ГЕРМАФРАДЫ́Т,

1) у стараж. грэчаскай міфалогіі сын Гермеса і Афрадыты, юнак незвычайнай прыгажосці. У 15-гадовым узросце падарожнічаў па М. Азіі. У Карыі, калі ён купаўся ў крыніцы, німфа Салмакіда страсна закахалася ў Гермафрадыта. Але ўзаемнасці яна не дачакалася, і тады багі злілі Салмакіду з Гермафрадытам у адну двухполую істоту.

2) Індывід, які мае другасныя палавыя прыкметы абодвух полаў.

Гермафрадыт і сатыр. 1 ст. да н.э.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЛУГАПО́ЛЕ-ЗДРУЙ (Dlugopole Zdrój),

бальнеакліматычны курорт у Польшчы. На ПдУ ад г. Валбжых, у Клодзскай катлавіне Цэнтр. Судзетаў паблізу мяжы з Чэхіяй. Развіваецца з пач. 19 ст., крыніцы мінер. вод вядомы з 16 ст. Добра ахаваны ад вятроў, вылучаецца мяккім умераным кліматам. Прыродныя ўмовы спрыяльныя для лячэння органаў стрававання і кровазвароту. Паблізу ў г. Быстшыца-Клодзка шмат арх.-гіст. помнікаў (13—17 ст.), музеі філуменіі.

т. 6, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМНЫ́ МАГНЕТЫ́ЗМ, геамагнетызм,

1) з’ява, якая характарызуе ўласцівасць нашай планеты ствараць магнітнае поле Зямлі. У гэтым працэсе дзейнічаюць пастаянныя ўнутрызямныя крыніцы магнетызму, абумоўленыя ўнутр. будовай Зямлі і дзеяннем віхравых токаў у зямным ядры, і пераменныя — у магнітасферы Зямлі і іанасферы.

2) Раздзел геафізікі, які вывучае размеркаванне ў прасторы і змены ў часе магнітнага поля Зямлі і звязаныя з ім геафіз. працэсы. Гл. таксама Магнітаметрычныя метады разведкі.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́АБА (араб., літар. куб),

свяшчэнны храм мусульман у г. Мекка (Саудаўская Аравія). Пабудаваны ў старажытнасці каля крыніцы Земзем у форме куба, размешчанага ў цэнтры прамавугольнага двара. У знешняй сцяне з усх. вугла ніша з «чорным каменем» — метэарытам (стараж. фетыш). Да 7 ст. н.э. храм быў свяцілішчам язычніцкіх плямён Хіджаза; паводле падання, вакол яго стаялі 300 ідалаў. Пасля прызнання ісламістамі святасці К. храм — месца паломніцтва мусульман.

Кааба.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМА ПРА́ВА,

агульнаабавязковае правіла паводзін, якое ўстанаўліваецца або санкцыяніруецца дзяржавай і забяспечваецца яго прымусовай сілай. Формай існавання Н.п. з’яўляюцца адпаведныя нарматыўныя акты, а таксама інш. крыніцы права. У залежнасці ад галін права адрозніваюць: адм.-прававыя Н.п., нормы працоўнага, экалагічнага, міжнар., канстытуцыйнага, гасп. і інш. галін права. Паводле часу дзеяння Н.п. падзяляюць на пастаянныя (дзейнічаюць да іх афіц. адмены) і часовыя (дзейнічаюць у межах вызначанага часу).

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁВУ́ЗЕЛ, радыётрансляцыйны вузел,

комплекс апаратуры для перадачы радыёвяшчальных праграм і праграм мясц. вяшчання абанентам сеткі праваднога радыёвяшчання.

Мае ўзмацняльную і кантрольна-вымяральную апаратуру, блокі сілкавання і інш. Праграма, прынятая ад знешняй крыніцы, узмацняецца (па нізкай частаце) і перадаецца ў правадную сетку. Для перадачы праграм мясц. вяшчання на Р. ёсць мікрафоны, магнітафоны, электрапрайгравальнікі і інш. Існуюць Р., якія працуюць без абслуговага персаналу (пераважна для рэтрансляцыі).

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ПАР (галанд. roeper ад roepen крычаць),

адрэзак трубы звычайна круглага або прамавугольнага сячэння з плаўна павялічвальнымі папярочнымі памерамі. Прыстаўлены вузкім канцом да крыніцы гуку, Р. узмацняе яго (канцэнтруе гукавую энергію ў напрамку сваёй восі), а накіраваны шырокім канцом на прымаемы гук — канцэнтруе яго каля прыёмніка гуку (напр., вуха). Р. найчасцей выкарыстоўваюцца ў рупарных гучнагаварыцелях і мегафонах (прызначаны для ўзмацнення гучання галасу ў месцах з павышаным узроўнем шуму).

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

злучэнні серы, якія выкарыстоўваюцца ў якасці крыніцы сернага жыўлення раслін. Да іх належаць сульфаты амонію, калію, магнію, таксама гіпс, фосфагіпс, арган. ўгнаенні. Уносяць С.ў. ў глебы з нізкім утрыманнем серы (саланцы, саланчакі), эфектыўныя на падзолістых пясчаных глебах. Асабліва неабходныя для вырошчвання крыжакветных, бабовых культур, сланечніку, бульбы. Нейтралізуюць шчолачнасць глебы (гл. Гіпсаванне глебы), павышаюць засваяльнасць цукарастваральных фасфатаў, павялічваюць растваральнасць кальцыю, калію, жалеза, магнію.

