ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ будаўнічыя,

мяккія абалонкі з тэхн. тканін ці арміраваных плёнак, нясучая здольнасць якіх забяспечваецца ўнутр. ціскам паветра. Адрозніваюць П.к. паветраапорныя (сціснутае паветра падаецца непасрэдна пад абалонку збудавання) і паветранясёныя (моцна сціснутае паветра напаўняе толькі нясучыя элементы). Выкарыстоўваюцца ў якасці памяшканняў для складоў, гаражоў, рамонтных майстэрняў, укрыцця аб’ектаў, якія будуюцца.

Да арт. Пнеўматычныя канструкцыі: а — паветраапорная; б — паветранясёная; 1 — паветраны шлюз; 2 — абалонка; 3 — паветрадуўка; 4 — пнеўматычны каркас (трубчастая арка).

т. 12, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНАМІ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,

абагульненая эканам. характарыстыка краіны, групы краін, рэгіёна, якая дазваляе вызначыць сукупную здольнасць нац. гаспадаркі, яе галін і прадпрыемстваў выпрацоўваць прадукцыю, ажыццяўляць інвестыцыі, аказваць паслугі, задавальняць патрэбы ў пэўны перыяд. Вызначаецца вытв. магутнасцю прадпрыемстваў, працягласцю трансп. магістралей і наяўнасцю трансп. сродкаў, колькасцю прац. рэсурсаў і іх кваліфікацыяй, развіццём галін невытв. сферы, дасягненнямі навукі і тэхнікі, аб’ёмам прыродных рэсурсаў, станам с.-г. вытв-сці і інш.

Г.​А.​Шмарлоўская.

т. 18, кн. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРААДМО́ЎНАСЦЬ,

велічыня, якая характарызуе здольнасць атама да палярызацыі кавалентных сувязей. Калі пры ўтварэнні двухатамнай малекулы A—B электроны зрушваюцца ў бок атама B, то ён лічыцца больш электраадмоўным, чым атам A. Для колькаснай ацэнкі выкарыстоўваюць шэраг метадаў (Полінга, Малікена і інш.), заснаваных на геаметрыі малекул, тэрмахім. даных, спектральных характарыстыках. Велічыня Э. выкарыстоўваецца ў фіз.-хім. даследаваннях для вызначэння параметраў кавалентных сувязей (палярнасці, частаты ваганняў, даўжыні) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСЕРТА́ЦЫЯ (ад лац. dissertatio меркаванне, даследаванне),

навукова-даследчая праца, падрыхтаваная для публічнай абароны па атрыманне вучонай ступені. Д. на атрыманне вучонай ступені кандыдата навук павінна выявіць фундаментальныя тэарэт. веды дысертанта ў пэўнай галіне навукі і спец. веды па пытаннях Д., здольнасць да самаст. навук. даследавання, мець новыя навук. і практычныя вывады. Д. на атрыманне вучонай ступені доктара навук павінна мець тэарэт. абагульненні, вырашаць важную навук. праблему, якая з’яўляецца значным укладам у навуку і практыку.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЗАКАПІ́РАВАННЕ,

узнаўленне пазітыўных (ці негатыўных) копій графічных і тэкставых арыгіналаў на аснове дыязатыпіі. Выкарыстоўваецца для размнажэння тэхн. дакументацыі, чарцяжоў, графікаў і інш. з любым фарматам арыгіналаў.

