НЯДБА́ЙЛА (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 28.1.1923, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (крас., чэрв. 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1970). Скончыў Варашылаўградскую ваенна-авіяц. школу пілотаў (1943), Ваенна-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял.Айч. вайну з сак. 1943 на Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах пілот, камандзір звяна, эскадрыллі штурмавога авіяц. палка. Зрабіў 219 баявых вылетаў. Вызначыўся ў баях за вызваленне Крыма, Беларусі (у чэрв.—ліп. 1944 наносіў паветр. ўдары па праціўніку каля Оршы, Талачына, у мінскім«катле»), Прыбалтыкі, Усх. Прусіі. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце ў ваенна-навучальных установах ВПС. Аўтар кнігі «У гвардзейскай сям’і» (1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯДЗВЕ́ДСКІ (Уладзіслаў Іосіфавіч) (24.7.1929, в. Рахавічы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 17.10.1973),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1955). У 1955—68 працаваў настаўнікам, на Бел. тэлебачанні і ў час. «Маладосць», з 1972 — у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1949. Тэма вайны, гераізму, пасляваеннага дзяцінства — асн. ў зб-ках яго паэзіі «Вясновыя барозны» (1958), «Запрашэнне» (1960), «У лясной старане» (1962), «Размова з адсутнымі» (1969), аповесці «Хлопцы з другога корпуса» (1963). Пісаў для дзяцей (кн. вершаў «Сто братоў і сясцёр», 1960). Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыст. апавяданняў «Капронавыя галёшы» (1964) і «Начная пагоня» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЕ́ЦКІ НАРО́ДНЫ КАНГРЭ́С (ННК; Deutscher Volkskongreß),
сход дэлегатаў ад паліт. партый і масавых арг-цый, кіроўны Сацыяліст. адзінай партыяй Германіі (САПГ; засн. ў 1946) пасля 2-й сусв.вайны. Пасяджэнні кангрэса адбыліся ў снеж. 1947, сак. 1948 і маі 1949, ён выбраў у сак. 1948 1-ы, у маі 1949 2-і Нямецкі нар. савет (апошні 30.5.1949 прыняў праект канстытуцыі, а 7.7.1949 канстытуіраваўся як часовая Нар. палата і абвясціў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку, ГДР). ННК праводзіў сав. палітыку адносна Германіі і служыў для САПГ інструментам у будаўніцтве аднапарт. сістэмы. У зах.акупац. зонах краіны забаронены ў пач. 1948. У сувязі з заснаваннем ГДР ННК канстытуіраваўся ў кастр. 1949 як Нац. фронт дэмакр. Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯРУ́ДНЫХ БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці, спецыялізаванай на здабычы, драбленні і абагачэнні буд. каменю, здабычы друзу, жвіру, буд. пяску. На Беларусі як прамысл. галіна пачала фарміравацца пасля Вял.Айч.вайны з буд-вам спецыялізаваных прадпрыемстваў. Аб’ядноўвае больш за 350 прадпрыемстваў, найбуйнейшыя з іх Мікашэвіцкае прадпрыемства«Граніт», Заслаўскі і Аршанскі драбільна-сартавальныя з-ды, Смаргонскі драбільна-сартавальны гідрамеханізаваны ’з-д. Аснова сыравіннай базы — радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу і буд. каменю. Прадукцыя выкарыстоўваецца як напаўняльнік для вытв-сці бетону, жалезабетону, пры буд-ве і рамонце чыгункі, дарог з цвёрдым пакрыццём, меліярац. сістэм і інш.Гл. таксама Адкрытая распрацоўка радовішчаў, Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.
