нашыўкі рознай формы з галуну, тасьмы або шнура на розных частках абмундзіравання вайсковага (часцей на левым рукаве); адзін са знакаў адрознення ў многіх арміях свету, у т. л. Рэспублікі Беларусь. Выкарыстоўваецца таксама для абазначэння колькасці гадоў службы, навучання курсантаў у ваен. навучальных установах, раненняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСКРЭМЕ́НТЫ (ад лац. excrementum адход, выдзяленне), фекаліі,
цвёрдыя і вадкія прадукты выпаражнення жывёл і чалавека. Складаюцца з прадуктаў абмену рэчываў, неператраўленых астаткаў корму, ежы і вял.колькасці мікраарганізмаў. Субстрат для развіцця і корм інш. жывёл, бактэрый і грыбоў. Канчатковы этап — мінералізацыя. Даследуюцца на наяўнасць хвароб органаў стрававання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПЛО́ЗІЯ (франц. explosion выбух),
вулканічныя выбухі, што суправаджаюцца выкідамі вял.колькасці піракластычнага матэрыялу і газаў. Малавязкая магма ўтварае фантаны вогненна-вадкай лавы, вязкая — выкіды бясколерных газаў з распаленымі абломкамі горнай пароды і вулканічнымі бомбамі, больш вязкая — выкіды чорных хмар, перапоўненых абломкамі лавы, вулканічным пяском і пылам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАХІ́МІЯ (ад гіста... + хімія),
навука, якая вывучае хімічны састаў тканак і клетак жывёл з мэтай высвятлення асаблівасцей абмену рэчываў у іх структурных элементах; раздзел гісталогіі. Даследуе тонкія механізмы тканкавага і клетачнага метабалізму бялкоў, нуклеінавых кіслот, вугляводаў, ліпідаў, вызначае лакалізацыю актыўнасці гармонаў і ферментаў, абгрунтоўвае спецыфіку функцый клетачных арганел.
Першыя даследаванні па гістахіміі правёў франц. фармацэўт Ф.В.Распай (1825—34). Як самаст. навука гістахімія ўзнікла ў 1930-я г. з выхадам працы Л.Лізона (1936). З дапамогай гістахіміі паказана сувязь змен колькасці РНК з сінтэзам бялку і пастаянства колькасці ДНК у храмасомным наборы, выяўлены клеткі, што прымаюць удзел у сінтэзе гармонаў і імунаглабулінаў, абгрунтавана роля нейрамедыятараў, антыцел і г.д.
На Беларусі развіццё гістахім. даследаванняў звязана з дзейнасцю С.М.Мілянкова і яго вучняў. У гісталагічных і патагісталагічных лабараторыях і цэнтрах Беларусі вывучаюцца паталаг. працэсы, структурныя змены, характэрныя для пач. праяўленняў хвароб, асабліва пухліннага паходжання. Для клінічнай дыягностыкі выкарыстоўваецца шэраг гістахім. рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх змяшчаюць адзін або некалькі цыклаў з атамаў вугляроду (акрамя араматычных злучэнняў). Падзяляюцца на класы і гамалагічныя шэрагі па колькасці і будове цыклаў, наяўнасці кратных сувязяў і функцыян. груп у малекуле. Монацыклічныя злучэнні па колькасці атамаў вугляроду ў цыкле бываюць малыя (3—4), звычайныя (5—7), сярэднія (8—12) і макрацыклы (больш за 12) Аліцыклічныя злучэнні з некалькімі цыкламі — бі-, тры- і поліцыклічныя. Апошнія могуць быць ізаляваныя (І), сучлененыя (II), мець адзін, два, тры і больш агульных атамаў вугляроду, адпаведна спіраны (III), кандэнсаваныя (IV), мосцікавыя (V), поліэдрычныя злучэнні (VI). Наяўнасць цыкла ў малекуле адбіваецца на фіз. і хім. уласцівасцях аліцыклічныя злучэнні у параўнанні з ацыклічнымі