афіцыйная газета; орган Магілёўскага губ. праўлення. Выдаваліся ў 1838—1917 у Магілёве на рус. мове. Складаліся з 2 частак: афіц. (з 2.7.1838; мела агульны і мясц.аддзелы) і неафіц. (з 14.7.1893; у 1904—05 выходзіла як самаст. грамадская і літ. газета). У 1838—49 выходзіла нерэгулярна, у 1849—58, 1864—69, 1905, 1914—17 — штотыднёва, у 1859—63, 1870—1903, 1906—12—2 разы на тыдзень, у 1904—3 разы на тыдзень. У 1897—1903 неафіц. частку рэдагаваў Е.Раманаў. У афіц. частцы публікаваліся пастановы, указы ўрада, губ. адміністрацыі, аб’явы, у неафіц. — краязнаўчыя матэрыялы па археалогіі і гісторыі, статыстыцы, адукацыі, этнаграфіі, фальклоры, мовазнаўстве, сац.-эканам. пытаннях, літ. і літ.-знаўчыя творы, асвятляла культ. жыццё Магілёва і губерні. Сярод публікацый: «Этнаграфічны нарыс» (1839), «Гісторыя Магілёўскага герба» (1842), «Гістарычны агляд Магілёўскай губерні» С.Сакалова (1848), «Орша (1250—1683 гг.)» З.Даўгялы (1898), «Да пытання аб этнаграфічнай карце беларускага племені» Я.Карскага (1902) і інш. Асобныя матэрыялы надрукаваны з захаваннем асаблівасцей бел. мовы, у т. л. «Магілёўскія прыкметы», «Загадкі», «Дзяды» (1849), «Каляды ў Сенненскім павеце» (1852), «Беларускія тэксты вярцепнага дзейства» Раманава (1898) і інш. Некаторыя матэрыялы газеты друкаваліся ў Магілёўскай губернскай друкарні. Усяго выйшла 25 кніг і брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля (1861) як дадатак (замест неафіц. часткі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,
літаратурнамастацкі і грамадска-паліт. альманах. Выдаваўся ў 1912 (сш. 1—2) і 1913 (сш.
3) у Пецярбургу на бел. мове бел. выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца». Друкаваўся кірыліцай і лацінкай адначасова. Меў літ.-маст., сац.-паліт. і навук.-краязнаўчы аддзелы. Выступаў з ідэяй пашырэння бел.нац. асветы, культуры, школьнай справы. Сваёй задачай абвясціў «патрапіць першы раз да сэрца несвядомага беларуса, каб... мець у ім беларуса-грамадзяніна» («Да чытачоў», сш. 1). У артыкулах «На дарозе да новага жыцця» (сш. 1), «К пытанню аб нацыянальных адносінах у Беларусі і Літве» (сш.
2) А.Навіны (А.Луцкевіч) абгрунтаваў адраджэнскую канцэпцыю бел. гісторыі. Упершыню апублікаваў многія маст. творы, у т. л. паэму Я.Купалы «Сон на кургане» (сш. 1), цыклы вершаў Ц.Гартнага з яго аўтабіяграфіяй (сш. 2), гіст.-літ. эцюд А.Янулайціса «Аб маладым паэце з Крошына» (пра П.Багрыма, сш. 3), вершаваныя творы «Батрак» і «Як Янка забагацеў» Я.Коласа, апавяданні «Асеннія лісты» і «Зялёнка» Цёткі, «Амерыканец» А.Новіча (А.Ціхановіча), «Апошняе спатканне», «Парабкі» і «Шчырае каханне» У.Галубка, «Прывід» і «Сябра з каўбасой» Власта (В.Ластоўскага), першае апавяданне «Хутара-ра, Хутара!» Л.Гмырака, цыклы вершаў А.Паўловіча, Ф.Чарнышэвіча, А.Гурло, Я.Журбы, А.Петрашкевіча. Інфармаваў пра дзейнасць бел. выдавецкай суполкі ў Пецярбургу, змяшчаў бел. бібліяграфію, рэцэнзіі, рэкламу бел. друку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў МІ́НСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.
