя пасля паўстання, паскорылі развіццё сельскай гаспадаркі; буд-ва чыгунак (у 1861—62 Пецярбургска-Варшаўскай, у 1871—73 Лібава-Роменскай) садзейнічала развіццю гандлю, росту гарадоў, у якіх паступова павялічвалася колькасць рабочых і іх арг-цый (у 1895 засн. Цэнтр літ. сацыял-дэмакратыі, у 1900 — партыя Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы). Насельніцтва Л. ўдзельнічала ў агульнарас. рэвалюцыях 1905—07, Лютаўскай і Кастрычніцкай 1917. У 1-ю сусв. вайну большая частка Л. акупіравана герм. войскамі.

У вер. 1917 створана Літоўская Тарыба (Савет), якая 11.12.1917 прыняла Дэкларацыю аб незалежнасці літ. дзяржавы ў саюзе з Германіяй, а 16.2.1918 — Акт аб незалежнасці Л. і стварыла ўрад на чале з А.​Вальдэмарасам. Супраць Тарыбы і ўрада выступілі бальшавікі Л., быў створаны часовы рабоча-сялянскі ўрад, а пасля ўступлення ў Л. Чырв. Арміі — Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (Літбел) са сталіцай у Вільні. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж Літвой і РСФСР 12.7.1920 і абвяшчэння незалежнасці БССР 31.7.1920 Літбел спыніла існаванне. З увядзеннем пасады прэзідэнта Л. (крас. 1919) і пасля склікання Устаноўчага з’езда Л. (15.5.1920) Літ. Тарыба страціла свае функцыі. У складаных міжнар. абставінах польскія войскі неаднаразова захоплівалі Віленскі край і Вільню (1.1.1919, 21.4.1919, 9.10.1920), што прывяло да Віленскага канфлікту 1920—39, стварэння Сярэдняй Літвы (у 1922 уключана ў склад Польшчы). Літ.-польск. адносіны ўскладніліся. Часовай сталіцай Л. стаў г. Каўнас (да 1940), дзе 1.8.1922 прынята Канстытуцыя, якая абвясціла Л. парламенцкай рэспублікай. Пасля выбараў у 3-і сейм (май 1926) узмацнілася ўнутрыпаліт. барацьба. 17.12.1926 у Л. адбыўся дзярж. пераварот, здзейснены афіцэрамі Каўнаскага гарнізона на чале з палк. І.​Пятруйцісам пры садзеянні кансерватыўнай партыі таўцінінкаў. Улада перайшла да А.Сметаны, які быў выбраны прэзідэнтам краіны. Канстытуцыі Л. 1928 і 1938 юрыдычна замацавалі ўсталяванне ў Л. правай дыктатуры; у 2-й пал. 1930-х г. забаронены ўсе партыі, акрамя правячай таўцінінкаў. Польшча (сак. 1938) і Германія (сак. 1939) прад’явілі Л. ультыматумы, з прыняццем якіх Л. юрыдычна адмовілася ад Вільні на карысць Польшчы і Клайпеды на карысць Германіі. Ва ўмовах росту нестабільнасці ў літ. грамадстве 28.3.1939 створаны ўрад «сумеснай працы» на чале з ген. І.​Чэрнюсам, які ў пач. 2-й сусв. вайны пасля размежавання сфер уплыву паміж Германіяй і СССР паводле пакта Рыбентропа—Молатава 1939 падпісаў 10.10.1939 у Маскве Дагавор «Аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы г. Вільнюса і Віленскай вобл. і аб узаемнай дапамозе паміж СССР і Літвой»; у адпаведнасці з дагаворам 14.6.1940 у Л. ўведзены сілы Чырв. Арміі. Прэзідэнт Сметана 15.6.1940 эмігрыраваў у Германію. 17.6.1940 створаны ўрад на чале з Ю.Палецкісам, які правёў выбары ў сейм. 21.7.1940 сейм абвясціў стварэнне Літ. ССР, уключанай 3.8.1940 у склад СССР (літ. армія як 29-ы стралк. корпус увайшла ў склад Чырв. Арміі). У жн. 1940 Л. перададзена частка тэр. БССР (каля 2,6 тыс. км² з насельніцтвам 82 тыс. чал.). Летам 1940 паводле рашэння ўрада Літ. ССР пачаўся перавод з Каўнаса ў Вільнюс цэнтр. дзярж. устаноў. Пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі і нацыяналізацыя прам-сці; адбылася першая хваля дэпартацыі часткі насельніцтва ў глыб СССР. У чэрв. 1941 Л. акупіравалі ням.-фаш. войскі. На тэр. рэспублікі дзейнічалі каля 10 тыс. сав. партызан і падпольшчыкаў, значная частка якіх прыходзіла з Беларусі (пераважна з Бягомльскай партыз. зоны). Частка насельніцтва Л. супрацоўнічала з акупац. ўладамі (на баку немцаў дзейнічалі літ. ваен. і паліцэйскія фарміраванні). У выніку Вільнюскай аперацыі 1944, Прыбалтыйскай аперацыі 1944 і інш. бітваў тэр. Л. да лют. 1945 вызвалена ад ням.-фаш. войск. На франтах Вял. Айч. вайны ў складзе Чырв. Арміі ваявала каля 100 тыс. літоўцаў, у т. л. больш за 12 тыс. у 16-й Літ. стралк. дывізіі. Пасля вайны частка насельніцтва не прыняла сав. ўладу, удзельнічала ва ўзброеным супраціўленні, у выніку чаго многія з іх былі дэпартаваны ў Сібір і інш. рэгіёны СССР. У 1948 прам-сць Л. дасягнула даваен. ўзроўню, да 1950 у асноўным калектывізавана яе сельская гаспадарка Сярод інш. сав. рэспублік Л. вызначалася больш высокімі тэмпамі эканам. росту, у т. л. ў сельскай гаспадарцы (жывёлагадоўля і інш.). У час палітыкі «перабудовы» ў СССР (з сярэдзіны 1980-х г.) у Л. актывізаваўся незалежніцкі рух. У чэрв. 1988 створаны літ. рух «Саюдзіс» (старшыня В.Ландсбергіс), які перамог у лют. 1990 на выбарах у Вярх. Савет Літ. ССР. 11.3.1990 новы літ. парламент прыняў Акт аб аднаўленні дзяржаўнасці. У вер. 1991 СССР прызнаў незалежнасць Літ. Рэспублікі. Першым яе прэзідэнтам стаў А.Бразаўскас (1992—97), са снеж. 1997 прэзідэнт краіны В.​Адамкус. Кіраўніцтва Л. абвясціла пра яе імкненне стаць членам НАТО, гатоўнасць выкарыстаць дапамогу зах. дзяржаў у рэфармаванні гаспадаркі краіны. Л. — член ААН (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 10.9.1991). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 30.12.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дэмакр. партыя працы Л. (пераемніца Камуніст. партыі Л.), Дэмакр. партыя Л. (пераемніца аднайм. партыі, што існавала ў 1902—20), Літ. с.-д. партыя, Хрысц.-дэмакр. партыя Л., «Саюдзіс» («Рух»), «Тэвінес саюнга» («Саюз Айчыны»), «Саюз Цэнтра», Сял. партыя, Партыя жанчын Л. Дзейнічаюць 6 прафс. цэнтраў, 56 галіновых прафсаюзаў (1997).

Гаспадарка. Л. — краіна з індустр.-агр. эканомікай. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 7762 млн. дол. ЗША, 2120 дол. на душу насельніцтва.

