тэхнічная сістэма для апраснення вады. Дыстыляцыйныя апрасняльнікі — найб. пашыраныя, бываюць адна- і многаступеньчатыя. У апошніх награванне і выпарэнне вады ў 1-й ступені робіцца парай, якая паступае з парагенератара, а кожная наступная ступень абаграваецца «другаснай» парай, што ўтвараецца ў папярэдняй ступені. Кандэнсат пары, якая абагравае 1-ю ступень, вяртаецца ў кацёл, а кандэнсат, што ўтвараецца ў астатніх ступенях, падаецца спажыўцам. У многаступеньчатых апрасняльніках з імгненным закіпаннем салёная вада паслядоўна паступае ў камеры з паніжаным ціскам, дзе часткова выпараецца; кандэнсат збіраецца ў паддоне. Існуюць таксама апрасняльнікі, у якіх выкарыстоўваюць метады электролізу, гіперфільтрацыі, вымарожвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЁНЫ,
цяжкія (у параўнанні з электронамі) элементарныя часціцы з напаўцэлым спінам і масай, не меншай за масу пратона; удзельнічаюць ва ўсіх вядомых фундаментальных узаемадзеяннях. Належаць да адронаў і складаюцца з 3 кваркаў, што і вызначае іх квантавыя лікі (дзіўнасць, чароўнасць, прыгажосць і інш.). Да барыёнаў адносяцца нуклоны, гіпероны і некаторыя рэзанансы.
Адзіны стабільны барыён — пратон, усе астатнія нестабільныя і паслядоўным распадам ператвараюцца ў пратон і лёгкія часціцы. Гэты эксперым. факт прывёў да ўвядзення ў 1938 новага квантавага ліку — барыённага зараду і ўстанаўлення закону яго захавання. Дакладнасць, з якой выконваецца закон захавання барыённага зараду, характарызуе ўстойлівасць пратона, эксперым. час жыцця якога перавышае 1032 гадоў, што ў сваю чаргу забяспечвае стабільнасць Сусвету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙЛЯ ПУНКТ,
пункт мінімуму на ізатэрме рэальнага газу, адлюстраванай у каардынатах p — pV, дзе p — ціск газу, V — аб’ём, які займае газ. Названы ў гонар Р.Бойля. У наваколлі Бойля пункта невял. ўчасткі ізатэрмаў рэальнага газу можна разглядаць як адрэзкі гарыз. прамых — ізатэрмы ідэальнага газу. Лінія, што злучае Бойля пункты на асобных ізатэрмах, наз.крывой Бойля. Пункт гэтай крывой, што ляжыць на восі pV (p = 0), вызначае т-ру Бойля TB = 3,375TK, дзе TK — крытычная тэмпература. Пры т-рах T < TK магчыма поўнае звадкаванне газу, пры T < TB — частковае.
Да арт.Бойля пункт: 1 — ізатэрмы рэальнага газу ў каардынатах p—pV; 2 — ізатэрма ідэальнага газу; 3 — пункты Бойля; 4 — крывая Бойля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЭМАНА—ФРА́НЦА ЗАКО́Н,
фізічная заканамернасць, што звязвае цеплаправоднасць і электраправоднасць металаў. Устаноўлены ў 1853 ням. фізікамі Т.Відэманам і Р.Францам і ўдакладнены ў 1881 дацкім фізікам Л.Лорэнцам. Паводле Відэмана—Франца закона для ўсіх металаў адносіны каэфіцыента цеплаправоднасці χ (дакладней, яе электроннай складальнай) да іх удзельнай электраправоднасці σ прама прапарцыянальныя абс. т-ры T: χ/σ = LT, дзе L — лік Лорэнца, аднолькавы для ўсіх металаў. Узаемная сувязь эл. праводнасці і цеплаправоднасці тлумачыцца тым, што гэтыя характарыстыкі металаў абумоўлены рухам свабодных электронаў. Відэмана—Франца закон выконваецца для большасці металаў у шырокім інтэрвале т-р, а таксама для паўправаднікоў (лік Лорэнца ў гэтым выпадку залежыць ад механізма рассеяння носьбітаў зараду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЖЫ́ВІКА (санскр.),
адно з неартадаксальных стараж.-індыйскіх вучэнняў, якое адмаўляла існаванне душы. Заснавальнікам аджывікі па традыцыі лічаць мудраца Маркалідэка (6—5 ст. да н.э.). Паводле вучэння аджывікі, існуюць 4 разнавіднасці атамаў, з якіх пабудаваны 4 стыхіі прыроды: зямля, вада, агонь і паветра; «жыццё» ёсць тое, што ўспрымае і пазнае спалучэнні атамаў. Разнавіднасці атамаў і жыццё ўтвараюць 5 існасцяў, якімі вычэрпваецца ўсё існуючае. Свядомасць уяўляецца як асобны агрэгат звыштонкіх атамаў, што ўваходзяць у «канфігурацыю жыцця»; атамы вечныя, непадзельныя, нікім не створаныя і незнішчальныя. Аджывіка выступала пераважна як матэрыяліст. вучэнне, якое процістаяла стараж.-інд. рэлігіі і філасофіі брахманізму. У Паўн. Індыі аджывіка злілася з дагматызмам і вішнуізмам, у паўд. Індыі існавала да 14—15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫЯБА́ТНЫ ПРАЦЭ́С (ад грэч. adiabatos непераходны, запёрты),
тэрмадынамічны працэс, які адбываецца без цеплаабмену паміж тэрмадынамічнай сістэмай і навакольным асяроддзем. Працякае ў сістэме з цеплаізалявальнай (адыябатнай) абалонкай ці без яе пры ўмове, што працэс працякае настолькі хутка, што цеплаабмен можна не ўлічваць (напр., пры выбуху, распаўсюджванні гуку). Адыябатным працэсам лічацца многія атм. працэсы (напр., узыходны і сыходны рух паветра ў антыцыклонах і інш.).