Да арт.Нярудных будаўнічых матэрыялаў прамысловасць. Здабыча граніту на Мікашэвіцкім радовішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАПЕ́ЧНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,
тэрыторыі, якія пасля заканчэння 2-й сусв.вайны ўключаны ў Міжнар. сістэму апекі ААН, прадугледжаную Статутам ААН. Гэта пераважна былыя падмандатныя тэрыторыі Лігі Нацый або калоніі, найперш Германіі і яе саюзнікаў: у Афрыцы — Камерун, Руанда, Бурундзі, Самалі, Танзанія, Паўд.-Зах. Афрыка; а-вы у Ціхім Акіяне — Зах. Самоа, Науру, Новая Гвінея, Марыянскія, Маршалавы і Каралінскія; з насельніцтвам каля 20 млн. чалавек. Кіраванне імі, са згоды ААН і пад кантролем яе Савета па апецы, атрымалі б. каланіяльныя дзяржавы — Вялікабрытанія, Бельгія, Францыя, а таксама Італія (над Самалі). Апрача таго, Савет Бяспекі ААН у 1947 перадаў Каралінскія, Марыянскія і Маршалавы а-вы ў якасці «стратэгічнага раёна» пад кіраванне ЗША. Да 1997 усе П.т. атрымалі незалежнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ (франц. armée ад лац. armare узбройваць),
1) ваенны орган дзяржавы, прызначаны праводзіць яе палітыку сродкамі ўзбр. насілля.
Узнікла разам з дзяржавай. Кожная сац.-эканам. фармацыя мела адпаведныя формы арганізацыі. Вядомы арміі: масавая, наёмная, міліцыйная, пастаянная, рэгулярная. Пастаянныя ўзбр. атрады разам з апалчэннем складалі аснову будаўніцтва першых рабаўладальніцкіх дзяржаў. Тады з’явіліся амаль усе формы арганізацыі арміі, якая складалася з лёгкай, сярэдняй і цяжкай пяхоты, конніцы, калясніц баявых і інш. У феад. эпоху фарміраваліся і выкарыстоўваліся таксама вярбовачныя і наёмныя войскі, у ВКЛ у 14—18 ст. аснову арміі складала апалчэнне — т.зв. паспалітае рушэнне, ядром якога была княжацкая дружына, вярбовачныя і наёмныя атрады і інш. Пазней узнікла кадравая армія сучаснага тыпу.
2) Сукупнасць узброеных сіл дзяржавы.
3) Аператыўнае аб’яднанне пэўнага віду ўзбр. сіл. Складаецца з некалькіх злучэнняў і часцей розных родаў войскаў, у т. л.спец. войскаў. Выконвае аператыўныя задачы ў ходзе баявых дзеянняў. Бываюць арміі агульнавайсковыя, танкавыя і інш. Кожная армія мае свой нумар або найменне. Звычайна армія ў час вайны ўваходзіць у склад фронту (групы арміі, армейскай групы), але можа дзейнічаць і самастойна.
4) Від узбр. сіл (побач з ракетнымі войскамі, войскамі ППА, ВПС, ВМФ). Гл.Сухапутныя войскі.
5) Частка ўзбр. сіл дзяржавы, спец. падрыхтаваная для раптоўнага нападу на тэрыторыю якой-н. краіны ў пачатку або ў ходзе вайны (армія нападу) або першаснай абароны граніцы дзяржавы ад раптоўнага нападу агрэсара, каб забяспечыць ваенную мабілізацыю і разгортванне гал. сіл (армія прыкрыцця).