Доля прам-сці і буд-ва ў ВУП 35,6%, сельскай гаспадаркі (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) — 9,4%, сферы паслуг — 55%. У галіновай структуры прамысловасці вядучае месца належыць машынабудаванню, электраэнергетыцы, хім., лёгкай і харч. прам-сці, вытв-сці буд. матэрыялаў. Паліўна-энергет. комплекс выкарыстоўвае пераважна імпартнае паліва (нафта, газ) і ўласныя рэсурсы (торф, гідрарэсурсы). Магутнасць электрастанцый 6,2 млн. кВт. Вытв-сць электраэнергіі ў 1996—17,1 млрд. кВт∙гадз. Буйныя электрастанцыі: Літоўская ДРЭС, Каўнаская ГЭС, Мажэйкская і Вільнюская ЦЭЦ, Кайшадорская ГАЭС і Ігналінская АЭС. Здабыча нафты (70 тыс. т, 1994) і торфу. У г. Мажэйкяй працуе адзіны ў Прыбалтыцы нафтаперапрацоўчы з-д. У машынабудаванні вылучаюцца радыёэлектроніка, станкабудаванне, с.-г. машынабудаванне. Асн. цэнтры: Вільнюс (станкі, электрарухавікі, радыёвымяральныя прылады, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны), Каўнас (станкі, электраматоры, радыётэхніка), Паневяжыс (вырабы дакладнай механікі, электракампрэсары, кабель), Шаўляй (тэлевізары), Клайпеда (судны, суднарамонт), Алітус (халадзільнікі) і інш. Металаапрацоўка ў Вільнюсе, Каўнасе, Вілкавішкісе, Гаргждаі. Хім. прам-сць працуе на прывазной сыравіне з Расіі (газ, апатыты) і спецыялізуецца на вытв-сці мінер. угнаенняў (0,3 млн. т, Кедайняй, Іонава). Фармацэўтычная прам-сць у Вільнюсе і Швенчонісе. Дрэваапрацоўка прадстаўлена вытв-сцю паперы, кардону, цэлюлозы, піламатэрыялаў, мэблі, фанеры (Вільнюс, Каўнас, Шаўляй, Іонава, Клайпеда і інш.). Вытв-сць паперы і кардону — 30,7 тыс. т, піламатэрыялаў — 1,3 млн. м³ (1996). Сярод галін лёгкай прам-сці вылучаецца тэкст. прам-сць. На мясц. і імпартнай сыравіне працуюць прадпрыемствы па вытв-сці баваўняных (Алітус, Клайпеда), ільняных (Паневяжыс, Біржай, Плунге), шарсцяных (Каўнас, Крэцінга) тканін, трыкат. (Каўнас, Вільнюс, Клайпеда, Уцена, Цельшай), гарбарнаабутковых (Вільнюс, Мажэйкяй) і дывановых (Лентварыс) вырабаў. У 1996 выпушчана тканін 60,3 млн. м², абутку 1,7 млн. пар. У многіх гарадах прадпрыемствы швейнай прам-сці. Традыцыйна важнае месца сярод галін прам-сці займае харчовая. Развіты малочная, масласыраробная, мясная, мукамольная, цукр., агароднінакансервавая, рыбная і рыбакансервавая галіны. Вытв-сць (тыс. т, 1996) масла —34,8, мукі — 131,5, цукру — 136,3. Ёсць шэраг прадпрыемстваў камбікормавай прам-сці. Прам-сць буд. матэрыялаў (цэгла, шыфер, цэмент, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, шкло). Развіты маст. промыслы: апрацоўка бурштыну (Клайпеда, Паланга), вытв-сць керамікі, разьба па дрэве, цісненне скуры. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, беконнай свінагадоўлі і птушкагадоўлі. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1065, свіней — 1270, авечак — 32, коней — 78. Земляробства абслугоўвае патрэбы жывёлагадоўлі. С.г. ўгоддзі займаюць 3,5 млн. га, у т. л. пасяўныя плошчы — 2,3 млн. га (1996). Пад збожжавымі 48%, кармавымі 45%, бульбай 4,5%, тэхн. культурамі 1,6%. Сярод збожжавых (збор 2,5 млн. т) пераважаюць жыта, пшаніца, авёс, ячмень, з тэхн. культур — лён-даўгунец, цукр. буракі. Садоўніцтва. Кветкаводства. Улоў рыбы ў 1996—49,5 тыс. т. Асн. віды транспарту — чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 2021 км (у т. л. 122 км электрыфікавана), аўтадарог 56,7 тыс. км. Развіты марскі і рачны транспарт. Марскі флот налічвае 45 суднаў агульнай грузападымальнасцю 275,9 тыс. брута-рэг. т. Марскі порт — Клайпеда, рачны — Каўнас. Паромная пераправа звязвае Клайпеду з г. Мукран (Германія). Аэрапорты ў Вільнюсе, Каўнасе, Паланзе. Экспарт (3,4 млрд. дол. ЗША, 1996): тэкстыль, харч. прадукты, мінер. ўгнаенні, прадукцыя машынабудавання і інш. Імпарт (4,4 млрд. дол. ЗША, 1996): нафта, газ, машыны, тэкстыль, мінер. ўгнаенні. Асн. гандл. партнёры: Рас. Федэрацыя (24% экспарту, 25% імпарту), Германія (12,8%, 15,8%), Беларусь (10,2%, 2,4%), Латвія, Украіна, Польшча. Беларусь экспартуе ў Л. прадукты нафтаперапрацоўкі, калійныя ўгнаенні, хім. валокны і інш., імпартуе электраэнергію, фосфарныя ўгнаенні, рыбу, лек. сродкі і інш. Курорты: Друскінінкай, Паланга, Нерынга, Бірштанас, Пабіржэ. Грашовая адзінка — літ.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (пагран. войскі), а таксама сіл хуткага разгортвання. Агульная колькасць каля 19 тыс. чал. (1998), у т. л. 5,2 тыс. чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які кіруе ўзбр. сіламі праз міністра аховы краю і нач. аб’яднанага штаба. Камплектаванне паводле прызыву. Тэрмін службы 12 мес. У сухап. войсках больш за 4 тыс. чал., 24 бронетранспарцёры, 10 баявых разведвальна-дазорных машын, 18 мінамётаў і безадкатных гармат. У ВПС 550 чал., 10 самалётаў, 8 верталётаў. У ВМС 500 чал., 4 караблі, у т. л. 2 баявыя (фрэгаты), 3 патрульныя катэры. Сілы хуткага разгортвання ў складзе 3 батальёнаў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 62,6, жанчын 74,4 года. Смяротнасць — 13 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86, урачамі — 1 на 225 чал. Узровень нараджальнасці — 14 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць 16 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Л. ўключае дзярж. і прыватныя дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У сістэме дашкольных устаноў існуюць дзіцячыя сады-школы, у якіх дзеці знаходзяцца да 4-га класа.

Агульнаадук. школа падзяляецца на асноўную (1—9-ы кл., у т. л. пач. школа — 1—4-ы кл. для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту) і сярэднюю (3 гады навучання пасля асн. школы, 10—12—ы кл.). Пасля 8-га класа ўводзіцца дыферэнцыяцыя навучання з шырокімі магчымасцямі выбару альтэрнатыўных прадметаў, у 11—12-м кл. навучанне набывае гуманіт., прыродазнаўча-навук., камерцыйны або тэхнал. профіль. Найб. здольныя вучні могуць атрымаць сярэднюю адукацыю ў гімназіі, дзе падтрымліваецца больш высокі ўзровень выкладання. Навучанне вядзецца на літ. мове. Існуюць школы нац. меншасцей, у т. л. беларускія. Прафес. падрыхтоўку даюць прафес. школы на базе асн. школы (3—4 гады навучання) і сярэдняй (1—2 гады), сярэднюю спец. адукацыю — навуч. ўстановы верхняга ўзроўню (каледжы і вышэйшыя школы) на базе сярэдняй школы. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, ін-ты. У 1998/99 навуч. г. ў Л. 150 дзіцячых садоў-школ, у т. л. 2 прыватныя; 2,4 тыс. агульнаадук. школ, у т. л. 23 прыватныя; 59 гімназій, 29 школ маюць класы-гімназіі; Вільнюскі ліцэй дакладных, тэхн. навук і прыродазнаўства; 105 прафес. школ, у т. л. 40 с.-г., 70 вышэйшых школ, у т. л. 18 прыватных; 15 ВНУ. Буйнейшыя універсітэты: Вільнюскі (гл. таксама Віленскі універсітэт), вільнюскія пед. і тэхн., Каўнаскі тэхнал. (у яго складзе ін-т фіз. электронікі), Вітаўта Вялікага ў Каўнасе, Клайпедскі; Літоўскія акадэміі: ваен., муз., паліцэйская, вет., сельскай гаспадаркі, мастацтва (усе ў Вільнюсе), мед. (у Каўнасе). Найбольшыя б-кі: Літ. нац. імя М.​Мажвідаса, Вільнюская цэнтр. (мае 34 філіялы), Літоўская мед., тэхн., с.-г.; музыкі і мастацтва, Літ. т-ва сляпых (усе у Вільнюсе). Буйнейшыя музеі: мастацтва Л., прыкладнога мастацтва, Нац. галерэя, Вільнюская карцінная галерэя, Палац Радзівілаў, Літ. музей ахвяр генацыду, Літ. дзярж. музей, Дзярж. яўр. музей, Цэнтр сучаснага мастацтва (усе ў Вільнюсе); Музей творчасці М.​К.​Чурлёніса, Музей А.​Жмуйдзінавічуса (Музей чарцей), Карцінная галерэя М.​Жылінскаса, Ваенны музей імя Вітаўта Вялікага, Літ. музей Майроніса (усе ў Каўнасе); Карцінная галерэя і Музей гадзіннікаў у Клайпедзе, Музей бурштыну ў Паланзе, гістарычны ў г. Тракай, Музей літ. сял. побыту ў Румшышкасе, Гісторыка-археал. музей-запаведнік у Кярнаве, Дом Томаса Мана ў Нідзе. Навук. даследаванні праводзяцца ў н.-д. ін-тах і ўстановах (усяго больш за 40), у 4 ін-тах Каўнаскай мед. акадэміі, на кафедрах ун-таў і акадэмій.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. выдаецца больш за 600 штодзённых газет, з іх больш за 500 на літ. мове. Найб. тыраж і папулярнасць маюць: штодзённыя грамадска-паліт. газеты на літ. мове «Valstiečiu Laikraštis» («Сялянская газета», з 1940), на літ. і рус. мовах — «Lietuvos aidas» («Рэха Літвы», з 1917), «Lietuvos rytas» («Раніца Літвы», з 1989), «Respublika» («Рэспубліка», з 1988), на рус. і літ. мовах — «Вечерние новости» (з 1958) і інш. Інфарм. агенцтва: Літ. тэлеграфнае агенцтва (ЭЛЬТА, з 1920). Радыё з 1926 (2 праграмы, на літ., рус., польск. мовах, за мяжу — на літ. і англ. мовах). Рэтрансліруюцца таксама перадачы з Масквы і інш. гарадоў СНД. Тэлебачанне з 1957 (на літ., рус. і польск. мовах).