т. 14, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФАРМА́ЦЫІ ТЭО́РЫЯ,

раздзел кібернетыкі, які вывучае працэсы захоўвання, пераўтварэння і перадачы інфармацыі. У І.т. выкарыстоўваюцца метады тэорый імавернасцей, лікаў, графаў, гульняў, матэм. статыстыкі, алгебры. Інтэнсіўнае развіццё абумоўлена патрэбамі сродкаў сувязі, электроннай выліч. і кіравальнай тэхнікі, радыёлакацыі і інш.

Узнікла ў канцы 1940-х г. на аснове прац амер. матэматыка К.​Шэнана; значны ўклад у яе абгрунтаванне зрабілі сав. вучоныя А.​М.​Калмагораў, А.​Я.​Хінчын, А.​А.​Харкевіч. Асн. частка І.т. — агульная тэорыя сувязі, якая распрацоўвае эфектыўныя метады перадачы інфармацыі па лініях сувязі, вывучае праблемы аптымальнага кадзіравання і фільтрацыі інфармацыі, выяўлення і прадказання сігналаў. І.т. зыходзіць з таго, што сігналы (паведамленні) паступаюць ад крыніцы ў выпадковай паслядоўнасці, маюць пэўную імавернасць, а таксама імавернасць таго, што паведамленні могуць скажацца ў час перадачы. У якасці меры такой неазначальнасці прымаецца сярэдняя колькасць двайковых знакаў, неабходная для запісу адвольнага паведамлення дадзенай крыніцы самым эканомным спосабам кадзіравання Гэтая мера не меншая за энтрапію мноства паведамленняў H = ∑ i = 1 n pi log2 ( 1 pi ) , дзе n — колькасць паведамленняў, Pi — імавернасць з’яўлення асобнага паведамлення. Колькасць інфармацыі ў паведамленні X адносна паведамлення Y вызначаецца суадносінамі I(X, Y) = H(X) + Y(Y) − H(X, Y), дзе H(X, Y) — энтрапія пары (X, Y). Скорасць V перадачы інфармацыі па канале сувязі не перавышае велічыні, вызначанай з суадносін Hv = C, дзе H — энтрапія крыніцы на сімвал, C — прапускная здольнасць дадзенага канала.

На Беларусі даследаванні па І.т. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Шеннон К Работы по теории информации и кибернетике: Пер. с англ. М., 1963;

Дивногорцев Г.П., Караченцева Н.Я., Яшин В.М. Передача данных в сетях вычислительных центров. Мн., 1971;

Липницкий С.Ф., Ярмош Н.А. Моделирование интеллектуальных процессов в инженерных информационных системах. Мн., 1996.

М.​А.​Ярмаш.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФРАЧЫРВО́НАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ, інфрачырвоныя прамяні,

нябачнае электрамагнітнае выпрамяненне аптычнага дыяпазону з даўжынёй хваль ад 0,74 мкм да 1—2 мм (ад чырв. канца бачнага спектра да найб. кароткіх радыёхваль). Выпрамяняецца ўсякім целам, асабліва нагрэтым. Складае значную ч. выпрамянення Сонца, большую ч. выпрамянення лямпаў напальвання, розных газаразрадных крыніц святла. Шырока выкарыстоўваюцца спец. крыніцы І.в. — стрыжні на аснове вокіслаў рэдказямельных элементаў і карбіду крэмнію, перспектыўныя лазерныя крыніцы І.в. Адкрыта ў 1800 У.Гершэлем.

І.в. вылучаюць таксама касм. целы: халодныя чырв. карлікі (зоркі з т-рай паверхні 1000—1500 К), шэраг планетарных туманнасцей, пылавыя воблакі, ядры галактык (у т. л. нашай), квазары. Спектр І.в. (як і бачнага, ультрафіялетавага) можа складацца з асобных ліній, палос або быць неперарыўным у залежнасці ад прыроды крыніцы. Аптычныя ўласцівасці рэчываў (празрыстасць, каэф. адбіцця і пераламлення) у інфрачырв. вобласці спектра звычайна адрозніваюцца ад уласцівасцей у бачнай і ультрафіялетавай абласцях. Многія рэчывы, празрыстыя ў бачнай вобласці, непразрыстыя ў некаторых абласцях І.в. і наадварот У большасці металаў адбівальная здольнасць для І.в. значна большая, чым для бачнага. Вылучыць І.в. з агульнага патоку выпрамянення можна з дапамогай прызмаў, дыфракцыйных рашотак, дысперсійных фільтраў і інш. Для выяўлення і вымярэння І.в. выкарыстоўваюцца цеплавыя і фотаэлектрычныя прыёмнікі (балометры, тэрмаэлементы), оптыка-акустычныя і піраэлектрычныя прыёмнікі, фотаэлементы і фотапамнажальнікі, электронна-аптычныя пераўтваральнікі і фотарэзістары, спец. фотаматэрыялы. І.в. выкарыстоўваецца ў навук даследаваннях, прам-сці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, ваен. справе — для ідэнтыфікацыі і вывучэння будовы хім злучэнняў, якаснага і колькаснага спектральнага аналізу (гл. Інфрачырвоная спектраскапія), сушкі і нагрэву, дэфектаскапіі вырабаў (гл. Інфрачырвоная дэфектаскапія), фатаграфавання ў цемнаце, у начнога бачання прыладах і цеплапеленгацыі, саманавядзення снарадаў і ракет, наземнай і касм. сувязі, у лакатарах, дальнамерах і інш. (гл. таксама Інфрачырвоная тэхніка).

Літ.:

Леконт Ж. Инфракрасное излучение: Пер. с фр. М., 1958;

Марков М.Н. Приемники инфракрасного излучения. М., 1968;

Хадсон Р.Д. Инфракрасные системы: Пер. с англ. М., 1972;

Левитин И.Б. Применение инфракрасной техники в народном хозяйстве. Л., 1981.

Р.​Г.​Жбанкоў.

т. 7, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)