Засн. ў Мінску ў 1923 як частка сховішча Цэнтр. архіва БССР, з 1927 Мінскі гіст. архіў, з 1936 Мінскае аддзяленне цэнтр.дзярж. архіваў БССР, з 1938 Мінскі абл. архіў. На 1.7.1938 на захаванні лічылася 1088 фондаў, больш за 1 млн. спраў. Захоўваліся дакументы губ., пав., валасных органаў улады і кіравання, гасп., фін., паліцэйскіх, судовых, культ.-асв. і інш. устаноў Мінскай губ. за 1793—1918, дакументы сав. перыяду. У час 2-й сусв. вайны дакументы размеркаваны па розных памяшканнях г. Мінска, значная частка іх страчана. У ліп. 1944 архіў аднавіў дзейнасць. У 1964 дакументы дарэв. перыяду перададзены ў Цэнтр.дзярж.гіст. архіў. На 1.1.1997 у архіве 5967 фондаў, 1 237 986 спраў. Зберагае дакументы органаў дзярж. улады і кіравання, прафс., грамадскіх і каап. арг-цый, устаноў адукацыі, аховы здароўя, сац. забеспячэння, статыстыкі, судоў і пракуратуры, прадпрыемстваў, арг-цый прам-сці і сельскай гаспадаркі і інш. Сярод іх пастановы ЦВКБССР і рашэнні па моўнай палітыцы, пратаколы выканкомаў сельскіх і раённых Саветаў пра раскулачванні і высяленні, спісы высланых з тэр. вобласці, дакументы Надзвычайных дзярж. камісій па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў і прычыненых імі страт на тэр. Мінскай вобл., сучасныя дакументы і фонды асабістага паходжання. У 1996 архіву перададзены дакументы былога парт. архіва Мінскага абкома КПБ. Дакументы на бел., рус., польск., ням. і яўр. мовах.
Аддзелы: уліку і забеспячэння захаванасці дакументаў; камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; інфарм.-пошукавых сістэм, выкарыстання дакументаў; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНА-РЫ́ЦАРСКІЯ О́РДЭНЫ,
ваенна-рэлігійныя аб’яднанні, арганізаваныя на ўзор каталіцкіх манаскіх ордэнаў. Узніклі ў час крыжовых паходаў як брацтвы для дапамогі паломнікам у Палесціне, з 12 ст. — ваен. арг-цыі для аховы і пашырэння хрысц. уладанняў на Усходзе, барацьбы з мусульманамі і язычнікамі. З канца 11 ст. да 1300 заснавана 12 Д.-р.о.: Ордэн коннікаў шпіталя св. Яна Іерусалімскага (шпітальеры, прыбл. з 1070); Ордэн бедных рыцараў Хрыста і Саламонава храма (тампліеры, з 1116 або 1119); Авіскі ордэн (з 1162 або 1166); Ордэн св. Міхаіла (з 1167); ордэн мечаносцаў (з 1202); Ордэн прускіх рыцараў Хрыстовых з Добжыні (з пач. 13 ст.) і інш. Іх члены давалі зарокі ўстрымання, паслушэнства, беднасці, падзяляліся на братоў-воінаў, капеланаў (святароў) і братоў-служыцеляў. Ордэн узначальваў вял. магістр (выбіраўся пажыццёва), якому падпарадкоўваліся камандзіры мясц. аддзелаў (правінцый і бальяжаў) — магістры (прыёры), прэцэптары, камандоры, канэтабль і інш. і пры якім перыядычна склікаўся ген. капітул (савет), які валодаў заканад. уладай. Д.-р.о. былі незалежныя ад мясц. свецкіх і духоўных улад і падпарадкоўваліся непасрэдна рым. папу, які даваў ім значныя прывілеі. Найб. магутнымі былі т.зв. «інтэрнацыянальныя» ордэны (шпітальеры, тампліеры, Тэўтонскі ордэн), якія мелі аддзелы ва ўсіх краінах Зах. Еўропы, уласныя арміі, вял. зямельныя ўладанні і грашовыя сродкі. Пасля страты ў 13 ст. ўладанняў на Усходзе Д.-р.о. перанеслі дзейнасць на Зах. Еўропу, дзе яны сталі адной з вядучых ваен. і паліт. сіл. З умацаваннем каралеўскай улады б.ч. ордэнаў перастала існаваць.
