цвёрды вугляродзісты астатак, які ўтвараецца пры каксаванні прыродных паліваў (каменнага вугалю, торфу і інш.), а таксама некаторых нафтапрадуктаў (напр., гудронаў). Мае ў сабе 91—99,5% вугляроду. Каменнавугальны К. выкарыстоўваюць як паліва і аднаўляльнік жал. руды ў вытв-сці чыгуну, нафтавы — як матэрыял для вырабу электродаў і каразійнаўстойлівай апаратуры, аднаўляльнік пры атрыманні ферасплаваў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАПЕРАПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
спецыялізаваная галіна прамысловасці па выпуску маторнага і кацельна-пячнога паліва, змазачных і электраізаляцыйных матэрыялаў, растваральнікаў, матэрыялаў для дарожнага пакрыцця, нафтахім. сыравіны і інш.
Упершыню нафтаперапрацоўка ў прамысл. маштабе ажыццёўлена ў Расіі на з-дзе, пабудаваным у 1745 на р. Ухта. Першы нафтаперагонны з-д з кубамі перыядычнага дзеяння пабудаваны прыгоннымі сялянамі братамі Дубінінымі паблізу г. Маздок. З-д для перагонкі бакінскай нафты дзейнічаў у 1837—39. У 1869 у Баку дзейнічалі 23 нафтаперагонныя з-ды, а ў 1873—80—80 з-даў, здольных даваць 16 350 т газы ў год. У дарэв. Расіі ў выніку слабага развіцця аўтамабільнай і авіяц. прам-сці попыт на бензін цалкам задавальняўся бензінам прамой перагонкі. Распрацоўка новых тэхналогій перапрацоўкі нафты з мэтай атрымання больш каштоўных прадуктаў пачаўся пазней і дасягнуў высокіх паказчыкаў у гады Сав. улады. У 1840-я г. нафтаперагонныя з-ды ўзніклі ў Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі. У наш час сусв. лідэрамі ў галіне Н.п. з’яўляюцца ЗША, Вялікабрытанія, Расія, Францыя, ФРГ, Японія, краіны Блізкага і Сярэдняга Усходу.
На Беларусі фарміраванне Н.п. пачалося з уводам у эксплуатацыю ў 1963 Полацкага нафтаперапрацоўчага з-да (Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан»), З 1975 прадукцыю дае Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Асн. прадукцыя гэтых з-даў: бензін, дызельнае паліва, газа, мазут, змазачныя маслы, бітумы і інш. Нафта для перапрацоўкі паступае на гэтыя з-ды па адгалінаваннях магістральнага нафтаправода «Дружба». У 1998 Н.п. Беларусі ажыццявіла першасную перапрацоўку 11 539 тыс.т нафты, у выніку атрымана (тыс.т); бензіну — 2018, дызельнага паліва — 3318, топачнага мазуту — 4453 і інш. матэрыялаў. Гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць, Нафтаперапрацоўка.
Да арт.Нафтаперапрацоўчая прамысловасць. Нафтаперапрацоўчы комплекс у г. Наваполацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГХЕД (ад назвы паселішча Богхед у Шатландыі),
разнавіднасць выкапнёвых вуглёў (сапрапелітаў). Колер ад аліўкавага да бура-чорнага. Шчыльны, тонказярністы. Злом ракавісты. Мае вадароду 8—12%, лятучых рэчываў 75—90%; выхад першаснага дзёгцю да 50%. Цеплыня згарання гаручай масы 33,5—37,7 МДж/кг. Трапляецца лінзамі і праслоямі ў пластах гумусавых вуглёў. Каштоўная сыравіна для атрымання вадкага паліва, змазачных рэчываў, смалы, свабоднай ад фенолаў і асфальтэнаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОРАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у якіх атам бору звязаны з арган. радыкаламі непасрэдна ці праз гетэраатам (кісларод, сера, азот, фосфар). Найб. вывучаны злучэнні агульнай формулы RnBX3-n (арганабараны), дзе R — арган. радыкал, X — галаген, вадарод, гідраксільная група, амінагрупа і інш.; n = 1, 2, 3. Выкарыстоўваюць як дабаўкі да маторнага і рэактыўнага паліва, змазак і фарбавальнікаў, як каталізатары палімерызацыі, антыаксіданты, бактэрыцыды, фунгіцыды, пры нейтроннай тэрапіі злаякасных пухлін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫАКСІДА́НТЫ, антыакісляльнікі,
прыродныя ці сінтэтычныя рэчывы, якія затрымліваюць акісляльныя працэсы ў арган. рэчывах. Механізм дзеяння найб. пашыраных антыаксідантаў (амінаў араматычных, фенолаў, нафтолаў, сульфідаў, фасфітаў) заснаваны на іх уласцівасці абрываць ланцуговую хімічную рэакцыю акіслення ў выніку ўзаемадзеяння з актыўнымі радыкаламі і прамежкавымі прадуктамі. Прадухіляюць, напр., старэнне палімераў, асмаленне паліва, прагарканне тлушчаў і інш. Некаторым антыаксідантам уласцівы сінергізм. Прыродныя антыаксіданты — вітаміны Е, выкарыстоўваюцца ў харч. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАБА́РНЫ ПРАЦЭ́С,
тэрмадынамічны працэс, які працякае пры пастаянным ціску. Напр., награванне вады ў адкрытай пасудзіне, утварэнне пары ў паравым катле, згаранне паліва ў кампрэсарных і праматочных паветрана-рэактыўных рухавіках.
