ВЫХАВА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНАЯ КАЛО́НІЯ (ВПК),

папраўча-працоўная ўстанова ў Рэспубліцы Беларусь, дзе адбываюць пакаранне непаўналетнія, асуджаныя да пазбаўлення волі. У ВПК ажыццяўляецца перавыхаванне асуджаных шляхам прыцягнення іх да грамадска карыснай працы, правядзення з імі выхаваўчай работы, абавязковага агульнаадук. і прафес.-тэхн. навучання. Умовы ўтрымання і нормы ў ВПК улічваюць асаблівасці ўзросту і полу асуджаных. У залежнасці ад характару ўчыненага імі злачынства і інш. акалічнасцей адрозніваюць ВПК агульнага і ўзмоцненага рэжыму. Асуджаных утрымліваюць у ВПК да 18-гадовага ўзросту, пасля пераводзяць у адпаведныя калоніі для дарослых.

т. 4, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭМІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т,

першая ў Расіі свецкая вышэйшая навуч. ўстанова. Існаваў у 1724—66. Засн. ў Пецярбургу адначасова з АН, заняткі пачаліся ў 1726. У Акадэмічным універсітэце пераводзілі лепшых вучняў са Славяна-грэка-лацінскай акадэміі і інш. духоўных навуч. устаноў. Змест навучання вызначаўся спецыяльнасцямі акадэмікаў, якія чыталі лекцыі. Статут 1747 абвясціў самастойнасць акадэмічных універсітэтаў. У 1750 уведзены экзамены, наладжана сувязь з Акадэмічнай гімназіяй. Лепшыя выпускнікі ун-та пераводзіліся ў ад’юнкты АН, атрымлівалі ступень магістра. У 1758—65, калі Акадэмічны універсітэт узначальваў М.В.Ламаносаў, утвораны ф-ты філас., юрыд., медыцынскі.

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАФРЭНАПСІХАЛО́ГІЯ (ад аліга... + грэч. phrēn розум + псіхалогія),

раздзел спец. псіхалогіі, які вывучае псіхічнае развіццё і магчымасць яго карэкцыі ў дзяцей з інтэлектуальнымі недахопамі, распрацоўвае метады і прыёмы выхавання і навучання такіх дзяцей. Даныя алігафрэнапсіхалогіі выкарыстоўваюць у алігафрэнапедагогіцы. На Беларусі пытанні алігафрэнапсіхалогіі распрацоўваюць у Бел. пед. ун-це, Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Даследаваны асаблівасці мыслення (Т.А.Працко), моўнай дзейнасці (К.Г.Ярмілава, Л.Г.Алексіна) разумова адсталых дзяцей, выяўленчай дзейнасці вучняў дапаможных школ (З.А.Апацкая), псіхал. структура затрымкі псіхічнага развіцця ў дзяцей дашкольнага ўзросту (А.С.Сляповіч).

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЙСКО́ВАЯ ШКО́ЛА імя ЦВК БССР,

ваенна-навуч. ўстанова, якая рыхтавала кадры сярэдняга каманднага саставу для бел. нац., тэрытарыяльных і кадравых фарміраванняў Чырв. Арміі ў 1924—37. Тэрмін навучання 3 гады. Засн. на базе 81-х мінскіх пяхотных курсаў (з 1921). Камплектавалася курсантамі пераважна з карэннага насельніцтва. Большасць дысцыплін выкладалася на бел. мове. Выдавала шматтыражную газ. «Чырвоны сцяг». Рэарганізавана ў Мінскае ваеннае вучылішча. Сярод выхаванцаў Маршал Сав. Саюза І.І.Якубоўскі, генералы арміі В.А.Пянькоўскі, В.П.Маргелаў.

В.М.Герасімаў.

Газета «Чырвоны сцяг» Аб’яднанай беларускай вайсковай школы (6 ліст. 1930).

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя М.Танка. Засн. ў 1922 як пед. ф-т БДУ, з 1931 Бел. дзярж. вышэйшы пед. ін-т, з 1935 Мінскі пед. ін-т, з 1993 ун-т, з 1995 імя М.Танка. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: матэматычны, рус. філалогіі, дашкольнага выхавання, педагогікі і методыкі пач. навучання, муз.-пед., дэфекталогіі, сацыяльнай педагогікі і практычнай псіхалогіі, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура з 1934, дактарантура з 1992. З 1993 рыхтуе бакалаўраў і магістраў. Выдае час. «Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта», газ. «Настаўнік».

