СУ́ВЯЗЬ у тэхніцы,
перадача і прыём інфармацыі з дапамогай розных тэхн. сродкаў; галіна нар. гаспадаркі. Адрозніваюць пошту, радыёвяшчанне, тэлебачанне, электрасувязь, а таксама перадачу даных у лакальных і глабальных камп’ютэрных сетках. Усе сродкі С. (акрамя пошты) карыстаюцца эл.-магн. ваганнямі пэўных частот паводле шкалы, рэкамендаванай Міжнар. саюзам электрасувязі. Адбываецца пашырэнне відаў паслуг С., якія даюцца карыстальнікам у інтэрактыўным рэжыме, пераход на лічбавыя фарматы перадачы інфармацыі (гл. Лічбавае радыёвяшчанне, Лічбавае тэлебачанне), інтэграцыя электрасувязі і вяшчання з Інтэрнетам.
А.П.Ткачэнка.
т. 15, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫ́ЧКА Галіна Казіміраўна (н. 11.1 1.1955, в. Сташулі Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. літаратуразнавец і крытык. Канд. філал. н. (1987). Скончыла БДУ (1978). Настаўнічала, працавала перакладчыцай, у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Полымя», з 1995 выкладае ў Бел. пед. ун-це імя М.Танка. Друкуецца з 1975 (вершы). Даследуе маральна-этычныя пошукі сучаснай бел. прозы.
Тв.:
Творчасць Янкі Купалы і традыцыі духоўнай рэгіянальнасці ў польскай літаратуры XIX — пачатку XX стст. Мн., 2001.
І.У.Саламевіч.
т. 16, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РНЫ-СТАФА́НСКАЯ, Чэрны-Стэфаньская (Czerny-Stefańska) Галіна (н. 30.12.1922, г. Кракаў, Польшча), польская піяністка. Вучылася ў Варшаўскай кансерваторыі (1935—39), Вышэйшай муз. школе ў Кракаве (1946—50). З 1955 салістка Кракаўскай філармоніі. З 1976 выкладае ў Вышэйшай муз. школе ў Познані. Канцэртавала як салістка і ансамблістка, у т. л. з мужам піяністам Л.Стафанскім і дачкой піяністкай і клавесіністкай Э.Стафанскай-Луковіч. Лаўрэат Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.Шапэна (1-я прэмія, 1949, Варшава). Дзярж. прэміі Польшчы 1950, 1952.
т. 17, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СНІК (Husnik) Якуб (29.3.1837, Вейпрніцы, каля г. Пльзень, Чэхія — 26.3.1916),
чэшскі вучоны і вынаходнік у галіне фотамех. спосабаў рэпрадукавання. Працаваў у галіне геліяграфіі, фоталітаграфіі, фотацынкаграфіі. Прапанаваў рэпрадукцыйную эмульсію з фторыстым серабром, клішэ на слаях з жэлаціны і хлорнага жалеза (для высокага друку). Вынайшаў (1865—68) адзін з маст. спосабаў рэпрадукавання — фотатыпію. Аўтар манаграфій «Агульная галіна фотатыпіі» (1877, 3-е выд. 1885), «Геліяграфія» (1888) і інш. Вядомы таксама як жывапісец-партрэтыст.
Літ.:
Немировский Е. Выдающийся чешский фототехник // Сов. фото. 1957. № 4.
т. 5, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАВА Галіна Барысаўна (н. 31.1.1961, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменніца. Дачка Б.І.Сачанкі. Скончыла БДУ (1983). З 1982 у час. «Мастацтва». Друкуецца з 1978. У кн. прозы «Папяровыя замкі» (1990), «Чалавек без адраса» (1991), «Дом іхняе мары» (1994) распрацоўвае праблемы горада, маст. інтэлігенцыі. Псіхалагізм, увага да духоўнага жыцця чалавека, стрыманасць — асн. рысы яе творчай манеры. Выступае як драматург (містычная феерыя «Рамантычнае падарожжа на той свет», 1994; радыёп’еса «Майстэрня Жучка-Баравічка», паст. 1994), аўтар вершаў для дзяцей, эсэ пра мастакоў.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МАВА Галіна Васілеўна (н. 20.11.1932, Масква),
бел. вучоны ў галіне хім. тэхналогіі цвёрдага паліва. Д-р тэхн. н. (1987). Скончыла БПІ (1955). З 1962 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН (у 1975—95 заг. лабараторыі). Навук. працы па хіміі арган. кампанентаў торфу, бурага вугалю, сапрапеляў і расл. адходаў, распрацоўцы тэхналогій атрымання з іх біялагічна актыўных прэпаратаў для раслінаводства, кармавых дабавак для жывёлагадоўлі.
