адходы малацьбы і ачысткі зерня збожжавых і некаторых інш. культур (напр., канюшыны, лёну); грубы корм, што складаецца з насенных абалонак, частак каласкоў і зярнят, расцёртых лісткоў і сцёблаў, недаспелага зерня, насення пустазелля і інш. Можа змяшчаць насенне атрутных раслін. Больш пажыўная за салому адпаведных раслін, мае больш пратэіну і попелу, менш клятчаткі. Гіграскапічная, лёгка злежваецца і псуецца. Скормліваецца буйн. раг. жывёле, коням (лепшыя сарты) і свінням прапараная і ў сумесі з сакаўнымі кармамі, брагай, мелесам і інш. Найлепшую М. даюць авёс, проса, безасцюковыя ячмень і яравая пшаніца, бабовыя і лён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́ КЛІ́МАТ, акіянічны клімат,
клімат, які фарміруецца ва ўмовах пераважнага ўздзеяння на атмасферу акіянічных прастораў. Пашыраны пераважна над акіянамі, а таксама над часткамі мацерыкоў, на якія ўплываюць паветр. масы акіянічнага паходжання (напр., над Зах. Еўропай, дзе пануе зах. перанос ветру). Ад кантынентальнага клімату адрозніваецца параўнальна невял. ваганнямі т-ры і значнай вільготнасцю, халаднаватым летам і мяккай зімой (ва ўмераных шыротах), большай воблачнасцю, моцнымі вятрамі, больш познім (на 1—2 месяцы) надыходам самых высокіх і самых нізкіх т-р, вясной больш халоднай за восень і адсутнасцю пастаяннага ўстойлівага снегавога покрыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСПАРЫ́ДЫІ (Microsporidia),
атрад (па інш. класіфікацыях тып, клас) прасцейшых кл. кнідаспарыдый. Больш за 70 родаў, 900 відаў. Унутрыклетачныя паразіты жывёл, пераважна членістаногіх і рыб. У цытаплазме клеткі жывёлы-гаспадара размнажаюцца бясполым шляхам (простае дзяленне і шызаганія). Пасля палавога працэсу (аўтагамія) утвараюцца споры (спораганія). Споры (даўж. да 10 мкм) пераважна авальныя, маюць спіральна скручаную трубку, якая забяспечвае пранікненне паразіта ў тканкі новага гаспадара. Выклікаюць захворванні — мікраспарыдыёзы (напр., М. роду назема). Больш за 300 відаў паразітуюць на шкодных для чалавека членістаногіх і могуць выкарыстоўвацца як біял. сродак барацьбы з імі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́СТАШ-ДАБРАЛУ́ЦКАЕ БАЛО́ТА,
мяшанага (80%) і нізіннага (зах.ч., 20%) тыпаў у Ганцавіцкім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл. Сцёк з балота па Заазерскім канале (бас.р. Лань). Пл. 6,4 тыс.га, у межах прамысл. пакладу 4,4 тыс.га. Глыбіня торфу да 5,9 м, сярэдняя 1,7 м. Запасы торфу больш за 11 млн.т. Невял. здабыча торфу на ўгнаенне. Асушана больш за 3 тыс.га, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасушанай пл. лес з хвоі, вольхі, бярозы, растуць вярба, асокі. 1247 га балота ўваходзіць у Борскі біял. заказнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,
найбольш пашыраная сістэма ацяплення ў жылых, грамадскіх і прамысл. Збудаваннях. Цяпло ў памяшканне перадаецца гарачай вадой праз ацяпляльныя прылады. Бывае: цэнтральнае (цеплазабеспячэнне ад ЦЭЦ або кацельні) і мясцовае; з натуральнай і прымусовай цыркуляцыяй; паводле спосабу далучэння ацяпляльных прылад да трубаправодаў з верхнім і ніжнім размеркаваннем вады; двух-, аднатрубнае і праточнае; кальцавое і тупіковае.