Літаратура. Вытокі л-ры Л. ў фальклоры (песні-дайны, казкі, паданні, прыказкі і інш.) і ў пісьмовых разнамоўных крыніцах. Найб. стараж. помнікі пісьменнасці Л. — летапісы 14—16 ст. на старабел. мове — афіц. мове ВКЛ. У іх ёсць элементы міфалогіі, нар. паданні, легенды, якія пазней жывілі маст. л-ру Л. Пісьменнасць 16—17 ст. развівалася на лац. (на ёй з 1579 вялося навучанне ў Віленскім ун-це) і польск. мовах. Захаваўся адзіны стараж. помнік на літ. мове — тэкст малітвы пач. 16 ст. У 16—17 ст. найб. значныя творы пра мінулае Л., яе прыроду на лац. мове стваралі М.Гусоўскі, А.Каяловіч, М.Літвін, Я.Радван, П.Раізій, М.Сарбеўскі, А.​Шротэр, на лац. і польск. — А.Волан, А.Ратундус, на польск. — М.Стрыйкоўскі. Да 19 ст. л-ра Л. стваралася і ў т.зв. Малой Л. — Усх. Прусіі. Помнікі старажытнасці мелі пераважна рэліг. характар. Першыя пераклады рэліг. песнапенняў на літ. мову зрабілі дзеячы Рэфармацыі праф. Кёнігсбергскага ун-та С.​Рапалёніс і А.​Кульвеціс. Першая кніга на літ. мове — «Катэхізіс» М.Мажвідаса (1547), якая ўключала літ. буквар і песнапенні. Значны ўклад у развіццё пісьменнасці Л. зрабілі першы перакладчык Бібліі на літ. мову, аўтар кнігі казанняў І.​Брэткунас, аўтар першай літ. граматыкі (1653), кнігі духоўных песнапенняў (кантаў) і малітоўніка Д.​Клейнас. Пачынальнік літ. пісьмовай л-ры М.​Даўкша — перакладчык на літ. мову катэхізіса Я.​Лядэсмы (1595) і зб. пропаведзяў Я.​Вуека «Посціла каталіцкая» (1599). Важную ролю ў станаўленні стараліт. пісьменнасці адыгралі К.Шырвідас, укладальнікі і перакладчыкі духоўных твораў М.​Петкявічус, С.​Славачынскіс, С.​Хілінскіс, І.​Якнавічус, С.​Яўгеліс-Целега. Спробы ўнармавання літ. пісьмовай мовы былі ў 18 ст.: граматыкі, слоўнікі, калектыўны пераклад Бібліі (1735), пачаты збор і выданне фалькл. твораў (І.​Брадоўскіс, М.​Мерлінас, К.​Мілкус, Г.​Остэрмеер, П.​Руйгіс). Першую кнігу свецкага зместу «Байкі Эзопа» выдаў І.​Шульцас (1706). Пачынальнік літ. маст. л-ры — К.Данелайціс, аўтар паэмы «Поры года» (каля 1760—70, выд. ў 1818). Развіццю л-ры ў 18 ст. спрыяла дзейнасць Л.​Рэзы і Ф.​Куршайціса. У пач. 19 ст. цэнтрам культуры Л. стаў Віленскі ун-т. Вядучае месца ў л-ры займала паэзія: байкі, эпіграмы, паэмы (С.​Валюнас, А.​Клементас, Д.​Пошка, С.​Станявічус, А.​Страздас). Найб. значны твор гэтага перыяду — паэма «Анікшчайскі бор» (1860—61) А.Баранаўскаса. У 1-й пал. 19 ст. зарадзілася маст. проза. Важную ролю ў яе станаўленні адыгралі гіст. працы з элементамі маст. прозы С.Даўкантаса, адметныя рамантычна-прыўзнятым асэнсаваннем мінулага краіны, узвышанасцю стылю. Каларытнасцю і выразнасцю нар. мовы вызначалася аповесць М.​Валанчуса «Юзэ з Палангі» (1869), заснаваная на этнагр. і фалькл. матэрыяле. Развіццё л-ры Л. стрымлівала забарона царскімі ўладамі друку на літ. мове (1864—1904). Цэнтры друку пачалі стварацца па-за межамі Л. — ва Усх. Прусіі, ЗША. У перыяд абуджэння нац. руху ў Л. ўзнік рамантызм. Найб. яркі яго прадстаўнік Майроніс (кн. «Галасы вясны», 1895), паэзія якога садзейнічала развіццю асноў сілаба-танічнага вершаскладання, фарміраванню літ. мовы. Элегічнымі матывамі вызначалася лірыка П.​Вайчайціса, патрыят. гучаннем, сатыр. паказам сац. з’яў — паэзія і проза В.Кудзіркі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў л-ры замацоўваюцца прынцыпы рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці (апавяданні вясковай тэматыкі Жэмайтэ). Традыцыі самабытнай рэаліст. прозы развівалі Ю.​Тумас-Вайжгантас, Лаздзіну Пеледа (сёстры М. і С.​Ластаўскене), Г.​Пяткявічайтэ-Бітэ, Шатрыёс Рагана. У жанры рамана выступіў В.​Петарыс, аўтар першага гіст. рамана «Альгімантас» (выд. 1904—05). Актывізацыі літ. і культ. жыцця ў пач. 20 ст. садзейнічала адмена забароны друку на нац. мове. Узніклі разнастайныя літ. плыні. Рэаліст. і фалькл. традыцыі спалучаны ў драме «Шарунас» (1911), «Паданнях Дайнаўскай даўніны» (1912), аповесцях і навелах В.Крэве; лірыцы Л.Гіры. Развіваліся неарамантызм, мадэрнізм (Ю.​Гербачаўскас), рэалізм (І.Білюнас, А.Венуоліс). Рысы імпрэсіянізму і экспрэсіянізму выявіліся ў прозе К.​Пуйды, Ю.​Савіцкіса, І.​Шэйнюса, сімвалізму і містыцызму — у драматургіі Відунаса (драмы «Цені прашчураў», 1908, і «Вечны агонь», 1912). Характар літ. працэсу ў 1918—40 вызначалі Майроніс (гіст. драмы ў вершах, балады), Тумас-Вайжгантас (апавяданні, аповесці, раман), Відунас (драмы), Пуйда (гіст. раман «Magnus Dux», 1936) і інш. У паэзіі і драме пераважаў сімвалізм (Ю.Балтрушайціс, В.​Вайчунас, Ф.​Кірша, В.Мікалайціс-Пуцінас, С.​Сантварас, Б.Сруога), у творчасці футурыстычнай групоўкі «Чатыры вятры» (К.​Бінкіс, Ю.​Ціслява, С.​Шэмерыс і інш.) — рысы экспрэсіянізму і рэалізму. Ідэйна-эстэт. прынцыпы неарамантызму развівалі маладыя паэты І.​Айсціс, Б.​Бразджоніс, А.​Мішкініс, С.Нерыс і інш. Імпрэсіянісцка-неарамантычнай арыентацыі ў празаічных творах прытрымліваліся А.​Вайчулайціс, Шэйнюс, К.​Янкаўскас. Пашырыўся жанрава-стылявы, ідэйна-тэматычны дыяпазон твораў рэаліст. кірунку, вырас іх маст. ўзровень: псіхал. раман «У цені алтароў» Мікалайціса-Пуцінаса (1933), гіст. раман «Лёс Шымонісаў» Е.​Сіманайцітэ (1935), празаічныя творы А.Венцлавы, Ю.Грушаса, Л.​Давідзенаса, І.​Марцінкявічуса, В.​Рамонаса, П.Цвіркі і інш. Матывы вызв. барацьбы гучалі ў творах пісьменнікаў Віленскага краю, што ўваходзіў у склад Польшчы: у паэзіі — О.​Міцютэ, А.Жукаўскас, Ю.​Кекштас, у прозе — Р.​Мацконіс. Гіст. абставіны пач. 1940-х г. паўплывалі на асабістыя лёсы пісьменнікаў Л., на характар маст. асэнсавання рэчаіснасці ў іх творах. У гады 2-й сусв. вайны многія пісьменнікі трапілі за межы краіны (Ю.Балтушыс, Гіра, Нерыс, Цвірка і інш.), асобныя апынуліся на фронце (В.​Мазурунас, Э.Межэлайціс, П.​Шырвіс), іх творчасць была прасякнута матывамі тугі па часова страчанай радзіме. У гады ням.-фаш. акупацыі ствараліся высокамаст. творы: лірычныя вершы і паэмы Нерыс, апавяданні Цвіркі, зборнікі філас. лірыкі Бразджоніса, Балтрушайціса, Мікалайціса-Пуцінаса. У л-ры з’явіліся новыя імёны (К.​Брадунас, В.​Мачэрніс). У 1944 многія пісьменнікі Л. эмігрыравалі на Захад (Брадунас, Бразджоніс, Кірша, Крэве, І.​Мякас, Г.​Нагіс, А.​Ніка-Нілюнас, Г.​Радаўскас, А.​Шкема і інш.). Замежнае т-ва літ. пісьменнікаў выдавала літ. газеты і часопісы, кнігі, падручнікі. Вярнуліся на радзіму асобныя пісьменнікі з СССР, з ням.-фаш. канцлагера (Сруога), на радзіме плённа працавалі К.​Борута, Вайчунас, Венуоліс, Мікалайціс-Пуцінас, Мішкініс, Сіманайцітэ і інш. Пачаўся складаны працэс развіцця л-ры першых пасляваен. гадоў. У асобных паэт. творах пераважаў псеўдапатрыят. пафас, публіцыстычныя штампы, паліт. лозунгі (Венцлава, А.​Іанінас, Мазурунас, Ю.​Мацявічус, Т.​Цільвіціс). Думку пра гіст. неабходнасць сав. улады ў Л., выкрыццё і асуджэнне кулацтва выказвалі ў сваіх творах А.Гудайціс-Гузявічус, І.Давідайціс, Цільвіціс і інш. Навізной вызначаліся аповесць Боруты «Млын Балтарагіса» (1945), драмы Сруогі «Доля перадсвітальная» (1945) і «Казімір Сапега» (1947), яго мемуары «Лес багоў» (1957) і інш. Творчае абнаўленне адчувалася ў паэзіі С.​Англіцкіса, Вайчунаса, І.​Грайчунаса, Жукаўскаса, К.​Інчуры, Э.Матузявічуса, Мішкініса, Мазурунаса. У песенна-рамант. кірунку працаваў П.​Шырвіс, наватарства і эксперымент характэрны паэту-лірыку Межэлайцісу (зб-кі «Чалавек», 1961; «Тут Літва», 1968). Значны ўклад у л-ру зрабілі пісьменнікі-эмігранты (паэт Радаўскас, празаік і драматург Шкема). Анталогія «Зямля» (1951) выявіла новыя таленты: Брадунас, Мачэрніс (філас.-канцэптуальны цыкл вершаў «Прывіды»), Нагіс, Ніка-Нілюнас. Традыцыі вясковай прозы развіваў М.​Кацілішкіс. 1960—70-я г. — перыяд кардынальных перамен у прозе і драматургіі. Зварот да гіст. тэматыкі, пераасэнсаванне праблем нацыі і дзяржавы, здабыткі этн. культуры, шматгранны духоўны свет сучасніка вызначалі сутнасць і змест літ. л-ры гэтага перыяду (Й.Авіжус, Балтушыс, І.​Мікелінскас, Сіманайцітэ, М.Слуцкіс). Гал. арыенцірамі л-ры сталі інтэлектуалізм, псіхалагізм, актуальнасць тэматыкі, пошукі новых маст. форм. Супярэчлівасць чалавечай прыроды, права чалавека на выбар паказаны ў драмах «Каханне, джаз і чорт» (паст. 1967) і «Барбара Радзівіл» (паст. 1972) Грушаса, праблемы сучаснай вёскі, сял. лёсу — у прозе В.Бубніса, Слуцкіса, А.​Поцюса, псіхал. праблемы выхавання моладзі — у творах Р.​Кашаўскаса, пратэст супраць псеўдарэаліст. адлюстравання рэчаіснасці — у Р.​Ланкаўскаса, уплыў навейшай зах. драмы ў творчасці К.​Саі і Ю.​Глінскіса. У 1970—80-я г. раскрыўся творчы талент пісьменнікаў А.​Балтакіса, Я.Дзегуцітэ, А.Малдоніса, Ю.Марцінкявічуса, Л.​Яцынявічуса, асн. змест твораў якіх — філас. роздум пра лёс нацыі, праблемы урбанізацыі і інш. Новыя якасці (парадокс, іронія) і тэндэнцыі, сувязь з фалькл. традыцыямі, духоўнасць выявіліся ў паэзіі О.​Балюканітэ, В.Бложа, Ю.​Вайчунайтэ, Т.​Венцлавы, С.​Гяды, М.​Марцінайціса, І.​Стрэлкунаса, Г.​А.​Чыгрэюса, І.​Юшкайціса, у прозе Ю.​Апуціса, Р.​Гранаўскаса, П.​Дзіргелы, Б.​Радзявічуса. Новы этап развіцця л-ры звязаны з нац. адраджэннем у 1980—90-я г. Сучасныя тэндэнцыі прадстаўлены шматлікімі постмадэрнісцкімі творамі, насычанымі ўмоўнымі вобразамі, паэтыкай міфаў (проза Р.​Гавяліса, С.​Т.​Кандротаса), розныя спосабы адлюстравання вызначаюць прозу Ю.​Кунчынаса, А.​Рамонаса, В.​Юкнайтэ і інш. У паэзіі дамінуе пакаленне 1980-х г., творы якіх вылучаюцца арыгінальнасцю формы, паэт. майстэрствам, вытанчанасцю мовы (В.​Бразюнас, А.​Грыбаўскас, Д.​Каёкас, Э.​Келміцкас, В.​Кукулас, А.​Марчэнас, Н.​Міляўскайтэ, С.​Парульскіс, Г.​Цэшкайтэ і інш.).

