МАЛІП’Е́РА ((Malipiero) Джан Франчэска) (18.3.1882, г. Венецыя, Італія — 1.8.1973),

італьянскі кампазітар, музыказнавец, педагог; адзін з буйнейшых італьян. кампазітараў 20 ст. Скончыў Муз. ліцэй у г. Балоння (1904). Выкладаў у кансерваторыях у Парме, Венецыі (з 1932 праф., у 1939—52 дырэктар). У 1932—40 узначальваў Італьян. ін-т А.​Вівальдзі ў Сіене. Развіваў традыцыі нар. і класічнай італьян. музыкі. У яго творах інтэлектуалізм у спалучэнні з трагічнай іроніяй і гратэскам, фантасмагарычная сумесь рэальнасці і ілюзіі ўвасоблены ў традыцыях неакласіцызму. Сярод твораў: больш за 30 опер, у т. л. «Каноса» (паст. 1914), трылогія «Арфеіды» (паст. 1925), «Тры камедыі Гальдоні» (паст. 1926), «Юлій Цэзар» (паст. 1936), «Антоній і Клеапатра» (паст. 1938), «Гекуба» (паст. 1941), «Дон Жуан» (паст. 1963); балеты «Пантэя» (1919. паст. 1949), «Страдывары» (паст.

1958); кантаты, містэрыі і інш.; 11 сімфоній (1933—70); канцэрты для інструментаў з арк., у т. л. 5 для фп. (1934—58); камерна-інстр. ансамблі; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Рэдактар і выдавец многіх твораў італьян. музыкі 17—18 ст.

Літ.:

Богоявленский С Малипьеро// Музыка XX в.: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАІ́НЧЫК (Васіль Пятровіч) (н. 7.3.1950, в. Чарапы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. кампазітар, піяніст. Засл. арт. Беларусі (1982). Нар. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю па кл. фп. (1974, кл. В.​Шацкага) і кампазіцыі (1981, кл. Я.​Глебава). З 2000 праф. Бел. ун-та культуры. З 1974 маст. кіраўнік вак.-інстр. ансамбля «Верасы», адначасова з 1998 маст. кіраўнік дзіцячага ансамбля «Верасяты»; з 1997 муз., з 2000 маст. кіраўнік маладзёжнага т-ра эстрады пры Бел. ун-це культуры. Выканаўца і аўтар шматлікіх твораў на фп., электронных муз. інструментах. Стварыў шэраг стылявых інтэрпрэтацый, аранжыровак, электронных кампазіцый, якія вызначаюцца яркім меладыйным малюнкам, свежымі тэмбравымі фарбамі, неардынарнасцю структуры. Піша музыку для сімф. аркестра, эстрады, камерна-інстр. творы, песні. Сярод твораў: балет «Крылы над Расіяй» (паст. 1987); араторыя «Хлапчыш-Кібальчыш» (сл. У.​Някляева, 1984); арк. музыка — для сімф. арк. «Сімфанічныя варыяцыі» (1980), для эстр. арк. «Варыяцыі», «Балеро», «Карнавал» (усе 1984); п’есы для электронных інструментаў «Назад да зорак» (1985), «Жыццё артыста» (1986); музыка да спектакля «Голы кароль» (1993); песні, у т. л. «Зорка кахання», «Горад юнацтва», «Так не бывае». Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.

А.​У.​Валадковіч.

В.П.Раінчык.

т. 13, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НС у паэзіі,

невялікі напеўны верш лірычнага характару, пераважна пра каханне.

У сярэдневяковай Іспаніі Р. называлі быт. песні на нар. (ісп.) мове (у адрозненне ад царкоўных песень на лац. мове). У 16 ст. ў франц. паэзіі Р. называлі лірычную песню пра каханне. У такім значэнні тэрмін ужываўся і ва ўсх.-слав., у т. л. бел. л-рах. У зах.-еўрап. паэзіі былі папулярныя рамансы Ш.​Мільвуа, Э.​Парні. «Рамансы без слоў» назваў свой зб. П.​Верлен. Падзагаловак «Р.» ёсць у вершах В.​Жукоўскага «Жаданне», А.​Пушкіна «Пад вечар, восенню пахмурнай» і інш.

У бел. л-ры вершы рамансавага тыпу сустракаюцца ў Я.​Баршчэўскага («Дзеванька»), Я.​Лучыны (Р. з паэмы «Гануся»), В.​Дуніна-Марцінкевіча (два Р. з камедыі «Пінская шляхта») і інш. Часам паэты пісалі Р. у разліку, што ён будзе пакладзены на музыку: «Раманс» («Зорка Венера ўзышла над Зямлёю») М.​Багдановіча, «Раманс» Ю.​Гаўрука. У сучаснай бел. паэзіі тэматычныя і жанравыя межы Р. пашырыліся, узніклі сатыр. і гумарыстычны Р. («Раманс» і «Выхаваўчы раманс» М.​Танка).