Засн. ў 1940 як філіял Цэнтр.гіст. архіва БССР, у 1960 ператвораны ў Цэнтр.дзярж.гіст. архіў БССР у Гродне, з 1993 — Бел.дзярж.гіст. архіў, з 1995 — Нац.гіст. архіў, з 1996 сучасная назва. Размяшчаецца ў будынку — помніку архітэктуры канца 18 ст. На 1.1.2000 у архіве больш за 1200 фондаў, 408 тыс. спраў. Захоўвае пераважна дакументы ўстаноў б. Гродзенскай губ. і Вілейскага, Дзісенскага, Лідскага, Ашмянскага пав. Віленскай губ.Рас. імперыі за 19 — пач. 20 ст.; у асобных фондах — дакументы 16—18 ст. Матэрыялы адлюстроўваюць грамадска-паліт. жыццё б. Гродзенскай губ., гісторыю нац.-вызв., рэв.-дэмакр. руху, маюць звесткі пра колькасць і склад насельніцтва, адм.-тэр. падзел, прававы стан саслоўяў, жыццё і дзейнасць вядомых прадстаўнікоў грамадска-паліт. руху, навукі, культуры (Т.Касцюшкі, П.Багрыма, Э.Ажэшкі і інш.), падзеі вайны 1812. Ёсць дакументы пра паўстанне 1863—64, дзейнасць К.Каліноўскага і яго паплечнікаў, сял. рэформу 1861, сталыпінскую агр. рэформу, дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў, устаноў эканомікі, гаспадаркі, нар. адукацыі, аховы здароўя. Захоўваюцца фонды органаў саслоўнага самакіравання, фінансава-падатковых устаноў, рэліг. канфесій, родавыя фонды Быхаўцаў і Слізняў. Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; уліку дакументаў, інфарм.-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій; выкарыстання і публікацыі дакументаў; лабараторыя забеспячэння захаванасці і мікрафільмавання дакументаў. Працуюць б-ка (каля 11 тыс. кніг і брашур, 5 тыс.перыяд. выданняў), чытальная зала.
К.П.Батракова.
Будынак Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Слуцку, Слуцкі беларускі нацыянальны камітэт, Часовы беларускі нацыянальны камітэт Случчыны, прадстаўнічы орган бел.нац. арг-цый Случчыны ў 1918—20. Створаны ў крас. 1918. У кіраўніцтва ўвайшлі Яніслаўскі (старшыня), С.К.Петрашкевіч (сакратар), М.А.Асвяцімскі (скарбнік). Стаяў на пазіцыях Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Меў на мэце пашырэнне нац. свядомасці беларусаў, арганізацыю бел. школьніцтва, культ.-асв. гурткоў, кааператываў, матэрыяльна падтрымліваў т-ва«Папараць-кветка». У снеж. 1918 стварыў патрыятычную падп. арг-цыю «Саюз абароны краю». Пасля прыходу Чырв. Арміі на нелегальным становішчы, бальшавікі арыштавалі Яніслаўскага, В.М.Русака, П.Я.Жаўрыда і інш. Аднавіў дзейнасць у студз. 1919. У новае кіраўніцтва выбраны Жаўрыд (старшыня), У.Дубіна, Русак, А.Ю.Бараноўскі і інш. Пры к-це створаны аддзелы: арганізац., культ.-асв., каап., юрыд., дабрачынны. Меў цесную сувязь і фінансаваўся Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Палітычна знаходзіўся пад уплывам бел. эсэраў, падтрымліваў антыпольскі падп. і партыз. рух. Кааптаваў сваіх членаў у мясц. органы самакіравання, праводзіў культ.-асв. работу, стварыў гар. і пав.бел. міліцыю. У маі 1920 выступіў з пратэстамі ў адрас Польшчы і Сав. Расіі, у якіх асудзіў тайныя перагаворы пра падзел Беларусі. У час наступлення Чырв. Арміі (ліп. 1920) частка членаў к-та (Петрашкевіч, Бараноўскі, Асвяцімскі, К.Кецка і інш.) выступіла за супрацоўніцтва з сав. уладай. 1.11.1920 створаны новы склад к-та на чале з А.Паўлюкевічам, які стаяў на пазіцыях Найвышэйшай рады Беларускай Народнай Рэспублікі. На 1-м бел. з’ездзе Случчыны 14.11.1920 перадаў свае паўнамоцтвы абранай Беларускай радзе Случчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АРХІ́Ў РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (НАРБ). Засн. ў 1927 у Мінску як архіў Кастр. рэвалюцыі, з ліп. 1938 наз. архіў Кастр. рэвалюцыі і сацыяліст. будаўніцтва БССР, з мая 1993 — Бел.