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т імя А.С.Пушкіна. Існаваў у 1945—50 у Брэсце. Імя Пушкіна прысвоена ў 1949. Тэрмін навучання 2 гады. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Меў аддзяленні: гісторыка-філал., прыродазнаўча-геагр., фізіка-матэм., падрыхтоўчае, вячэрняе і завочнае. Працавалі кафедры гісторыі, педагогікі і псіхалогіі, прыродазнаўства і геаграфіі, фізікі і матэматыкі, бел. мовы і л-ры, рус. мовы і л-ры, ваен. падрыхтоўкі, марксізму-ленінізму. За час існавання падрыхтаваў 1,8 тыс. настаўнікаў. На яго базе ў 1950 засн. Брэсцкі пед. ін-т (з 1995 Брэсцкі універсітэт).

т. 3, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БАЎ (Аляксандр Васілевіч) (н. 13.12.1936, г. Махачкала, Дагестан),

бел. мовазнавец. Акад. Міжнар. акадэміі інфарматызацыі (1996). Д-р філал. н., праф. (1986). Скончыў Маскоўскі ун-т (1964). З 1965 працуе ў Мінскім дзярж. лінгвістычным ун-це (з 1995 прарэктар). Вывучае праблемы лінгвістыкі тэксту, камп’ютэрнай лінгвістыкі, штучнага інтэлекту, камп’ютэрнага навучання. Аўтар прац «Апрацоўка на АС ЭВМ тэкстаў натуральных моў» (1977), «Праблемы нараджэння тэксту» (ч. 1—2, 1987—89); сааўтар кніг «ЭВМ аналізуе тэкст: Кніга для настаўніка» (1989), «Асновы лінгвістычнай інфарматыкі» (ч. 1—3, 1991—93), «Лінгвістычная інфарматыка» (1995) і інш.

Т.Я.Жэбіт.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ВАКА́ЛЬНАЯ СТУ́ДЫЯ,

прыватная навучальная ўстанова канца 19 ст. ў Мінску. Існавала ў 1890—93 (?). Арганізатар і педагог Н.Муранская. Мела на мэце падрыхтоўку оперных і камерных спевакоў. Праграма навучання складалася з 2 курсаў: малодшага (пастаноўка голасу, развіццё дыхання, выраўноўванне рэгістраў, вакалізацыя і тэорыя музыкі) і старшага (вывучэнне класічнай і сучаснай вак. музыкі, дэкламацыя і фразіроўка, спец. падрыхтоўка да сцэны: фарміраванне рэпертуару, вывучэнне роляў, сцэн. прыёмаў і інш.). У зімовы сезон студыйцы наладжвалі публічныя канцэрты.

Літ.:

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999. С. 125—126.

В.П.Пракапцова.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ ЧЫГУ́НКА.

Малая Беларуская чыгунка імя К.С. Заслонава, пазашкольная ўстанова. Адкрыта ў Мінску ў 1955, імя Заслонава прысвоена ў 1971. Дапамагае школе ў навуч.-выхаваўчай рабоце, садзейнічае развіццю тэхн. майстэрства і прафес. арыентацыі навучэнцаў. Пры Дз.ч. працуюць гурткі юных чыгуначнікаў (тэрмін навучання 3 гады, штогод займаецца каля 600 вучняў), якія рыхтуюць машыністаў і памочнікаў машыністаў. Дарога вузкакалейная, працягласць 3 км 790 м з 2 пераездамі і 3 станцыямі. Мае 2 цеплавозы, 6 пасажырскіх вагонаў. Рух паяздоў адбываецца ў маі—жніўні (перавозіцца каля 20 тыс. пасажыраў).

т. 6, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т імя Янкі Купалы. Існаваў у 1936—55 у Оршы. Імя Я.Купалы прысвоена ў 1941. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х класаў для 7-гадовых і сярэдніх агульнаадук. школ. Тэрмін навучання 2 гады. Меў аддзяленні: фіз.-матэм., гіст. (да 1951), бел. і рус. мовы і л-ры, з 1944 падрыхтоўчае і завочнае. Працавалі кафедры: бел. і рус. мовы, бел. і рус. л-ры, педагогікі і псіхалогіі, фізікі і матэматыкі, марксізму-ленінізму. У Айч. вайну знішчаны навуч. корпус, інтэрнат, абсталяванне, бібліятэка. Аднавіў работу ў 1944. Закрыты ў сувязі з узбуйненнем пед. ВНУ.

т. 1, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)