Літ.:

Васина-Гроссман В.А. Музыка и поэтическое слово. Ч. 1—3. М., 1972—78;

Поэзия и музыка. М., 1973.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБЕЛЯ́Н (Канстанцін Агапаронавіч) (н. 29.7.1928, г. Армавір Краснадарскага краю),

армянскі кампазітар, дырыжор. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Ерэванскую кансерваторыю (1961). З 1956 маст. кіраўнік Дзярж. эстраднага аркестра Арменіі. Музыцы Арбеляна ўласцівыя яркая вобразнасць, экспрэсія, дынамічнасць, драматызм. Сярод твораў: балет «Бессмяротнасць» (1969), 2 сімфоніі (1961, 1967); сімф. паэма «Зангезур», «Святочная уверцюра» для сімф. аркестра; струнны квартэт; творы для эстр.-сімф. аркестра; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. У песнях Арбеляна нац. мелас арганічна спалучаецца са сродкамі джаза.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕ́ЛЫЯ РО́СЫ»,

ансамбль песні, музыкі і танца Гродзенскай абласной філармоніі. Створаны ў 1987. Уключае балетную і аркестравую групы. У рэпертуары апрацоўкі бел. нар. песень («Ой ты, сонца яснае», «Чаму не прыйшоў», «Пад дубіною»), нар. танцы («Трапятуха», «Церніца», «Каханачка», «Хустачка») і музыка на аснове фальклору Гродзеншчыны (пераважна Дзятлаўшчыны і Навагрудчыны), інш. рэгіёнаў Беларусі. У адрозненне ад інш. падобных калектываў артысты балета ў ім спалучаюць танец са спевамі і ігрой на муз. інструментах. Маст. кіраўнік Я.Штоп (з 1987).

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСЭ́РА ШМІТ ((Becerra Schmidt) Густава) (н. 26.8.1925, г. Тэмука, Чылі),

чылійскі кампазітар, дырыжор. Скончыў Нац. кансерваторыю ў Сант’яга (1949), з 1947 выкладаў у ёй (з 1952 праф.). Яго творчасць 1950—60-х г. звязана з нац. традыцыямі, увасабленнем неакласіцысцкіх тэндэнцый. Пазней звярнуўся да электроннай і канкрэтнай музыкі. Сярод твораў: 4 сімфоніі (1955—73); канцэрты з арк. для фп., для скрыпкі, для флейты, для гітары; «Гульні» для фп. і магнітафоннай стужкі; камерна-інстр. ансамблі; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЛАШ (Аляксандр Іванавіч) (н. 6.3.1931, г.п. Градзіжск Палтаўскай вобл., Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1977). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1957). Сярод твораў: оперы «Гайдамакі» (1965), «Балада вайны» (1971), «Сцяганосцы» (1985); аперэты «Чыстая крыніца» (1975), «Легенда пра Кіеў» (1982), «Званы Расіі» (1983); вак.-сімф. і сімф. творы; 2 канцэрты для фп. з арк. (1982—83); хары; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар песень («Каліна ў жыце», «Два колеры», «Равеснікі»). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1975.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

сярэдняя спец. навуч. ўстанова ў 1914—16 у г. Барысаў. Рыхтавала настаўніц пач. нар. вучылішчаў. Тэрмін навучання 4 гады. Пры паступленні перавага аддавалася ўраджэнкам Мінскай губ. Выкладаліся Закон Божы, рус. і царк.-слав. мовы, рус. л-ра, матэматыка, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, фізіка, педагогіка, рукадзелле, графічнае мастацтва (чыстапісанне, маляванне, чарчэнне), спевы, музыка, фіз. практыкаванні. Пры семінарыі існавала ўзорнае пач. вучылішча, дзе навучэнкі праходзілі практыку. Закрыта ў сувязі з ваен. дзеяннямі ў час 1-й сусв. вайны.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЧЫ́ННІКАЎ (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 29.5.1936, г. Варонеж),

рускі кампазітар і дырыжор. Нар. арт. Расіі (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1962, клас Ц.Хрэннікава). З 1962 дырыжор розных аркестраў, у т. л. Усесаюзнага радыё і тэлебачання. Сярод твораў: 2 оперы; балеты; араторыі «Гімны Айчыне» і «Сергій Раданежскі»; кантата, 4 сімфоніі, 6 сюіт і інш. для сімф. арк.; камерна-інстр. творы; хары; рамансы; музыка да кінафільмаў «Вайна і мір», «Андрэй Рублёў», «Яны змагаліся за Радзіму», «Іванава дзяцінства», «Барыс Гадуноў» і інш.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАСЛО́ЎСКІ (Мікіта Уладзіміравіч) (н. 22.5.1913, С.-Пецярбург),

рускі кампазітар. Нар. арт. СССР (1983). Багаслоўскі — майстар песеннага жанру (больш за 300 песень), найб. папулярныя «Спяць курганы», «Цёмная ноч», «Любімы горад» і інш. Сярод інш. твораў: опера «Соль» паводле І.​Бабеля (1981); муз.-лірычныя драмы «Балаганчык» і «Незнаёмка» паводле А.​Блока (1982); муз. Камедыі; 8 сімфоній; сімф. аповесць «Васіль Цёркін» (1950); музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў (каля 120). Аўтар кн. «Тысяча дробязяў» (1973), «Відавочнае, але верагоднае» (1981) і інш.

т. 2, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)