САРКА́ЗМ (грэч. sarkasmos ад sarkazō літар. — рву мяса),

з’едлівая, злосная, знішчальная насмешка; найвышэйшая ступень іроніі. Адзін з асн. сродкаў гумару і асабліва сатыры. Характарызуецца найменшай ступенню іншасказальнасці; часам негатыўная ацэнка выяўляецца ў адкрытай форме. Пашыраны ў фальклоры (найперш у анекдотах), байках, эпіграмах, фельетонах, памфлетах, сатыр. камедыях і інш.

т. 14, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАШЭ́ (франц. attache літар. прымацаваны),

1) дыпламатычны ранг, які прысвойваецца супрацоўнікам міністэрстваў замежных спраў.

2) Штатная пасада ў пасольствах і місіях. У міжнар. дыпламат. практыцы існуюць спец. аташэ: гандлёвы, фін., ваенны, па пытаннях культуры, друку (прэс-аташэ) і інш. Усе аташэ ўключаюцца ў склад дыпламат. прадстаўніцтва і карыстаюцца дыпламат. прывілеямі.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКФ, вакуф (араб. літар. ўтрыманне),

паводле мусульманскага права, маёмасць (рухомая і нерухомая), якая перадаецца дзяржавай або прыватнай асобай на рэліг. ці дабрачынныя мэты. Узнік у 7—8 ст. у Халіфаце, пазней пашырыўся на ўсе мусульм. краіны, стаў эканам. асновай мусульм. духавенства. Захаваўся ў Саудаўскай Аравіі і некаторых інш. краінах мусульм. Усходу.

т. 3, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАНТАРЭ́Я (франц. galanterie літар. ветлівасць, далікатнасць),

гандлёвая назва прадметаў упрыгожання, туалету і асабістага ўжытку. Асартымент галантарэі з улікам зыходных матэрыялаў зведзены ў групы: тэкстыльную (стужкі, тасьмы, гальштукі і інш.), з пластычных мас (грабяні, гузікі і інш.), металічныя (брошкі, спражкі і інш.), скураныя (пальчаткі, рамяні паясныя і інш.), шчоткі і люстэркі.

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРМО́С (грэч. heirmōs літар. спляценне, сувязь),

першапачаткова страфа, якая злучала біблейскую песню з хрысц. гімнамі (адсюль назва). З 8 ст. — 1-я страфа кожнай з 9 песень канона, метрыка і напеў якой захаваліся ў трапарах (кароткіх прыпевах) гэтай песні. І. падпарадкоўваюцца сістэме асмагласся, адпаведна якой яны размешчаны ў пеўчай кнізе Ірмалогій.

т. 7, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕК (англ. neck літар. шыя),

слупападобнае геал. цела ў жарале вулкана. Складаецца з лавы, туфалавы, лавабрэкчыі, вулканічнай брэкчыі і інш. Папярочнае сячэнне акруглае або авальнае. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да 1,5 км. Залягае ў больш слабых горных пародах, пры іх эрозіі выступае ў выглядзе слупападобнага падняцця. З’яўляецца рудазмяшчальнай структурай.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАГРА́МА (ад ана... + грэч. gramma літара),

1) слова ці словазлучэнне, утворанае перастаноўкай літар, напр.: псеўданімы М.​Алданаў (М.​Ландаў), Акшарум (Р.​Мурашка), Ак.Чыж (Х.​Жычка). Анаграму выкарыстоўваюць у шарадах.

2) Спосаб вершаскладання на санскрыце, лац. і інш. стараж. індаеўрап. мовах, калі асобныя фанемы самага важнага слова ў вершы паўтараюцца ў складзе інш. слоў.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРДЫ́КТ (англ. verdict ад лац. vere dictum літар. дакладна сказанае),

рашэнне (прыгавор) прысяжных засядацеляў у судзе прысяжных па пытанні вінаватасці ці невінаватасці падсуднага па крымінальнай справе (вердыкт абвінаваўчы або апраўдальны). Вердыкт прымаецца аднагалосна (суды некаторых штатаў ЗША) або большасцю галасоў (суды Вялікабрытаніі, дарэв. Расіі і інш.); на аснове абвінаваўчага вердыкту суд назначае пакаранне.

т. 4, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ДВЕЙТ (англ. deadweight, літар. мёртвы груз),

поўная грузападымальнасць судна (сумарная маса грузу, пасажыраў, экіпажа, паліва і інш.). Д. пры асадцы па грузавую марку — асн. эксплуатацыйная характарыстыка марскога судна. Д. роўны рознасці паміж водазмяшчэннем і ўласнай масай судна з гатовымі да дзеяння механізмамі (з запоўненымі паліўнымі трубаправодамі, вадой у катлах і цеплаабменніках і інш.).

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПО́ (франц. dēpôt літар. склад, сховішча),

прадпрыемства і спецыяльна абсталяваны будынак для стаянкі, абслугоўвання і рамонту рухомага саставу чыгунак (лакаматыўныя і вагонныя Д.), гар. наземнага (трамвайныя і тралейбусныя Д.) і падземнага (Д. метрапалітэна) электратранспарту, а таксама пажарных машын і прыстасаванняў (пажарнае Д.). Для рухомага саставу гар. транспарту ўжываецца таксама назва парк (аўтобусны, тралейбусны, трамвайны паркі).

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)