БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІСАРЫЯ́Т, Белнацком, Белнаком,
аддзел Нар. камісарыята па справах нацыянальнасцяў РСФСР. Існаваў з лют. 1918 да сак. 1919. Распачаў дзейнасць у Петраградзе паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 13.2.1918. З сак. 1918 знаходзіўся ў Маскве. Меў аддзяленні ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве. Складаўся з агітацыйна-паліт., культ.-асв., бежанскага, выдавецкага аддзелаў. Працаваў сумесна з беларускімі секцыямі РКП(б). Камісар А.Р.Чарвякоў (да мая 1918). Вёў паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў на тэр. Сав. Расіі, браў на ўлік бел. арг-цыі і ўстановы, эвакуіраваныя ў час 1-й сусв. вайны, адкрываў бел. школы, клубы, выдаваў л-ру на бел. і рус. мовах. Заснаваў у Маскве Беларускі народны універсітэт, удзельнічаў у стварэнні Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве і Беларускага вольна-эканамічнага таварыства ў Петраградзе. Друкаваны орган — газ. «Дзянніца». Прымаў удзел у падрыхтоўцы абвяшчэння БССР, у стварэнні Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Літ.:
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Калубовіч А. «Айцы» БССР і іхны лёс // Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток;
Вільня. Мн., 1993;
Скалабан В.В. Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии: (Сб. науч. тр.). Мн., 1986.
В.У.Скалабан.
т. 2, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСО́ВЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЎРА́Д У ВАРША́ВЕ,
гл. Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве.
т. 17, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Т.Р.Шаўчэнкі, адна з найбуйнейшых вышэйшых навуч. устаноў Украіны. Засн. ў 1834 у Кіеве як Ун-т св. Уладзіміра ў складзе 2 ф-таў — юрыд. і філас. (меў гіст.-філал. і фіз.-матэм. аддзяленні; з 1850 — ф-ты); у 1841 адкрыты мед. ф-т. Да 1917 ун-т скончылі каля 20 тыс. чалавек. Ён быў адным з цэнтраў дэмакр. руху на Украіне. Сярод выпускнікоў ун-та вучоныя і дзеячы культуры, у т. л. О.Ю.Шміт, М.М.Бенардос, М.С.Грушэўскі, М.Ф.Рыльскі, М.А.Булгакаў, К.Г.Паустоўскі; у ім вучыўся і працаваў М.В.Доўнар-Запольскі. У 1920—32 на базе ун-та былі створаны ін-ты: нар. адукацыі, сац. выхавання, прафес. адукацыі. У 1933 адноўлены, меў 7 ф-таў, у 1939 яму прысвоена імя Т.Р.Шаўчэнкі. З 1994 сучасная назва. У 1942—43 у складзе Аб’яднанага ўкр. ун-та эвакуіраваны ў Казахстан. У 1944 аднавіў сваю дзейнасць у Кіеве. У 1997/98 навуч. г. больш за 17 тыс. студэнтаў; ф-ты: філас., сацыялогіі і псіхалогіі, эканам., гіст., філал., рамана-герм. філалогіі, юрыд., механіка-матэм., кібернетыкі, фіз., радыёфіз., геал., геагр., хім., біял. і інш. Навучанне дзённае і завочнае. У складзе ун-та Ін-т міжнар. адносін, Ін-т журналістыкі, абсерваторыя, бат. сад (з 1841), выліч. цэнтр, Канеўскі запаведнік, навук. б-ка (каля 4 млн. экз.).
т. 8, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СКЛАД (СТРУКТУ́РА) НАСЕ́ЛЬНІЦТВА, нацыянальная структура насельніцтва,
размеркаванне насельніцтва краіны, тэрыторыі паводле нацыянальнасці або прыналежнасці яго да пэўнага этнасу (племя, народнасці, нацыі). У свеце налічваецца (паводле розных падлікаў) ад 3 да 5 тыс. этнасаў. Іх колькасць вагаецца ад многіх мільёнаў да некалькіх соцень і нават дзесяткаў чалавек. У канцы 20 ст. найб. шматлікія нацыянальнасці (больш за 100 млн. чал.): кітайцы (хань, 1120 млн.), хіндустанцы (240), амерыканцы ЗША (205), бенгальцы (200), бразільцы (160), рускія (150), японцы (123 млн.). Большасць краін свету шматнацыянальныя. У некаторых краінах пражывае больш за 100 нацыянальнасцей (ЗША, Канада, Нігерыя, Расія, Індыя, Інданезія і інш.). Монанацыянальныя краіны, дзе асн. нацыянальнасць складае больш за 90% насельніцтва, трапляюцца параўнальна рэдка. Да іх адносяцца Японія, Карэя, Бангладэш, некат. краіны Еўропы: Партугалія, Польшча, Ісландыя, Албанія і інш. На Беларусі, паводле перапісу насельніцтва 1999, пражываюць прадстаўнікі каля 130 нацыянальнасцей. 81% яе жыхароў адносяцца да тытульнай (карэннай) нацыянальнасці — беларусаў; 11% — рускія, каля 4% — палякі, 2% — украінцы, 0,3% — яўрэі, 1,7% — нешматлікія інш. нац. групы.
