РЭЙТ, Рыд (Rejt, Reid) Бенядзікт (1451—1534), чэшскі архітэктар, прадстаўнік эпохі позняй готыкі. Прыдворны архітэктар караля Уладзіслава II. Асн. работы: «Уладзіслаўская» зала (1486—1502), «Кавалерыйская» лесвіца (каля 1500), т.зв. Людвікава крыло (1501—09) каралеўскага палаца, вежы Белая, Чорная, Далібарка і Мігулка (канец 15 ст.) у Пражскім Градзе; сабор св. Барбары ў г. Кутна-Гора (1512—47), палац у г. Блатна (1523—30), замак у Забкавіцы (Польшча; 1523—32). Удзельнік перабудовы Пражскага Града (1487—1511).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРША́НСКІ КО́ДЭКС»,
рукапісны зборнік, створаны ў Аршанскім езуіцкім калегіуме ў канцы 17 ст. (да 1693). Уключае 4 польскія барочныя драмы з бел. інтэрмедыямі, якія ставіліся ў школьных тэатрах у Полацку («Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба»), Оршы («Слаўная дапамога для Раміравай перамогі, учыненая анёльскімі палкамі»), Навагрудку («Містычнае прычасце ў жалю нявінных Караля і Фрыдэрыка»), Віцебску («Містычнае вяселле прычасця Генсерыка і Трызімунда»). У інтэрмедыях адна або дзве асобы гавораць на бел. мове. Захоўваецца ў бібліятэцы імя Асалінскіх у Вроцлаве (Польшча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Йу Белавежы.
Існаваў у 1966—73 у г. Белавежа (Польшча). Адкрыты 12.3.1966 па ініцыятыве Гал. праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Пл. экспазіцыі 145 м², 950 экспанатаў. Меў 3 аддзелы: с.-г. прылады працы; ганчарства і пляценне; апрацоўка лёну. Спыніў дзейнасць з-за фін. цяжкасцяў і адсутнасці пастаяннага музейнага памяшкання. Экспанаты перададзены ў Акруговы музей у Беластоку, С.-г. музей у Цеханоўцы і Прыродазнаўчы музей у Белавежы. Традыцыі музея працягвае Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬДЭР ((Alder) Курт) (10.7.1902, г. Хожаў, Польшча — 20.6.1958),
нямецкі хімік-арганік. Скончыў Кільскі ун-т (1926). У 1936—40 навук. кіраўнік аддзела канцэрна «І.Г.Фарбэніндустры» ў Леверкузене, з 1940 дырэктар хім. ін-та Кёльнскага ун-та. Адкрыў у 1928 сумесна з О.Дзільсам прынцып і распрацаваў асновы дыенавага сінтэзу, даследаваў яго заканамернасці (правіла Альдэра) і стэрэахім. асаблівасці, выкарыстаў гэту рэакцыю для вывучэння хім. саставу рэчываў прыроднага паходжання (тэрпенаў, эргастэрыну і вітаміну D). Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Дзільсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬШЭ́ЎСКІ ((Olszewski) Кароль Станіслаў) (29.1.1846, Бранішаў Тарноўскі, Польшча — 24.3.1915),
польскі фізік і хімік. Чл. Кракаўскай АН (1888). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1872). З 1876 праф. Кракаўскага ун-та. У 1883 разам з З.Ф.Урублеўскім упершыню атрымаў вадкі кісларод, у 1895 — вадкі аргон. Адыябатычным расшырэннем сціснутага і ахалоджанага вадароду дабіўся яго звадкавання. У 1896—1905 спрабаваў атрымаць вадкі гелій і дасягнуў пры гэтым т-ры парадку некалькіх кельвінаў. Даследаваў фіз. ўласцівасці кандэнсаваных газаў (метану, цвёрдага азоту і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1775—1917. Аб’ядноўвала адну або некалькі губерняў, узначальвалася генерал-губернатарам. Уведзена Кацярынай II. Колькасць генерал-губернатарстваў мянялася. У 1782 40 губерняў былі аб’яднаны ў 19 генерал-губернатарстваў. У 19 ст. генерал-губернатарствы пакінуты толькі ў сталіцах і на ўскраінах імперыі (Польшча, Беларусь, Прыбалтыка, Сібір, Далёкі Усход, Сярэдняя Азія). На тэр. Беларусі існавалі Беларускае генерал-губернатарства (1772—1856), Віленскае генерал-губернатарства (1794—1912), Мінскае генерал-губернатарства (1831—34).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РМАН ((German) Ганна) (14.2.1936, г. Ургенч, Узбекістан — 26.8.1982),
польская эстрадная спявачка (сапрана). Скончыла Вроцлаўскі ун-т. Выканаўца эстр. і нар. песень (у т. л. рускіх), класічных твораў. Удзельнічала ў тэлепастаноўцы оперы «Фетыда на Скірасе» Д.Скарлаці. Манера спеваў і артыстычны стыль былі адметныя пранікнёным лірызмам, стрыманасцю і высакароднасцю. Аўтар музыкі і тэксту многіх песень, якія выконвала. Лаўрэат міжнар. конкурсаў эстр. песні (у т. л. ў (Сопаце, Польшча, 1966). Напісала ўспаміны «Вярніся ў Сарэнта» (1979). Здымалася ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́СМАН ((Graßmann) Герман Гюнтэр) (15.4.1809, г. Шчэцін, Польшча — 26.9.1877),
нямецкі матэматык, фізік, мовазнавец. Чл.-кар. Гётынгенскай АН. З 1842 у Шчэцінскай гімназіі. Навук. працы па матэматыцы, акустыцы, магнітным узаемадзеянні токаў, колеразнаўстве (устанавіў законы складання колераў; 1853). Прапанаваў першую сістэматычную пабудову мнагамернай эўклідавай прасторы, якая садзейнічала развіццю вектарнага і тэндэрнага злічэнняў. Склаў слоўнік да гімнаў Рыгведы (помніка стараж.-інд. л-ры; 1875).
Літ.:
Клейн Ф. Лекции о развитии математики в 19 ст.: Пер. с нем. Ч. 1. М.; Л., 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛЬКЕ́ВІЧ (Мечыслаў Іванавіч) (н. 14.10.1935, в. Міхнаўшчына Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1958), там і працаваў. З 1996 у Ін-це электронікі Кашалінскага тэхн. ун-та (Польшча). Навук. працы па магн., эл., мех. уласцівасцях цвёрдых цел. Атрымаў і даследаваў шырокадыяпазонныя дыэлектрычныя спектры ферытаў; прапанаваў метад вызначэння трываласці крышталёў праз энергію крышт. рашоткі.
Тв.:
Диэлектрические свойства оксидных феррошпинелей с различным магнитным разбавлением // Неорганические материалы. 1997. Т. 33, № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКІ [імя невяд.; 1746 (?), г. Слуцк Мінскай вобл. — ?],
танцоўшчык. З мяшчан. Вучыўся ў балетнай школе Г.Ф.Радзівіла з 1756 (у А.Пуціні і Л.М.Дзюпрэ) і танцаваў у яго прыдворным т-ры ў Слуцку (дэбютаваў у 1758 у «Балеце на тры пары», лібрэта і паст. Пуціні), а таксама ў г. Белым (Бяла-Падляска, Польшча), гастраліраваў у Нясвіжы (1757, 1759). З 1760 саліст балета Нясвіжскага т-ра М.К.Радзівіла Рыбанькі (упамінаецца ў складзе трупы ў 1787—90).