выкапнёвыя сляды існавання раслін і жывёл у слаях асадкавых парод, від акамянеласцяў. Звычайна ў выкапнёвым стане захоўваюцца адбіткі лісця, ствалоў, пладоў і інш. частак раслін, шкілетаў, панцыраў, радзей цэлых жывёлін. Утварыліся з рэшткаў пахаваных у асадках вадаёмаў і мінер.крыніц, дзюнных пясках, вулканічных туфах і магмах, каменным вугалі.
Бываюць афарбаваныя вокісламі жалеза або марганцу, часам пакрыты вуглістай, крамянёвай або жалезістай плёнкай. На Беларусі адбіткі раслін трапляюцца ў адкладах усіх раздзелаў фанеразою ў выглядзе адбіткаў лісця, пустот ад драўніны, шышак, пладоў, злепкаў дзеразападобных, членістасцябловых, папарацепадобных, рызоідаў, стыгмарыяў, адбіткі жывёл — у адкладах ад ардовіку да галацэну; трылабіты, губкі, каралы, ракападобныя, астракоды, малюскі, імшанкі, рыбы і інш. жывёлы. Адбіткі раслін даследуе палеабатаніка, адбіткі жывёл — палеазаалогія.
Да арт. Адбіткіраслін і жывёл: 1 — адбітак папараці з ніжняга мелу; 2 — маладыя і дарослыя трылабіты з кембрыйскіх адкладаў Сібіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕНЬ
(? — каля 1316),
вялікі князь ВКЛ (каля 1295—1316). Звесткі пра паходжанне супярэчлівыя. Паводле адных крыніц, ён родам з Жамойціі, другія называюць яго сынам Трайдзеня, трэція выводзяць яго з роду смаленскіх князёў. Бел. гісторыкі 19 ст. М.В.Без-Карніловіч і А.Кіркор лічылі яго сынам полацкага князя Гердзеня. На думку храніста 14 ст. П.Дусбурга, Віцень — сын Лютувера, які атаясамліваецца з Будзівідам. Бацька або брат Гедзіміна. Змагаўся за адзінства дзяржавы, ваяваў супраць палякаў у 1291, 1293, 1296, 1306, 1307. Вёў барацьбу з крыжакамі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. У 1298 заключыў саюз з Рыгай, што дало магчымасць адбіць крыжацкі наступ на Жамойцію. Як і Трайдзень, сяліў прусаў, якія ўцяклі ад ням. заваёўнікаў, на Гарадзеншчыне. У 1294 задушыў паўстанне жамойцкіх феадалаў, што схіляліся да саюзу з крыжакамі. Паводле позняга Васкрасенскага летапісу, уключыў у ВКЛБерасцейскую зямлю (1315). Загінуў ад удару перуна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЯЛО́ЎСКІ Сцяпан Барысавіч
(16.9.1876, Масква — 23.1.1952),
рускі і сав. гісторык. Акад.АНСССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). З 1907 чл.Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх, інш.навук.т-ваў. З 1912 супрацоўнік Маскоўскага археал. ін-та. Праф. Маскоўскага ун-та (1917—25), Гісторыка-архіўнага ін-та (1938—41) і інш. З 1936 у Ін-це гісторыі АНСССР. З 1903 вывучаў архіўныя дакументы па сац.-эканам. гісторыі Расіі 17 ст. Выдаў кн. «Сошнае пісьмо. Даследаванне па гісторыі кадастру і пасошнага абкладання Маскоўскай дзяржавы» (т. 1—2, 1915—16) і дадатак да яе «Акты пісцовай справы» (т. 1—2, 1913—17). Займаўся паліт. гісторыяй Расіі канца 15 — пач. 17 ст., крыніцазнаўствам і інш. дапаможнымі гіст. дысцыплінамі, падрыхтоўкай да выдання актаў і інш.крыніц.
Літ.:
Кобрин В.Б., Аверьянов К.А. С.Б.Веселовский: Жизнь, деятельность, личность. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙНА,
рака ў Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. Дняпра). Даўж. 100 км. Пл. вадазбору 1670 км². Пачынаецца з крыніц на З ад в. Гайна Лагойскага р-на, працякае ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах. Асн. прытокі: Усяжа (справа) і Цна (злева). У вярхоўі цячэ па Мінскім узв., у ніжнім цячэнні — па Верхнебярэзінскай нізіне.
