ФІЛАСО́ФІЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
раздзел філасофіі, які распрацоўвае агульную тэарэтычную канцэпцыю сац. рэчаіснасці, даследуе законы функцыянавання і развіцця грамадства. Фундаментальная праблема Ф.с. — высвятленне субстанцыяльнай асновы грамадскага жыцця. У яе вырашэнні існуюць 2 падыходы: ідэаліст. (субстанцыяльную аснову соцыуму бачыць у розных мадыфікацыях духу — абсалютнай ідэі, волі і інш.) і матэрыяліст. (субстанцыяльнай асновай прызнае аб’ектыўную і незалежную ад суб’екта сац. рэчаіснасць). Сац. рэчаіснасць у Ф.с. разглядаецца як сістэма, што ўключае сукупнасць людзей і адносіны паміж імі, якія складваюцца ў працэсе супольнай прац. дзейнасці, і прыродныя фактары, што ўплываюць на вытв. працэс. З мэтай дэталёвага вывучэння механізма функцыянавання соцыуму вылучаюць шэраг сац. сфер, асн. з якіх эканам., паліт. і духоўная. Пры вырашэнні пытання пра ўзаемадзеянне сац. сфер вылучаюць падыходы ідэаліст. (акцэнтуе ўвагу на духоўнай ці паліт. сферах) і матэрыяліст. (эканам. сферу прызнае галоўнай, сукупнасць вытв. адносін разглядае як базіс грамадства). Адна з актуальных праблем Ф.с. — вызначэнне яе прадмета з мэтай выяўлення месца Ф.с. сярод інш. дысцыплін, звязаных з даследаваннем грамадства (сацыялогія, філасофская антрапалогія, філасофія гісторыі і інш.). Ф.с. даследуе ўсеагульныя законы грамадскага развіцця, метадалогію сац. пазнання, сістэмную цэласнасць грамадства і прыроды, гіст. супольнасці людзей, грамадскую свядомасць і яе формы, суадносіны матэрыяльнага і духоўнага (грамадскіх быцця і свядомасці), неабходнасці і свабоды ў грамадстве, ролю асобы і нар. мас, сац. рэвалюцый і эвалюцыі ў гіст. працэсе і інш.
Спробы тлумачэння сутнасці сац. быцця вядомы з ант. філасофіі (Платон, Арыстоцель і інш.). У сярэдневякоўе соцыум трактаваўся ў духу правідэнцыялізму (Аўгусцін). З эпохі Адраджэння ў аснову аналізу грамадскіх працэсаў пакладзены прынцып рацыяналізму, які найб. выявіўся ў даследаваннях 17—18 ст. (Т.Гобс, Дж.Лок, Ж.Ж.Русо і інш.). К.Маркс і Ф.Энгельс разглядалі грамадства як сістэму — адзіны цэласны арганізм, які развіваецца ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі законамі, непадуладнымі чалавечай волі. Побач з марксісцкай фармацыйнай тэорыяй развіваліся т.зв. цывілізацыйная канцэпцыя (М.Я.Данілеўскі, О.Шпенглер, А.Дж.Тойнбі і інш.), структуралісцкі і постструктуралісцкі падыходы (гл. Структуралізм).
На Беларусі сац.-філас. даследаванні бяруць пачатак у 12 ст. (Клімент Смаляціч, Кірыла Тураўскі). У 16—17 ст. сац. праблемы асэнсоўваліся пад уплывам ідэй гуманізму (Ф.Скарына, М.Гусоўскі), вёўся пошук шляхоў пераадолення разладаў, насілля і войнаў, вылучылася канцэпцыя прававога рэгулявання грамадскіх працэсаў. У 19 — пач. 20 ст. бел. грамадская думка засяродзілася на праблемах нац. самавызначэння (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч і інш.). У 1920—80-я г. бел. Ф.с. развівалася ў межах гістарычнага матэрыялізму, аналізаваліся законы грамадскага развіцця, катэгорыі сац. дыялектыкі, распрацоўваліся праблемы сац. прагрэсу (К.П.Буслаў, Б.Э.Быхоўскі, Ю.А.Харын), нац. адносін (С.Я.Вальфсон, І.М.Ільюшын), сям’і і шлюбу (Вальфсон, У.М.Перцаў), сац. структуры грамадства (С.З.Кацэнбоген), народанасельніцтва (А.А.Ракаў). Асн. кірункі сац.-філас. даследаванняў на Беларусі з 1990-х г. — аналіз узаемасувязі сац. і прыродных фактараў у працэсе антрапасацыягенезу (П.А.Вадап’янаў), духоўнай культуры, структуры і форм грамадскай свядомасці, узаемасувязі яе структурных элементаў Д.А.Жбанкова), сутнасці навук.-тэхн. рэвалюцыі, яе тыпалагічных асаблівасцей, яе ўплыў на сац. структуру грамадства і духоўную культуру (Я.М.Бабосаў) і інш.
Літ.:
Поппер К. Открытое общество и его враги: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1992;
Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;
Яго ж. Социальная и культурная динамика: Исслед. изменений в больших системах искусства, истины, этики, права и обществ. отношений: Пер. с англ. СПб., 2000;
Шпенглер О. Закат Европы: Пер. с нем. Мн.;
М., 2000;
Вебер М. Избранное: Образ общества: Пер. с нем. М., 1994;
Степин В.С. Эпоха перемен и сценарии будущего: Избр. социал.-филос. публицистика. М., 1996;
Уинч П. Идея социальной науки и ее отношение к философии: Пер. с англ. М., 1996;
Тойнби А.Д. Постижение истории: Избр.: Пер. с англ. М., 2001.
Т.І.Адула.
т. 16, с. 388