ГРЭЙВС ((Graves) Майкл) (н. 1934, г. Індыянапаліс, ЗША),

амерыканскі архітэктар. Скончыў ун-ты ў Цынцынаты і Гарвардскі. З 1962 праф. Прынстанскага ун-та. З 1964 кіраўнік фірмы «Майкл Грэйвс» у Прынстане. Будынкі, створаныя паводле яго праектаў у стылі постмадэрнізму, вызначаюцца вытанчаным элегантным густам. Сярод работ: Музей прыроды і навукі (1967), «Александэрхаўс» (1973) — абедзве ў Прынстане, грамадскія будынкі ў Портлендзе (1982) і Луісвілі (1986) і інш. Вядомы і як мастак-манументаліст.

М.Грэйвс. Грамадскі будынак у Портлендзе. 1982.

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫ ((Henry) Джозеф) (17.12.1797, г. Олбані, штат Нью-Йорк, ЗША — 13.5.1878),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН і яе прэзідэнт у 1868—78. Вучыўся ў акадэміі ў Олбані (1819—22). З 1832 праф. Прынстанскага каледжа, з 1846 сакратар і дырэктар Смітсанаўскага ін-та ў Вашынгтоне. Навук. працы па электрамагнетызме і электратэхніцы. Адкрыў з’яву самаіндукцыі (1832) і вагальны характар разраду кандэнсатара (1842). Упершыню (1828) пабудаваў магутныя электрамагніты і электрарухавік (1831). У яго гонар названа адзінка індуктыўнасці ў СІгенры.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́ГМУНД ((Zygmund) Антоні) (26.10.1900, Варшава — 30.5.1992),

амерыканскі матэматык, заснавальнік чыкагскай школы матэм. аналізу. Чл. Польскай і Нац. АН ЗША (1961). Скончыў Варшаўскі ун-т (1923). З 1922 у ВНУ Варшавы, з 1929 вучыўся ў Оксфардзе і Кембрыджы, у 1930—39 праф. Віленскага ун-та. З 1940 у ЗША. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі функцый рэчаіснай і камплекснай пераменнай, дастасаваннях тэорыі імавернасцей да матэм. аналізу.

Тв.:

Рус. пер. — Тригонометрические ряды. Т. 1—2. М., 1965.

М.​Л.​Савік.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙН ((Kane) Ілайша Кент) (3.2.1820, г. Філадэльфія, ЗША — 16.2.1857),

амерыканскі даследчык Арктыкі, урач. Удзельнічаў у 2 марскіх экспедыцыях, арганізаваных для пошукаў Дж.Франкліна. Прапанаваў гіпотэзу свабоднага ад лёду Палярнага м. на Пн ад прал. Сміта, куды, па яго меркаванні, маглі трапіць караблі экспедыцыі Франкліна. 1-я экспедыцыя (1850—51, кіраўнік — Э. Дэ Хавен) адкрыла п-аў Грынел, 2-я экспедыцыя (1853—55, кіраўнік К.) — бас. Кейна і прал. Кенэдзі, ледавік Гумбальта, Зямлю Вашынгтона (на ПнЗ Грэнландыі) і інш.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НДАЛ ((Kendall) Генры Уэй) (9.12.1926, г. Бостан, ЗША — 15.2.1999),

амерыканскі фізік і грамадскі дзеяч. Чл. Нац. АН ЗША (1992). З 1961 у Масачусецкім тэхнал. ун-це. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц і высокіх энергій. Даследаваў глыбоканяпругкае рассеянне электронаў на пратонах, дэйтронах і цяжкіх ядрах. Эксперыментальна пацвердзіў існаванне кваркаў (1968). Зрабіў значны уклад у развіццё сістэм кантролю за распаўсюджваннем узбраенняў і тэхнагенным уздзеяннем на прыроду і здароўе чалавека. Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Дж.Фрыдманам, Р.Тэйларам).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 8, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МАНС ((Commons) Джон Роджэрс) (13.10.1862, Холансберг, штат Агайо, ЗША — 11.5.1945),

