КУ́ПЛЯ-ПРО́ДАЖ,

у цывільным праве адзін з найб. пашыраных дагавораў, паводле якога адзін бок (прадавец) абавязваецца перадаць рэч (тавар) ва ўласнасць другому боку (пакупніку), а пакупнік — прыняць гэту маёмасць і заплаціць за яе пэўную грашовую суму. Дагавор К.-п. адносіцца да ліку платных дагавораў, прадметам якіх з’яўляюцца рэчы (маёмасць). У адпаведнасці з цывільным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадметам К.-п. могуць быць таксама маёмасныя правы. Асобымі відамі дагавораў К.-п. з’яўляюцца дагаворы пастаўкі, кантрактацыі, забеспячэння энергетычнымі і інш. рэсурсамі, продажу нерухомасці і інш. Парадак заключэння дагавораў К.-п., іх формы, абавязкі бакоў і іх адказнасць за выкананне ўмоў гэтых здзелак рэгулююцца заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 9, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКА́РНСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1925,

міжнародная канферэнцыя міністраў замежных спраў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Польшчы, Францыі і Чэхаславакіі, якая адбылася 5—16.10.1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) у развіццё гарантыйных палажэнняў Версальскага мірнага дагавора 1919 і Даўэса плана. На канферэнцыі былі парафіраваны 9 дакументаў, у т. л. Рэйнскі гарантыйны пакт (гл. Дакарнскія дагаворы 1925). У сакрэтным парадку канферэнцыя мела і антысав. накіраванасць (спроба схіліць Германію да канфрантацыі з СССР). Садзейнічала ўзмацненню знешнепаліт. пазіцый Германіі, аслабленых пасля 1-й сусв. вайны.

Кр.: Локарнская конференция 1925 г.: Док. М., 1959.

Літ.:

Климовский Д.С. Германия и Польша в локарнской системе европейских отношений: Из истории зарождения второй мировой войны. Мн., 1975.

т. 9, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЁМНАЯ ПРА́ЦА,

праца работніка па дагаворы найму на прадпрыемстве, уласнікам якога ён не з’яўляецца. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь найм (прац. дагавор) — пагадненне паміж работнікам і наймальнікам, паводле якога работнік абавязваецца выконваць работу па пэўнай прафесіі, спецыяльнасці або пасадзе адпаведнай кваліфікацыі і падпарадкоўвацца ўнутр. прац. распарадку, а наймальнік абавязваецца выплачваць яму зарплату і забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя дагаворнымі бакамі, заканадаўствам і калектыўным дагаворам. Наймальнікамі з’яўляюцца прадпрыемствы, установы, арг-цыі, т-вы, кааператывы незалежна ад наймення і форм уласнасці, прадпрымальнікі і інш. грамадзяне, якім дадзена права заключэння і спынення прац. дагавору. Работнікамі з’яўляюцца асобы, якія заключылі прац. дагавор з наймальнікам.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АГУ́ЛЬНЫ ДАГАВО́Р» 1952,

Бонскі дагавор. Падпісаны паміж урадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі з аднаго боку і ФРГ з другога 26 мая ў Боне. Адмяняў акупац. статут на тэр. Зах. Германіі і ствараў дагаворную аснову для адносін паміж гэтымі дзяржавамі.

Паводле «Агульнага дагавора» ўрад ФРГ абавязваўся выконваць усе заключаныя раней ад імя Зах. Германіі дагаворы і пагадненні. ЗША, Вялікабрытанія і Францыя пакідалі за сабой права размяшчаць на тэр. ФРГ свае войскі. «Агульны дагавор» падлягаў ратыфікацыі ўсімі краінамі-ўдзельніцамі і павінен быў уступіць у дзеянне разам з Парыжскім дагаворам 1952. Паколькі Нац. сход Францыі 30.8.1954 Парыжскі дагавор адхіліў, «Агульны дагавор» страціў сваю сілу. З некаторымі папраўкамі ён быў уключаны ў Парыжскія пагадненні 1954.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЦЬЯШ ХУ́НЬЯДЗІ (Mátyás Hunyadi),

Мацьяш I Корвін (Matthias I Corvinus; 23.2.1443, Калажвар, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 6.4.1490), кароль Венгрыі [1458—90] і Чэхіі [1469—79]. Сын правіцеля Венгрыі Я.Хуньядзі. Выбраны каралём Венгрыі 24.1.1458 пасля смерці караля Ласла V [1453—57], Цэнтралізаваў дзярж. кіраванне, у 1459 ліквідаваў апазіц. магнацкую лігу, стварыў рэгулярнае наёмнае войска («чорную армію»), з дапамогай яго ў 1467 і 1471 задушыў мяцеж і змову магнатаў. У 1476 здзейсніў паход супраць туркаў. Да снеж. 1474 авалодаў чэш. і сілезскімі землямі, у 1477—87 — землямі Аўстрыі, у 1485 — Венай. Каб спыніць набегі туркаў, у 1483 і 1488 заключыў мірныя дагаворы з урадам Асманскай імперыі (Портай). Заснаваў б-ку ў Будзе (цяпер частка Будапешта) і ун-т у Браціславе (Славакія).

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКАРДА́Т (ад позналац. concordatum згода, пагадненне),

пагадненне паміж папам рымскім як кіраўніком каталіцкай царквы і ўрадам якой-н. дзяржавы аб становішчы каталіцкай царквы ў гэтай краіне, яе правах і прывілеях (назначэнне епіскапаў, царк. ўласнасць, вызваленне ад падаткаў, пытанні сям’і і шлюбу, умовы дыпламат. зносін з Ватыканам і інш.).