Даліна трапецападобная, ніжэй упадзення Цны невыразная, шыр. 800 м — 1,2 км у верхнім цячэнні, да 2,5—3 км у ніжнім. Пойма да в. Свідна Лагойскага р-на адсутнічае, на астатнім працягу двухбаковая. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае на 9 км, на астатнім працягу звілістае. Берагі стромкія, часта абрывістыя, выш. 1—4 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,7 м³/с. Суднаходства за 30 км ад вусця ў высокую ваду. На рацэ г.п. Лагойск, плаціна і невял. вадасховішча (у межах Лагойска). На вадазборы Гайны зоны адпачынку Гайна і Лагойшчына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННЫ ВО́ДКУП,
сістэма збірання ўскоснага падатку, пры якой аддаецца на водкуп прыватным прадпрымальнікам права на гандаль віном (гарэлкай). Адкупшчыкі плацілі дзяржаве загадзя абумоўленую грашовую суму і гэтым набывалі права на публічны гандаль гарэлкай. У Расіі вядомы з 16 ст. Існаваў на працягу 17 — 1-й пал. 19 ст. побач з віннай манаполіяй. Асабліва быў пашыраны ў 18 ст. Да 19 ст. не пашыраўся на шэраг зах., паўн.-зах., паўд.-зах. губерняў і Царства Польскае, дзе права на гандаль віном захоўвалі памешчыкі і гарады. З 18 ст. вінны водкуп — адна з крыніцт.зв. пачатковага накаплення капіталу. На яго аснове ўзбагачаліся купецтва і дваранства, а дзяржава атрымлівала вял. даходы (напр., у 1859—63 прыбыткі ад віннага водкупу складалі 40% усіх даходаў). Вінны водкуп выклікаў абурэнне народа і прывёў да адкрытых выступленняў у 1858—59. Сістэма віннага водкупу ліквідавана ў 1863 і заменена інш. відам ускоснага падатку — акцызам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
пакрыцці, нанесеныя на паверхню метал. і неметал. вырабаў у вакууме накіраваным асаджэннем часціц рэчыва. Бываюць метал. і неметалічныя. Наносяцца тэрмічным або электронна-прамянёвым выпарэннем і катодным распыленнем, а таксама іх спалучэннем.
Трываласць счаплення вакуумнага пакрыцця з матэрыялам асновы абумоўлена т-рай асновы, якасцю падрыхтоўкі і ачысткі яго рабочай паверхні, энергіяй часціц, што наносяцца, і інш. Тэрмічнае выпарэнне ажыццяўляецца з дапамогай розных крыніц нагрэву і адпаведных прыстасаванняў у вакууме 1,33·10-1 — 1,33·10-5Па. Пры электронна-прамянёвым выпарэнні выкарыстоўваюцца электронна-прамянёвыя пушкі, якія генерыруюць электроны з вял. скарасцямі. Адначасовым выпарэннем некалькіх матэрыялаў атрымліваюць шматкампанентныя і шматфазныя вакуумныя пакрыцці. Пры катодным распыленні матэрыял, які наносіцца, «бамбардзіруюць» іонамі розных элементаў. Найб. пашырана катоднае распыленне ў тлеючым разрадзе, які ўзбуджаецца ў аргоне і інш. інертных газах пры ціску 2,66—13,3 Па і напружанні 1—5 кВ. Вакуумныя пакрыцці выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, мікраэлектроніцы, выліч. тэхніцы, фіз. оптыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУТАРКО́ВАЯ МО́ВА,
жывая вусная мова народа, якая служыць сродкам штодзённага абмену думкамі і характарызуецца вял. адвольнасцю і варыянтнасцю нормаў на фанетычным, арфаэпічным, лексічным, марфал., фразеалагічным і інш. узроўнях. Непасрэдна звязана з канкрэтным спосабам мыслення, у пераважнай большасці з неафіцыйнасцю маўлення, адсутнасцю папярэдняй падрыхтоўкі да размовы і аналізу думкі, з дадатковымі спосабамі перадачы інфармацыі ў вуснай мове — інтанацыяй, мімікай, жэстамі.