амерыканскі гісторык-эканаміст і сацыёлаг, прадстаўнік інстытуцыяналізму, тэарэтык правага трэд-юніянізму. Праф. Вісконсінскага ун-та (1904—32). Вылучыў эканам. фактар як адзін з вызначальных момантаў развіцця прац. руху, падмяняў аналіз аб’ектыўных законаў капіталіст. вытв. адносін апісаннем і класіфікацыяй інстытуцый, пад якімі меў на ўвазе розныя сац. ўтварэнні: акцыянерныя т-вы, саюзы прадпрымальнікаў, дзяржаву, сям’ю і інш. Аўтар прац «Прававыя асновы капіталізму» (1924), «Інстытуцыянальная эканамічная тэорыя» (1934) і інш.

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЭ́РЫ ((Carey) Генры Чарлз) (15.12.1793—13.10.1879),

амерыканскі эканаміст, адзін з аўтараў гармоніі інтарэсаў тэорыі. Выступаў супраць эканам. лібералізму, абгрунтоўваў неабходнасць ажыццяўлення палітыкі пратэкцыянізму, якая забяспечвае магчымасць кожнай краіне дасягнуць эканам. самадастатковасці. Лічыў, што законы прыроды ў стане забяспечваць пастаянны эканам. прагрэс і што паліт. эканомія павінна вывучаць адносіны чалавека да прыроды. Адмаўляў тэорыю вартасці і тэорыю рэнты Д.​Рыкарда, атаясамліваў рэнту з працэнтамі на ўкладзены капітал. Асн. працы: «Прынцыпы палітычнай эканоміі» (т. 1—3, 1837—40), «Гармонія інтарэсаў...» (1851).

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПСКАМБ, Ліпскам (Lipscomb) Уільям Нан (н. 912.1919, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША), амерыканскі фізіка-хімік. Чл. Нац. АН ЗША (1961). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1946). З 1946 у Мінесоцкім (з 1954 праф.), з 1959 у Гарвардскім ун-тах. Навук. працы па квантава-хім. мадэляванні пераўтварэнняў малекул у ферментатыўных працэсах, па даследаванні прыроды хім. сувязі ў боравадародах. На аснове прапанаванага ім уяўлення аб двухэлектронных трохцэнтравых сувязях распрацаваў тэорыю будовы разнастайных гідрыдаў бору, карбаранаў, гетэракарбаранаў. Нобелеўская прэмія 1976.

У.Ліпскамб.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Гілберт Ньютан) (23.10. 1875, г. Уэймут, ЗША — 23.3.1946),

амерыканскі фізікахімік, заснавальнік навук. школы. Чл. Нац. АН ЗША (1913). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1942). Скончыў Гарвардскі ун-т (1896). З 1912 праф. Каліфарнійскага ун-та ў Берклі. Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы і тэорыі будовы рэчыва. Прапанаваў электронную тэорыю непалярнай хім. сувязі (1912—16), адну з сучасных тэорый кіслот і асноў (1923). Атрымаў цяжкую ваду (1933, разам з Р.​Макдональдам), вылучыў цяжкі ізатоп вадароду — дэйтэрый.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЭМБ, Лэм (Lamb) Уіліс Юджын (н. 12.7.1913, г. Лос-Анджэлес, ЗША), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1954). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1934). З 1948 праф. Калумбійскага і інш. ун-таў ЗША. Навук. працы па квантавай і статыстычнай механіцы, атамнай і ядз. фізіцы, радыёспектраскапіі, квантавай электроніцы і паскаральнай тэхніцы. Эксперыментальна выявіў зрух узроўняў энергіі ў атаме вадароду (гл. Лэмбаўскі зрух). Разам з інш. пабудаваў індукцыйны паскаральнік рэлятывісцкіх электронаў (1962), прапанаваў тэорыю газавага лазера (1964). Нобелеўская прэмія 1955.

У.Ю.Лэмб.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)