ІЛЮЗІЯНІ́ЗМ (франц. illusionnisme ад лац. illusio падман),
імітацыя бачнага свету ў творах выяўл. мастацтва, стварэнне ўражання рэальнага існавання прадметаў і прасторы. І. зрокава сцірае грані паміж умоўным светам выявы і рэчаіснасцю, стварае падабенства іх узаемадзеяння, знікнення рэчавага матэрыялу, з якога складаецца твор, плоскасці сцяны ці карціны. Узнік у ант. жывапісе, адыграў важную ролю ў мастацтве Адраджэння, быў адным з гал. прынцыпаў манум.-дэкар. мастацтва барока. Сустракаецца і ў станковым мастацтве (нацюрморты-«падманкі» 18 ст. і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКЦЫЯНО́ВІЧ (Якуб) (1.5.1725, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 1790),
бел. матэматык і філосаф. Д-р навук і філасофіі (1759), д-р тэалогіі і царк. права (1761). Скончыў Віленскую акадэмію, дзе загадваў кафедрамі матэматыкі (1758—62) і філасофіі (1768—71); быў дырэктарам Віленскай астр. абсерваторыі (1758—64). З 1771 у навуч. установах Гродна. Аўтар 2 падручнікаў па матэматыцы, выдадзеных на лац. мове, у якіх выкладзены асновы арыфметыкі і алгебры, элементы геаметрыі, трыганаметрыі на плоскасці і іх дастасаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЕ ЗРО́КУаптычнай сістэмы,
частка прасторы (ці плоскасці), відарыс якой дае аптычная сістэма. Вызначаецца контурамі элементаў сістэмы, якія абмяжоўваюць светлавыя пучкі, напр., аправамі лінзаў і прызмаў, дыяфрагмамі.
Значэнне П.з. вымяраецца найменшым вуглом, пад якім такія контуры бачныя з цэнтра зыходнага пучка (вуглавое П.з.). Вугал П.з. ў прасторы прадметаў адваротна прапарцыянальны павелічэнню аптычнаму сістэмы; напр., у самых вялікіх тэлескопаў не перавышае некалькіх вуглавых мінут, у бінокляў ён складае 5—10°, у шырокавугольных фатагр. аб’ектываў дасягае 120—140° і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́КТЫКА (ад познагрэч. galaktikos малочны, млечны),
гіганцкая зорная сістэма, да якой належаць Сонца і ўся Сонечная сістэма разам з Зямлёй. У яе ўваходзяць не менш за 100 млрд. зорак (іх агульная маса каля 1011 мас Сонца), міжзорнае рэчыва (газ і пыл, маса якіх каля 0,05 масы ўсіх зорак), касм. часціцы, эл.-магн. і гравітацыйнае поле.
Структура Галактыкі неаднародная. Адрозніваюць 3 асн. падсістэмы: сферычную (гала) — шаравыя скопішчы, чырвоныя гіганты, субкарлікі, пераменныя зоркі тыпу RR-Ліры, якія рухаюцца вакол цэнтра мас Галактыкі па выцягнутых арбітах у разнастайных напрамках і не ўдзельнічаюць у вярчэнні галактычнага дыска; прамежкавую (дыск) — большасць зорак галоўнай паслядоўнасці, у т. л. Сонца, зоркі-гіганты, белыя карлікі, планетарныя туманнасці; скорасць іх вярчэння мяняецца з адлегласцю ад цэнтра; узрост — некалькі млрд. гадоў; плоскую (тонкі дыск ці спіральныя рукавы) — маладыя зоркі, міжзорны газ і пыл, доўгаперыядычныя цэфеіды, пульсары, многія галактычныя крыніцы гама-, рэнтгенаўскага і інфрачырвонага выпрамянення; узрост гэтых зорак не большы за 100 млн. гадоў, яны не паспелі значна аддаліцца ад месцаў свайго нараджэння, таму спіральныя галіны Галактыкі лічаць месцам утварэння зорак. Цэнтральная вобласць Галактыкі (ядро) знаходзіцца ў напрамку сузор’я Стралец і заслонена ад зямнога назіральніка міжзорнымі воблакамі касм. пылу і газу. Памеры ядра Галактыкі больш за 1000 пк. Яно з’яўляецца крыніцай магутнага радыевыпрамянення, што сведчыць пра актыўныя працэсы, якія адбываюцца ў ім. Самая знешняя частка сферычнай падсістэмы — карона Галактыкі радыусам каля 70 кпк і масай, у 10 разоў большай за масу ўсёй астатняй Галактыкі. Сонца, знаходзіцца на адлегласці 8,5 кпк ад цэнтра, амаль дакладна ў плоскасці Галактыкі, і аддалена ад яе на Пн прыблізна на 25 кпк Скорасць вярчэння Сонца вакол цэнтра Галактыкі 230 км/с. Для зямнога назіральніка зоркі канцэнтруюцца ў напрамку плоскасці Галактыкі і зліваюцца ў бачную карціну Млечнага Шляху. Знаходжанне Сонца паблізу плоскасці Галактыкі ўскладняе даследаванне нашай зорнай сістэмы.
