СУ́ЛА (Sula),

група астравоў у Малайскім архіпелагу, на У ад в-ва Сулавесі, тэр. Інданезіі. Пл. 4,8 тыс. км². Асн. а-вы: Таліабу, Манголе, Санана. Горы (выш. да 1157 м на в-ве Таліабу) і ўзгорыстыя раўніны. Складзены пераважна са сланцаў і гранітаў, якія перакрыты пясчанікамі і вапнякамі. Клімат экватарыяльны, ападкаў 1700—3000 мм за год. Вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы. Трапічнае земляробства: вырошчванне какосавай пальмы, рысу, кукурузы. Рыбалоўства. Порт Санана (на в-ве Санана).

т. 15, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РАЛЬД I Хорфагер

(Harald Haatfager, літар. — Харальд Прыгожавалосы; каля 850 — каля 933 ці пазней),

першы конунг (кароль) Нарвегіі [2-я пал. 9—1-я пал. 10 ст.], заснавальнік дынастыі Хорфагераў. Сын дробнага правіцеля з Паўд.-Усх. Нарвегіі. Каля 872 знішчыў або падпарадкаваў сабе правіцеляў асобных абласцей і аб’яднаў нарв. землі. Упершыню ўвёў у Нарвегіі пагалоўны падатак, рабіў паходы на Аркнейскія а-вы і ў Шатландыю. Дасягнутае пры ім аб’яднанне краіны было нетрывалым.

т. 16, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧЫРВО́НЫ КРЫЖ» рэвалюцыйны,

Палітычны «Чырвоны Крыж», назва шэрагу арг-цый, пераважна нелегальных, для дапамогі паліт. зняволеным і ссыльным, у іх ліку «Ч.К.» «Народнай волі» (1881, арганізатар Ю.​М.​Багдановіч, аддзелы ў Маскве, Томску, Ніжнім Ноўгарадзе і інш.); «Замежны «Ч.К.» (1882—84, Парыж, кіраўнікі — П.Л.Лаўроў, В.І.Засуліч); «Т-вы дапамогі паліт. ссыльным і зняволеным» (сярэдзіна 1880-х г. — 1917; розныя назвы і розны склад).

2) Паліт. «Ч.К.» РСФСР і СССР, існаваў у 1920—30-я г.

т. 17, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАЗЕЛА́НДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае Паўд. і Паўн. а-вы Новай Зеландыі, а-вы Макуоры, Окленд, Чатэм і інш. (ад 29 да 54° паўд. ш.). Уваходзіць у царства Натагею. У флоры больш за 1800 відаў вышэйшых раслін, з якіх больш за ​3/4 эндэмічныя. Шмат раслін-неабіёнтаў. Пераважаюць сям.: архідныя, асаковыя, залознікавыя, злакавыя, казяльцовыя, марэнавыя, парасонавыя, складанакветныя і інш. Шмат папарацей, у т. л. буйных дрэвападобных, эпіфітаў і ліян. Генетычна расл. і жывёльны свет вобласці звязаны з флорай і фаунай крайняга Пд Паўд. Амерыкі і Паўд.-Усх. Аўстраліі. Фауна бедная па відах, астраўнога тыпу. З млекакормячых (акрамя неабіёнтаў) 2 эндэмічныя віды лятучых мышэй Птушак больш за 200 відаў, шмат эндэмічных. Характэрны марскія птушкі: бакланы, пінгвіны, трубканосыя, чайкі і інш. З нелятаючых характэрны ківі, некат. пастушковыя. З паўзуноў (20 відаў) пашыраны эндэмічныя роды геконаў (5 відаў) і сцынкаў (9 відаў). Найб. характэрны паўзун — гатэрыя. З земнаводных — жабы з роду ліяпельм. Прэснаводных рыб мала (1 від вугра, некалькі відаў з сям. галаксіід і інш.). Фауна насякомых багатая (матылёў больш за 1000 відаў). Шматлікія наземныя малюскі.

А.​М.​Петрыкаў.

Птушкі Новазеландскай біягеаграфічнай вобласці: 1 — ківі; 2 — такахе; 3 — папугай савіны; 4 — медасос-туй; 5 — гуя (а — самец, б — самка); 6 — зеленагруды пладаедны голуб.

