ЛАКТА́ЦЫЯ (ад лац. lactare мець малако, карміць малаком),
утварэнне малака ў малочных залозах, назапашванне і перыядычнае выдзяленне пры ссанні ці даенні. Уласціва самкам млекакормячых жывёл і чалавеку. Складаны нейраэндакрынны працэс, які характарызуецца значнай перабудовай фізіял. і біяхім. працэсаў усяго арганізма. Пачынаецца пасля родаў, працягваецца да пераходу дзіцяняці на інш. віды ежы і паступова затухае. Працягласць Л. ад 10—20 дзён у некат. дробных грызуноў да 25 месяцаў у кашалота; у свойскіх жывёл: карова — да 10 месяцаў, авечкі — 4—5, кабылы — 9 месяцаў, свінні — 60—70 дзён. Вышэйшы цэнтр рэгуляцыі Л. — кара галаўнога мозга, гал. падкоркавы цэнтр — гіпаталамус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЯЎ ПРА́ВІЛАў біялогіі,
палажэнне, што адносіны колькасці цеплавой энергіі, якую выдзяляе гамаятэрмная жывёла, да плошчы паверхні цела маюць прыблізна аднолькавае значэнне. Сфармулявана франц. фізіёлагам Ш.Рышэ (1899) і ням. вучоным М.Рубнерам (1902). Эмпірычна даказана, што сярэдняе значэнне выпрацоўкі цеплавой энергіі (ацэньваецца па колькасці спажываемага кіслароду) непасрэдна звязана з цеплааддачай, якая тым большая, чым драбнейшая жывёла. У дробных жывёл на адзінку масы прыпадае адносна большая плошча паверхні цела, чым у буйных, таму адносная аддача цяпла ў навакольнае асяроддзе дробнымі жывёламі вышэй, што кампенсуецца павялічанай выпрацоўкай цяпла ў арганізме. У экалогіі і біягеаграфіі П.п. звязана з Бергмана правілам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЗЗУ́БЫЯ КІТЫ́, вусатыя кіты (Mysticeti),
падатрад млекакормячых атр. кітападобных. 3 сям.: гладкія кіты (Balaenidae), шэрыя кіты (Eschrichtiidae), паласацікавыя (Balaenopteridae). 10—11 відаў. Найб. вядомыя блакітны кіт, сейвал, фінвал, грэнландскі (палярны) кіт, паўднёвы, шэры, малы паласацік, гарбач. Пашыраны ў Сусветным акіяне. Мігрыруюць.
Даўж. да 33 м, маса да 160 т. Самкі большыя за самцоў. Зубы закладваюцца, але рассыпаюцца ў зародку; замест іх у верхняй сківіцы развіваюцца рагавыя пласціны (180—400 пар), вядомыя пад назвай кітовы вус. Праз яго кіт адцэджвае з вады дробных жывёлін (малюскаў, ракападобных, дробную рыбу), якімі корміцца. Нешматлікія. Колькасць скарачаецца. У Чырв. кнізе МСАП 5 відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВО́КА (Troglodytes troglodytes),
птушка сям. валавокавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Каля 40 падвідаў. На Беларусі трапляецца ўсюды, на Пд — часам зімой, пералётная. Жыве ў мяшаных і лісцевых захламленых ламаччам, зарослых крапівой лясах з густым падлескам. Нар. назвы валовае вока, блыха, блышка.
Адна з самых дробных птушак у фауне Беларусі. Даўж. каля 9,5 см, маса 8—11 г. Апярэнне спіны рыжавата- або карычнявата-бурае з чорнымі і бурымі папярочнымі палосамі, брушка больш светлае. Хвост кароткі, тарчма. Дзюба прамая, тонкая. Крылы кароткія, круглаватыя. Гнёзды шарападобныя (5—8) з бакавой уваходнай адтулінай. Двойчы за сезон нясе 5—7 яец. Корміцца насякомымі, павукамі, насеннем раслін, ягадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́СМАРКА АРХІПЕЛА́Г (Bismark Archipelago),
Новая Брытанія, група астравоў на З Ціхага ак., у Меланезіі, тэр. Папуа—Новай Гвінеі. Нас. 347 тыс. (1987). Пл. каля 50,5 тыс.км². Складаецца з 2 вял. а-воў Новая Брытанія і Новая Ірландыя, а-воў Адміралцейства і шэрагу дробных каралавых. Буйныя астравы гарыстыя (выш. да 2300 м), штат вулканаў, ёсць дзеючыя (Улавун). Частыя землетрасенні. Вільготныя трапічныя лясы. Плантацыі какосавай пальмы, бананаў, цукр. трыснягу. Рыбалоўства. Гал. горад — Рабаул (на в-ве Новая Брытанія). Адкрыты ў 1616 галандцамі В.Схаўтэнам і Я.Лемерам. Анексіраваны Германіяй (1884), падмандатная тэр. Аўстраліі (1920), захоплены Японіяй у 2-ю сусв. вайну; частка тэр. Новай Гвінеі, падмандатнай ААН да 1975. Названы ў гонар О.Бісмарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПЕРЭ́ ПРА́ВІЛА,