Літоўска-бел. літ. ўзаемасувязі маюць даўнія традыцыі. Яны зарадзіліся ў часы ВКЛ, калі ў Вільні на старабел. мове пісаліся летапісы і статуты, а Ф.​Скарына выдаваў беларускамоўныя кнігі (1522—25). Узмацніліся яны ў 19 ст. У літ. гуртку А.​Г.​Кіркора (канец 1850-х г.) разам з В.​Дуніным-Марцінкевічам, В.​Каратынскім і інш. ўдзельнічаў літ. пісьменнік М.Акялайціс (пераклаў на літ. мову ананімны бел. твор 19 ст. «Гутарка старога дзеда»). У пач. 20 ст. Вільня была асяродкам літ. і бел. культуры. Тут выходзілі газ. «Наша доля», «Наша ніва», жылі, бралі ўдзел у грамадска-літ. жыцці Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч, Я.​Купала, Я.​Колас, Цётка, З.​Бядуля, прыязджаў М.​Багдановіч, адбываліся сустрэчы літ. і бел. пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў Важным фактарам творчых узаемакантактаў была дружба Я.​Купалы з Гірам, М.​Ластаўскене, мастаком і кампазітарам М.​Чурлёнісам. У 1910 у перыяд. друку Л. з’явіліся першыя літ.-крытычныя артыкулы Гіры пра творчасць Я.​Купалы, змяшчаліся яго вершы на літ. мове ў перакладзе А.​Якштаса (А.​Дамбраўскаса). У 1909 на бел. мове апублікавана апавяданне Білюнаса. У 1920—30-я г. ў Вільні і Каўнасе ставіліся п’есы Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца, Л.​Родзевіча, выдаваліся бел. кнігі, газеты і часопісы, у т. л. час. «Крывіч», «Беларускі асяродак», «Крывічанін» і інш. У 1930-я г. ў Мінску жылі і працавалі Ф.​Вайшнорас (Садайніс), Л.​Мяркітэ (Лавенас Люда), А.Дабулявічус, В.​Скарджус і інш., выходзілі газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), альманах «Пад чырвоным сцягам», працавалі літ. секцыі ў Саюзе пісьменнікаў і Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1920—30-я г. ў Мінску выдадзена 78 ліг. кніг, у т. л. пераклады на літ. мову паэмы «Над ракою Арэсай» Я.​Купалы (1935), твораў Я.​Маўра, А.​Якімовіча. Асабістыя кантакты звязвалі М.​Танка з Жукаўскасам, Міцютэ, І.​Каросасам. Збліжэнню л-р спрыялі асабістыя сустрэчы Цвіркі, Венцлавы на 35-гадовым юбілеі творчай дзейнасці Я.​Купалы ў Мінску ў снеж. 1940, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Лынькова і П.​Броўкі ў маі—чэрв. 1941 у Вільні і Каўнасе. У 2-ю сусв. вайну бел. і літ. пісьменнікі ўдзельнічалі ў супольных вечарах, выступалі ў перыяд. друку. Адзінства матываў і вобразаў ядналі паэзію Гіры, Венцлавы, Цвіркі, Марцінкявічуса, В.​Рэймерыса, Нерыс, Межэлайціса з творамі Я.​Коласа, Броўкі, П.​Панчанкі, М.​Танка і інш. У пасляваен. перыяд склаліся новыя формы супрацоўніцтва — тыдні, дні л-ры і культуры суседніх народаў. Актывізацыі бел.-літ. сувязей спрыялі тыдні літ. л-ры ў Беларусі (1956), бел. л-ры ў Літве (1958), бел. кнігі ў Літве (1962), літ. кнігі ў Беларусі (1963), дні бел.-літ. дружбы ў Літве (1963), сяброўскія сустрэчы дзеячаў л-ры, культуры Літвы ў Беларусі (1974), л-ры і мастацтва Беларусі ў Літве (1975) і інш. Сустрэчы пісьменнікаў, узаемакантакты, знаёмства з гісторыяй, культурай рэспублік выклікала ўзаемапранікненне тэм і вобразаў. Літоўская тэматыка заняла значнае месца ў творах Броўкі, М.​Танка, Панчанкі, Р.​Барадуліна, М.​Калачынскага, У.​Караткевіча, Л.​Арабей, А.​Лойкі і інш., беларуская — у творах Межэлайціса, Жукаўскаса, Ю.​Палецкіса, Б.​Мацкявічуса, А.​Шульцайтэ, Балтакіса, Мікалайціса-Пуцінаса і інш. У 1945—84 у перакладзе на літ. мову выдадзена 45 кніг бел. пісьменнікаў, у перакладзе на бел. мову — каля 30 кніг літ. аўтараў. На літ. мове выйшлі: «Анталогія беларускай прозы» (1949), анталогіі бел. паэзіі «З беларускай паэзіі» (1952), «Па Нёмане песня плыве» (1958), зб. бел. нар. казак «Ліса ваўка пакарала» (1965), кн. вершаў, паэм і п’ес Я.​Купалы «Не жалейка стогне» (1957), паэт. зб-кі Калачынскага «Прыгоды Патапкі» (1960), М.​Танка «След бліскавіцы» (1961), Я.​Коласа «Ой вы, думы, думы...» (1962), кн. апавяданняў і аповесцей Я.​Брыля «У Забалоцці днее» (1955) і «Зялёная школа» (1963), З.​Бядулі «Сярэбраная табакерка» (1956), кн. прозы М.​Танка «Лісткі календара» (1969), кн. апавяданняў бел. пісьменнікаў «Акно ў зялёны сад» (1988), аповесці В.​Быкава «Трэцяя ракета» (1964), У.​Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» (1994), раманы І.​Шамякіна «Крыніцы» (1958) і «Сэрца на далоні» (1966), М.​Гарэцкага «Віленскія камунары» (1965), В.​Хомчанкі «Вяртанне ў агонь» (1983), В.​Коўтун «Крыж міласэрнасці» (1997) і інш. На літ. мову бел. творы перакладалі А.​Антанавічус, Балтакіс, Жукаўскас, А.​Лапінскене, Э.​Легутэ, Матузявічус, Межэлайціс і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі: анталогіі прозы «Літоўскія апавяданні» (1957), паэзіі «Паэты Савецкай Літвы» (1954), «Галасы сяброў» (1958), «Літоўская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1977), зб-кі літ. нар. казак «Цудоўная крыніца» (1955), «Літоўскія народныя казкі» (1961), «Літоўскі гумар» (1966), казка «Чаму ў моры вада салёная?» (1970), раманы Венцлавы «Дзень нараджэння», Балтушыса «Прададзеныя гады» (абодва 1961), В.​Бубніса «Пад летнім небам» (1982), В.​Місявічуса «Мядзведжая акадэмія» (1988), Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989), паэма Данелайціса «Чатыры пары года» (1983), «Паэма братэрства» (1958) і зб. вершаў «Чалавек» (1984) Межэлайціса, зб-кі паэзіі Матузявічуса «Просіцца ў песню мора» (1965), Нерыс «Калі зямля прачынаецца» (1971), Марцінкявічуса «Трава і камень» (1981), Малдоніса «Вадзяныя знакі» (1985), шэраг твораў для дзяцей, у т. л. кн. вершаў Э.​Балёнене «Уцёс і ружа» (1976), зб-кі вершаў «Рамоначак-Рамунеле» (1979), А.​Матуціса «Мамін пірог» (1986), кн. аповесцей Бубніса «Белы вецер» (1978), аповесць-казка Саі «Гэй, хавайцеся!» (1982), казка Цвіркі «Срэбная куля» (1991) і інш. На бел. мову творы літ. пісьменнікаў перакладалі і перакладаюць А.​Асташонак, Барадулін, Броўка, Я.​Войніч, А.​Вярцінскі, М.​Гіль, С.​Грахоўскі, М.​Грынблат, А.​Зарыцкі, А.​Звонак, В.​Іпатава, Калачынскі, І.​Калеснік, Г.​Каржанеўская, У.​Карызна, Лойка, Е.​Лось, В.​Лукша, П.​Марціновіч, С.​Панізнік, А.​Разанаў, Ю.​Свірка, Р.​Семашкевіч, Я.​Семяжон, Я.​Сіпакоў, А.​Ставер, М.​Танк і інш. Літ.-бел. сувязі даследуюць Лапінскене, А.​Мальдзіс і інш.