6) У пераносным сэнсе — вял. колькасць людзей, аб’яднаных якой-н. агульнай справай, прыкметай (напр., працоўная армія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў у Бабруйску 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1807—36 у гіст. цэнтры горада на месцы Бабруйскага замка ў сутоках рэк Бярэзіна і Бабруйка. Будаўніцтва вялося ў 2 этапы. 1-ы (1807—12) ажыццяўляўся ва ўмовах набліжэння вайны 1812. Крэпасць будавалася паводле праекта ўпраўляючага інж. экспедыцыяй Ваеннага мін-ваген. К.І.Опермана, яе ўзводзілі тысячы салдатаў і прыгонных сялян Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. Да пач.вайны пабудаваны 5 асн. бастыёнаў, частка ўнутр. збудаванняў, насыпаны валы, выкапаны глыбокія равы. У вайну 1812 крэпасць вытрымала 4-месячную аблогу (гл.Бабруйская абарона 1812). На 2-м этапе буд-ва (1812—36) тэр. крэпасці павялічана, узведзены 17 дадатковых бастыёнаў (да 1820), вежы, форт «Фрыдрых Вільгельм» (1822). У арх. аздабленні будынкаў крэпасці выкарыстаны элементы стылю класіцызм (арх. А.Штаўберт). У Бабруйскай крэпасці распрацаваны Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. У лют. 1826 прапаршчык С.І.Трусаў спрабаваў узняць паўстанне раскватараванага тут Палтаўскага палка. Пасля задушэння дзекабрысцкага руху крэпасць ператворана ў катаржную турму. Пасля паражэння нац.-вызв. паўстання 1863—64 тут было зняволена каля 2 тыс. яго ўдзельнікаў. У рэв. 1905—07 у крэпасці размяшчаўся дысцыплінарны батальён, адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У час акупацыі Бабруйска польскімі войскамі (жн. 1919 — ліп. 1920) на тэр. крэпасці знаходзіўся лагер ваеннапалонных. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты ператварылі крэпасць у Бабруйскі лагер смерці. У чэрв. 1944 сав. войскі акружылі і знішчылі тут варожы гарнізон (гл.Бабруйская аперацыя 1944).
Літ.:
Ненадавец А.М. Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993.
Бабруйская крэпасць у 1811. З карціны Б.Залескага.Адзін з фортаў Бабруйскай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЕ МАЙСТЭ́РСТВА,
тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення ваенных дзеянняў на сушы, моры і ў паветры; асн. частка ваеннай навукі. Уключае стратэгію ваенную, аператыўнае майстэрства, тактыку. Стратэгія ўключае тэорыю і практыку падрыхтоўкі ўзбр. сіл да ваен. дзеянняў, планаванне і вядзенне вайны, стратэг. аперацый, выкарыстанне відаў узбр. сіл і кіраванне імі. Яна абумоўлена палітыкай дзяржавы і падпарадкавана ёй. Аператыўнае майстэрства вырашае пытанні падрыхтоўкі і правядзення аперацый. Тактыка — гэта тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення бою, яго сутнасць і характар, спосабы арг-цыі і вядзення розных яго відаў: наступлення, абароны, сустрэчнага бою. У залежнасці ад відаў узбр. сіл вылучаюць ваеннае майстэрства сухап. войск, ракетных войскаў ППА, ВПС і ВМС. Ваеннае майстэрства некалькіх родаў войск, якія ўваходзяць у некалькі відаў узбр. сіл, аб’ядноўваюць агульным паняццем, напр., ваенна-інж. майстэрства.
Ваеннае майстэрства зарадзілася разам з узнікненнем войнаў і армій, развівалася ў залежнасці ад узроўню вытв-сці, эканомікі і характару грамадскага ладу. На яго ўплываюць таксама асаблівасці гіст. развіцця краіны, геагр. ўмовы, нац. традыцыі і інш. фактары. Важнымі этапамі развіцця ваеннага майстэрства былі войны, асабліва 1-я і 2-я сусветныя.
Ваеннае майстэрства ў сучасных умовах развіваецца ў кірунку павелічэння ролі стратэгіі, якая пры наяўнасці ядзерных сіл можа ўплываць на ход і вынік вайны. У аператыўным майстэрстве асн. ўвага аддаецца распрацоўцы эфектыўных спосабаў падрыхтоўкі і ажыццяўлення сумесных аперацый і баявых дзеянняў усіх відаў узбр. сіл. У тактыцы распрацоўваюцца спосабы вядзення агульнавайск. бою з максімальным выкарыстаннем новых сродкаў узбр. барацьбы. У ваен. тэорыі многіх краін Ваеннае майстэрства складаецца са стратэгіі і тактыкі; тэрмін «аператыўнае майстэрства» замяняюць тэрмінамі «вялікая тактыка» або «малая стратэгія».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛГАГРА́Д,
горад у Расійскай Федэрацыі, цэнтр Валгаградскай вобл. 1024,3 тыс.ж. (1994). Порт на р. Волга. Вузел чыг. ліній і аўтадарог. Аэрапорт. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, буравая тэхніка, вымяральная апаратура, суднабудаванне і інш.), чорная (трубы, стальны дрот) і каляровая (вытв-сць алюмінію) металургія, хім. (каўстычная сода), нафтахім., дрэваапр. (мэбля), буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла, гіпс, кераміка), лёгкая (абутковая, трыкат., гарбарная), харч. (мясная, кансервавая, маргарынавая, малочная) прам-сць. Паблізу Валгаграда Волжская ГЭС. 7 ВНУ, у т. л.ун-т, 4 т-ры, 4 музеі, у т. л. музей-панарама «Сталінградская бітва», Музей абароны і інш., помнік-ансамбль «Героям Сталінградскай бітвы» на Мамаевым кургане.
