ГЕ́ЕР ((Geyer) Фларыян) (каля 1490, г. Гібельштат, Германія — 10.6.1525),
адзін з кіраўнікоў паўстанцаў у Сялянскую вайну 1524—26 у Германіі. Імперскі рыцар. У 1519—23 на вайск. і дыпламат. службе ў магістра Тэўтонскага ордэна Альбрэхта Брандэнбургскага. Вясной 1525 узначаліў адзін з рэв. сял. атрадаў у Франконіі (т.зв. «Чорны атрад»), Дамогся пашырэння паўстання на 9 гарадоў. Выступаў за скасаванне прывілеяў дваранства і царквы. Забіты ў час задушэння паўстання войскамі Швабскага саюза.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́АТ (Grooth),
нямецкія жывапісцы, браты. Нарадзіліся ў г. Штутгарт, Германія.
Георг Крыстаф (10 ці 21.1.1716—28.9.1749). З 1743 прыдворны мастак у Пецярбургу. Аўтар вытанчаных партрэтаў у стылі ракако (конны партрэт Елізаветы Пятроўны з арапчанём; вял. кн. Пятра Фёдаравіча; абодва 1743). Іаган Фрыдрых (Іван Фёдаравіч; 1717—18.2.1801), пераважна анімаліст. Выкладаў у Пецярбургскай АМ (акад. з 1765). Яго барочныя кампазіцыі вызначаюцца стрыманым каларытам, падрабязнай дэталізацыяй («Папугаі», 1766, «Кот і мёртвы заяц», 1777).
т. 5, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙКАРТ ((Leuckart) Рудольф) (7.10. 1822, г. Гельмштэт, Германія — 6.2. 1898),
нямецкі заолаг, адзін з заснавальнікаў паразіталогіі. Праф. ун-таў у г. Гісен (з 1850) і г. Лейпцыг (з 1870). Навук. працы па біялогіі паразітычных чарвей, у т. л. стужачных, трыхінелы, параўнальнай марфалогіі і сістэматыцы беспазваночных. Падзяліў прамяністых жывёл на 2 тыпы: кішачнаполасцевыя і ігласкурыя.
Тв.:
Рус. пер. — Общая естественная история паразитов, особенно видов, водящихся у человека. СПб., 1881.
т. 9, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРА́РЫУС ((Camerarius) Рудольф Якаб) (12.2.1665, г. Цюбінген, Германія — 11.9.1721),
нямецкі батанік і ўрач. Праф. Цюбінгенскага ун-та і дырэктар універсітэцкага бат. саду (1688). Эксперыментальна абгрунтаваў наяўнасць полу ў раслін, вызначыў тычынкі як мужчынскія, а песцікі як жаночыя палавыя органы. Зрабіў шэраг доследаў над двухдомнымі і аднадомнымі раслінамі і прыйшоў да высновы пра наяўнасць у іх палавой дыферэнцыроўкі, адзначыў магчымасць апладнення раслін аднаго віду пылком іншага віду, пашыранасць гермафрадытызму ў свеце раслін.
т. 7, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НІЯ-Э́НКЕ ((Kania-Enke) Карын) (н. 20.6.1961, г. Дрэздэн, Германія),
нямецкая спартсменка (скарасны бег на каньках). Чэмпіёнка XIII і XIV Зімовых Алімп. гульняў (1980, г. Лейк-Плэсід, ЗША; 1984, г. Сараева, Югаславія) у класічным шматбор’і і на асобных дыстанцыях, чэмпіёнка свету (1980—84, 1986—88), сярэбраны і бронз. прызёр чэмпіянатаў свету ў класічным шматбор’і, спрынце і на асобных дыстанцыях, уладальніца Кубка свету (1986), шматразовая пераможца і прызёр міжнар. спаборніцтваў.
т. 7, с. 586
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУТЫ́, Крут (Krut; ? — 1093),
князь Вендскай дзяржавы [1066—93]. Паходзіў, верагодна, з княжацкай дынастыі, якая ў 10—12 ст. правіла на в-ве Руяна (цяпер в-аў Руген, Германія). Узначальваў супраціўленне прыбалтыйскіх і палабскіх славян іх прымусовай хрысціянізацыі з боку ням. герцагаў. У час аслаблення «Свяшчэннай Рымскай імперыі» пры Генрыху IV пашырыў межы Вендскай дзяржавы да Паўн. мора, падпарадкаваў Нордальбінгію. Загінуў у барацьбе з Генрыхам, сынам Готшалка, які дзейнічаў у саюзе з саксонцамі.
т. 8, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСТЭНС ((Carstens) Асмус Якаб) (10.5.1754, г. Шлезвіг, Германія — 25.5.1798),
нямецкі жывапісец і рысавальшчык; прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў АМ у Капенгагене (паміж 1776—83). Працаваў у Любеку (1783—87), Берліне (1787—92), Рыме (1792), у 1790—92 праф. Берлінскай АМ. Творчасці ўласцівы строгая веліч і манум. яснасць кампазіцый, уплывы ант. мастацтва і жывапісу Мікеланджэла. Сярод работ: картоны «Грэчаскія правадыры ў палатцы Ахіла» (1794), «Ноч і яе дзеці» (1795), «Нараджэнне святла» і інш.
т. 8, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНО́БЕЛЬСДОРФ ((Knobelsdorf) Георг Венцэслаўс фон) (17.2.1699, маёнтак Кукедэль, каля г. Кросен, Германія — 16.9.1753),
нямецкі архітэктар; папярэднік ранняга класіцызму. З 1740 гал. хавальнік прускіх каралеўскіх палацаў і паркаў. У творчасці К. рацыянальная структура планаў, строгае ўбранне фасадаў у духу паладыянства спалучаюцца з вытанчаным дэкорам інтэр’ераў у формах ракако: Оперны т-р у Берліне (цяпер Дзярж. опера; 1741—43), палац Сан-Сусі (1745—47) і Гар. палац (1745—51) у Патсдаме і інш.
т. 8, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ЎБЕР ((Glauber) Іаган Рудольф) (1604, г. Карлштат, Германія — 10.3.1670),
нямецкі хімік і ўрач. З 1648 працаваў у Галандыі. Асн. працы па алхіміі і хім. тэхналогіі. Прыгатаваў шэраг солей, якія выкарыстоўваліся ў якасці лек. сродкаў, у прыватнасці сульфат натрыю (Na2SO4∙10H2O; наз. яго імем — глаўберава соль). Атрымаў чыстыя азотную і серную к-ты, вадкае шкло.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
т. 5, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАЙСТЭР ((Hofmeister) Вільгельм Фрыдрых Бенядзікт) (18.5.1824, г. Лейпцыг, Германія — 12.1.1877),
нямецкі батанік, адзін са стваральнікаў эмбрыялогіі раслін. Праф. Гейдэльбергскага (з 1863) і Цюбінгенскага (з 1872) ун-таў. Навук. працы па фізіялогіі раслін. Апісаў утварэнне семязавязі і зародкавага мяшка, працэс апладнення і развіццё зародка ў пакрытанасенных раслін (1849). Даказаў адзінства цыкла развіцця споравых і насенных раслін (1851), вызначыўшы чаргаванне бясполага (спарафіт) і палавога (гаметафіт) пакаленняў у імхоў, дзярэз, хвашчоў, папарацей і голанасенных.
т. 5, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)