БАРТАШЭ́ВІЧ ((Bartoszewicz) Альберт Іосіфавіч) (н. 2.8.1942, в. Раёўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

польск. мовазнавец. Д-р (1972), праф. (1992). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1964). Працаваў у пед. ін-це ў г. Аполе, Пазнанскім і Варшаўскім ун-тах (1964—92), з 1987 дырэктар Варшаўскага філіяла Ін-та рус. мовы імя Пушкіна ў Маскве. З 1993 заг. кафедры ў Вышэйшай пед. школе ў г. Ольштын. Даследуе польск., бел. і рус. мовы, агульнае мовазнаўства. На аснове «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84) склаў першы ў бел. мовазнаўстве «Адваротны слоўнік сучаснай беларускай мовы» (т. 1—4, Варшава, 1988—89; з І.​Камендацкай).

А.​С.​Аксамітаў.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРА́НЦЫЯ (Astrantia),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, на Каўказе і ў М. Азіі. На Беларусі 1 дзікарослы — астранцыя вялікая (Astrantia major), трапляецца ў Белавежскай пушчы і ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці (занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь) і 4 інтрадукаваныя віды — астранцыя найвялікшая (Astrantia maxima), трохнадрэзаная (Astrantia trifida), Біберштэйна (Astrantia biebersteinii), калхідская (Astrantia colchida), вырошчваюцца ў Цэнтр. бат. садзе АН.

Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны. Лісце пальчата-раздзельнае (прыкаранёвае доўгачаранковае, сцябловае амаль сядзячае). Кветкі тычынкавыя і двухполыя, у простых парасоніках з буйнымі афарбаванымі звонку лісцікамі абгорткі. Плод — падоўжана-цыліндрычны віслаплоднік. Дакар., лек. і меданосныя расліны; некаторыя ядавітыя.

Астранцыя вялікая.

т. 2, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ШЫЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдЗ ад Лагойска, 28 км ад Мінска. 689 ж., 218 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі.

Упершыню ўпамінаецца ў 1449 як маёнтак пад назвай Острожчычы. Належаў Судзімонтавічам, Кежгайлам, Шамётам, з 1590 Крыштофу Радзівілу, потым Тышкевічам (да пач. 20 ст.). У 1747 тут пабудавана уніяцкая царква. У 1870 вёска Астрашыцка-Гарадоцкай вол. На пач. 20 ст. паселішча Астрошыцы складалася з панскага двара (55 ж.) і вёскі (150 ж., 21 двор). З 1924 цэнтр сельсавета Астрашыцка-Гарадоцкага, з 1931 Лагойскага р-наў.

т. 2, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́САЎ (Павел Кірылавіч) (28.8.1915, г. Такмак, Украіна — 21.11.1980),

бел. скульптар. Скончыў Варашылаўградскае маст. Вучылішча (1939). З 1960 жыў у Мінску. Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры. Творы адметныя дынамікай, пластычнасцю формы, лаканічнасцю выяўл. сродкаў. Аўтар помніка воінам Сав. Арміі і партызанам у калгасе «Камуніст» (Старадарожскі р-н Мінскай вобл., 1962); кампазіцый «Варатар» (1957), «Апошні бастыён» і «Мінчанка» (1958), «Хірург» (1962), «Салдаты, 1941 год» (1969), «Сяргей Ясенін» (1973), «Юрый Смірноў» і «А маці ўсё чакаюць» (1975); партрэтаў У.​Маякоўскага (1957), А.​Р.​Саенкі (1975) і інш. А.​Р.​Саенкі (1975). Адзін з аўтараў Мемарыяла воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (Дзярж. прэмія Беларусі 1986).