І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізабарай. аб’ём ідэальнага газу прапарцыянальны т-ры (Гей-Люсака закон); работа, якую выконвае ідэальны газ пры І.п., роўная здабытку ціску на змену аб’ёму. Цеплаёмістасць сістэмы ў І.п. большая, чым у ізахорным працэсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЕ́ЛЬНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
сукупнасць устройстваў і механізмаў для атрымання вадзяной пары або гарачай вады за кошт цеплыні згарання паліва. Складаецца з котлаагрэгата і дапаможнага абсталявання (цягадуццёвыя прыстасаванні, газа- і паветраправоды, трубаправоды пары і вады з арматурай і інш.). У склад К.ў. малой магутнасці ўваходзяць сілкавальная помпа з арматурай і прыстасаванні водападрыхтоўкі.
К.ў. размяшчаюцца ў асобных будынках або памяшканнях — кацельнях (энергетычных на ЦЭС, вытворчых, вытворча-ацяпляльных і ацяпляльных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГАНДЗІ́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
у Казахстане, у бас.р. Нура. Пл. каля 3600 км². У тоўшчы вугляносных адкладаў карбону (магутнасць да 5 км) каля 30 рабочых пластоў. Разведаныя запасы вугалю 7,84 млрд.т. Вуглі каменныя і бурыя. Здабыча з 1854, планамернае асваенне з 1930. Цеплыня згарання на рабочае паліва 21 МДж/кг. Здабыча падземным і адкрытым спосабамі. Асн. цэнтры здабычы: гарады Караганда, Сарань, Абай, Шахцінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГРАВА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
цеплатэхнічныя прылады і прыстасаванні для нагрэву рэчываў (матэрыялаў), прадметаў, асяроддзя, ацяплення памяшканняў. Падзяляюцца на цеплагенерыруючыя і цеплаабменныя.
У цеплагенерыруючых Н.п. адбываецца згаранне вадкага, цвёрдага, газавага паліва (паяльныя лямпы, полымныя печы, газавыя прылады) або напал электраспіралі пры працяканні эл. току (электрычныя печы, паяльнікі, электраканвектары), у цеплаабменных — перадача цяпла, што падводзіцца рознымі цепланосьбітамі (гарачай вадой, парай), у навакольнае асяроддзе (ацяпляльныя прылады, бойлеры, каларыферы, паветрападагравальнікі, радыятары, ацяпляльныя панэлі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСКАВЫ́ РУХАВІ́К,
карбюратарны рухавік унутранага згарання для запуску гал. рухавікоў з запальваннем ад сціскання (дызеляў) на трактарах і машынах спец. прызначэння. Раскручвае вал дызеля праз рэдуктар да вуглавой скорасці, неабходнай для запальвання паліва ў рабочых цыліндрах, пасля чаго аўтаматычна адключаецца. Магутнасць да 15 кВт, частата вярчэння вала да 4000 аб/мін. На Беларусі П.р. (аднацыліндравыя, двухтактавыя, з аднаступеньчатым рэдуктарам і электрастартэрам) выпускае Гомельскі з-д пускавых рухавікоў.