Літ.:
Марочник Л.С., Сучков А.А. Галактика. М., 1984;
Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНСІРО́ЎКА,
ураўнаважванне вярчальных частак у машынах і механізмах. Праводзіцца гал.ч. для ліквідацыі (зняцця) іх неўраўнаважанасці (дысбалансу), дынамічных нагрузак, што дзейнічаюць на апоры хуткавярчальных дэталяў машын (ротараў, каленчатых валоў і інш.) і прыводзяць да заўчаснага іх зношвання. Балансіроўка заключаецца ў вызначэнні масы і месца прыкладання процівагаў.
Адрозніваюць дынамічную балансіроўку, што выконваецца на балансіровачным станку пры наданні вярчэння дэталі, якая балансуецца, і статычную, калі дэталь ураўнаважваюць адной процівагай у адвольна выбранай плоскасці, зыходзячы з таго, каб цэнтр цяжару дэталі ляжаў на восі вярчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАК,
традыцыйная рыбалоўная снасць у беларусаў; сеткавы мяшок, прымацаваны ў ніжніх частках да двух шастоў (дзядоў). Для лепшага затаплення да мяшка прывязвалі камень. У час лоўлі мяшок адкрытай часткай быў накіраваны ў напрамку цячэння. Аб злоўленай рыбе даведваліся па паторгванні шнуроў (старажоў), што мацаваліся да верхняй плоскасці мяшка і ўтрымлівалі яго ў адкрытым стане. Лавілі волак з дзвюх лодак. Выкарыстоўвалі волак і без шастоў (на Дняпры); мяшок цягнулі за лодкамі на вяроўках. Вядомы на ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІМЕ́ДАВА СПІРА́ЛЬ,
крывая, якую апісвае пункт пры руху з пастаяннай скорасцю па прамой, што раўнамерна паварочваецца ў плоскасці вакол аднаго са сваіх пунктаў. Названа ў гонар Архімеда. Калі пункт О лічыць полюсам, а прамую з выбраным на ёй напрамкам за палярную вось, то ўраўненне Архімедава спіраль ў палярных каардынатах: ρ=αφ, дзе α = V/ω (V — лінейная, ω — вуглавая скорасці). Архімедава спіраль мае 2 галіны: суцэльную (φ > 0) і штрыхавую (φ < 0).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМНА́Я ВОСЬ, вось вярчэння Зямлі,
умоўная прамая, вакол якой адбываецца поўны абарот Зямлі на працягу сутак; праходзіць цераз цэнтр Зямлі і перасякае зямную паверхню ў геагр. полюсах. Становішча З.в. ўскладняецца павольным паваротам яе па кругавым конусе (поўны абарот адбываецца за 26 тыс. гадоў — прэцэсія) і хістаннем восі з перыядам 18,6 года (нутацыя), змяняецца адносна цела Зямлі (сярэдняе становішча Паўн. полюса перамяшчаецца ў бок Паўн. Амерыкі са скорасцю 11 см/год). Нахілам восі вярчэння да плоскасці арбіты Зямлі (экліптыкі) тлумачыцца змена пораў года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦАВЫ́ ЛА́ЗЕР,
квантавы генератар з кальцавым рэзанатарам у форме многавугольніка з адбівальнымі люстэркамі ў яго вяршынях. Выкарыстоўваецца ў якасці адчувальнага элемента квантавых гіраскопаў. К.л. адчувальны да вярчэння вакол восі, перпендыкулярнай да плоскасці рэзанатара; дазваляе вывучаць канкурэнцыю сустрэчных хваль, сінхранізацыю іх частот, параметрычны рэзананс, квантаванне частаты біццяў і інш. На Беларусі работы па стварэнні і даследаванні К.л. праводзяцца з 1965 у Ін-це фізікі Нац.АН, БДУ, БПА.
Літ.:
Круглик Г.С. Квантово-статистическая теория кольцевых ОКГ. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ТНЫ ІНТЭГРА́Л,
інтэграл ад функцыі, зададзенай у якой-н. вобласці на плоскасці, 3- ці n-мернай прасторы. Адрозніваюць двайныя, трайныя і n-кратныя інтэгралы. Мае шэраг уласцівасцей, аналагічных уласцівасцям простых інтэгралаў (гл.Інтэграл, Інтэгральнае злічэнне). Для вылічэння К.і. яго зводзяць да паўторнага інтэграла (паслядоўна вылічваюць інтэгралы ад кожнай пераменнай, пры гэтым астатнія пераменныя ўмоўна лічацца пастаяннымі); у спец. выпадках карыстаюцца Грына формуламі, Астраградскага формулай, Стокса формулай. Да К.і. зводзяцца задачы вылічэння аб’ёмаў цел, іх масы, моманту інерцыі і інш.