Архітэктура. Пры археал. раскопках стаянак мезаліту і асабліва неаліту (4—2-е тыс. да н.э.) выяўлены рэшткі круглых і авальных у плане жытлаў з адкрытым ачагом, сценамі з верт. жэрдак з глінянай абмазкай. У пач. н.э. з’явіліся зрубныя, прамавугольныя ў плане пабудовы, умацаваныя паселішчы родавых абшчын — гарадзішчы-пілякальнісы (5—8 ст.) з равамі, валамі і частаколам з бярвён. У 9—12 ст. на тэр. пілякальнісаў будавалі драўляныя замкі феадалаў. Жылыя пабудовы 12—14 ст. — драўляныя зрубныя, з адкрытымі ачагамі ці глінянымі печамі. У перыяд барацьбы з крыжакамі будавалі шматлікія драўляныя (Кярнава) і каменныя (Каўнас) замкі. У 14 ст. ўзводзіліся буйныя абарончыя замкавыя комплексы (Тракайскі замак). Для ранняй замкавай архітэктуры характэрны манументальнасць, стрыманы дэкор, арган. ўпісанне ў прыроднае асяроддзе (Верхні замак, замак Гедзіміна ў Вільнюсе). Гар. забудова была пераважна драўляная, з 14 ст. ставілі і цагляныя будынкі. Некаторыя гарады абкружалі каменнымі сценамі (рэшткі гар. сцен з Вострай брамай у Вільнюсе, 16 ст.). Для пабудоў 14—1-й пал. 15 ст. (ранняя готыка) характэрны храмы з высокімі 2-схільнымі дахамі і трохвугольнымі франтонамі, рэдкімі аконнымі праёмамі ў масіўных сценах, умацаваных контрфорсамі, перакрытыя нервюрнымі крыжовымі скляпеннямі (касцёл Вітаўта ў Каўнасе). Культавыя збудаванні позняй готыкі (канец 15—16 ст.) сталі больш дэкаратыўныя, са святочным дэкорам з фасоннай цэглы разнастайнай канфігурацыі ў аздабленні фасадаў (т.зв. Дом Пяркуна ў Каўнасе, касцёл св. Ганны ў Вільнюсе). Блізкімі да нар. дойлідства былі драўляныя касцёлы і званіцы. У 1-й пал. 16 ст. пачала пашырацца архітэктура Адраджэння, фарміраваліся гарады і мястэчкі з рэгулярнай планіроўкай (Біржай, Вірбаліс і інш.). У грамадз. архітэктуры гатычныя канструкцыі і планы часта спалучаліся з дэкорам у духу Адраджэння. Большасць феад. замкаў захоўвала сярэдневяковы абарончы характар (замак у Віценай, пач. 17 ст.). Будавалі таксама крэпасці-бастыёны (Клайпеда, Біржай), комплексы замкаў-рэзідэнцый феадалаў з палацам у цэнтры (замкі Ніжні ў Вільнюсе, каля 1530, і Раўдоне, канец 16 ст.). У 17—18 ст. узводзіліся пышныя касцёлы і палацы ў стылі барока (касцёлы св. Казіміра, св. Тэрэзы, палацы Слушкаў, Сапегаў у Вільнюсе, Пажайсліскі арх. ансамбль у Каўнасе). Інтэр’еры найб. значных цэркваў перыяду сталага барока аздаблялі багатым ляпным дэкорам (касцёл св. Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільнюсе), размалёўкамі. У перыяд позняга барока (1700—90) сфарміраваўся стыль т.зв. Віленскага барока (касцёлы св. Кацярыны, місіянераў, брама Базыльянскіх муроў у Вільнюсе). У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пашырыліся прынцыпы класіцызму (Кафедральны сабор св. Станіслава; ратуша, цяпер Маст. музей; у Вільнюсе), распрацаваны і часткова здзейснены праекты рэгулярнай планіроўкі Вільнюса (1817), Каўнаса (1847, 1871), Швенчоніса (1874) і інш. гарадоў. Пасля 1820 пашыраюцца стылі ампір (б. губернатарскі палац, рэканструяваны ў 1832) і ампір мясцовы (панская сядзіба ў Траку-Воке Вільнюскага павета). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. дамінавалі эклектычныя формы, стылістычныя тэндэнцыі рамантызму, гістарызму (неаготыка, неарэнесанс, неабарока, неакласіцызм і інш.): будынкі філармоніі ў Вільнюсе, банка ў Каўнасе, касцёлы ў Рокішкісе і Паланзе; палац Тышкевічаў у Паланзе (цяпер Музей бурштыну). У 1930-я г. будавалі ў духу мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму (будынак паштамта, Маст. музей імя М.​Чурлёніса ў Каўнасе, мікрараён на Антокалі ў Вільнюсе). Пасля 2-й сусв. вайны складзены генпланы буйных гарадоў: Вільнюса (1951, 1967, 1981), Шаўляя (1951, 1963, 1980), Паневяжыса (1951, 1962, 1973), Клайпеды (1952, 1964, 1977), Каўнаса (1953, 1983). Фарміруюцца новыя прамысл. гарады Наўйойі-Акмяне (з 1948), Электрэнай (з 1960), Вісагінас (з 1978) і інш. Сучаснай архітэктуры ўласцівы планамернае развіццё гарадоў, рацыянальнае размяшчэнне прамысл. зон і жылых раёнаў, укараненне тыпавога праектавання і індустр. метадаў буд-ва. Вясковае буд-ва адметнае спалучэннем сучасных арх. форм і традыцыйнай забудовы, азеляненнем. Для жылых гар. раёнаў характэрны рацыянальная планіроўка, кампактныя цэнтры, сувязь з ландшафтам, прастата форм: у Вільнюсе — Жырмунай (з 1962), Лаздзінай (з 1967), Каралінішкес (з 1971), у Каўнасе — Кальнечу (1976—85), Эйгулю (з 1985), у Клайпедзе — Чацвёрты (1968—74), у Шаўляі — Лепарай (1966—82), у Алітусе — Відгірыс (1984). Архітэктура грамадз. збудаванняў вызначаецца строгасцю форм, функцыян. мэтазгоднасцю, у афармленні інтэр’ераў пашыраны дрэва, кераміка, вітражы, вырабы з металу, манум.-дэкар. жывапіс і скульптура: кавярня (1959) і гасцініца (1960) «Нярынга», Выставачны палац (1967), будынкі Літ. нац. т-ра оперы і балета (1974), Літ. драм. т-ра (1981), комплекс бальніц Сантарышкес (1972—83) — усе ў Вільнюсе; аўтавакзал у Шаўляі (1966); санаторыі і дамы адпачынку ў Друскінінкаі («Жыльвінас», 1969, «Лінас», 1979). У Друскінінкаі помнік Чурлёнісу (1975, скульпт. В.​Вільджунас). У 1944 засн. Саюз архітэктараў Л. Іл. гл. таксама да арт. Вільнюс.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З эпохі неаліту на тэр. Л. вядомы вырабы з каменю, косці і дрэва са скульпт. дэкорам, арнаментаваны гліняны посуд, бурштынавыя фігуркі жывёл і людзей. У бронз. веку пашырыўся выраб упрыгожванняў з каляровых металаў і бурштыну (скроневыя падвескі, шыйныя грыўні, фібулы, бранзалеты, пярсцёнкі), дэкарыраваных зброі, даспехаў і конскай вупражы. У аздабленні выкарыстоўваліся ліставое серабро, сіняе шкло, геам. і стылізаваны анімалістычны і расл. арнамент, часам рэльефныя выявы. У сярэдневякоўі мастацтва Л. развівалася пад уплывам краін Зах. і Усх. Еўропы ў агульным рэчышчы развіцця культур інш. народаў ВКЛ. У 13—16 ст. высокага маст. ўзроўню дасягнула дэкар.-прыкладное мастацтва — ювелірная справа, глазураваная кераміка, рэльефная кафля, разьба па дрэве і косці; пашырыліся драўляная гатычная пластыка («Мадонна», 15 ст., царква ў Крэцінзе), манум. жывапіс, у т. л. свецкі (размалёўкі пач. 15 ст. ў Тракайскім замку, не захаваліся). З пач. 16 ст. паралельна з готыкай развівалася рэнесансавае мастацтва, у якім дамінавалі партрэтны жанр і рэліг. кампазіцыі. Пашырыліся каменныя скульпт. надмагіллі з партрэтнымі выявамі. З пачаткам кнігадрукавання развіваўся дрэварыт, пазней медзярыт. У тэхніцы гравюры выконваліся тытульныя лісты, ініцыялы, застаўкі, канцоўкі кніг («Катэхізіс» М.​Мажвідаса, 1547; «Посціла каталіцкая» Я.​Вуека ў перакладзе М.​Даўкшы, 1599). У 17—18 ст. у аздабленні барочных палацаў і цэркваў выкарыстоўваліся скульптура і манум.-дэкар. жывапіс (размалёўкі манастыра кальмадалійцаў у Пажайслісе каля Каўнаса, 1677—84). Багаццем дэкар. матываў, пластычнай экспрэсіяй вызначаліся разныя драўляныя алтары, скульптура. Працавалі жывапісцы С. дэ Мірыс, М.​А.​Палоні, І.​Прэхтэль, С.​Чэховічус, Ю.​Шульцас, скульптары Дж.​М.​Галі, І.​Мерлі, П.​Перці, графікі П.​Бальцявічус, Л.​Вілацас, К.​Гётке, К.​Карэнга, І.​Пятраўскас, Т. і М.​Шнопсы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. літ. мастакі працавалі пераважна ў стылях класіцызму і рамантызму. Вял. ўклад у станаўленне літ. маст. школы зрабілі мастакі І.Аляшкевіч, В.Дмахоўскі, К.​Русецкі, Я.Рустэм, Ф.Смуглевіч, скульпт. К.Ельскі і інш., дзейнасць маст. факультэтаў Віленскага ун-та. У дэкар.-прыкладным мастацтве сталі пашыранымі мануфактурныя вырабы маст. тэкстылю (шпалеры, дываны, паясы; майстры І.​Літвінкявічус, А.​Маркявічэне, М.​Вербіцкіс), керамікі (М.​Траповічус, П.​Шуманаўскас, Л.​Юравічус), шкла і інш. У жывапісе сярэдзіны 19 ст. дамінавалі партрэт (А.​Валінавічус, І.​Іацейка, К.​Рыпінскі) і пейзаж (М.Кулеша, К.​Рачынскі, М.​Янушавічус). У жанравых і гіст. кампазіцыях сцвярджаліся ідэі нац. самасвядомасці (Ю.​Карчэўскіс, К.​Кукявічус і інш.). У графіцы былі пашыраны кніжная ілюстрацыя (В.​Неверавічус, В.​Смакоўскі), эстампы (партрэты і гіст. кампазіцыі Б.​Кіслінга, М.​Пшыцкіса, Ю.​Саўндэрса, Ю.​Хшчановіча). Ствараліся скульпт. партрэты (Р.​Слізень, І.​Цэйзік). У 2-й пал. 19 ст. рэаліст. кірунак развіваўся ў творчасці Р.​Алекна-Швайніцкіса, Ю.​Балзукявічуса, І.​Зенкявічуса, А.​Рэмерыса і інш. На пач. 20 ст. важную ролю ў фарміраванні нац. маст. школы адыграла дзейнасць Літ. маст. т-ва (засн. ў 1907). Найб. пашыраны былі жанравы рэаліст. жывапіс (А.Жмуйдзінавічус, П.​Калпокас, М.Чурлёніс) і скульптура (Ю.​Зікарас, П.​Рымша). У 1919—40-я г. мастацтва Л. вызначалася разнастайнасцю кірункаў і плыняў. Разам з рэаліст. мастацтвам развіваліся імпрэсіянізм (Жмуйдзінавічус, Калпокас, К.​Склерус), сімвалізм (А.​Варнас, К.​Шымоніс), акадэмізм і натуралізм (І.​Мацкявічус, З.​Пятравічус, І.​Януліс). У скульптуры пераважаў рэаліст. кірунак, часам у спалучэнні з рысамі акадэмізму, імпрэсіянізму (Р.​Анцініс, Б.​Бучас, В.​Грыбас, Ю.​Мікенас, Б.​Пундзюс). У 1930-я г. ў творчасці мастакоў з аб’яднанняў «АРС», «Т-ва незалежных мастакоў» і інш. авангардысцкія тэндэнцыі спалучаліся са зваротам да традыцый нар. мастацтва (В.​Візгірда, А.​Гальдзікас, А.​Гудайціс, А.​Самуоліс і інш.). Развіваліся тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (І.​Грэгараўскас, У.​Дубянецкі, У.​Дзіджокас), графіка (С.​Жукас, Б.​Жэконіс, І.​Кузмінскіс, В.​Юркунас), манум.-дэкар. і прыкладное мастацтва (вітражы С.Ушынскаса, мазаікі Мікенаса, кераміка В.​Мікнявічуса, керамічная дробная пластыка В.​Манамайціса). У канцы 1940-х — 1960-я г. ў мастацтве пераважалі тэматычная карціна (С.​Грачоў, В.​Дзілка, Жмуйдзінавічус, В.​Мацкявічус, Б.​Яцявічутэ), пейзаж (І.​Бурачас, Гудайціс, Л.​Кацінас, А.​Мацеюнас, А.​Пятруліс, А.​Савіцкас, І.​Шылейка), партрэт (Ю.​Венажынскіс, І.​Трэчакайтэ-Жэбянкене, М.​Цвіркене, Януліс), развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, вітражы (А.​Стомкус А.​Стошкус*). У скульптуры дамінаваў партрэт (П.Александравічус, П.​Вайвада, Л.​Жукліс, Пундзюс, Н.​Пятруліс), ствараліся сюжэтныя кампазіцыі (К.​Багданас, Ю.​Кедайніс, К.​Кіселіс). У жывапісе 1970—90-х г. пераважаў каларыстычны кірунак (Р.​Бічунас, С.​Вейверытэ, Гудайціс, С.​Джаўкштас, В.​Каратаюс, В.​Кісараўскас, Мацеюнас, В.​Павілайціс, Савіцкас, Л.​Сургайліс, Л.​Тулейкіс, В.​Цыпліяўскас, І.​Чэпоніс, І.​Шважас, С.​Юсёніс). Скульптура вызначалася выразнасцю форм, выкарыстаннем нар. традыцый (Александравічус, А.​Амбразюнас, Анцініс, Г.Якубоніс, Э.​Фрэгос і інш.). Самабытны характар набыла літ. школа графікі і кніжнай ілюстрацыі (В.​Валюс, Р.​Гібавічус, Б.​Жылітэ, С.Красаўскас, А.​Скіруцітэ, А.​Сцяпанавічус, Юркунас). Высокага маст. ўзроўню дасягнула дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва кераміка (Ю.​Адамоніса, А.​Лічкутэ, М.​Врубляўскаса, Г.​Яцэнайтэ), маст. тэкстыль (Ю.​Бальчыконіса, В.​Даўётаса, М.​Шважэне) і маст. апрацоўка бурштыну (Ф.​Даўкантаса, К.​Сіманоніса). У нар. мастацтве вызначаецца самабытная драўляная скульптура (невял. выявы святых, Хрыста і інш.) і дрэварыт У 1940 засн. Саюз мастакоў Л.

