«ГО́ЛАС ВЁСКІ»,

газета. Выдавалася з 1.10.1941 да 16.6.1944 у Мінску на бел. мове з дазволу і пры дапамозе герм. улад. Распаўсюджвалася пераважна ў сельскіх раёнах акупіраванай тэр. Беларусі. Друкавала распараджэнні акупац. улад, прамовы А.​Гітлера, А.​Розенберга, В.​Кубэ, тэндэнцыйна асвятляла падзеі на франтах 2-й сусв. вайны. Усхваляла гітлераўскі «новы аграрны парадак», аналізавала гасп. магчымасці бел. зямель, сял. жыццё ў замежных краінах. Асвятляла пытанні гісторыі і культуры Беларусі. Апублікавала раман «Насуперак лёсу» М.​Дуброўскага (Р.​Мурашкі). Выйшла 130 нумароў.

С.​У.​Жумар.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬМАЛЬД (Helmold; каля 1125 — пасля 1177),

нямецкі сярэдневяковы храніст. З 1156 свяшчэннік у г. Босаў (каля сучаснага г. Ольдэнбург), місіянер. У 1162—72 склаў на лац. мове «Славянскую хроніку», у якой апісаў заваяванне, каланізацыю зямель палабскіх славян (бодрычаў, ваграў) і іх хрысціянізацыю герм. феадаламі ў час праўлення Генрыха Льва. Для часткі хронікі (9—11 ст.) выкарыстаў пераважна творы Адама Брэменскага, але падзеі 12 ст. (да 1171) апісаў на падставе ўласных назіранняў і звестак відавочцаў. Пазней «Хроніку» прадоўжыў (да 1209) манах Арнольд Любекскі.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ПРАГНО́З,

навуковае прадказанне пэўнага працэсу на рэках, каналах, азёрах і вадасховішчах; раздзел гідралогіі сушы. Бывае доўгатэрміновы (заўчаснасць больш за 15 сут) і кароткатэрміновы (менш за 15 сут). Адрозніваюць гідралагічныя прагнозы водныя (найб. аб’ёмы сцёку і ўзроўні ў час разводдзя і паводкі, макс. і мінім. расходы вады, тэрмін вызвалення ад вады заліўных зямель і інш.) і лядовыя (тэрміны замярзання і ўскрыцця рэк). Гідралагічныя прагнозы робяць для папярэджання гасп. арганізацый і ўстаноў пра небяспечныя гідралагічныя з’явы. На Беларуі складаюцца з 1931.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АРЛЫ́,

вадасховішча ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., у басейне р. Вятліца (правы прыток Прыпяці), у меліярац. сістэме «Магільна», за 20 км на ПнУ ад г. Столін. Пл. 0,99 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 4,8 м, аб’ём вады 3,5 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 4,4 км. Наліўное, напаўняецца вадой з Бор-Дубянецкага канала ў час разводдзя і за кошт сцёку меліярац. каналаў. Ваганні ўзроўню на працягу года 3,8 м. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, увільгатнення і арашэння зямель.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСТАРЭ́З,

машына для расчысткі тэрыторыі ад хмызняку і драбналесся (дрэў дыяметрам да 25 см). Бываюць адвальна-нажавыя, вальцава-нажавыя і нажавыя.

Найб. пашыраныя адвальна-нажавыя К. складаюцца са штурхальнай рамы, навешанай на гусенічны трактар, клінападобнага адвала з гарыз. нажамі, канатна-блочнай ці гідраўл. сістэмы кіравання. Выкарыстоўваюцца пры асваенні новых зямель (пры выкананні культуртэхнічных работ), буд-ве і эксплуатацыі дарог, пракладцы газаправодаў, каналаў, прасек і інш.

І.​І.​Леановіч.

Кустарэз: 1 — адвал; 2 — агараджэнне трактара; 3 — гідрацыліндр; 4 — штурхальная рама; 5 — нож.

