пабудовы пчол меданосных у вуллях з пчалінага воску для захоўвання корму (мёду і пяргі) і вырошчвання расплоду; таксама гняздо пчалінай сям’і. Складаюцца з шасцігранных прызматычных ячэек, размешчаных абапал міжсцення, якое можа быць штучным (гл.Вашчына). Ячэйкі бываюць пчаліныя, трутневыя, мядовыя, пераходныя і матачнікі. Сярэдні дыям. толькі што пабудаванай пчалінай ячэйкі 5,38—5,42 мм, глыб. 12 мм, таўшчыня сценак 0,12 мм. У адной ячэйцы змяшчаецца каля 0,4 г мёду.
В.І.Сапега.
Пчаліныя соты: 1 — агульны выгляд (а — мядовыя ячэйкі; б — расплод; в — матачнікі); 2 — у папярочным разрэзе; 3 — з пчалінымі і трутневымі (буйнымі) ячэйкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЫКІ́»,
валуны, помнік прыроды на Беларусі. 2 блокі чырвонага буйназярністага граніту за 4 км на Пн ад в. Іканы Барысаўскага р-на Мінскай вобл., на З ад дарогі Зембін—Бягомль. Даўж.паўн. блока 3 м, шыр. 1,8 м, паўд. — адпаведна 2,5 м і 1,4 м, выш. да 2,1 м, агульны абвод 14,3 м. Аб’ём 17 м³, маса каля 50 т. Прынесены са Скандынавіі каля 200 тыс. гадоў назад. На паверхні «быкоў» расце 21 від лішайнікаў і 8 відаў імхоў, сярод якіх ёсць рэдкія. Назва «быкоў» звязана з легендай, паводле якой Бог ператварыў у камяні быкоў і аратага, што працаваў на Вялікдзень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЦЫКЛО́Н (ад гідра... + грэч. kyklōn які аварочваецца),
апарат для раздзялення ў водным асяроддзі часцінак з рознай масай. Адрозніваюць гідрацыклоны: класіфікатары, сепаратары, згушчальнікі.
Пры вярчэнні гідрацыклона часцінкі гідрасумесі з вял. масай пад уздзеяннем цэнтрабежнай сілы трапляюць у перыферыйную частку апарата і па спіральнай траекторыі рухаюцца да разгрузачнай адтуліны. Часцінкі з меншай масай канцэнтруюцца ва ўнутр. патоку і выносяцца праз зліўную адтуліну. Гідрацыклон выкарыстоўваюць для абагачэння карысных выкапняў у вугальнай і горнай прам-сці, для асвятлення вадкасці, аддзялення часткі вады і інш.
Гідрацыклон: а — агульны выгляд; б — схема патокаў; 1 — конус; 2 — цыліндрычная частка; 3 — сілкавальны патрубак; 4, 5 — зліўная і разгрузачная адтуліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВО́ЛЖА,
тэрыторыя паміж р. Волга, Паўн. Уваламі, Уралам і Прыкаспійскай нізінай, у Расіі. Вылучаюць Высокае З. і Нізкае З. Высокае З. ўключае Верхнекамскае і Бугульмінска-Белебееўскае ўзв. (выш. да 418 м), Вяцкі Увал, Агульны Сырт. Складзена з пермскіх парод: пясчанікаў, сланцаў, глін, мергеляў, вапнякоў, даламітаў, гіпсу; на Пд з мезазойскіх глін і пяскоў. Рэльеф эразійны. Пашыраны карст. Нізкае З. (выш. да 125—150 м) — нізіннае левабярэжжа р. Волга на адрэзку ад г. Казань да г. Камышын, тэктанічны прагін, запоўнены кайназойскімі пясчана-гліністымі адкладамі стараж. Каспія. Ландшафты З. лясныя, лесастэпавыя і стэпавыя з кантынент. кліматам. Радовішчы нафты (гл.Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ШПУ́ЛЯ,
прылада для пераўтварэння пастаяннага (або пераменнага) току нізкага напружання ў пераменны ток высокага напружання. Першая канструкцыя І.ш. зроблена ням. вучоным Г.Румкарфам у 1852.