Тв.:
Торф в биотехнологии. Мн., 1987;
Гуминовые вещества в биосфере. М., 1993 (у сааўт.).
т. 11, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМЕТАЛУРГІ́Я (ад піра... + металургія),
сукупнасць працэсаў атрымання і ачысткі металаў і сплаваў пры высокіх тэмпературах. Асн. і найстарэйшая галіна металургіі. Метадамі П. атрымліваюць амаль 100% чыгуну, сталі, свінцу, каля 95% медзі, больш за 60% цынку.
Працэсы П. адбываюцца ў розных металург. печах і плавільных агрэгатах. Найб. пашыраныя метады П. — плаўка за кошт цяпла ад згарання паліва, напр. доменны працэс (гл. Доменная печ, Мартэнаўскі працэс), працэсы з выкарыстаннем цяпла ад згарання дамешкаў металаў (Бесемераўскі працэс, Тамасаўскі працэс). Гл. таксама Гідраметалургія, Электраметалургія.
т. 12, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСО́НСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,
дынастыя германскіх каралёў (у 919—1024) і імператараў «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (з 962). Заснавальнік — Генрых I
[919—936; гл. ў арт. Генрых]; яго пераемнікі: Атон I [936—973],
Атон II [983—983], Атон III [983—1002]. Са смерцю апошняга прамая галіна С.д. скончылася, каралём стаў прадстаўнік яе бакавой лініі баварскі герцаг Генрых [кароль Генрых II, 1002—24]. На змену С.д. прыйшла Франконская дынастыя.
Літ.:
Колесницкий Н.Ф. Исследование по истории феодального государства в Германии (IX — первая половина XII в.). М., 1959;
Жадько Е.Г. Сто великих династий. М., 2001.
Г.В.Прыбытка.
т. 14, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКЗАБІЯЛО́ГІЯ (ад экза... + біялогія),
галіна касмічнай біялогіі, якая займаецца пошукамі жывой матэрыі і арган. рэчываў у космасе і на інш. планетах. Ускоснымі доказамі існавання жыцця ў космасе служаць знаходкі папярэднікаў складаных арган. малекул (сінільнай к-ты, фармальдэгіду; усяго каля 20), якія выяўлены ў касм. прасторы спектраскапічнымі метадамі. У межах Сонечнай сістэмы жыццё, верагодна, ёсць толькі на Зямлі. У Э. існуюць уяўленні, што жыццё па-за межамі Зямлі магчыма як на водна-вугляроднай аснове, так і на крэмніева-аміячнай.
т. 18, кн. 1, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕНЕГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца развядзеннем і гасп. выкарыстаннем аленяў. Адрозніваюць аленегадоўлю паўночную і пантавую.
Паўночная аленегадоўля — важнейшая галіна гаспадаркі Крайняй Поўначы, засяроджаная на развядзенні паўн. аленя (у паўн. шыротах Азіі, Еўропы — Расія, Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія; у Паўн. Амерыцы — ЗША, Канада). У народаў тундравай зоны Сібіры пераважае мяса-скурная аленегадоўля, у больш паўд. раёнах — транспартная. Асн. прадукцыя паўн. аленегадоўлі — мяса 4—5-месячных цялят і дарослых аленяў і скуры, з якіх вырабляюць замшу, хром, цёплае адзенне, палаткі, лёгкія футры (пыжык, выпаратак і інш.). Ад самак за лактацыйны перыяд атрымліваюць 40—50 кг малака тлустасцю 17—19%. Пантавая аленегадоўля займаецца развядзеннем плямістага аленя, марала і ізюбра для атрымання пантаў, мяса і скур. Да сярэдзіны 19 ст. панты здабывалі паляваннем на дзікіх аленяў. Пасля прыручэння маралаў і плямістых аленяў пантавая аленегадоўля пашырылася ў Прыморскім, Алтайскім і Краснаярскім краях Расіі, дзе арганізаваны спец. гаспадаркі. Пантавых аленяў гадуюць таксама ў Кітаі, КНДР, Манголіі.
На Беларусі пантавая аленегадоўля з’явілася ў канцы 1980-х г. Гадуюць плямістых аленяў і маралаў (у асобных гаспадарках Кобрынскага, Іўеўскага, Маладзечанскага і Пухавіцкага р-наў). Ад плямістых аленяў ва ўзросце 12—13 гадоў і маралаў 14—16 гадоў атрымліваюць лабавыя панты. Аленяў трымаюць на агароджаных участках; у стойлавы перыяд падкормліваюць сенам і канцэнтратамі. У пач. 1990-х г. у рэспубліцы налічвалася каля 1 тыс. галоў маралаў.
У.С.Маёраў.
т. 1, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)