прэпараты (індывід, рэчывы, іх растворы і сумесі) з рэгламентаванымі саставам і ўласцівасцямі, прызначаныя для навук. даследаванняў і аналізу хімічнага. Р.х., якія выкарыстоўваюць у хім. рэакцыях пры аналізе і сінтэзе розных рэчываў, часта называюць рэагентамі. Вырабляюць Р.х. ў форме, якая забяспечвае надзейнасць захавання і зручнасць пры выкарыстанні. На этыкетках звычайна паказваюць таксічнасць, вогне- і выбухованебяспечныя ўласцівасці, а таксама ўмовы захоўвання і транспарціроўкі.
Большасць Р.х. кантралююць паводле 2—3, а некаторыя па значна большай колькасці характарыстык (напр., Р.х. для біял. даследаванняў больш чым па 20). Найважн. характарыстыка Р.х. — чысціня. Звычайна адрозніваюць «асабліва чыстыя», «хімічна чыстыя», «чыстыя для аналізу» і «чыстыя» Р.х. (найніжэйшая кваліфікацыя Р.х., маюць не менш як 98% асн. рэчыва). Ёсць спец. віды кваліфікацыі з рознымі патрабаваннямі да ступені чысціні Р.х., абумоўленымі галінамі іх выкарыстання, напр., «спектральна чыстыя», «аптычна чыстыя», «для храматаграфіі». Выпускаюць таксама Р.х. «гарантаванай чысціні» са спецыфікацыяй, у якой прыведзены даныя фактычнага хім. аналізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАЛАГІ́ЧНЫЯ ТЫ́ПЫ,
у расавай класіфікацыі — групы людзей з комплексам пэўных марфал. прыкмет (будова цела, шкілета, чэрапа, колер скуры, вачэй, валасоў і інш.); дробныя адзінкі адной расы. Антрапалагічныя тыпы фарміруюцца як спадчынныя асаблівасці, што склаліся пад уздзеяннем прыродных і сац. фактараў за многія пакаленні. Арэалы пашырэння антрапалагічных тыпаў звычайна не супадаюць з этнічнымі ці дзярж. межамі, бо не супадаюць час і заканамернасці фарміравання гэтых супольнасцяў. Да аднаго антрапалагічнага тыпу могуць належаць некалькі розных народаў (гэта сведчыць пра іх фарміраванне на генетычна роднаснай аснове) або адзін народ можа складацца з некалькіх антрапалагічных тыпаў з прычыны неаднароднасці яго паходжання. Адносная стабільнасць антрапалагічных тыпаў у часе і прасторы ўлічваецца пры вызначэнні генетычнай роднасці пэўных этнатэрытарыяльных груп або выяўленні напрамку і ступені іншароднай прымесі ў выніку гіст. перамяшчэнняў і скрыжаванняў розных плямёнаў і народаў. На тэр. Беларусі вылучаюць верхнедняпроўскі (паўн.) і палескі (паўд.) антрапалагічныя тыпы. Сярод першага тыпу часцей сустракаюцца людзі са светлымі адценнямі вачэй і валасоў, увагнутай спінкай носа, з больш высокім ростам. Акрамя таго, з ПдЗ на ПнУ Беларусі ў насельніцтва назіраецца невялікае паслабленне еўрапеоідных рыс: больш нізкая і шырокая пераносіца, змешаныя адценні колеру вачэй, менш густая барада. Асаблівасці будовы твару, цела, звязаныя з тэр. размеркаваннем, і інш. прыкметы дазваляюць аднесці беларусаў да ўсходнееўрап. варыянта (балтыйскага тыпу) еўрапеоіднай расы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́, гатычны мінускул,
почыркавая разнавіднасць лацінскага пісьма эпохі сярэдневякоўя (12—15 ст.). Характарызуецца вуглавымі і востраканцовымі формамі. Першыя ўзоры гатычнага пісьма сустракаюцца ў Італіі ў 10 ст. З сярэдзіны 11 ст. прыходзіць на змену круглаватаму мінускульнаму пісьму эпохі Каралінгаў. У 12 ст. ў краінах Зах. Еўропы, якія карысталіся лацінкаю, выпрацаваўся больш-менш адзіны тып гатычнага пісьма. Для яго ўласцівы выцягнутыя літары, шчыльнае напісанне іх адна побач з адной, ламаная лінія контуру. З канца 12 ст. гэты адзіны тып стаў развівацца з улікам нац. асаблівасцей кожнай краіны. У Італіі пачынае пераважаць круглаватая форма літар, т.ч. гатычнае пісьмо знікае ўжо ў 14 ст. У Германіі гатычнае пісьмо атрымала далейшае развіццё і захоўвалася да пач. 20 ст., потым было выцеснена простым лац. шрыфтам (антыквай).
