ДЭКРЭ́Т (ад лац. decretum указ, пастанова),
1) урадавая пастанова, нарматыўны акт агульнага або прыватнага характару. Тэрмін узнік у Стараж. Рыме як пастанова сената, пазней — імператара. У ВКЛ Д. — пастановы вял. князя, паноў-рады, вышэйшай духоўнай улады, прыгаворы і рашэнні трыбунала, земскіх судоў па крымін. і цывільных справах, у Францыі — заканадаўчыя пастановы органаў улады, створаных у час рэвалюцыі 1789—99, Парыжскай камуны 1871. У СССР да прыняцця Канстытуцыі 1936 — назва найб. важных актаў вышэйшых органаў дзярж. улады і кіравання (напр., Д. аб зямлі, Д. аб міры).
2) У некат. сучасных краінах — нарматыўны акт, выдадзены кіраўніком дзяржавы ці ўрада. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), Прэзідэнт выдае Д., якія маюць сілу законаў.
Г.А.Маслыка.
т. 6, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́СТЫІ (ад грэч. nastos ушчыльнены),
рухі (выгіны) органаў раслін у адказ на змены фактараў навакольнага асяроддзя (святло, т-ра і інш.). Напр., хуткае складанне лісця ў мімозы пры дакрананні да яго, раскрыццё кветак у залежнасці ад надвор’я, рух лісця насякомаедных раслін і інш. Пераважна абумоўлены зменай у спецыялізаваных клетках канцэнтрацый асматычна актыўных рэчываў (малату, іонаў калію, хлору), што прыводзіць да змены тургару. Адбываюцца таксама ў выніку нераўнамернага росту расцяжэннем. Напр., пры больш хуткім росце верхняга боку ліст або пялёстак выгінаецца ўніз. У залежнасці ад прыроды раздражняльніка адрозніваюць тэрма-, фота-, гідра-, хема-, сейсма-; нікці- (рэакцыя на змену дня і ночы), траўма-, электранастыі. Забяспечваюць ахову органаў (зачыненне кветак, вусцейкаў, апусканне лісця), захопліванне прадметаў (рух вусікаў, залозістых валаскоў). З’яўляюцца больш дасканалай формай руху, чым трапізмы.
т. 11, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РВЫ (лац. nervus ад грэч. neuron нерв, жыла),
цяжы нервовай тканкі, што звязваюць мозг і нервовыя вузлы з інш. тканкамі і органамі цела. Утвораны пучкамі нерв. валокнаў — адросткамі нейронаў (аксоны разам з іх абалонкамі), якія праводзяць нерв. імпульс. Звычайна Н. маюць 103—104 валокнаў. Па кожнаму валакну імпульс распаўсюджваецца ізалявана. Адрозніваюць Н. чуллівыя (аферэнтныя, цэнтраімклівыя), рухальныя (эферэнтныя, цэнтрабежныя) і змешаныя. У пазваночных жывёл і чалавека ад галаўнога мозга адыходзяць чэрапнамазгавыя нервы, ад спіннога — спіннамазгавыя нервы. Некалькі суседніх Н. утвараюць нерв. спляценні (сеткавыя злучэнні нерв. валокнаў, якія забяспечваюць чуллівую і рухальную інервацыю скуры, шкілетных мышцаў і ўнутр. органаў пазваночных жывёл і чалавека). Паводле характару інервацыі органаў Н. класіфікуюць на вегетатыўныя і саматычныя. Іх сукупнасць утварае перыферычную нерв. сістэму.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭНВАЙЛЕР (Badenweiler),
бальнеакліматычны курорт у ФРГ. На ПдЗ ад г. Фрайбург-ім-Брайсгаў, каля гор Шварцвальд. Мяккі клімат і крыніцы цёплых мінер. водаў (выкарыстоўваліся яшчэ рымлянамі) лечаць хваробы органаў дыхання, суставаў, перыферычнай нерв. сістэмы. Лячэбныя ўстановы, парк, муз. і тэатр. залы, помнікі архітэктуры.
т. 2, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МПУЛА (лац. ampulla),
1) герметычна запаяная шкляная пасудзіна невял. памераў, у якой захоўваецца ў стэрыльным выглядзе пэўная доза лякарстваў, крыві, хім. рэчыва і інш. 2) У анатоміі — пухірападобнае расшырэнне розных органаў, якія маюць форму трубкі, напр. слёзнага канала, прамой кішкі і інш.
т. 1, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Франц Вікенцьевіч) (1864, в. Клесель Рэчыцкага пав. — 10.6.1933),
бел. хірург. Д-р медыцыны (1900). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1889). З 1914 урач у бальніцах Гомеля, Мазыра. Працы па даследаванні хвароб органаў брушной поласці, па клінічнай хірургіі і арганізацыі хірург. дапамогі.
т. 1, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАІМУ́ННЫЯ ХВАРО́БЫ,
захворванні, абумоўленыя рэакцыямі імунітэту, што накіраваны супраць уласных тканак і органаў арганізма. Да аўтаімунных хвароб належаць калагеноз, нефрыт, панкрэатыт, сістэмная склерадэрмія, набытая гемалітычная анемія; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб — сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД). Механізм многіх аўтаімунных хвароб вывучаны недастаткова.
т. 2, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧАЕ ВЯДЗЕ́ННЕ,
заключная стадыя цывільнага працэсу, у якой прымусова ажыццяўляюцца правы, пацверджаныя рашэннем суда. У Рэспубліцы Беларусь у парадку для выканання суд. рашэнняў выконваюцца таксама пастановы і рашэнні гасп. і трацейскіх судоў, выканаўчыя надпісы натарыяльных органаў і інш. Выканаўчае вядзенне ажыццяўляе судовы выканаўца.
т. 4, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ ЛІСТ,
у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД судовы дакумент, які выдаецца спаганяльніку пасля ўступлення ў законную сілу рашэння, прыгавору і інш. судовых пастаноў па цывільных і крымін. справах у частцы маёмасных спагнанняў, рашэнняў арбітражу, гасп. судоў і некаторых інш. органаў.
т. 4, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПАРАТАМІ́Я, чэравасячэнне,
хірургічная аперацыя разразання брушной поласці. Робіцца пры запаленчых, пухлінных і інш. захворваннях, пры раненнях і пашкоджаннях органаў брушной поласці з лячэбнымі (часам дыягнастычнымі) мэтамі. У залежнасці ад размяшчэння органа, віду аперацыі робяць падоўжныя (часцей сярэдзінныя), папярочныя, касыя і вуглавыя разрэзы.
т. 9, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)