газета Беларускага пасольскага клуба (БПК) у польскім сейме. Выдавалася з 11.1 да 22.5.1925 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Пісала пра ўціск працоўных Зах. Беларусі, асвятляла жыццё ў БССР, міжнар. падзеі, змяшчала рэпартажы з сейма, выступленні і заявы бел. паслоў. У час размежавання ў БПК пісала аб ідэйных і тактыка-арганізацыйных разыходжаннях бел. дэпутатаў. Пазіцыя рэдакцыі газеты была непаслядоўная — ад катэгарычнай апазіцыйнасці да ўлад да іх падтрымкі. Змяшчала творы Я.Купалы, У.Жылкі, Л.Родзевіча і інш. Выйшла 36 нумароў, 3 канфіскаваны. Забаронена ўладамі Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,
штодзённая незалежная газета ў Зах. Беларусі. Выдавалася ў 1927 у Гродне на бел. мове бел. т-вам «Аб’яднанне». Выступала за дзярж. дапамогу бяздомным бел. сем’ям у Зах. Беларусі, адкрыццё школ на роднай мове, за прыём бел. інтэлігенцыі на дзярж. пасады, аблягчэнне становішча бел. вёскі, стварэнне культ. цэнтраў, эканам. кааператываў і інш. Паведамляла пра ўгодкі з дня абвяшчэння БНР і арганізацыю яе Рады, дзейнасць бел.с.-г.т-ва і інш. Інфармавала пра падзеі ў свеце і Польшчы, дзейнасць польск. сейма і сената, умовы эміграцыі ў Канаду, ЗША, Перу, вяла перапіску з чытачамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,
штотыднёвы грамадскі, літаратурны і сельскагаспадарчы часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 2.10.1930 да 1932 у Гродне на бел. мове. Асвятляў бел. грамадскі рух на Гродзеншчыне, жыццё вёскі, заклікаў бел. інтэлігенцыю арганізоўваць культ.-асв. работу. Пісаў пра падзеі ў Польшчы і за мяжой, пра жыццё ў СССР і БССР, у т. л. пра сталінскія рэпрэсіі; друкаваў матэрыялы па пытаннях рэлігіі, права, сельскай гаспадаркі. Змясціў літ. творы Ф.Аляхновіча, А.Бартуля, Г.Леўчыка, Я.Коласа, Я.Купалы, артыкулы да 10-годдзя з дня смерці А.Гаруна, Ядвігіна Ш. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЦАРКВА́»,
рэлігійна-гістарычны часопіс. Выдаваўся ў 1956—65 у Чыкага (ЗША) ратапрынтным спосабам на бел. мове з выкарыстаннем лацінкі і кірыліцы адначасова. Заснавальнік — бел.культ.-рэліг. цэнтр, які ў сярэдзіне 1950-х г. аб’яднаў бел. эміграцыю вакол царквы Хрыста Спаса (Збаўцы). Мэта дзейнасці — паліт. незалежнасць бел. дзяржавы, стварэнне незалежнай грэка-каталіцкай царквы (уніяцкай), барацьба супраць камуніст. ідэалогіі. У часопісе пераважалі артыкулы гіст. і рэліг. зместу. Аўтарам большасці з іх быў вядомы на эміграцыі гісторык В.Пануцэвіч. Змяшчаў таксама артыкулы гісторыкаў і мовазнаўцаў Беларусі, маст. творы рэліг. зместу і інш.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ КРЫНІ́ЦА»
(«Bielaruskaja krynica»),
штотыднёвая (у 1940 двухтыднёвая) грамадска-паліт. і літ. газета, орган Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД). Выдавалася з 21.10.1917 у Петраградзе, з № 3 за 1918 у Мінску, з 7.9.1919 да 12.7.1940 у Вільні (з 15.4.1937 да 16.11.1939 не выходзіла). Да 1925 і з 17.11.1939 наз. «Крыніца» («Krynica»). Друкавалася на бел. мове кірыліцай ці лацінкай, у 1934—39 двума шрыфтамі адразу. Пэўны час мела падзагалоўкі «Каталіцкая газета», «Сялянская газета». Была разлічана на сялян, інтэлігенцыю, жыхароў Зах. Беларусі і беларусаў у эміграцыі. У часы грамадз. вайны прапагандавала нац.