Адрозніваюць 4 віды гатычнага пісьма: тэкстура — вострае пісьмо; фактура — вострае пісьмо з ламанымі абрысамі; швабахер — ламанае пісьмо з акруглымі абрысамі некат. літар; круглагатычнае, пераходны від ад гатычнага да гуманіст. пісьма эпохі Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАСТВО́РЫ.
Выкарыстоўваюць для каменнай муроўкі, мантажу зборных бетонных і жалезабетонных канструкцый, аховы метал. канструкцый і закладных дэталяў ад карозіі, для гідра-, цепла- і гукаізаляцыі будынкаў і збудаванняў. Атрымліваюць з сумесі вяжучага рэчыва (з вадой, часам без яе), дробнага запаўняльніку і дабавак (пры неабходнасці). Яны здольныя зацвердзяваць, склейваць каменныя матэрыялы і ўтвараць ахоўныя слаі буд. канструкцый.
Адрозніваюць будаўнічыя растворы: муравальныя, аддзелачныя (тынкавальныя, дэкаратыўныя) і спецыяльныя (ін’екцыйныя, тампанажныя, гарача- і кіслотаўстойлівыя, рэнтгенаахоўныя, акустычныя); цяжкія (шчыльнасць больш за 1500 кг/м³) і лёгкія (менш за 1500 кг/м³); цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя і мяшаныя (цэментна-гліняныя, цэментна-вапнавыя, вапнава-гіпсавыя, палімерцэментныя, цэментна-перхлорвінілавыя). Будаўнічыя растворы рыхтуюць звычайна на аўтаматызаваных растворных з-дах і вузлах, дастаўляюць на буд. аб’екты ў спец. аўтацыстэрнах або аўтамабілях-самазвалах. Для зімовай муроўкі і тынкоўкі ў сумесь уводзяць процімарозныя дабаўкі, для павышэння тэхнал. якасцей і тэхн. характарыстык — пластыфікавальныя і паветраўцягвальныя дабаўкі. У дэкар. Будаўнічыя растворы дабаўляюць святло-, шчолача- і кіслотаўстойлівыя пігменты, спец. запаўняльнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЫ́К-КУ́ЛЬСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
горная катлавіна на Пн Цянь-Шаня, у Кыргызстане. Абмежавана з Пнхр. Кюнгёй-Ала-Тоо, з Пдхр. Тэрскей-Ала-Тоо. Дно занята воз.Ісык-Куль. Даўж. 240 км, шыр. да 90 км. Уяўляе сабой сінклінальны прагін, ускладнены разломамі. Вял. сейсмічнасць. На У радовішчы каменнага вугалю (Джэргалан), на ПдУ — тэрмальны мінер. крыніцы (Джэты-Агуз, Ак-Суу). У рэльефе перадгорнай раўніны вылучаюцца азёрныя тэрасы, перадгорныя і ўнутрыкатлавінныя ўзвышшы. Схілы гор з цяснінамі. Да возера з гор цякуць шматлікія рэкі (больш за 50). У зах.ч. катлавіны клімат засушлівы (менш за 200 мм ападкаў за год), ландшафты пустынныя і паўпустынныя; ва ўсх.ч. ападкаў да 500 мм (у гарах да 800 мм), пераважаюць стэпы, на схілах гор — лясы з цяньшанскай елкі, вышэй — субальпійскія і альпійскія горныя лугі, вышэй 3500 м — ледавікі і снежнікі. Важны збожжавы і жывёлагадоўчы раён. У прыбярэжнай паласе група бальнеакліматычных курортаў. У межах катлавіны Ісык-Кульскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПУСТЫ́ННЫЯ ЗО́НЫ,