філагенетычнага росту закон, эмпірычнае абагульненне даных аб характары гіст. развіцця асобных сістэматычных груп. Сфармуляваў франц. вучоны Ш.Дэперэ (1907). Паводле Д.п., у кожнай філагенетычнай лініі назіраецца тэндэнцыя да павелічэння памераў цела арганізмаў або гіст. развіццё ідзе ад дробных продкавых груп да ўсё буйнейшых. Пасля дасягнення крытычных памераў і парушэння асн. прапорцый цела адбываецца выміранне групы. Д.п. ўзводзіць асобныя філагенетычныя з’явы ў ранг агульнай эвалюц. заканамернасці і заснавана на прызнанні ўнутр. тэндэнцыі развіцця, незалежнай ад матэрыяльных узаемадзеянняў. Зрэдку Д.п. называюць і закон прагрэсіруючай спецыялізацыі (сфармуляваны Дэперэ), паводле якога група арганізмаў, што стала ў працэсе эвалюцыі на шлях спецыялізацыі, непазбежна павінна ісці да ўсё больш глыбокай і вузкай спецыялізацыі, у выніку чаго вымірае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНА́Т (позналац. combinatus злучаны ад combino злучаю),
1) прамысловае прадпрыемства, якое аб’ядноўвае некалькі тэхналагічна звязаных паміж сабой спецыялізаваных вытв-сцей. Асн. іх прыкметы: аб’яднанне разнастайных вытв-сцей, іх прапарцыянальнасць, тэхніка-эканам. і вытв. адзінства. Грунтуюцца на паслядоўнай перапрацоўцы сыравіны да атрымання гатовай прадукцыі, выкарыстанні адходаў вытв-сці для выпрацоўкі інш. відаў прадукцыі або на комплекснай перапрацоўцы сыравіны На Беларусі працуюць шынны, сілікатных вырабаў, камвольны, цэлюлозна-папяровы і інш. К. Некаторыя з іх з’яўляюцца аб’яднаннямі.
2) Адм. аб’яднанне не звязаных тэхналагічна прадпрыемстваў адной галіны (напр., у вугальнай прам-сці), дробных вытв-сцей, мясц. прам-сці (райпрамкамбінат), прадпрыемстваў быт. абслугоўвання, вучэбных фарміраванняў (вучэбны К.) Гл. таксама Камбінаванне ў вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ПА (франц. loupe),
сістэма з адной або некалькіх лінзаў з невял. фокуснай адлегласцю (f=0,01÷0,1 м) для разглядвання дробных аб’ектаў, размешчаных на канечнай адлегласці.
Аб’ект размяшчаюць паблізу пярэдняга фокуса Л. (паміж фокусам і Л.) так, каб яго прамы ўяўны відарыс знаходзіўся на адлегласці найлепшага бачання d (для нармальнага вока d = 0,25 м). Пры гэтым павелічэнне Л. вызначаецца формулай Γ = d/x і прымае значэнні ад 2,5 да 25. Вымяральная Л. з размешчанай перад факальнай плоскасцю шкалой выкарыстоўваецца для вызначэння лінейных памераў (адлегласцей паміж блізкімі пунктамі, шырыні і вышыні літар, таўшчыні асобных ліній і інш.). Гл. таксама Відарыс аптычны.
Утварэнне аптычнага відарыса ў лупе: F і F′ — фокусы лупы; A — аб’ект; B — уяўны відарыс аб’екта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАНА́МА»,
«панамскі скандал», жульніцкая афера, звязаная са злоўжываннямі і карупцыяй «Усеагульнай кампаніі міжамерыканскага канала», што была створана ў 1879 у Францыі для арганізацыі работ па пракопванні Панамскага канала. Акцыі гэтай кампаніі набылі 800 тыс.чал. Да 1888 кампанія выдаткавала ў 2 разы больш сродкаў, чым меркавалася, але выканала толькі 1/3 усіх работ, пасля чаго спыніла плацяжы і будаўніцтва. Разарыліся дзесяткі тыс.дробных акцыянераў. Суд. разбор справы ў 1889—93 высветліў, што кампанія, каб утаіць сваё цяжкае фін. становішча, сістэматычна падкупляла ўплывовых службовых асоб і паліт. дзеячаў, рэдактараў газет і г.д. Расследаванне «П.» выкрыла глыбокую карумпіраванасць апарату Трэцяй рэспублікі і мела шырокі грамадска-паліт. рэзананс. Тэрмін «П.» стаў хадзячай назвай буйных махлярстваў і афер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗНАЧЫ́НЦЫ,
міжсаслоўная катэгорыя насельніцтва ў Рас. імперыі 18—19 ст., «людзі рознага чыну і звання», выхадцы з духавенства, купецтва, мяшчан, сялян, дробных чыноўнікаў і збяднелых дваран, якія атрымалі адукацыю і адарваліся ад свайго былога сац. асяроддзя. Рост іх колькасці, асабліва ў 19 ст., абумоўлены развіццём капіталіст. эканомікі, якое выклікала попыт на адукаваных спецыялістаў. З 1840-х г. Р. аказвалі значны ўплыў на развіццё грамадскага жыцця і культуры, з ліквідацыяй прыгоннага права (1861) сталі асн.сац. пластом, з якога фарміравалася бурж.інтэлігенцыя. У 1840—90-я г. Р. складалі пераважную большасць удзельнікаў рэв. і ліберальнага руху ў Расіі. Да рэв. Р. належалі петрашэўцы, В.Р.Бялінскі, М.Г.Чарнышэўскі, М.А.Дабралюбаў, Т.Р.Шаўчэнка, К.С.Каліноўскі, народнікі (гл.Народніцтва).