злучэннямі з той жа колькасцю атамаў вугляроду (больш высокія паказчыкі пераламлення, шчыльнасці, т-ры кіпення; больш высокая рэакцыйная здольнасць, асабліва малых цыклаў). Аліцыклічныя злучэнні сустракаюцца ў нафце; як структурныя фрагменты ўваходзяць у састаў многіх прыродных злучэнняў: тэрпеноідаў, стэроідаў, інсектыцыдаў, вітамінаў, антыбіётыкаў. Найб. практычнае выкарыстанне мае цыклагексан, яго гамолагі і вытворныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + фільтрацыя),
прасочванне, пранікненне атм. і паверхневай вады ў глебу, горныя пароды і рух яе па капілярных і субкапілярных порах, шчылінах і пустотах да ўзроўню грунтавых вод. Залежыць ад магутнасці зоны аэрацыі, літалагічнага складу парод, водапранікальнасці глебы і горных парод, рэльефу, расліннасці, с.-г. асваення зямель і інш. Пачатковая форма І. — усмоктванне, калі вільгаць ідзе толькі на папаўненне водазапасаў глебы і на выпарэнне з паверхні. Далейшы рух вільгаці ў глыбіню (фільтрацыя) адбываецца толькі ў перыяды значнага і працяглага ўвільгатнення (пры моцных ліўнях, снегараставанні), калі ідзе папаўненне падземных вод. Адносіны колькасці інфільтраванай вады да сумы ападкаў (у %), што выпалі, наз. каэфіцыентам І. Яго велічыня мяняецца ад 1—3% да 25—30%. На тэр. Беларусі перавышэнне колькасціатм. ападкаў над сумарным выпарэннем спрыяе добраму інфільтрацыйнаму жыўленню падземных вод. Сярэдняя велічыня каэфіцыента І. складае 13%, найб. (да 30%) адзначаецца на Прыпяцкім Палессі пры глыбіні залягання падземных вод 1—2 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЫФІКА́ЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,
мэтанакіраванае змяненне фіз.-хім. і хім. уласцівасцей палімераў.
Адрозніваюць хім. М.п. і фіз., ці структурную. Хімічная М.п. — увядзенне ў макрамалекулы нязначнай колькасці фрагментаў інш.хім. прыроды. Ажыццяўляюць на стадыі сінтэзу палімера (напр., увядзенне звёнаў з гідраксільнымі, аміна- ці карбаксільнымі групамі паляпшае адгезію палімераў да палярных паверхняў, іх здольнасць да афарбоўвання, павышае т-ру шклавання і цвёрдасць палімераў). Уключае таксама хім. пераўтварэнні сінтэзаваных макрамалекул (напр., паверхневая М.п. — апрацоўка паверхні палімернага вырабу для надання ёй неабходных уласцівасцей — гідрафільнасці ці гідрафобнасці, устойлівасці да атм. уздзеянняў, антыстатычных і інш.). Фізічная М.п. — змяненне іх фіз.-мех. уласцівасцей пры захаванні хім. будовы макрамалекул ці пераўтварэнне надмалекулярнай структуры палімера. Яе ажыццяўляюць знешнімі мех. ўздзеяннямі на палімерныя плёнкі і валокны, зменай тэмпературна-часавага рэжыму структураўтварэння цвёрдага палімера з расплаву, зменай прыроды растваральніку і рэжыму яго выдалення пры ўтварэнні пакрыццяў, плёнак, валокнаў з раствораў палімераў, увядзеннем у палімер нязначнай колькасці структураўтваральнікаў, якія ўплываюць на кінетыку крышталізацыі і марфалогію палімера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ФОНД,