Асн. часткі сістэмы: водападагравальнік, дзе вада падаграецца палівам, эл. токам, парай або больш гарачай вадой, ацяпляльныя прылады (радыятары, канвектары і інш.), трубаправоды (магістралі, стаякі) і запорна-рэгулявальная апаратура. У сістэмах вадзянога ацяплення з натуральнай цыркуляцыяй вада рухаецца за кошт рознай шчыльнасці нагрэтай у водападагравальніку (больш лёгкай) вады і больш цяжкай вады, што астыла ў ацяпляльных прыладах і трубаправодах; цыркуляцыя павялічваецца з павелічэннем адлегласці (па вертыкалі) паміж ацяпляльнымі прыладамі і водападагравальнікам (сістэмы выкарыстоўваюцца толькі ў невял. збудаваннях). У сістэмах з прымусовай цыркуляцыяй рух вады забяспечвае цыркуляцыйная помпа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДПАВЕ́ДНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,
агульнаметадалагічны прынцып развіцця навукі, які патрабуе, каб кожная новая тэорыя, што прэтэндуе на больш глыбокае апісанне аб’ектыўнай рэальнасці на больш шырокую вобласць прымянення, чым старая, уключала апошнюю як свой асобны гранічны выпадак. Адлюстроўвае дыялектыку працэсу пазнання, пераходу ад менш поўнай да больш поўнай ісціны і пры гэтым змена адной прыродазнаўча-навук. тэорыі другой выяўляе не толькі розніцу, але і сувязь, пераемнасць паміж імі, якая можа быць выражана з матэм. дакладнасцю. Адпаведнасці прынцып сфармуляваны Н.Борам пры стварэнні першапачатковай квантавай тэорыі атама і яго спектраў (1913). Паводле адноснасці прынцыпу фіз. вынікі квантавай механікі ў гранічным выпадку вял. квантавых лікаў супадаюць з вынікамі класічнай тэорыі; квантава-мех. апісанне фіз. аб’ектаў павінна пераходзіць у класічнае пры h → 0 (h — Планка пастаянная); хвалевая оптыка — у геам. пры λ → 0, дзе λ — даўжыня хвалі; законы рэлятывісцкай механікі — у законы класічнай пры скарасцях руху v << c, дзе c — скорасць святла ў вакууме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДАБРАЧЫ́ННЫ ФОНД «ДЗЕ́ЦЯМ ЧАРНО́БЫЛЯ»,
незалежнае няўрадавае аб’яднанне. Створаны ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 самаст.арг-цыя. Ажыццяўляе доўгатэрміновыя праграмы і праекты сац.-гуманіт. кірунку (больш за 40). Пад яго апекай знаходзяцца многія мед. і дзіцячыя ўстановы Беларусі. З дапамогай фонду пабудаваны «SOS — дзіцячая вёска», рэабілітацыйны цэнтр у Мінску, дамы для перасяленцаў-чарнобыльцаў, дзіцячы хоспіс, цэх экалагічна чыстага харчавання, у Мінску будуецца правасл. храм «Усіх самотных радасці». На аздараўленне ў замежныя краіны накіравана больш за 80 тыс. дзяцей-чарнобыльцаў і 540 — на лячэнне і рэабілітацыю. У клініках зах. краін прайшлі стажыроўку каля 200 медработнікаў. На Беларусь з-за мяжы пастаўлена 6,5 тыс.тгуманіт. грузаў (больш як на 140 млн.ням. марак). Аказана дапамога 240 тыс. ліквідатараў, перасяленцаў, інвалідаў, мнагадзетным і маламаёмным сем’ям. Мае аддзяленні і групы падтрымкі ў 76 раёнах і гарадах Беларусі, супрацоўнічае з 386 замежнымі арг-цыямі. Праводзіць міжнар. кангрэсы «Свет пасля Чарнобыля» (1992, 1994, 1996). Заснавальнік Міжнар. асацыяцыі гуманіт. супрацоўніцтва, час. «Demos» на рус. і ням. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
рыскае. максімальнае ўсх.-еўрап. зледзяненне, што адбывалася з канца александрыйскага міжледавікоўя да пач.шклоўскага міжледавікоўя. Адпавядае самараўскаму зледзяненню Зах. Сібіры і рыскаму зледзяненню Альпаў. Мяркуюць, што працягласць Д.з. 70 тыс. гадоў (320—250 тыс. гадоў назад). Ледавік насунуўся са Скандынавіі, перакрыў усю тэр. Беларусі і пашырыўся далёка на Пд, 2 «языкамі» апусціўся па далінах Дняпра і Дона да шыраты г. Днепрапятроўск і да вусця р. Мядзведзіца. Адклады Д.з. — шэрыя і буравата-шэрыя марэнныя суглінкі і супескі з частымі ўключэннямі валуноў, адорвеняў мелу, даламіту і інш. (магутнасць больш за 50, а ў асобных выпадках — больш за 100 м). Залягаюць на большстараж. пластах антрапагену, на Пн у глыбокіх ледавіковых лагчынах, часта на карэнных пародах. На Пд і ў цэнтр.ч. Беларусі агаляюцца на берагах рэк і яроў. Матэрыялы адкладаў Д.з. прынесены ў Беларусь з усх. Швецыі, паўд. Фінляндыі і Карэліі, Прыбалтыкі. Пад уплывам Д.з. створаны каркас сучаснага рэльефу Беларусі з градамі, узгоркамі, а таксама раўнінамі са шматлікімі азёрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
гаспадарча-фінансавы стан пазычальніка, які дае ўпэўненасць у эфектыўным выкарыстанні і вяртанні ім пазыкі (крэдыту), што дае яму права на атрыманне крэдыту. Пераход да рыначных адносін прадугледжвае больш жорсткія ўмовы выдачы крэдыту. Таму пры аналізе К. вывучаюцца існуючая і перспектыўная плацежаздольнасць, узровень рэнтабельнасці і абарачальнасць абаротных сродкаў, тэмпы росту рэалізацыі, сумы і тэрміны пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, дзелавая актыўнасць і інш. Пры ацэнцы К. банкі выкарыстоўваюць і каэфіцыент бягучай ліквіднасці. Лічыцца, што калі ён ніжэйшы за 1, то банк мае справу з неплацежаздольным кліентам і крэдыт можа быць выдадзены на асаблівых умовах; пры яго ўзроўні 1,0—1,5 існуе рызыка своечасовага вяртання доўгу; пры ўзроўні больш як 1,5 гарантыі забяспечанасці доўгу і яго вяртання дастатковыя. Пры аналізе К. вывучаецца і ступень рызыкі банка як крэдытора; пры высокай ступені рызыкі прадугледжваецца і больш высокая працэнтная стаўка. Здольнасць пазычаць і аддаваць грашовыя сродкі вызначаецца прыбытковасцю, стабільнасцю, сітуацыяй на крэдытным рынку, складам і структурай актываў, інш. фактарамі.