-рэліг. ідэі. Даводзіла, што беларусы — грамадзяне Еўропы і маюць права на сваю дзяржаўнасць, свабоднае і шчаслівае жыццё. Спрыяла кансалідацыі беларусаў-католікаў і беларусаў-праваслаўных. Пісала аб праблемах развіцця мастацтва, л-ры, асветы на бел. мове, змяшчала матэрыялы сац.-паліт. характару. Падтрымлівала ідэю федэрацыі Беларусі і Літвы, хутарызацыю, парцэляцыю. Асвятляла дзейнасць Т-вабел. школы, Бел. сялянскага саюза, Бел. студэнцкага саюза, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры. Падтрымлівала ідэі Бел. сялянска-работніцкай грамады, але крытычна ставілася да яе пралетарскай праграмы пра вядучую ролю адной партыі ў грамадстве. У 2-й пал. 1930-х г. працягвала прапагандаваць своеасаблівы шлях развіцця бел. народа. Шмат пісала пра міжнар. жыццё, становішча беларусаў у Латвіі, БССР і інш. Друкавала творы К.Сваяка, Ф.Грышкевіча, а таксама Т.Шаўчэнкі, І.Франко, М.Канапніцкай, Л.Талстога і інш. Тройчы закрывалася ўладамі. Выйшла 768 нумароў, 58 канфіскаваны. З 1991 у Мінску выдаецца аднайм. газета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ГАЗЕ́ТА»,
неафіцыйны легальны орган КПЗБ. Выходзіла з 8.6.1933 да 30.1.1934 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Пісала аб уціску працоўных Зах. Беларусі, крытыкавала сац. і нац. палітыку польск. улад, вяла палеміку з БХД і інш. партыямі клерыкальна-нац. кірунку, прапагандавала ідэю аб’яднання Зах. Беларусі з БССР. З пазіцый сац. рэалізму і марксісцкай тэорыі народнасці і партыйнасці мастацтва асвятляла літ. працэс у Зах. Беларусі. Змяшчала літ. старонкі. Выходзіла нерэгулярна. Выйшла 17 нумароў. Забаронена ўладамі. Найб. актыўныя супрацоўнікі «Беларускай газеты» В.Таўлай, Я.Міско, А.Дубровіч і інш. арыштаваны і пасля 2-гадовага следства зняволены на працяглы тэрмін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1796—1802. Утворана 12.12.1796 аб’яднаннем Магілёўскага (12 пав.) і Полацкага (11 пав.) намесніцтваў. Цэнтр — г. Віцебск. Пл. 7375,1 тыс.дзес., падатковага насельніцтва 1388,5 тыс.чал. (88% сялян знаходзілася на паншчыне), 20 тыс.чал. ваколічнай шляхты. Уключала 16 паветаў (Аршанскі, Беліцкі, Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дынабургскі, Люцынскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Невельскі, Полацкі, Рагачоўскі, Себежскі, Сенненскі, Чавускі, Чэрыкаўскі), 72 мястэчкі, 545 сёл, 2084 сяльцы, 17 595 вёсак. У 1797 у губерні адбываліся масавыя сял. выступленні. У 1799 і 1800 губерню наведаў рус. паэт Г.Р.Дзяржавін (пакінуў успаміны). 27.2.1802 скасавана, тэр. падзелена на Віцебскую і Магілёўскую губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЗАРНІ́ЦА»,
царкоўна-грамадскі часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 1.9.1928 да 1.5.1929 у Вільні на бел. мове раз у 2 тыдні. Ставіў за мэту пераадолець адчужэнне правасл. Царквы на Беларусі ад нац.-вызв. імкненняў бел. народа, яго адраджэння. Шмат увагі аддаваў адносінам паміж царквой і дзяржавай, духавенствам і прыхаджанамі. Пісаў пра рэліг. выхаванне моладзі. З мэтай развіцця нац. самасвядомасці і пашырэння асветы сярод веруючых друкаваў матэрыялы пра пачатак хрысціянства на Беларусі, царк. брацтвы, Статут ВКЛ 1588, Брэсцкую унію 1596 і інш. Рабіў агляды прэсы, вёў палеміку з рус. эмігранцкім, польск. перыядычным і бел. хадэцкім друкам. Выйшла 13 нумароў.