сукупнасць паляўнічых жывёл, што жывуць у стане прыроднай свабоды, таксама выпушчаных у паляўнічыя ўгоддзі з мэтай узбагачэння іх фауны ці развядзення. Выкарыстанне і ахова П.дз.ф. рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету», палажэннямі аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і інш. нарматыўнымі актамі. Здабыча ласёў, аленяў высакародных, дзікоў, казуль, баброў, выдры, глушцоў вядзецца па разавых дазволах з паляўнічымі пуцёўкамі, астатнія віды паляўнічых жывёл — па паляўнічых пуцёўках. Здабычу дзікіх жывёл плануюць на кожны каляндарны год і паляўнічы сезон з улікам рацыянальнага выкарыстання запасаў і захавання матачнага пагалоўя, здольнага забяспечыць макс. аднаўленне статка. Выдаецца таксама дазвол на адлоў ці адстрэл дзікіх жывёл у навук. мэтах. Штогод праводзіцца ўлік колькасці паляўнічых жывёл. Для павелічэння колькасці і відавога складу праводзяцца мерапрыемствы па выпуску ў паляўнічыя ўгоддзі фазанаў, качак і інш. У П.дз.ф. не ўваходзяць дзікія жывёлы, якіх гадуюць на фермах, у гадавальніках, заапарках, вальерах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУПЕ́НІ СВАБО́ДЫ,
1) у механіцы — незалежныя паміж сабой рухі (перамяшчэнні) мех. сістэмы. Колькасць С.с. залежыць ад колькасці часціц (матэрыяльных пунктаў), што ўтвараюць сістэму, а таксама ад колькасці і характару накладзеных на сістэму сувязей механічных.
Свабодная часціца мае 3 С.с. — можа рухацца ўздоўж кожнай з 3 узаемна перпендыкулярных восей каардынат. Свабоднае цвёрдае цела мае 6 С.с.: 3 з іх адпавядаюць паступальнаму руху якога-н. пункта С (звычайна цэнтра мас) цела, а астатнія 3 — вярчальнаму руху цела вакол пункта С як нерухомага цэнтра. Цвёрдае цела з нерухомай воссю вярчэння мае адну С.с. Колькасць С.с. вызначае лік ураўненняў руху і ўмоў раўнавагі мех. сістэмы.
2) У тэрмадынаміцы — незалежныя параметры тэрмадынамічнай сістэмы (звычайна т-ра, ціск і інш.), змены якіх (у пэўных межах) не парушаюць раўнавагу тэрмадынамічную сістэмы. Змена тэрмадынамічных С.с. дапушчальныя ў такіх межах, калі захоўваюцца ўсе фазы, што прысутнічаюць у сістэме, і не з’яўляюцца якія-н. іншыя фазы. Колькасць С.с. ў раўнаважнай тэрмадынамічнай сістэме вызначаецца Гібса правілам фаз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЛУ́СТЫЯ КІСЛО́ТЫ,
аліфатычныя карбонавыя кіслоты; асн. структурны кампанент многіх ліпідаў. Паводле ступені насычанасці вуглевадароднага радыкала адрозніваюць Т.к. насычаныя (гранічныя) і ненасычаныя (негранічныя), ніжэйшыя, сярэднія і вышэйшыя (па колькасці вугляродных атамаў). У прыродзе пераважна сустракаюцца вышэйшыя Т.к. з цотнай лічбай атамаў вугляроду (C14—C24). У жывых арганізмах Т.к. — пластычны і энергет. матэрыял; знаходзяцца ў свабодным і звязаным выглядзе; паступаюць з ежай і сінтэзуюцца ў клетках пераважна шляхам паслядоўнага далучэння або адшчаплення двухвугляродных фрагментаў. Пры працяглай адсутнасці ў ежы ненасычаных Т.к. у жывёл назіраецца адставанне ў росце, пашкоджанні скуры, валасянога покрыва. Лішак насычаных Т.к. садзейнічае павелічэнню колькасці халестэролу ў крыві. Свабодныя Т.к. ў тканках маюцца ў невял. канцэнтрацыях, яны — прамежкавыя прадукты пры сінтэзе і распадзе інш. ліпідаў. Гл. таксама Незаменныя тлустыя кіслоты, Пальміцінавая кіслата, Стэарынавая кіслата.
Літ.:
Кучеренко Н.Е., Васильев А.Н. Липиды. Киев, 1985;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 3 изд. М., 1998.