т. 11, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛА́САЎ Уладзімір Васілевіч (каля 1661—64—1711),

рускі землепраходзец. Сібірскі казак. У 1697—99 здзейсніў паходы на Камчатку, заснаваў астрог Верхнекамчацкі, абклаў данінай мясц. народы. У 1701 за далучэнне Камчаткі да Расіі атрымаў чын казацкага галавы. Упершыню рознабакова апісаў прыроду і насельніцтва Камчаткі, даў звесткі пра астравы і землі паблізу ад Камчаткі і Чукоцкага п-ва, пра Курыльскія а-вы і Японію. Забіты ў час бунту служылых людзей. Імем Атласава названы бухта і вулкан на Курыльскіх а-вах.

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МАНС (Commons) Джон Роджэрс (13.10.1862, Холансберг, штат Агайо, ЗША — 11.5.1945),

амерыканскі гісторык-эканаміст і сацыёлаг, прадстаўнік інстытуцыяналізму, тэарэтык правага трэд-юніянізму. Праф. Вісконсінскага ун-та (1904—32). Вылучыў эканам. фактар як адзін з вызначальных момантаў развіцця прац. руху, падмяняў аналіз аб’ектыўных законаў капіталіст. вытв. адносін апісаннем і класіфікацыяй інстытуцый, пад якімі меў на ўвазе розныя сац. ўтварэнні: акцыянерныя т-вы, саюзы прадпрымальнікаў, дзяржаву, сям’ю і інш. Аўтар прац «Прававыя асновы капіталізму» (1924), «Інстытуцыянальная эканамічная тэорыя» (1934) і інш.

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ХАЎСКІЯ АСТРАВЫ́,

паўднёвая група ў архіпелагу Новасібірскіх астравоў (Расія), на мяжы мораў Лапцевых і Усх.-Сібірскага. Уключаюць а-вы: Вял. Ляхаўскі (пл. 5,3 тыс. км²), М.​Ляхаўскі (пл. 1,3 тыс. км²), Сталбавы (пл. 170 км²) і Сямёнаўскі. Ад мацерыка Азія аддзяляюцца пралівам Дзмітрыя Лапцева. Паверхня пераважна раўнінная. Выш. да 270 м (Вял. Ляхаўскі). Шматгадовая мерзлата. Шматлікія яры і тэрмакарставыя азёры. Поліганальная асакова-злакавая тундра, шмат балот. Промысел пясца. Адкрыты ў 1712. Названы ў гонар рус. прамыслоўца І.​Ляхава.

т. 9, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКІ́ЗСКІЯ АСТРАВЫ́ (Îles Marquises),

архіпелаг у цэнтр. ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Уладанне Францыі. Пл. 1274 км². Нас. 7,5 тыс. чал. (1988) — палінезійцы. Найб. буйныя а-вы — Нуку-Хіва і Хіва-Аа, вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, туфаў. Выш. да 1259 м. Клімат трапічны пасатны. Ападкаў каля 1000 мм за год на падветраных схілах і да 2500 мм на наветраных. Вільготныя трапічныя лясы, хмызняковыя саванны. Вырошчваюць какосавыя пальмы, бавоўнік, бананы, каву. Рыбалоўства, лоўля жэмчугу. Турызм. Адм. цэнтр — г. Таіохаэ.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРА́ДЫ ПАЎДНЁВЫЯ, Дадэканес,

група з 8 буйных і вял. колькасці дробных астравоў у Эгейскім м., каля паўд.-зах. ўзбярэжжа п-ва М. Азія, тэр. Грэцыі. Пл. 3,5 тыс. км². Асн. а-вы: Родас, Самас, Ікарыя, Кос, Карпатас. Пераважаюць узгоркі і нізкагор’і, выш. да 1434 м (г. Керкетэфс на в-ве Самас). Ксерафітныя хмызнякі, участкі лясоў з дубу, хвоі, кіпарысу. Вырошчванне збожжавых, вінаграду, цытрусавых, тытуню; аліўкавыя гаі. Рыбалоўства, здабыча губак. Буйн. гарады: Родас, Самас. Шматлікія помнікі стараж.-грэч. культуры.

т. 15, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРО́МБАЛІ (Stromboli),

дзеючы вулкан у архіпелагу Ліпарскія а-вы, у Тырэнскім м., тэр. Італіі. Утварае аднайм. в-аў пл. 12,6 км². Выш. 926 м (ад дна мора каля 2700 м). Складаецца са стараж. разбуранага андэзітавага і сучаснага ўсечанага базальтавага конусаў. З перапынкамі ў 10—20 мін выкідае вулканічныя бомбы і распаленыя газы, якія відаць на вял. адлегласці, таму С. наз. маяком Міжземнамор’я. Зрэдку адбываюцца вывяржэнні базальтавай лавы. Ад С. паходзіць назва тыпу вывяржэння вулканаў — стромбаліянскі (гл. Вулкан).

т. 15, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)