Найб. вядомыя: Вормскі канкардат 1122; Балонскі К. 1516 (замацаваў залежнасць франц. царквы ад караля); К. 1801 папы Пія VII і Напалеона I; К. 1847 з Расіяй; К. 1929 з урадам Мусаліні (гл. Латэранскія дагаворы);К. 1933 з гітлераўскім урадам Германіі; К. 1953 з урадам Франка ў Іспаніі (у 1976 унесены змены ў К. Ватыкана з Іспаніяй). У 1984 урадам Італіі падпісана пагадненне з Ватыканам, у якім перагледжаны шэраг палажэнняў К.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЦЫЁН [ням. Option ад лац. optio (optionis) выбар],

1) у міжнародным праве выбар асобай грамадзянства (гл. Аптацыя).

2) У аўтарскім праве апцыён выкарыстоўваецца пры заключэнні дагавораў пра выданне твораў аўтара адной дзяржавы ў інш. дзяржаве. Выд-ва пасля пагаднення пра апцыён з замежным аўтарам вывучае твор і вырашае пытанне пра магчымасць яго выдання. Канчатковы адказ выд-ва дае ва ўстаноўлены тэрмін, да заканчэння якога аўтар не можа заключыць дагавор з інш. выд-вамі аб выданні твора на той жа мове. Ніякіх плацяжоў пагадненне пра апцыён не прадугледжвае.

3) Агаворка ў дагаворы марской перавозкі аб праве замены аднаго грузу або аднаго порта назначэння іншым.

4) Прывілей на біржах, які даецца пры выплаце пэўнай прэміі на атрыманне тавару па раней устаноўленай цане на працягу пэўнага тэрміну.

т. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ НАГЛЯ́Д,

асобы від праваахоўнай дзейнасці ў дзяржаве па праверцы адпаведнасці законаў і інш. нарматыўных актаў канстытуцыі дадзенай дзяржавы. К.н. можа ажыццяўляцца ўсімі судамі агульнай юрысдыкцыі (ЗША, Аргенціна, Данія, Мексіка, Нарвегія, Японія), вярх. судом, які з’яўляецца вышэйшай суд. інстанцыяй (Аўстралія, Балівія, Індыя, Ірландыя, Канада, Філіпіны, Швейцарыя), спец. канстытуцыйнымі судамі, для якіх К.н. — гал. функцыя (Аўстрыя, Беларусь, ФРГ, Італія, Кіпр, Расія, Турцыя), асобым органам несуд. характару (Канстытуцыйны савет у Францыі). Аб’ектамі К.н. могуць быць звычайныя законы, папраўкі да канстытуцыі, міжнар. дагаворы, нарматыўныя акты выканаўчых органаў улады. У федэратыўных дзяржавах аб’ектам К.н. з’яўляюцца таксама пытанні размежавання кампетэнцыі паміж саюзам і суб’ектамі федэрацыі. Орган, які ажыццяўляе К.н., можа прызнаць супярэчным канстытуцыі ўвесь закон або яго частку; гэтыя нормы трацяць сваю юрыд. сілу і перастаюць ужывацца судамі і інш. дзярж. органамі.

т. 7, с. 597

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТРЫБУ́ЦЫЯ (лац. contributio),

1) грашовыя сумы, якія выплачваюцца пераможанай дзяржавай дзяржаве-пераможцу пасля заканчэння вайны. У аснову К. пакладзена «права пераможцы» незалежна ад таго, справядлівую ці несправядлівую вайну вяла дзяржава-пераможца. Узнікла як сродак, з дапамогай якога насельніцтва пераможанага горада або дзяржавы адкуплялася ад рабавання. З мэтай абмежавання непамернага рабавання ў Гаагскую канвенцыю аб законах і звычаях сухапутнай вайны 1907 уключаны палажэнні пра К. Аднак у 1-й і 2-й сусв. войнах гэтыя палажэнні груба парушаліся. Жэнеўская канвенцыя 1949 аб абароне грамадз. насельніцтва ў час вайны спагнанне К. не прадугледжвае. Краіны Антанты пры распрацоўцы Версальскага мірнага дагавора 1919 вымушаны былі фармальна адмовіцца ад К., але замянілі яе рэпарацыямі Парыжскія мірныя дагаворы 1947 паслядоўна праводзілі прынцып недапушчэння К. На змену К. прыйшлі рэпарацыі, рэстытуцыі, субстытуцыі і інш. формы матэрыяльнай адказнасці дзяржаў.

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́УКА,

разнавіднасць дагавора куплі-продажу, якая выкарыстоўваецца ў прадпрымальніцкай дзейнасці. Згодна з Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь (арт. 476) паводле дагавора П. пастаўшчык-прадавец, які ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць, абавязваецца перадаць у абумоўлены тэрмін вырабленыя або набытыя ім тавары пакупніку для выкарыстання іх у прадпрымальніцкіх або ў інш. мэтах, не звязаных з асабістым, сямейным, хатнім і інш. выкарыстаннем. Напачатку ўстанаўліваецца працэдура ўзгаднення ўмоў. П. тавараў ажыццяўляецца шляхам адгрузкі (перадачы тавараў) пакупніку, які з’яўляецца дагаворным бокам П., або асобе, што пазначана ў дагаворы ў якасці атрымальніка. Закон устанаўлівае шэраг правілаў дастаўкі тавараў для дзярж. патрэб. Такая П. ажыццяўляецца на аснове дзярж. кантракта на П., а таксама ў адпаведнасці з дагаворамі П. для дзярж. патрэб (патрэбы краіны і яе адм.-тэр. адзінак). Парадак такіх П. рэгулюецца заканадаўствам.

І.​М.​Сямёнава.

т. 12, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)