Д.М.Кудзелка, Л.П.Шахоцька.
т. 11, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Слуцку, Слуцкі беларускі нацыянальны камітэт, Часовы беларускі нацыянальны камітэт Случчыны, прадстаўнічы орган бел. нац. арг-цый Случчыны ў 1918—20. Створаны ў крас. 1918. У кіраўніцтва ўвайшлі Яніслаўскі (старшыня), С.К.Петрашкевіч (сакратар), М.А.Асвяцімскі (скарбнік). Стаяў на пазіцыях Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Меў на мэце пашырэнне нац. свядомасці беларусаў, арганізацыю бел. школьніцтва, культ.-асв. гурткоў, кааператываў, матэрыяльна падтрымліваў т-ва «Папараць-кветка». У снеж. 1918 стварыў патрыятычную падп. арг-цыю «Саюз абароны краю». Пасля прыходу Чырв. Арміі на нелегальным становішчы, бальшавікі арыштавалі Яніслаўскага, В.М.Русака, П.Я.Жаўрыда і інш. Аднавіў дзейнасць у студз. 1919. У новае кіраўніцтва выбраны Жаўрыд (старшыня), У.Дубіна, Русак, А.Ю.Бараноўскі і інш. Пры к-це створаны аддзелы: арганізац., культ.-асв., каап., юрыд., дабрачынны. Меў цесную сувязь і фінансаваўся Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Палітычна знаходзіўся пад уплывам бел. эсэраў, падтрымліваў антыпольскі падп. і партыз. рух. Кааптаваў сваіх членаў у мясц. органы самакіравання, праводзіў культ.-асв. работу, стварыў гар. і пав. бел. міліцыю. У маі 1920 выступіў з пратэстамі ў адрас Польшчы і Сав. Расіі, у якіх асудзіў тайныя перагаворы пра падзел Беларусі. У час наступлення Чырв. Арміі (ліп. 1920) частка членаў к-та (Петрашкевіч, Бараноўскі, Асвяцімскі, К.Кецка і інш.) выступіла за супрацоўніцтва з сав. уладай. 1.11.1920 створаны новы склад к-та на чале з А.Паўлюкевічам, які стаяў на пазіцыях Найвышэйшай рады Беларускай Народнай Рэспублікі. На 1-м бел. з’ездзе Случчыны 14.11.1920 перадаў свае паўнамоцтвы абранай Беларускай радзе Случчыны.
У.В.Ляхоўскі.
т. 2, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР»
(«БНЦ»),
сфабрыкаваная ў 1933 АДПУ БССР справа «контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі». Паводле версіі АДПУ (агентурная справа «Закардоннікі»), «БНЦ» створана ў вер. 1932 дзеячамі нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.А.Рак-Міхайлоўскім, П.В.Мятлой, М.П.Бурсевічам, І.С.Дварчаніным, Ф.І.Валынцом, П.П.Валошыным, Я.Е.Гаўрылікам і інш., якія ў вер.—кастр. 1932 перабраліся ў БССР. «БНЦ» быццам бы меў на мэце звяржэнне ў БССР сав. улады ўзбр. паўстаннем пры ваен. падтрымцы Польшчы і стварэнне Бел. бурж.-дэмакр. рэспублікі пад пратэктаратам Польшчы. Асн. кірункі дзейнасці: падрыхтоўка паўстання, шпіянаж на карысць Польшчы, арганізацыя дыверсійна-тэрарыст. груп і актаў, падрыўной і шкодніцкай работы ў розных галінах сацыяліст. будаўніцтва. План паўстання — правядзенне буйной правакацыі ў пагранічных раёнах, якая павінна была выклікаць канфлікт паміж СССР і Польшчай, стаць пачаткам ваен. дзеянняў і паўстання ў БССР. У жн.—ліст. 1933 органы АДПУ «выявілі» ячэйкі «БНЦ» у Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі навук, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Бел. ваен. акрузе і інш.: у 9 гарадах і 25 раёнах БССР. Следства «раскрыла» 59 паўстанцкіх ячэек, 19 дыверсійных груп, 4 тэрарыст. групы, 20 шпіёнскіх ячэек і рэзідэнтур, філіялы ў Горках, Беразіно, Гомелі, маладзёжную арг-цыю. Усяго па справе «БНЦ» рэпрэсіраваны 161 чал. Частка з іх расстраляна, астатнія адпраўлены ў Салавецкія лагеры (Архангельская вобл.), Комі АССР. У жн.—вер. 1956 вызначэннем ваен. трыбунала БВА справа «БНЦ» «у крымінальным парадку спынена за адсутнасцю саставу злачынства» і адменены рашэнні асобых нарад пры Мін-ве дзярж. бяспекі СССР і пастановай пазасудовых органаў.
