МА́ННА,

1) застылы сок некаторых раслін (ясеня маннага, грабеншчыка і інш.), што выцякае з ранак на кары.

2) Некалькі відаў вандроўных лішайнікаў сям. леканоравых (засушлівыя вобласці ў Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы). Маюць выгляд камячкоў дыям. да 4 см гліністага ці папяліста-шэрага колеру, якія да глебы не прымацоўваюцца. Лёгка пераносяцца ветрам на вял. адлегласці. Ядомыя (магчыма, адсюль і легенда пра М., якая «падае з неба»).

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Георгій Фёдаравіч) (19.1.1867, С.-Пецярбург — 9.5.1920),

расійскі лесазнавец, батанік і географ; адзін з заснавальнікаў біягеацэналогіі. Скончыў Пецярбургскі лясны ін-т (1893); з 1901 праф. у ім, з 1918 праф. Таўрычаскага ун-та ў г. Сімферопаль. Стварыў вучэнне аб лесе як біягеацэналагічнай, геагр. і гіст. з’яве. Распрацаваў вучэнне пра тыпы лесанасаджэнняў, развіў уяўленне аб змене лясных парод і іх згуртаванняў.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1970—71.

т. 10, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫРАЛО́Г [ад грэч. martyr сведка; пазней пакутнік (у Новым запавеце — аб вучнях Хрыста) + logos слова, вучэнне],

1) у хрысціянскай царк. л-ры зборнік апавяданняў пра святых і пакутнікаў. Першапачаткова гэта быў каляндар, дзе пазначаліся імёны святых, месцы іх пакутніцтваў і дні іх памяці, пазней стаў дапаўняцца біяграфіяй. Найб. вядомыя «Усеагульны М.» (1536) у каталіцызме і «Менелогій» (9 ст.) у праваслаўі.

2) Спіс ахвяр, якія без віны загінулі, пакараныя смерцю.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НАС (Minōs),

легендарны цар Кноса (на в-ве Крыт), герой шматлікіх грэч. міфаў, у т. л. пра Тэсея і Мінатаўра, Дэдала і Ікара і інш. Лічыўся сынам Зеўса і Еўропы. Стараж.-грэч. гіст. традыцыя прыпісвае яму стварэнне першага на Крыце заканадаўства і магутнай марской дзяржавы, якая ў 17—15 ст. да н.э. панавала на Эгейскім м. Сучасная гістарыяграфія ўмоўна падзяляе стараж. гісторыю Крыта на 3 мінойскія перыяды (ад імя М.).

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ Васіль, бел. казачнік канца 19 ст. з в. Бердзябякі Ельнінскага пав. Смаленскай губ. Адзін з інфарматараў У.М.Дабравольскага. Рэпертуар М. складалі чарадзейныя, сац.-бытавыя, навелістычныя казкі, анекдоты, замовы. Асабліва цікавыя казкі М. «Аб Іване Гадзімавічы, Аляксеі Гадзімавічы, Стаўры Гадзімавічы» і «Казка пра Івана Іванавіча, купецкага сына», з якой кантамінуецца некалькі сюжэтаў. Валодаў багатай палітрай маст. слова, выкарыстоўваў прыказкі і прымаўкі.

Літ.:

Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891.

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВА́РЫЧ (Алесь) (сапр. Трушко Аляксандр Іванавіч; н. 2.11.1960, в. Відзібор Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1985). Настаўнічаў, з 1988 працаваў у час. «Вожык», Рэсп. цэнтры эстэт. выхавання, з 1992 рэдагаваў газ. «Збудінне», у 1995—97 супрацоўнічаў у час. «Бярозка». Друкуецца з 1983. У апавяданнях (зб-кі «Рабкова ноч», 1988; «Ноч пацалункаў незалежнасці», 1989) піша пра людзей Палесся, прыроду. Іх асаблівасць — лаканічнасць, займальнасць, філас. асэнсаванне чалавечых лёсаў.

т. 11, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАСТА́ЎНІЦКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

выданне асветнікаў Рэспублікі Беларусь. Выходзіць са снеж. 1945 у Мінску на бел. мове (да 1957—1 раз, з 1958—2 разы, з 1998—3 разы на тыдзень). Асвятляе праблемы адукацыі і выхавання, пытанні пед. навукі і практыкі, аналізуе развіццё пед. думкі ў Беларусі, інфармуе аб правядзенні рэформы агульнаадук. школы, пераўладкаванні прафесійнай і вышэйшай школы, пра сістэму адукацыі ў краінах замежжа. Адрасавана настаўнікам, выкладчыкам, навукоўцам, навучэнцам, студэнтам, а таксама бацькам.

т. 11, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЗА́М АЛЬ-МУЛЬК.

Нізам ал-Мулк (тытул Абу Алі аль-Хасана ібн Алі ібн Ісхака ат-Тусі; 1017, каля г. Тус, Іран — 14.10.1092), дзяржаўны дзеяч Сельджукскай дзяржавы. Везір сельджукскіх шахаў Алп-Арслана (з 1063) і Мелік-шаха (з 1072). Прыхільнік моцнай цэнтралізаванай улады, аўтар кнігі пра майстэрства дзярж. кіравання «Сіясет-намэ». Забіты ісмаілітамі.

Тв.:

Рус. пер. — Сиасет-намэ: Книга о правлении вазира XI столетия Низам ал-Мулька. М.; Л., 1949.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧА́Й (Даніла) (? — 2.3.1651),

дзеяч нац.-вызв. руху на Украіне, герой вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Брацлаўскі палкоўнік (з 1648). Вызначыўся ў бітвах казацка-сял. войска супраць войск Рэчы Паспалітай пад Піляўцамі (1648), Меджыбожам, Зборавам (1649). Адмовіўся прызнаць Збораўскі дагавор 1649 і ў канцы 1649 — пач. 1650 узначаліў нар. паўстанне на Брацлаўшчыне, Валыні і ў Падоліі. Загінуў у баі. Пра яго гераічныя подзвігі ўкр. народ склаў песні і думы.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСА́НІЙ (Pausanias; 2 ст. н.э.),

старажытнагрэчаскі пісьменнік. Нарадзіўся, верагодна, у Лідыі. Падарожнічаў па Італіі, Сардзініі, Корсіцы, Аравіі і Сірыі. Напісаная ім у 170-я г. праца «Апісанне Элады» — своеасаблівы даведнік пра найб. вядомыя помнікі гісторыі і культуры: Атыкі і Мегары (кн. 1), Карынфа (кн. 2), Пелапанеса (кн. 3—8), Беотыі і Факіды (кн. 9—10). Апрача асабістых уражанняў П. выкарыстаў творы гісторыкаў і географаў, паэтаў, якія не дайшлі да нашага часу.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)