Мае першасную абмотку з некалькіх дзесяткаў (ці соцень) віткоў тоўстага дроту і другасную абмотку з некалькіх дзесяткаў тысяч віткоў тонкага дроту. Абедзве абмоткі насаджаныя на агульны ферамагн. стрыжань, зроблены з тонкіх эл. ізаляваных адзін ад аднаго лістоў або пруткоў. Першасная абмотка далучаецца да крыніцы сілкавання праз перарывальнік, які перыядычна замыкае і размыкае эл. ланцуг. З прычыны эл.-магн.індукцыі ў другаснай абмотцы ўзнікае эрс высокага напружання. Выкарыстоўваецца ў сістэмах батарэйнага запальвання, а таксама ў навуч. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААПЕРАТЫ́Ў (ад лац. cooperatio супрацоўніцтва),
добраахвотнае аб’яднанне асоб на роўнапаявой аснове для сумеснай вытв-сці, збыту, закупкі, спажывання тавараў і аказання паслуг, буд-ва жылых дамоў і інш.Засн. на асабістым прац. удзеле сваіх членаў, выкарыстанні ўласнай або арандаванай маёмасці. Вышэйшы орган кіравання — агульны сход, які прымае статут, выбірае старшыню (у буйных К. — праўленне), зацвярджае ўтварэнне і размеркаванне даходаў (каштарыс). Адрозніваюць К.: вытворчыя (вырабляюць прадукцыю, выконваюць работы, прадастаўляюць платныя паслугі прадпрыемствам, арг-цыям, грамадзянам), спажывецкія (забяспечваюць патрэбы сваіх членаў і інш. грамадзян у гандл., быт. абслугоўванні і інш.), пасрэдніцкія (заняты ў сферы абарачэння, арг-цыі абмену, размеркавання і выкарыстання матэрыяльных даброт, садзейнічаюць пасрэдніцтву) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́НСКАЯ ШКО́ЛА, кірэнаікі,
філасофская школа ў Стараж. Грэцыі, заснаваная ў 4 ст. да н.э. вучнем Сакрата Арыстыпам з г. Кірэна. Асн. прадстаўнікі Арэта і Арыстып Малодшы (дачка і ўнук Арыстыпа), Феодар, Эўгемер, Анікерыд і Гегесій. Прыхільнікі К.ш. развівалі этычны бок вучэння Сакрата, прапаведавалі геданізм, аб’яўлялі мэтай жыцця асалоду, падкрэслівалі пры гэтым неабходнасць практычнай дзейнасці як перадумовы асалоды і праяўлення актыўнай волі чалавека для таго, каб не трапіць у палон саміх уцех. Адсюль агульны прынцып універсальнасці чалавека, які павінен умець кіраваць і падпарадкоўвацца, быць патрыётам свайго поліса і адначасова не з’яўляцца аднабаковай асобай. Этычныя погляды К.ш. паўплывалі на філасофію эпікурэізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІ́СКАВЫЯ СІСТЭ́МЫ люстрана-лінзавыя сістэмы, у якіх перад сферычным (радзей эліптычным) люстэркам ці перад сістэмай люстэркаў і лінзаў або пасля іх знаходзіцца 1 ці некалькі ахраматычных меніскаў. Вынайдзены ў 1941 Дз.Дз.Максутавым і Д.Габарам, незалежна адзін ад аднаго. Меніскавыя лінзы, радыусы крывізны паверхняў якіх мала адрозніваюцца, не ўплываюць на агульны ход прамянёў, але істотна змяншаюць аберацыі аптычных сістэм, у якія яны ўваходзяць. М.с. маюць малы астыгматызм, у іх можна скампенсаваць сферычную аберацыю, пазбавіцца ад комы. Выкарыстоўваюцца ў астраноміі, фатаграфіі і інш.Гл. таксама Максутава тэлескоп.
Я.У.Чайкоўскі.
Меніскавыя сістэмы тыпу: а — Ньютана; б — Мерсена; 1 — меніск; 2, 3 — галоўнае і дапаможнае люстэркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТРО́Й,
устойлівы псіхічны стан умеранай або слабай інтэнсіўнасці (параўнальна працяглы), які выяўляецца ў станоўчым або адмоўным эмацыянальным фоне псіхічнага жыцця індывіда. У адрозненне ад сітуацыйных эмоцый і афектаў Н. з’яўляецца эмацыянальнай рэакцыяй чалавека на розныя з’явы ў кантэксце яго абагульненых жыццёвых планаў, інтарэсаў, чаканняў. У залежнасці ад ступені ўсведамлення прычын, якія выклікалі Н., ён перажываецца як непадзельны агульны эмацыянальны фон (прыўзняты, прыгнечаны і г.д.) або як стан асобы (радасць, захапленне, смутак, туга, страх і г.д.). Імкненне кантраляваць свой Н., знаходзіць і засвойваць спосабы яго карэкцыі — задача выхавання і самавыхавання (гл.Самарэгуляцыя). Беспрычынныя ваганні Н. могуць мець паталагічнае паходжанне (гл.Дэпрэсія, Эйфарыя) або абумоўлены прыроднай канстытуцыяй чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТЭ́РЫЯ (італьян. osteria),
заезны дом; тып карчмы. Вядома ў Польшчы і на Беларусі з 16 ст., найб. пашырана з 18 ст. Размяшчаліся аўстэрыі звычайна на гандл. плошчах або гал. вуліцах гарадоў і мястэчак. Будавалі іх з дрэва, цэглы, у тэхніцы «прускага муру». У плане пераважала форма прамавугольніка. Уключалі стайні, вазоўні, гасціныя пакоі, каморы. Гасціныя пакоі абсталёўваліся лавамі, сталамі, мелі кафляную грубку для ацяплення памяшкання і мураваную печ для гатавання ежы. Некаторыя аўстэрыі былі складанымі комплексамі, якія ўключалі жылыя, гасп., гандлёвыя і інш. будынкі, згрупаваныя вакол агульнага двара. Аўстэрыі сталі прататыпам для гасцініц і паштовых станцый.
Аўстэрыя ў в. Варняны (Астравецкі раён Гродзенскай вобл.). Агульны выгляд. Фота пач. 20 ст.