дзярж. архіў, з чэрв. 1995 сучасная назва. З 1930 знаходзіўся ў Магілёве, з 1944 у Мінску. Захоўваюцца дакументы органаў дзярж. улады і кіравання Беларусі, рэсп., парт., камсам., прафс., грамадскіх і каап. арг-цый, ВНУ, устаноў і арг-цый Часовага ўрада Расіі на тэр. Беларусі, бел.нац. і ням.акупац. устаноў перыядаў акупацыі рэспублікі Германіяй і Польшчай, асабістыя фонды дзярж. і грамадскіх дзеячаў Беларусі з сак. 1917 да нашых дзён. Мае 200 фондаў, 916,5 тыс. спраў (2000). Дакументы адлюстроўваюць падзеі Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, устанаўлення сав. улады на Беларусі, утварэння БНР і БССР, дзейнасць КПБ і ЛК.СМБ, аднаўленне нар. гаспадаркі і развіццё культуры ў 1920-я г., сацыяліст.буд-ва, нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі, ням.акупац. рэжым, барацьбу бел. народа супраць акупантаў, развіццё партыз. руху і патрыят. падполля ў гады Вял.Айч. вайны, аднаўленне і развіццё эканомікі і культуры ў пасляваенны час, станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь. Архіў вядзе н.-д. дзейнасць, распрацоўвае пытанні дакументазнаўства, тэорыі і методыкі архівазнаўства. Разам з інш.навук. ўстановамі рыхтуе дакумент. выданні. Працуюць аддзелы: забеспячэння захавання дакументаў і фондаў, інфарм.-пошукавых сістэм; справаводства, камплектавання і ведамасных архіваў, навук. выкарыстання, дакументаў і інфармацыі; асабістых фондаў; дакументаў Вял.Айч. вайны; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў; публікацыі дакументаў; бібліятэка (8,2 тыс.экз. кніг, 1,7 тыс. гадавых камплектаў часопісаў, 1,5 тыс. гадавых камплектаў газет).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДКА ПАРТЫЗА́НСКАЯў Вялікую Айчынную вайну,
збор, апрацоўка і перадача ваен., эканам. і паліт. інфармацыі аб праціўніку; адзін з відаў забеспячэння баявой дзейнасці партызан і адна з форм дапамогі Чырв. Арміі. Праводзілася спец. падраздзяленнямі разведкі і разведчыкамі, якія складалі каля 10% (1944) асабовага складу партыз. фарміраванняў, а таксама сувязнымі, падпольшчыкамі і інш. патрыётамі. У 1942 у тыле ворага дзейнічалі 5150 разведчыкаў, у канцы 1943 — больш за 8 тыс., да ліп. 1944—24 тыс.Р.п. кіравалі Паўн.-Зах. аператыўная група ЦККП(б)Б, развед.аддзелыЦэнтр. і Бел. штабоў партыз. руху, аператыўныя групы і прадстаўніцтва БШПР пры штабах франтоў, развед. органы партыз. фарміраванняў. У дапамогу Чырв. Арміі Р.п. ў вер. 1941 здабыла звесткі пра сканцэнтраванне буйных сіл ворага для наступлення на Маскву і прыблізныя тэрміны яго пачатку; у жн. 1942 — пра перакідку ням. войск у раён Ленінграда; загадзя перадала даныя пра маючае адбыцца наступленне герм. войск у раёне Арла і Курска, пра план контрудараў на Палессі, у раёне Кіева і інш. Толькі з кастр. да канца 1943 бел. партызаны перадалі камандаванню сав. войск звесткі пра размяшчэнне 338 аэрадромаў і пасадачных пляцовак, 871 склад, 152 прадпрыемствы, што выраблялі ваен. прадукцыю. Р.п. здабыла звесткі пра сакрэтную зброю вермахта — самалёты-снарады і ракеты Фау-1 і 2 (гл.Фау), вытворчасць у Германіі фаустпатронаў і інш. (аб выніках дзейнасці бел. партызан і Р.п.гл. таксама Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Каля 6 тыс.партыз. разведчыкаў і сувязных загінулі пры выкананні заданняў. Сярод тых, каму прысвоена званне Героя Сав. Саюза, разведчыкі Г.І.Маслоўская, М.А.Міхайлашаў, М.Тапівалдыеў, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,
частка нерв. сістэмы, што рэгулюе дзейнасць унутр. органаў і жыццёва важныя функцыі арганізма (абмен рэчываў, страваванне, тэрмарэгуляцыю і інш.).
