ПАТО́ЧНАЯ ЛІ́НІЯ,

комплекс узаемна звязаных машын, механізмаў, абсталявання, размешчаных у адпаведнасці з паслядоўнасцю (патокам) аперацый тэхнал. працэсу і прызначаных для вырабу пэўнай прадукцыі з зададзеным рытмам (тэмпам). Служаць тэхн. асновай паточнай вытв-сці (напр., паточнага будаўніцтва).

На кожным рабочым месцы выконваюцца пэўныя аперацыі апрацоўкі адной або некалькіх падобных загатовак, якія перадаюцца з аднаго рабочага месца на другое ў асн. канвеерамі. У П.л. ўключаюць пазіцыянеры, маніпулятары, трансп. і тэхнал. прамысловыя робаты. П.л. забяспечваюць неперарыўнасць тэхнал. працэсу, магчымасць яго механізацыі і аўтаматызацыі. Пашыраны на прадпрыемствах з масавай і серыйнай вытв-сцю.

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛЕЙМА́Н I КАНУНІ́ (Süleyman I Kanunî), Сулейман Заканадавец (у еўрап. л-ры — Сулейман Пышны, Вялікі; 27.4.1495—6.9.1566),

турэцкі султан [1520—66]. Вёў заваёўніцкую палітыку, пры ім Асманская імперыя дасягнула найб. магутнасці. Пад яго кіраўніцтвам тур. армія ў 1521 узяла Бялград, разбіла венграў у Мохацкай бітве 1526, у выніку якой б.ч. Венгрыі далучана да Асманскай імперыі. У 1530-я г. ім заваяваны Ірак, в-аў Родас, Трыпалітанія, Алжыр, вёў войны з Іранам за авалоданне Закаўказзем. Пры ім складзены збор законаў (кануннаме). Значную частку багаццяў траціў на будаўніцтва палацаў, культавых збудаванняў і інш.

т. 15, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЯМЕ́НЕЎ Вячаслаў Дзмітрыевіч (н. 6.9.1946, Мінск),

бел. гісторык-архівіст. Канд. гіст. н. (1979). Скончыў БДУ (1971). З 1968 у Цэнтр. дзярж. архіве Кастр. рэвалюцыі і сацыяліст. будаўніцтва БССР, з 1977 у Гал. архіўным упраўленні пры СМ БССР, з 1980 нам. дырэктара Цэнтр. дзярж. архіва БССР у Мінску, з 1982 дырэктар Цэнтр. дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі і сацыяліст. будаўніцтва БССР (з 1995 Нац. архіў Рэспублікі Беларусь). Даследуе гісторыю Беларусі з 1917, пытанні архівазнаўства. Адзін з аўтараў кніг «Хроніка Чарнобыльскай трагедыі, 1986—1996 (па дакументах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь)» (1996), «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» (2002). Адзін са складальнікаў даведнікаў «Адміністрацыйна-тэрытарыяльны лад БССР» (т. 1, 1985), «Фонды былых архіваў Камуністычнай партыі Беларусі» (ч. 1—2, 1997—98), зб. дакументаў і матэрыялаў «Беларускія остарбайтэры» (т. 1—3, 1996—98), «Азарычы — лагер смерці» (1997), «Нацысцкае золата з Беларусі» (1998), «Заходняя Беларусь. Падзеі і людзі» (т. 1—2, 1998—2002), «Аграрныя пераўтварэнні ў Вілейскай вобласці, 1939—1941 гг.» (2001), «Аграрныя пераўтварэнні ў Маладзечанскай вобласці, 1944—1953 гг.» (2003), «Дакументы па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў дзяржаўных архівах Рэспублікі Беларусь» (2003). Дзярж. прэмія Беларусі 2002.

Тв.:

Документальные памятники Советской Белоруссии. Мн., 1990 (разам з М.​Ф.​Шумейкам);

Белпромстройбанк: Страницы истории (1923—1998) Мн., 1998 (разам з К.​В.​Цыбулькам, М.​Е.​Капытовым);

Архивоведение Беларуси. Ч. 1—2. Мн., 1998 (разам з Шумейкам. К.​І.​Козакам);

Белорусские остарбайтеры: Ист.-аналит. исслед. Мн., 2001 (у сааўт.);

Забытые агенты Кремля (разам з В.​І.​Шымоліным). Мн., 2003.

т. 18, кн. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕХЗА́Д Кемаледдзін (1450-я г., г. Герат, Афганістан — 1535 ці 1536),

мініяцюрыст, прадстаўнік герацкай школы мініяцюры. Вучыўся ў Гераце. Майстар вытанчаных па малюнку і гучных па колеры, то экспрэсіўных, то лірычных шматфігурных дынамічных кампазіцый і партрэтаў. Сярод работ: мініяцюры рукапісу «Зафар-намэ» Шараф-эд-дзіна Алі Іездзі (каля 1494), ілюстрацыі да паэмы «Бустан» Саадзі (1487—88), да рукапісаў «Хамсе» Нізамі (мініяцюры 1493—94), партрэт Султана-Хусейна Байкара (1480-я г.) і інш.

К.Бехзад. Будаўніцтва мячэці. Мініяцюра да рукапісу «Зафар-намэ» Іездзі. Каля 1494.
К.Бехзад. Цар Дарый і пастухі. Мініяцюра да паэмы «Бустан» Саадзі. 1487—88.