У.М.Міхнюк.
т. 2, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве 1/59; 4/130; 5/310; 6/407; 8/504; 11/151, 253, 314
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́ЙСКІ ВУЛКАНІ́ЧНЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Hawaii Volcanoes National Park),
на в-ве Гаваі, тэр. ЗША. Засн. ў 1916. Пл. 99 тыс. га. Выш. да 4170 м (вулкан Маўна-Лоа). Вільготныя трапічныя лясы і хмызнякі. Ахоўваецца унікальная флора (дрэвападобныя папараці і інш.) і эндэмічная фауна (гал. чынам птушкі і насякомыя) трапічных дажджавых лясоў. Раён актыўнай вулканічнай дзейнасці (вулканы Маўна-Лоа і Кілаўэа). Біясферны рэзерват.
т. 4, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК), Віленскі нацыянальны беларускі камітэт (Вільнацбелкам),
каардынацыйны прадстаўнічы орган бел. нац.-дэмакр. партый і арг-цый у Польшчы ў 1921—38. Створаны ў Вільні. У розны час аб’ядноўваў 19—40 прадстаўнікоў розных партый, арг-цый і т-ваў. Стаяў у апазіцыі да польскага ўрада. Вёў нац., культ.-асв. і кааператыўную работу. Ставіў за мэту напачатку дасягненне культ.-нац. аўтаноміі Зах. Беларусі, а потым стварэнне Бел.-Літ. дэмакр. рэспублікі. Пасля стварэння Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) апынуўся пад яе ўплывам. У гэты час у БНК уваходзіў 31 прадстаўнік бел. паліт. партый і арг-цый: БСРГ, Бел. сял. саюза (БСС), Бел. хрысціянскай дэмакратыі (БХД), Т-ва бел. школы (ТБШ), Бел. студэнцкага саюза, Бел. навук. і выдавецкага т-ваў, бел. прэсы, кааператываў і інш. У 1926—27 вядучую ролю ў БНК адыгрывала левае крыло на чале з кіраўнікамі БСРГ Б.А.Тарашкевічам, С.А.Рак-Міхайлоўскім, П.В.Мятлой. Пасля разгрому БСРГ і рэпрэсій польскіх улад супраць яе прадстаўнікоў дзейнасць БНК заняпала. У пач. 1930-х г. БНК рэарганізаваны пад эгідай БХД. У 1934 БНК складаўся з 26 чал. У 1935 прыняты новы статут арг-цыі, у якім падкрэслівалася, што к-т з’яўляецца прадстаўніком арганізаванага бел. насельніцтва Зах. Беларусі, якое дамагаецца ажыццяўлення права бел. народа на самавызначэнне. У студз. 1938 дзейнасць БНК забаронена польскімі ўладамі.
т. 2, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (ПНК),
польскі ўрад у эміграцыі ў час 1-й сусв. вайны. Створаны 15.8.1917 у г. Лазана (Швейцарыя) групай польскіх эмігрантаў. Складаўся пераважна з чл. Нац.-дэмакр. партыі і некат. інш. партый. Старшыня — Р.С.Дмоўскі. Імкнуўся стварыць з дапамогай дзяржаў Антанты незалежную польскую дзяржаву. У вер.—ліст. 1917 прызнаны Францыяй, Вялікабрытаніяй, Італіяй і ЗША. Пачаў стварэнне польскага войска ў Зах. Еўропе. У пач. 1919 дамовіўся з прыхільнікамі Ю.К.Пілсудскага пра стварэнне кааліцыйнага ўрада Польшчы на чале з чл. ПНК І.Падарэўскім. Распушчаны ў жн. 1919.
т. 12, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)