т. 9, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

войны гарадоў Лацінскага саюза супраць панавання ў ім Стараж. Рыма. 1-я Л.в. (496—493 да н.э.; гал. бітва адбылася ў 496 да н.э. каля Рэгільскага воз. і не прынесла перавагі ніводнаму з бакоў) завяршылася аднаўленнем саюза на чале з Рымам. Эканам. і паліт. ўмацаванне рымлян парушыла раўнавагу ў саюзе і выклікала 2-ю Л.в. (340—338 да н.э., перамаглі рымляне), якая прывяла да скасавання Лац. саюза, уключэння лацінаў і іх зямель у склад Рым. дзяржавы, узнікнення т.зв. лац. права.

т. 9, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛІ́НСКІ (Іосіф Іпалітавіч) (20.4.1834, Віленская губ. — 1916),

расійскі і бел. геадэзіст. Скончыў Пецярб. ін-т інжынераў шляхоў зносін (1854). У 1863—73 кіраваў градусным вымярэннем дугі паралелі 52° паўн. ш. (на Беларусі прыкладна па лініі Брэст—Пінск—Мазыр—Гомель). У 1881—93 нач. трыянгуляцыі зах. тэр. Расіі. У 1873—98 узначальваў Заходнюю экспедыцыю па асушэнні балот Палесся, пазней — забалочаных зямель Маскоўскай, Разанскай, Уладзімірскай губ. Удзельнічаў у астр.-геад. работах за мяжой.

Тв.:

Очерк работ Западной экспедиции по осушению болот (1873—1898). СПб., 1899.

т. 6, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЯЛЁНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,

тэрмін, які ўзнік у 1960-я г. і абазначаў працэс укаранення новых высокаэфектыўных аграпрыёмаў і метадаў, стварэнне высокаўраджайных сартоў збожжавых (пшаніца, рыс), асабліва ў краінах т. зв. трэцяга свету. У сувязі з павелічэннем колькасці насельніцтва намаганні былі скіраваны на атрыманне большага аб’ёму прадуктаў харчавання з дапамогай арашэння зямель, хімізацыі і механізацыі. З 1980-х г. у некат. краінах «З.р.» забаронена, таму што размеркаванне даходаў у с.-г. сектары ў выніку «З.р.» стала яшчэ больш нераўнамерным.

В.​В.​Краўчанка.

т. 7, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІРЫ́ЙСКІЯ ПРАВІ́НЦЫІ,

васальныя ад Францыі дзярж. аб’яднанні славенскіх і харвацкіх зямель, а таксама вобласць Карынтыя і г. Трыест у 1809—14. Створаны Напалеонам I з мэтай злучыць па сушы Францыю з Турцыяй. Назва ад плямён ілірыйцаў, якія іх насялялі ў старажытнасці. Узначальваліся франц. ген.-губернатарам. Пл. 55 тыс. км², нас. 1483 тыс. (1812). Адм. ц.г. Любляна. Улады правялі шэраг рэформ, якія паспрыялі развіццю капіталізму. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 І.П. адышлі да Аўстрыі і заставаліся пад яе панаваннем да 1918.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМА́Й (? — 1380),

татарскі военачальнік і дзярж. дзеяч. Цемнік пры хане Бердыбеку [1357—61], яго зяць. Пасля смерці Бердыбека (1361) М. — фактычны правіцель Залатой Арды. Непрыхільна ставіўся да аб’яднання рус. зямель, арганізатар спусташальных паходаў супраць Разанскага (1373, 1378) і Ніжагародскага (1378) княстваў. Спроба ўварвацца ў межы Маскоўскага вялікага княства скончылася яго паражэннем на р. Вожа (1378). У Кулікоўскай бітве 1380 войскі М. поўнасцю разбіты. У гэтым жа годзе пацярпеў паражэнне ад войск Тахтамыша, уцёк у Кафу (цяпер г. Феадосія, Украіна), дзе быў забіты.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)