Сучасная бел. гутарковая мова выразна праяўляецца ў 3 разнавіднасцях: афіцыйная гутарковая мова — вусная разнавіднасць літаратурнай мовы, якой карыстаюцца на радыё, тэлебачанні, у школе, ін-тах і інш.афіц. установах; штодзённагутарковая мова, якой карыстаюцца ў штодзённым жыцці, прычым пад уплывам гутарковай стыхіі побач з літ. мовай ужываюцца элементы неліт. маўлення (у першую чаргу прастамоўныя, дыялектныя і інш.); народна-дыялектная гутарковая мова, характэрная пераважна сельскаму насельніцтву старэйшага пакалення. Гутарковая мова бел. народа стала асновай бел.нац. літаратурнай мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛ АНАНІ́М
(Gall Anonim),
польскі гісторык 12 ст. Імя і паходжанне невядомыя, паводле адной з версій, нарадзіўся ў Францыі (стараж. Галія, адсюль мянушка Гал Ананім, дадзеная ў 16 ст. гісторыкам М.Кромерам). Манах-бенедыкцінец, у Польшчу прыехаў у пач. 12 ст., верагодна, з кляштара ў Шомадзьвары (Венгрыя). Знаходзіўся пры канцылярыі князя Баляслава III Крывавустага. Аўтар першай польскай гіст. хронікі (напр., у 1107—13 на лац. мове рыфмаванай прозай з вершаванымі ўстаўкамі). Хроніка створана на падставе вусных паданняў пястаўскага двара, аўтарскіх назіранняў і пісьмовых крыніц для ўсхвалення панавання Баляслава III, асабліва яго ваен. дзейнасці, ахоплівае падзеі з легендарных часоў да 1113. Твор — асн. крыніца па ранняй гісторыі Польшчы, яе адносінах з суседнімі краінамі (у т. л. з валынскімі, тураўскімі і кіеўскімі князямі), дае звесткі пра захоп Кіева Баляславам І у 1018 і Баляславам II у 1069 і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Хроника и деяния князей или правителей польских. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНА́Я,
вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на З ад г. Столін, 240 км ад Брэста, 25 км ад чыг. ст. Гарынь. 1483 ж., 530 двароў (1996).
Вядома з 1448. Цэнтр ганчарнай вытв-сці (гл.Гараднянская кераміка). У час антыфеад. вайны 1648—51 спалена татарамі. З 1670 (паводле інш.крыніц з 1579) мела магдэбургскае права і герб (пацверджаны ў 1792). З 1793 у складзе Рас. імперыі, у Пінскім пав. Мінскай губ. У 1803 сяляне Гарадной дамагліся вызвалення ад прыгоннай залежнасці і пераведзены ў разрад дзярж. сялян. У 1909 — 6728 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Столінскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Столінскага р-на. У 1970 — 1965 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Троіцкая царква (18 ст.). Каля вёскі — гарадзішча і паселішча бронзавага веку (15—11 ст. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ШКАЎКА,
вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе Магілёў—Быхаў. Чыг. станцыя на лініі Магілёў—Жлобін. Цэнтр сельсавета, калгаса і эксперым. базы «Дашкаўка». За 22 км на Пд ад Магілёва. 1850 ж., 704 двары (1997).
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1597 як сяло, заснаванае кн Б.Саламярэцкім, старостам крычаўскім і слуцкім. У 1604 у Вейнянскім войтаўстве Магілёўскага староства. У 1758 мястэчка ў т.зв. Быхаўскім графстве, прыватнае ўладанне, 50 двароў. У 1885 адкрыта школа. У 1897—1197 ж., 195 двароў, нар. вучылішча, царква, параходная прыстань, магазін, млын. маслабойня, крупадзёрка, 3 заезныя дамы. З 1924 у Магілёўскім р-не. У 1971—1807 жыхароў.
Магілёўская абл. доследная с.-г. станцыя і праектна-пошукавая станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўчы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.). Каля вёскі група археал. помнікаў (стаянка каменнага веку, гарадзішчы, селішча і курганны могільнік).