прыродныя зоны сушы з перавагай ландшафтаў паўпустынь. Займаюць прамежкавае становішча паміж пустыннай зонай і стэпавай зонай (ва ўмераных і субтрапічных паясах), зонай пустынь і саваннавай зонай (у трапічным поясе). Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды, пераважна ў зах. прыакіянскіх і ўнутрымацерыковых сектарах. Клімат сухі кантынентальны, ападкаў 300 мм за год (у 3—6 разоў менш за выпаральнасць). Лета гарачае (сярэдняя т-ра паветра 20—25 °C, у тропіках да 30 °C), зіма ў межах зоны паўпустынь умеранага пояса Паўн. паўшар’я халодная (сярэдняя т-растудз. да -20 °C), у больш нізкіх шыротах — цёплая (0—10 °C у субтропіках, 12—20 °C у тропіках). Рэкі ў сухую пару года перасыхаюць. Глебы светла-каштанавыя, бурыя, шэра-карычневыя і шэразёмы, чырвона-бурыя, трапляюцца засоленыя глебы, участкі незамацаваных пяскоў. Расліннасць разрэджаная, з перавагай злакава-палыновых асацыяцый (у Еўропе і Азіі) і кусцікавых (на інш. мацерыках). Выкарыстоўваецца як паша, земляробства развіта на арашальных землях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁН (франц. rayon ад лац. radius прамень),
1) тэрыторыя, вылучаная па якіх-н. прыкметах, асаблівасцях; у шэрагу выпадкаў адна з таксанамічных адзінак (гл.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Часам ужываецца як сінонім рэгіёна.
2) У СССР была адной з адзінак адм.-тэр. падзелу ў сельскай мясцовасці, якая складала частку тэр. саюзнай (аўтаномнай) рэспублікі, краю, вобласці, аўт. вобласці, нац. акругі. Уключала тэр. сельскіх Саветаў, рабочых, курортных, дачных пасёлкаў і гарадоў раённага падпарадкавання. У гарадах Р. — адм.-тэр. адзінка з насельніцтвам больш за 100 тыс.чал. Падзел на Р. захаваўся ў краінах, якія ўтварыліся пасля распаду СССР (напр., Беларусь, Расія, Украіна). У БССР уведзены ў ліп. 1924 паводле пастановы 2-й сесіі ЦВКБССР 6-га склікання. У наш час на Р. падзяляюцца вобласці, а таксама гарады, дзе насельніцтва не менш як 100 тыс.чал. На 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь 118 раёнаў (пра кожны былы і сучасны сельскі раён гл. асобны арт.). У некат. замежных краінах Р. — адм.-тэр. адзінка рознага парадку (напр., Парыжскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі на раёны рознай сейсмічнай актыўнасці; ацэнка і карціраванне патэнцыяльнай сейсмічнай небяспекі. Даныя С.р. выкарыстоўваюцца пры сейсмастойкім буд-ве, прагнозе землетрасенняў і вырашэнні інш. задач на сейсмічна небяспечных тэрыторыях. Засн. на базе комплекснага аналізу гіст. звестак пра землетрасенні, сучаснай сейсмічнай актыўнасці, геолага-тэктанічнай будовы тэрыторыі і геафіз. даных. На картах С.