Музыка. Літ. муз. фальклор уключае працоўныя, каляндарныя і сямейныя абрадавыя, лірычныя, ваен.-гіст. і інш. песні, інстр. найгрышы, танцы. На Пд Л. пашырана аднагалоссе, антыфоннае спяванне, у паўн.-зах. і паўн.-ўсх. (Аўкштайція) раёнах — песні гамафоннага складу. У Аўкштайціі захавалася найб. спецыфічная частка літ. муз. фальклору — архаічныя поліфанічныя песні сугарцінес (у суправаджэнні ансамбля духавых інструментаў скудучай, трымітас ці струнна-смычковых канклес). Сярод інш. літ. нар. інструментаў: духавыя — бірбіне, даўдзітэ, ожрагіс, лумздзяліс, лабанора дуда; варган бандурэліс; ударны шумавы — джынгуліс. З прыняццем хрысціянства пашырыліся грыгарыянскі спеў, зах.-еўрап. музыка; у касцёлах спявалі хары, устанаўліваліся арганы. З канца 14 ст. ў касцельных і кляштарных школах навучалі спевам, пазней ігры на аргане. У 1547 у кн. «Катэхізіс» М.​Мажвідаса ўпершыню апублікаваны літ. духоўныя песнапенні. Свецкае музіцыраванне развіваецца з 14 ст., напачатку пры дварах вял. князёў, дзе існавалі вак.-інстр. капэлы. У 16 ст. ў Вільні працавалі Б.​Бакфарк, Вацлаў з Шамотул і інш. замежныя музыканты. У 1636 італьян. оперная трупа паставіла ў Вільні першы оперны спектакль «Выкраданне Алены» (мяркуюць, на музыку М.​Скакі). Сярод кампазітараў-аматараў 17—18 ст. К.​Рудаміна-Дусецкі, А.​Гобята. У Віленскім ун-це ставіліся муз. спектаклі, працавалі аркестры, хары, пазней семінарыя для настаўнікаў і арганістаў (канец 18 ст.), выкладаліся ігра на муз. інструментах і музыказнаўства (Я.Д.Голанд, І.​Рэнер). У 19 ст. выйшлі першыя зборнікі нар. песень (Кёнігсберг, 1825; Вільня, 1829). У Віленскім гар. т-ры ставіліся оперы В.​А.​Моцарта, К.​М.​Вебера і інш. У розны час у Вільні працавалі М.Дылецкі, С.Манюшка. У 1873—1915 у Л. дзейнічала аддзяленне Рас. муз. т-ва. Традыцыі новай нац. музыкі закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў творчасці М.Чурлёніса, М.​Пятраўскаса (першая літ. опера «Бірутэ», 1906; аперэты, хар. творы), Ч.​Саснаўскаса, Ю.​Наўяліса (кіраўнік хору «Дайна» і т-ва арганістаў, заснавальнік курсаў арганістаў, 1892, і муз. школы, 1919, з 1933 кансерваторыя), С.Шымкуса, Ю.​Груадзіса. У канцы 1918 — пач. 1919 працавала Муз. калегія Наркамасветы Л. (Ю.Талат-Кялпша, К.Галкоўскі і інш.). У 1919—40 цэнтрам літ. культуры быў Каўнас. У 1920 у ім заснаваны Літоўскі нацыянальны тэатр оперы і балета (у 1948 пераведзены ў Вільнюс), дзе ў 1930-я г. пастаўлены нац. оперы Ю.​Карнавічуса, А.​Рачунаса, Пятраўскаса, І.​Дамбраўскаса, балеты В.​Бацявічуса, Груадзіса, Б.Дварыёнаса. Буйныя сімф. і камерна-інстр. творы пісалі Груадзіс, Бацявічус, Ю.​Жылявічус (аўтар першай літ. сімфоніі, 1922), Карнавічус, К.-В.​Банайціс, В.​Якубенас, Рачунас, І.​Набажас, Ю.​Гайдзяліс, Ю.​Пакальніс; у галіне хар. музыкі працавалі Шымкус, Талат-Кялпша, А.​Качанаўскас, Ю.​Каросас і інш. Значную ролю ў культ. жыцці краіны адыграў Саюз музыкантаў Л. (1924—40). У пач. 1940-х г. у Каўнасе адкрыты т-р муз. камедыі (цяпер Каўнаскі муз. т-р), у Вільнюсе — філармонія, у складзе якой працавалі сімф. аркестр, хор, ансамбль песні і танца. У гады 2-й сусв. вайны некаторыя літ. музыканты працавалі ў Расіі (у г. Пераслаўль-Залескі створаны Дзярж. маст. ансамбль Літ. ССР). У 1945 у Вільнюсе адкрыта Літ. кансерваторыя (у 1949 аб’яднана з Каўнаскай, з 1971 дзейнічае яе філіял у г. Клайпеда). З 1946 рэгулярна праводзяцца пеўчыя святы. У 1940—50-я г. ў вак.-сімф. і муз.-сцэн. жанрах працавалі кампазітары Рачунас, Ю.​Юзелюнас, А.​Белазарас, В.​Клова, Дварыёнас. З 1960-х г. творчасць кампазітараў Л. стала больш разнастайнай у стылявых і жанравых адносінах, абнавілася муз. мова, паглыбілася цікавасць да нар. творчасці. Паявіліся оперы Юзелюнаса, Рачунаса, В.​Лаўрушаса, П.-В.​Палтанавічуса, В.​Баркаўскаса, Э.Бальсіса, балеты Бальсіса, А.​Рэкашуса; аперэты, мюзіклы, араторыі Бальсіса, В.​Юргуціса, Б.​Кутавічуса; кантаты Юзелюнаса, творы інш. жанраў А.​Бражынскаса, А.​Марцінайціса. У галіне сімф. і камерна-інстр. музыкі працуюць Дварыёнас, С.​Вайнюнас, Юзелюнас, Бальсіс, Ф.​Р.​Баёрас, О.​Балакаўскас, Баркаўскас, Кутавічус, Рэкашус, В. і Ю.​Юазапайцісы, Марцінайціс, В.​Монтвіла, О.​Нарбутайтэ, М.​Урбайціс і інш., у песенным жанры — К.​Кавяцкас, Дамбраўскас, Баёрас, у эстр. музыцы — Б.​Гарбульскіс, Т.​Макачынас і інш. У Вільнюсе праводзяцца Міжрэсп. конкурс юных піяністаў імя Чурлёніса (з 1965), рэсп. конкурс юных піяністаў імя Дварыёнаса (з 1974), фестывалі камерных аркестраў, стр. квартэтаў, арганнай музыкі, у г. Шаўляй — фестываль старадаўняй музыкі, у Клайпедзе — «Музычная вясна». Сярод выканаўцаў: дырыжоры І.​Алекса, В.​Віржоніс, Р.​Генюшас, Дварыёнас, Ю.Домаркас, А.​Кленіцкіс, Х.​Паташынскас, С.Сандзецкіс; хар. дырыжоры В.​Баргусявічус, А.​Будрунас, А.​Іазенас, Кавяцкас, Каросас, А.​Крогертас, І.Швядас; піяніст Вайнюнас, скрыпачы Р.​Кацілюс, А.​Лівантас, Э.​Паўлаўскас, арганіст Л.​Дзігрыс; спевакі В.​Адамкявічус, Н.Амбразайцітэ, Г.​Апанавічутэ, Б.​Грынцявічутэ, К.​Гутаўскас, В.Даўнарас, Э.Канява, Г.​Каўкайтэ, Р.​Марыёшус, І.​Мількявічутэ, В.Нарэйка, В.​Пруднікавас, К.Пятраўскас, А.​Садзейка, Э.​Саўлявічутэ, Р.​Сіларыс, І.Стасюнас, А.​Сташкявічутэ, А.​Чудакова, К.​Шылгаліс. Сярод музыказнаўцаў Ю.​Гаўдрымас, Я.​Чурлёнітэ, А.​Амбразас, В.Ландсбергіс, О.​Нарбуцене. У Л. працуюць: Літ. т-р оперы і балета, опера, Каўнаскі і Клайпедскі муз. т-ры; філармонія (з 1940; у яе складзе сімф. і камерны аркестры, 3 струнныя квартэты, ансамбль старадаўняй музыкі «Musica humana», эстр. ансамблі); Каўнаскі дзярж. хор (з 1969), камерны хор «Поліфанія» (з 1986), хор і аркестр лёгкай музыкі тэлерадыёкампаніі Л. (з 1963); ансамбль песні і танца «Летува» (з 1940); кансерваторыя, муз. вучылішчы і інш. У Каўнасе дзейнічае (з 1986) Музей старадаўніх літ. муз. інструментаў.

Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва вядомы са старажытнасці ў нар. абрадах, святах, танцах. Да сярэдзіны 20 ст. ў вёсках ставіліся імправізаваныя быт. сцэнкі з выкарыстаннем масак, спец. вопраткі, бутафорыі. У 16—18 ст. развіваўся школьны т-р. У Віленскім ун-це і езуіцкіх калегіумах ставіліся рэліг. прадстаўленні на лац., пазней на польскай мове, інтэрмедыі на літ. мове. Гастраліравалі прафес. трупы з Італіі, Англіі і інш. У 1639 у Вільні на тэр. Ніжняга замка ўзведзены спец. тэатр. будынак. Тэатр. трупы існавалі пры дварах вял. князя і буйных магнатаў. У 1785 В.Багуслаўскі стварыў першы публічны Віленскі гар. т-р (дзейнічаў да 1864), у якім працавалі трупы пад кіраўніцтвам М.​Кажынскага, М.​Корвел-Мараўскай, К.​Скібінскага, К.​Шлёгерыса і інш. Спектаклі ставіліся пераважна на польскай, з сярэдзіны 19 ст. і на рус. мовах. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. аматарскія т-вы і драм. гурткі на літ. мове дзейнічалі ў Вільні, Каўнасе, Паневяжысе, Шаўляі і інш. Першы публічны спектакль на літ. мове (камедыя Кетуракіса «Амерыка ў лазні») адбыўся ў Паланзе ў 1899. У 1916 Ю.Вайчкус арганізаваў драм. студыю ў Пецярбургу (з 1918 у Вільні), з якой узнік першы літ. прафес. т-р. У 1919 у Вільні існаваў Дзярж. літ. т-р (кіраўнік К.​Глінскіс). У 1919—40 цэнтрам тэатр. жыцця быў Каўнас, дзе працавалі Нац. т-р (1916 і 1923—25), сатыр. т-р «Вілколакіс» (1919—25), Дзярж. т-р (з 1920, пазней Каўнаскі драм. т-р). У 1931 адкрыўся Шаўляйскі т-р драмы (у 1935—39 працаваў у Клайпедзе). Ставіліся літ. драматургія (Б.​Варгшас-Ляўцявічус, Л.​Гіра, Жэмайтэ, Кетуракіс, Г.​Ландсбергіс-Жамкальніс, А.​Фромас-Гужуціс) і перапрацаваная для літ. гледача сусв. класіка. Працавалі рэжысёры А.​Олека-Жылінскас, Глінскіс, Вайчкус, Б.​Даўгувеціс, А.​Руцявічус, А.​Суткус, І.​Місюс, акцёры З.​Арлаўскайтэ, Т.​Вайчунене, А.​Вайнюнайтэ, Ю.​Талмантас, М.​Грыкшайтэ-Вайчкувене, П.​Кубертавічус, Ю.​Лаўцюс, Ю.​Пятраўскас, П.​Пінкаўскайтэ, Э.​Руцявічэне, Ю.​Стануліс, І.​Страздас, М.​Хадаравічус і інш. У 1940 створаны Вільнюскі дзярж. т-р (з 1955 Акад. т-р Літвы), Панявежскі драм. т-р, Каўнаскі т-р юнага гледача (дзейнічаў да 1959), Марыямпальскі драм. т-р (дзейнічаў да 1949), у 1946 — Рус. драм. т-р (Вільнюс), у 1958 — Каўнаскі т-р лялек і Вільнюскі т-р «Леле» («Лялька»), у 1965 — Маладзёжны т-р (Вільнюс). У пасляваенны час ставіліся творы літ. аўтараў Ю.​Балтушыса, Ю.​Грушаса, А.​Грыцюса, А.​Гудайціса-Гузявічуса, Даўгувеціса, Ю.​Марцінкявічуса, К.​Саі, сусв. класіка. З 2-й пал. 1950-х г. тэатр. мастацтва вызначалася разнастайнасцю сцэн. форм і стыляў. Ставіліся героіка-манум., рамант., ярка тэатр. і філас. спектаклі. З 1970-х г. пашырыліся пастаноўкі гіст. тэматыкі. У 1970—90-я г. плённа працавалі рэж. Г.​Ванцявічус, І.​Вайткус, А.​Рагаўскайтэ, Э.​Некрошус, Г.​Падзегімас, акцёры Р.Адамайціс, Г.​Баландзітэ, Д.Баніёніс, Ю.Будрайціс, Р.​Варнайтэ, К.​Віткус, К.​Геніс, Н.​Гельжынітэ, А.​Лаценас, А.Масюліс, Пінкаўскайтэ, А.​Росенас, Ю.​Рудзінскас, Р.​Сталілюнайтэ, К.​Тумкявічус, М.​Чэрняўскайтэ, А.​Шурна, С.​Юкна, К.​Юрашунас, Ф.​Якшыс і інш. У Л. працавалі бел. тэатр. калектывы. У 1910—15 і ў 1916 дзейнічаў Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, наладжваліся бел. вечарынкі. Выступала Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага (1910). У т-рах Л. ставіліся п’есы «Пяюць жаваранкі» і «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «У ціхім завулку» А.​Маўзона, «Выбачайце, калі ласка!», «Лявоніха на арбіце» і «Трыбунал» А.​Макаёнка.

Кіно. Першыя фільмы пра Л. стварыў у 1909 аператар і рэж. В.​Старавічус («Каля Нямунаса» і інш.). У 1909—13 А.​Раджунас (Рачунас) здымаў хранікальныя кароткаметражныя фільмы для амер. літоўцаў. Кінахроніка з’явілася ў Л. ў 1921, рэгулярна здымалася з 1932 аператарамі-аматарамі (С.​Уздонас, С.​Вайналавічус, А.​Жыбас і інш.). Здымаліся і камедыі: «Урач паняволі» (1927), «Літоўскі салдат» (1928), «Анітэ і Іаняліс» (1931, рэж. усіх Ю.​Лінартас). Першы лялечны фільм «Сон таўстуна» зняты ў 1938 (аператар Жыбас, мастак С.​Ушынскас). У 1940 у Каўнасе створана Студыя хранікальных і дакумент. фільмаў (з 1944 кінастудыя, з 1946 Літ. кінастудыя; з 1949 у Вільнюсе). У 1945 пачаўся выпуск тэматычных кіначасопісаў («Савецкая Літва» і інш.), з 1950-х г. — дакумент. («Яны — з Каўнаса», «Мае сябры», рэж. абодвух В.​Старошас) і маст. («Над Нямунасам світанак», 1953, рэж. А.​Файнцымер; «Мост», 1956, рэж. Б.​Шрэйбер; «Юлюс Яноніс», 1959, рэж. Б.​Браткаўскас, В.​Дабашынскас) фільмаў. Для дакумент. фільмаў 1960—80-х г. характэрны паказ працы і творчасці («Там, за дзвярыма», 1966, рэж. А.​Даўса; «Вядзьмарка», 1975; «Пастскрыптум да старога фільма», 1980, рэж. Р.​Шылініс, Старошас), псіхал. аналіз («Стары і зямля», 1965, «Думы стогадовых», 1969, «Свет як вялікая сімфонія», 1975, усе рэж. Р.​Верба), гіст. тэматыка («Вільнюскі універсітэт», 1978, рэж. А.​Дзігімас; «Любоў і здрада», 1984, рэж. Л.​Лазенас). Для маст. фільмаў гэтых часоў уласцівы актуальная праблематыка, яркая маст. форма: «Хроніка аднаго дня» (1963), «Ніхто не хацеў паміраць» (1965), «Гэта салодкае слова — свабода» (1972) В.​Жалакявічуса; «Крокі ў начы» (1962), «Лесвіца ў неба» (1966), «Чэрвень, пачатак лета» (1969), «Абмен» (1977), «Палёт праз Атлантыку» (1983) Р.​Вабаласа; «Апошні дзень канікул» (1964; прэміі міжнар. кінафестываляў у Лакарне 1965, у Канах 1966), «Прыгажуня» (1969), «Арэхавы хлеб» (1977) А.​Жэбрунаса; «Пачуцці» (1968; прэмія міжнар. кінафестывалю ў Сан-Рэма 1975) А.​Грыкявічуса і Даўсы; «Мужчынскае лета» (1970), «Расколатае неба» (1974), «Квітненне непасеянага жыта» (1978) М.​Гедрыса; «Маленькая споведзь» (1972), «Злітуйся над намі» (1978) А.​Арамінаса; «Жанчына і чатыры яе мужы» (1983) А.​Пуйпы. З 1961 здымаюцца тэлефільмы: «Няскончанае апавяданне» (1966), «Тадас Блінда» (1972), «Кар’ера Дзічуса» (1980, усе рэж. Браткаўскас), «Уся праўда пра Калумба» (1970, рэж. Жалакявічус), «Смок і Малыш» (1975), «Багач бядняк» (1983, абодва рэж. Вабалас), «Прыгоды Калесышчыка» (1976, рэж. Жэбрунас), «Восень майго дзяцінства» (1977, рэж. Г.​Лукшас), «Амерыканская трагедыя» (1981, рэж. Гедрыс) і інш. Сярод акцёраў: Р.Адамайціс, Д.Баніёніс, Ю.Будрайціс, Г.​Кураўскас, А.Масюліс, Л.​Нарэйка, Э.​Плешкітэ, В.​Томкус, Э.​Шулгайтэ, А.​Шурна і інш. У 1958 засн. Саюз кінематаграфістаў Л.