Упершыню ўпамінаецца ў гіст. мемуарах у 1589 як Царыцын (назва ад р. Царыца, якая ўпадае ў Волгу; тат. Сарысу — жоўтая вада). На пач. 17 ст. згарэў, адбудаваны ў 1615 на правым беразе Волгі. У 1727 зноў згарэў. З 1708 у Казанскай, з 1719 у Астраханскай губ., з 1773 у Саратаўскім намесніцтве. З 1782 павятовы горад Саратаўскай губ. Да канца 18 ст.ваен. крэпасць. Цэнтр антыфеад. паўстання ў час Сялянскай вайны 1670—71, Булавінскага паўстання 1707—09, Сялянскай вайны 1773—75. З 2-й пал. 19 ст.чыг., партовы і прамысл.цэнтр. З 1920 цэнтр Царыцынскай губ. У 1925 перайменаваны ў Сталінград; цэнтр акругі Ніжняволжскай вобл., з 1932 цэнтр Ніжняволжскага краю, з 1934 Сталінградскага краю, з 1936 — вобласці. У Вял. Айч. вайну ў Сталінградскай бітве 1942—43 горад амаль поўнасцю разбураны. Адноўлены паводле ген. плана 1945. З 1961 сучасная назва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЖЭ́ЦКІ (Тамаш) (паміж 1753—59, Браслаўскі пав. — 5.8.1816),
грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. З маладых гадоў, практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права. Пасол ад Браслаўскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, дзе далучыўся да дэмакр. плыні, быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791. У сваім маёнтку ліквідаваў паншчыну і даў сялянам волю. Адстойваў пашырэнне праў мяшчанства. Удзельнічаў у распрацоўцы рэформы мясц.адм. кіравання ў ВКЛ праз стварэнне ваяводскіх і павятовых парадкавых цывільна-вайск. камісій. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 быў саветнікам камандуючага арміяй ген.-лейт. Ю.Юдзіцкага; удзельнік бітвы пад Мірам (11.6.1792). У час паўстання 1794 уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду; з сярэдзіны мая 1794 адзін з кіраўнікоў паўстання на Жмудзі і ў Курляндыі; у канцы мая прызначаны А.Т.Б.Касцюшкам чл. Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве — гал. органа паўстання. Атрымаў ад Касцюшкі званне ген.-лейтэнанта. У верасні пад націскам рас. войск вывеў рэшткі сваіх атрадаў пад Гродна. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» — кіраўніком паўстання на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. Пасля капітуляцыі Варшавы (6 ліст.) трапіў у палон, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе напісаў успамін пра паўстанне. У 1796 амнісціраваны і вярнуўся на радзіму. У 1812 узначаліў Літоўскі грамадз.к-т па забеспячэнні харчамі рас. войска. Пасля вайны 1812 міністр юстыцыі і пажыццёвы ваявода ў Каралеўстве Польскім. Пахаваны ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.
Літ.:
Szyndler B. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania kościuszkowskiego. Warszawa, 1976;
Пракопчык Л. Генерал касінераў // Пракопчык Л. «Дрэмле памятка дзён...» Мн., 1991.