р. вылучаюць зоны розных глыбінь узнікнення магчымых ачагоў землетрасення (найб. небяспечныя землетрасенні з ачагамі на глыб. 3—50 км), з макс. магнітудамі землетрасенняў (Mmax ≥ 8,1; 8 > M ≥ 7,1; 7 > M ≥ 6,1), з інтэнсіўнасцю 9, 8, 7, 6, 5 і менш балаў. Маштабы карт ад 1:5 000 000 да 1:100 000. Праводзіцца таксама сейсмічнае мікрараянаванне для гарадоў і асобных пунктаў буд-ва. На Беларусі ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі складзена схема сейсматэктанічнага раянавання, дзе вылучаны зоны магчымых землетрасенняў інтэнсіўнасцю больш за 5 балаў (маштаб 1:1 000 000; аўтары Р.Г.Гарэцкі, А.М.Бабарыкін, В.М.Бурак і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНАВО́Е НАГО́Р’Е,
горная сістэма ва Усх. Сібіры, пераважна на тэр. Бураціі, у Расіі. Працягваецца ад паўн. краю воз. Байкал да сярэдняга цячэння р. Алёкма. Даўж. каля 700 км, шыр.больш за 200 км. Горныя хрыбты (выш. да 2999 м) выцягнуты ва ўсх.-паўн. напрамку, чаргуюцца з міжгорнымі катлавінамі (на выш. 500—1000 м). Складзена ў асн. з крышт. і метамарфічных парод. Значная сейсмічнасць. Шматгадовая мерзлата. Карысныя выкапні: золата, медзь, флюарыт, каменны вугаль. Клімат рэзка кантынентальны. Лета ў катлавінах цёплае, доўжыцца 2—3 месяцы, у высакагор’і — халаднаватае і кароткае (месцамі менш за 1 месяц). Зіма вельмі халодная і працяглая. Ападкаў за год ад 300—400 мм у катлавінах, да 1000 мм у гарах. Невял. ледавікі. Рачная сетка густая, шмат азёр. На схілах — лістоўнічная тайга, вышэй за 1200 м — рэдкалессе і горная тундра. У катлавінах — забалочаныя поймавыя лугі, на схілах — хваёвыя і хваёва-лістоўнічныя лясы. Нагор’е перасякае Байкала-Амурская магістраль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСКО́СНАЯ МО́ВА,
спосаб перадачы чужога выказвання, пры якім не захоўваюцца яго грамат., лексічныя і стылістычныя асаблівасці. Складаецца са слоў апавядальніка і чужога выказвання, якія афармляюцца не як самаст.сінтакс. структуры, а аб’ядноўваюцца падпарадкавальнай сувяззю ў адзін сказ. Словы аўтара падаюцца ў гал. частцы сказа, чужое выказванне — як даданы дапаўняльны, дзейнікавы ці азначальны сказ. Часткі складанага сказа злучаюцца пры дапамозе падпарадкавальных злучнікаў «што», «быццам», «каб».
Пры перадачы чужога выказвання спосабам У.м. замяняецца суб’ектна-аб’ектны і мадальны аспект чужой мовы: адбываюцца адпаведныя замены асабовых форм дзеяслова, асабовых і прыналежных займеннікаў з арыентацыяй на апавядальніка, але часавы план чужога выказвання захоўваецца [Марыля сказала: «Я абавязкова заўтра прынясу гэту кнігу» (прамая мова), Марыля сказала, што яна абавязкова заўтра прынясе гэту кнігу (У.м.)]. Пытальныя сказы прамой мовы афармляюцца ва У.м. як ускосныя пытанні і далучаюцца да слоў аўтара пры дапамозе пытальных займеннікаў, прыслоўяў і часціцы «ці» У.м. менш эмацыянальная, чым прамая і няўласна-прамая мова. Яна больш уласціва афіц. дзелавому і навук. стылям.
Літ.:
Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1980;