Пры Д. святлакопіі вырабляюць на спец. святлоадчувальных паперах, якія маюць высокую раздзяляльную здольнасць і кантрастнасць; колер копіі (напр., чырвоны, чорны, блакітны) залежыць ад складу дыазазлучэння, якім пакрыта папера. Пры экспанаванні ўтвараецца скрыты відарыс: дыазазлучэнні разбураюцца пад дзеяннем святла. Для атрымання святлакопіі паперу праяўляюць у пары аміяку ці шчолачным растворы.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ЎСПРЫІ́МЛІВАСЦЬ,

безразмерная фіз. велічыня, якая характарызуе здольнасць рэчыва намагнічвацца пад уздзеяннем знешняга магн. поля. Абазначаецца χ. У статычным магн. полі для аднароднага і ізатропнага магнетыка вызначаецца формулай: χ = J H , дзе J — модуль намагнічанасці і H — модуль напружанасці магнітнага поля. З магнітнай пранікальнасцю μ (звязана суадносінамі) χ = μ−1. У ферамагнетыках дасягае некалькіх тысяч, у пара- і дыямагнетыках — у межах 10​−3—10​−5 (у дыямагнетыках — адмоўная). Гл. таксама Дыямагнетызм, Парамагнетызм, Ферамагнетызм.

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЕПАТА́,

страта зроку. Адрозніваюць С. аднаго або абодвух вокаў, няпоўную (захаваны астаткавы зрок) і поўную (няздольнасць адрозніваць святло ад цемры, вастрыня зроку 0), прыроджаную (парушэнне ўнутрывантробнага развіцця зрокавага аналізатара), набытую (захворванні і траўмы вока і мозга), прафес. (траціцца здольнасць прафес. працы), колерную (выпадзенне аднаго або двух кампанентаў колеру), вылечную (напр., замена хрусталіка пры катаракце) і невылечную. Асн. прычыны — атрафія зрокавага нерва, глаўкома, катаракта, траўмы, пашкоджанне рагавіцы, блізарукасць і інш. Гл. таксама Афтальмалогія.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУМО́,

від нацыянальнай яп. барацьбы; адзін з відаў адзінаборстваў. Паядынкі адбываюцца на спец. памосце ў крузе дыям. 4,6 м. Мэта паядынку — выціснуць саперніка за межы круга або прымусіць яго дакрануцца да памоста якой-н. ч. цела, акрамя ступні. Найб. важнымі кампанентамі ў С. з’яўляюцца маса і рост спартсмена, яго здольнасць захаваць устойлівасць і раўнавагу, а таксама спрыт і раптоўнасць. Узнікла ў Японіі каля 8 ст. У сучасным выглядзе існуе з 19 ст.

т. 15, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУРДАКА́МЕРА (ад лац. surdus глухі + камера),

герметычнае памяшканне з гуканепранікальнымі сценамі. Унутр. паверхня С. забяспечвае мінім. адбіццё гукавых сігналаў. Абсталявана прыладамі і апаратамі для рэгістрацыі вынікаў выпрабаванняў і непасрэднага назірання. Выкарыстоўваецца для выпрабавання і трэніроўкі псіхічнай устойлівасці лётчыкаў, касманаўтаў ва ўмовах абс. адзіноты; правяраюцца іх здольнасць да хуткай рэакцыі, ступені стамляльнасці, уважлівасць, памяць, мысленне і інш. ва ўмовах, калі чаргуюцца перыяды абс. цішыні і розных узбуджальнікаў (напр., гукавых, светлавых сігналаў).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 15, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎРЫГАЛІ́ННЫЯ ЖЫВЁЛЫ (ад грэч. eurys шырокі + halinos салёны),

водныя або глебавыя жывёлы, здольныя існаваць пры шырокіх дыяпазонах салёнасці асяроддзя. Да іх адносяцца многія насельнікі марской літаралі (салёнасць каля 35‰), эстуарыяў рэк, саланаватаводных (5—35‰) і ультрасалёных (50—250‰) вадаёмаў, праходныя рыбы, якія нерастуюць у прэснай вадзе (салёнасць менш за 5‰). Рачок артэмія пераносіць нават часовае апрасненне і салёнасць да 250‰. Здольнасць Э.ж. існаваць у водах з рознай салёнасцю забяспечваецца механізмамі осмарэгуляцыі.

т. 18, кн. 1, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)