Тэрмін «вегетатыўная» прапанаваў франц. анатам М.Біша (1800). Адрозніваюць сімпатычную і парасімпатычную часткі вегетатыўнай нервовай сістэмы; кожная з іх прадстаўлена цэнтр. і перыферычным аддзелам. Вегетатыўныя цэнтры сімпатычнай нерв. сістэмы складаюцца з нерв. клетак, размешчаных у бакавых рагах спіннога мозга (сегментарныя цэнтры) і звязаных перадгангліянарнымі нерв. валокнамі з пагранічным сімпатычным ствалом і вузламі перадпазваночных спляценняў. Валокны перыферычнай часткі, што пачынаюцца з пагранічнага сімпатычнага ствала і вузлоў перадпазваночных спляценняў (постгангліянарныя), ідуць да ўнутр. органаў. Валокны ад бакавых рагоў спіннога мозга перарываюцца на клетках вузлоў нерв. спляценняў брушной поласці (чарэўнае, падчарэўнае і інш.) і на клетках вузлоў каля ўнутр. органаў (сардэчнае, лёгачнае, ныркавае і інш.), а потым ідуць ва ўнутр. органы. Вегетатыўныя цэнтры парасімпатычнай нерв. сістэмы размешчаны ў ствале галаўнога мозга (сярэдні і прадаўгаваты мозг) і крыжавым аддзеле спіннога мозга. Адросткі клетак гэтых цэнтраў перарываюцца на нерв. клетках вузлоў галавы і з чарапнымі нервамі ідуць да зрэнак, слінных залоз, унутр. органаў. Нерв. валокны, што ідуць ад клетак крыжавога цэнтра парасімпатычнай нерв. сістэмы, пасля перарыву ў нерв. гангліях тазавага спляцення інервуюць мачавы пузыр, прамую кішку і палавыя органы. Кожны ўнутр. орган інервуецца абодвума аддзеламі вегетатыўнай нервовай сістэмы. Маючы розныя функцыі, сімпатычны і парасімпатычны аддзелы вегетатыўнай нервовай сістэмы дзейнічаюць на органы адначасова і рэгулююць іх дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Гродне, Гродзенскі беларускі камітэт, прадстаўнічы орган бел.нац. арг-цый Гродзеншчыны ў 1918—22. Утвораны ў ліст. 1918. У яго кіраўніцтва ўваходзілі Я.Натусевіч (старшыня), У.Курбскі, Л.Дзекуць-Малей, пазней кааптаваны П.П.Аляксюк, Л.І.Заяц, Т.М.Вернікоўскі і інш. Выступаў супраць прарасійскай арыентацыі органаў мясц. самакіравання і земскіх устаноў. Ствараў бел. школы, культ.-асв. гурткі, кааператывы, выступаў за наданне бел. мове афіц. статуса. У снеж. 1918 склікаў бел. сялянскі з’езд Гродзенскага пав. У пач. 1919 выдаваў газ. «Зорка», у кастр. 1920 — студз. 1921 газ. «Беларускае слова». Намаганнямі Вернікоўскага ў студз. 1919 у Гродне адкрыты бел. клуб «Наша хатка». У лют. 1919 БНК правёў у склад магістрата Дзекуця-Малея. З прыходам у горад польск. легіянераў у маі 1919 фактычна спыніў дзейнасць, аднавіў яе ў сак. 1920. Новае кіраўніцтва [старшыня С.Баран (Баранаў), віцэ-старшыня А.Бялецкі, Дзекуць-Малей, У.Федарук і інш.] арыентавалася на бел. эсэраў і стаяла ў паліт. апазіцыі да польск. акупац. улад. Пры к-це створаны адм., арганізац., культ.-асв., дабрачынны аддзелы, юрыд. бюро. БНК ініцыіраваў стварэнне ў маі 1920 Бел. школьнай рады ў Гродне і гродзенскага кааператыва «Беларусь». Працаваў у кантакце з Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Грамадой беларускай моладзі ў Гродне. З прыходам Чырв. Арміі ў ліп. 1920 зноў спыніў дзейнасць. Чл. БНК Баран і Дзекуць-Малей у жн. 1920 увайшлі ў склад Гродзенскага губ. рэўкома. Пасля вяртання польск. войскаў кіраўніцтва ў БНК перахапілі т.зв. паланафілы на чале з В.А.Адамовічам, у студз. 1920 да кіраўніцтва вярнуліся бел. эсэры (старшыня Баран). У 1921 БНК перайшоў на нелегальнае становішча.