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БО́ЖЫМ ШЛЯ́ХАМ»,

грамадска-рэлігійны, літаратурна-гістарычны часопіс. Выдаваўся бел. грэка-каталіцкім (уніяцкім) духавенствам у 1947—57 у Парыжы і ў 1957—80 у Лондане на бел. мове. Асвятляў пытанні гісторыі хрысціянства, хрысціянскай царквы, царк. будаўніцтва, рэліг. адносін на Беларусі, асабліва уніяцкага руху, узаемазалежнасць рэлігіі, культуры, нац. свядомасці ў развіцці бел. народа. Асэнсоўваў ролю хрысціянскіх асветнікаў, царк. дзеячаў Ефрасінні Полацкай, Клімента Смаляціча, Кірылы Тураўскага, заснавальнікаў айч. кнігадрукавання Ф.​Скарыны, В.​Цяпінскага, братоў Мамонічаў у станаўленні і ўзбагачэнні бел. культуры. Змяшчаў матэрыялы пра грамадска-паліт. становішча ў БССР, дзейнасць бел. асяродкаў на эміграцыі і інш.

А.​А.​Каўка.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ МЕТАЛУРГІ́ЧНЫ ЗАВО́Д (БМЗ). Дзейнічае ў г. Жлобін Гомельскай вобласці. Будаўніцтва пачата ў 1982, у 1984 пушчана 1-я чарга (электрасталеплавільны і сортапракатны цэхі), у 1987 — 2-я (комплекс металакорду), у 1991 — 3-я чарга. Працуе на металаломе. Дзейнічаюць 15 цэхаў. Супрацоўнічае з герм. фірмамі «Круп» і «Хет» — вытворцамі ліставой сталі. Прадукцыя (1994): металакорд для шын і пасаў (17,2 тыс. т), дрот стальны (9,9 тыс. т), сталь (711 тыс. т) гарачакатаная і катанка стальная, пракат стальны (656 тыс. т), вугалок стальны, швелер, розныя загатоўкі, накрыўкі метал. ўшчыльнікавыя.

С.​А.​Казак-Антаневіч.

Беларускі металургічны завод. Электрасталеплавільны цэх.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛЬСКІ КАЛІДО́Р»,

частка тэр. Памор’я, якая была ўключана ў склад Польшчы паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. Вузкая (ад 30 да 200 км) паласа зямлі давала Польшчы выхад да Балт. мора, дзе ў сярэдзіне 1920-х г. быў пабудаваны порт Гдыня. Аддзяляў Усх. Прусію ад асн. тэр. Германіі, што было адной з прычын напружанасці ў германа-польскіх адносінах. У самой Польшчы да вызначэння «П.к.» ставіліся адмоўна. У сак. 1939 рэйхсканцлер Германіі А.Гітлер запатрабаваў ад польскага ўрада права будаўніцтва праз «П.К.» экстэрытарыяльных аўтастрад; адмова апошняга стала адной з зачэпак для германскай агрэсіі супраць Польшчы ў вер. 1939.

Р.​Р.​Лазько.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРО́БЛІСК»,

«Пралетарска-сялянская беларуская літаратурная суполка», аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліп. 1927 — студз. 1928. Засн. ў Мінску. Ініцыятары стварэння і члены — выключаныя ў крас. 1927 з «Маладняка» Я.​Бобрык, В.​Каваль, Т.​Кляшторны, В.​Маракоў, І.​Плаўнік, Я.​Туміловіч, а таксама А.​Гурло, А.​Звонак, С.​Фамін, М.​Хведаровіч, Н.​Чарнушэвіч і інш. Ставіла за мэту стварэнне пралетарскай л-ры, адлюстраванне ў маст. форме будаўніцтва сацыялізму ў рэспубліцы. З прычыны сваёй нешматлікасці і неакрэсленасці творчай праграмы суполка не разгарнула шырокай дзейнасці і заявіла (28.1.1928) пра самаліквідацыю. Члены яе былі зноў прыняты ў «Маладняк».

К.​Р.​Хромчанка.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЕ́ЎСКІ Юрый Аляксандравіч (н. 29.9.1923, Мінск),

бел. вучоны ў галіне будаўніцтва. Д-р тэхн. н., праф. (1970). Засл. будаўнік Беларусі (1980). Бацька Дз.Ю.Сабалеўскага. Скончыў БПІ (1950), дзе і працаваў (у 1965—93 заг. кафедры). Навук. працы па механіцы грунтоў і фундаментабудаванні, праблемах устойлівасці фільтруючых адхонаў, апоўзняў і воданасычаных асноў, будаўніцтву падземных збудаванняў. Прапанаваў метады вызначэння канчатковых гарыз. зрушэнняў падмуркаў гідратэхн. збудаванняў, праектавання і канструявання бураін’екцыйных анкераў і паляў. Удзельнічаў у праектаванні Мінскага метрапалітэна. Прэмія СМ СССР 1989.

Тв.:

Криволинейные очертания однородных откосов. Мн., 1969;

Водонасыщенные откосы и основания. Мн., 1975;

Механика грунтов. Мн., 1986.

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЯРКО́ Рыгор Іванавіч (н. 1.7.1949, в. Першамайск Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. ваен. дзеяч. Ген.-маёр (1993). Скончыў Арджанікідзеўскае вышэйшае агульнавайск. каманднае вучылішча (1970), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1978) і Ваен. акадэмію Генштаба (1992). З 1970 на камандных і штабных пасадах у Паўд. групе войск, з 1978 у Сярэднеазіяцкай ваен. акрузе. З 1992 камандзір танк. дывізіі, нач. штаба танк. арміі (армейскага корпуса). У 1995—99 нач. Ваен. акадэміі Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. З 2000 на адказных пасадах у органах дзярж. кіравання. Працы па праблемах будаўніцтва Узбр. Сіл і рэфармавання сістэмы ваен. адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

т. 16, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)