Беларусы ў Літве. З часоў ВКЛ да 1-й сусв. вайны сац.-эканам., нац. і культ. развіццё беларусаў і літоўцаў праходзіла ў адзінай дзярж. прасторы. Гал. бел. асяродкам тут здаўна была Вільня (гл. Вільнюс), дзе існавалі агульныя дзярж. і культ. ўстановы, у т. л. Віленскі ун-т, Віленская брацкая друкарня. Пасля далучэння. ў канцы 18 ст. бел. і літ. зямель да Рас. імперыі беларусы і літоўцы разам удзельнічалі ў нац.-вызв. руху (паўстанне 1794, т-вы філаматаў, філарэтаў і прамяністых, дзейнасць Ш.Канарскага і Ф.Савіча, паўстанне 1830—31, паўстанне 1863—64). Паводле перапісу 1897 на тэр. цяперашняй Л. жыло 70,3 тыс. беларусаў, яны складалі большасць насельніцтва Віленскай губ. (56%). У пач. 20 ст. ў Вільні дзейнічалі Віленскае мастацка-прамысловае таварыства, Віленскае мастацкае таварыства, выдавецтва «Нашай нівы», Беларускае выдавецкае таварыства (працягвала дзейнасць у 1919—30), Беларускі музычна-драматычны гурток, Беларускі настаўніцкі саюз, выдаваліся газеты «Наша доля» і «Наша ніва». У 1-ю сусв. вайну пасля акупацыі Л. герм. войскамі ў Вільні ў 1915 быў арганізаваны Беларускі клуб, у Коўне — Беларуская грамада. З абвяшчэннем незалежнасці Л. (люты 1918) дзейнасць бел. арг-цый на акупіраванай герм. войскамі тэр. Беларусі і Л. каардынавала Віленская беларуская рада (ВБР). Пасля дэнансацыі Брэсцкага міру 1918 прадстаўнікі ВБР увайшлі ў Літоўскую Тарыбу, створана Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У снеж. 1918 у Вільні, у канцы 1920 — кастр. 1923 у Каўнасе знаходзіўся ўрад БНР, у 1919—23 тут размяшчалася і дыпламат. Беларускае прадстаўніцтва. У чэрв. 1919 у Каўнасе сфарміраваны 1-я і 2-я асобныя бел. роты, якія разам з літ. часцямі ўдзельнічалі ў баях супраць сав. і польск. войск. У ліст. 1919 абедзве роты аб’яднаны ў Бел. батальён. У крас. 1920 ён пераўтвораны ў Бел. асобную роту, у снеж. 1920 зноў у Бел. асобны батальён, які да 1923 вёў антыпольск. партыз. вайну на тэр. Зах. Беларусі. У кастр. 1920 войскі польск. ген. Л.​Жалігоўскага захапілі Вільню і Віленскі край (гл. Сярэдняя Літва) і ў пач. 1922 сейм зацвердзіў іх уключэнне ў склад Польшчы як Віленскае ваяводства. З гэтага часу і да канца 1939 Вільня была грамадскім, асветным і культ. цэнтрам Заходняй Беларусі. У 1923—24 у барацьбе супраць Польшчы з літ. бокам супрацоўнічаў «Бел. стралецкі саюз». У пач. 1920-х г. у Каўнасе дзейнічалі замежная група партыі бел. эсэраў, Беларускае сабранне, Беларускае брацтва і інш.; у Л. выходзіла значная колькасць беларускамоўных перыяд. выданняў. Пасля скасавання Мін-ва бел. спраў Літвы (1923), пераемнікам якога намагаўся стаць Беларускі цэнтр (Каўнас), з-за непрыхільнага стаўлення ўлад Л. да бел. нац. праблем грамадская актыўнасць беларусаў у Л. паменшылася; да канца 1920-х г. тут былі закрыты амаль усе бел. школы. У 1930-я г. нац.-культ жыццё беларусаў у Л. зноў актывізавалася (гл. Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Каўнасе), адноўлены каўнаскі Бел. цэнтр. У пач. 2-й сусв. вайны, калі Вільня і Віленскі край былі перададзены ў склад Л. (кастр. 1939), спынілі дзейнасць віленскія Беларускае навуковае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз. У час акупацыі Л. ням.-фаш. войскамі (1941—44) яшчэ дзейнічалі Віленская беларуская гімназія, бел. настаўніцкая семінарыя, Беларускі музей у Вільні (закрыты ў 1945), выдавалася газ. «Беларускі голас» (рэд. Ф.Аляхновіч). Пасля вызвалення Л. частка беларусаў Віленшчыны на падставе літ.-польск. пагаднення аб узаемнай эвакуацыі насельніцтва ад 22.9.1944 перасялілася ў Польшчу. З 1945 у Л. па вярбоўцы, на новабудоўлі і інш. прыбывалі беларусы з БССР. Іх колькасць павялічылася тут з 30 тыс. чал. у 1959 да 63 тыс. у 1989, аднак арганізаванага нац. жыцця яны практычна не мелі. У Вільні працягвалі сваю дзейнасць П.Сергіевіч, З.Верас, Л.​Луцкевіч, Я.Шутовіч і інш. Актывізацыя грамадскага жыцця бел. нац. меншасці ў Л. пачалася ў часы лібералізацыі грамадска-паліт. жыцця ў СССР (2-я пал. 1980-х г.), калі ўзнік шэраг бел. культ.-асв. арг-цый, у т. л. «Сябрына». З 1989 у Л. трансліруюцца бел. перадачы на радыё і тэлебачанні. Пасля абвяшчэння незалежнасці Л., Беларусі і развалу СССР у 1991—96 з Л. ў Рэспубліку Беларусь вярнулася больш за 7,6 тыс. беларусаў, у Л. з Беларусі пераехала 3,8 тыс. яе жыхароў. Паводле літ. стат. звестак, у сярэдзіне 1990-х г. у Л. (пераважна ў Віленскім краі) жыло больш за 50 тыс. беларусаў (1,5% насельніцтва краіны). У пач. 1998 культ.-асв. працу ў Л. (у Вільнюсе, Друскінінкаі, Вісагінасе, Шальчынінкаі, Швенчонісе і інш.) вялі 15 бел. арг-цый, у т. л. Т-ва бел. культуры, Т-ва бел. мовы. З 1993 у Вільнюсе дзейнічае бел. сярэдняя школа імя Ф.​Скарыны, у Вісагінасе і інш. гарадах Л. праходзяць выстаўкі твораў мастакоў-беларусаў, фестывалі бел. песні, выдаецца беларускамоўная перыёдыка і інш. Забеспячэнне суродзічам умоў для свабоднага развіцця роднай мовы, захавання традыцый, выканання рэліг. абрадаў, абарону законных правоў грамадзян Беларусі ў Л. прадугледжвае Дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Л. (1995), бел.-літ. міжурадавае пагадненне аб абароне сваіх грамадзян на тэр. абедзвюх краін (1996), аб гарантыі іх правоў у галіне пенсіённага забеспячэння (1994) і інш.

Літ.:

Кудаба Ч.П. Па Віліі: Падарожныя запісы: Пер. з літ. Мн., 1992;

Римантене Р. Палеолит и мезолит Литвы. Вильнюс, 1971;

Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959;

Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг. М., 1965;

Мулявичус Л., Ючас М. Некоторые вопросы генезиса капитализма в Литве. Вильнюс, 1968;

История Литовской ССР (С древнейших времен до наших дней). Вильнюс, 1978;

Навицкас К.В. Литва и Антанта (1918—1920 гг.). Вильнюс, 1970;

Революционное движение в Вильнюсском крае, 1920—1940: Док. и материалы. Вильнюс, 1978;

Очерки истории Коммунистической партии Литвы: Пер. с лит. Т. 1—2. Вильнюс, 1973—80;

Гедвилас М.А. Годы великого перелома (1940—1945): Пер. с лит. Вильнюс, 1979;

История литовской литературы. Вильнюс, 1977;

Кубилюс В. Современная литовская поэзия. М., 1969;

Ланкутис Й. Панорама литовской советской литературы. Вильнюс, 1975;

Писатели Советской Литвы: [Биоблиогр. словарь). Вильнюс, 1978;

Мальдзіс А. Творчыя ўзаемасувязі беларускай і літоўскай літаратур у савецкі час // Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;

Лапінскене А., Мальдзіс А. Перазовы сяброўскіх галасоў. Мн., 1988;

Червонная С., Богданас К. Искусство Литвы. Л., 1972;

Ясюлис Л. Изобразительное искусство Литовской ССР: Живопись. Театрально-декорационное искусство. Скульптура. Графика. Монументально-декоративное искусство: [Альбом]. М., 1978;

Литовская графика: [Альбом]. Вильнюс, 1982;

Гаудримас Ю. Из истории литовской музыки. Т. 1—3. М.; Л., 1964—78;

Ландсбергис В. Основные этапы развития литовской музыкальной культуры (возможности периодизации) // Прибалтийский музыковедческий сборник. Вильнюс, 1982. [Вып.] 1;

Мальцене М.М. Кино Советской Литвы. Л., 1980;

Горлов С.А. СССР и территориальные проблемы Литвы // Военно-ист. журн. 1990 № 7. Ружанцаў А. Беларускія войскі ў Літве 1918—1920 // Спадчына. 1993. №4;

Езавітаў К. Беларусы ў Літве. Рыга, 1932. Łatyszonek O. Bialoruskie formacje wojskowe, 1917—1923. Bialystok, 1995.

В.​М.​Корзун (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​Л.​Дзікаселіс, Р.​Ч.​Лянькевіч (гісторыя, узброеныя сілы), А.​П.​Лапінскене (літаратура), Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура), С.​У.​Пешын (выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Л.​А.​Сівалобчык (музыка), Г.​Г.​Сяргеева, В.​А.​Астрога (беларусы ў Літве).

Герб і сцяг Літвы.
Да арт. Літва. У наваколлі Вільнюса.
Да арт. Літва. Каўнаскі замак.
Да арт. Літва. Палац Радзівілаў у Вільнюсе.
Да арт. Літва. Панарама Клайпеды.
Да арт. Літва. Інтэр’ер касцёла святых Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільнюсе. 1668—76.
Да арт. Літва. Замак у Раўдоне. Канец 16 ст.
Да арт. Літва. Кафедральны сабор св. Станіслава ў Вільнюсе. 1777-1801. Арх. Л.​Стуака-Гуцявічус.
Да арт. Літва. Былы палац Тышкевічаў (цяпер Музей бурштыну) у г. Паланга. 1897. Арх. Ф.​Швехтэн.
Да арт. Літва. Помнік М.​Чурлёнісу ў г. Друскінінкай 1975. Скульптар В.​Вільджунас.
Да арт. Літва. Вятрак у вёсцы Абеляй каля г. Рокішкіс. Пач. 20 ст.
Да арт. Літва. Святы Юргіс. Народная скульптура. Канец 19 — пач. 20 ст.
Да арт. Літва. М.​Чурлёніс. Саната мора. Фінал. 1908.
Да арт. Літва. П.​Калпокас. Лесвіца ў Цівалі. 1927.
Да арт. Літва. П.​Александравічус. Пісьменніца Юлія Жэмайтэ. 1950.
Да арт. Літва. А.​Стошкус. Вітраж «Літва». 1956—57.
Да арт. Літва. В.​Юркунас. Буду даяркай. 1960.
Да арт. Літва. Ю.​Мікенас. Першыя ластаўкі. 1964.
Да арт. Літва. Э.​Фрэюс. Анёл. 1998.
Да арт. Літва. Сцэна з балета «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса.
Да арт. Літва. Каўнаскі драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Дрозд — птах зялёны» Б.​Кутавічуса і С.​Гяды.

т. 9, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)