П.Белавусаў. Апошні бастыён. 1958.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗАВІ́К,

балота ў Беларусі, на З Вілейскага р-на Мінскай вобл. і на У Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл., пераважна ў вадазборы р. Спягліца, часткова ў вадазборы Вішнеўскага воз. Нізіннага (62%), вярховага (30%), пераходнага (2%), мяшанага (6%) тыпаў. Пл. 7,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5,3 тыс. га. Глыб. торфу да 5,7 м, сярэдняя 1,8 м. Першапачатковыя запасы торфу 18,1 млн. т. Ёсць паклады сапрапелю магутнасцю да 2,5 м. Сярод балота воз. Калодкі. Цэнтральная ч. балота занята драбналессем з хвоі і бярозы, кусцікавы ярус з багуну і буякоў, ёсць журавіны. Уздоўж Спягліцы і на ўскрайках балота вярба, разнатраўе, асокі.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕ́ДНАЕ ВО́ЗЕРА, Бляда,

у Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Мядзел, у межах гідралагічнага заказніка Чарэмшыца. Уваходзіць у Нарачанскую групу азёраў. Пл. 1,95 км², даўж. 2,02 км, найб. шыр. 1,44 км, найб. глыб. 8,1 м, даўж. берагавой лініі 6,02 км. Пл. вадазбору 4,72 км².

Схілы катлавіны выш. да 2 м, паўд.-зах. — да 5 м, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, у паўд.-зах. заліве сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае. Дно глыбей за 3 м сапрапелістае. Зарастае да глыб. 2 м, шыр. паласы надводнай расліннасці да 180 м. Адзначана гнездаванне лебедзя-шыпуна (занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́БРЫКСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942.

Праведзена партызанамі 6 атрадаў партыз. злучэння Мінскай і Палескай абл. па падрыве чыг. моста цераз р. Бобрык на лініі Калінкавічы—Жыткавічы ў Петрыкаўскім р-не 9 снеж. ў Вял. Айч. вайну. 40-метровы мост моцна ахоўваўся, за 10 км ад яго на ст. Капцэвічы знаходзіўся буйны гарнізон праціўніка. У ходзе аперацыі партызаны разбурылі чыг. палатно і лініі сувязі на З і У ад моста, арганізавалі засады на дарогах, знішчылі ахову на раз’ездзе, пусцілі пад адхон вайск. эшалон, атакавалі і знішчылі ахову моста, замініравалі яго і ўзарвалі. У выніку аперацыі рух на чыгунцы быў спынены на 7 сутак.

т. 3, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯХНО́ВІЧЫ, Алёхнавічы,

вёска ў Беларусі, у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 28 км на ПдУ ад Маладзечна, 55 км ад Мінска, чыг. ст. на лініі Мінск—Маладзечна. 3244 ж., 1181 двор (1995). Птушкафабрыка, сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

У 19 ст. вёска і фальварак у Краснасельскай вол. Вілейскага пав. У 1872 пракладзена чыгунка, у 1885 пабудаваны вакзал. З 1921 у складзе Польшчы. У Аляхновічах дзейнічалі гурткі Бел. сял.-работніцкай грамады. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1942 у Аляхновічах размяшчаўся лагер смерці для ваеннапалонных. У 1948 арганізаваны калгас «Новае жыццё», у 1955 саўгас «Аляхновіцкі».

т. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРО́СІК (Мікалай Мікалаевіч) (н. 8.1.1945, в. Каменка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарнай мікрабіялогіі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Д-р вет. н. (1989). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1970). З 1972 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя С.​Н.​Вышалескага, з 1994 нач. Гал. ўпраўлення аграрнай адукацыі Мінсельгасхарча Беларусі. Навук. працы па дыягностыцы, спец. прафілактыцы і мерах барацьбы з інфекц. хваробамі жывёл.

Тв.:

Профилактика пневмоний свиней. Мн., 1989;

Справочник по болезням сельскохозяйственных животных. 2 изд. Мн., 1990 (у сааўт.);

Справочник по болезням молодняка животных. Мн., 1995 (разам з М.​В.​Якубоўскім, Я.​А.​Панкаўцом).

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ДНЯ,

рака ў Беларусі, у Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 214 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Прысынак Смалявіцкага р-на, цячэ пераважна па Верхнебярэзінскай нізіне. Асн. прытокі: Сойка (справа) і Каўпеніца (злева).

Даліна ў верхнім цячэнні трапецападобная (шыр. 3—4 км) са спадзістымі схіламі, у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная, зліваецца з далінамі рэк Гайна і Бярэзіна. Пойма забалочаная, у верхнім цячэнні шыр. 300—800 м, у ніжнім зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча ад вытоку на 12 км каналізаванае, ніжэй слаба ўтварае меандры. Берагі невысокія, забалочаныя.

т. 3, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)