На дыяграме адлюстроўваецца крывой — адыябатай, якая мае найб. просты выгляд для ідэальных газаў (гл.рыс.) і падпарадкоўваецца ўраўненню pvγ = const, дзе p — ціск газу, v — яго аб’ём, γ = Cp/Cv» — паказчык адыябаты, Cp і Cv» — цеплаёмістасці газу пры ізабарным і ізахорным працэсах адпаведна.
рус. філосаф, сацыёлаг. У 1860-я г. вывучаў юрыспрудэнцыю ў Маскоўскім і Пецярбургскім ун-тах. Супрацоўнічаў у час. «Мысль», «Русское богатство» і інш. Распрацоўваў праблемы эстэтыкі, сацыялогіі, маралі асобы і грамадскага развіцця. Лічыў, што ўяўленне пра з’явы аб’ектыўнага свету не тоесныя з аб’ектыўнай рэальнасцю; свядомая воля заўсёды матывавана. На яго думку, філасофія павінна ахопліваць і вобласць пачуццяў, і сутнасць свету; матэрыялізм і пазітывізм не задавальняюць гэтых патрабаванняў, таму што даюць толькі адзін з элементаў свету, яго матэрыяльны падмурак замест цэлага.
Тв.:
Развитие чувствований и опыт их новой классификации. Спб., 1884;
Научные основы красоты и искусства. Спб., 1902;
История мысли: Опыт критич. философии. Спб., 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ СТРА́ТЫ,
частка энергіі пераменнага эл. поля, якая ў дыэлектрыку пераходзіць у цеплавую. Складаюцца са страт праводнасці (джоўлевы страты; гл.Джоўля—Ленца закон) і страт, абумоўленых актыўнай кампанентай току зрушэння ў дыэлектрыку; сегнетаэлектрыкі, акрамя таго, маюць страты на пераарыентацыю даменаў (гл.Сегнетаэлектрычны гістэрэзіс). У сінусаідальным полі характарызуюцца тангенсам вугла Д.с. tgδ, які вызначае долю эл. энергіі, што пераходзіць у цеплавую за 1 перыяд ваганняў эл. поля. Д.с. вымяраюцца, як правіла, разам з вымярэннем дыэлектрычнай пранікальнасці рэчыва. Змяншэнне страт мае важнае значэнне ў вытв-сці кандэнсатараў і эл.-ізаляцыйнай тэхніцы. Д.с. суправаджаюцца разаграваннем дыэлектрыка (дыэлектрычны нагрэў), што выкарыстоўваецца для высушвання матэрыялаў з малой цеплаправоднасцю (драўніны, паперы, керамікі і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІІ ІНТАРЭ́САЎ ТЭО́РЫЯ,
эканамічная канцэпцыя, якая трактавала капіталізм як адзіны магчымы стан грамадства. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст.; найб. вядомыя прадстаўнікі: Ф.Бастыя (Францыя), Г.Ч.Кэры (ЗША). У сваіх творах развівалі ідэі аб капіталізме як адзіным магчымым натуральным стане грамадства. Ідэю эканам. гармоніі Бастыя пашырыў і на вытв-сць, і на размеркавальныя адносіны грамадства; лічыў, што гармонію можа парушыць толькі ўмяшанне дзяржавы ў эканам. адносіны людзей. Кэры абгрунтоўваў існаванне «самай поўнай гармоніі ўсіх рэальных інтарэсаў» розных слаёў грамадства, сцвярджаў, што рабочыя атрымліваюць поўны прадукт сваёй працы, а прыбытак ствараецца капіталам, які ён атаясамліваў са сродкамі вытв-сці. Паслядоўнікі гэтай тэорыі — Г.Джордж (ЗША), Я.Дзюрынг (Германія), М.Х.Бунге (Расія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Фабіян, бел. мысліцель-гуманіст і паэт эпохі Адраджэння і барока. Ідэолаг нонадарантызму (рэліг.-філас. рух у Беларусі 2-й пал. 16 ст.). Крытыкаваў Біблію, лічыў Хрыста не Богам, а простым чалавекам, адмаўляў неўміручасць душы, існаванне замагільнага свету. У 1589 разам з С.Будным у палеміцы з езуітамі даказваў, што душа чалавека пасля смерці гіне разам з целам. Аўтар верша на польскай мове «Эпіграма на герб Лясот», надрукаванага ў кнізе С.Буднага «Пра свецкую ўладу» (1583). У творы выказаў думку, што ўсякая ўлада павінна быць разумнай, кіравацца маральнымі дабрачыннасцямі.
Літ.:
Подокшин С.А. Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974.