КРАШАНІ́ННІКАЎ (Сцяпан Пятровіч) (11.11.1711, Масква — 8.3.1755),

рускі вучоны, даследчык Камчаткі. Акад. Пецярбургскай АН (1750). З 1724 вучыўся ў маск. Славяна-грэка-лацінскай акадэміі, з 1732 ва ун-це ў Пецярбургу. Удзельнік 2-й Камчацкай экспедыцыі (1733—43). У 1733—36 падарожнічаў па Сібіры. У 1737—41 даследаваў п-аў Камчатка. На аснове сабраных матэрыялаў напісаў навук. працу па геаграфіі, гісторыі, мовах і быце народаў Камчаткі («Апісанне зямлі Камчаткі»). Яго імем названы востраў каля Камчаткі, мыс (на в-ве Карагінскім) і гара на Камчатцы.

т. 8, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВА́Я, Хвашчоўка,

рака ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Друць (бас. р. Дняпро). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 242 км². Пачынаецца на паўн. ускраіне в. Раманаўка. Цячэ па Аршанскім узв. Даліна на вял. працягу добра распрацаваная, трапецападобная, у вярхоўі невыразная. Пойма вузкая, лугавая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае. Рэчышча каналізаванае на працягу 3 км, астатняе звілістае. Шыр. ракі ў межань да 10 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Асн. прыток — р. Ржаўка. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУРЫ́ЗМ,

бодыбілдынг (англ. body-building целабудаўніцтва), сістэма сілавых практыкаванняў для развіцця мускулатуры. Вядомы з часоў Стараж. Грэцыі і Рыма. Асновы сучаснага К. распрацаваны ў канцы 19 ст., сістэмы трэніровак — у 1960-я г. (у ЗША). Міжнар. конкурсы па К. праводзяцца з 1901, штогадовыя чэмпіянаты свету — з сярэдзіны 20 ст. Міжнар. федэрацыя па К. створана ў 1946, федэрацыя К. Беларусі — у 1985. Сярод бел. культурыстаў: Э.​Зайкін, бронз. прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў (1994), чэмпіёны Еўропы М.​Шыла (1989) і А.​Крыксін (1996).

т. 9, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАНІ́КА, маліна неская (Rubus nessensis),

кветкавая расліна сям ружавых. Пашырана ў Еўропе; на Беларусі — усюды. Трапляецца ў лясах, па берагах рэк. Нар. назва — дуброўка.

Паўкуст выш. 50—100 см з прамастойнымі сцёбламі. Знешне падобная да ажыны, адрозніваецца пладамі без шызага налёту і граністымі парасткамі першага года. Лісце пяціпальцае з прылісткамі, чаргаванае. На сцёблах і чаранках лісця пурпурова-чорныя шыпы. Кветкі буйныя, белыя, па 5—12 у шчытках. Плод — малінава-чорная шматкасцянка, ядомы (спажываюць у свежым выглядзе, гатуюць варэнне, джэмы, мармелады, сокі).

Куманіка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАК (Віктар Віктаравіч) (н. 6.3.1944, в Манастырышчава Чарнігаўскага р-на Прыморскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне анестэзіялогіі і рэаніматалогіі. Д-р мед. н. (1997), праф. (1998). Скончыў Каўнаскі мед. ін-т (1966). З 1975 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1989 заг. кафедры). Гал. дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг Беларусі. Навук. працы па патафізіялогіі штучнага кровазвароту і па пытаннях інтэнсіўнай тэрапіі запаленча-гнойных захворванняў у дзяцей.

Тв.:

Справочник по педиатрии. Мн., 1979 (у сааўт.);

Справочник семейного врача: Педиатрия. Мн., 1997 (у сааўт.).

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ДО́СЛЕДНЫ ЗАВО́Д «НЁМАН».

Створаны ў 1984 у г. Ліда Гродзенскай вобл. як спец. канструктарскае тэхнал. бюро (СКТБ) з доследнай вытв-сцю «Нёман» НДІ сродкаў аўтаматызацыі. У 1988 пачала працаваць першая чарга прадпрыемства, СКТБ рэарганізавана ў доследны з-д «Нёман» па зборцы, рэгуліроўцы і здачы доследных узораў спецтэхнікі. З 1993 галаўное прадпрыемства па асваенні і выпуску аўтобусаў маркі ЛіАЗ-5256. Асн. прадукцыя (1999): аўтобусы гарадскія і прыгарадныя вял. умяшчальнасці, газагарэлачныя блокі Л-1Н для газавых катлоў тыпу «Факел», тавары нар. спажывання.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЙКА (Наталля Аляксандраўна) (н. 17.3.1946, г. Чарнаўцы, Украіна),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыла БДУ (1969). З 1969 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па нелінейнай дынаміцы лазерных і аптычных сістэм. Распрацавала тэарэт. мадэліраванне працэсу генерацыі лазерных сістэм з запазняльнай адваротнай сувяззю, вызначыла прычыны і ўмовы суіснавання мультыстабільнасці па розных характарыстыках поля выпрамянення, распрацавала метады пераключэння мультыстабільных станаў у розных тыпах лазераў.

Тв.:

Автоколебания в лазерах. Мн., 1990 (разам з А.​М.​Самсонам, Л.​А.​Катомцавай).

т. 9, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЖЭЛАЦІ́НАВЫ ЗАВО́Д Пабудаваны ў 1937 у Магілёве як косцеперапрацоўчы з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1947. З 1953 пачалася вытв-сць касцявога клею, з-д перайменаваны ў клеявы. З 1959 з-д па вытв-сці касцявой мукі. У 1964—68 расшыраны і рэканструяваны. З 1973 працуе цэх па вырабе жэлаціну. З 1979 сучасная назва, з 1996 адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): клей касцявы, жэлацін харч. і тэхн., касцявы паўфабрыкат кармавы і тэхн., тлушч тэхнічны.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д МЕТАЛІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Створаны ў 1932 у Магілёве як арцель-металакамбінат прамкааперацыі па вытв-сці метал. посуду і чыгуналіцейных вырабаў шырокага ўжытку. Арцель складалася з цэхаў: ліцейнага, метызнага, дахавазагатовачнага, рамонтна-мех. і па вырабе канькоў. З 1965 ложкавы з-д, з 1971 з-д тэхн. аснасткі, з 1981 з-д металавырабаў (у склад яго ўвайшоў Клімавіцкі з-д металавырабаў). З 1993 ВА «Ольса». Асн. прадукцыя (1999): мэбля (на аснове металапрофіляў з палімерным пакрыццём) для адпачынку, навуч. і мед. устаноў і інш.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМАРЭ́ (Mamoré),

у вярхоўях Рыо-Грандэ, рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Балівіі і па мяжы Балівіі з Бразіліяй. Зліваецца з р. Бені і ўтварае р. Мадэйра (прыток р. Амазонка). Даўж. 2300 км, пл. басейна 620 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Кардыльеры, цячэ пераважна сярод саваннаў і саваннавых лясоў па раўнінах Балівіі. У ніжнім цячэнні парогі і вадаспады. Найб. прыток Гуапарэ (правы). Разводдзе з лют. да красавіка. Сярэдні расход вады 8100 м³/см. Суднаходная паміж гарадамі Гуажара-Мірын і Ікеронес.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)